Леанід Дранько-Майсюк (№122)

Якуш
Апавяданне

1

Стары кушнер Якуш надзею страціў, расчараваўся і ўжо не думаў: будзе добра; ужо не верыў: шчасце блісне яму наперадзе.

Не, не блісне (прыкрасць душыла Якуша!), бо ўсё яснае ўвачавідкі рабілася цьмяным – смерці не скажаш, як той кабыле, “тыр-но!”, каб адступіла назад.

Зрэшты, сказаць можна, але смерць не адступіць.

Якушу дух забівала.

Так, стары кушнер ужо глядзеў у зямлю, збіраўся рогі скласці.

Змірыўся ўжо і перад канцом не маўчаў, гаварыў сам з сабою, жонку хваліў і ўсё ўспамінаў залатую царскую пяцёрку, сціхаў на нейкую хвіліну і зноў успамінаў тое колішняе дробнае золата, і зноў жонку хваліў, бумкаў сабе і бумкаў.

І апошнія сілы намагаў, адыходзячы, каб убачыць усё сваё доўгае жыццё, а яно ўсё і не хацела бачыцца, толькі асобныя карціны блюзніліся – нешта з маленства, нешта з гадоў, калі ўжо хлопцам стаў, нешта з таго, як ажаніўся з Верцяй і нарадзіўся Лаўрусь, а тады ўжо і з таго, як вайна ўвярнулася і ў ягоны двор.

І ўсё на гэтым і спынілася, – ухлюпла ў вайне, як у багне.

Астатняе пражытае, як ні напружваўся, не вярталася ў аслабелую памяць, быццам і не было яго, быццам у тым астатнім пражытым Якуш ніколі і не існаваў.

І выходзіла так – толькі тое, што ўспомнілася, калі злёг назаўсёды, і было ягоным, Якушовым, жыццём.

Мала зусім аднавілася ў памяці.

Драбяза.

І тут нічога не паробіш, але, як любіў казаць Якушоў бацька: драбяза, а клопат вялікі!

І языком тут не пляснеш – маўляў, мінулае таму і мінулае, што мінула ўсё.

Не, не ўсё!

Жменя (таго, што было!) усё-ткі засталася.

 

2

Было тое за царом – перад Вадзанне́м, якраз бралася на моцны холад, нехта ў мястэчку нядобра паглядзеў на маленькага Якуша і сурочыў яго.

Хлопчык не мог заснуць, кідаўся ў ложку, і напалоханыя бацькі, цёпла ўбраўшы малога, сярод ночы павялі яго да шаптухі, каб адшаптаць сурокі.

“Ці хрышчонае дзіця?” – спытала шаптуха.

“Хрышчонае…”

“А ці ўвялі яго ў царкву?”

“Не, яшчэ не ўвялі…”

“Заўтра Вадзанне, зрабіце ўводзіны, а то сёння мая малітва не будзе мець сілу!” – пастанавіла шаптуха.

Бацькі паслухаліся і назаўтра, апрануўшы свайго Якуша ва ўсё чыстае і лепшае, увялі яго ў царкву.

Пасля ўводзінаў шаптуха ўзялася шаптаць і адшаптала сурокі…

Шчаслівыя бацькі не паскупіліся на грошы і шчыра дзякавалі добрай знахарцы, а тая на адвітанне дала яшчэ й такую параду:

“Калі дзіця зноў сурочаць, то чытайце «Ойча наш» з канца…”

“З канца?” – перапыталі Якушовы бацькі.

“Так, з канца наперад, і чытаць трэба дзевяць разоў!”

“Дзевяць разоў?!” – здзіўлена паглядзелі на яе бацькі.

Маленькаму Якушу тады здавалася, што яны, бацька і маці, гаварылі разам.

“Дзевяць разоў, – вяла сваё ўмелая знахарка, – і кожны раз чытайце на слова менш!”

“Як гэта на слова менш?!” – Якушовы бацькі слухалі добра, але, слухаючы, крыху збіліся.

“Кожны раз прапускайце адно слова, – вучыла шаптуха, – цяміце?!”

“М-м-м-ну-гм-а-а!” – бацька і маці паказалі, што ўцямілі ўсё.

“Каб апошні, дзявяты, раз малітва пачалася са слоў… Але збаў нас ад злога!..” – так шаптуха сказала ў хаце, а ўжо на выстылым ганку скончыла сваё павучанне тым, што, каб добра было, то ўсё трэба рабіць тады, калі трэба рабіць: не раней і не пазней.

