Антаніна Хатэнка (№102)

Наросхрыст

 

Льняны шлях

Ува мне прасціраецца лён

пракаветнае цішы блакітай.

Недзе тут небакрайна пралёг

век, у вены мае пераліты.

 

Недзе тут адгалоскам журбы

песня продкаў сціхае замглёна,

ахінуўшыся небам, нібы

у расхлістанай памяці лёну.

 

І гадзіннік, здаецца, заснуў

паняверча на Ратушнай вежы.

Толькі поле бясконцае льну

выкалыхвае з мрой незалежнасць.

 

У артэрыях выстылых дня

словы, быццам чырвоныя цельцы,

крэўна-крэўна ільняна звіняць,

успамінам цаляючы ў сэрца.

 

Нада мной прасціраецца лён

абарончаю тканкай нябеснай,

абдымаецца з цёплай зямлёй…

І ўратоўвае Волю і Песню.

19.06.2019

 

 

Ціша

Пасярэдзіне свету спыніцца,

закрануўшы плячом Алатыр.

Успружыніцца ў лёт бліскавіцы,

асягнуўшы над прорвай масты.

 

Слухаць, слухаць – да колкіх трымценняў

дрогкай цішы ўсяленскай уздых

стуль, дзе зоркі блукаюць між ценяў

недагледжаных сноў маладых.

 

Незнарок зачапіцца за хмару

думкай-згадкай пра колішні час:

неба там калыхалася чарай –

і абрыньвала ў бездані нас.

 

Там харобра вынырвала поўня

шаравою маланкай з начы.

І здавалася, дрэвы запомняць,

як мы ў вечнасць даверна маўчым.

 

…Ці дажджынкі ці слёзы шапочуць

у далонях – у чоўнах жыцця?..

Абдыму Алатыр па-сірочы

на краёчку, скуль вёсны ляцяць.

14.05.2018

 

 

У аблоках

Як затрымацца на зямлі,

калі плыве ладдзя аблокаў

адсюль, дзе мары адцвілі, –

у абяцальную далёкасць?

 

Плыве туды, за небакрай,

па-над сумневамі і сумам,

адкуль чуцён птушыны грай,

скуль выпрадае бытнасць думы.

 

Як не зманіцца, не ўзляцець?

Між дрэў вясёлка, як арэлі.

А шчасце дыхае ледзь-ледзь,

што мы з табой адчайна грэлі.

 

А дні мільгаюць, як агні,

і патанаюць апраметна

там, дзе ўпадзе аджыласць згніць,

дарэшты страціўшы прыкметы.

 

Ды пад вакном віхурыць бэз.

У далеч – ветразі фіранак.

І я тулюся да цябе,

пакуль пунсова ўсходзіць ранак.

 

А сэрцы тахкаюць “люблю”,

а рукі ўскрыльваюць “кахаю”.

Мяне з табою і зямлю

ладдзя аблокаў калыхае.

28.05.2017

 

 

Узыход

Заплывала ў вокны памяць.

З волі й зморы. З вышы й дна.

Прасціралася над намі

плашчаніцаю радна.

 

…І ўзышло вакно ў нябёсы,

пазбіраўшы боль і сум.

І ступіў світанак боса

на сцюдзёную расу.

 

Так ступае ў водсвет памяць –

па халодным гладкім шкле.

Набалелымі нагамі

патрапляе ў нечы след.

 

З падваконня, быццам з мосту

(ці то з вечнасці, ці скуль?..),

крылы ўскінуўшы наросхрыст,

увайшла яна ў раку.

У раку цяпла й любові,

смутку й жалю, мар і сноў,

дзе гуляе водгул слова,

скуль святлее ў свет вакно.

 

Бела-бела плыня лёсу,

як на покуці ручнік,

гаварыла безгалоса

да прыпалай светлыні.

 

Ды фіранкі, як арэлі,

памяць з ветрам узняслі.

Толькі ўслед знічы гарэлі,

нібы ў лёце матылі…

02.07.2018

 

 

Кон

Больш не трэба ўглядацца, прыжмурыўшы вочы,

утрапёна з цянёт прыклікаць.

Я пазнаю твой голас, пачуўшы аднойчы,

хоць сцішэлы, зблуканы ў вяках.

 

Я пазнаю твой шэпт у харалах літанняў

і дыханне тваё ў немаце.

І тады… І тады маё сэрца адтане:

як жа знекуль ты доўга ляцеў!

