Фірма
Амаль крымінальнае чытво
Аднойчы да Валера з’явіўся анёл. Стаў рукі ў бокі і кажа:
– Ты, гэта, Валера, кідай ужо, годзе бавіцца, збірайся.
– Куды?
– Там пабачыш, – анёл усеўся за барнай стойкай побач з Валерам і дастаў цыгарэты.
– Прыйшоў мой час?
– Ну, прыйшоў – не прыйшоў, а пара ўжо думаць,– нечаканы візітоўца пстрыкнуў запальнічкай, і Валер заўважыў, якія брудныя ў анёла рукі, з доўгімі пазногцямі.
– Дык…
– Дык-індык, Валера. Не хочацца, праўда?
Анёл крытычна скасавурыўся на яго.
– Добра, хай сабе, я пакуль жартую, – і паказаў аграмадны кулак. – Глядзі мне, Валера, дап’ешся. Тады позна будзе баржомі жлукціць.
Пасля залопаў крыламі, порх-порх, і знік з вачэй, падняўшы вецер. Незвычайна гарачы, нават пякучы вецер.
***
Абуджэнне было цяжкім, смылела знутры і здавалася нібыта сабакі грызлі за ногі.
“П’янь, каб ты здох! – недзе раўла жонка. – Заўтра – на развод!”
Ён сціснуў сківіцы.
Ізноў і зноў трэнькаў мабільнік, рыхтык у фільме “Адрэналін”, дзе герой Джэйсана Стэтэма прачнуўся раніцай і нічога не памятаў.
“Фраярок, заўтра прынясеш грошы, – хрыплым басам на сіплае “алё” адказала слухаўка. – Не будзе грошай, кватэра наша. Зразумела?” Абразлівае “фраярок” разанула слых.
Якая кватэра? Уласная трохпакаёўка ў цэнтры?
Змрочны тон раптам зрабіўся лісліва-лагодзістым.
“А мо жадаеш адгуляцца? Толькі што паставіш? Ты ж усё спусціў учора на вецер”.
Тон ізноўку змяніўся: “Ну ты ўсё зразумеў? Грошы каб былі да шостай вечара. Пяцьдзясят тысяч даляраў”. Кароткія гудкі.
Божухна, якія даляры?
Бліснула маланка ў памяці. Казіно!
Гарэлка, бабы, покер… Цьху. Марціні, шампанскае, віскі, блудлівыя спакусніцы, ахвотніцы на чужое шчасце. Ён гуляе ў карты – на коне партманет і залаты пярсцёнак-пячатка. Рыхтык пушкінскі герой прамаўляе: “Тройка, шасцёрка, туз, дама, шасцёрка, туз”. Дама і туз – ключавыя словы. Чарнавокая ведзьма юрліва лашчыцца, а тоўсты ігрун-карцёжнік, навідавоку катала, спакушае згуляць “па-крупнаму”. Зараза! Здаецца, ён сапраўды спусціў усё.
Ізноўку мабільнік трэнькае.
“На сувязі менеджар па кадрах, – сухі голас пазнаецца адразу. – Мне даручана паведаміць, што, на вялікі жаль, кампанія пакуль не адчувае патрэбы ў вашых паслугах. Канчатковы разлік вам будзе пераведзены на банкаўскую картку, дакументы вышлюць поштай. Усяго найлепшага!” Коратка пстрыкнула. Звольнілі!
Успышка бліскавіцы ўваччу.
“Грамадзянін, пройдземце ў аддзяленне! – пачуў голас, калі выкуліўся з таксоўкі і прыхіліўся да слупа памачыцца. Дзе тое было? Верагодна, на аўтобусным прыпынку. Ён абурыўся і наважыўся адарваць міліцыянту пагон. “Я цябе ў ЛПП аформлю зараз жа!” Але нехта падскочыў, пераняў, штосьці доўга тлумачыў. Нарэшце яго запіхнулі ў нейкую машыну і кудысьці павезлі.
“Ці жывы яшчэ, сабака? Каб цябе агні спалілі на яснай пагодзе! – гнула сваю лінію жонка. – Ты чуў, швэндала, каб нагі тваёй тут не было! Заўтра, паўтараю, заўтра – на развод! Сама за ўсё заплачу, абы хутчэй пазбавіцца ад дурня!” Тэлефон, каб мог гаварыць, заплакаў бы.
Адзін, два, тры, чатыры… Пакутнік згінаў пальцы, колькі і чаго ён паспеў натварыць за адзін вечар? Абрынуўся ў запой, з работы выперлі, жонка выгнала, у дадатак прагуў усе грошы, у давесак няйнакш праблемы з міліцыяй, і самае жахлівае – нажыў няхілыя праблемы, бо картачны доўг, як кажуць, рэч вельмі сур’ёзная і небяспечная. Пра наступствы і думаць не хацелася.
Пасля гадавога перапынку ён толькі пакаштаваў гарэлку і адразу ж “пусціўся ў скокі”. Усяго за адзін дзень страціў і разбурыў усё, што такімі высілкамі-намаганнямі стваралася цягам года цвярозасці. Жах!
І пазбаўлены сковаў рэальнасці мозг інстынктыўна даў нервовым цэнтрам каманду спаць. Хоць нейкая палёгка – схавацца ў адключцы.
Але ж, колькі не спі – прачынацца ўсё адно трэба, не прачынаюцца толькі мёртвыя.
Другое абуджэнне сталася рэзкім. Імгненным. І больш стракатым.
У галаве настойліва пстрыкае, а ў роце пануюць экзістэнцыйныя пахі, увушшу гудуць пахавальныя званы, і здаецца, чорны дым узнімаецца з апраметнай. З пакутлівай глоткі вырываецца енк. Трасуцца рукі, і ў страўніку рагоча д’ябал. “Ой, дзе быў я ўчора?” – аднекуль спявае Высоцкі.
– Валер Ермалаевіч Гамбізаў, – левітанаўскі барытон хутчэй засведчыў, чым спытаў.
Валер варухнуў рукамі і расплюшчыў вочы. Лунаў паўзмрок. Ён ляжаў на канапе.
– Значыць так, Валер Ермалаевіч, – постаць мужчыны ў цывільным гарнітуры схілілася да пакутніка, і мужчына засведчыў. – Жыць будзеце.
Валеры варухнуў ліпкім языком у амяглым роце:
– Дзе я?
– Жыць будзеце! – ужо весялей засведчыў мужчына і бліснуў круглымі акулярамі. – Праўда, рытарычнае пытанне: а навошта?
Валеры адразу ўсхапіўся і сеў, не зважаючы на агульны боль і млявасць. Невядомы суразмоўца быў высокім, хударлявым, са спачувальна-змоўніцкім выразам твару.
– Бабашкін Аляксей Пятровіч да вашых паслуг, – назваўся ён і дадаў. – Вы на тэрыторыі фірмы “Апошняя надзея”. Наш дэвіз-слоган “Заўтра будзе лепш, чым учора”, і я ваш асабісты кансультант-адміністратар.
Валеры намагаўся штосьці сказаць, але сам не разумеў што. Толькі пытанні віравалі ў думках, і душыла смага. Ён зморшчыўся, як грыб, абхапіў галаву і паспрабаваў устаць на ногі. Атрымалася не адразу.
– А як?.. – спытаўся ён і замаўчаў, праглынуўшы словы.
