Сцэнарыст
Раман
1
Даўно, ледзь не ў даайфонаўскую эпоху, прынамсі, задоўга да Вялікага Каранціну і ўсяго, што затым пачалося, на базе нашай айчыннай, сусветна вядомай кінастудыі вырашылі стварыць нешта кшталту філіяла ці даччынага адгалінавання. Новая ўстанова павінна была займацца развіццём і папулярызацыяй выключна нацыянальнага кіно. Сказана – зроблена. З назвай доўга не мудрылі, назвалі проста: “FilmBell”, што значыла – фільм прыгожы; падвойная італьянская “эл”, на думку маркетолагаў, прыўносілі сюды павевы вялікага Феліні.
Аднак неўзабаве высветлілася, што, акрамя гэтай сімпатычнай, па прынцыпе інверсіі створанай назвы, дзве ўстановы нічым не адрозніваюцца, а падобныя адна да адной як дзве кроплі вады ці вось, як Оля і Яло. Абедзве мелі аднолькавую штатную структуру, адну і тую ж матэрыяльна-тэхнічную базу (так званы Смалявуд), для абедзвюх асноўнай крыніцай існавання з’яўляліся сумесныя руска-беларускія праекты.
“У Маскве цяпер не тое што здымаць – жыць нельга, – запэўніваў вядомы рускі кінадзеяч, – а тут проста рай: выдатныя натуры, вуліцы, а галоўнае – людзі, прафесіяналы кіно, акцёры другога плана, якіх можна наняць за мізэрную аплату; характэрныя славянскія твары, ніхто не гэкае і ўвогуле гавораць па-руску лепш за масквічоў”.
Апошняе было чыстай праўдай. У абедзвюх нацыянальных установах не гучала практычна ніводнага нацыянальнага слова. Напачатку “FilmBell” паводзілася, як і належыць адлюстраванню, цалкам прызнаючы сваю другаснасць. Ёй нават у рэкордныя тэрміны, за адно лета, удалося зняць паўнаметражны фільм, само сабой, пра вайну. Каб усё было праўдападобна, здымалі не ў павільёне і не ў Смалявудзе, а выязджалі на натуру, ажно ў Рудабельскія лясы, куды нават немцы ў вайну ішлі-ішлі, ды так і не дайшлі і дзе стварылася на ўвесь перыяд акупацыі славутая партызанская Рудабельская Рэспубліка. Гэта быў той самы фільм, у якім партызаны гаварылі па-руску, а паліцаі – па-беларуску. Героі актыўна выкарыстоўвалі лексіку сучасных дарожных войнаў: “ты чё творишь?!”, “ну всё, ты попал! – мажь лоб зеленкой”. Група беларускіх партызанаў ехала на дрызіне і спявала задушэўным хорам: “За Россию-матушку – постоять, за Россию-матушку – всё отдать”. Мясцовыя жыхары – беларускія сяляне, пілі чай з самавараў (якіх у Беларусі зроду не было, як не было і звычкі піць чай), “окалі” і “токалі”: “Схожу в Минск-то, на разведку”. Камандзір беларускамоўных паліцаяў кідаў падначаленаму: “Выканаеш заданне – набяры!” На жаль, ці на шчасце, гэты неверагодны фільм так і не выйшаў у пракат. Пяць мастацкіх саветаў не адважыліся яго зацвердзіць з прычыны поўнай бездапаможнасці, і ён ціха, назаўсёды лёг на пыльную паліцу архіва.
Аднак мала-памалу “FilmBell” падрос, агледзеўся і скеміў, што да чаго. Спачатку нясмела, затым усё гучней, усё больш упэўнена ён пачаў падаваць уласны голас, прэтэндуючы на той ці іншы выгодны праект. Пакрысе паміж дзвюма кінаўстановамі сапраўды ўзнікла канкурэнцыя, як і планавалася спачатку, толькі зусім не творчая – усё круцілася вакол самых банальных грошай: як лепш іх асвоіць і “распілаваць”. Пачаліся спрэчкі, узаемныя крыўды, пайшлі непазбежныя ў такіх сітуацыях судовыя разборкі. А тут яшчэ ў “FilmBell” аказаліся надзвычай спрытныя юрысты і так павялі справу, што неўзабаве ўжо немагчыма было разабраць, хто асноўны, хто другасны (як у тым фільме, дзе цень выйшаў з-пад улады гаспадара і зажыў уласным жыццём, а потым увогуле запанаваў над ім), – і вось ужо той, сапраўднай студыі давялося апраўдвацца і даказваць сваю першаснасць.
Адных толькі заказчыкаў “музыкі”, рускіх кінабратоў, усё задавальняла. Яны спакойна сабе падзялялі і ўладарылі і карысталіся міжусобіцай, часткова падаграваючы яе, каб не патухла.
Неяк у канцы зімы ў Мінску здымалі чарговы серыял з маскоўскага жыцця. Не абышлося без накладак. У адзін час на адной і той жа вуліцы вяліся здымкі яшчэ двух праектаў: пра міліцэйскую аўчарку, якая да болю нагадвала аўстрыйскага “Камісара Рэкса”, і пра вайну – масоўка, нямецкая форма, усё сур’ёзна. Групы сутыкаліся, перашкаджалі адна адной, сварыліся. Але працэс патроху ішоў. У маскоўскім серыяле ўсе “размоўныя” ролі дасталіся рускім акцёрам; нават бабулек, якія па-мыцішчанску пілі чай з самавара, прывезлі адну з Кастрамы, другую з Разані. Нашыя ж мясцовыя беларускія “прафесіяналы кіно” перабіваліся ролямі безгалосымі, выступалі ў масоўках, статыстамі; адзін малады рэжысёр у якасці каскадзёра скакаў на поўнай хуткасці з электрычкі.
