Андрэй Хадановіч (№90)

Дэталі

Калі, зачапіўшы, казалі не “упс”, а “прабачце”,

чыталі кніжкі з паперы й наогул чыталі,

паэт быў піратам, і сцяг матляла на мачце.

Не помню, якой краіны, – гэта дэталі.

 

Калі пад вышэйшым небам раслі вышэйшыя дрэвы,

ты быў такім бескарысным, што ўсе карысталі,

і, пагасіўшы святло, усе дзевы казалі: “Дзе вы?”

Не помню, якія дзевы, – гэта дэталі.

 

І мора віна лілося ў глотку твайго рамантызму,

і ты выпіваў усё, герой з граніту і сталі…

А сёння дэталі вывальваюцца з арганізму.

Не помню, якія дэталі, – гэта дэталі.

 

Раней

Nawet durni

Ст. Е. Лец

 

Нават дурні

раней дурэлі культурней.

 

Нават псіхі

раней мелі меней пыхі.

 

Нават здрадніцы

трохі больш надзявалі на задніцы,

 

а мужы-круцялі

ад сораму больш пілі.

 

Але й ад занудаў калісьці

было трохі больш карысці,

 

бо меней ад нас

на свой наракалі час.

 

 

Еўрапеец

Фартуна – цётка сляпая,

з ёй важна не быць дубінай…

Раптам дарогу мужык заступае.

Рукі трымае за спінай.

 

Фікса. Фінгал. Татуха.

Сіні ўвесь, як тапелец.

Шнар ад вуха да вуха.

Пытае: “Ты европеец?”

 

Справа ідзе да ночы.

Дзядзька глядзіць у вочы.

 

Стаю, разгублены ўшчэнт.

Што там за спінай – прэнт?

Фінка? Букецік кветак?

Святое Пісьмо для дзетак?

 

Ляпнеш не тое – і нож,

схібіш у стылі – і куля.

Сказаць яму: “анягож!”

ці ўсё-такі лепш: “а хули!”?

 

А ён глядзіць на мяне:

дык еўрапеец ці не?

 

Я здуру кажу такое:

“Дзядзька, пакінь у спакоі!”

 

А ён уздыхае цяжка,

на вуснах нямы папрок.

Рукамі развёў незнарок:

у правай – гарэлкі пляшка,

у левай руцэ – агурок.

 

Пахітаў галавой:

“Я ж думаў, ты свой…”

 

Сыходзіць сумна і горда,

абраза і смага пячэ.

Жыхар еўрапейскага горада,

шукае дваіх яшчэ.

                                              Пружаны, 23 ліпеня 2017

 

 

Вершыкі пра незалежнасць

1.

Пад дудачку чужую

не танчу – дырыжую.

 

2.

Дзівосная птушка жораў.

Курлыкае без дырыжораў.

 

3.

Будавалі Ўтопію –

атрымалі копію.

 

Будавалі Беламорканал –

выйшла лепей за арыгінал.

 

 

(Не)расстраляная паэзія

Байнэт і сучліт ходзяць ходырам,

ласкава прашу ў наш вулей!

Тут фота з Кляшторным Тодарам

запосціў Таўбін Юлій.

 

Усе – прыстойная публіка,

ні звадак табе, ні сварак.

Старонку Майсея Кульбака

расшарвае Ізі Харык.

 

Направа клікнеш – “Узвышша”,

налева клік – “Маладняк”.

Таўбін па-руску напіша –

не дыскрымінуюць ніяк…

 

Не тое, каб любіш плакаць,

ды штось разам з вершам цячэ,

і кожнага хочаш залайкаць,

каб аўтар пісаў яшчэ.

 

+

Не разбіраўся ў палітыцы.

Проста страляў у патыліцы.

 

Чыгунка (кавер)

Твар правадніцы – цаглінаю.

Рэйкі, платформы і шпалы.

З радыё кавер з Калінаю

льецца на словы Купалы.

 

Словамі сыплем дарослымі,

лечым дзіцячыя траўмы:

дзеўкі без вёслаў і з вёсламі,

плот, палігон і шлагбаумы.

 

Згадкамі п’янымі, рэзкімі

раны душэўныя гоім,

з жартамі, часам габрэйскімі,

хоць не ўсё ясна нам, гоям.

 

Добра гаворыцца ўночы нам

без капюшонаў і кедаў.