– Элементарна. Учора вы сталі кліентам нашай фірмы, падпісалі кантракт на супрацоўніцтва і замовілі першую паслугу – аднавіць учарашні дзень.
У галаве ў Валера адразу пранесліся стоп-кадры, быццам з дыяфільма на тэму “Як я адпачыў”. Рэстаран, бар, кавярні, казіно, алкаголь, рулетка, міліцыя, здаецца, нават “хуткая дапамога”. Што, скажыце на ласку, ён учора тварыў?
– А калі я сёння не хачу прыгадваць мінулыя падзеі?
– Воля вашая, але аванс вы выплацілі, – кансультант-адміністратар звычным рухам паказаў квітанцыю.
У Валера адразу пазмрачнела ўваччу ці то ад кошту паслугі, ці то ад абстыненцыі.
– Увогуле, я не рэкамендую адмаўляцца, Валер Ермалаевіч, – настойліва мовіў кансультант.
Ён пацягнуў Валера за гузік кашулі і гіпнатычна зірнуў праз круглыя акуляры.
– На вас складзены адміністрацыйны пратакол, і гэта самае мяккае ў вашым жыцці. Паверце, вельмі хутка вы абавязкова пажадаеце даведацца пра ўсе акалічнасці і варункі вашага апакаліптычнага ваяжу.
– Валяйце, – пасля нядоўгіх роздумаў згадзіўся небарака. – Чакайце, а што вы за кантора?
– Аказваем хуткую наркалагічную дапамогу, але не ў тым сэнсе, як агульнапрынята. Карацей, мы дапамагаем нашым кліентам аднавіць памяць пасля п’янага віру. Мы паспрыяем, каб па хвілінах, нават па секундах распісаць вам усе падзеі “ўчарашняга дня”. Размовы з асабістай аховай, калі такая маецца, ці з паплечнікамі-сабутэльнікамі выключаюцца. Пры наяўнасці вострых кутоў, такіх, як міліцэйскія пратаколы, мы пасадзейнічаем іх абысці ці выправіць. Зразумела, усе паслугі будуць уключаны ў канчатковы разлік. Мы дапаможам прымірыцца з жонкай, з калегамі на рабоце, сябрамі, адміністрацыяй шынка, у які вас заносіла халера, і іншае. Увогуле, мы здольныя дзе трэба падмазаць або кампенсаваць. Дарэчы, работа па вашым кантракце ўжо распачата. Галоўнае, не хвалюйцеся. У фірме працуюць былыя следчыя крымінальнага вышуку, з тых, хто на пенсіі, спецслужбоўцы ў адстаўцы, ёсць уласная агентурная сетка і мноства сувязяў. Мы карыстаемся попытам і аўтарытэтам на самым версе, – кансультант паказаў пальцам у столь. – Нават пастаянныя кліенты ёсць.
– А навошта мне вышук і агентурная сетка? – даўся дзіву Валер.
– Даведацца пра ўсе прыгоды, распісаць па хвілінах, – даходліва патлумачыў цярплівы кансультант.
Валеры кідаў па баках трошкі зацкаваныя позіркі. Цяжка дыхалася, перахоплівала ў грудзях.
– Келіх піва? – паслужліва ўсхапіўся Аляксей Пятровіч.
– Вы сапраўдны Айбаліт, – Валеры закаціў вочы, затым паглядзеў на свайго ратавальніка з падзякай і вялікай надзеяй, прагна прыпаў да адкаркаванага гарлячка спатнелай піўной пляшкі, клапатліва прапанаванай кансультантам.
– Такім чынам, у пэўным сэнсе, – тут Айбаліт зрабіў паўзу і паважна мовіў: – Мы – кантора!
Пакутнік спалавініў пляшку і з палёгкай выдыхнуў.
– Лімузін чакае, – запрасіў Бабашкін. – Пачнем з фінальнага пункту.
Памяшканне фірмы месцілася ў сутарэнні цокальнага паверха хмарачоса паблізу галоўнага праспекта сталіцы. Выкладзеныя з гранітных плітак прыступкі на першы погляд здаваліся залішне высокімі, нават стромкімі. Валеры хіснуўся, і кансультант асцярожна падтрымаў кліента за локаць.
– Аляксей Пятровіч, а чаму сур’ёзная кампанія ды так глыбока ўнізе? – не вытрымаў Гамбізаў і паспрабаваў падлічыць колькасць прыступак.
– Дзеля псіхалагічнага эфекту, – паспяшаўся растлумачыць Бабашкін. – Выхад з сутарэння сімвалізуе пачатак вашага шляху ўверх, да сонца, так бы мовіць, прэч з яміны, у якую вы ўваліліся. Наперад да новага жыцця. Мы таму і мусім людзьмі звацца, што калі павалімся, устаем і ідзем далей. Наперад! Мы як сонца, спыняцца не маем права!
Ад выпітага піва Гамбізаву хоць і палепшала, але ненадоўга. Ён пракашляўся і пачаў узнімацца па прыступках. Кансультант крочыў следам.
Вуліца сустрэла гукамі перадабедзенага дня. Час пік. Мінакі, аўтамабілі, грукат, лязг, віск і не зусім прыемны пах. Валеры азірнуўся. Першы ўзровень дома займалі прадуктовая крама, невялікая кнігарня ды фірма па гандлю смартфонамі, размаітыя абрысы якіх праглядаліся на стэндах за вонкавым шклом памяшкання, дзе вёўся продаж. На прыхадняў з сутарэння ніхто не звярнуў увагі. Дакладней, амаль ніхто. Снавалі аўтобусы, тралейбусы. Плынь машын гайданулася на зялёнае святло, паволі паплыла. З перапою на свет выкарасквацца заўсёды цяжка, наўкола спрэс шугнякі, безліч шугнякоў. Да абоіх з ніадкуль падбег спрытны дзядок у зашмальцаванай саколцы з надпісам “Cannibal Corpse”.
– Падайце тры дзвесце, калі ласка, – ветліва папрасіў ён. – На лекі не стае.
Айбаліт без слоў дастаў партманет з унутранай кішэні, адлічыў патрэбную суму і аддаў.
– Панкі не памёрлі, – узрадваўся дзядок і хуценька знік.
– Наш былы кліент. Трыццаць восем гадоў чалавеку, а на першы погляд і не дасі, – патлумачыў Бабашкін. – Спіты дашчэнту. Пакрысе пачынаў. І сям’я мелася, і работа. А зараз? Падмацоўваем часам, бо шкада. Нібы наглядны дапаможнік для нашых кліентаў.
Гамбізаў няёмка пракашляўся і запытаў:
– З чаго пачнем?
– З аксіёмы, Валер Ермалаевіч, – кансультант раптам пасур’ёзнеў. – Піць, як правіла, кідаюць усе, праўда, хтосьці паспявае гэта зрабіць яшчэ пры жыцці.
Узнікла тэатральная паўза. Гамбізаву памлоснела. Задаволены эфектам, Бабашкін змякчыўся.
– Праўда, Валер Ермалаевіч, надараецца і так, што чалавек памірае ў дваццаць пяць, толькі хаваюць яго ў семдзесят. Разумееце, да чаго я хілю?
Гамбізаву было не да філасофіі. Палёгка ад піва сталася часовай, і Бабашкін усё зразумеў.
