Тры дні на радзіме паэта
Штрыхі да творчага партрэта Алеся Каско
Пралог
Знаёмства нашае адбылося яшчэ ў далёкім 1987 годзе, калі пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры (цяпер універсітэт) мы з братам Анатолем былі накіраваныя ў Брэст: я – загадчыкам клуба брэсцкага мясакамбіната, брат – дырэктарам Дома культуры завода бытавой хіміі. Сустрэліся на літаратурным пасяджэнні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў. Нам з братам было па 25 гадоў, мы ўжо друкаваліся ў часопісе “Маладосць”, тыднёвіку “ЛіМ” і лічылі сябе амаль што геніямі. Вось чаму тады, на першай сустрэчы, калі Алесь Каско пачаў разбіваць нашыя “геніяльныя” вершы ўшчэнт, я хоць і знайшоў у сабе сілы прамаўчаць, але падумаў: “Які жорсткі чалавек!” На хвілю нашыя позіркі перастрэліся. Падалося, што гэта я злавіў яго, сфатаграфаваў, аднак – то ён мяне падлавіў…
Падумалася: “Ён, нібыта рэнтген, бачыць мяне наскрозь”. Нават калі сядзеў і маўчаў, здавалася, што гаварыў пра ўсё поглядам, маўчаннем. Даруй, даражэнькі Алесь, за мае паспешлівыя высновы. Калі мы пазнаёміліся бліжэй і пасябравалі, сталі праводзіць больш часу разам, я зразумеў, што за той вонкавай суровасцю жыве любоў да чалавека, паэзіі, роднай мовы, дабрыня, шчырасць; толькі сапраўдны сябра можа сказаць праўду ў вочы, якой бы жорсткай яна ні была.
Сёлета ў Алеся Канстанцінавіча чарговы юбілей – 65-годдзе. Праўленне абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў даручыла мне напісаць пра юбіляра. Доўга не думаючы, я згадзіўся. Зрэшты, хто лепш ведае Алеся, як не я з братам. Намерыўся пісаць ужо. І сумеўся. А ці так ужо шмат я ведаю пра яго? Нават на яго радзіме ні разу не быў. Тады і ўзнікла ў мяне неадольнае жаданне наведаць родныя мясціны паэта, празаіка, перакладчыка, эсэіста і нарысіста, нязменнага рэдактара, майго сябра Алеся Каско, – пабываць на Ганцаўшчыне, славутай зямлі, якая падаравала Беларусі народных казачнікаў і такіх вядомых творцаў, як Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Віктар Гардзей, Уладзімір Марук, Іван Лагвіновіч, Алесь Кажадуб, Анатоль Трафімчык, была прытулкам і крыніцай натхнення для Якуба Коласа і Аляксандра Сержпутоўскага, Васіля Праскурава і Міколы Купрэева.
Перагаварылі з Алесем Паплаўскім, Сяргеем Амельчуком і дамовіліся: кідаем усе справы, якія, мабыць, ніколі не закончацца, і ў зручны час кіруем у Чудзін, родную вёску Каско. “Едзем, – падтрымлівае нас Алесь. – Незвычайны куток”. Выезд прыкінулі на 12 траўня, на той веснавы час, калі ўсё ў прыродзе поўніцца жыццём і апантана раскашуе ў квецені.
Дзень першы
Дзень, як на заказ, ціхі і сонечны. Сустрэліся на чыгуначным вакзале Брэста. Запакаваліся грунтоўна: у кожнага заплечнік з адзеннем і ежай, у руках фотаапараты. Электрычка Брэст – Баранавічы. Набылі квіткі і селі ў чацвёрты вагон, пасярэдзіне цягніка, у якім дамовіліся сустрэцца з Каско. Алесь падсеў у Жабінцы. “Ледзь паспеў, – задыханы, скардзіцца ён. – Сусед, які падахвоціўся падвезці, спазніўся, давялося бегма бегчы напрасткі, праз парк, стадыён…”
На вакзале ў Баранавічах нас чакаў з машынай Алесеў аднавясковец, паэт-святар Яўген Сергіеня, ён знарок прыехаў з Гомеля. Завіталі спачатку ва ўніверсітэт, выступілі перад студэнтамі. У гэтай параўнальна новай навучальнай установе трэці год вучыцца на філфаку выпускніца Чудзінскай сярэдняй школы Юля Герасіменя. Была адзінаццацікласніцаю, калі Алесь Каско прачытаў яе вершы, накіраваў іх (разам з творамі яшчэ некалькіх юных аўтараў) у абласную газету, суправадзіў цёплаю прадмоваю. Спадзяваўся на рост таленту. Але – дарма. Вось і на сустрэчу ва ўніверсітэце Юля не прыйшла. Як засведчылі выкладчыкі, вершаў больш не піша. І гэта не першая, на жаль, асечка. У сваім цяперашнім горадзе, Жабінцы, дзе кіруе раённым літаб’яднаннем, Алесь літаральна выгадаваў паэтку-ліцэістку, падрыхтаваў і, дзякуючы берасцейскім сябрам, выдаў яе першы зборнічак. Сам У. Някляеў ацаніў яго, праз рэдактара-выдаўца Мікалая Аляксандрава перадаў аўтарцы ўласную кніжку з вельмі прыхільным надпісам. Ды паэтычная гісторыя на тым і скончылася: дзяўчынка, што падавала надзеі, захапілася зусім не літаратураю і зусім не беларускаю моваю… Занялася тым, што выгадней, перспектыўней, што не вымагае ісці насуперак ветру.
Вучні ў яго ёсць і цяпер. Вунь адзін з іх сядзіць побач з ім, за рулём. Не без ягонага ўплыву Яўген Сергіеня ўзяўся за пяро яшчэ ў школьныя гады, не без ягонай дапамогі выдаў ужо некалькі кніжак, не без ягонага, старэйшага сябра, блаславення ўступіў у Саюз беларускіх пісьменнікаў. Сёння ён ужо сталы паэт!