Але незадаволеных не было. Ніхто ні на што не наракаў. Усе ведалі сваё месца і, прынамсі, знешне, на словах, ахвотна падтрымлівалі меркаванне пра саміх сябе як пра рахманых, ціхіх, нібыта баяліся парушыць гэты шаблон і тым пакрыўдзіць, а то і раззлаваць капрызных братоў (а злавацца тыя ўмелі; напрыклад, адзін ці то рэжысёр, ці прадзюсар крычаў па тэлефоне: “Я уже не могу слышать ваши бредни, другого слова не нахожу – бредни о вашей якобы самостоятельности!”).
Нарэшце здымкі скончыліся, кінагрупа хутка знялася з месца, балазе, збіраць асабліва не было чаго, толькі апаратуру, а рэквізіты і дэкарацыі мясцовыя. На пероне каля цягніка “Мінск – Москва” галоўны рэжысёр серыяла нарэшце апынуўся хоць на пяць хвілін у нязвыклай адзіноце. Ён любіў гэты пах мазуты і гары, гудзенне цеплавозаў, звон рэек, камяні паміж шпалаў. Яму падабалася жывая мітусня вакзала, хаатычны рух яго, шум, абвесткі, якія будзілі ўяўленне пра іншыя гарады і другое жыццё. Ён прагульваўся па пероне і думаў не пра серыял з маскоўскага жыцця, гэтую падробку, а пра свой сапраўдны фільм, які здымаў ужо гадоў дзесяць і якім спадзяваўся не проста здзівіць, а скалануць свет. Серыяльныя меладрамы – гэта так, ні аб чым, практыкаванні ў стральбе. Яны здымаліся дзеля хлеба надзённага. А вось той фільм, амаль патаемны, прызначаны для закрытых паказаў на фестывалях, быў сапраўдным – і чаго толькі ў ім не было! Была сцэна, у якой нават запрошаная нямецкая порнаактрыса, далёка не святая, наадрэз адмовілася ўдзельнічаць; быў эпізод, пасля прагляду якога Міністэрства культуры рашуча запатрабавала вярнуць назад грант, які неабдумана само ж і выдала.
Цяпер, прагульваючыся на пероне мінскага вакзала, рэжысёр з горыччу, але і не без гонару, думаў: “Крывадушнікі! Вашыя ваенныя фільмы – крывавыя мясарубкі, дзе людзей рвуць на кавалкі, рэжуць, катуюць, гэта паказваецца ўсім, ад старога да малога, без абмежаванняў… Ну, нічога. Даведаецеся з Берлінарыя, што такое сапраўднае кіно”.
Ён зайшоў у вагон, цягнік крануўся і змяніў яго думкі. Ён глядзеў у вакно і ненадоўга развітваўся з гэтым дзіўным горадам. Харошы горад, добрыя людзі, хоць і наіўныя, спозненыя, якія захраслі ў мінулым стагоддзі, завіслі ў мілай патрыярхальнасці. Ад сацыялізму адарваліся, да капіталізму не прыйшлі. Не здольныя ні на што вялікае, але і на нізкае таксама, у адрозненне ад нас, рускіх. У нас усё крайнасці: рэвалюцыя, дык такая, каб свет здрыгануўся, капіталізм – каб мароз бег па скуры. Падышоў ззаду аператар:
— Знаёмая дзяўчына з Мінска кажа, што вельмі смешна глядзець фільм пра Маскву, пазнаючы ўласныя школы, вуліцы, завулкі.
– Мне на яе месцы не смешна, а крыўдна было б. Дарэчы, – успомніў рэжысёр, – на тым кадры, дзе праезд па вуліцы Карла Маркса… Трэба нешта памяняць. Каб не было відаць, што Мінск.
– Падмалюем збоку Астанкінскую вежу, – адказаў аператар, замоўк і таксама пачаў глядзець у вакно.
2
У танным рэстаранчыку за сталом каля вакна сядзелі двое мясцовых, гэтак званых “прафесіяналаў другога плана”, якія часова прыляпіліся да “FilmBellа” і падпрацоўвалі там. Адзін малады – рэжысёр (той самы, які скакаў з электрычкі), другі пажылы – сцэнарыст-літапрацоўшчык. Перад імі стаяў графінчык каньяку і ляжала адна на дваіх вялікая плітка шакаладу.
Пажылога звалі Іван Барысавіч Вечка. Яму было за шэсцьдзесят. Ён нібы перанёсся машынай часу з сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, бо і адзеннем, і знешнасцю падобны быў на колішняга настаўніка матэматыкі ці на сярэдняй рукі паэта-песенніка, у якога неўзабаве юбілей. Цёмны пінжак, светлая вадалазка пад горла (за апошні час мода зрабіла кола і вярнулася, і тое, што некалькі гадоў назад выклікала б здзіўленне і, можа, нават жаданне паморшчыцца ад безгустоўнасці, цяпер было да месца), акуляры ў вінтажнай аправе, кароткая, з падбрытымі скронямі прычоска – і хіба толькі рукі, вялікія, з шырокімі, як карасі, далонямі, больш прыдатнымі да касы і сякеры, чым да ручкі і клавіятуры кампутара, сведчылі, што вясковыя гены пальцамі не раздушыш.
