Скрыня. Куфар. Камода Проза з той кніжкі, якая можа быць Скрыня Каб зрабіць скрыню, куфар, камоду – у сталярні спяваў гэбель, у кузні стагнала кавадла; сталяр ішоў да каваля, каваль прыходзіў да сталяра; дрэва ўціскалася ў жалеза, жалеза ў дрэва… О, скрыня, куфар і камода – мэбля, якая зачароўвала, і першая тут яна, цьмяна-шэрая немаляваная, з плоскім векам, скрыня. Так, спачатку была скрыня, потым куфар, а тады ўжо й камода… Скрыню штукавалі з габляваных смаловых (часам дубовых) дошак таўшчынёю ці не 10 мл, ставілі колы з ясеню ці грабу, упускалі замок, прымацоўвалі металёвыя ручкі; скрыню акоўвалі (і для моцы, і для вока!) бляшанымі істужкамі-палосамі. Ствараліся жалезныя таямнічыя малюнкі, у якіх угадваліся то чарадзейныя істоты з рагамі, дзюбамі і пазурамі, то нязвыклыя карані, сцябліны і лісце, то амаль дзіды, вухналі і цвікі… Скрыню грузнай не рабілі. Пры пажары (а пажары часта здараліся!) першымі ратавалі такія рэчы, як скрыня, таму гэтыя рэчы мусілі быць лёгкімі, пад’ёмнымі. Зазвычай у скрыню складалі ўжыванае, але патрэбнае адзенне – лахі, ку́нтахі, усялякае «кошмары́нне» і рахамонне, тыя ж чорныя запінкі для работы ў гародзе, гумо́ўцы1, які іншы збіты абутак. Скрыня стаяла ў сенях, у сцёпцы2, а то і ў адрыне. Этнограф Міхась Раманюк не памыліўся, калі напісаў пра гэту адметнасць нашага побыту. Памыліліся іншыя даследчыкі – у грунтоўным томе змясцілі здымак давыд-гарадоцкай скрыні, а падпісалі, што гэта давыд-гарадоцкі куфар3. Аднак у нас гэта розныя віды мэблі – і па сваім ужытку, і па вонкавым абрысе, і па тым, дзе што стаіць, і нават па ўспрыманні. На жаль, і найбольш вядомае навуковае даведачнае выданне памылкова сцвярджае: скрыня – тое самае, што і куфар4… І слоўнікі гавораць пра тое ж5, але хай сабе… Дык вось, гэта праўда, што скрыня стаяла ў сенях, у сцёпцы або ў адрыне, а ў хату яе ўносілі іншы раз тады, калі з’яўлялася лішняя душа, якой не было дзе спаць. Аднойчы ў дзяцінстве я спаў на скрыні, пастаўленай на альпенскія цагліны. Тады якраз прыйшла ранняя вясна, Гарынь пачынала хутка разлівацца, вада ўжо ўкацілася ў гарод і двор, магла ўлезці і ў хату, таму ў хаце ўсё падмасцілі, каб не падмокла. На падмошчанай, паднятай над падлогай, кароткай скрыні я спаў, каб змясціцца, наўскасяк і на ўсё жыццё запомніў, як праз радно, якім было заслана века, у плечы ўядалася акова – рогі, пазуры, дзюбы; карані, сцябліны, лісце; дзіды, вухналі, цвікі! І асобна – двое завесаў, якімі века мацавалася да задняга бока, да яго верхняй дошкі… Скрыня – самае прыдатнае месца, каб да самай раніцы не заснуць, круціцца і думаць пра ўсялякае, і сярод іншага пра тое, што ў нас на разумнага кажуць: хітры, таму ў нас: хітрая галава – значыць, разумная галава! 24 лістапада 2021 г., серада, 22 г. 22 хв.; Менск.
1 Гумо́ўцы (давыд-гарадоцкае) – гумавыя боты. 2 Сцёпка (давыд-гарадоцкае) – кладоўка. 3 Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі, т. 2, с. 255; Мн., 1985 г. 4 Беларуская савецкая энцыклапедыя, т. 9, с. 565; Мн., 1973 г. 5 Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, т. 5, с. 186; Мн., 1983 г.