Мінулі Сіняўку і збочылі ў вёску Востраў, якую ў сваіх вершах уславіў рамантычны пясняр ганцавіцкай зямлі Міхась Рудкоўскі.
Наведалі магілу, што знаходзіцца на прыгорку, недалёка ад вёскі. Пастаялі каля зграбнага валуна-помніка з барэльефам паэта (скульптар Аляксей Паўлючук) і ягоным радком: “Не вечны чалавек, яго ж памкненні – вечныя”. Надпіс падказалі скульптару У. Калеснік і А. Каско. Алесь узначальваў на той час абласное аддзяленне і, як ніхто іншы, дбаў пра памяць зямляка. Не толькі з абавязку, а і з глыбокай павагі. “У любові да Палесся, ва ўзнёслай яго паэтызацыі Рудкоўскі знайшоў сябе і не дазволіў стаць поруч з сабою, бадай, нікому з немалога шэрагу палескіх песняроў”, – не першы раз выказвае ўстойлівую думку паэт-чудзінец.
Могілкі сустрэлі нас не жалобай, а звонкім птушыным пошчакам.
Недзе недалёка закувала зязюля. “Ану, скажы, колькі мне яшчэ жыць на гэтым свеце?” Зазюля пракукавала шэсць разоў. Алесь нявесела ўсміхнуўся і раптам стаў цытаваць свой верш “Могліцы”:
Ці мала тут
маіх сяброў паснула.
Стаю адзін,
зусім не абаронены.
– Ку-ку…
Ты пагадай жа мне, зязюля!
Ды: – Ка-а-р!
Ды: – Ка-а-р! –
заплакала варона.
Толькі закончыў чытаць, як у гаі раз і другі пракрычала варона. Калі мы прыехалі, не было і блізка ніякіх варон. І раптам…
– Ух, ты! – выдыхнуў Паплаўскі, – гэта ты, Алесь, яе наклікаў. А можа, гэта душа Міхася нам адазвалася?
“Містыка. І не вер цяпер у прыкметы”, – падумаў я. Усцешыўся, калі добрая прыкмета ўзяла верх: зязюля закувала зноў.
Вырашылі не вяртацца з Вострава на шашу, а напрасткі, няўезджанай дарогаю завітаць у вёску Малыя Круговічы, дзе нарадзіўся і доўгі час жыў паэт і празаік Віктар Гардзей, і ў гонар якога за заслугі перад аднавяскоўцамі, якім прысвяціў не адзін дзясятак сваіх твораў, адна з вуліц названая яго імем – адзінага ў Беларусі пры жыцці. Доўгую маляўнічую вуліцу праехалі з канца ў канец і назад, спрабавалі ўявіць на ёй земляка, аднак не напаткалі аніводнай душы наогул. Сумесна склалі экспромт:
Куды заехаў? Дзе я?
На вуліцы Гардзея.
А дзе мая надзея
яго стрэць, дабрадзея?..
Рыфму з “ліхадзея” на “дабрадзея” памяняў, вядома ж, Алесь Каско. Яны сябруюць з вельмі даўніх часоў: Віктар паспрыяў Алесеваму дэбюту ў друку – у 1968 годзе змясціў у ганцавіцкай раёнцы ягоны школьны верш “Пралескі”.
– Справа не толькі ўва мне, – згадвае былы дэбютант, калі выпраўляемся ў далейшы шлях. – Больш нідзе і ніколі я не сустрэў раёншчыка, які б так падтрымліваў пачаткоўцаў. Уявіце літстаронку “Савецкага Палесся” тых часоў. Уверсе – прыгожымі, кідкімі літарамі: знаёмцеся: член літаратурнага аб’яднання “Рунь”, і яшчэ выразней – імя і прозвішча. Пад “шапкаю” – вялікі, ледзь не на чвэрць газетнай паласы, фотапартрэт аўтара, а далей два-тры ягоныя вершыкі. Зрэшты, з запамінальнымі радкамі, бо гэта Віктар, дзе менш, дзе больш прыкладваў спрактыкаваную руку. З тагачасных пачаткоўцаў засталіся ў літаратуры нямногія, Уладзімір Марук ды я, але ж перспектыва адкрывалася для ўсіх…
– А калі твае вершы з’явіліся ў рэспубліканскім друку? – цікавімся.
– Здаецца, у 1970-м. На маіх студэнцкіх вакацыях у Чудзін прыехаў былы школьны завуч Мікола Купрэеў. Гасцяваў у нас. Што я пішу, ён ужо ведаў з абласнога друку. Папрасіў вершы. Адабраў тры-чатыры і зрабіў прыпіску да іх Міколу Федзюковічу ў “Чырвоную змену”. Неўзабаве яны былі надрукаваныя, дарэчы, разам з вершамі яшчэ аднаго купрэеўскага вучня Анатоля Шушко.
З Гардзеевай вёскі да Чудзіна вёрст дваццаць. Абапал шашы – густыя лясы, у большасці сваёй высачэзныя сосны і яліны – кашлатыя, звонкія, гулкія. Велічны цёмна-зялёны калідор. І раптам справа – шырокая прагаліна, бетонная адгалінаванне да царквы. Карункавае збудаванне сярод лесу. Залаты купал цягнецца ў неба, зліваецца з ім.
Любуемся! Боскія мясціны. Тут крыніцы, валуны, дрэвы ды, пэўна, і самі людзі пазначаны нябёсамі. На дарозе між Будчай і Дзяніскавічамі ў Ізбійскім бары цудатворны камень са слядамі Багародзіцы. З’явіўся нечакана пасля вайны. І пацягнуліся людзі да гэтай незвычайнай мясціны: па адным, сем’ямі, нават цэлымі вёскамі са сваімі праблемамі, клопатамі, хваробамі – па дапамогу і божае дабраславенне.