– Прапаную падсілкавацца. Рэстарацыя побач.
– Вашая праўда, – выдыхнуў з палёгкай Гамбізаў. – На пусты страўнік цяжкавата думаць.
– Дый півам галаву не падманеш.
– А то!
Маленькае ўтульнае памяшканне цяжка было назваць рэстарацыяй у звычным сэнсе, хутчэй кавярня, але пахі прыемна казыталі нос. Валер зглынуў і запытальна зірнуў на кансультанта.
– За кошт фірмы, – паспяшаўся запэўніць Бабашкін.
Валеру прынцыпова было пляваць, за чый кошт, страўнік бурчэў і, нягледзячы на моцную абстыненцыю, хацеў есці – добры знак. Сведчанне, што здароўе яшчэ не згублена. Без сумніву, навіна радавала. Але ж, пахмяліцца варта…
Яны замовілі па просьбе Валера сухога віна, нарэзку з вяндліны, каўбасы, слабасалёнага селядца і падаліся за стол. Уселіся адзін супраць другога. Афіцыянт хуткім часам прынёс замоўленае, расставіў талеркі з пачастункамі, адкаркаваў бутэльку і адышоў. Валер хацеў гарэлкі, але падумалася – яшчэ не вечар, абыдземся вінцом. Напоўніў келіх, прапанаваў кансультанту, хутчэй па звычцы дзеля ветлівасці. Бабашкін жэстам адмовіўся, маўляў, на службе ды за стырном, ім яшчэ ехаць. Валер згадзіўся, хукнуў і махам апаражніў келіх у некалькі глыткоў. Пачакаў, прымружыўшы вейкі, затым паклаў у рот кавалак вяндліны, прыняўся жаваць, малоць, каўтаць, цягнуць з талерак. Пакрысе наплыла рэлаксацыя.
“Варварства, дзікунства закусваць сухач селядцом. Але ж голад не цётка”, – падумаў ён.
Паступова да Валера дайшло ўсведамленне ўласнага становішча. Ён трымаўся, не піячыў цягам году, як ужо сказана вышэй. Затым сарваўся ў піке, паляцеў у астральныя сны, зваліўся ў штопар, як заўгодна назавіце. Звычайна надараецца так, а п’янічкам тое добра вядома, што на раніцу пасля добрай гулянкі нічога не памятаеш. Яно мо і добра, нічога не памятаць, каб ад сораму не сканаць, але ж сябры, калегі, суседзі пасміхаюцца: хто здзекліва, хто са спагадай. І тады, нібы чарвяк, свідруе думка, а што ж рабіла твая пакутлівая душачка з дурной галавой на шпаркіх нагах? Куды насіла пакутніка? Валер прыкінуў, што ў запоі ён не дзень, і нават не два, а вось тры дні бадай дакладна. Прынцыпова, для яго то невялікі тэрмін, аднойчы неяк піячыў месяц, праўда, пасля лячыўся ў спецыяльным аддзяленні. Але ж чаму пасля трох дзён адбіла памяць? То загадка веку. “Карусель” у галаве. Сарваўся. Мо таму і сарваўся, што год не піў? Цьху, незадача. Валеру памлоснела, пот спіну заліў. Дыяфільмы ў галаве вылузнуліся і паказалі ізноў: раз’юшаную жонку, звальненне з працы і гульню ў казіно. І ў дадатак Аляксей Пятровіч, кансультант, адкуль узяўся? Валер успомніў, што нешта падпісваў. Апошнія грошы з банкаўскай карткі спаліў на паслугі фірмы, якая шчодра абяцала дапамагчы, аднавіць учарашні дзень. Гледзячы на ўсё, аднавіць давядзецца, бо адзін з дыяфільмаў паказваў жахлівае – ён мусіць згубіць жытло. Няйнакш трэба паперы падпісваць з натарыусам. А дудкі вам. Аднак успомніліся пагрозы ў слухаўцы і сур’ёзны дзядзечка, з якім сеў за карты. Валер зразумеў, што проста ад яго не адчэпяцца. Мо і кансультанта прыставілі, каб не збег? Валер спыніўся есці і скасавурыўся на Бабашкіна. Той нібыта прачытаў думкі кліента, пасміхнуўся і сказаў:
– Ну што, гатовыя пачаць раскрыццё таямніцы ўчарашняга дня?
У Валера завуркатаў мабільнік. Валер зіркнуў на кансультанта, быццам пытаючы дазволу. Той прыдаў сабе заняты выгляд, расклаў перад носам нататнік і чыркаў там алоўкам. Валер вырашыў адказаць на выклік з незнаёмага нумара.
– Ну дык ты дзе? – запытаўся хрыплы бас.
– А вы хто? – асцярожна пацікавіўся Валер і прамакнуў сурвэткай потны лоб.
– Ты не забыў, што вінен добраму чалавеку кватэру?
Імгненна перасохла ў гарляку.
– Мо дамовімся? – прапанаваў Валер.
Слухаўка абрынула вал мацюкоў і пагроз.
– Ужо дамовіліся. Ты замест грошай прапанаваў кватэру, учора на тым і пагадніліся, кропка. А то я табе нагадаю, напомню, раз ты забыўся, – паабяцаў голас і ўдакладніў, падвёў рысу. – Асабіста. Зразумеў?
– Д-добра… – Валер ажно пачаў заікацца.
– Я яшчэ затэлефаную сёння, будзь на сувязі. І не ўздумай тамака хімічыць, пашкадуеш.
Сувязь абарвалася.
– Усё ў парадку? – спагадліва спытаў Бабашкін, бліснулі акуляры.
Валер коратка зыркнуў на субяседніка, калі суняў дрыжыкі, і спытаў рахунак за сняданак.
Кансультант запярэчыў:
– Ну што вы, за кошт фірмы. Прынамсі, калі шчыра, прызнаюся: перакус і апахмел папярэдне ўключаны ў прайс паслуг. Вы заплацілі яшчэ ўчора. Так што не спяшайцеся, атрымлівайце асалоду.
– Якая там асалода?.. – Валер скрывіўся.
– І тым не менш, ваш сённяшні стан выключна і цалкам толькі ваш выбар, які мы несумненна паважаем. Вы мо і не хацелі, але выбралі.
Апошнія словы рэзнулі слых праматой, і Валер знайшоў іх злавеснымі і нават у чымсьці пагрозлівымі. Мільганула думка, што варта адмовіцца ад паслуг кансультанта. Мабыць, непрыязь адбілася на твары Валера, бо кансультант адразу запярэчыў:
– Паслухайце, шаноўны. Вы ж усё адно самі зараз нічога не зробіце. А грошы вы ўжо заплацілі за нашу работу і вярнуць іх нельга, бо такія правілы. Так што ў вашых жа інтарэсах ужо скарыстацца момантам. Дый за кампанію, здаецца, весялей.
Валер павагаўся, Бабашкін меў рацыю.
– Вы казалі пра згладжванне вострых кутоў, – успомніў Валер.
– Так-так, – пацвердзіў кансультант. – Літаральна ўчора атрымалася высветліць адзін з вывіхаў вашага ваяжу, даруйце мне гэтае слова. Сутычка з міліцыянтам. Вы адарвалі пагон, выхапілі фуражку, абражалі чалавека “пры выкананні”. Добра, што прадстаўнікі нашае канторы былі непадалёк, а кантракт вы падпісалі ўжо. Давялося спехам вас адмазваць. Так што, тое-сёе мы можам. А то начавалі б у пастарунку, за кратамі, а сёння замест рэстарацыі паехалі б на суд у спецыяльнай машыне.