Куфар Куфар на жалезных колах – не скрыня, яго цанілі больш, таму ставілі ў хаце. Ягонае з выгібам века гаварыла пра свята і сціплую задаволенасць ад жыцця. Калі слова «каханне» яшчэ не палохала гаркотаю дзявочыя вусны, а словы «ой, нешта будзе» ўжо давалі вуснам саладосць, то ў гэтую кароткую пару дзявочыя вочы штодня глядзелі на куфар. І гэта невыпадкова. Калі мелася на выданні дачка, – яе вена трымалі ў куфры… З часам паняцце вена пашырылася, выйшла, калі так можна сказаць, за межы куфра. Венам пачалі называць і зямлю, і карову, а не толькі грошы, упрыгожанні, ручнікі з вышыўкамі і квяцістыя дзявочыя строі, якія чакалі сваёй пары пад распісаным векам. І вось тая пара прыходзіла, і з’яўлялася асалода, якая, няхай на момант, але з’яўлялася адвеку – дзеўка па́дала за хлопцам, хлопец па́даў за дзеўкай, а раз так, то спраўлялі заручыны, куфар перавозілі ў хлопцаву хату, ішлі пад вянец, а пасля царквы садзіліся за вясельны стол… Праз усе гады ў куфры хавалі ўсё лепшае і каштоўнае; там збіраліся рэчы, як той казаў, і таго, і гэтага часу – трубкі льнянога палатна, крам1, адрэзы крэпдэшыну, бастону і таннага штапелю, гафтаваныя кашулі, усялякія камізэлі і казачы́ны2, на падрост пашытае дзіцячае адзенне, кра́йкі3, цёмна-чырвоныя і залацістыя шалі, чарнабуркі на гузіках, а таксама жаночае далікатнае – ваўняныя панчохі, налі́снікі4, га́лькі5… Ды ці мала што можна было знайсці ў куфры! Так, века з сярэдзіны пунсавела роспісам – хвалістыя кветкі і выгнутыя сцябліны; зрэдку, здаецца, і нотныя знакі, ці праўдзівей – нейкія дзіўнаватыя ўзоры, падобныя да нотнай азбукі. Упушчаны замок адмыкалі вялікім ключом, паднятае века падпіралі доўгай жалезнай зашчапкай. Але калі-нікалі для большай надзейнасці гаспадар прыстройваў яшчэ і вісячы складны замочак, у які ўкладваў керанку. Калі б нехта спрабаваў употай адамкнуць гэты хітры замочак, то, не ведаючы, праткнуў бы керанку (рэдкую паперыну!), замену якой хутка не знайшоў бы, ці зусім не знайшоў бы такую паперыну і не здолеў бы схаваць след сваёй дробнай шкоды. І вось па гэтым знаку (пашкоджаная керанка!) гаспадар і даведаўся б – у куфар лезлі! Хатнія рэчы мелі розум, у якім панаваў спакой, і спакой гэты гаварыў: «…у кожнага свае коні ў галаве, таму як е, хай так і будзе!..» Куфар даваў радасць. Збіраючыся ў царкву, гаспадыня любоўна даставала з яго святочнае ўбранне – кашміровую спадніцу, паплінавую кофту, хвартушок з белай ко́леншчыны6 і атласную хустку з цікавым незразумелым усходнім упрыгажэннем, і хустку гэтую называла турэцкай. Вымала (зноў жа любоўна!) хромавыя чабаткі, або на малінавых шнурках румынкі – халяўкі з самага верху абшытыя футрам! Калі ж было добрае надвор’е, абувала вішнёвага колеру чаравічкі… У куфры з правага боку святлела прадаўгаватая шуфлядка з прымкнутым вечкам. Гаспадыня адмыкала шуфлядку і брала з яе вялікія жоўтыя нанізаныя на суравую нітку каралі. А ў шуфлядцы зіхацелі пярсцёнкі, завушніцы, бранзалеты, крыжыкі, ланцужкі, прыгожыя старыя гузікі, гаспадароў гадзіннік, срэбная чарачка, проста грошы і не проста грошы, а нешта большае – мікалаеўскае золата! Таксама ж магла бліснуць і якая-небудзь з часоў прэзідэнта Масціцкага фераньерка, а на самым дне ляжалі