Яшчэ раз збочваем з асноўнай дарогі перад апошняю павароткаю на Чудзін за два з паловаю кіламетры да вёскі. Мясціна тут таксама памятная і носіць назву Людвікова (Людзвікоў па-тутэйшаму) – ад імя пана Людвіка, якому калісьці, хай сабе і нядоўга, належаў маёнтак Чудзін. Назва захавалася і ў 1920-1930 гадах, калі тут размясціліся кашары Корпуса памежнай аховы Рэчы Паспалітай, паколькі дзяржаўная мяжа праходзіла непадалёку. Ад былога вайсковага гарадка засталіся старадрэвіны, рэшткі падмуркаў, сцены каменнай будыніны, дарэшты разбурыць якую не ўдалося пасля вайны нават сапёрам.
Чудзін з ваколіцамі і цяпер знаходзіцца на межах, толькі адміністрацыйных, – Ганцавіцкага, Клецкага, Салігорскага і Лунінецкага раёнаў, нездарма за Польшчаю галоўным будынкам вёскі была карчма, што стаяла на развілцы дарог ва ўсе чатыры бакі. Вось толькі добрых дарог не было, скрозь – грэблі. Адна з іх – акурат пад коламі нашай машыны, даўно заасфальтаваная. Колішні студэнт Каско не раз мераў яе, ужо пясчаную, але вечна разбітую, пехатою, каб сесці ў бліжэйшай вёсцы Будча на аўтобус.
Апошні адрэзак дарогі прыкоўвае нашыя позіркі. Злева – лугі з палоскай ракі Лань, справа – хмызнякі і бясконцае доўгае балота з журавінным дзяржзаказнікам, што цягнецца ажно да Лунінеччыны. Інтрыгу ўзмацняюць Алесь з Яўгенам Сергіенем. Навакольныя балоты і лясы, кажуць яны, партызанскія (у аднаго бацька, у другога дзед партызанілі). Знаходзілі прытулак у іх не толькі савецкія народныя помснікі (“помснікі”, дарэчы, Алесева слова, замест “мсціўцы”). Яшчэ нямала часу пасля вайны ва ўрочышчы Солаўе, на востраве-грудзе, таўбаваліся бульбашоўцы, раз-пораз выходзілі адтуль дзеля расправы з сельсаветчыкамі. У архіўных дакументах пра пасляваенны бандытызм значацца і яны…
– Не на ноч бы пра гэта распавядаць, – жартуе Сяргей Амяльчук.
Звечарэла, калі дабраліся да Чудзіна і радавога гнязда Каско на другім канцы вёскі. Белая цагляная хата хоць і парудзела, пасівела ад часу, але яшчэ моцна трымаецца, нібыта дрэва каранямі, уросшы падмуркам у зямлю, падмуркам, які гаспадар, Кастусь Рыгоравіч, і сам Алесь, яшчэ падлеткам, старанна ўкладвалі пры яе ўзвядзенні з камянёў старога фарпосту, што да 1939 года размяжоўваў Польшчу і СССР. Саду на ўзараным пляцы ўжо няма, за выключэннем чарэшні ўпрытык з хатаю ды дзвюх ігрушын на ўзмежках. Захаваўся састарэлы, абабіты дошкамі і бляхай калодзеж, які вянчае страла, накіраваная ў неба. Непадалёку ад хаты – шэраг гаспадарчых пабудоў, таксама даўніх, але крытых новым шыферам. Парадак і ў хаце, балазе сюды часта наязджае Алесеў пляменнік, мінчук, штогод летуе тут, а ў ягоную адсутнасць наглядаюць за сядзібаю стрыечны брат Анатоль з жонкаю Любай, што жывуць побач. Тры пакоі і кухня ўражваюць чысцінёй. На відным месцы, насупраць уваходу ў першы пакой, – бацькаў фотапартрэт і графічны партрэт маці, Аксені Васільеўны, удала намаляваны вугалем брэсцкім мастаком Сяргеем Казаком, які шмат гадоў назад гасцяваў тут. Матчын твар ветлы і крыху ўсмешлівы, вочы ледзь-ледзь скіраваны да акна, яны свецяцца ў вечаровых промнях. Як там у Алеся Каско?
Зноў я дома, дома, дома,
і спакой, і цішыня,
і матуля, як мадонна,
ля глыбокага акна…
Падрыхтавалі сабе начлежныя куткі і гуртам пасядзелі за кухонным сталом. Пакуль перакусвалі, Алесь жвава распавядаў, як прыхільна да ягонага чытання кніг і пісання вершаў ставіліся бацькі. У кожны прыезд давалі заседжвацца ў асобным пакоі хоць з рання да цёмначы. Іншы раз бацька прачыняў дзверы і асцярожна пытаўся: “Мо адарвесса ўжэ? Памочнік у масцярской трэба”. Разам абрэзвалі брусы, габлявалі дошкі. Ды неўзабаве бацька забіраў інструменты: “Ат, ідзі сабе! Ты зноў пра вершы думаеш”.
На самым захадзе сонца мы прайшліся невялікім кавалкам вёскі. “І тут ужо ніхто не жыве, і тут…” – сумна канстатаваў Алесь. Павесялеў каля дома-палаца побач з непрыкметнай для вока поштаю: “Трывала асеў хлопец! Кажуць, ён надзея вёскі”. Надзеяй быў і малады бацька з дзіцём на руках па другі бок вуліцы. А яшчэ настрою паддаваў нам бэз. Паўсюль, амаль у кожным двары, літаральна ўзвышаліся шыкоўныя кусты ружовых і белых галінак. Яны квітнелі, наліваліся фарбамі, свяціліся, бы казачныя лямпы, прыгожылі прастору і будзілі згадкі пра маладосць. Падумалася: усё тут яшчэ жывое, сапраўднае…
Дома чыталі вершы і гутарылі пра паэзію. Прагаварылі да позняй ночы. Леглі спаць недзе а першай гадзіне. Мне не спалася. Усю ноч заліваліся салаўі. Выходзіў колькі разоў на двор і слухаў.