 

Як жа доўга было тут халодна-халодна –

нават вусны балюча расцяць.

Аніводнай заранкі, квяціны ніводнай –

толькі цёмны, як згуба, прасцяг…

 

А не трэба ў сустрэчы ні слоў, ні абдоймаў,

ні заклёнаў, ні поціску рук.

Як журкоча мой голас у свеце паўсонным:

я праменнем з табой гавару.

 

Я пачула анёльскіх шалоханне крылаў

над маркотнай дарогай начы.

І пакуль я з табой з ніадкуль гаварыла,

расхінулася сноў далячынь.

…Мы знайшліся з табой.

Не маўчы.

Не маўчы.

19.09.2018

 

 

Вальс дажджу

(слухаючы Шапэна)

Я сыходжу ў дажджы.

У тумане знікаю.

І скажы, і скажы,

хто была я такая.

 

Ці хмурынка імжы

ці расіны зіхотка…

Калыхаюць дажджы

шэптаў цёплыя лодкі.

 

Я злятаю ў дажджы

з разгайданае кроны.

Сум лісцінай дрыжыць

над пустэльным перонам.

 

Над перонам надзей,

над прыстанкам адчаю

дождж, як доля, ідзе:

сцеражэ й прывячае.

 

Не шукаюць дажджы

ні вакзалаў, ні станцый.

Лёгка любяць кружыць

развітальныя танцы.

 

Я знікаю ў дажджы.

Растаю ў небакраі.

Шлях далёкі ляжыць.

Дождж Шапэна мне грае.

17.09.2018

 

 

Выгнанне

(па вяртанні з дарог Лесі Украінкі)

Ты чакала мяне, Айчына,

стуль, дзе воля, як дзікі птах,

з ледзь расплюшчанымі вачыма,

рвецца ў роспач: паўстаць!.. світаць!?

 

Але дзе ж табе знаць, Айчына,

памяць водзячы нацянькі,

як затоеная ў лучыне

яскра ўспыхвае з-пад рукі,

як загубы і боль рашчынна

волю ўзрошчваюць з цемраты…

Ці жывая яшчэ, Айчына?

Ці відзежаю стала ты?

 

Мы чужыя табе, Айчына.

Ані пекла тут, ані рай.

Хоць маліся, крычы, маўчы мы –

паглынае Ўсё сон-дзіра.

 

На мяжы з табой, ноч-Айчына,

пастрывожаныя клады.

Стуль, дзе Воля нас прылучыла,

больш не вернемся мы сюды…

10.09.2018

 

 

У дарозе

Слова дрыжала, дрыжала, дрыжала

празрыста.

Трымцела

на вуснах.

Нібы на вейчыне пудкай

перад упадам

адчайна

слязіна.

Гэтак і я з бераг-жалю, як з джала,

з вятрыскам

паўценем

сарвуся.

Німбы над вечнасцю гутаць,

да зарападу

прычаліць –

і згінуць.

 

Слова з прадоння, з прадоння,

з прадоння,

здалёку,

з туману

пазнання,

кроплінай памяці цёмнай

світанна

зляцела…

мне ў вусны.

Гэтак і я на сутонні

з ядомлі бяздомнай

і золкай,

падманнай

дазвання,

строма ўзбяруся над стомай,

у ранах

на целе… –

Дадому вярнуся.

25.08.2018

 

 

Продчунь

Мы развітаемся моўчкі,

век мой-пустэльга,

там, дзе сцяліся па-воўчы

трэба і нельга –

у ланцугох абавязкаў

і забаронаў.

Там, дзе ссыпаецца ляскат

з трону ў пячоры.

 

Заўтра парадна настане:

пошчак – у скронях.

Але ж якое расстанне

споўніцца сёння!

Ані прамоў, ані горнаў,

змоў ці паразы!

Збродна збяруцца да трону

зграйнікі разам.

 

Будуць хмялёва ліслівіць –

шыі навысцяг –

там, дзе шчасліва зласлівец

душы ім выцяў.

З гэтых пячор, як з нябыту, –

ані сцяжыны.

Жменька імёнаў забытых,

гоман чужынны.

 

Зеўраюць дні, як варонкі,

злосныя знашча.

Гронак і зор незваротнасць.

Холад лядашчы.

Водмель. Бермудскі трохкутнік.

Траская багна.