З таго часу акрыялы Якуш спаў ціха, ноччу не кідаўся – шэпты памаглі.

З таго часу, дзякаваць богу, на хлопчыка больш ніхто нядобра не глядзеў, не сурочваў яго, таму “Ойча наш” з канца, прапускаючы па слову, дзевяць разоў чытаць не давялося.

 

3

Было тое за Польшчаю – Якушу споўнілася трынаццаць, і ён ужо не раз чуў у роднай хаце: не трэба ляпіць сабе лішняга клопату, як і не трэба шукаць хваробу на сваю галаву, і перш чым збурыцца (надумацца) на нешта ці ў забаўцы, ці ў рабоце, варта кругом паглядзець.

Аднак жа аднаго разу (выпала ж такое!) Якуш добра кругом не паглядзеў.

Неяк зімовым, ужо даволі цёмным надвячоркам выбег у кажушку на рачулку Рубэлле і весела памчаў па лёдзе, у якім люстраваліся блакітныя і ружовыя зоркі.

Файна было коўзацца, аж дух займала, па ружовых і блакітных зорках –
радасць поўная!

А трэба сказаць, што ўдзень на Рубэлле рыбакі нарыхтоўвалі вялікія кавалкі лёду, і тыя кавалкі, перасыпаныя тырсою, складалі ў лядоўню, дзе пасля зімы звычайна захоўвалася рыба.

Спрытна махаючы гострымі пешнямі, мужчыны прасеклі ў рачулцы доўгую палонку, у якую, у поцемках не ўбачыўшы яе, і ўляцеў Якуш.

Ягоная вопратка тут жа набракла, д’ябал нібыта ўсунуў у кішэні кажушка цяжкія гартованыя цагліны, – хлопчык пачаў тануць.

Але якраз гу́рэю (гуртам) нахапіліся большыя хлопцы і выцягнулі Якуша за настаўлены каўнер з чорнае вады.

Пабыўшы ў марознай палонцы, хлопчык ад холаду і страху сам ісці ўжо не мог, не валодаў нагамі – ногі закляклі, і хлопцы занеслі яго да хаты.

Бацька падсадзіў на цёплую печ, на чарэнь, засланую кухайкамі, а маці тут жа пабегла ў гумно па самагонку, глыбока схаваную ад паліцэйскага вока.

Каб хутчэй дзіця адхаяць, трэ было добра абцерці яго там, на чарэні, яшчэ і гарэлкаю.

Бацька тады зыкнуў Якушу:

– Пакоўзаўся! Ляснуўся голай сракаю аб плот?!

Якуш закруціўся з галавою ў верхнюю кухайку і не зусім цяміў, што да чаго тут выкрыкнуў бацька, бо і срака голаю не была, і плота ніякага не стаяла – кругом чарнела адна палонка.

Дыхаючы гарэлачным духам, ён хутка заснуў, і ўсялякія думкі тады валодалі ім.

Калі прачнуўся (ужо ранкам!), пачуў, як бацька, нібыта жартам, спытаў маці:

– А есці багато е?

– Багато е! – таксама нібыта жартам адказала маці.

– Ці наямося?! – паказаў здаволенасць бацька.

– Як у хаце ўсё паямо, то наямося! – і маці паказала здаволенасць.

Якуш пад кухайкамі ціха засмяяўся і адчуў сябе здаровым.

 

4

Змалку Якуш асабліва, здаецца, і не запамінаў нічога з патрэбнага надалей, аднак жа, маючы галаву (і маючы ў галаве!), навучыўся і малітве, і танцу, і рамяству, нібыта змалку ведаў: такую навуку, калі вырасцеш, як знойдзеш.

Яшчэ хлапецкія гады не перайшлі ў мужчынскія, а Якуш па-сталаму насабачыўся і ў тым, і ў гэтым клопаце, умеў і за розум ухапіцца, бо кроў меў не гарачую, таму, калі складна сказаць, лёгка цягнуўся да збруі і зусім не цягнуўся да зброі.

Спрытны быў на язык, але здольны быў тут жа і прытрымаць яго; калі хваляваўся, то затым, што казаў, коратка прыгаворваў: “…раз так…”; здаровая маладосць гаварыла ў целе, таму спраўна йшоў і ў касе, і ў плузе, мог і воску наплавіць, і свінцу.

Браўся ў гаспадарскую сілу хутка, не баяўся ні цапільна, ні грабільна; нехта шукаў чыстую работу, ён рабіў любую, а найбольш старанна кушнерыў – налаўчыўся ў бацькавага сябра дзядзькі Ёселя.

