Людміла Хейдарава (№122)

Анкета “Дзеяслова”

  1. Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?

Несумненна, нейкае пакліканне да літаратурнай творчасці існуе, але адкуль яно ідзе, цяжка вызначыць. Я мела аду­кацыю ў галіне прыкладной матэматыкі. Вядучы канструктар, выдатны заробак, навуковыя працы, аўтарытэт. Днём на працы, а паначы занатоўвала вершы, якія пераследавалі мяне, не даючы заснуць, адкуль тое бралася? Я зусім не думала пра літаратуру і да сваіх вершаў ставілася… ніяк не ставілася. Прыйшлі, дык прыйшлі. Не выганяць жа!

Дзякуючы маме, якая пасля вайны выкладала рускую мову ў Сібіры, а таксама тату, які нарадзіўся і вырас у Сібіры, у мяне была добрая руская мова, хаця дома мама, ураджэнка нашых мясцін, часта што-небудзь казала, апавядала па-беларуску. Гэта заўсёды – менавіта заўсёды! – гучала выразна, ярка, цікава, вобразна, трапна, так, што запаміналася адразу. Неяк на працы мяне ўзнагародзілі падпіскай на часопіс “Юность” і, зразумела, што аднойчы я адправіла туды нешта з маіх начных паэтычных набыткаў. Не мінула і два тыдні, як атрымала ліст ад Андрэя Дзяменцьева. Ліст мяне здзівіў тым, што да мяне сур’ёзна ставіліся, як да паэта. Прафесійныя парады, далікатнасць, добразычлівасць, нават некаторая зацікаўленасць падштурхоўвалі мяне стварыць нешта адметнае. Але я не паспела. Мама часта пыталася ў мяне, ці я аддаю куды-небудзь свае вершы. Якраз на тую пару, едучы ў адпачынак да мамы, я кінула ў канверт некалькі сваіх беларускіх вершаў на адрас часопіса “Маладосць”. Адказ за подпісам Петруся Макаля прыйшоў амаль што імгненна. Мяне выклікалі ў рэдакцыю. Дзякуючы гэтаму выбітнаму паэту, якога ў свой час параўноўвалі з Гётэ, я атрымала некаторую адукацыю ў галіне сусветнай і сучаснай беларускай літаратуры. Палова ягонай бібліятэкі перабывала ў маёй кватэры. Першая нізка маіх вершаў у часопісе “Маладосць” адразу была адзначаная прэміяй за лепшую паэтычную публікацыю 1980 года. Я пачала рыхтаваць сваю першую кнігу “Адведзіны рамонкавай паляны”, за якую пасля выхаду з друку ў 1985 годзе мяне далучылі да Саюза пісьменнікаў Беларусі і амаль адразу да СП СССР.

А цяпер пасмейцеся з мяне. Калі Пят­русь Макаль пасля вынікаў галасавання падвёў мяне да высокага мужчыны з уважлівым добрым паглядам і прадставіў: “Людміла, пазнаёмся! Максім Танк”, – я ледзьве не страціла прытомнасць. Нават палумачыць не магу, чаму я лічыла нашага сучаснага паэта равеснікам дзе­кабрыстаў? І, зразумела, што ніяк не спадзявалася паціснуць пры жыцці працягнутую да мяне руку Максіма Танка. Але рука была цёплай, а погляд лагодным.

 