За вочы пра гэтага Вечку на кінастудыі казалі, што ён не без Божай іскры, аднак лепшыя гады жыцця аддаў на пісанне пад рознымі псеўданімамі так званых рускіх камерцыйных раманаў, а потым, калі гэта перастала карыстацца попытам, асеў на кінастудыі, дзе перабіваўся літапрацоўкай, інакш – ажыўленнем герояў, напрыклад, аздабляў беларускімі слоўкамі і рэплікамі размову чарговага якога-небудзь беларускага дзеда-пчаляра, такога, які ўяўляецца рускім: добрага, простага, але з грубаватай хітрынкай Несцеркі: “а мае ж вы даражэнькія-родненькія, а мядку, гурочкаў, самагоначкі, сальца”. Акрамя таго хадзіла чутка, што гэты Вечка па-ранейшаму піша кан’юнктурныя, на заказ, сцэнарыі для гендырэктара кінастудыі Хрушчанкі, які падпісвае іх сваім імем.
Рэжысёру было гадоў дваццаць пяць. Звалі яго Віктар Скіндзер.
Раннія залысінкі абапал выпуклага лба, вузкая, вострая бародка, прадаўгаваты твар, вадзяністыя прыгожыя вочы. На шыі завязаны вузлом каляровы паласаты шалік (за канец якога так свярбіць рука пацягнуць). Чалавек імпульсіўны, ён знаходзіўся ў пастаяннай супярэчнасці паміж ідэяй і яе рэалізацыяй. Яго грандыёзныя планы ўвесь час натыкаліся на ўсялякія перашкоды і, як вынік, на немагчымасць іх выканання. Кінематаграфічны вопыт у яго быў сціплы – пара анімацыйных кароткаметражак. Тым не менш цяпер ён насіўся з ідэяй паставіць па-новаму “Палескіх рабінзонаў” – з пазіцыі веганаў, бо сцвярджаў, што ў арыгінальным тэксце “жорсткасці многа, забойстваў многа”. У яго варыянце Мірон і Віктар цэлы месяц жылі на востраве на падножным корме. Пры тым сам Скіндзер зусім не з’яўляўся, як ён казаў, здлажаўцам (Здаровы Лад Жыцця), любіў мяса, пах яго і смак, мог многа выпіць і закурыць не толькі тытунь.
З Вечкам яны пазнаёміліся ў пачатку зімы, з паўгода назад, і неяк адразу паміж імі ўзнікла сяброўства не сяброўства, а нейкая цяга адзін да аднога, як часта бывае паміж старым і маладым. Вечка знайшоў сабе ўдзячнага сумоўніка. Скіндзер умеў слухаць, больш маўчаў, чым гаварыў, і толькі зрэдку бяскрыўдна паджартоўваў над старэйшым сябрам, а то і пацвельваў яго, напрыклад, прапаноўваючы напісаць “такі твор, каб усе ахнулі”; яго смяшыла, што Вечка прымаў усё за чыстую манету і пачынаў тлумачыць, чаму гэта немагчыма.
І вось яны сядзелі за столікам каля вакна, выпівалі, закусвалі, адломваючы кавалкі горкага шакаладу з арахісам, і ціха размаўлялі, ці, лепш сказаць, у асноўным гаварыў Вечка, а рэжысёр слухаў, калі-нікалі ўстаўляючы рэплікі. Збоку магло падацца, што малады бярэ ў пажылога інтэрв’ю. Вечка разважаў пра кінамастацтва: на чым яно трымаецца, а таксама наракаў, нібы завочна палемізуючы з маскоўскім рэжысёрам, як атрымалася, што ўсё стала такім убогім; куды знікла геніяльная савецкая кінашкола, якая некалі ў плане мюзіклаў, напрыклад, пераплёўвала Галівуд; хто б мог падумаць, што пасля шэдэўраў Гайдая, вялікіх трагікамедый Разанава, светлых дзіцячых фільмаў Нячаева апусцяцца да “знахароў”, “глухароў” і “сватоў”.
– Ды хто цяпер здымае фільмы, – уставіў Скіндзер. – Цяпер серыялы, з працягам.
– Рускі серыял! – падхапіў Вечка. – Восьмы цуд свету, адно з самых неверагодных вынаходніцтваў у гісторыі кіно. Я іх называю “здравствуйте –
здравствуйте”. Пытанне – адказ. “Вы кто? – Я? – Вы, вы. – Я Софья Павловна Кувшинникова. – А вы не знаете, где живет Афанасий Апполинарьевич Воскобойніков? – Почему не знаю, знаю”. Гучыць падрабязны адрас ледзь не з паштовым індэксам і кодам дамафона. Паўфільма пад трывожную музыку едуць да Васкабойнікава – а ён і праўда дома! Сядзіць як ні ў чым не бывала! Атрымліваецца ўсё акурат “як у жыцці”, голае прамое дзеянне. А дзе гульня? Дзе чароўны падман?
– Дзе чароўны падман? – паўторам Панікоўскага адгукнуўся рэжысёр.
– Знікла гульня, а толькі адна яна і ёсць мастацтва. А чаму, спытай?
– Чаму?
– А ў іх, у цяперашніх, ні ў кога няма ўласнага светапогляду. Лепш сказаць, яны прымаюць за светапогляд існуючы лад рэчаў. Ёсць багатыя і ёсць бедныя, багатымі хочуць стаць усе, беднымі – ніхто; значыць, “бабло перамагае зло”, апрыёры багаты – станоўчае, а бедны – адмоўнае. Але мастацтва не падманеш. Ёсць кіношны бог, і ён пачынае за сябе помсціць. Герой, які задумваўся як станоўчы, раптам праз дэталі робіцца такі, што лепш махнуць рукой, плюнуць на ўсе светапогляды і рабіць, як да гэтага: пабольш эфектаў, агульных планаў, бясконцых дыялогаў. Так яно прасцей, больш надзейна, а галоўнае, больш грашова. Але ведаеш, чаго яны больш за ўсё баяцца?