Якуш ніколі не ленаваўся, разбіваўся ў прах, каб выйсці на сваё, жыць так стараўся, каб не збіцца з капейкі; слухаў самога сябе і правіў сваё права.

І то сказаць, хлопцам яшчэ быў, а хату сабе з высокім ганкам паставіў – ягоныя ж гадкі́ (аднагодкі) спачатку жаніліся і толькі потым ужо недзе праз год, праз два, праз тры гады (маючы дапамогу сваякоў!) узбіваліся на сваё жыллё.

У 1929 годзе ён ажаніўся з Верцяй, і Верцін бацька (рады, што займеў такога ўдалага зяця!) прыгнаў у ягоны двор вена – карову, надзіва ціхую рахманую худобіну.

І Верця была ціхая, праўда, голас магла падняць, – на другі тыдзень па вяселлі ў нечым дробным хацела ў Якушовай хаце на сваім настаяць, нават маленькаю чапялою па прыпечку прыстукнула.

Так, Якуш кроў меў не гарачую, а стукання па сваім прыпечку не стрываў; Якуша ўзняло гэта, надта раззлавала.

Доўга не думаючы, тут жа навучыў маладую жонку паслушэнству – як мядзведзь, схапіў яе і так прыціснуў да дзвярэй, што яна ледзьве не задыхнулася.

Але як толькі трохі адпусціў, хітрая Верця здолела пажартаваць, па-курынаму выдыхнуўшы: “…ой, ратуйце мяне, людзі, прыціснулі к дзверам грудзі…”

Словам, дала знаць нястрыманаму ў гэтую хвіліну гаспадару, што не яна, а ён будзе першы ў хаце.

Якуш ацаніў жончына ўмельства паддобрывання і больш мядзведзем не кідаўся на яе; на ложак разам клаліся, а елі паасобку, ён сабе, яна сабе – так у іх павялося.

 

5

Разумная Верця надалей асцерагалася Якуша, зусім рэдка – толькі тады, калі яе чапляла, – выказвала яму ў вочы свае дробныя бзікі.

У міры кволым такім і жылі год за годам, і год за годам Верцю агортваў жаль, бо такая ўжо ў яе была чуллівая натура.

Жаль зменшыўся, калі нарадзіўся хлопчык Лаўрусь, і жаль заўсёды затухаў, калі Якуш ішоў надоўга ў сваю кушнерню.

Не зважаючы на жончына засмучэнне, Якуш Верцю ніколі не ганіў ні ў хаце, ні на людзях, аднак жа за Верцяю ніколі і не прападаў.

Гэта маладзіцу аніяк не крыўдзіла, яе чуллівая душа супакойвалася тым, што Якуш заўсёды меў цу́цму (шмат) грошай і ўмеў тыя грошы павярнуць так, што ў іхняй сям’і ўсё выходзіла на толк.

Любіў Якуш гэтае слова – толк.

Калі Верця, як ягоная памочніца, прыходзіла ў кушнерню і, умеючы, падшывала да футра кавалак сукна, Якуш хваліў:

– З толкам усё робіш!

А калі сварыўся на маленькага Лаўруся, які часам лез у шкоду, то перакрыўліваў рот зноў жа гэтым слоўцам:

– Каб твой толк высыпаўся!

Аднаго разу Лаўрусь калупаў шылам грубу.

Якуш даў яму па руках.

– Чаго б’еш дзіця?! – заступілася Верця.

– Каб не калупаў…

– Божа мой… Бяда вялікая…

– От табе й божа мой… От табе й бяда вялікая… Дакалупаецца да таго, што груба ўпадзе, а там пачне сцены калупаць, тады й хата лясне!

Ну, тут, што казаць, груба не ўпала б і хата не ляснула б – Якуш, вядома, перабольшваў страхі, але зноў жа перабольшваў з толкам, а раз так, то карысць была – Лаўрусь пільнаваўся, шылам больш нічога не калупаў, таму Якуш ужо і не лаяў яго, бачыў: сын цямны расце!

Якуша гэта цешыла, асабліва тады, калі хлопчык хапаўся за кушнерскае прыладдзе, звучваў бацькаву работу.

А кушнерня, трэба сказаць, не млын, таму Якуш не мяхі цяжкія варочаў, а душу сваю слухаў, шыючы футры.

Боязі перад жыццём не меў, толькі перад сваім кушнерствам – баяўся, што рана памрэ і не паспее ўсё, што трэба, дарабіць.