  1. У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

Звычка працаваць ноччу, набытая ў юнацтве, так і засталася ў мяне. Выдатны час! Самы лепшы, прыдатны што да творчасці, што да малітвы, што да медытацыі. Усе дзённыя справы завершаныя. Нішто і ніхто не замінае. Неба выкрывае сваю зорную сутнасць, спараджаючы ў адказ давер і прагу палёту. Забываюся і некуды знікаю да світання… Чытаю ранкам напісанае і дзіўлюся – трэба ж! – здаецца, і не думала пра тое, што склалася ў радкі. Радуюся, калі годныя, лічу іх дасланымі звыш. Калі ж не знаходжу вартымі, смяюся з сябе – гэта ўжо дакладна я напісала! – і з лёгкім сэрцам кідаю ў сметніцу. Раней хапала дзве-тры ночы, каб аднавіцца, зараз даводзіцца даўжэй збірацць моц на маю ўсяночную. Дарэчы, стан, калі цалкам аддаеш сябе творчасці, асабліва паэзіі, лічу малітоўным. А пішу, як патрапіць, дзе патрапіць і чым патрапіць. Неяк я размаўляла з Сінгхам, духоўнай асобай, ацаляльнікам з Манголіі, які прыязджаў да нас лекаваць людзей. Разумны, жвавы, уважлівы, засяроджаны, цікаўны, заўсёды ў тонусе. Міжволі запыталася, як ён падтрымлівае сябе ў такім стане пасля штодзённай шматгадзіннай працы? Нейкі трэнінг, духоўныя практыкі? Ці часам спажывае алкаголь? Сінгх шчыра здзівіўся: “Алкаголь? Навошта алкаголь, калі ёсць жанчыны!” Зайздросны адказ. Таксама не маю штучных творчых стымулятараў. Проста я каваманка не­залежна ад творчага працэсу. Але я маю пяць зборнікаў паэзіі. І ў кожным з іх ёсць вершы пра каханне адпаведнага часу. Мяркую, што адзіна гэтае жыццядайнае пачуцце і выклікала да жыцця мае зборнікі… А наконт натхнення не маю пэўнай думкі. Хутчэй, што гэта не стан, а іскра, якая запальвае нейкі адпаведны кнот у чалавеку. Такое можа раптоўна здарыцца ў метро, на прыродзе, у рэстаране, у ложку, дзе заўгодна і калі заўгодна – без папярэджання, без якой прывязкі да рэчаіснасці – і тут галоўнае, каб была магчымасць занатаваць тое полымя.

 

 

  1. Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

Праца патрабуе працы. Над сабой і над творам. Гэта і ёсць цяжкасць. Праца сама па сабе заўсёды напруга ў дасягненні, адольванні чаго-небудзь. І напісанне твора тут не выключэнне. Дадам, што без унутранай свабоды і самадысцыпліны вынікаў творчай працы можна і не дачакацца.

Слова – нашае ўсё. І не толькі ў літаратуры. І не толькі ў якасці матрыцы нашага свету, але і ў якасці матрыцы ўсяго, што мянуе сабой. Да прыкладу, возьмем нашае знакамітае (а, можа стацца, выклятае) слова “хлопец”. І Уладзімір Даль у сваім “Толковом словаре” арт. (ХЛОПЕЦЪ м, (хлапъ, холопъ)), і наш Уладзімір Юрэвіч выводзілі яго ад слова “халоп”– так у старажытнай Русі менавалі раба, імя якога не мела сэнсу ведаць, бо для таго, каб паклікаць, дастаткова было проста пляснуць (хлопнуць) у ладкі. “Сына халопа называлі халапцом, халапуком (адсюль і беларускае хлопец)”. Хто яго ведае, можа быць, тое і маем. Ды тут і матрыцай можна не азадачвацца. Вядомая прыказка па­тлумачыць: “Назавіце чалавека сто разоў свіннёй, ён і зарохкае”. Вось яна фраза, што ў граматычным, што ў фанетычным значэнні – трапнае, часам вобразнае, мастацкае ўвасабленне слова! Што тычыцца рытму, дык без яго не ўяўляю твора – ані ў мастацкай прозе, ані ў паэзіі. У адным з вучэнняў ёгі гаворыцца, што ў міфалагічным Залатым веку ўсе людзі будуць прамаўляць вершамі, паколькі гэта самы прыгожы, дасціпны, гарманічны сродак зносінаў. Сёння дык неяк і ўявіць смешна. Але зважаючы на тое, колькі зараз людзей пішуць вершы, можна падумаць, што ідзе актыўная падрыхтоўка. Будзем пачакаць.

 

  1. Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

У рэалізацыі творчых задумак спрыяе адно праца, адказнасць, здаровыя творчыя амбіцыі. Што і хто перашкаджае, мы ўсе добра ведаем. І, вядома, я радуюся добрым водгукам на мае творы. Давер, запатрабаванасць у чытачоў і сяброў заўсёды падштурхоўвае, набліжае да новых твораў. З рэдактарамі крыху складаней. Але мне пашанцавала. Адразу прыгадваю выпадак з маім вершам “Песні маленства”, які, працуючы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, рэдактар маіх першых зборнікаў паэзіі Леанід Дранько-Майсюк катэгарычна параіў зняць як няварты з рукапісу майго зборніка паэзіі “Тваё святло”. Спрачацца і затрымліваць выданне не хацелася, таму я проста ўключыла гэты верш у мой наступны зборнік “Купанне ў росах”. Не перадаць майго здзіўлення, калі я прачытала ягоную заўвагу на лісце з гэтым вершам. Леанід чырвоным колерам з клічнікамі напісаў, што гэта лепшы верш кнігі! З таго выпадку я канчаткова супакоілася наконт стаўлення да сваёй творчасці. Магчыма, што гэта быў самы важны ўрок, які я атрымала на тую пару. Паэзія ва ўсіх адносінах суб’ектыўная, бо патрабуе часам адпаведнага стану душы нават у прафесіяналаў высокага кшталту. І няхай часам бачацца нейкія моманты, якія можна паправіць, пад­няць, але і не хочацца. Што пражыта, тое пражыта. Паэты вырастаюць са сваіх вершаў у сябе будучых.

