Смех начнога пана
Апавяданне з нізкі “Сямейныя хронікі”
Вуліца была застаўленая матацыкламі, роварамі, коньмі ды аўтамабілямі. Канец чаргі спускаўся з узгорачка да сядзібы святара Маська, а пачатак упіраўся ў падвор’е Бенядзя Піліпчука. Пад крыкі пеўняў над Тураўцом заходзіла сонца. Жавала жвачку худоба, і скрыпелі калодзежныя калаўроты.
– Ты чаго прыйшла? – спытаў Бенядзь і заварушыў вялізнымі валасатымі рукамі.
Нязграбны, здаровы, ён глядзеў на маладзіцу, якая сядзела на лаве. Яе спатнелыя рукі нервова мялі саламяны кошык.
– Я, дзядзька, не магу нарадзіць.
Жанчына была падобная да налітай сокам слівы. Ад хвалявання ейныя грудзі напружыліся, а твар заліў здаровы румянак.
– Мужыка маеш?
– Маю, – сарамліва апусціла вочы.
Бенядзь паглядзеў на жанчыну, і яна адчула, што ён бачыць яе наскрозь.
– Ты можаш нарадзіць шмат дзяцей, але не ад свайго мужа. А яму не дапамогуць ні трава, ні малітвы. Бясплодны і посны ён, як пясчанае поле. Знайдзі сабе іншага.
Жанчына пачырванела, нібы півоня, і пачала даставаць з кошыка круг сыру і вэнджанае сала.
– Нічога не давай, – груба спыніў яе Бенядзь. – Ідзі адсюль.
Жанчына спалохана кінулася да дзвярэй, Бенядзь пачуў, як скрыпнулі за ёю дзверы сенцаў, і ў хату зайшоў высокі маладзён з радзімкаю на шчацэ.
– Што ў цябе?
Маладзён сабраўся з думкамі і адразу загаварыў:
– Я сохну за дзяўчынай, якая не звяртае на мяне ўвагі. Яна смяецца з мяне і кажа абразлівыя словы, а я не магу яе забыць.
– Але ж у цябе, мабыць, ёсць іншая дзеўка? – спытаў Бенядзь. – Такія, як ты, падабаюцца жанчынам.
– Да мяне прычапілася адна дзяўчына, і я не магу ад яе адчапіцца. Яна бегае за мною, а я бегаю за другою. Гэта нейкае пракляцце, – апусціў галаву хлопец.
– Прыйдзеш дадому, знойдзеш пару склешчаных жаб, выдзеўбеш у бураку дзірку і запіхнеш туды гэтых жаб, каб яны не вылезлі. Кінеш бурака з жабамі ў мурашнік і ўцякай без аглядкі. За тваёю спінай пачнуць страшна крычаць дэманы, але не азірайся, бо станеш іхнім служкам. Праз тры дні прыйдзеш і забярэш у мурашніку бурака. Сярод жабіных костачак знойдзеш відэлачак і кручочак. Калі будзеш размаўляць з дзяўчынаю, якая табе падабаецца, незаўважна зачапі яе касцяным кручочкам і пацягні да сябе. Тады яна будзе твая. А тую, якая за табою бегае, адштурхнеш відэлачкам, і яна адразу цябе забудзе.
Маладзён паставіў каля Бенядзя кашэль.
– Гэта я вам прынёс кашэль рыбы.
Рыба была прыкрытая лістамі конскага шчавелю. Ён выйшаў, а за дзвярыма пачулася штурхатня і сярдзіты жаночы крык:
– Мяне не цікавіць, якое ў яго званне, я ў званнях не разбіраюся. Хай зойме, як і ўсе, чаргу.
– Што там такое? – выйшаў на крык Бенядзь і ўбачыў у двары генерала з дзяўчынаю, які хацеў зайсці ў хату, а жанчына яго не пускала.
– Генерал прыляцеў з Кіева да Скамарох вайсковым самалётам, – намагаўся ўгаманіць жанчыну чарнявы лейтэнант з вусікамі.
– Ён прыляцеў, а я прыехала, – выгукнула абураная жанчына. – Тут усе аднекуль прыехалі. Я з Равы-Рускай, а вунь жанчына з Дуклі, – паказала рукою.
