Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў

ЛІТУРГІЯ ЧАСУ

I

Сорак гадоў раздражняў Мяне род гэты, Я сказаў:
гэта народ, які заблудзіўся сэрцам; яны не спазналі дарог Маіх; і таму прысягнуў Я ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у Мой спакой.

Псалтыр 94:10-11

 

Сорак гадоў…

Сорак гадоў…

Сорак…

Ты перайшоў

шляхам нязнаным мора.

Ты абхітрыў

лёс незайздросны рабства.

Волі віры

для неабуджаных – пастка.

Для ненароджаных

свет, дзе жывуць, – скруха.

Шляхам няходжаным

голас бяжыць да вуха.

Вушы глухіх,

вочы сляпых…

Годзе!

Так у спакой

Мой не ўвойдзеш, народзе!

                                                              11 жніўня 2022

 

II

…Няма больш прарока, і нікога няма,

хто б ведаў, як доўга гэта будзе.

Псалтыр 73:9

Ніхто не ведае,

ці доўга будзе

студзіць нас бедамі

бясконцы студзень.

Праклён звычайнасці –

хвілін бясконцасць.

Не распадаецца

чакання стронцый,

не распадаецца,

адчаю радый –

не дачакаешся

іх паўраспаду.

Гады і месяцы –

праклён ці шчасце?

Бо не нап’ешся ты

вадой бясчасся,

як не падыхаеш

агню паветрам.

Хадзіць – не выхадзіць

стагоддзя нетры.

Няма прарока тут,

каб часу голас

пачуў у рокаце

жалезных колаў.

                                  12 ліпеня 2022

 

III

Вось народы – як кропля з вядра, і лічацца як пылінка на вагах.

Кніга прарока Ісаі 40:15

Народ мой – кропля з вядра.

Вада, ці кроў, ці сляза?..

З якіх незагойных ран

піла майго часу лаза?

Хто скажа, народзе мой,

ці лёс твой – уздых пустаты?

Трымценне кроплі адной

ці значыць штосьці прад Тым,

Хто плача рыданнем рэк,

маўчыць маўклівасцю гор?..

…………………………………

Ты кропля з ЯГО павек,

народ адчаю майго!

                                              11 жніўня 2022

 

IV

Не зрабіў Ён таго ніякаму іншаму народу,

і судоў Ягоных яны не ведаюць.

Псалтыр 147:9

 

…І судоў Яго яны не ведаюць,

бо суды Яго прайшлі над намі,

як аблокі чорныя і светлыя,

як агонь, што з вечнасцю яднае,

 

як палын, што з неба яркай зоркаю

падае ў Бярэзіну і Прыпяць.

Ці крывёю, ці слязою горкаю

келіх гневу поўны. Піць – не выпіць.

 

Бо шляхоў бяды – хадзіць не выхадзіць,

бо Яго суды – дарунак шчодры.

Хмара бэзу сумнай парадзіхаю

праліе салодка-горкі водар.

 

Бо суды Яго ў зямлі егіпецкай

Ніл паілі чырванню Ірпені,

а віно Дняпра – слязою Прыпяці,

ноч Пітома – магілёўскім ценем.

 

І маўчыць нямая апраметная,

і аглухлі рэкі Вавілона,

бо судоў Яго яны не ведаюць

і струменяць у палон з палону.

                                                                 23 мая 2022

 

V

Хлеб наш заўтрашні1 дай нам сёння:

толькі Заўтра накорміць нас.

Бо з бясчасся святога ўлоння

нарадзіўся ў пакутах час.

 

Гэтак з чэрава беспрастор’я

нарадзіўся Сусвету крык.

І яго адвечнае гора

смехам заўтрашнім азары.

 

Твайго Вечнага Заўтра хлебам

голад сённяшні наталі.

Хай высокая воля неба

будзе

воляй

зямлі.

                                              27 чэрвеня 2022

 

VI

Цяпер адпускаеш слугу Твайго…

Евангелле паводле Лукі 2:29

І ўбачыў я, што скончана сяўба,

убачыў плод, што нарадзіла дрэва.

Адна ў прарока на зямлі патрэба…

Цяпер адпусціш Ты Свайго раба.

 

Садам маім нястрашны недарод,

палям маім не быць зямлёю голай.

Адно ў прарока зерне – Божы голас,

адно ў прарока поле – свой народ.

 

І хутка ўстануць тут рады стагоў,

бо голас неба стаў дзіцячым плачам,

і вырасце Дзіця, а гэта значыць,

што адпускаеш Ты раба Свайго.

 

Так з безаблічнай немасці эпох

аднойчы паўстае адна гадзіна,

што мае твар і голас – свой, адзіны…

І гэтым голасам гаворыць Бог.

                                                                 11–12 жніўня 2022

 

 

Вітражы Марка Шагала «Дванаццаць кален Ізраіля»

 

  1. Рувім

Мора нястрымныя воды.

Неба няспынная сінь…

Першы з князёў народа,

першы Якуба сын.

Неба глядзіцца ў мора,

дух углядаецца ў плоць.

Неўтаймаваны нораў –

прорвы злавеснай святло.

Моц, і праклён, і згуба

змрочнае мілаты…

 

Першы з сыноў Якуба –

першым не будзеш ты!

                                                29 ліпеня 2022

 

  1. Сымон

Крылаты конь вайны,

крылаты бык ахвяры,

планеты, птушкі, сны,

кроў, кветкі, сонца, мары,

дзень, ноч, дабро і зло,

малітвы і праклёны…

 

Адвечны каталог

жыцця і скону.