– Прашу прабачэння, – рэжысёр дастаў смартфон, які дзынкнуў. – Так, прыеду, абавязкова. Калі? Увечары. Пазыкі раздаю, – патлумачыў ён Вечку. – Дык чаго баяцца?
– Абвінавачванняў у сацыяльнасці.
– Няўжо?
– Больш за ўсё на свеце. Любы станоўчы бядняк навядзе, чаго добрага, на думку чарговай сацыяльнай рэвалюцыі – вось гэтага і баяцца. Таму ўсё бягом, ўсё хутчэй. Між тым, калі б яны хоць на хвілінку спыніліся, дык зразумелі б, што гэты цяперашні час, які здаецца ім устойлівым і вечным, – такі ж кароткі і цякучы, як некалі час савецкі. А зразумеўшы, можа, нарэшце звярнулі б увагу на вечныя тэмы.
– Вечныя тэмы. Бог ты мой, – пасміхнуўся рэжысёр. – Ужо і слоў такіх не існуе. – Ён памаўчаў, пачакаў, калі Вечка вып’е і закусіць, і сказаў: – А ведаеце што, спадар Іван Барысавіч? Вы так ва ўсім разбіраецеся. Напішыце самі сцэнарый. Бомбу. Каб усе ахнулі. А я зняў бы фільм.
– Не, мая песенька спета, – уздыхнуў Іван Барысавіч. Кожны раз ён пападаўся на такое. – Я як той гогалеўскі мастак з “Партрэта”. Не паверыў сабе, свайму дару, растрос, разбазарыў. Надта з вялікай бядоты выбіваўся, дужа лёгкімі здаваліся грошы. А цяпер позна. Ні грошай, ні дару, ні нават імені.
– Не прыбядняйцеся, Іван Барысавіч. Вы і цяпер яшчэ ого.
– Ды і пра што пісаць?
– Мне вас вучыць? Пішыце на тыя ж вечныя тэмы. Гістарычныя, сучасныя, – пачаў раіць рэжысёр з куды большым імпэтам. – Пра тое, што вас цікавіць. Што вам цікава?
– Мне? Нават казаць сорамна.
– Смялей. Мы ж сябры.
– Машына, прыпаркаваная на газоне. Акурак, выкінуты з вакна. Зламаны ці засохлы саджанец; сабака, які задзірае нагу на кветку, з любоўю некім пасаджаную. Самыя нікчэмныя рэчы сталі раптам самымі цікавымі.
І наадварот. Вандроўка мая па жыцці канчаецца, і чым бліжэй я да апошняй мяжы, тым больш усё, што некалі здавалася вялікім, сапраўдным, важным –
астывае, асыпаецца, а няважнае, дробнае – вырастае, набліжаецца, запаўняе сабой усю маю і без таго абмежаваную прастору.
Рэжысёр уважліва слухаў.
– Азіраюся назад і бачу: самае шчаслівае ў жыцці было, калі прасіў прабачэння, няважна ў каго – перад кім быў вінаваты ці не быў. Гэта адно сапраўднае. А самае горкае, калі крыўдзіў і не прасіў прабачэння, зноў-такі няважна – было за што ці не.
– Пачакайце. Вы ж не пісалі даносы? Не здраджвалі радзіме? Не стралялі няшчасных па цямніцах?
– Не, – вінавата адказаў Вечка. – А такое адчуванне, што рабіў гэта.
– Ды што канкрэтна?
– Ай. Настаўніка перадражніў неяк, я ўмеў падрабляць галасы, як многія падлеткі, і ён адвярнуўся да вакна, каб не бачылі яго слёз. Не саступіў месца старому чалавеку з кійком. Не памог аднакласніцы сабраць высыпаныя з партфеля кніжкі і сшыткі, а па іх ужо ступалі чужыя чаравікі…
Рэжысёр выпіў каньяку, прамакнуў рот сурвэткаю і сказаў:
– У вас проста душа тонкая. Цяпер такіх ужо няма. З цэлага жыцця вынесці толькі такія грахі! – трэба яшчэ пастарацца.
– Кажуць, ніколі не вяртайся туды, дзе быў шчаслівы, – працягваў Вечка. – Але ж ніхто не кажа: не вяртайся туды, дзе быў вінаваты, дзе штось важнае страціў. Вось табе тэма. Некалі даўным-даўно, у пачатку лета, калі пахла маладымі лісткамі вольхі, два падлеткі вярталіся з горада, з ваенкамата, пасля медкамісіі, дзе атрымлівалі прыпісныя пасведчанні. Ішлі да вёскі. Тым жа аўтобусам разам з імі прыехала чалавек трыццаць, цэлы клас, гарадскіх школьнікаў. Заплечнікі, панамы, трыко, кеды. У турпаход. Шумны атрад рухаўся паперадзе падлеткаў. Дзве дзяўчынкі ззаду неслі кацёл на палцы. Падлеткі параўняліся з імі. Адна, якая ледзь прыкульгвала, мяккім ціхім мілым голасам, як у дзіцячых фільмах і кнігах, папрасіла: “Хлопчыкі, памажыце нам”. І тады адзін з падлеткаў – не са зла! падлеткі часта жорсткія, але ён жорсткім не быў, а, калі шчыра, быў ён проста дурным, – і вось ён ад дурной вясковай сарамлівасці пакрыўдзіў яе. Яму здавалася, што інакш нельга з дзяўчынкамі, бо ўвесь яго вопыт быў ад старэйшых хлопцаў, якія хто адслужыў, хто адсядзеў. Ён перакрывіў яе, умеючы ўвогуле перадражніваць. Язык яго вымавіў хрыпата-падлеткавым голасам чужое слова… Як яна сціхла! як прыгорбілася! нібы сцебанула яе тое слова па плячах. Як яна паглядзела моўчкі! якія вочы! якія слёзы! Сябар, адданы, раптам сам заліўся чырванню і крыкнуў на яго: “Ты што?!” Яму стала сорамна за тое, што стаіць побач.
