Вершы спадзявання
ПАКАЦІГАРОШАК
А.І.Ф.
Глыбака ў вадзе, ды на самым дне,
Закаваны куфар, пакрыты глеем.
Не дастаць яго ні табе, ні мне –
Пакацігарошак адно здалее.
І стаіць заклён, парудзеў замок,
У траве мітусяцца рачныя д’яблы.
Мы чакаем тут, мы глядзім здалёк –
Пакацігарошак раскусіць яблык.
Ён ужо ідзе, ён ужо ў курсах.
Небяспека тлуста цвіце і пахне,
І напруга ў датчыках на максах –
Дваццаць дзве хвіліны, і ўсё бабахне.
Застаемся тут, не ідзем туды.
Ён ляціць – бач, воблачка палымнее?
Цішыня й спакой у вірах вады
І паверхня чырванню зелянее.
* * *
Па-над мокрым радном гарадскога гнілля,
васьміногамі вуліц і пусткамі пляцаў,
даміношкамі мікрараёчкаў жылля
невідочны атрад капытамі праклацаў.
Храпы грозна хрыпяць, і сціскаецца брук,
прасядае ў ямы асфальт на бульвары.
Воін воіну кораш і верны сябрук,
і адзінаю мэтай скажоныя твары.
Спіць усё. Але вершнік пагоні не спіць.
Выклікае агіду, брахню і пагарду.
Не дамовіцца з ім, з панталыку не збіць,
Не ўручыць гасударсцьвенную награду.
Ён цябе не забыў, ён ведае шмат,
бачыць Бог, ён не наракае на памяць.
Ты дарэмна чысціш свой аўтамат –
старадаўняй пагоні ніхто не заваліць.
Прамільгне сілуэт за вакном – пажагнай.
Усміхніся. Далёка не ўсё яшчэ страчана.
Не самотныя, ды і не будзем, бадай, –
Наша срэбная гвардыя вулкамі скача.
* * *
На Даўгінаўскім тракце без перамен:
Вузкагорлыя коркі, раствор і цэмент.
Сінявокія мальцы ў пульсацыі вен
Адчуваюць эфекты плацэба.
А далей, у прагалы міжрэбравых сцен,
Вырываюцца душы ў свой эпіцэнтр –
Лабірынта-тэатр з тысячай сцэн,
Светлы церам з балконам на неба.
У Выгоцкага звоняць званы – гэта знак,
Што ў пякарні пячэцца чарговы праснак,
А мысленне з маўленнем сплятаюцца ў смак
Ісіхазма й кіслай капусты.
Што ты бачыш, айцец благачынны, у снах:
Незалітыя сцяжкі ў пяці карпусах,
Пару свежых магіл у прылеглых лясах
Ці старую з бяліламі густа?
На адным пятачку планетарны парад:
Шэра-чорныя расы й белы халат,
Роджэр Бэкан, Скарына і Гіпакрат –
Традыцыйны сюжэт інтэрмедый.
Дактары прышчапляюць і лекуюць сад,
Пацыенты імкнуцца трапіць назад,
Манастыр перачытвае ліст да Галат
І не надта верыць у веды.
Выйдзі ў новы прастор, на разлог на пусты,
Там, дзе Танкавых скібаў кладуцца пласты.
Дождж абмые і купал, і блокпасты,
І цябе на гэтым абрыве.
Мы жывем і не чуем, што робяць краты.
Рэкі перасыхаюць – будуем масты.
Ну, дык стой і чакай ад Пілата лісты,
Пакуль цемрай горад накрые.
САНЕТ
На трыццаць восьмы сонечны тралейбус
спазніцца, як заўсёды, неўпрыцям.
Таму што яву іншасвет працяў,
а ў пераходзе плакаў нечы бэйбус;
сысці пад мост, а потым пад другі,
аглухнуць ад мазуты й паскарэння,
заблытацца ў трох соснах пакалення,
другім кальцом зразаючы кругі.
Я тут жыву. Жыццё маё, быць можа,
нікога асабліва не трывожыць
і метадычна ходзіць па трындзе.
Ратуе, што і балі ў доме дожа,
дрымлэнд, надоі, кніксэны вяльможаў,
Кастор, Палукс – усё туды ідзе.
TOM WAITS’ BLUES
На табло ці 2, ці 5.
Толькі п’яніцы не спяць.
Дэфілююць па двары,
Берагуць цяпло ўнутры:
Цыгарылы, скотч і ром.