Дзень другі
Прачнуўся рана. Дзень браўся пахмурны, але цёплы, парны. Алесь ужо не спаў, сядзеў на ганку і курыў. “Не спіцца нешта, – сказаў, – успомніліся мама, бацька, брат Толя. Хачу схадзіць да іх на могілкі, яны недалёка”. Я падахвоціўся ісці з ім. Ён вынеc з каморы дзве пары гумовікаў, адну з іх працягнуў мне: абуй, росна, а на могілкі нам ісці праз поле.
Поле ў нізіне, на колішніх балотах, куды, як і ў канавы, вясновая паводка Лані прыносіла шмат рыбы. А могліцы на пагорку за дарогаю. Новыя. Старыя, мо ў некалькі пластоў, ляжаць цяпер у цэнтры вёскі, каля Юр’еўскай царквы другой паловы ХІХ стагоддзя. Алесевых продкаў, сваякоў і проста добрых знаёмцаў многа і там, і ўжо тут. Памятаю яго радкі з “Палескага трыпціха”:
У кожнай вёсцы
дзве ёсць вёскі:
адна чакае ў госці,
другая – на пагосце…
Пасля магіл бацькоў і брата наведалі яшчэ з дзясятак. “Другая вёска” разрастаецца шпарка, прычым не толькі ад няўхільнага людскога старэння, а і ад хваробаў. У тым ліку цяжкіх: чарнобыльская зона зусім побач, лучыцца аднымі і тымі ж лясамі ды балотамі.
– Бадай, кожная магіла блізкая ўсім вяскоўцам,– спыняецца на выхадзе і вымае цыгарэты паэт. – Жыцці, лёсы пераплеценыя. Свежы прыклад табе. У папярэдні свой прыезд я быў на пахаванні Сады (Аляксандра, у нас процьма варыянтаў гэтага імя, каб нікога ні з кім не блытаць). Як было не пайсці развітацца? Ён сябар майго бацькі, яго маці і жонка сябравалі з маёю маці, ад дзеда Андрэя, ягонага бацькі, я запісваў казкі, з сынам Хведзем вечна сапернічаў у футболе. Такія цесныя звязкі паміж многімі родамі, нават калі без шлюбавання. І што я заўважыў у стасунках сённяшніх аднавяскоўцаў: чым большыя страты, тым людзі больш згуртаваныя, дабрэйшыя адзін да аднаго.
– Дык дай Бог ім трымацца, а нашчадкам усё менш цурацца іх! – Бяру Алеся за рукаў: – Хадзем?
– Ну, не ўсе ж цураюцца, успомні дом-палац, учарашняга бацьку з дзіцем…
Сняданак, кароткія зборы, і нашая прыезджая сябрына кіруецца на дзве загадзя замоўленыя сустрэчы. Спачатку – у сельсавеце, дзе нам рупіць адзінае пытанне: ці ёсць у вёскі хоць якая перспектыва? Старшыня сельвыканкама Анатоль Кіцік сустрэў нас прыязна.
– Добры дзень! – прывітаўся. – Пытанне і для мяне гарачае, а раней дык проста апякала. Яшчэ гадоў дзесяць назад вёска памірала на вачах, людзі заставаліся без працы, ездзілі на заробкі ў Расію, моладзь пакідала родны куток. Зараз абставіны трошкі змяніліся на лепшае. У Чудзіне, дзякуючы зямлякам, братам-прадпрымальнікам Захарчэням (вы дом іх бачылі), дзейнічае будаўнічае прадпрыемства “ВОТПЛЭЙС”, паўсотні чалавек атрымала працу. У вёсцы пасяліліся дзве сям’і з Украіны, купілі хаты. Адкрыўся цэнтр рэабілітацыі “Маці супраць наркотыкаў”. Не так даўно вёску пераназвалі ў аграгарадок, праўленне ў Будчы, сельсавет у Чудзіне.
Шчырая размова са старшынёй адгукнулася ўдзячнасцю ў нас, нетутэйшых, і яшчэ больш абнадзеіла Алеся Каско, гэта мы лёгка адчулі. Ён застаўся задаволены і тым, што галава сельсавета не зрабіў акцэнту на слове “аграгарадок”. На Захадзе, прыгадваў свае замежныя паездкі Алесь, вёска застаецца вёскаю, хоць і пабудовамі, і камунальнымі ды іншымі зручнасцямі, і агульнай культураю яна ў дзесяць разоў бліжэйшая да гарадскога тыпу, чым любая з нашых. “Зрэшты, новае найменне наўрад ці прыжывецца, яго з гэтай гра- , гар- нават вымавіць няпроста. Вы чулі, каб хто-небудзь з вяскоўцаў казаў: жыву ў аграгарадку?”
Нас чакалі ў школе, і туды мы прыйшлі задоўга да выступлення, каб пабываць спярша ў гісторыка-краязнаўчым кутку. Статус кутка ўжо не адпавядае ягонаму зместу і колькасці экспанатаў. Гэта сапраўдны музей, багаты і з густам аформлены, у чым заслуга ўсіх вучняў і настаўнікаў, найперш загадчыцы Галіны Мікалаеўны Мароз ды яе мужа Ігара Уладзіміравіча, гісторыкаў, якія з маладосці парадніліся з Чудзінам.