Валер замычэў, сціснуў зубы. Падрабязнасці сутычкі з праваахоўнікам ён не ведаў, у памяці зеўрала чорная дзірка, але “дыяфільмы” перад унутраным позіркам вылузваліся адпаведнымі стоп-кадрамі. Так, насамрэч ён трымаў у руцэ пагон і нехта ў форме міліцыянта пагражаў накіраваць Валера лячыцца ў ЛПП.
– З адною акалічнасцю, вам толькі сёння трэба сустрэцца з “пацярпелым” і папрасіць прабачэння.
Валер здрыгануўся. Бабашкін развёў рукамі:
– Тут ужо асабістае, нічога нельга зрабіць, прабачце. І без таго, абышліся, што называецца, малой крывёй. А тут сказаць два словы ўсяго. Ну што такое ў вашым стане пара слоў? Словы ж нічога не значаць для вас, правільна? Затое пратакольчык адказны таварыш парваў, дакладней, абяцаў парваць, як толькі вы прабачэння папросіце.
Валер вырашыў не марнаваць часу, прапанаваў выправіцца да абражанага праваахоўніка зараз жа. Мільганула думка, а што калі міліцыя здольная абараніць яго, недарэчнага гульца ў казіно, і ўратуе кватэру? Эх, каб гэта з усімі можна было так сёння – ва ўсіх проста папрасіць прабачэння.
Заззяўшы ўсмешкай на ўсе зубы, Бабашкін супакоіў і запэўніў, што міліцыянт няйначай адпачывае пасля начной змены. І ўсё яшчэ яны паспеюць, дзень вялікі. На стале заторгалася слухаўка кансультанта. Той спехам узяў, засяроджана слухаў якую хвілю, прамовіў “так-так” і схаваў слухаўку ў кішэню пінжака. Усмешка прапала, ён стаў сур’ёзным.
– На вас падаюць у суд, Валер Ермалаевіч. Рэстаран “Галактыка”, – словы прагучалі як стрэл.
Гамбізаў вусцішна ўздыхнуў і мовіў: “Валяйце”. Падумаеш, суд. Тут неўзабаве бандыты, якія вымагалі кватэру, галаву адпілуюць, да суда можа і не дойдзе чарга, не паспее.
– Наш агент толькі што паведаміў. Вы набілі шмат посуду ў час гулянкі ў рэстаране. І самае горшае – трапілі на відэакамеру. Ахова вытурваць не стала, проста акуратна, як мае быць, зафіксавала вашыя дзеянні, высветлілі асобу, і сёння адміністрацыя падае зыск на кругленькую суму. Адвакаты канторы ўжо працуюць над вашым праектам, але мяркую, нам неабходна зараз ехаць і ўдакладняць дэталі, паспрабуем вырашыць справу на месцы.
– Прасіць прабачэння?
Бабашкін замітусіўся.
– А што тут дрэннага? Усяго толькі словы. Паверце, у вашым становішчы гэта не самае горшае.
Валер згадзіўся, хутка яны крочылі да пампезнай адрэстаўраванай “Волгі”, на якой прыехалі.
Каля рэстарана “Галактыка” было нятлумна. Невялічкая вуліца збочвала з праспекта і праз дзвесце метраў хавалася пад шатамі клёнаў і ліп, па невядомых прычынах не спілаваных да гэтай пары. На паркоўцы непадалёк ад прыступак затаіўся шыкоўны джып, увесь храмавана-чорны, з вялізнай антэнай і, як падалося Валеру, нават спераду з танаваным шклом. Побач прытуліліся пара скутараў і састарэлы “апялёк”. На прыступках каля ўвахода стаяў, склаўшы рукі на грудзях, асілак у чорным строі і паголенай да бляску галавой. На носе – чорныя акуляры. Здалёк чалавек той нагадваў тэрмінатара, толькі без валасоў. З абыякавасцю мадэлі Т-100 асілак змераў позіркам постаці Валера і кансультанта, якія падняліся па прыступках і крочылі да ўвахода.
– Здрасця, – выдыхнуў Валер і скаўтнуў сліну. Аляксей Пятровіч суцяшальна пасміхнуўся і па-сяброўску паляпаў кліента па плячы, маўляў, не губляйся, усё як мае быць.
Адміністратар прывеціў гасцей больш-менш прыязна, а вось мажная кабета вагой пад цэнтнер, калі выплыла адкульсьці з нетраў службовага калідора, убачыўшы Валера, адразу пачырванела, расквахталася. Мудрагеліста з прыдумкай аблаяла, апелявала да грамадскага сумлення і пагражала ўчастковым інспектарам. Карацей, усчала сварку. Валер і слова не мог вымавіць, а Аляксей Пятровіч слова не мог уставіць. Пакуль нарэшце не аб’явілася кіраўніцтва ў асобе дырэктара.
– Галактыён Хрыстафоравіч, – адрэкамендаваўся ён і парукаўся паасобку з гасцямі, павярнуўся да гаварлівай цёткі. – Мар’я Фядотаўна, мы ўсё ўладзім. Калі ласка.
– Мяне, салідную жэншчыну, прымушаць тверк танчыць, не сорамна? Маладуху знайшлі…
Валер адчуў, як чырвань кінулася ў шчокі, і сарамліва апусціў вочы, разгублена развёў рукамі.
– Мы гатовыя ўсё кампенсаваць, – своечасова вымавіў паслужлівы Аляксей Пятровіч.
– Думаеце, калі грошай шмат, то ўсё можна? А мо ў мяне грошай больш? І я вас засуджу за маральны здзек і абразу!
– Мар’я Фядотаўна, прашу вас! – узмаліўся дырэктар.
Кабета нарэшце замоўкла і ўзялася свідраваць вачамі прысутных.
– Можна і без суда абысціся. Наш кліент гатовы за ўсё разлічыцца, – запэўніў кансультант Бабашкін.
– Можна-можна, – згадзіўся з ім Галактыён Хрыстафоравіч. – Судом гэта мы так пужаем. Не ўсе ж нашыя наведнікі сумленныя. Калі ласка, у мой кабінет.
Павалілі шумнай гурбой. Мінулі кухню. Валер крадком зірнуў на посуд, паторгаў за рукаво дырэктара.
– Скажыце… а шмат я талерак натоўк учора?
– Мар’я Фядотаўна, колькі? – звярнуўся да яе кіраўнік.
– Дваццаць кілаграмаў аскепак, – з гатоўнасцю зманіла гарэзлівая кабета.
У Валера сціснула патыліцу.
– Даруйце, калі ласка, – вырвалася з амяглых вуснаў.
– Дараваць то мы даруем, але спачатку трэба кампенсаваць, – пераможна і больш мякка зазначыла Мар’я Фядотаўна.
У кабінеце доўга не бавіліся, палічылі, пералічылі, склалі нейкі акт. Валер зірнуў на рахунак, напісаў распіску, пакінуў пашпартныя дадзеныя. Бліжэйшым часам неабходна было ўнесці кампенсацыю. Калі выйшлі ўжо назад у калідор і развіталіся, дырэктар і мажная жанчына засталіся нешта абмяркоўваць, Валер пацікавіўся:
– Аляксей Пятровіч, а што такое тверк?