Плакаў бы, каб слёзы жыць памагалі; смяяўся б, каб смех ратаваў ад гаркоты; лямантаваў бы, каб зноў жа лямант душы ягонай спрыяў.

Аднак жа Якуш не плакаў, не смяяўся, не лямантаваў, – проста штодня, прапускаючы вялікія святы, рабіў, бо толькі ў адной рабоце і бачыў ратунак.

Ці лёгка на сэрцы, ці важкі сум апаноўваў – ішоў да варштата.

З Верцяю жыў, як збоку паглядзець, складна – накідваўся на яе тады, калі, скажам, яна тыкала Лаўрусю цукерка якога ці пернік.

Шчаслівы Лаўрусь бег на вуліцу, іншым дзецям хваліўся матчынымі смакоткамі, а Якуш тым часам гэтак на Верцю рот крывіў: свінню спачатку трэба карміць га́вазам ці якім іншым зеллем, і толькі пасля вобмешку варта даваць!

– Калі дзіця салодкае есць, то панам стане! – смяялася Верця.

– Толькі тады наша дзіця панам стане, як у мяне на далоні валоссе вырасце! – гыркаў Якуш.

Умеў сказаць і да сказанага прыказаць, словы звінелі ў яго, як тыя конскія падковы, аднак жа словам не верыў, нават не верыў і сваім словам, бо хіба яны могуць навучыць?!

Праўда ў словах не даходзіць!

Якуш ведаў: праўда даходзіць да чалавека тады, калі чалавек сам сваёю сківіцаю ляснецца аб жалезную клямку, паслізнуўшыся ў парозе.

 

6

Якуш не любіў людзей і не любіў бываць у людзях.

Чаму няміласць да людзей улезла ў ягонае сэрца?

Ці адказаў бы?!

У Якуша пра гэта, аднак, ніхто не пытаўся, а каб спыталі, то, мусіць жа, такія словы ад яго вечна парэпаных вуснаў адкалоліся б: куды ні зірнеш – чалавек, куды ні павернешся – другі, куды ні ўсунешся – а там і трэці з чацвёртым і пятым!

Замарока адна!

І кожны стаіць, як бало́бан (дурань), – адсюль і прыкрасці набягае гэтулькі, што не прадыхнуць.

А на базар, асабліва ў нядзелю, калі вялікі гандаль, то і носа не патыкай – там асталопаў і ёлупаў, як лесу наваленага.

І кожны цябе цягне, кожны валачэ да сябе, а гэта бяда, калі не ты цягнеш, а цябе цягнуць.

Не раз і не два Якуш заводзіўся на гаворку пра людзей…

– З людзьмі яно так, – Верця замятала пад жоўтую рагожу смецце, – як дурны ўкіне, то і разумны не вуйме!

– Людзей процьма! Каб іх трохі надрэзало! Трэба вайна! – гаўкнуў Якуш.

– Прыпулены! Што гаворыш?! – Верця ажно венік выпусціла з рукі і села на ўслон.

– Я прыпулены, а ты як мукой абсыпана! – адбуркнуўся Якуш.

– Мукой абсыпана, кажаш, а не падумаў пра тое, што ў нас ужо сын у спраўнага хлопца падымаецца! Для яго вайну клічаш?

– Ты мне пра сына, а я табе пра дрына. Я не пра нас, а пра іх… Менш людзей на свеце, больш толку…

– Ты са сваім толкам пазнаеш караля ў гаросе! – Верця незадаволена падхапілася і краем доўгай спадніцы матлянула па ўслоне.

– Сына мне падтыкаеш! – не здаваўся Якуш. – Набраўшыся розуму, уцяміць, што не поп і ў рызу ўбірацца не будзе! Раз так…

– Пра якога папа ты загаварыў?! – Верця нещразумела заплюскала вачыма.

– Не пра папа, а пра розум… Калі вырасце наш хлопец і не будзе лезці туды, куды не трэба лезці, то вайна ці не вайна, усё ў яго будзе добра… Раз так…

Лаўрусь усё гэта чуў, слухаць умеў і слухацца, здаецца, умеў ужо таксама.

У тыя дні Лаўрусь хадзіў па-даросламу засмучаны, быццам яму не давалі быць тым, кім ён хацеў быць, быццам Бог у яго пытаўся ўжо: “А кім ты хочаш усё-ткі стаць?” – і быццам бы Лаўрусь няпэўна адказваў Богу: “А каб жа я знаў…”

 

7

Трэба сказаць асобна, што яшчэ задоўга да гэтай хатняй гаворкі пра вайну рахманая карова Верцінага бацькі прывяла цялятка – цялушачку, якая, калі сілы крыху набралася, доўга ў рукі не хацела давацца, усё рвалася некуды, зусім нерахманая ўдалася, хітравала, натапырвалася, любіла ўпірацца.