– Амаль як у “Бесах” Дастаеўскага, – заўважыў рэжысёр.
– Падлетак пастараўся гэта забыць. Жыў далей. Разумнеў. Дарэчы, чаму чалавек з гадамі, як правіла, робіцца лепшым, разумнейшым, дабрэйшым? Нашто яму? У гэтым жыцці яно яму наўрад ці спатрэбіцца. Тады, можа, для будучага жыцця? Дык вось, праз паўвека, амаль каля апошняй мяжы, наш герой знайшоў яе, тую дзяўчынку.
– Пачакайце. Як знайшоў?
– Так, як цяпер знаходзяць, – праз сацыяльныя сеткі. Яна выставіла ў Фэйсбуку чорна-белы здымак з таго паходу. Ён пазнаў яе.
– Неверагодна.
– Ён напісаў ёй, і яна пацвердзіла, што гэта быў менавіта той паход, і была менавіта яна. Цяпер пытанне: як да яе падступіцца? Як нагадаць тое, пра што яна, хутчэй за ўсё, забыла даўно? Варушыць яго ці не? Сказаць: даруйце, я вас некалі абазваў, дык вось цяпер…
– Неверагодна, – паўтарыў рэжысёр.
– А як табе тэма? Што скажаш? Можа быць цікавы такі сюжэт каму-небудзь цяперашнім часам?
– Чаму. Гледзячы як напісаць. “Каматознікі” Шумахера. Айцец Сергій талстоўскі. “Кар’ер” нашага Быкава. Вечная тэма. Вярнуцца ў мінулае адшукаць прычыну і пастарацца выправіць яе, каб жыць далей.
Вечка азірнуўся. Нікога не было паблізу. Шумеў ціха рэстаранчык, манатонна, аднастайна звінеў.
– А-а, зрэшты, усё адно я не змагу нічога напісаць, – панізіўшы голас, сказаў ён. – Пры ўсім жаданні. Рэч у тым, – амаль прашаптаў ён, – што я прадаў душу д’яблу. Нават дамову падпісаў. Праўда, не крывёю, а атрамантам. У пераносным, канечне, сэнсе. Хаця як ведаць, мо і ў прамым.
Я даў распіску, што не буду пісаць пад сваім імем.
Рэжысёр з разуменнем кіўнуў. Ён падумаў, што ўсё ж праўда тое, што кажуць на кінастудыі пра старога. Сапраўды, значыць, піша кан’юнктурныя сцэнарыі для гендырэктара Хрушчанкі.
– Мне трэба былі грошы. Тэрмінова. Заплаціць за ідыёцкую прыватызацыю кватэры. У свой час гэтага не зрабіў, бо ніколі не думаў пра такія рэчы. Затое яны, такія рэчы, думалі пра мяне і ніколі не забывалі. Дзесяць тысяч, першы ўзнос. Я звярнуўся да Хрушчанкі. Ён даў, менавіта нават не пазычыў, а даў – пры адной умове…
– Пісаць для яго?
– Нават не гэта. Дастаткова не пісаць для іншых.
– А сэнс?
– Як у футбаліста, якога купляюць і садзяць на лаўку, абы не гуляў за чужую каманду. Я нават даў распіску. Канечне, юрыдычнай сілы яна не мае, хаця, можа, і мае.
– Пішыце пад псеўданімам.
– Якія цяпер псеўданімы? Ды яшчэ ў нас, у Беларусі, дзе ўсе пішучыя практычна адно аднаго ведаюць. Няма ўжо такой рэчы, як ананімнасць.
– Пераходзьце на асноўную студыю.
– Не так усё проста, – уздыхнуў Вечка. – Я прывязаны тут намёртва. Прыкуты нябачнымі ланцугамі. Да таго ж, калі нават сапраўды забыцца на распіску, каму я цікавы? Каму патрэбен стары, сівы, бесперспектыўны? Нават без уласнага імені.
Рэжысёр сказаў:
– Ведаеце гэты стары анекдот? Як адна таленавітая, але пажылая пісьменніца пасылала замест сябе насіць па рэдакцыях тэксты маладую і прыгожую. Рэдактары млелі ад яе, друкавалі без чаргі і выпісвалі найбольшы ганарар, які дзве разумныя жанчыны дзялілі пароўну. Так і вы. Знайдзіце каго, пішыце спакойна, а ён хай падпісваецца і ад свайго імя пасылае ці носіць.
Тут дзед як бы крыху здзівіўся. Нават працверазеў. Паглядзеў на рэжысёра іншымі вачамі. Прамовіў:
– У мяне ўжо ёсць такі чалавек.
Рэжысёр адразу падумаў, што гэта ён. Цёплая хваля ўдзячнасці накрыла яго, як пуховая коўдра. Ён запунсавеў, заірдзеўся ад задавальнення, як чалавек, якому мала перападала пахвальбы, хоць ён мае ў гэтым штодзённую патрэбу. Яму таксама захацелася аддзячыць добраму дзеду.
– Яшчэ? – паслужліва прапанаваў ён, убачыўшы, што Вечка пазірае на пусты графін.
– Не. Дзякую. Трэба ісці. Правядзеш мяне?