– Ну вы як дзеці маленькія, хаця тое і школьнікі ведаюць. Ні разу не бачылі, як дзявулі танчаць тверк? Гэта як? Ракам! Пятую кропку як мага вышэй, і затым трэсці на колькі моцы, з як мага большай амплітудай.
Валер адчуў, як ізноў чырванее.
– Дзіўна, а раней, як помніцца, танга лічылася непрыстойным танцам, – сам сабе прамовіў Бабашкін.
Дзіва было ў тым, што Валер амаль не помніў ні гэтую мажную кабету, ні гэты рэстаран, адно кадры з дыяфільмаў у галаве, і то няпэўныя. Відаць, добра накідаўся.
Асілка-тэрмінатара каля ўвахода ўжо не было, знік з паркоўкі і танкападобны джып з танаваным шклом.
– Адну праблему, можна сказаць, вырашылі, – з палёгкай зазначыў новаспечаны сябра Валерыя.
Валер толькі ўздыхнуў, успомніўшы лічбы з рахунку за знішчаны посуд. Ажыў-заторгаў мабільнік у кішэні. Валер машынальна дастаў, паглядзеў – званіла жонка.
– Лепшая палова, – патлумачыў кансультанту.
– Я пачакаю, – з паразуменнем сказаў Бабашкін. І наблізіўся да дзвярэй “Волгі”.
З заміраннемм сэрца Валер націснуў кнопку і нячутна прамовіў: “Алё”.
– Я табе ніколі гэтага не дарую, чуеш?!
– Сонечка, рыбанька мая! – незадачлівы піяка нарэшце ўспомніў жончына імя, якое за раніцу чамусь выскачыла з галавы.
– Я для цябе болей не Сонечка і не рыбанька, – голас усхліпнуў. – Ты што зрабіў з нашай кватэрай?
У Валера схаладнелі далоні і заляпала ў грудзях.
– Званілі ўжо, абяцалі зайсці.
– Хто званіў?
– Назваліся новымі гаспадарамі нашага жытла.
– Сонечка… Сонечка, дай дзень, я ўсё выпраўлю. Далібог!
Голас перастаў хліпаць.
– Позна, Валерачка. Я прыняла рашэнне ўсё выправіць самастойна, каб адным махам усе памылкі. Ты выбраў гарэлку замест спакойнага жыцця. Рыхтуйся цяпер. Вельмі хутка табе стане сорамна!
– Мне ўжо сорамна, Сонечка! – разгубіўся Валер. – Перад кім яшчэ?
– Перад нябёснымі анёламі. Яны ўжо ляцяць па цябе.
Лепшая палова адключыла сувязь, і Валер застыў у разважанні.
Неўзабаве справы набылі нечаканы паварот. У састарэлым “Опелі” на стаянцы завёўся рухавік і адчыніліся дзверы. З салона вылез вусаты мужчына ў белым гарнітуры і белым капелюшы.
– Гэй! – паклікаў ён. – Гэта ж ты Валер Гамбізаў?
Кансультант адразу напяўся. Валер усвядоміў, што пытанне адрасавана менавіта яму, і зараз жа пацвердзіў павольным кіўком.
У незнаёмага мужчыны ў руках аказаўся пісталет, неадкладна настаўлены на Валера.
– Нічога асабістага, мужык. Гэта прывітанне ад жонкі.
І націснуў на курок. Бабахнуў стрэл, рэха якога скаланула малалюднае наваколле.
З крыкам “Не!” Бабашкін кінуўся да Гамбізава, засланяючы ахвяру ўласным целам. Валер агаломшана назіраў, як Аляксей Пятровіч таргануўся раз, другі, трэці. Незнаёмец ціснуў і ціснуў на курок. Тады з лаянкай ускочыў у заведзены “Опель” і, нягледзячы на састарэлы знешні выгляд, аўтамабіль з хуткасцю ветра схаваўся з вачэй, растварыўся на даляглядзе.
Кансультант Бабашкін упаў ніцма, раскінуўшы рукі, акуляры паляцелі ў бок, а спіна была ў акуратных дзірачках. І Валер назіраў, як асфальт пад Бабашкіным пакрысе намакае, расплываецца цёмнай вільготнай плямай. Са здранцвення Валера вывеў гук расчыненых дзвярэй рэстарацыі. На шум стрэлаў выбег адміністратар. Ды так і знерухомеў з разяўленым ротам.
– Што стаіш, міліцыю выклікай! – вырвалася з грудзей Гамбізава.
Затым, хутчэй рэфлекторна падпарадкаваўшыся інстынкту, жаху і паніцы, чым яснаму ўсведамленню, Валер ускочыў за стырно “Волгі”. Пашанцавала. Аляксей Пятровіч паспеў уставіць ключ у замок запальвання, пакуль Валер гутарыў з жонкай. Дрогкімі непаслухмянымі пальцамі Валер пакратаў ключ, завёў рухавік, ляснуў дзвярыма і, выкручваючы стырно, рвануў ад месца здарэння прэч. Куды заўгодна, абы падалей адсюль!
***
Трымаў стырно, не даваў веры ўсяму, што здарылася. Блыталіся думкі, нават ап’янелае адчуванне выветрылася з шакаванага розуму. “Волга”, нібы карабель, плаўна гайдалася на паваротах. Валеру чамусь падалося, што тып, які вёрз пра кватэру і святасць картачнага доўгу, меў грузінскі акцэнт. Ён вымаўляў словы з тонам манументальнай непарушнасці, як таварыш Сталін ці Берыя ў сучасным расейскім кінематографе.
Ай ды Сонечка, ай ды рыбанька, любая жоначка… Нават у галаве не ўкладвалася. Нібыта ў танных баявіках. Ды ў Менску, сярод белага дня. Ды самае незвычайнае – змагла ж знайсці выканаўцу. Чаму і не? Сёння за грошы чалавек задушыцца, матулю родную на рынак транспланталогіі органаў гатовы спіхнуць. І не верылася Валеру, што падобнае магчыма, але факты сведчылі зваротнае. Уратаваў цуд у выглядзе Бабашкіна Аляксея Пятровіча. Каб не кансультант “канторы”, ляжаць бы цяпер Гамбізаву Валеру Ермалаевічу на стале патолагаанатама і судмедэксперта, ды перад анёламі нябеснымі сарамліва чырванець, як прадказвала лепшая палова.
Валер з гадзіну бязмэтава кружляў па сталіцы, пакуль трошкі не супакоіўся. Здаецца, пераследу не выявіў, міліцыя не спыняла, дый ён не парушаў правілаў руху. Збочыў, спыніўся непадалёк ад парка Горкага, стаў на стаянку, выключыў рухавік, затым зазірнуў у “бардачок”, пашныпарыў рукамі ў дзвярах. Бяда крылася ў тым, што ўсе свае рэчы і дакументы нябожчык Бабашкін відавочна трымаў пры сабе ў кішэнях. Нават на “Волгу” не было ніякіх паперак. І адрас, па якім Валер прачнуўся сёння раніцай, ён не помніў. Нават дарогу не запамінаў, цалкам давяраючы кансультанту. І куды цяпер падацца, што рабіць? Звяртацца ў міліцыю? Спытаюцца, навошта збег з месца здарэння? Праўда, гэта турбавала менш за ўсё. Куды гаршэй, калі наняты Сонечкай забойца, які выглядаў быццам зорка Галівуда, зноўку з’явіцца, вернецца, каб выправіць памылку. Прагледжаныя за жыццё кіламетры серыялаў сведчылі, што міліцыя ад кілера не ўратуе. У гэтым сэнсе Валеру зусім не карцела выпрабоўваць лёс.