Яе так і назвалі – Упіра…

“Хітрая Упіра сябе яшчэ пакажа!” – Верця нібыта бачыла наперад.

 

8

А от і вайна…

У верасні 1939-га немцы да Якушовай хаты не дайшлі – дайшлі таварышы-чырвонаармейцы; немцы ж са сваімі парадкамі завярнулі ў Якушоў двор пазней – у ліпені 1941-га.

Унтэр-афіцэр, абсыпаны бародаўкамі, даў Лаўрусю цукерка, і Лаўрусь пабег на вуліцу хваліцца гэтым цукеркам.

А Якуш вельмі здзівіўся: “Гэта ж трэба?! Ні царскія салдаты, ні гайдамакі, ні балахоўцы, ні польскія жаўнеры, ні таварышы-чырвонаармейцы дзецям цукеркаў не давалі… А гэтыя ваякі… Ты глядзі!”

Пакуль здзіўляўся, “гэтыя ваякі” (унтэр-афіцэр загадаў!) выгналі з адрыны рахманую карову і пасярод шырокага двара яе зарэзалі.

– Wir mussen essen!1 – такімі словамі адгрэбліся ад Якушовага маўклівага абурэння: “… а каб вы галавой налажылі…” і Верцінага ляманту.

Добра, што хоць Упіру не зачапілі, пакінулі ў адрыне, а ў двор тым часам падагналі ўжо і паходную кухню…

А далей жыццё настала зусім кручанае, і душа ад страху моўчкі разгаварыла­ся, нібыта жадала паспець сказаць пра ўсё сваё, – усё адно, як перад канцом.

І толькі Бог адзін па-ранейшаму бачыў непазбыўную хітрасць – чалавек любіць гаварыць пра сябе (нават і моўчкі!), а калі яго слухаюць, то чалавек яшчэ хоча і пачуць пра сябе штосьці добрае.

Немцы ж тым часам паставілі вакол некалькіх вуліц агароджу з калючага дроту, зрабілі гета і гвалтам загналі туды працавітага дзядзьку Ёселя і ўсіх астатніх мудрых эляў ды разважных янкеляў з іхнімі руплівымі жонкамі і няшчаснымі дзецьмі.

Ішлі тыдні, а з гэтага загона не выпускалі.

Ноччу (зрэдку іншы раз нават і ўдзень!) апухлыя з голаду падпаўзалі пад калючы дрот, шыліся на волю, нішкам разбрыдаліся па дварах, просячы есці.

Не абмінулі і Якуша.

Неяк за сваёй кушнерняй, дзе віўся дзікі вінаград, Якуш убачыў аброслага старога з чырвонымі бульбатымі вачыма, з рудой запечанай крывёю на перабітым носе, у рванай шапцы, збітай на патыліцу.

Бядак згастрэў на шыла, што і не пазнаць, хто ён.

– Я вучыў вашага Лаўруся ў школе, – аброслы стары прашаптаў чорным ротам.

– Гэта мой настаўнік Ісак Мендалевіч! – Лаўрусь падбег да бацькі.

Настаўнік прыехаў у іхняе заходняе мястэчка з нейкай усходняй вобласці восенню 1939-га, а ўлетку 1941-га не даў сабе рады выбавіцца на ўсход.

– Усім не паможаш! – брыкнуў Якуш, але загадаў Верці прынесці гарачых разок з лустаю хлеба.

Зняўшы з перабітага носа павуцінку бабінага лета, Лаўрусёў настаўнік паеў, але не ўсё з’еў – рэшту стравы ашчадна пераліў у біклажку (была пры ім!) і з недаедзеным хлебам забраў з сабою ў гета.

Недзе з тыдзень употай Верця насіла ў дзікі вінаград поўную місу гарачых разок, бо недзе з тыдзень Лаўрусёў настаўнік прыходзіў есці.

Але от аднаго дня гліняная міса, пакінутая наперад, засталася ў густым лісці поўная і прастаяла да раніцы халодная.

Верця забрала яе, выліла ў дубовае карыта, калі карміла Упіру, а назаўтра зноў місу разок паставіла ў вінаградзе, але й гэтым разам яна засталася некранутая – Лаўрусёў настаўнік больш не прыйшоў.