– Нам вельмі трэба, – настойваў лейтэнант.
– Ты хто? – спытаў Бенядзь лейтэнанта.
Ад ягонае бесцырымоннасці лейтэнант аж прысеў.
– Я ад’ютант генерала Круцівуса.
– Генерала бачу, а кручаных вусоў не бачу, – буркнуў Бенядзь.
– У мяне тысячы падначаленых! – выгукнуў генерал.
– Тут не казарма, – абарваў яго Бенядзь.
Ад абурэння генерала перасмыкнула, і ён ледзь стрымліваў сябе, каб не закрычаць і не затупаць нагамі.
– Ён нікога не баіцца, – прашаптаў ад’ютант на вуха генералу. Ад такой непавагі да ягонага звання генерала трэсла.
– Ты што, сапраўды нікога не баішся?!
– А каго мне баяцца? – насмешліва абазваўся Бенядзь.
– Турмы, смерці, мяне…
– Мяне ўжо адзін палохаў, – пахмурна прамовіў Бенядзь і нязрушна паглядзеў на вайскоўцаў.
– Хто? Генерал?!
– Асоба са значна вышэйшым чынам.
Генерала разабрала цікавасць.
– І што?
– Уцёк прэч…
Бенядзь не любіў згадваць, як тое здарылася. Вярнуўшыся ў Туравец з Пецярбургу, дзе служыў траўнікам пры царскім двары, пасля таго, як Мікалай ІІ адрокся ад прастолу, Бенядзь прывёз з сабою кнігі Парацэльса, Месмера, Засімы Містыка, Марцэліуса Эмпірыка і графа Дыгбі.
Адну кнігу ён чытаў начамі пры свечцы ў бязлюднай хаце. Чым даўжэй ён яе чытаў, тым больш яго штосьці палохала. У вокны й дзверы нешта шкрабалася, выла, шархацелі крыллем нябачныя істоты, клацалі зубамі, штосьці сапло і чмыхала. А калі дачытаў кнігу, дык узяў чырвонага пеўня і пайшоў у дубовы лес, дзе сыходзіліся тры дарогі.
Апоўначы загуло, завыў вецер і затарахцелі на дарозе колы. Каля Бенядзя спынілася карэта, запрэжаная чатырма коньмі. Карэта была з пазалотаю і ліхтарамі, а на конях паблісквала дарагая збруя. У карэце сядзеў пан у капелюшы са стравусіным пяром.
– Падыйдзі сюды, – паклікаў пан і прыадчыніў дзверцы.
Незнаёмец быў нявызначальных гадоў, з бародкаю і доўгімі прусаковымі вусамі. Ён падняў ліхтар і разглядаў Бенядзя, які трымаў пад крысом пеўня і пагладжваў яго рукою.
– Я дам табе такія веды, што ты станеш найвядомейшым чалавекам на ўсёй Валыні ад Тура да Тураўца. І будуць ехаць да цябе людзі з усяго свету, але ты не будзеш мець жонкі і дзяцей. Калі даеш на гэта згоду, то падыдзі да мяне, разрэж безыменны палец левай рукі і распішыся крывёю ў маёй кнізе.
Бенядзь падышоў да карэты, надкусіў палец, пан працягнуў абшытую скурай кнігу з пяром, і Бенядзь распісаўся.
– Але я хачу прапанаваць табе штосьці большае, чым знахарства, – усміхнуўся пан, выстаўляючы з карэты нагу ў бліскучым боце. – Я магу зрабіць цябе дужа багатым чалавекам. Скажы, што хочаш: грошай, улады, славы, найпрыгожых жанчын?
– А што вы за гэта хочаце?
– Ох, Бенядзікце, – уздыхнуў незнаёмец. – Дай слова, што пасля смерці твая душа дастанецца мне. Навошта яна табе пасля смерці?