Вёска вядомая з 1637 года, прынамсі, упершыню згадваецца пад гэтай датай у акце на валоданне зямлёй. Належала з палямі, сенажацямі ды лясамі князям Радзівілам. Чаму ў яе такая дзіўная назва? Этымалагічны слоўнік выводзіць яе ад балтыйскага племені чудзь, польскія крыніцы ад прозвішча ці мянушкі “Чудак”, самі вяскоўцы, не без гонару, ад слова “цуд”.
Гісторыя багатая і складаная, таму вымагае далейшых пошукаў. “Свой шлях у сёння з волі пачыналі продкі”, – піша Алесь Каско на аснове падання пра сялянскі бунт. У старажытнасці вёска як быццам знаходзілася ў яшчэ глыбейшых нетрах Палесся, нашмат ніжэй па Лані. Падчас бунту сяляне спалілі хаты, панскую сядзібу, разбурылі царкву (засталося дасюль урочышча Цэрквішчэ) і падзяліліся на дзве часткі: адны ўцяклі ў сённяшнія мясціны, другія падаліся аж ва Украіну, заснавалі паселішча пад такой самай назваю.
Чым дакладна ўзбагаціў паэт і пісьменнік памяць нашчадкаў ды музей – гэта ўваскрашэннем падзеяў апошняй вайны ў нарысе “Праўда і крыўда памяці. Дзве трагедыі адной вёскі”, які не без цяжкасці прабіваў у друк. Першай палове нарыса ні ўлада, ні газета раёна не пярэчылі: 22 ліпеня 1941-га карнікі і паліцаі закатавалі і закапалі паўжывымі дзевяць калгасных і савецкіх актывістаў (у іх ліку Алесевага дзеда Рыгора і прадзеда Яўгена Сергіені Сямёна). Другою ж паловаю праўдзівага твора, які грунтуецца на ўспамінах сведкаў, абурыліся: што, маўляў, партызаны дзейнічалі, як эсэсаўцы?! Аповеды вяскоўцаў акурат пацвярджалі: так, амаль што, бо 14 кастрычніка 1942 года народныя помснікі ў злосці праз тое, што чудзінскія паліцаі паспяхова разбегліся ў самым пачатку акцыі, забілі чатырох і пакалечылі дваіх ні ў чым не вінаватых людзей, у дадатак спалілі дзве трэці вёскі. І ўсё гэта доўгі час замоўчвалася або прыкрывалася няпраўдай, як быццам маной можна выхаваць патрыятызм і чалавекалюбнасць.
Гонар за вёску, родны край, народ сённяшняму пакаленню чудзінцаў ёсць з чаго чэрпаць у музеі. З расповедаў пра мужнасць сапраўдных партызанаў і франтавікоў, з маральна здаровых традыцый, звычаяў і абрадаў, з узораў казак і песняў, ткацтва, вышыўкі, разьбярства, з калекцый баявых і працоўных узнагарод… Нас не адарваць было ад экспанатаў, пакуль гаспадыня музея не нагадала пра літаратурную сустрэчу.
Вучні прымалі даверліва, зацікаўлена; падобныя сустрэчы ў іхняй школе даволі частыя, бо знакаміты паэт-зямляк звычайна прыязджае на радзіму не адзін. Гасцямі ў розныя гады тут былі Уладзімір Касько (як навуковец ён у школе госць нярэдкі), Алесь Разанаў, Мікола Пракаповіч, Васіль Сахарчук, Аляксей Галаскок, мой брат Анатоль, іншыя. Не было паэта з гітараю, дык вось паявіўся і такі, Алесь Паплаўскі, якога найдаўжэй не адпускалі са сцэны.
Шануюць у школе памяць фалькларыста і энтографа Аляксандра Сержпутоўскага, каму вёска абавязана сваёй вядомасцю як самабытны куток, паэта і празаіка Міколы Купрэева, былога настаўніка, каму гэты куток быў крыніцаю натхнення да канца жыцця. Не забываюць тут, зразумела, пра сучасных творцаў, ураджэнцаў Чудзіна. Два з іх выступалі чарговы раз, паэтка Ірына Дарафейчук прыязджала аднойчы, гадоў дзесяць назад, а паэт і публіцыст Эдуард Дубянецкі вядомы з друку і музейных звестак.
Адным штрыхом – пра выступленне галоўнага героя маіх нататкаў Алеся Каско. Ён, вядовец сустрэчы, грунтоўна гаварыў пра гасцей і зусім коратка, справаздачна, пра сябе. Заканчвае паэму ў трыялетах “Кайданковая повязь” – пра лучнасць з Чудзінам, у якой, ён упэўнены, пасля сёлетняй пабыўкі пабольшае аптымістычнага настрою: “Знайдуся ў мове, чый пачатак – тут, дзе сум і роспач гояцца любоўю, дзе не самотна быць самім сабою…”
Другая палова дня прайшла ў паездках. Зрабілі вялікі круг раўнінамі і пагоркамі, гаямі і дубровамі, вёскамі і былымі хутарамі вакол Чудзіна.
Пабывалі ў лесе каля прыземістага, пасівелага Кургана памяці закатаваным у першы месяц вайны мірным жыхарам. Курган насыпаўся талакою, цэлаю вёскаю, ад старога да малога. Мінула некалькі гадоў, і раптам жалобную пліту з імёнамі ахвяраў тадышнія сельсаветчыкі замянілі пафаснай, з надпісам “Вечная память и слава павшим в боях за Ролину!” Якія баі, якія героі?! Але яна і цяпер на Кургане, колькі ні даводзіў А. Каско, аўтар нарыса пра чудзінскія трагедыі, што толькі праўдзівая памяць ёсць святасць. Гэтая тэма прасочваецца ў яго паэме, між іншым.