“А ты хацеў, каб людзей трохі надрэзало! От што значыць вайна!” – такая ў Верцінай душы варухнулася думка пра Якуша.

 

9

Бог, адстаронены ад людзей, у тыя дні думаў узвышана: “О, каб чалавек умеў шкадаваць чалавека! Тады, здаецца, і вайны не было б?!”

А Якуш думаў зусім проста: “Трэба спадзявацца, што ўсё абыдзецца так…”

Аднак жа так не абыходзілася, нядобрае круцілася не ўгадаць як – штурхала ў самыя розныя бакі, лёгка можна было збіцца са штыху (з добрай дарогі!).

У тыя дні мужчыны не лічылі сябе вінаватымі, але ў тыя дні ўсе мужчыны былі вінаватыя.

Зранку Лаўрусь бегаў у школку, але мусіў быў з тыдзень сядзець дома, бо неяк ноччу адразу ў дзверы і ў акно пастукаліся партызаны і напалохалі Якуша з Верцяю:

– Калі хлопец будзе хадзіць у школу, спалім хату!

Доўга ж без навукі Лаўрусю быць не давялося, бо неяк удзень прыйшлі з паліцыі:

– Чаму хлопец не ходзіць у школу?!

От і жыві пасля гэтага як хочаш і як можаш, а жыць жа трэба, і жыць трэба ціха, таму Якуш і Верця мусілі былі сына зноў пусціць у навуку.

Якуш з двара стараўся не вылазіць, кубліўся ў кушнерні, крыху абшываў немцаў, а калі на немцаў трэ было па-мужыцку рабіць – мост правіць, грэблю масціць, дошкі пілаваць, сена вазіць, дровы секчы, бульбу капаць, снег адкідаць – пасылаў адбываць такія шарваркі свайго спраўнага Лаўруся.

З лесу, дзякуй богу, ноччу больш не прыходзілі, хату не спалілі, а спалілі саму школу…

 

10

Аднаго ранку, награкаўшыся (нарабіўшыся), Якуш строіўся палуднаваць, есці жытнюю калатушу, у якую для закрасы Верця пліснула цягучую кроплю алею.

Лаўрусь у двары на прызбе сам з сабою гуляўся ў самаробныя карты, сам сабе здаваў, гаворачы: “Не буду дзівіцца, няхай казырыцца!”

Меціўся ўдалы хлопец у сваім прызбяным карцяжы самому сабе хадзіць з козыра.

А ў хаце, дагадзіўшы стомленаму Якушу, Верця прылегла на ложак; з калядаў пачало нешта балець ёй у грудзях, часам нават Верця задыхалася.

Узяўшы абгрызеную кляновую лыжку, Якуш падзівіўся на жонку – яна ціха, але неяк зморана ляжала, роўна, але хвілінаю і няроўна дыхала; на яе грудзях гэтак жа то роўна, а то няроўна падымаліся і апускаліся блакітныя гузікі.

Раптам у хату мякка, як вуж, слізгануў Лаўрусь і, каб не разбіць матчын сон (маці ж нядужыцца!), аднымі вачыма паказаў на акно: “Бацька, паглядзі!”

Якуш адклаў лыжку і падступіў да акна – перад хатаю, як п’яны, стаяў, пахістваючыся, мадзьярскі абдзёрты салдат.

“О, гэты зараз, як той кульгавы конь, уваб’ецца ў дробную шкоду!” – Якуш нецярпліва згарнуў рукі.

А нягеглы мадзьяр і напраўду “ўбіўся ў дробную шкоду” – упёрся ў двор і выхапіў з дубовага карыта маленькі, пакінуты для Упіры чорна-жоўты качан капусты.

Але тут аднекуль вырас (і адкуль толькі ўзяўся!) афіцэр, таксама ж мадзьяр; ён вытурыў няшчаснага ваяку з Якушовага двара на вуліцу, і той, гнаны сваім нарваным (дурнаватым) камандзірам, грыз на хаду чорна-жоўты качанчык.

– О, і сабака ў двары не брахаў, а парася ўкралі! – скрывіўся Якуш.

– Які сабака? Якое парася? – Верця прахапілася і закашлялася.

– Спі сабе! – Якуш вярнуўся да стала і чарпянуў калатушы.

 

11

Прыйшла вясна, і Якуш не ведаў, што гэта апошняя вясна пад немцамі, хаця чуткі і былі такія, што немцы гэтае вясны не ўтрымаюцца.