“Вып’ем за хлопчыка з лётчыкам,

кажуць, Гагарын іх ведаў!”

 

Хлопчыкі з ніжнімі месцамі

тостамі крояць размовы:

“За чалавека на месяцы!” –

выпілі. Космас, ты клёвы!

 

Цемра з кашмарамі-марамі

дыхае ў ноч перагарам.

Шэпчуцца каты з ахвярамі

ў сумнай даліне над ярам.

 

Песня на штось намякае нам,

суха заходзіць і чэрства…

Вып’ем за Авэля з Каінам

горкай атруты братэрства.

 

 

Двубой

Дыскутаваў пра Еўропу, выбары і фашыстку

з простым народам, па-за літаратурным гетам.

Зладзілі: я – этычную, ён мне – этнічную чыстку.

Ён – з бейсбольнаю бітай, я – з французскім багетам.

 

 

Злачынства і пакаранне    

“Дрыготкая істотка я

ці ўсё-ткі маю права?” –

марцуе коцік з коткаю.

…А ў горадзе аблава.

 

 

Спачатку

Абуджаешся ў поце. (Жахлівыя сны!)

Вечарэе, бо хтось на абед з’еў твой ранак.

Па вушах увесь час гэтак білі званы,

што нябітых у кухні паменела шклянак.

 

У пачуццях разруха, у думках бардак,

не палохае пекла і рай не цікавіць…

Ды бярэш пыласос і ўвіхаешся так,

быццам нешта ў жыцці яшчэ можна паправіць.

 

 

*  *  *

Калі ўглядаешся ў люстэрка,

яно ўглядаецца ў цябе –

і прабягае вадамерка

па хвалях-зморшчынах на лбе.

 

Выява робіцца крывою,

адбітак – дзіўны і не твой,

і вас у люстры больш, чым двое,

і пахне скошанай травою,

а потым іншаю травой.

 

І падымае валасы вам,

бо чуеш кожным валаском,

як побач, бы Арсеній з сынам,

ідзе бяссмерце з касяком.

 

 

*  *  *

Хутка дождж – і неба на ўсе маланкі

зашпіляецца па чарзе,

і п’яніць залева з першае шклянкі,

і дарогу мне развязе.

 

Высыхаюць кроплі – і дзень шчаслівы

замаўляе: “Песні пяі!”,

і гучаць шпачыныя пералівы,

і ўстаюць з калень салаўі.

 

Гэты свет не зломкі пальцам рабілі,

не глухі стары дырыжор.

Дык нашто захлынаемся ў кніжным пыле,

калі ўсім нам

пахне чабор?

 

 

*  *  *

Калі неба чыркае знічкамі,

хтось хавае іх ад дзяцей.

Аб’явілі шкоднымі звычкамі

секс, наркотыкі, ямб і харэй.

 

– Непатрэбны, бы кропка з коскаю,

старамодны, як пан сахі…

– Ці паэзія мая коўзкая?

Ці мой смех занадта сухі?

 

Нетактоўны, як нож з цыбуляю.

Але хтось насоўку бярэ.

Значыць, гэта камусьці муляе…

Значыць, гэта камусьці трэ…

 

 

*  *  *

Скрыпка трохі нервова

дрэмле ў калысцы-зыбцы.

Сняцца вуліцы Львова

й дахі Берліна скрыпцы.

Сніцца кава па-венску,

сніцца гарэлка па-менску

ў падваротні знянацку,

пуга й пернік па-брацку.

 

Ля музычнае школы

ўзімку коўзанка й горка.

Руль, педалі і колы.

Крыкі “Дамоў!” і “Горка!”

 

Сняцца плошчы і рынкі,

сняцца гарышчы й лёхі,

барабаны й катрынкі,

каты і скамарохі.

 

Сняцца масты й паромы,

радасці і навалы,

карнавалы, пагромы

й новыя карнавалы.

 

Пісталеты і маскі.

Пах карыды й карыцы.

Словы старое казкі

аб скрыпачы і скрыпцы.

 

Ластаўкі

Ластаўкі неба цыруюць аблокамі,

ластаўкі неба малююць алоўкамі.

 

Вецер, лагодна кранаючы ластыкам,

правіць малюнкі аблокам і ластаўкам.

 

Неба плыве з Міхалішак у Хойнікі.

Ластаўкі з небам гуляюць у хованкі.