Згон праметэяў прыкутых,

цемрыкаў прагных.

Залататронна, прыгонна –

па-надпячорна

нечысць выгульвае ў гонях

змоўнікаў чорных.

 

…Ноч разадзьму, быццам горан.

Выкую золак.

Сонца на дзедава ўзгор’е

ўзвершыцца з долу.

16.08.2018

 

 

Незваротнае

Чужы пасад. Забыты сад.

У голлі месяц завісаў,

нібыта ў ветру ў валасах.

Знічы ці яблыкі ў траве?

Тут заблукаў загубны век

у плыўкім прывідным сяйве.

У цішыні, як мёд, густой,

па-над карункамі мастоў,

па-над лятункамі лістоў,

што жыцці зводзілі ў адно,

рвучы й знітоўваючы зноў

у радаводу палатно,

счапіўшы думкі, мы з табой

перасягаем сум і боль –

і адлякоўваем Любоў.

Каб стала цёпла галасам

вяртацца ў той самотны сад,

дзе ў голлі месяц завісаў.

На той прароднены пасад

дзе спелі мроі ў верасах

і ў вечнасць вечар загасаў…

23.07.2018

 

 

Дзірван

Кроплінай з Нябеснае ракі –

Бог маргнуў – скацілася слязіна

ў кругадзён бяспомныя пяскі,

у чакання сцятае міжзім’я.

 

Непрагляднай пусткай забыцця

месяц прабіраецца, як злодзей.

Зоркі памінальныя мігцяць

і аблокі схаладала ходзяць.

 

Ды відушча з цемрыва гадоў

ветах узіраецца мне ў вокны.

Расцярэбіць зжухлае гняздо –

і падранкам па-за светам змоўкне.

 

Уздыхне, як мніх каханню ўслед,

досвіткам струхнелым на гарышчы

ў дзірваны па плечы ўрослы дзед,

што з расшчэпы атамнай не выйшаў.

 

Дзе гасцінец, дзе гушчар густы –

тут нядоля і нябыт зблудзілі.

А з нябёсаў воблікі святых –

спалатнелай дзедавай радзіны.

 

І маўчаць распята дзед і сад.

І стаіўся час, напяўшы жылы,

дзе ўсяму зімець і загасаць,

чым яны калісьці даражылі…

  27.04.2018

 

 

Чаканне

Нідзе ніхто ніколі і ні з кім

не поўз так доўга, доўга, доўга

мёртвым полем,

дзе скразнякі скуголяць, як ваўкі,

а людзі змоўклі. Не галосяць болей.

 

А людзі, людзі, людзі…

як быллё,

самім сабе схмялела засцяць вочы.

Якой магуты род змірэнча злёг,

да кропліны сцякаючы ў падсочку!

Ніхто ж ніколі тут і больш нідзе

не наракаў так соладка на долю,

што ўсё вядзе, вядзе, вядзе,

вядзе

праз хмызнякі ў сляды на мёртвым полі.

 

А ў полі тым хаваюць быльнягі

прарослую з-пад памяці валошку,

варожачы: “не згінь… не згінь…

не згінь…”,

збіраючы святла хоць трошку.

Трошку…

Хоць каліва, хоць жменьку, хоць прамень

у цемрадзі збіраючы любові…

Хто тое поле мёртвае міне,

падайце голас акрыялы й мне –

і ўзыдзе слова, слова, слова.

Слова…

16.05.2018

 

 

Сустрэча

У сутонні мярэжлівым ценем

страпянецца галінка ў вакне.

А ў спляценнях – зіхценне, зіхценне:

Нехта просіцца ў дом да мяне.

 

Нехта цёплы, даверлівы, ясны,

ціхі-ціхі, як шэпты лісця.

Можа, золак, сцямнелы дачасна?

Ці зблукалая радасць жыцця?

 

Але як мне вярнуць таму золку

расплясканую ўпырск яснату?

Смутна звялі гаючыя зёлкі,

пакуль Нехта абвесціўся тут.

 

Сціхла мятлушка на падваконні,

сцяўшы крылцы ў самотны замок.

А з накрэсленых ценяў сутоння

Нехта просіцца жальна дамоў.

 

Схамянуся ў паўсонным зіхценні,

чужаніца й шчымліва свая:

сумны Нехта, заблуджаны ў ценях, –

гэта я? Гэта – я? Гэта – я.

30.05.2018

 


Апублікавана

у