Упіра тымі днямі прывяла цяля, а Верця паты́кала-пасадзіла ў гародзе буракі, якія добра ўзяліся расці, праўда, ранішні марозік прыхапіў-пабіў іхняе лісце, аднак жа праз дзень-два, як пацяплела, лісце адышло.

Гледзячы на свае буракі, якія ажылі, Верця раптам адчула ў душы холад.

Замаркоціўшыся, вярнулася ў хату, паглядзела на ікону і, трымаючыся за грудзі, сказала сабе: “Лісце пайшло расці, а я памру… Упіра ацялілася, але не мне ўжо цяля даглядаць…”

Смутак ціснуў сэрца і быў неадчэпны – грыз і грыз!

Нешта цвёрдае з сярэдзіны сваёй істоты, з патаемнай яе глыбіні пачула Верця пра сябе, таму паволі адбілася ад яды і піты, і магло здацца, што самохаць пачала гінуць.

Якуш усё тое бачыў, тупымі пальцамі амаль да крыві расціраў патыліцу, едкі пот выціраў з лоба: “Тут ужо нічога не паможаш! Раз так… Тут ужо нічога не парадзіш! Раз так… Тут ужо рукі не падкладзеш! Раз так…”

І ўсё ж дабіўся да немцаў у шпіталь, да іхняга ваеннага лекара.

За царскую залатую пяцёрку і лісіны каўнер той узяўся лячыць, нават прасвятленне (рэнтген) лёгкіх зрабіў, але, калі паўглядаўся ў здымкі, незадаволена буркнуў: “Zu spat!”2, а тады загадаў Якушу забіраць Верцю, лісіны каўнер аддаў, а царскую залатую пяцёрку пакінуў сабе.

Надзея на ратунак выйшла.

Паміраючы, Верця мучылася, цяжка дыхала, трызніла: “А ты хацела, каб нешта было?! Але адкуль жа яно магло быць, калі яго зусім не было!”

Праўда, пры астатняй памяці паспела зусім цвяроза шапнуць заплаканаму Лаўрусю: “Глядзі бацьку!”

Мо пра каханне думала ў апошнюю сваю хвіліну жанчына і з горкаю цяжкою думкаю пра нешта няспраўджанае ўвечары адышла.

Хортка ў Якушоў двор на ўсю ноч засталася адчыненай, і ўсю ноч пад столлю гарэла лямпа, – такі закон, калі ў хаце нябожчык ці нябожчыца.

 

12

Якуш збіў склепа (дамавіну), прымоўклыя Верціныя таварышкі прыбралі Верцю да хавання, а Лаўрусь пабег і паклікаў бацюшку, – найшла поўная хата людзей, сваякоў і суседзяў.

Змучаная горам Верціна маці нахілілася над склепам і падклала пад ясік, на якім назаўсёды супакоілася дачка, складзеную ў некалькі разоў новую спадніцу – думалася прыбітай старой, што на тым свеце яе дачцы спатрэбіцца і гэтае яшчэ не ношанае адзенне.

Перад тым як адпяваць нябожчыцу, бацюшка басавіта паясніў: “Я буду гаварыць пра душу…” – усё адно як папрасіў прабачэння за сваю не зусім зразумелую царкоўную мову.

Адгаварыўшы пра душу і дробна варухнуўшы худой буслінай шыяй, бацюшка перахрысціўся, перахрысціў таксама і сваё кадзіла, – па хаце паплыў ладан.

Лаўрусь плакаў, плакаў і Верцін бацька, а Якуш глядзеў на жонку ў склепе і думаў цвёрда: “Добра, што я тады аб дзверы яе ляснуў! Каб не зрабіў гэтага, то меў бы заразу, а не жонку!”

Адпяваючы нябожчыцу, бацюшка махаў кадзілам, але не шырока, у паўрукі, нібыта гэтым паказваў: з рэчамі, як і з людзьмі, трэба цішэй абыходзіцца…

Кадзіла звінела ўсімі сваімі звонікамі, нібыта конская збруя.

Ішлі на могілкі, і Якуш успамінаў (усё адно як трызніў!) толькі што пачутае ад бацюшкі: “…Цярпеў і быў пахаваны, і на трэці дзень уваскрос… Выйдуць тыя, што рабілі дабро…”

Калі вярталіся дадому, Якуш рэкнуў Лаўрусю:

– Не прапусці…

Лаўрусь паабяцаў:

– Не прапушчу, як убачу, тут жа цябе гукну…

Лаўрусь ведаў, што́ трэба не прапусціць – трэба будзе падпільнаваць момант і развітацца з першым пасля памерлай маці нябожчыкам – гэта значыць, прайсці за чужою труною хоць бы да першага рога, або пастаяць на адпяванні, калі не ў хаце, то ў царкве, тады развітанне з маці стане завершаным…

Прайсці за чужою труною выпала ўжо заўтра – ноччу на мястэчка быў партызанскі налёт, і пад выпадковую кулю (мо нават і сваю, нямецкую!) трапіў якраз той ваенны лекар, які ўзяўся было лячыць Верцю.