3
Каля стойкі-вешака рэжысёр падаў Вечку шалік, капялюш, сам надзеў куртку, насунуў на галаву брылем назад бейсболку, якую насіў нават зімой, балазе, у горадзе не холадна. Яны выйшлі на вуліцу. Стаяў ясны, здаровы, з марозікам, бадзёры вечар. Неба на захадзе перакрэслівала сіне-чырвоная паласа – на пагоду, на вясну. Толькі шум гарадскі перашкаджаў. Але вось звярнулі ў двор, затым у нейкую вулічку, шум сціх, сталі чуваць крокі.
– А вы па-ранейшаму адзін? – спытаў рэжысёр.
І замёр у чаканні адказу. Неяк яшчэ ўвосень Вечка меў неасцярожнасць прагаварыцца, што застаўся адзін: “Уся сям’я не са мною. Жонка, дзеці – у Паставах, будуюць дом, толькі наездамі тут бываюць”, – сказаў і пашкадаваў, бо Скіндзер, беспрытульны бабыль, які вечна жыў на нейкіх здымных кватэрах, адразу ажывіўся: “Дык вы адзін?” – “Часова адзін, – зразумеўшы, куды ён хіліць, заспяшаўся Вечка. – Гэта выключана. Мы мужчыны, любім выпіць, а тут у любы момант жонка можа заспець… Не, не!” З таго часу рэжысёр гэтай тэмы не падымаў. Але цяпер атрымлівалася – раз Вечка сам прапаноўвае правесці яго ды яшчэ запрашае суаўтарам (а Скіндзер не сумняваўся, што пад маладым чалавекам, які будзе падпісваць чужыя сцэнары, стары меў на ўвазе яго), дык можна паспрабаваць зноў закінуць вуду наконт жытла. Таму ён перапытаў:
– Яшчэ не прыехала жонка?
– Не, – адказаў Вечка. – Яна, падобна, ужо ўвогуле туды жыць перабралася.
Спыніліся каля дома. Ёсць гэты момант, калі пасля сумеснай цёплай выпіўкі трэба развітвацца, а не хочацца, і ніхто першы не адважваецца сказаць: “да пабачэння”. Рэжысёр працягнуў руку. Але Вечка яе не паціснуў.
– Зойдзем? – прапанаваў ён.
У рэжысёра другі раз за вечар прыемна тахнула сэрца. Упершыню стары запрашаў яго да сябе. Дзеля блізіру ён крыху паламаўся, маўляў, цяпер ты мяне крыху паўпрошвай.
– Мне яшчэ доўг аддаць… Заехаць у адно месца.
– Рыба свежая смажаная ёсць.
– Рыба? – перапытаў Скіндзер, міжвольна аблізнуўшыся. Вочы ў яго бліснулі галодным маладым бляскам. – Смажаная?
– Зяць ловіць у Паставах, мне перадаюць пакункі з рэйсавай маршруткай. Што з ёю рабіць, з тою рыбай? Не глядзець жа на яе.
Гэта вырашыла ўсё. Падняліся новым ліфтам на сёмы паверх. Увайшлі. І тут рэжысёр, які не спадзяваўся нікога сустрэць, ад нечаканасці застыў у калідорчыку каля вушака. Бо гарэла святло, шумела вада ў ванным пакоі. Малады хлопец, высокі, няўклюдны, з жоўта-саламянай галавой, выскачыў з ванны, выцягнуўшы перад сабой мокрыя рукі, з ручніком на плячы, і хутка прашмыгнуў у пакой.
– А… гэта хто?!
– Кватарант мой, – адказаў Вечка, задаволены эфектам. – Цёзка! – паклікаў. – Ідзі сюды! Пазнаёмся.
Хлопец падышоў, выціраючы адна аб адну рукі, сарамліва, не гледзячы ў вочы, назваўся баском:
– Іван Лагун.
Рэжысёр моўчкі, даволі бесцырымонна ўставіўся ў яго. Гадоў 18-19. Даўгалыгі, па-падлеткаваму нязграбны. Лапавухі – вушы тырчаць, як у маладой рысі, толькі без кутасікаў на канцах. Хвалюецца, і таму сімпатычны гэтай сарамлівасцю, якую цяпер так рэдка пабачыш. Прыгожыя рукі, доўгія пальцы, тонкія рысы твару. Рэжысёр спытаў: адкуль родам? Хлопец адказаў: з Рудабелкі. На тым і адпусцілі яго. А самі пайшлі на кухню.
– Што, спадабаўся? – Вечка расстаўляў талеркі і чаркі. – Гэта ён і ёсць. Той чалавек, пра якога я казаў.
– Ды гэта ясна, – рэжысёр адчуваў расчараванне, лёгкую крыўду і нават зайздрасць. – Колькі ён вам плаціць? – спытаў ён.
– Ніколькі, што ты. Як можна. Лепш скажы, праўда, ёсць у ім нешта? Як ты лічыш?
– Ёсць, ёсць. Сімпатычны хлопчык. Яму б пластыку зрабіць – вушы падрэзаць, і можна ў кіно здымацца. У амплуа беднага сваяка.
– А ён і здымаўся, – сказаў Вечка, прысеўшы на табурэтку. – У масоўцы, падстрыжаны пад чырвонаармейчыка. Да іх у Рудабелку нашыя прыязджалі, кінабрыгада, і ён тры дні акопы капаў.
– Вось як?