Яўсееўскі востраў. Любімая мясціна з дзіцячых гадоў Алеся Канстанцінавіча. Побач – рака Лань. “Груд сярод паплаву. Дуброва над процьмаю неверагодных дзікіх кветак”, – піша Каско ў сваім “Чудзінскім дзённіку”. І сапраўды – дзівосная мясціна. Уся, нібыта батанічны сад. Спускаемся адсюль на бераг Лані. Рака цяпер зарасла асакой, чаротам, звужэла. А калісьці была шырокай, вірлівай, пра гэта сведчаць старыцы. Ды як ні ламалі, ні круцілі яе міліяратары, Лань знайшла сабе жыццё ў самай нізіне. Яна, спаконвечная, нарадзілася ў нетрах палескай зямлі, каб цяпер, затаіўшы сваё дыханне, амаль ціхмяна ляжаць перад падарожнікамі…
За ракою, па дарозе праз мост – урочышча Шарпутоўшчына, ад прозвішча Сержпутоўскіх. Тут стаяў іхні хутар, дзе прайшло маленства і юнацтва выдатнага энтографа і фалькларыста А.К. Сержпутоўскага (1864-1940). Сюды бацькі прывезлі яго маленькім хлопчыкам, і гэтыя мясціны ён палюбіў як родныя. Спачатку даследчыкам-аматарам, потым супрацоўнікам Рускага музея ў Пецярбургу ён аб’ездзіў усё Палессе, але завітваў сюды кожнага разу, і ніводная вёска ў ягоных працах не ўпамінаецца так часта, як Чудзін, аб’ект усебаковага вывучэння і крыніца вуснай народнай творчасці, асабліва казак. Хараство і багацце тутэйшага дыялекту грунтоўна, як дасведчаны і захоплены філолаг, раскрыў у “Граматычным нарысе беларускай гаворкі вёскі Чудзін Слуцкага павета Мінскай губерні” (1911).
“…Замкнёны лад жыцця садзейнічаў той акалічнасці, што тут, больш чым у іншых месцах, захаваліся характэрныя рысы народнай гаворкі, старажытныя звычаі, павер’і і ўсе асаблівасці несамавітага жыцця палешука-беларуса, які моцна трымаецца ўсяго дзедаўскага і вельмі туга ўспрымае навізну” (з прадмовы А. Сержпутоўскага да згаданага нарыса).
Цікава, ці ўсведамлялі самі вяскоўцы, якім багаццем яны валодаюць? “Яны жылі ім непасрэдна, натуральна, штодзень і наўрад ці прыдавалі асаблівае значэнне збіральніцкай і даследчыцкай працы Сержпутоўскага, – пачаў разважаць А. Каско, справакаваны гэтым пытаннем. – Зразумела, паважалі адукаванага чалавека, але шмат хто і дзівіўся яму, калі той заходзіў у двары, запыняў людзей і на вуліцы, і на сенажаці, і ў чоўне на рацэ, распытваў іх. Гаваркіх у нас хапала! Так сказаў мне, ужо літаратару тады, стогадовы Іван Будчанін. Ён добра памятаў “інтэлегента з барадкаю”, які спыняўся звычайна ў лесніка Данілы Куляша, аднаго з самых таленавітых чудзінскіх казачнікаў. Паказаў месца, дзе стаяла вялікая леснікова хата: частка яе была адведзена пад школку”.
У Алесевы школьныя, 1960-я, гады імя Сержпутоўскага амаль што забылі. Хутара Шарпутоўшчына ўжо не было. Настаўнікі ў Чудзіне былі пераважна прыезджыя, краязнаўчая работа, апрача ваенна-патрыятычнай, не вялася. Дзеці вывучалі на ўроках славутую народную казку “Пану навука”, а што яна паходзіць з іхняй вёскі, ад селяніна Дудара, не ведалі, бо і настаўнікі, мусіць, не ведалі ці проста не звярнулі ўвагі. “Мне давялося адкрываць і постаць Сержпутоўскага, і зробленае ім самому – у студэнцтве, у час кароткага настаўнічання ў роднай школе і падчас працы журналістам, – дзеліцца ўспамінамі А. Каско. – Зрабіў тэлевізійны, газетны нарысы, запісаў і надрукаваў казкі 80-гадовай Матруны Савені, апошняй, бадай, тутэйшай апавядальніцы, не менш здольнай, лічу, за тых, каго напаткаў Аляксандр Казіміравіч”.
У 1970-х гадах у Шарпутоўшчыне Алесь заспеў сімвалічны дуб – з зялёнай, угору, і сухой, да долу ўніз, галінамі. Мы ў гэты дзень пераканаліся, што зялёная галіна ўзяла сваё. На ўскрайку ўрочышча ўстаноўлены валун з памятнаю шыльдаю, у в. Пярэвалакі – так першапачаткова называўся і хутар Сержпутоўскага – ёсць вуліца яго імя. Па ёй мы таксама прайшліся, пагаманілі з кабетамі, большасць з якіх тут ужо як дачніцы; імя славутага вучонага для іх зусім не чужое. А ў Чудзіне пра яго распавядае школьны музей, у вёсцы яму прысвячаюцца раённыя фальклорныя святы, вучні ўдзельнічаюць у інсцэніроўках казак, запісаных ім.
Сучасным дзецям, канечне, не перажыць тых вечароў, якія перажыў Алесь Каско. “…Дзе ж ты, малое-запечнае, заснеш – вызіраеш з-за коміна, слухаеш не наслухаешся! Радуешся, што ў тваёй хаце збіраюцца, хоць і цесна, хоць і дым ад самакрутак лямпу заслепвае ды вочы выядае. Шчымлівы халадок у грудзях ад жаночых песень, дрыжыкі па скуры ад мужчынскіх расповедаў пра неймаверныя страхоцці ды цуды…” (з ягонага нарыса “Край казачнікаў”).
