Заплюшчыш вочы – * * * мінуламу Поўніла прорву пад лёдам поўня… Чаму, чаму не сышлі мы ў срэбранае бяздонне?..
…Дна не было, і ламаўся дол пад рукамі. Нявінныя, як анёлы, анёламі сталі б самі…
Ужо не станем – так накасячылі, хоць адбаўляй: сплыло срэбранае святло, і наш – цяпер непатрэбны – рай… Ведаць бы толькі, якую праходзім з місій, хто і нашто выцягнуў нас тады з той ледзяной бяды, цягне й цяпер, пульсуючы ў думках адным: “Не спыніся! Не марна нішто. Вер!!!”
Зрабіўшы такую ласку, ізноў Ён схаваўся ў казку – гляне раз-пораз адтуль, лагодны, на свет, што хвілінку – цёплы, ды век – халодны…
…Ты існуеш ад стрэчы да стрэчы – як справаздача – празрыстыя вершы… Быццам у Бога вымольваеш тое, чаго не было і не будзе ніколі…
Я – ад жыцця спрабую схавацца, са сценкаю зліцца, зашыцца ў працу…
Вавёркай па пеклавым коле – рэальнасці дотык вянчаны з болем…
…Слухай, а раптам праўда: раз Ён ратуе, значыць, бязмежна добры і ўсё даруе… Поўня глядзела ў палонку срэбрам. Гэтак і Ён – у бяздонне душы – любоўю, пяшчотай, даверам…
* * * Заплюшчыш вочы – і пабачыш больш. Сусвет у сэрцы птушанём заціх. Святло пульсуе, і пульсуе боль. Няма мяжы між імі і для іх…
* * * Мне дастаткова Do – То і няхай гучыць! Там, дзе Аідам уласны дом, Dominus, не маўчы!
Хай цішыню разрэжа Dominus, Do ўразлёт. Смерць – як мяжа, а жыццё – бязмежжа, – Так ці наадварот?
Той, хто ўяўляе доўга Бездань як шчэрыць рот, – Робіцца невымоўным Для ўсіх жыцця даброт.
Dominus, Do, гучы! Кліч у сапраўдны дом! Толькі ў Цябе ключы… Шлях, які ёсць жыццём.
* * * Паразмаўляй са мной, Анёле мой, калі народ у ноч на Новы год на вулку высыпаў у пошуках прыгод, а мне – нясцерпная самота.
Сябры – за кратамі ці за мяжой, і толькі ты заўжды за спінаю маёй ад ліха выратоўваеш употай.
А лепш пакінь мяне, Анёле мой, адна пабуду рэшту ночы. Ляці і перадай “люблю” таму, каму пра гэта не скажу сама. Хай стане хоць на міг цяплей яму. Згадае хай: палярная зіма сканчаецца аднойчы…
…Салюты. Весялосць. Гірлянд агні. Як вернешся, Анёле, адпачні. Я абяцаю берагчы сябе ад рознага вар’яцтва, Таго, каго люблю, чакаць і дачакацца…
* * * Пакіне лета на рачным пяску той сум, што ператвораны ў муку.
Ён быў – і больш няма: ураз вада змывае, паглынае без сляда.
Навошта сум рацэ, цікава мне. Я плыні ў думках выкажу сумнеў:
– Цяпер замест мяне журыцца ёй? – Узорам сыдзе з пенаю рачной.
З нябёсамі зліецца ў люстры дзён, а ўночы зор малюнкам стане ён.
– А мне – пустэча – лепей ад яго? Кранае вецер пер’е трыснягоў:
– Ляці, душа, ты ведаеш сама: Манетка мае рэшку і арла…
* * * Сум па нябёсах пераплавіўшы ў святло, Анёл, якога кінулі ў жыццё без крылаў, мяне пашкадаваў і атуліў цяплом. Каб тое, як было ля Бога, не забыла…
* * * Аблокі з-пад акоў туману выступаюць – ты ўжо нібы не тут – абрысы гор для позіркаў сустрэчных адкрываюць свой спаконвечны снежны ўбор.
І непрыступныя ўзвышаюцца абліччы, як вартавыя часу ў прывідным жыцці. Пакінуць звыклы свет маўкліва клічуць і да нябёсаў узысці.
Зацкаванасць Апатыя з’ядае рэшткі эмоцый, жывіцца ценямі страхаў… Выходзіць за межы цела, запаўняе ландшафт, шырыцца да далягляду… Людзі – як бутафорыі. Дэкарацыі ў пустыні са штучным святлом. І ты сярод іх – мішэнню…
* * * Цыкады думак, лабірынт бяссоння. Размоў мінулых анфілады… Хімеры, страхі, як з бяздоння, вылазяць з памяці шуфлядаў…
* * * Нябачны ля пляча майго – анёл. Святлом нябесным моўчкі атуліў, сагрэў, нібы ў далонях птушанё. Пяшчоты Боскай з’ява на зямлі…
Бязвер’я, недаверу краты, што былі мацнейшымі за лёс і кон, у невараць знікаюць без слядоў. Яснее позірк Бога. Побач Ён…
* * * Уладзіміру Караткевічу Згасае свечка… Дзень датлее. І жыццё. Ды цьмянае святло паміж магіл вандроўніку адкрыецца наноў: глядзі: у кроку – небыццё. Утульна, цёпла ў ім – хадзі, хадзі дамоў!..
Душа бадзяжная рванецца вышэй крыжоў і стомленага сэрца: я ўдома ўжо! Мой дом – паўсюль – любоў…
* * * Трывог ланцуг і невымерны суму цяжар – увесь набытак дзённы надвячоркам ляжа ў нататнік вершамі ў недасканалай форме. …Анёл пабачыць з-за пляча. Крылом агорне…
* * * Яне Цэгле ты перасоўвала дні ў календары маім – без тваіх рук час разарваўся – стаў калатушай на бездарожжы між “тут” і “цяпер”
словы твае вярталі жыццё кветкам засохлым – цяпер сочацца ў шчыліны казематаў і ажыўляюць камні ў турэмным двары
ды што да таго вясне якая не мае ў каго вучыцца і памірае ў пятлі разлукі тут…
Спякота Дзень вахту здаў: расслаблены, прылёг на коўдры траў паміж вяргінь ля дома. …Акно ахоўваў мёртвы матылёк, не мог спыніць – насоўвалася ўтома.
Запаланіла ўсё: пакой, спакой, і мроі, і ўспаміны, вечар зыбкі… І далячынь з няўцямнаю тугой злівалася ў адно: гучала скрыпка… comments powered by HyperComments |