Як ты знойдзеш дом, Том?
Ногі танчаць крэндзелі,
Па мазгах валоў вялі,
Ў роце ротай ночылі.
Гэй, Том, няўклюда-Том.
Што ты чуеш, спеў ці стогн?
Азірніся на свой дом, Том.
Неістотна ўверх ці ўніз,
Газ і тормаз – твой капрыз.
Не працуе антыфрыз.
Гэй, Том, няўклюда-Том –
Не ўставай на той карніз,
Не ідзі на кампраміс.
Фуры едуць у Медзінінкай,
Фуры едуць у Каменны Лог,
А ты недзе ў небакрай
Закруціўся і залёг.
Ты ўпаў і ляжыш пад мастом,
Хай прысніцца табе дом, Том.
* * *
А., Ю., М.Б.
вы з’ехалі
і пакінулі мне свае дрэўцы
дзеля праўды я не вялікі арнітолаг
ці як там называюць людзей
што гадуюць дрэвы ў гаршчках
два гады мы назіраем адно за адным
я нібыта й не забываюся
паліваю там
мыю лісце
кратаю пальцамі зямлю
правяраю ці не засохла
але зеляніна паводзіць сябе як хоча
то жухне яўна раздражнёная
то ўсміхаецца
то памірае цэлымі галінкамі
то маўчыць
не зразумець чаго ёй трэба
месяц за месяцам я змяняю пакоі
рэгулюю доступ паветра
тэмпературу
святло
усё роўна ніякай стабільнасці
можа тут штосьці з паветрам
святлом
тэмпературай
можа штосьці не так з зямлёю
але нядаўна ў адным гаршчку
выштурхнулася кветка
нечакана і хутка
нібы дыназаўр прыўзняў галаву
і паглядзеў на нас у ложку
«глядзі коцік –
сказаў я жонцы –
відаць з таго што я рабіў
не ўсё было непатрэбным
і ў нашым доме з’явіліся кветкі
пры гэтым – мы яшчэ не памерлі»
ПАМЯЦІ СТРЭЛЬНІКАВА
гэта заўжды як стрэл
з будучыні ў цэнтр
снайпер не намякне
вочы не прамакне
тут усё тая ж зіма
месі чэмпіянат
будзе адліга але
потым ізноў калець
вечная стома вачэй
што запомню яшчэ
спакойны і сумны тэмбр
непаспешлівы тэмп
так аляксей так
тэлефануйце так
эспрэса на два глыткі
усмешка поціск гудкі
З ЛЕАНАРДА КОЭНА
Працаваў заўсёды чыста
І сыходзіўся ў цане
Пераміргваліся часта
Маркс і Езус на сцяне
Вось і свечку загасілі
Бо агонь не палымнеў
Раскажы сваім месіям
Што вымерла ўва мне
На два месцы рытуальна
Паркаваўся ў тумане
І адбор быў натуральным
Ён ніводнай не міне
Быццам дробязь і пустое
А шкрабеш – не адстае
Прыгадаў і спраўдзіў тое
Што вымерла ўва мне
Гандляваў святой аплаткай
Апрануты на панэль
Спаў у ложку з кацяняткам
І з пантэраю ў труне
Быў знаёмы многім следчым
У Касталіі ў турме
І нідзе не мусіў сведчыць
Што вымерла ўва мне
Куды рухаецца справа
Я выдатна разумеў
Непрамоўленая драма
У вачох жыла й раней
Мы ўдавалі закаханых
Ды званочак празвінеў
Гэтак гідка й неахайна
Што вымерла ўва мне
У анёлаў трубы мокнуць
У люцыпара – кларнэт
Душы – дробненькі пясочак
І галовы як цэмент
Цалкам выбітыя вокны
Але ў доме ўсё цямней
Дык хіба не відавочна
Што вымерла ўва мне
Я быў вучнем валацугі
У расхрыстаным майне
Спаласованую скуру
Твой пазногаць не кране
Ўсе маралі гэтай байкі
Пахаваныя на дне
Валацужнае брыдоты
Што вымерла ўва мне
Працаваў заўсёды чыста
І сыходзіўся ў цане
Негалосная дамова
Як пянька ў верацяне
Запрашэнню да каўчэга
Ціха моўленае «не»
Я занадта добра ведаў
Што вымерла ўва мне
Ёмка лёг у рукі браўнінг:
Спадчына, з бацькоўскіх рэчаў.
Я апошняй праўды прагнуў,
А не права запярэчыць.