метрычныя пасведчанні ды іншыя важныя паперы, прыціснутыя заўсёды сур’ёзнымі пячаткамі… Куфар на гулкім хаду! Жадаючы такой пагляднай мэбляй абставіць хату, ішлі да сталяра. Майстра абзада́чвалі1, і ён браўся падганяць сасновую дошку да сасновай дошкі, у каваля заказваў акову, плаціў кавалю сам, а тады дарабляў – абабіваў аковаю каробку і века, сшываў іх завесамі, ставіў на восі колы, упускаў замок, укручваў ручкі, пакрываў сваю работу чорным лакам. Куфар з векам танчэйшым за бакі і дно выходзіў як вазок – ого, якія колы, а якія моцныя восі, і скрозь акова, на кожнай дошцы – металёвыя звілістыя птушкі, пачваркі, га́ды, стрэлы, крыжы і, здаецца, райскія дрэвы. Але каваныя жалезныя колы цешылі найбольш. Пусціш іх па давыд-гарадоцкім польскім бруку, на ўсе ягоныя тры з паловаю кіламетры, і з трывалых шасцікантовых трылінак пасыплюцца ва ўсе бакі зыркія каляровыя зоркі. Некалі адзін дзядзька так і зрабіў; чалавек быў поўны радасці, жонка яго таксама. Людзі добрае натуры. Праўду не зводзілі да хлусні, а хлусню да праўды не ўздымалі, работы не баяліся, а зарабіўшыся, маглі (на пацеху суседзям!) заместа: засвярбела ў галаве, сказаць: загалавела ў свярбе! А-а, маўляў, хай смяюцца… Дай, Божа, здароўя ўсім, то і нам лягчэй будзе… Дык вось, яны заплацілі сталяру і не павезлі свой набытак дадому падводаю, а выпхалі на каменную дарогу вуліцы Касцюшкі, па-народнаму – Альшанскай вуліцы, і нібыта сказалі: «Хай будзэ багато звону!» І звону-грукату было! Так яно й павялося, нават звычаем стала – новаму куфру даць праехацца па брукаванцы. Хоць трохі, метраў сорак, каб гэта паглядзець – а мо колы саскочаць?! Як усё добра, то на фурманку і дадому. Але там, дзе «трохі» – гэта не казка, а першы раз было як у казцы, таму й запомнілася… Куфравы гром бег па даху магістрата, аканіцах аптэкі і па ганку паліцэйскай бібліятэкі. Водгулле амаль маланкавых удараў адбівалася ад чырвонага коміна млечарні, рудога вільчыка шпіталя і абрыналася на філію палітычнай паліцыі. Па бруку ляскалі ледзь не перуны, яны глушылі балаголаў і пудзілі коней. Адзін фурман вёз на электроўню дровы, – знячэўку ён выпусціў з рукі пугаўё, а ягоны конь занатурыўся, бо для каня зусім не куфар, а нейкі празмерна грымлівы чорны самаход пёрся насустрач! – Коб вас ціхля́нка8 ву́разала! – крычалі ўслед вясёламу дзядзьку і ягонай жонцы. – А на вас коб чорна да цэ́мна! – адмахваліся ад праклёну сваім праклёнам шчаслівыя гаспадары новага куфра. Колы, здаецца, не прапускалі ніводзін камень, і паперадзе куфра жахала блізка навальніца! Забыўшыся на авёс, галубы ўзляталі над конавяззю, а каты, пачуўшы грукат, як апараныя, адскоквалі ад ятак і рыбных крамак. Сарока піла, але так і не напілася з пажарнай бочкі «Стражы агнёвай», – ашалела ўскінулася пад самае неба, а з пажарнай часці, дзе якраз паказвалі кіно, выбеглі збітыя з панталыку гледачы, так і не даглядзеўшы карціну. Збянтэжаная кухарка прыпала да шырокага кухоннага акна, палову якога закрывала фіранка з вышытым надпісам Smacznego9, а ў гарбарні Фінкельштэйна адзін з гарбароў таксама збэ́чыўся10 і заместа лазовай тоўчанай кары ўсыпаў у чан дубовую тоўчаную кару. З Хорскае гміны здзіўлена круглелі чыноўныя вочы, і тым часам