                                 29 ліпеня 2022

 

  1. Лявій

Золата храма,

песня меноры –

сонечнасць гукаў

вечнага хору.

 

Зорка Давіда,

камень скрыжаляў…

Дыхае ў храме

сонечнасць даляў.

 

Сонечнасць літар –

вось твая маці.

Слова праменне –

вось тваё брацце.

                                              30 ліпеня 2022

 

  1. Юда

Карона царская і царская парфіра –

вось колеры віна… Або віны?

Чакай Цара, што ўздыме келіх міру,

а не вайны.

 

Бо колер смерці і жыцця – той самы –

скрываўлены рубін.

Заслона па-над сцэнай вечнай драмы

пафарбавана ім.

                                              30 ліпеня 2022

 

  1. Завулон

Як сонца коціцца

з нябёс у мора –

так кроўю поўніцца

жыцця прастора.

Багаты скарбамі

марскіх бяздонняў –

чырвонай фарбаю

паі сутонне.

Багаты тайнаю

прарочай ежы –

быцця адчайнае

кармі бязмежжа.

Ахвярай шчыраю

накорміш горы…

 

…Вячэрняй чырванню

смяецца мора.

                              30 ліпеня 2022

 

  1. Ісахар

Панадная зелень зямлі.

Прынаднае рабства спакою.

На плечы цяжар узвалі,

зрабіся зямлі слугою.

 

Зрабіся моцным аслом –

упрыся ў зямлю нагамі.

Глядзі, як жыццё парасло

спакуслівай цішы стагамі.

 

Пра волю ўспамін не цвялі:

навошта шчасце такое?

Панаднае рабства зямлі.

Прынадная зелень спакою.

                                                              31 ліпеня 2022

 

  1. Дан

Хітры змей у траве не тоіцца –

на дарозе прывольна лёг,

быццам кажа вясёлы забойца:

«Паспрабуй абысці свой лёс!

Што хавацца мне, строіць хітрыкі?

Сам што трэба з дрэва з’ясі».

 

Разліло на празрыстай палітры

неба стылае срэбную сінь.

                                                              2 жніўня 2022

 

  1. Гад

Шуганула чырвонай магноліяй

над лістотаю крылле вайны.

Так змагаюцца колер з колерам,

гэтак з явай ваююць сны.

 

Гэтак чырвань рубіну выбухам

у атруце смарагду зеўрае.

Гэтак глыба ўразаецца ў глыбу,

сутыкаецца хеўра з хеўраю.

 

Як распусце ў суседстве з цнотаю,

гэтым побач няўтульна фарбам.

Над зялёнай мокрай лістотаю

крылле смерці раскінула барва.

                                                              3 жніўня 2022

 

  1. Асір

Сад птушак і маслін. І сем галін меноры.

Рака твая – алей, імя тваё – Асір1.

Нясі віно цару, каб цар быў у гуморы,

бо цар святкуе мір.

 

Спеў птушак і маслін, і праз галлё праменне

ліецца, бы алей, бруіць ля тваіх ног…

Тваё імя – адно

няўлоўнае імгненне,

калі смяецца Бог.

                                     4 жніўня 2022

 

  1. Нефалім

Пояць нябёсы золатам

мірную лань.

Будзь на зямлі вясёлым ты,

сыне святла!

 

Захад і поўдзень – твой

вечны надзел.

Слова тваё – спакой,

подых надзей.

 

Слова тваё – аб сыне,

што вярнуўся з шэолу1.

Гэтак гучыць у пустыні

водаў прарочых голас.

                                              5 жніўня 2022

 

  1. Язэп

Як лёс тканіну тчэ сваю?

Як незямное ўсходзіць царства?

– Хаваюць зернетка ў зямлю

і брата прадаюць у рабства.

 

І думку песціць чалавек:

«Мае шляхі ў маёй уладзе».

Ды іншы спеў жыццё раве,

і лёсу суд не гэтак радзіць.

 

Стаў залатым раба ланцуг,

і парастак зрабіўся кронай,

дзе ўзносяць пераможны лук

цар-птушкі ў незямных каронах.

Насенне кідаюць у гразь,

ды зернетку няшмат і трэба…

З раба паўстаў магутны князь,

з труны жыцця паўстала дрэва.

 

Дабраславенні вышыні

нясуць яму далоні ветру,

і п’юць удзячна карані

дабраславенні чорных нетраў.

 

І хіліць дрэва цераз плот

цяжкіх галін дабраславенне,

каб зноў у вечнасць паплыло

непераможнае насенне.

                                                 6 жніўня 2022

 

  1. Веньямін

І вечар – быў, і раніца – была,

бо гэты свет аднойчы змог адбыцца.

Рахіль заснула. Значыць, ёй прысніцца

сем колераў празрыстага святла.

 

Як сем пялёсткаў, сем вялікіх дзён,

сем нот, што загучалі па-над хмарай…

Пад ружай – воўк з забітаю ахвярай.

Не бойся: тым, хто спіць, нястрашны ён.

 

Бо сёмы дзень вярнуўся назаўжды,

каб адпачыў нямоглы і нядужы.

Забудзь усё, што чуеш ты пад ружай,

забудзь стагоддзі, твары, гарады,

 

Парыж, і Віцебск, і Ерусалім.

Бо насамрэч тут не было і твараў.

Тут кветкі, птушкі, воўк з яго ахвярай,

зямля, нябёсы, мора і што ў ім.

 

А ўсё, што за, – аб тым не трэба слоў:

калі пяе святло, сціхае розум.

Адзін прарок пачуў, але sub rosa

Шабат шалом, калі пяе святло!

                                                                   7 жніўня 2022

 


Апублікавана

у