* * *
Салёным малаком
Туман за кадыком
Куродым прышласці
Ў слупках і цераспалосіцы
Выштукуй лецішча люляй абломак
Вясловазлучэ не канчатак
Зіма-пліска
Манахромная
* * *
Н.К.
Шпацыруем у парку
І пінаем лісты.
Паваротак у арку,
Дзе «Салон красоты».
Разыходзіцца рэха.
Сіні знак на слупе.
Палавінкі арэха
У адной шкарлупе.
Сціжма перагародак,
Пераціснуты лёх,
І так смажыць прырода,
Што хапіла б на трох.
Тут жа сіберны холад,
Золь са снегам у твар.
Сустракай, шэры горад,
Кантрабандны тавар –
П’ецца поўнаю чарай,
Аплаўляе прыпой,
Уздымаецца парай
Над табой, нада мной,
У аблокі ўзлятае,
Дзе ў тым горадзе сад.
І ніхто не спявае.
І не прыйдзе назад.
* * *
калі пастаянна проста – ў горадзе шмат святла
дваццаць два кіламетры тваёй рукі
справа налева па венах падземка вяла
тромбафлебітныя сінія цягнікі
дарога на захад мінае дарогу на ўсход
горад шырэе – дзякуй водару пустаты
як пражылі мы ўвесь гэты брыдкі год?
зрэшты, ніякага мы – толькі я і ты
“адное і тое, адное і тое”, – скардзіцца кроў
шкрабаю каля ‘’Рыгі’’ ліхтарны слуп
анатамічны тэатр – надзейны схоў
для забітых герояў і медных труб
плачу ў сэрцы тваім і курыць не выходжу на
тут, унутры, заўсёды было цяплей
ў клетках без храмасомаў, каля вакна,
скурчаным пытальнікам ля батарэй.
З ДАВАЕННАГА
Усё скарачаецца і скарачаецца.
Лётае ў кубку чорная чаіца.
Котка высоўвае патрабаванні.
Загаварылі адтуліны ў ванне.
Хтось на паверсе пляснуў дзвярыма.
Цягне з балкона гродзенскім дымам.
Сварацца злева, будуюцца знізу.
– Можа, мы ўстанем, спакуем валізу,
Фарсіруем рэкі, прарэжам кардоны,
Спынам прыедзем у край невядомы,
Будзем скакаць пад гукі тамтамаў
Сярод алеутаў і гіпапатамаў,
Львы і гарылы, слон і пантэра –
Далей ад радзімага СССРа?
А можа – гуляць у барочных завулках,
Без пэўнае мэты і знакаў прытулку,
Піць шарданэ на заснежаным пляцы?
– Сёння я вырашыла не падымацца.
БЯССОННЕ
1.
паветра між пальцамі здзіўляе
хіба можа быць штосьці паміж
калі ўсё запоўненае табой
ты як закаркаваная аптэчная бутэлечка
можна глядзець на святло
пералівы субстанцый
змены станаў выдуманага сусвету
неварожага
і непранікальнага
я магу толькі выпіць цябе
і падкінуць у вышыню
і пачуць звон шкла
ў вышыні
2.
ты пачынаеш дыхаць часцей
часцей і часцей
скаланаешся
як адрываешся ад зямлі
і ўрэшце паволі ляціш
так спакойна й глыбока
сканчаецца фаза хуткага сну
стомленая маленькая птушка
пад тоненькай коўдрай
з заўсёднымі вокнамі насцеж
вокнамі ў чорны свет
які нам нічога не вінен
3.
Вецер твайго дыхання,
Кароткі ліловы ўзвеў.
У шасцістопным ямбе
Стрэмка на трэцяй стапе.
Вясновыя перамены.
Знікае панылы лёд.
У цэлым па Мінск-Арэне
З дакладнасцю наадварот.
Ірвуцца знутры пакеты
І звонка спявае дрозд.
Вінтажныя кабрыялеты
Купляюцца навырост.
На ўлонні тваёй прыроды,
Сівы беларускі леў,
Сплю, ліловабароды,
Крэпка. Нібы ацалеў.
4.
прачынаешся ў халодным клімаце,
праводзіш рукою па твары –
вада.
тваё:
дыханне, сны, прыкметы будучыні, –
кандэнсавалася.
бо тое, што па-за табой,
шукае цёплае,
шукае, кім укрыцца.
вецер
усю ноч галасіў,
а раніцай устанеш,
за вакном – белы кіт
скандэнсаваўся ў горад.