заклапочаны млынар Хаім Барухін (каб даведацца – а ці не гарыць?!) вызірнуў з млына. – Defilada wojskowa11! – сыпалі са школкі дзеці. А іхні кіраўнік Мечыслаў Байбар, ажно прысядаючы, рагатаў ля школьнай брамы: – Rozbój na równej drodze12! Пачуўшы пра «rozbój», у карцёжні падхапіліся з-за карцёжнага стала зацятыя гульцы – палкоўнік Стэфан Заёнц, капітан Казімір Мікульскі, паручнік Альфонс Ваньтоўскі, камендант паліцыі Юзаф Зёла, кіраўнік пошты Францішак Манкевіч і бургамістр Стэфан Бэднарчык. А на стадыёне клуб жаўнераў і каманда «Макабі» спынілі гульню ў футбол, бо свісток суддзі стаў нячутны. Ксёндз Юзаф Чайка, рабін Шнэур-Залман Шапіра і бацюшка Бяляеў, кожны заняты сваімі думкамі, выпадкова сутыкнуліся на рагу і адзін з адным забыліся паздароўкацца, бо перад імі нечакана ўзнік ён – чорны бліскучы куфар! А гаспадар тартака Мордух Рымар вёў жонку Бушкех, дачку Рахель і сына Берла ў рэстаран «Варшавянка», але так загледзеўся на куфар, што завёў іх у рэстарацыю «Палессе». У гэту хвіліну натарыус Альфонс Тускевіч расказваў дырэктару Беларускага музея Антону Луцкевічу (пан Антон толькі што прыбыў з Вільні!) пра знаходкі, якія адкрыліся ў час археалагічных раскопак тутэйшай Замкавай гары. Натарыус не дагаварыў, а дырэктар не даслухаў – паўз іх, раскідваючы каменна-жалезныя зыкі, прамільгнуў куфар! Службовец з касы Стэфчыка апавядаў ціхмянаму просьбіту, што кідальніца кап’я Марыя Кваснеўская здабыла на Берлінскай алімпіядзе бронзавы медаль, і хацеў далей апавядаць, што гэты медаль больш важны, чым золата і срэбра немак Флейшар і Кругер, бо гэта польскі медаль, але службовец тут жа «обопне́ў»13, не здолеў гаварыць – ля касы Стэфчыка вырас куфар! Навучэнцы платных купецкіх курсаў чыталі ўголас газету: «Sukces polskiej piłkarskiej drużyny olimpijskiej!»14 – маўляў, ура, нашы выйгралі ў каманды мадзьяраў 3:0, але тут гарачае паветра, што цмокнула з-пад куфра, выхапіла з рук скамечаную газету і занесла яе на параход «Норвід», які ўжо выйшаў на сярэдзіну Гарыні і развярнуўся ў бок Прыпяці, і ягоныя пасажыры з квіткамі да Пінска падумалі: «А ў Пінску нам не павераць, калі мы раскажам пра куфар!» Але навошта, каб верылі, калі яно проста ёсць! З куфра, абсыпанага каляровымі зорамі, не зводзілі вачэй і дзяўчаты кравецкіх курсаў, і вучні школы «Тарбут», і афіцэры штаба 17-га батальёна корпуса памежнай аховы. Але самы шчыры быў гэты абразок – на куфар, як на жаданае прыстанаўле́нне15, зачаравана глядзелі хлопчык Васіль і дзяўчынка Люба! 3 снежня 2021 г., пятніца, 16 г. 56 хв.; Менск.
1 Крам – тканіна, якую набіралі ў крамах. 2 Казачы́на – фасон жаночага (часам і мужчынскага) адзення. 3 Кра́йка – паясок з узорам. 4 Налі́снік – станік. 5 Га́лька – камбінашка. 6 Ко́леншчына – баваўняная тканіна. 7 Абзада́чваць – даваць задатак. 8 Ціхля́нка або ціх – істота давыд-гарадоцкай дэманалогіі. 9 Смачна есці! (польск.) 10 Збэ́чыўся (давыд-гарадоцкае) – збіўся з толку, памыліўся. 11 Вайсковы парад! (польск.) 12 Тут літаральна: разбой на роўнай дарозе! (польск.) 13 Обопне́ць (давыд-гарадоцкае) – анямець, знерухомець. 14 Поспех польскай алімпійскай футбольнай каманды!» (польск.) 15 Прыстанаўле́нне (давыд-гарадоцкае) – тэатральны спектакль.