Дарогаю назад Алесь згадваў свае любімыя казкі, некаторыя пераказваў, а мне карцела хутчэй прыехаць, разгаварыць сябра пра ягоную ўласную творчасць і яе вытокі, уплывы – ёсць жа яшчэ ў нас вечар, ноч, палова заўтрашняга дня, дый настрой у паэта, здаецца, зараз адпаведны, не прамаргаць бы!
Дзень трэці
Учарашняя вячэра была развітальная, з гасцямі-вяскоўцамі, было нямала тлуму, і ўсё ж, хоць і ўрыўкамі, пытанні я задаваў і тады, і пасля, у глухую ноч, або, як Алесь пажартаваў па-чудзінску, у “самую глупасць”. Склаў усё разам, і атрымалася такая вось гутарка.
– Алесь, ты не аднойчы казаў, дый пісаў, што сапраўднае тваё прозвішча Казка. Гэта на самай справе так?
– Я даўно ўжо не ва ўзросце фантазёра. І не такі наіўны, каб паверыць аднаму з этымалагічных слоўнікаў, які даводзіць мне, што Каско – ад слоў “каса”, “касіць”. Ты ж бачыў сам дакумент сямнаццатага стагоддзя, там – Казка. Такое прозвішча насіў, няйнакш, увесь наш род. Потым узяліся за справу пісарчукі, дый асаблівасці мовы, гаворкі – аглушэнне зычнага, зваротная форма назоўніка – зрабілі ўплыў. У царкоўнай метрыцы я Казко (з націскам на першым складзе), а ва Украіне, як і ўся наша сям’я, якую бацька вазіў па лёгкі хлеб, стаў Каско, на іхні манер. Пра гэта я даведаўся пазнавата, калі дэбютаваў кніжкаю, таму нічога не стаў мяняць: хіба пачаў бы праз тое лепш пісаць? Аднак, бясспрэчна, у сапраўдным прозвішчы ёсць рамантычнае адценне, асабліва яго адчуваеш, калі Чудзін называюць вёскаю казачнікаў.
– Стыхія, цэлая паводка вуснай народнай творчасці твайго краю – ці не яна прыбіла да цябе гусінае пяро?
– Былі тры крыніцы, у якіх я выкупаўся, перш чым зарыфмаваў радкі: прырода, фальклор, кніга. Дзвюх першых быў літаральна часцінкаю. Сосны раслі на вуліцы, алешнік, лазняк, журавіннік – адразу за гародам, далей – цёмныя ваўчыныя гушчары. З усходам сонца вёска поўнілася не толькі птушынымі галасамі, а звонкай людской гаманой, перасыпанай жартамі, прымаўкамі, прыказкамі, часам слоўцамі не для дзіцячых вушэй. Песні раз-пораз абуджаліся цэлы дзень, бо жанчыны спявалі і за працаю, а ўвечары мужчыны сыходзіліся з рознымі байкамі ды показкамі. Што да кніг, дык зачытваўся імі з пяці гадоў, балазе тры сястры былі школьніцы.
– Першы верш, як памятаю з тваёй аўтабіяграфіі, ты напісаў на ўроку беларускай мовы ў шостым класе.
– Дала штуршок настаўніца творчым заданнем для класа: напішыце кожны пра свайго сябра, можна – вершам. Гэтага “можна” мне было дастаткова, каб склаўся вершык у духу народных дзіцячых пацешак, якія палюбіў змалку, ад маці.
У Японіі, наколькі ведаю, дасюль ёсць аматарскія школы напісання хоку, танка, іншых сціслых формаў верша. Гэта павышае калі не стваральніцкую культуру, дык культуру ўспрымання паэзіі. У нашых школах важна не перапыняць вучнёўскіх творчых практыкаванняў, як гэта робіць, між іншым, чудзінская настаўніца беларускай мовы і літаратуры Іна Аляксандраўна Валодзька. І мае, пераканаўся, неблагія вынікі ў выяўленні здольных дзяцей.
– У Чудзіне нарадзіліся чатыры паэты: Алесь Каско, Ірына Дарафейчук, Эдуард Дубянецкі, Яўген Сергіеня. Проста так сталася ці ў гэтым ёсць нейкая заканамернасць?
– Для такіх самабытных вёсак, як наша або Сялец на Бярозаўшчыне – адтуль паэт Разанаў, празаік Супрунчук, драматург Арахоўскі, – не выключаецца другое: адбываецца натуральны счэп творчага ланцужка. Адносна ланцужка чудзінскага хачу паправіць цябе: у ім не чатыры паэты – значна больш; нашымі папярэднікамі былі казачнікі, чые творы прасякнутыя сапраўднай паэзіяй – глыбокай, па-мастацку вобразнай, з упарадкаванай рытмікай і часам рыфмоўкай.
Услухайся, як гучыць адна з казак Матруны Савені: «Памёр бацька маладзенькі дый пакінуў дзетачак маленькіх. А маці маладая – сабе новага бацьку шукае. Дзетак бабка даглядае. Прыйшла бабка ў хату, а ў хаце есці небагата. Сядзяць дзеткі на печы ў куточку. Дала ім хлеба па кусочку і паліўкі ў чарапочку”. І гэтак далей. Трапна, балюча, надзённа. Мне бывае прыкра, калі на фальклор сёння глядзяць як на нешта аджылае або прымітыўнае, не вартае ўвагі. Скажам, наш сучасны пісьменнік ганарыцца, што ўвёў у айчынную літаратуру сусветны матыў кахання прыгажуні і пачвары, пры гэтым абапіраўся на замежныя ўзоры. Ды ён проста праігнараваў нацыянальны фальклор, не пашукаў аналагаў! Няхай бы заглыбіўся ў казку “Любошчы” Рэдкага (карані яго, дарэчы, таксама чудзінскія) ды тое-сёе пачарпнуў бы адтуль: славуты матыў там гучыць на поўную моц і цудоўна раскрыты.