Тут рэжысёр замоўк, задумаўся. Позірк яго застыў, як бывала, калі пачынала ў ім пульсаваць фантазія. Тым часам на стале ўзніклі выпіўка і закуска. Галодны рэжысёр пацяплеў і ўзяўся наталяць голад, толькі адскаквалі рыбныя галовы і хвасты. Дзед у гэты час расказаў пра кватаранта шчымлівую калядную гісторыю. Ён, гэты Іван Лагун, сірата. Бацька трагічна загінуў. Ёсць яшчэ маці і дзве малодшыя сястрычкі. Многа, не па-дзіцячы працаваў. Жаданне выбіцца ў людзі. Паступіў у ВНУ. Як часта бывае, пераацаніў сябе, пасля першай сесіі ледзь не вылецеў. Але пашкадавалі, пакінулі да вясны, каб там у армію. Стыпендыі не было. Уладкаваўся ў гіпермаркет – збіраць кошыкі і прадуктовыя вазкі.
– Там я яго і падабраў. Пашкадаваў гаротніка.
– Не ведаў, што такія студэнты яшчэ бываюць, – сказаў рэжысёр, аблізваючы па чарзе пальцы. Выпіўка і закуска рабілі сваю справу, ён заўважна палагоднеў. – Я думаў, яны толькі ў айфонах сядзяць і на прынтарах грошы друкуюць.
– А ён не такі, як усе. Ціхі, сціплы, добры, мяккі. Маўклівы. Несапсаваны зусім.
Парэшткі крыўды і зайздрасці зноў ажылі і заварушыліся. Рэжысёр сказаў грубавата:
– Вы дзеля гэтага мяне запрасілі? Каб расказаць, які ён харошы?
– Я запрасіў цябе, каб ты са сваім талентам, уменнем разбірацца ў людзях вызначыў, што ён за чалавек?
– Чалавек як чалавек.
– Ці падобны ён на цяперашніх аўтараў?
– Падобны, падобны. Толькі сціплы занадта. Не люблю такіх. Глядзіце, абчысціць кватэру, будзе вам.
– Не абчысціць. Хутчэй я яго абчышчу. У духоўным плане.
– Гэта як?
– Я мала ведаю цяперашніх маладых. І раз ужо ён у мяне жыве тут, хачу скарыстацца сітуацыяй, паназіраць за ім. Мо прыдасца.
– А казалі, ваша песенька спета, – нагадаў рэжысёр.
Тут стары раптам зноў, як і ў рэстаране, азірнуўся і перайшоў на шэпт.
– У мяне іншая задумка. Калі пісаць, дык пісаць; разыграць сцэнар не на паперы, не ў кампутары, а непасрэдна ў жыцці. Без кінакамер, акцёраў, аператараў, рэжысёраў, без усіх пасярэднікаў…
– Не разумею.
– Я хачу яму купіць латарэю. Выпісаць пуцёўку ў жыццё, фільм такі быў. А там як атрымаецца.
– Хто б мне выпісаў якую пуцёўку, – уздыхнуў рэжысёр. – Жартую.
– Я адным стрэлам двух, нават трох зайцаў хачу забіць, – горача шаптаў Вечка.
– І не скажаце мне? Не давяраеце.
– А ты будзеш маўчаць?
– Вы ж мяне ведаеце.
– Таму і пытаю, бо ведаю. Ну, добра. Слухай. Памятаеш дзяўчынку, якую я некалі пакрыўдзіў?
– Памятаю.
– Памятаеш, я казаў, што прыкуты да студыі нябачнымі ланцугамі? Дык вось, тая дзяўчынка, цяпер яна, канечне, бабуля, а не дзяўчынка, гэта маці нашай Інгі.
– Памятаю, – па інерцыі кіўнуў рэжысёр, але адразу ж схамянуўся. – Як? Нашай Інгі?! Яравой-Міхалевіч? Каторая галоўны рэдактар?
– Яе. Яны і знешне падобныя. Інга копія яе.
– А-а! – засмяяўся рэжысёр. – Я зразумеў. Вы зноў разыгрываеце мяне. Як з кватарантам разыгралі. Больш не куплюся.
– Сам можаш пераканацца, – Вечка працягнуў яму тэлефон. – Зайдзі на яе старонку, паглядзі профіль. Інфармацыя адкрытая. Ёсць там і пра дачку Інгу з кінастудыі. Яна мне зямлячка. Яна з Гомеля, і бацькі яе, а я – з вёскі з-пад Гомеля.
– Так не бывае, – сказаў рэжысёр.
– Яшчэ не так бывае. Я спісаўся з ёю. Яна адказала. Пацвердзіла, што сапраўды была ў тым паходзе. Сама прызналася. Цяпер разумееш, якімі я прыкуты тут ланцугамі? Каб увесь час быць бліжэй да Інгі. Памагаць ёй. Гэта адзіны спосаб, каб, памагаючы ёй, выпрасіць дараванне ў яе маці.
– А Інга ў курсе? Вы сказалі ёй?
– Не, канечне.
Развіталіся. Спускаючыся ў ліфце, рэжысёр прыгадаў словы Вечкі пра творчы падман і, усміхнуўшыся, падумаў, што хітры дзед наглядна прадэманстраваў яму выпадак чароўнага мастацкага падману; ну, можа, не зусім чароўнага і не зусім мастацкага, але – падману дакладна. Ён не сумняваўся, што і гісторыя з пакрыўджанай дзяўчынкай, і яе сувязь з Інгай, і гэты кватарант таксама – усё розыгрыш, прыдумка, напрацоўка творчага замыслу; стары фантазёр-выдумшчык проста водзіць яго за нос, а насамрэч ужывую, на яго, рэжысёра, вачах праводзіць эксперымент – стварае свой сцэнарый.
Тое, што ён так лёгка разгадаў чужы намер, зусім супакоіла і нават развесяліла рэжысёра. І ён з лёгкім сэрцам адправіўся даводзіць да канца свае справы – аддаваць пазыкі.