Якуш і Лаўрусь працупалі следам за вайсковай пахавальнай працэсіяй, але крыху воддаль ад немцаў і, як вымагаў звычай, да першага скрыжавання.

Вярнуўшыся дадому, Якуш надоўга зашыўся ў кушнерню, а Лаўрусь, напаіўшы Упіру і цяля, узяўся на прызбе за свае самаробныя карты.

Якуш у кушнерні думаў пра падстрэленага лекара і шкадаваў залатую царскую пяцёрку, а Лаўрусь на прызбе думаў пра апошнія матчыныя словы.

 

13

У самую Пятровіцу, у самае цяпло, немцы зубамі ляскалі, як у вялікі холад, бо адступалі.

– Паршываму парасяці і ў Пятровіцу холадна! – закапыліўся Якуш.

Аднак жа немцы гэта немцы, хоць і зубамі ляскалі, хоць і вочы іхнія патухлі, і запал, здаецца, прапаў, а страху ў душу наганялі яшчэ поўна.

Якуш і сам, хоць і коратка, але надрыжаўся ад такога страху.

От жа перад сваім адыходам салдаты зранку ўляцелі ў двор і забралі з адрыны Упіру.

То рэжуць худобу, то забіраюць – каб на іх звод!

Іншыя гаспадары (тыдзень мінуў!), як пагналі сваіх кароў хаваць на Прыпяць, у самую гнечу, у непралазны хмыз, а Якуш не пагнаў, бо думаў сваё: “Трэба спадзявацца, што ўсё абыдзецца так!”

Лаўрусь, якому ўжо пятнаццаты год ішоў, кінуўся быў не даць худобіну, – смелы хлопец, толькі ў ягонай смеласці розуму яшчэ мала!

Якуш ледзьве паспеў схапіць сына за руку: “А хіба я не казаў табе, што калі не поп, то ў рызу не ўбірайся!”

Лаўрусь паспрабаваў тут жа вырваць руку, ды Якуш утрымаў яго, шчапі́ў зубы (раззлаваўся):

– Не целяпайся без толку! Раз так…

Калі салдаты, гонячы карову з двара, сышлі з вачэй, Якуш нервова прысвіснуў:

– О, якая разумніца! Добра, што паддалася і немцаў на рогі не ўзяла, а то б і яе тут, у двары, паклалі б!

Сапучы, Лаўрусь маўчаў.

– Упіра прыйдзе! – Якуш абнадзеіў сына.

– Як гэта прыйдзе?! Яе што, адпусцяць?! – Лаўрусь вылупіўся на бацьку.

– Цяля ў адрыне засталося! Да цяляці й вернецца! От пабачыш! – у сваёй здагадцы Якуш пэўны быў.

А цяля й напраўду засталося: ці немцы яго ў дальнім закутку адрыны не ўбачылі, ці сумысля пакінулі – маўляў, не ўсё трэба забіраць, нешта ж і людзям варта пакінуць…

Забраны тавар адагналі ад мястэчка ўжо кіламетраў на пяць, аднак жа хітрая Упіра выбавілася ад бяды – як некалі не хацела давацца ў родныя рукі, так і тут не далася назусім у рукі чужыя.

Мела рацыю нябожчыца Верця: “Упіра сябе яшчэ пакажа!”

От і паказала.

Падпільнавала, калі зручней было, і ў нейкай лазе ці алешніку адбілася ад чарады (мо варта не згледзела, а мо Бог паспрыяў!) і ў той жа дзень, позна ўвечары, на Якушоў стрыманы ўсмех і Лаўрусёву бурную радасць вярнулася да цяляці.

 

12 ліпеня 2022 г., аўторак, 22 г. 05 хв.; Менск, –

16 верасня 2022 г., пятніца, 21 г. 03 хв.; Менск, –

25 лістапада 2022 г., пятніца, 16 г. 41 хв.; Менск.

 

______

1 Нам трэба паесці! (ням.)

2 Занадта позна! (ням.)

 


Апублікавана

у