Задрыжэла слухаўка, высвечваючы знаёмы нумар. Валер павагаўся, адказваць ці не? Некалькі разоў уздыхнуў і адказаў.
– Алё, гэта ты, слонік?
Даўняя і былая жончына сяброўка Таццяна заўсёды звала Валера “Слонікам”. Сонечка з сяброўкай моцна пасварыліся яшчэ гады са тры таму, калі жонка раптам прыраўнавала Валера да сяброўкі. І хоць на самой справе Валер нават не дакранаўся да Таццяны, яны да гэтага часу заставаліся ворагамі. Зрэдзьчас, раз на паўгода, Таццяна тэлефанавала да Валера, то кансультавалася па паслугах фірмы, дзе Валер працаваў, то цікавілася як там сяброўка. Валер на гэты раз нават і не намагаўся ўдакладняць, з якім пытаннем турбуе Таццяна, патрабавалася недзе адсядзецца, перавесці дых, памаракаваць над абставінамі.
Былая жончына сяброўка аказалася не супраць сустрэцца з Валерам, прыняць пад свой дах на пару гадзін. Ён толькі абрадавана дакрануўся да ключа, на гэты раз больш упэўнена, і “Волга” стартавала з месца.
***
Таццяна адчыніла ледзь не імгненна, быццам чакала каля ўвахода. Валер уваліўся, шчыльна прычыніў за сабою дзверы, павярнуў ключ, які тырчэў у замку. Жончына сяброўка не ўсміхалася, як звычайна, а шырокімі вачыма агледзела Валера з ног да галавы. На ёй была празрыстая сукенка, лунаў лёгкі водар парфумы.
– Усё ў парадку? – шэптам спытаў Валер, сунімаючы частае дыханне, бо па лесвіцы падымаўся бегма. І падумаў, што пытанне ў ягоных вуснах гучыць трошкі недарэчна.
– Званіла твая, – Танечка аблізнула вусны. – “Забірай сабе гэтага паваляку, мне такое шчасце не трэба”. Так і сказала.
У Валера ўпала сэрца, ён сціснуў вусны.
– Даўно званіла?
– Літаральна перад тым, як я набрала твой нумар. Дарэчы, я і вырашыла да цябе неадкладна дазваніцца. Што адбылося?
– Ну, бяда… – Валер нарэшце разуўся. Падумаў, што жончын званок супаў з тым момантам, калі незадачлівы стралок памылкова запуляў набой у кансультанта Бабашкіна. – А дзе твой?
– Яшчэ заўчора выправіўся ў камандзіроўку.
Яны прайшлі ў залу, дзе Таццяна паспела падрыхтаваць столік для госця.
Муж Танечкі працаваў у той жа кампаніі, дзе і Валер, толькі ў гандлёвым аддзеле. Таццяна нешта ўнюхала і зморшчылася.
– А ну, дыхні! – яна прысунулася бліжэй.
Валер хукнуў.
– Ай, сабака, дык вось чаму Сонька ўздыбілася. Не стрымаўся?
Госць пазмрачнеў.
– Танечка, трындзец мне. Я прайграўся ў казіно. У падпольным, здаецца. Не помню.
Сяброўка войкнула.
– На пяцьдзясят тысяч даляраў, – гаротнік уздыхнуў. – Аднак падобных сродкаў няма, таму хочуць забраць кватэрай. Менавіта з гэтай прычыны Сафія на развод…
– Ты дурны? – сказанае з вось такой шчырай спрошчанасцю пытанне вырвалася і павісла ў паветры.
Валеру раптам усё стала да лямпачкі. Надакучыла ўсё: і работа, і жонка, і нястрымныя п’янкі, і ўвесь белы свет. На століку меліся і закусь, і напоі, але нічога не хацелася, проста не лезла ў рот.
– Ты ж мне не жонка, каб адчытваць.
Танечка спахапілася, зразумеўшы, што ляпнула лішняе. Зараз жа ўзялася лашчыцца.
– Жонка ж можа і адпець заадно, – падвёў рысу Валер, разважаючы, ці сказаць Танечцы пра кілера і ўвогуле пра здарэнні і дзіўную фірму з назвай “Апошняя надзея”.
– І каму ты вінаваты цяпер?
З грудзей Валера вырваўся цяжкі ўздых.
– Сам не ведаю. Не помню, хоць страляй. Толькі голас з грузінскім акцэнтам, як у Берыі.
– Дык раз не помніш, то можа нічога не страціў?
– Каб жа! Тэлефанавалі ўжо. Дый стоп-кадры паўстаюць урыўкамі ўваччу.
Танечка спагадліва пахітала галавой, матляючы светлымі кудзеркамі.
І глядзела спагадліва-спачувальна.
– Год не піў, – выдыхнуў Валер.
– Ведаю.
– Як завязаць?
– Трэба каб каваль закадаваў.
Гэта быў барадаты жарт, показка, анекдот. У адной вёсцы піячылі мужчыны. Натхнёна, самааддана і з вялікім імпэтам. Пры ўсім гаравалі, не ведалі, як “кінуць”? І тут адзіны цвярэзнік, вясковы каваль, уздумаў пакутнічкаў лячыць нейкім таямнічым уласным спосабам. Карацей, заводзіў жадаючых да сябе, напампоўваў сівухай, а затым гвалтаваў. Пасля ж завяраў пацярпелага, маўляў, калі яшчэ шклянку глынеш ды я заўважу цябе нападпітку, раскажу ўсёй вёсцы, што з табою зрабіў. І небараку было хоць скрозь зямлю праваліся ад сораму. Хутка ў вёсцы жылі адны цвярэзнікі, а выраз “закадавацца ў каваля” займеў вялікую вядомасць. Пачуўшы чароўныя словы, вяскоўцы чырванелі і пераводзілі размову на запасныя рэйкі. Ці мела месца ў жыцці падобная гісторыя на самой справе, дакладна невядома, але гэтая старая показка выклікала невялікую ўсмешку на твары Валера, якую напраўдзе, у святле абставін, варта назваць жалобнай.
Са звычайнай жаночай цікаўнасцю Танечка запытала, што Валер плануе цяпер рабіць?
– Існаваў адзін варыянт, але…
Вобраз забітага кансультанта Бабашкіна, які ўратаваў кліенту жыццё, нібыта застыў перад вачамі Валера. Не хацелася даць веры, што падобнае магчыма. Смерць Аляксея Пятровіча дужа ўжо беспадстаўная, на пустым месцы. Вар’яцтва! Дый Таццяна як успрыме інфармацыю, калі распавесці пра ўсё? Валер паразважаў і перадумаў прызнавацца.
Сяброўскае спатканне было парушана нечаканым званком у дзверы. Валер успомніў, што замкнуў знутры і ключ пакінуў у замку. Пачулася, што нехта поркаецца звонку, быццам намагаецца засунуць свой ключ і адчыніць.