– Як ты пачуваешся ў роднай вёсцы як вядомы, ці знакаміты, паэт, пісьменнік?
– Збольшага адчуў сябе такім аднойчы, у юнацтве, калі прачытаў і тут, і ў брэсцкім педінстытуце верш з уражаннямі ад першых студэнцкіх канікулаў. Мяне выклікалі на “біс”, нечуваны выпадак для паэта! На жаль, ён быў адзіны на ўсё астатняе маё жыццё.
А калі ўсур’ёз, ёсць у мяне тут чытачы, ёсць, добра ведаю. Але вяскоўцаў цікавіць найбольш палітыка, бо лічаць мяне “вечным апазіцыянерам”, як, мушу згадаць, лічылі майго бацьку, былога кандыдата ў КПСС, здадзенага братамі-партыйцамі ў каталажку, затым ва ўральскія лагеры. Гаварыць на падобныя тэмы звычайна адмаўляюся, кажу – я не такі “падкаваны”, як вы, пяццю-шасцю каналамі Беларускага тэлебачання, і спрачацца з вамі мне цяжка … Бачыш, зноў не атрымліваецца ўсур’ёз?
– Мо сур’ёзней скажаш пра свой апошні твор з чудзінскімі вытокамі? Маю на ўвазе паэму “Кайданковая повязь”. Чаму менавіта – “кайданковая”?
– Гэта, бадай, завяршальная рэч пра мае карані, пра маіх дарагіх аднавяскоўцаў. Сонечным, без аніякіх плямін было ўспрыманне і радзімы з малой літары, і Радзімы з вялікай у дзяцінстве і юнацтве. З гадамі повязь з перажытым больш цесная, таму болей шорсткая. Бачыш многае па-іншаму. Жахнуўся, калі задумаўся, што самае яркае ўражанне маленства – самае балючае: старшыня калгаса на сытым жарабцы гуляе бізуном па спінах маці, яе сябровак-даярак за тое, што сарвалі па гурочку, у тым ліку дзеля мяне, са збуцвелых градак непадалёку ад праўлення. Нямала іншых калізій засталося нерастваральным асадкам на душы: бясхлеб’е, падаткавая абдзіралаўка, хлусня ў школе, а таксама ў клубе, перад якім да гэтага часу ліпее бетонны ленінскі бюст. Не пакідае трывога за будучыню вёскі. О, як хочацца, каб яна жыла доўга-доўга! Багацела матэрыяльна і духоўна, шанавала праўдзівую памяць, даражыла пракаветнаю моваю, не давала моднаму, дачаснаму адцясняць вечнае. Нарэшце сама форма маёй паэмы – “кайданковая”, у трыялетах, якія мусіў расхістваць і абнаўляць, бо яны сапраўды сціскалі рукі, што кайданкі. Ну, вось і ўсё. Рэч пакуль што друкавалася асобнымі трыялетамі, не прайшла апрабавання чытачом, дык не заслугоўвае падрабязнай гаворкі…
Развіднела. Я зайшоў у пакой. Алесь сядзеў на лаве, сашчапіўшы рукі пад сталом. Вось ён, разумны, зараз закрыты, усяго за тры метры ад мяне, ля вакна, за крок ад жывой музыкі прыроды і, мусіць, распраўляецца з сабой.
– Шторазу прыязджаю як апошні раз, – скардзіцца ён. Доўга я не заўважаў яго душэўнага заняпаду, ягоную прычыну, пакуль даведаўся, што яму зрабілі аперацыю. Падумалася сёння: няўжо Алесь канчаткова прыняў выклік смерці і цяпер вядзе гульню з ёю, як вядзе гульню шахматыст – партыю без часу, у якой не можа быць нічыёй?..
Ён выйшаў пакурыць, а я спыніўся перад вакном, за якім раскінулася ўзаранае пад бульбу поле. Уявілася: так стаяў тут Алесь, калі яшчэ быў яблыневы сад. Стаяў і пісаў верш – мудры і мужны:
Падаюць яблыкі. Яблыкапад:
сіла зямлі пакідае мой сад.
Скочваннем звілістым ці стрымгалоў
яблык за яблыкам – з голля далоў.
Горкі, падгнілы або сакаўны –
паданак падае ў пыл, палыны…
Атарапеласцю – смутак двара:
яблыкам падаць яшчэ не пара;
ім налівацца было б самы раз –
не ля варот яшчэ яблычны спас.
Гнуцца галіны ў суседніх садах,
моцны, крамяны, мядовы там пах,
рала з антонамі цяжкімі прут
гордым атлантам трымае. А тут
падаюць яблыкі. Яблыкапад
губіць адзіны радзінны мой сад.
Вось-вось пачне шорстка падаць лісцё,
ліст абляціць – і застыне жыццё
не на зіму, ды і не на гады:
саду майму не вярнуцца сюды,
як не вярнуліся продкі мае…
Сад мой бязлюдны, час наш настае.
Голля, бы рук, не заломвае сад,
свеціць з паўзмроку ягоны пагляд
зрэнкамі яблык з-пад веяў-лісця:
жаль у ім ёсць, ды няма страхацця.
Зведаў пад бурамі ён, што і ў дрэў –
час толькі свой, хоць знянацку заспеў,
дык і сыходзіць (і я разам з ім)
яблык за яблыкам – крокам глухім.
Ціхі, без ляманту яблыкапад…
Дзякуй за еднасць, мой спадчынны сад.
Калі пакідалі Чудзін, зноў свяціла яркае сонца. У бязвоблачным бязмежным небе панавала адно непарушнае белае ззянне, што не азмрочваецца нічым. Падумалася: якое шчасце жыць на гэтай зямлі, суровай і прыгожай. Будзь вечнай, блаславёная Богам зямля, дзе нарадзіліся і выраслі сыны твае!