 

  1. Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?

Наўрад ці я адмовілася б ад моўленага ў маіх кнігах. Але, як кажуць, не без граху. Адзін радок не толькі насцярожвае, але і выклікае цяпер здаровы сумніў: “З трох бярозак адна адгукнулася: “Белая Русь!” Што паробіш, выхаваныя…

Тры гады таму пачала трывожыць думка, што зацягнула я працу над раманам “Князёўна Дарута, або Чалавечая кроў ліпучая”. Дзеянне рамана прыпала на сярэдзіну 17-га стагоддзя падчас Невядомай вайны, або Крывавага патопу, як яшчэ мянуюць гэтую страшэзную падзею на нашай зямлі. Перашкаджала адказнасць і жаданне ўжыцца і перадаць найбольш дасканала і адпаведна часу атмасферу, у якой дзейнічаюць мае героі, ва ўсім, што тычыцца побыту, гістарычных асоб, тагачаснай зброі, кніг па ваенным мастацтве, мясцінаў, дзе адбываліся падзеі. Сеціва было яшчэ зусім бедным. Тагачаснай даведачнай літаратуры не хапала, каб зарыентавацца ў маіх памкненнях. Дапамагалі паданні родных мясцінаў, якія назбіраліся ў мяне. Да таго ж я мела на мэце нагадаць у жанры рамана пра той пагібельны час, але ў прыгодніцкай, займальнай форме, каб чытач не мог адарвацца ад яго з першага сказу па дарозе на працу, у мет­ро, падчас адпачынку, таму імкнулася зрабіць кнігу кішэннага фармату. Задач было паўстаўлена безліч. Думаю, што атрымалася, бо кніга адзначаная “Залатым апострафам” майго ўлюбёнага часопіса “Дзеяслоў”. Гэтак радавалася я толькі свайму першаму зборніку вершаў. Па­куль што не атрымалася пачаць пісаць працяг “Князёўны…”, як ахрысцілі маю кнігу сябры. Але нешта ўжо выбудоўваецца. Не магу нічога казаць наперад. Ведае той, хто нада мной. Дарэчы, я чула, што нечым нагадваю Даруту з “Кнёзёўны…”. Гэта мяне здзівіла. Не хочацца, каб давялося перажыць наноў тое, што адбывалася тады на нашай зямлі – ні мне, нікому, нідзе. А ў паэзіі лірычную гераіню часам пісала з сябе або атаясамлівала з сабой. Перажытае заўсёды са мной. Навошта яго паўтараць? Пакуль гэтае жыццё не скончанае, варта выкарыстоўваць астатні час, каб набірацца новага вопыту. Па сіле. Годнага.

 

  1. Ці ведзяце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пі­шацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?

Аднойчы мама знайшла мой дзённік, схаваны пад дыванком. Я тады толькі паступіла на матэматычны факультэт БДУ. Запіс у дзённіку сведчыў пра сустрэчу з былым дзесяцікласнікам, які некалі на навагоднім ранішніку згінаўся напалову свайго росту, каб навучыць дарослым танцам смаркатую пяціклашку. Наконт саплівай пяціклашкі, думаю, што няма пытанняў. Потым, недзе працуючы, ён час ад часу дасылаў мне свае вершы пра невыноснае каханне да той дзяўчынкі. Мама зразумела галоўнае: студэнку самай прэстыжнай ВНУ краіны можна адным пацалункам, памянёным у дзённіку, збіць з належнага шляху, калі пяць гадоў рыхтавацца да гэтага. Са мной пагаварылі “за розум”. Розум выказаўся за розум. Каханне прамаўчала. Не тое не даспела, не тое думала, што паспее адпомсціць. Я спаліла дзённік і болей не заводзіла ні дзённікаў, ні кавалераў. Дзённікаў ніколі. Кавалераў роўна адзін год, бо на наступны год навучання ў прэстыжнай ВНУ было прызначанае вяселле з вельмі разумным і дасціпным студэнтам. Калі здавала навуковы камунізм, выкладчыца нават папікнула, што мой муж, у адрозненне ад мяне, меў цвёрдыя веды па гэтай навуцы. Бог з ім, гэтым вандроўным прывідам камунізму! Не да ночы згадка!