Бенядзь успыхнуў ад гневу, кінуў у пана чырвонага пеўня, і тады штосьці завыла, затрашчалі дрэвы, карэта развалілася, з яе выскачыў аброслы поўсцю чалавек і кінуўся на Бенядзя, які жагнаўся і чытаў малітвы. Коні сталі вялізнымі пацукамі і з віскам пабеглі лесам, а ўслед за імі адурэла пабег валасаты чалавек. Раптам усчалася бура, дрэвы гнуліся, выварочваліся з коранем, падалі. Ураган зрываў лісце і птушыныя гнёзды, кружыў віхор, у якім штосьці лямантавала і лаялася.
Бенядзь вынырнуў са сваіх успамінаў і паглядзеў на генерала. Той замоўк і адчуў, як ягоная сіла і ўплыў знікаюць на падворку гэтага знахара, да якога яму параіў звярнуцца кіеўскі прафесар, калі ўсе лекары сталі бяссільнымі перад хваробаю дачкі.
– У генерала хворая дачка, – прамовіў ад’ютант. – Ад яе адмовіліся лекары. Прабачце, калі раптам вас абразілі.
– Заставайцеся ў двары, а яна няхай зойдзе ў хату, – прапусціў Бенядзь дзяўчыну ў прачыненыя дзверы.
Яна ўвайшла ў хату і села на ўслончык, а насупраць яе сеў Бенядзь.
– Як цябе зваць?
– Аксана.
Ён паглядзеў на змарнелую дзяўчыну. Яна была пацямнелая і схуднелая, як згарэлая запалка, але вочы мела вялікія і выразныя.
– Што з табою? – спытаў Бенядзь і ўзяў у руку яе худую бяскроўную далоньку.
– Не ведаю, – адказала яна.
Бенядзь зазірнуў у вочы дзяўчыне і ўбачыў тое, што падточвала ейнае здароўе і прыгажосць.
– Табе давядзецца застацца ў мяне, – сказаў ёй. – Ідзі і развітайся з бацькам.
Вывеў яе ў двор і падышоў да генерала.
– Дзяўчыну пакіньце ў мяне. Праз месяц прыедзеце.
Генерал адвёў дачку да дрывотні, штосьці сказаў, дастаў з гаманца грошы, працягнуў ёй, а ад’ютант прынёс ейную сумку з рэчамі. Двое вайскоўцаў выйшлі з падворку, селі ў запылены джып і паехалі да Скамарохаў, дзе іх чакаў вайсковы самалёт.
З таго дня Аксана пачала жыць у Бенядзя. Ён прымушаў яе раніцай хадзіць босай па расе, струшваў на голае цела кроплі дажджавой вады з бярозак на Лапанцы. Браў на Рудой гразь і жалезную руду, падобную да перапяліных яек, напаўняў бочку, садзіў у яе голую дзяўчыну і лячыў. Яна піла адвараныя і напараныя ім травы, кухарыла і дапамагала па гаспадарцы. Да Бенядзя з’язджаліся людзі з навакольных і аддаленых гарадоў, мястэчак і вёсак. Ён прымаў іх увесь дзень, акрамя святаў і нядзелі, калі ішоў у царкву і браў з сабою Аксану.
Адзін раз ён пачуў, як у бабінцы хтосьці спытаў:
– А што гэта за дзяўчына з Бенядзем?
– Гэта ж ён яе лечыць.
– Такая прыгожая.
Бенядзь здзіўлена азірнуўся і ўпершыню ўбачыў, што Аксана налілася сокам і да яе вярнулася прыгажосць. Яна спявала разам з усімі псалмы і ейныя вялікія вочы вільготна блішчэлі.
– Госпадзе, як добра, – шаптала яна.
А калі выходзілі з царквы, Бенядзь, думаючы пра штосьці сваё, прамовіў:
– Я не бачыў прыгажэйшай за цябе жанчыны.
Усю дарогу ад царквы да хаты Аксана ажно свяцілася ад радасці. У гэты дзень да яе вярнулася жыццё.
Увечары яна дастала з сумачкі каляндарык і з сумам заўважыла, што заўтра па яе прыедзе бацька. Яна не магла зразумець, што з ёю адбываецца, яе агарнула дзіўнае трымценне, а калі дастала з печы і паставіла на стол смажанае мяса з грыбамі і пачала з Бенядзем вячэраць, зразумела, што закахалася ў гэтага адзінокага мужчыну.