 

Сочыш уважліва… толькі дарма…

за чатырма… за дзвюма… за няма…

 

Два погляды

  1. 1917. Валошкі ў жыце.

У Багдановіча.

Зусім як у жыцці.

 

  1. 2017. Валошкі ў жыце.

У жыцці.

Зусім як у Багдановіча.

 

*  *  *

Сонца свае далоні кладзе вам на плечы.

Закапацца ў вадзе ці на хвалі пясочку легчы?

Тэмпература за бортам (вашае пляшкі) у норме.

Зняўшы ўсё, застаешся ў антываеннай форме.

 

 

Лічылка

Ноч. Бяссонніца. Мора.

Лічым авечкі-хвалі.

Першая змыла ўчора

замкі, што мы будавалі.

 

След мой сцерла другая,

трэцяя – твой. За трыма –

пятая набягае,

бо чацвёртай няма.

 

Шостая дасць у плечы,

сёмая лясне па твары,

восьмая возьме рэчы,

крыжык і акуляры.

 

А дзявятая прыйдзе –

ў сёмае неба скрадзе.

Сёння плавалі ў Нідзе.

Заўтра ў Нідзе.

 

 

Конкурс маладых крытыкаў

Аленка брыдзе па вадзе,

між хваляў – скорыць любую,

і голасна патрабуе:

“А дзе глыбіня тут, дзе?!”

 

 

*  *  *

Сам вырашай, ці выглядае хвора

патрыятызм – або снабізм такі?

Жывеш за метраў 800 ад мора –

і бегаеш купацца да ракі.

 

 

*  *  *

Пацягнуўшы за шпільку, выцягваеш вецер у косах,

цёплы травень, начныя купанні і мокры ручнік,

салаўіную песню ўвушшу і маланку ў нябёсах,

твой заплечнік, што з ёй разам знік, і квіток на цягнік.

 

Пацягнуўшы за дым, маеш восень і вогнішча з хорам,

дагарэлае лісце і клёкат, і згублены клёк.

За аскепак бурштыну – апошні світанак над морам.

За крыло матылька не цягні, там адно матылёк.

 

 

*  *  *

Падае жнівень з метэарытных ног.

Спёку і лівень шле самагонны бог.

Хопіць малому зорнага крыгалому.

Схопішся й за салому, тонучы ў снох.

 

Час і надвор’е сёння твае зусім.

Нібы сузор’е, на тарзанцы вісім.

Месяц над лесам патанае ў святле сам,

плывучы ўсходнім крэсам нашых летаў і зім.

 

Зоры, як рыбы ў возеры між трысця.

З кожнае хібы цешышся, як дзіця.

Столькі відзежаў плавае без адзежаў.

Лета без межаў. Межы – толькі ў жыцця.

 

 

Знямога –

замнога зямнога.

 

 

*  *  *

Прызначыш мне стрэлку ў пясочным гадзінніку – і

схаваныя колісь за шклом адкапаем сакрэты.

Пясочніца часу захлюпае ў два ручаі:

адзін пацячэ на той бераг, а іншы – на гэты.

 

Твае гарады ні адзін не скарыў маладзён,

ды крочу да замкаў і вежаў з чырвоным вядзерцам,

а ў гэтым вядзерцы – пясочнае печыва дзён,

якое аддам табе, разам з рукою і сэрцам.

 

Ты ў маміных кліпсах, трыпутнік да локця прыліп.

І я, трохгадовы палоннік вачэй тваіх хітрых,

адкрыў: канца свету не будзе – не выбух, а кліп,

і цітры ў паветры, і крочым да зораў па цітрах.

 

*  *  *

Вечар такі харошы,

п’яны і малады.

Добра, што час – не грошы.

Дрэнна, што не заўжды.

 

Божанька сердабольны

ў небе змяніў дызайн.

Добра, калі ты вольны.

Дрэнна, калі дэдлайн.

 

Ружавеюць каштаны,

цвелячы і святых.

Добра, што б’юць фантаны.

Дрэнна, калі пад дых.

 

Шчэццю парос дашчэнту,

ды ідзеш на бульвар.

Добра, калі студэнты

не пазнаюць у твар.

 

Думкі – звышгукавое,

глупанямое кіно.

Добра, што без канвою,

а дэдлайны – лайно.

 

Фільм завершыцца файна,

бо ў канцы хэпі-верш.

І да свайго дэдлайну

ты яшчэ пажывеш.

 


Апублікавана

у