Камода Даўней у нас гаварылі: трэба дуб1 – ідзі да Якава Куста; хочаш мець фаску – ідзі да бондара Концуба; думаеш пра свайго воза – ідзі да стэльмаха Есіпа Паўловіча. А як не можаш без камоды, – «онёо́»2 сталярня Якава Клубушкі! Ішлі, праўда, не толькі да іх, да іншых умельцаў таксама, але іншых упаміналі менш (у каго якое шчасце!), таму неяк само па сабе ў галовах склалася, што толькі Якаў Куст (хай і за большыя грошы!) вымайструе самы гонкі дубок, бондар Концуб – самы зручны цэбрык, стэльмах Паўловіч – самыя зграбныя калёсы, а сталяр Клубушка – самую файную камоду. І сапраўды ж, гэтыя майстры былі з найбольшым прыродным дарам тонкага ўмельства, і той жа Клубушка лічыўся ці не самым удалым у нас камодчыкам… Камода – святочная будоўка з падвойным дном на дзве шуфляды, якія змяшчаліся ўнізе, блізка ад колаў. Камода шанавалася гаспадарамі больш за куфра, і ад майстра-камодчыка вымагала і больш далікатнага ўмення. Тое незабыўнае ўменне-майстроўства дыхала павольным разлікам, пахам жывіцы, нагостраным на асялку жалязкам, празрыстымі стружкамі з фуганка, насліненай уедлівасцю хімічнага алоўка… У скрыні камода ўзяла плоскае века, у куфра – жалезныя, але шырэйшыя колы, а разам ад скрыні і куфра – крыху аковы, бо толькі на дно – туды, дзе колы. Замочная адтуліна камоды, – як гербавы знак! Родная скрыні і куфру, – камода адрозная ад іх! Шэрая скрыня таіла ў сенях цвёрдую надзею, чорны куфар захоўваў у хаце трывалае задаволенне, – камода ж, маючы колер яечнага жаўтка, стварала ў хаце сонца. Вясёлая на вока ярка-жоўтая камода атулялася шклістым арнаментам, у якім блюзнілася і далёкая марская хваля, і блізкі пеўневы хвост, і блакітны водсвет пабеленай столі. Узоры, якія йшлі ад душы… Размалёўваў камоды (куфры таксама!) наш мастак Барыс Сыса. Іншы раз на распісаную і светлаваную лакам камоду ставілі цацачны кошык з цукеркамі. Я памятаю выразныя абрысы таго каляровага кошыка і ведаю: тое, што не забываецца, якраз і мае добра бачныя контуры… А яшчэ я знаю: сапраўднае хараство заўсёды сціплае, і ўладальнікі гэтага хараства і надалей мелі творчую схільнасць, ідэі, намеры, задумы, але ў 1950-я, Пашырылася мэблевая прамысловасць, запанаваў канвеер, і ці не кожная асобная майстэрня спазнала заняпад, і наогул паволі заняпала ўсё цудоўнае саматужніцтва. Такая праўда, а праўда (вочы жыцця!) часцей засмучае, чым радуе. Тая праўда адышла ў мае родныя кадацкія гароды, як і тое жыццё, якое мела простыя з’явы і няпростую загадку – смерць. Так, у тым блізкім да поту і мазаля звыклым жыцці калолі свіней, білі трусоў, рэзалі авечак, лупілі кароў, секлі зелле, рубалі дровы, а дабра ў тым жыцці жадалі гэтак: каб па табе ў царкве не пазванілі! Аднак жа радасць у тым дзіцячым жыцці з’яўлялася штодня… Аднойчы кошык з цукеркамі саставілі з камоды на акно і паднялі сонечнае века. У камодзе я ўбачыў плюшавы сак і белыя гузікі нафталіну; яны заблыталіся ў каракулевым каўняры, які ляжаў у кутку асобна. З-пад гэтага старасвецкага каўняра дасталі шандал, кружок воску і суканыя ільняныя ніткі… Воск трошкі падагрэлі ў металёвай місцы на прыпечку, пры гэтым глядзелі, каб у міску не нападала з коміна сажы, а тады цёплую і мяккую масу раскачалі, уклалі ў яе навошчаную нітку і ссукалі свечку. Калі свечка падсохла і астыла, яе абстукалі зверху да нізу мокрай кляновай лыжкай і нават, крыху лінуўшы вады на стол, пакачалі ў вадзе. Не хацелі, каб свечка была матавай, а то і зусім цьмянай; хацелі, каб яна – Века апусцілі, кошык паставілі на камоду, у свечцы запалілі нітку, і нітка, блакітна загарэўшыся, ператварылася ў кнот. Гэта было вельмі прыгожа – на камодзе свечка ў шандале і кошык з цукеркамі. 10 снежня 2021 г., пятніца, 21 г. 36 хв.; Менск.
1 Дуб (давыд-гарадоцкае) – лодка. 2 Онёо́ (давыд-гарадоцкае) – вунь.
comments powered by HyperComments |