Бенядзь паводзіў сябе таксама дзіўна. Ён паглядваў на яе, чырванеў, пачынаў нешта казаць, але губляў словы, замоўк і цяжка падпёр галаву рукою.
Аксана паднялася з-за стала і адчула, як вабіць яе гэты дзіўны і зачарсцвелы ў сваёй адзіноце і схіме чалавек. Неўразумела, як і чаму прытулілася да яго, запусціла рукі ў ягонае густое валоссе, а ён цяжка задыхаў, пачырванеў, падхапіў яе на рукі і панёс у свой паточаны шашалем драўляны ложак.
Іхнія рукі былі халоднымі, і калі вызваліліся ад адзення, ён прыпаў да ейнага лона й адчуў, як падхоплівае яго ўраган, падобны да таго, што перажыў, калі сустрэў у дубовым лесе начнога пана. Яны не спалі ўсю ноч, бо не маглі спыніць любоўны шал, які захапіў іх і не даваў апамятацца. А калі пад ранак яны супакоіліся ў абдымках адно аднаго, Аксана прашаптала:
– Я хачу застацца з табою.
– Колькі табе гадоў? – спытаў ён і адчуў, як у ягонае сэрца ўпаўзае едкі сум, які заўсёды агортваў яго перад развітаннем з блізкім чалавекам.
– Дваццаць сем.
– А мне пяцьдзясят чатыры.
– Твой узрост не мае ніякога значэння, – усміхнулася яна, і ў прыцемках шчасліва заблішчалі ейныя вочы.
– А што, па-твойму, мае значэнне?
– Тое, што ў гэтую ноч мы перажылі неверагоднае каханне, – прыпухлымі ад пацалункаў вуснамі прамовіла яна.
– Неверагоднае каханне нагадвае язду на матацыкле без тармазоў з павязкаю на вачах, – прашаптаў Бенядзь.
– Ты баішся сваіх пачуццяў?
– Я не магу з табою жыць, – адвярнуўся да сцяны і адчуў, як разрываецца ад роспачы ягонае сэрца.
– Чаму ты не хочаш быць са мною?!
– У мяне свая дарога, – панура прамовіў Бенядзь.
– Дык дазволь мне ісці тваёю дарогай, – прылегла на ягоную грудзіну і зазірнула ў вочы.
– Я даў слова, што ў мяне не будзе жонкі і дзяцей.
– Каму ты яго даў?
– Я не магу таго сказаць.
– Ты даў слова іншай жанчыне?
– Не, гэта быў мужчына.
– Хто ён?
– Я табе не магу сказаць.
– Таемным службам?
– Не.
– А каму?
– Адной уплывовай асобе.
Яна паспрабавала перавесці размову на іншую тэму, каб адцягнуць яго ад навязлівых думак.
– Як табе мае вочы? – гулліва запытала і прыпала да яго.
– У цябе кабачковыя вочы.
– Аліўкавыя, – пяшчотна ўкусіла яго за вуха.
– Кабачковыя, – паўтарыў Бенядзь.
– Ну, калі табе так хочацца, дык іх можна назваць колерам зялёнай гарбаткі.
– Вось бачыш, мы нават не можам сысціся ў поглядах наконт колеру тваіх вачэй, – буркнуў Бенядзь. – А што будзе, калі пачнем жыць разам?
– Знахарства і магія зрабілі з цябе зануду, – пахрустваючы костачкамі, задаволена пацягнулася яна.
– Магія – гэта навука кахання, – выцягнуў з-пад яе сваю руку Бенядзь. – Жанчыны гэта лепш адчуваюць, бо яны бліжэй да кахання, чым мужчыны, якіх больш вабіць дарога. Мужчыны ўсё жыццё адыходзяць ад кахання, захопліваюцца працай ды ідэямі. А жанчынам дарога шкодная. Жанчына вырушвае ў дарогу, каб знайсці мужчыну і свой дом. Мужчына вырушвае ў дарогу, каб знайсці сябе.
– А ты знайшоў сябе? – прашаптала, дакранаючыся грудзьмі да ягонай шчакі.
– Знайшоў.