Танечка падхапілася, як ашпараная.
– Не можа быць! Ён жа абяцаў толькі заўтра вярнуцца!
Ці здраджавала мужу жончына сяброўка, Валер ніколі не цікавіўся. Аднак зараз ён падпарадкаваўся панічнаму настрою Таццяны, што несумненна было памылковым і невыпраўляльным. Тым больш, што пра раўнівы нораў Таццянінага мужа ў іхняй фірме складвалі легенды і паданні. Тут бы проста на месцы сядзець, бо сапраўды нічога дрэннага абое не тварылі, не распранутыя ж, не галяком у ложку. Але…
– Лезь у шафу! – Танечка спрытна ўхапіла Валера і літаральна пацягнула за сабою.
Вялікую секцыю-гарнітур у зале напалову займаў гардэробны аддзел. Танечка адсунула ўбок дзверы і падштурхнула Валера ў свет норкавых футраў, дарагіх паліто і характэрных пахаў. “Як у камедыйнай стужцы”, – падумаў Валер, калі ўладкаваўся ў цемры. Пакінуў шчылінку каб падглядваць. Таццяна пабегла адчыняць. Неўзабаве кватэра напоўнілася гукамі.
“Там жа мае туфлі!” – Валер схапіўся за галаву. Але Таццянін муж, здаецца, пакуль нічога не заўважыў.
– Ваў, ты ніяк чакала гасцей?! – усклікнуў знаёмы бас.
Валер пахваліў сябе за тое, што нічога не адкаркоўваў і нічым не частаваўся.
– А я ўдакладніла ў твайго менеджара, калі цябе чакаць, бо з галавы выскачыла, – не разгубілася Таццяна. – Вось і прыгатавала прысмакаў. Падумала, што сумую без цябе.
– Вельмі шчыра, – ухваліў муж.
Таццяна завуркатала, нібы котка, абшчапіла рукамі за шыю сужонца, пачала ціўкаць на ўсе лады, завіхацца, падкладваць у талерку. Праз пакінутую шчылінку Валеру было добра ўсё відаць. Жанчыны пры неабходнасці становяцца выдатнымі актрысамі. Муж з удзячнасцю пацалаваў Танечку, наліў і выпіў, са смакам закусіў.
– Праблема толькі ў тым, што я нікому не паведамляў, што вярнуся на дзень раней. На фірме не ведаюць.
Твар Танечкі набыў разгубленасць.
І тут здарылася тое, што прынцыпова можна прадбачыць, але ніяк нельга чакаць. У Валеравай кішэні ажыў, задрыжэў і заспяваў мабільнік.
Палоннік шафы выцер з ілба гарачы пот і, затаіўшы дыханне, пацягнуўся рукой, спрабуючы знайсці сродак сувязі і выключыць гук, які настойліва паўтараўся і паўтараўся. У кватэры павісла мёртвая цішыня. І толькі з шафы, нібыта навязлівая ідэя ў галаве шыза, чуўся здрадніцкі гук.
– Маць мая жэншчына! – з выразам прамовіў Танеччын муж, няспешліва падняўся і наблізіўся да шафы. Рэзкім штуршком адсунуў дзверы. На той момант Валер нарэшце справіўся з пошукамі слухаўкі, націснуў сувязь, паднёс да вуха і прамовіў: “Алё!”
– Чуеш, фраер?! – адазваўся на тым баку знаёмы грузінскі акцэнт. – Тут твая лепшая палова ледзь не здзейсніла памылку, але ты, лічы, цудам ацалеў, чаму я нечувана рады! Ты ўважліва слухаеш?
Валер пацвердзіў. Намацваючы тэлефон, ён выпадкова націснуў кнопку гучнай сувязі, таму пачулі ўсе прысутныя.
– Карацей, дзеля спакою, каб ніхто больш не нарабіў глупства, а я атрымаў мае грошы або кватэру, я ўжо прыняў суадносныя захады. Твая жонка ў мяне ў гасцях. Выбірай, альбо мы нашынкуем яе на фарш і возьмемся шукаць цябе, а шукаць мы ўмеем, не сумнявайся, альбо мы яе адпусцім, і ўжо ў наступны раз Сафія Міхайлаўна нойме больш спрактыкаванага забойцу.
Пачулася валтузня, і Валер пазнаў голас Сонечкі.
– Што я павінен зрабіць?
– Сюды ехаць. Вырашаць будзем, – прамоўца назваў адрас і адключыў сувязь.
Валер з уздыхам вярнуў тэлефон у кішэню і выбраўся з шафы.
– Валер Ермалаевіч, а што вы робіце ў шафе? – набычыўся Таньчын гаспадар, затым ухапіў госця за грудкі і патрос. У фірме расказвалі, што муж Таццяны можа пры выпадку і ў лыч даць. Тым больш, што Валера ўжо звольнілі. Танечка спалохана ўскрыкнула.
***
Валер спусціўся ўніз у трошкі пашкуматаным выглядзе. Роспачна заўважыў інспектара ДАІ, які ўважліва разглядаў “Волгу” і відавочна чакаў гаспадара, затым нешта казаў па рацыі. Валер здагадаўся, што аўто, пэўна, ужо ў вышуку, таму павярнуўся спінай і пакрочыў у іншым напрамку.
Было з чаго гараваць, засталося толькі з жыцця пайсці. Запой – гэта гульня ў рускую рулетку. Ніколі не ведаеш, чым скончыцца. Ну, раз сам уляпаўся, то самому і адказваць. З цвёрдым разуменнем сітуацыі Валер падаўся па ўказаным адрасе з непахісным намерам хоць жонку вызваліць з бяды. Сам жа давёў!
На пункце прызначэння Валера ўжо чакалі двое мардаваротаў. Адзін з іх быў той самы асілак, якога Валер бачыў на ўваходзе ў рэстаран “Галактыка”. Не прамовіўшы слова, яны запіхнулі Валера ў вялікі чорны джып з танаваным шклом, паселі самі і паехалі. Як разумны чалавек Валер вырашыў пытанняў не задаваць.
Прыехалі на могілкі. Вывелі палоннага, падштурхнулі да вусатага тыпуса ў дарагім строі, відавочна, гэта і быў іх галоўны. Валер азірнуўся. Убачыў свежавыкапаную яму, на пясчаным узгорку раскрытую пустую труну. Двое мардаваротаў трымалі Валераву жонку. Побач з “Берыем” замер сухенькі чалавечак з ліслівым тварыкам і ў акулярах, з дыпламатам у руцэ.
Валер успомніў, што менавіта гэты тып з вусамі ўчора і ўгаворваў “згуляць па-крупнаму”. Галоўны мафіёзі крытычна агледзеў Валера.
– То добра, што сам з’явіўся, фраярок. Вось мой натарыус, – ён кіўнуў у бок ліслівага тварыка. – Афармляем дароўную. Згода?
Валер зіркнуў на жонку.
– Доўга чакаць не буду, – папярэдзіў учарашні шулер. – Баш на баш і разыходзімся. Я табе – жыццё, ты мне – выйгрыш.
– А калі я адмоўлюся паставіць подпіс?