З мамінай ласкі адсутнасць дзённікаў паспрыяла таму, што ўключылася нейкае 3D успрыманне рэчаіснасці, разам з гукамі, малюнкамі, якое можна перагледзець, як кіно. Якраз такім чынам склалася мая кніга жыццёвых апавяданняў “Дарт”. Зараз завяршаю працу над серыяй новых жыццёвых апавяданняў і ўспамінаў. Мой 3D, дзякуючы мамінай праніклівасці, працуе і застаецца запатрабаваным.

А вось жахлівае “Ні дня без радка” – не пра мяне. Праца без натуральнай іскры, без таго, што інакш немагчыма жыць… Можа стацца, гэткі фітнес з радкамі дапамагае трымаць нейкую творчую мускулатуру ў тонусе. Не спрачаюся. Але ў мяне інакшы прынцып – ні дня без Любові. Інакш усё робіцца нішчымным, нікчэмным, непатрэбным. Лянота? Ды мы ўсе лянівыя! Вось толькі калі жывеш з Любою ў сэрцы, калі жыццё спрабуеш на нюх, на смак, на трываласць, на крылы… – цікава жыць. Інакш навошта сюджы прыхо­дзіць? Але, напэўна, я не дужа ладжу з часам: то не хапае яго на творчасць, то на дом, то на сяброў, то на сябе, на басейн, на здароўе… Вось тут асечка. Ляжыш з заезджым грыпам і разумееш, што няма горшага ворага, як сам сабе. І ўстаеш… Да пліты. Да мальберта. Да “Мушкецёраў”. Да сяброў. Да жыцця. Да творчасці… Да паштовай скрыні са 121-м нумарам “Дзеяслова”.

 