– У чым?
– У адзіноце.
– У такім выпадку нам няма пра што размаўляць, – сярдзіта паднялася з ложка і пачала апранаць раскіданае адзенне.
Запаліла ў печы, прыгатавала сняданак і больш з ім ні пра што не размаўляла. А калі перад хатай Бенядзя засігналіў аўтамабіль і ў пакой зайшоў генерал, Аксана папрасіла яго пачакаць на вуліцы, пакуль збярэцца.
Сабрала сумку, села насупраць Бенядзя і паглядзела яму ў вочы.
– Дык скажаш што на развітанне?
– Што я магу табе сказаць? – у адчаі прамовіў Бенядзь. – Перад дарогаю памый палыном ногі. Не будуць стамляцца.
– І гэта ўсё?
Ён нічога не адказаў.
– Тады бывай!
Падхапіла сумку, выйшла ў двор, дзе яе чакаў генерал, які намагаўся ўсунуць Бенядзю ў руку грошы, але той не ўзяў.
Вайсковы джып загуў і, набіраючы хуткасць, знік у пыле.
Ад таго прайшло шмат часу, і Бенядзь пачаў супакойвацца. Раны, якія пакінула яму Аксана, ужо загаіліся. Неяк познім вечарам, калі ён чытаў Парацэльса, у дзверы пастукалі. Бенядзь адчыніў. На парозе стаяла захутаная ў хустку жанчына.
– Пасля заходу сонца не прымаю, – сказаў незнаёмцы.
Яна зняла хустку. Перад ім стаяла Аксана.
– Не чакаў? – сумна ўсміхнулася яна.
– Заходзь, – запрасіў у хату. – Адкуль ты ўзялася?..
– Прыйшла са станцыі.
– У такі час? Адна?
– Каханне не любіць сведак, – салодка дыхнула яму ў твар і нейк злосна пасміхнулася. – Дык запросіш мяне сесці?
– Сядай.
– Ты не рады нашай сустрэчы?
– Рады…
– А чаму няма радасці ў тваіх вачах?
– Не ведаю.
– Цябе нешта непакоіць?
– Калі б я ведаў, – выгукнуў з адчаем.
Яму падалося, што перад ім сядзіць чужая жанчына, якую ён ужо дзесьці бачыў, але не мог згадаць дзе. Але яго вярнуў у рэальнасць яе голас:
– А я не магу забыць тую апошнюю ноч, твае ласкі і гарачыя абдымкі, ад якіх я задыхалася.
– Ты параніла маё сэрца, – паглядзеў на маладую, прагную да кахання жанчыну.
Але зноў адчуў, што ў ёй штосьці не так, нібыта Аксану хтосьці злы падмяніў. Яму хацелася ўпасці перад ёй на калені, падхапіць на рукі, заблытацца ў валасах і слухаць, як у напружанай цішыні спаўзае і падае на падлогу яе адзенне. Але штосьці спыняла, адчуў, як дзесьці на дне свядомасці варухнулася страшнае падазрэнне, і ён спытаў, стрымліваючы ў сабе роспачны крык:
– Ты памятаеш у падрабязнасцях нашую апошнюю ноч. А што я сказаў табе, калі мы выходзілі з царквы?
– А што ты мне сказаў?
– Я сказаў: “Я не бачыў прыгажэйшай за цябе жанчыны”, – адказаў Бенядзь. – Я ведаю, хто ты. Мы з табою сустракаліся ў дубовым лесе.
Бенядзь сарваў з шыі срэбны крыжык і працягнуў жанчыне, якая пранізліва закрычала, страціла жаночае аблічча і стала кошкаю. Ён ганяўся за ёю, а яна гойсала па хаце, заскоквала на ложак, мяўкала і кідалася на яго, Бенядзь уголас чытаў малітвы ды заклінанні, і кошка стала кажаном ды ўчапілася кіпцямі яму ў спіну. А калі заспявалі трэція пеўні, кажан разбіў шыбку і вылецеў. За вакном пачуўся толькі страшны смех, які знікаў за рэчкаю ў закінутым Харчуковым садзе.
Пераклад з украінскай Андрэя НАЛІВЫ.