– Я прадбачыў такі варыянт, – бос засунуў рукі ў кішэні штаноў, выставіўшы наперад пуза. – Ведаеш, мне пляваць на пяцьдзясят тысяч і на тваю кватэру. Але ж у маёй пачэснай справе галоўным найперш – рэпутацыя. Калі я не здзяру з цябе скуру, што людзі падумаюць?
І Валеру тут па-сапраўднаму стала страшна. Не так, калі стралялі ў кансультанта. І не так, калі сядзеў у шафе.
– Сёння я кагосьці закапаю. Выбірай: цябе ці яе?
Жонка разявіла рот, але не здолела штосьці прамовіць.
– Давай мяне, – доўга не чакаў Валер, які дэманстраваў крайнюю эмацыянальную нестабільнасць. Бо страх ізноўку змяніўся абыякавасцю.
Галоўны падступіўся бліжэй, уважліва зазірнуў Валеру ў вочы.
– Як высакародна, уратуеш жонку і кватэру… сапраўдны мужчына.
– У гэтай бядзе вінаваты толькі я. Значыць, мне і адказваць.
– Валера, не трэба! – усхліпнула Сонечка. – Не трэба, хай задушыцца кватэрай, да мамы пераедзем.
Галоўны пасміхнуўся і прамовіў сваёй хеўры:
– Гаспада, паглядзіце, што робіць з людзьмі каханне. Ён прыносіць сябе ў ахвяру, а яна толькі нядаўна забойцу наняла, а цяпер ужо дала заднюю хаду і з усім згодная.
– Не чапайце Валера…
– Цыц!
Галоўны хітнуў. Валера хуценька звязалі, спавілі вяроўкай, каб менш торгаўся, паклалі ў труну, накрылі вечкам і заляпалі малаткамі, убіваючы цвікі. Затым труну спусцілі ў яму і прыняліся засыпаць, загортваць свежай зямліцай, пах якой адчуваўся літаральна праз дошкі.
Валер слухаў гудкія ўдары сэрца, чуў, як сыплецца зямля. І разумеў, што гэта канец.
І ўжо пад вечкам труны пакутнік адчуў, як пацурчэла паміж ног, паплыло ў калашыны нешта гарачае і ў вялікай колькасці.
***
Ізноўку перад ім з’явіўся анёл.
– Ну што, Валера, казаў жа табе, што дап’ешся, небарака. Гатовы цяпер, ці не?
Валер цяжка дыхаў, бо не ставала паветра.
– Не сцы, мудзіла, усё будзе добра!
І паляпаў Валера па плячы.
Валер не вытрымаў і з усяе моцы зароў крыкам адчаю, крыкам істэрыкі і нават крыкам радасці, які ўпершыню выдаюць немаўляты, пакідаючы матчына ўлонне…
***
– Давай хутчэй, а то задыхнецца, – камандаваў вусаты дзядзька.
Змрочныя мардавароты гыгыкалі паміж сабою, адпускалі смешачкі і цягнулі вяроўкамі труну наверх. Ім было цяжка, але ўчатырох справіліся. Асцярожна перанеслі труну на пагорак. Пабралі сякеры ды давай выцягваць цвікі, адкаркоўваць вечка. Хутка вечка было знята і адкінута ў бок. Прысутным у нос ударыў нястрымны пах мачы і ўчарашняга перагару.
– Сюрпрыз! – абвясціў вусаты дзядзька.
Да раскапанай ямы наблізіліся іншыя людзі.
Валер глядзеў дзіка, не раўнуючы як у савы, расплюшчанымі вачыма. Нібыта з таго свету, як у пекле пабыў.
– А кліент не крануўся, не страціў глузды? – спагадліва пацікавіўся чыйсьці голас.
Валеру дапамаглі прыўзняцца і сесці, развязалі вяроўку, чыесьці клапатлівыя рукі расціралі спатнелыя плечы, нехта падбадзёрваў і даў сербануць гарачай гарбаты з тэрмасу. Не верачы вачам, Валер падумаў, што ён апынуўся ў раі. Яго абступілі знаёмыя твары. Пасміхаўся Аляксей Пятровіч Бабашкін, побач з ім дырэктар рэстарана “Галактыка”, са шчасліва-загадкавай усмешкай жонка, нават Танечка з мужам. Мардавароты з махляром-карцёжнікам задаволена пазіралі зводдаль. Нават незадачлівы кілер, які страляў у спіну Бабашкіну, быў з імі.
– Дазвольце ўсё патлумачыць, – раскрыў рот кансультант.
Так, фірма, якая займалася высвятленнем абставінаў “учарашняга дня”, выконвала яшчэ і функцыі комплекснай псіхатэрапеўтычнай дапамогі. То бок, дапамагала слабахарактарнаму чалавеку праз шок і стварэнне экстрэмальных падзей у жыцці пазбавіцца шкодных звычак. Нездарма ж і назву мела “Апошняя надзея”.
– Да нас тэрмінова звярнулася ваша жонка Сафія Міхайлаўна, – распавядаў Бабашкін. – Сказала, не даю рады ўтаймаваць мужаву хваробу, папярэдзіць п’яныя эксцэсы. Мы параіліся, вызначылі ўласныя магчымасці ў напісалі спецыяльна для вас сцэнар, у ходзе якога вы трапляеце ў шматлікія прыгоды, капканы і пасткі. Спачатку вясёлыя сабутэльнікі дапамаглі вам набрацца да патрэбнай кандыцыі, калі яшчэ здольны трошкі помніць, але ўжо нічога самастойна не кантралюеце. Дарэчы, апрача ўсяго, у нас працуюць прафесійныя акторы, і варта зазначыць, усе цудоўна справіліся з ролямі: і картачны махляр, і дырэктар “Галактыкі”, і міліцыянт, якому вы, Валер Ермалаевіч, пагон адкусілі. Так, адкусілі, а не адарвалі, і кілер, і нават я. Ну скажыце, вы паверылі ж, што мяне насамрэч застрэліў з пісталета вунь той чалавек, праўда? Вось-вось. Толькі з сяброўкай Сафіі Міхайлаўны і ейным мужам давялося ўжо дамаўляцца. Як высветлілася, яны вас вельмі любяць, шануюць і паважаюць, таму з радасцю далі згоду паўдзельнічаць у спектаклі, абы вам дапамагчы. З радасцю адгукнуліся і на вашай рабоце, дзе вас гэтаксама шануюць і любяць і адкуль, зрэшты, вас ніхто не звальняў. Галоўная ідэя была ў тым, каб праз шэраг стрэсавых сітуацый паказаць вам, якімі могуць стаць наступствы злоўжывання гарэлкай.
Настала тэатральная паўза.
– Дык гэта ўсё падстроена? – не верыў Валер.
– А вы хочаце, каб усё па-сапраўднаму? – запытаўся Бабашкін. – Хочаце, каб на самой справе ваш чарговы запой аднойчы скончыўся фатальным зыходам?
Наблізілася жонка Сонечка.
– Валер, будзеш яшчэ піць? Вось пасля ўсяго, што здарылася, будзеш?
У бедака пацямнела ў вачах. Раптам зрабілася цесна ў грудзях, і паветра на самой справе стала не хапаць. Свет вакол закружыўся ў нястрымным танцы.
– Вох, кліенту кепска, выклікайце “хуткую”…
І свет доўга яшчэ танчыў, нават калі Валер заплюшчыў вочы.