  1. Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

У пару маёй матэматычнай дзейнасці адзін з маіх начальнікаў агледзеў наш калектыў і раптам з горыччу прамовіў: “Напэўна, што састарэў! Усе маладыя дзяўчаты здаюцца прыгожымі!..” Нешта падобнае сталася і са мной. Чытаю ў “Дзеяслове” маладых і дзівуюся – усе цікавыя. Праўда, чытаю не ўсё запар. Як усіх дяўчат не перакахаць, так і ўсіх маладых не перачытаць. Таму не бяруся рабіць нейкія высновы, апроч таго, што школа маладога пісьменніка працуе! Ну а сталыя пісьменнікі на тое і сталыя, каб не пісаць абы чаго. Чытаю з даверам да ўлюбёнага “Дзеяслова”. Чытаю сяброў, чытаю тых, каго рэкамендуюць сябры, тых, да каго хаджу на прэзентацыю ці юбілей. Чытаю яшчэ тых, хто просіць пачытаць, або дасылае прыватным чынам. Але скажу шчыра: тэлеглядач ува мне даўно загінуў, а чытач хапаецца за галаву, бо, здаецца, што зараз пішуць усе і, трэба прызнацца, даволі прыстойна. Безумоўна, не прапускаю псіхалагічна вывераных апавяданняў Уладзіміра Сцяпана, якія базуюцца на рэальных героях і падзеях. Не тое, каб добрым словам якім, а проста добрай душой малюе ўсіх запар. Трэба шмат перажыць, каб так ра­зумець людзей. Трэба быць сапраўдным пісьменнікам, каб так перадаць тое, што зразумеў. Яшчэ насалоджваюся давыд-гарадоцкімі гаворкамі ў апавяданнях Леа­ніда Дранько-Майсюка, вызначанымі як “дыялект лебядзіны гарынскай вады”. Прыкіпела да “Шчонаўскіх абразкоў” Алы Петрушкевіч. Трымаць у памяці, каб проста, дасціпна, без розных відавочных мастацкіх прыёмаў, з павагай і непадробным унутраным спрыяннем апавядаць пра тых, з кім пачыналася і доўжылася пэўны час уласнае жыццё – дарагі падарунак не толькі сваёй малой радзіме, але і ўсім нам. Ніколі не пакідала і не пакідае захапленне паэзіяй Уладзіміра Някляева, Фелікса Баторына. Застаецца цікавым Сяргей Законнікаў. Не прамінула пазнаёміцца з новымі вершамі Васіля Жуковіча. Люблю паэтычнае шчыраванне ў арганічных, гарманічных наватворах Антаніны Хатэнкі… Радуюся вышыні, якую набрала паэзія Усевалада Сцебуракі… Падкупляе даверлівая шчырасць вершаў Анатоля Івашчанкі… У гэтым годзе адкрыла для сябе псіхалагічную, з элементамі містыкі, прозу Людмілы Андзілеўкі, паэзію Ванды Марцінш душ Рэйш. Яе зборнік вершаў “Мора мары” перачытала двойчы – прыцягвае багатай мовай і часам зусім нечаканымі вобразамі, сюжэтнымі хадамі. Няўдзячная справа распавядаць пра пісьменнікаў у такім фармаце. Канечне, не можа не кранаць бальшынёй сваіх вершаў Наста Кудасава… Андрэй Хадановіч шчыруе на ніве класічнага верша. Яго аднаго хапіла б на ўсю Еўропу… Але… Няхай вяртаюцца… Жывымі. Здаровымі. Вось тут… не хочац­ца болей гаварыць. Ведаеце, як шчыра, ды каго б я зараз ні згадала, гэта ўсё адно будзе не справядліва ў адносінах да астатніх. У нас багатая літаратура, яшчэ нават толкам не ўспрынятая, не асэнсаваная ні чытачамі, ні нашымі крытыкамі, ні замежнымі. А вось з замежнай літаратуры чытаю практычна толькі духоўную. Да прыкладу, тым, хто цікавіцца, магу рэкамендаваць аўтабіяграфію Парамахансы Ёгананды. Вялікая кніга! Велічная кніга! Без спецыфічнай тэрміналогіі, у займальнай форме неверагодная гіс­торыя жыцця, сведчанняў і досведаў ёгіна, які змяніў свядомасць мільёнаў. Безліч адказаў на пытанні, якія вякамі заставаліся таямніцай для непасвячоных. Пасля робіцца не толькі лягчэй жыць, але і болей даверу гэтаму свету, на якім мы не пакінутыя.

З маім 3D уяўленнем не маю патрэбы перачытваць кнігі, хіба што асобныя кавалкі, нечым значныя для мяне. Часам нешта яшчэ шукаю ў творах Алеся Разанава. Не зажывае памяць… Да духоўнай літаратуры свету звяртаюся наноў тады, калі наспелі чарговыя пытанні, на якія шукаю адказу. Ва ўсім астатнім – карты, даведнікі, энцыклапедыя, дакументы, летапісы…

Ай, здаецца, схлусіла! Часам звяртаюся да паэтычнай класікі свету і казак народаў свету. Там шмат станоўчай энергіі, якой цяпер бракуе і ў жыцці, і ў СМІ, і ў мастацкай літаратуры.

 

  1. Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

Нашай літаратуры не стае адзіна ўласнай мовы народа ў народзе. Ды і ўсім нам катастрафічна не хапае гэтага.. Мова народа – код годнасці, славы, бяспекі, багацця, росквіту краіны і жыцця кожнага ў ёй. Мова народа – стрыжань нашай еднасці, пераемнасці і непераможнасці. Вялікую сілу, вялікі дух, вялікую патэнцыю мае народ, які пад непамерным гнётам суседскіх амбіцый на адным глытку волі выжываў, адраджаўся і набіраўся моцы.

Дарагія наступнікі, што спрабуюць сябе ў літаратуры! Вы – ёсць. І вы ёсць часткай нашага народа. Верце ў сябе. Верце ў наш народ. Верце ў тое, чаго шчыра жадаеце. Будзьце непахіснымі ў веры вашай і нястомнымі ў вашай працы, каб вашыя жаданні спраўдзіліся. Прыйдзе час, і мы пакінем літаратуру на ваш зямны клопат. Набірайцеся моцы. Вы заспелі спрыяльныя ўмовы для развіцця сваіх талентаў. Але, як вы ўжо зразумелі, на гэтым свеце ўсё няўстойлівае, плыткае. Жывіце шчасліва. Заставайцеся вернымі Слову.

 


Апублікавана

у