4
На вуліцы свежы вецер адразу абняў яго. Папраўляючы шалік на шыі, ён затрымаў позірк на неверагодна сінім лапіку неба. Вось харошы ракурс, не забыць бы. Падсвечаныя знізу дамы рабілі вуліцу казачнай. Як пахне блізкай вясной. Як рытмічна працуюць лёгкія і сэрца, поўныя кіслароду і алкаголю. У кішэні ёсць грошы. Наперадзе ў запасе яшчэ з паўсотні гадоў. Цудоўна жыць!
Скіндзер зайшоў у бліжэйшы гіпермаркет. Стоячы перад батарэяй бутэлек і выбіраючы, пашукаў вачамі камеру відэаназірання. Знаёмы ахоўнік з гіпермаркета па сакрэце расказваў, дзе мёртвая зона, куды не дасягаюць камеры, і адзін раз на безграшоўі Скіндзер ледзь пазбег спакусы сцібрыць дарагое віскі. Цяпер нават ва ўяўленні такога не ўзнікае. Вось яна, прамая карысць ад Вялікага Брата. Гэтак сапраўды неўзабаве выправяць характары, адвучаць ад дрэнных звычак. Ён выбраў невялікую пляскатую бутэльку, падкінуў яе на далоні, злавіў, падміргнуў чырвонай кропцы камеры і накіраваўся да касы. Яшчэ праз некаторы час ён пад’язджаў на таксоўцы да дома сяброўкі. Было пазнавата, каля дзевяці вечара. З якім іншым даўжніком можна было адкласці на заўтра. Але не з Рытай. Яна жыла без мужа, з маленькай двухгадовай дачкой, не асобна, а ў бацькоў, і, канечне, з ёй трэба было разлічвацца ў першую чаргу.
Гэтай Рыце было 22 гады. Раней яна працавала на здымках фільмаў “хлопушкой”– па-руску, ці “ляпалкай”– па-беларуску: выходзіла перад кінакамерай з невялікай дошчачкай, агучвала непрыстойнае слова: “Записьдубля!” і ляпала маленькім шлагбаўмікам. Таксама ў яе абавязкі ўваходзіла ўносіць нумары дубляў у журнал, каб потым не заблытацца ў тонах матэрыялу. Калі спехам пачаў стварацца “FilmBell”, яе аўтаматычна (бо не хапала людзей, а па-другое, так ці інакш была звязана з кінематографам) перавялі ў сцэнарны аддзел, хоць яна сама прызнавалася, што не мае ні таленту, ні схільнасці да гэтай прафесіі. У кітайскай іерархіі сцэнарнага аддзела яна займала самае нізкае месца – малодшы рэдактар.
Для Скіндзера яна з’яўлялася больш-менш надзейным спонсарам і ўвогуле карысным чалавекам. Праз яе рукі праходзілі сцэнарныя працы так званага ўнутрыстудыйнага конкурсу, і калі-небудзь, бывала, Скіндзер забіраў у яе са стала якуюсь цікавую карацельку малавядомага ці зусім невядомага аўтара і пасля касметычнай перапрацоўкі, пад сваім ужо імем, прадаваў у РФ за невялікія грошы. А аўтару казалі: не пайшло, пішыце новыя рэчы.
І быў яшчэ адзін момант. Скіндзер хоць і падсмейваўся з яе і часта называў “яжемаць” (так яна і запісана была ў тэлефоне – “рыта#яжемаць”), яна проста падабалася яму як дзяўчына.
Падыходзячы да пад’езда, ён маякнуў па тэлефоне, Рыта спусцілася і адчыніла дзверы. І гэты ракурс ён запомніў: у святле лямпачкі над пад’ездам чырвоны пухавік і белыя валасы. Падняліся на яе паверх, прайшлі на агульны шырокі, доўгі балкон. Сюды даставала святло ад вулічнага ліхтара.
У кутку стаяла старая гавайская гітара без струн і дзіцячыя саначкі. Рэжысёр адкрыў пляшку і каўтнуў. Рыце нават не прапаноўваў – ведаў, што яна не дакранецца. Як прызналася яна неяк: аднойчы ўжо выпіла, і вунь вынік, сапе носам у ложку пад коўдрай. Яна мела на ўвазе маленькую дачку. Курыць стараліся асцярожна і размаўляць ціха. У Рыты ззялі вочы. Усмешка не сыходзіла з яе твару. Рэжысёр ведаў, што яна крыху не ад гэтага свету. Па-дзіцячы пунсовыя вусны прагна абхоплівалі фільтр цыгарэты. І за гэта хацелася даць ёй па руках. Рэжысёр дастаў з кішэні грошы.
– Тут больш, чым трэба, – сказала яна. – Так ты ўсё раздасі і зноў будзеш пазычаць.
– А можа, мне хочацца часцей цябе бачыць.
– Не, на мяне не разлічвай. Я больш не змагу пазычыць. Звальняюць. Па сканчэнні кантракту.
– Як? З малой? Хіба гэта законна?
– Якія законы, пакуль ён тут, – адказала Рыта, маючы на ўвазе гендырэктара Хрушчанку. – Тут не да законаў. Ён робіць што хоча.
Тут Скіндзер успомніў, якія плёткі хадзілі, што пагаворвалі (а ў такіх выпадках і ў такіх установах заўсёды ўсе пра ўсіх “пагаворваюць”), што гендырэктар, усё той жа злашчасны Хрушчанка, і ўзяў Рыту на працу ў сцэнарны аддзел з адной-адзінай мэтай – каб яна, 22-гадовая, стала яму, 75-гадоваму, палюбоўніцай. Тое, што яе звальняюць, сведчыла аб адным –
не стала. Вось і кантракту канец.
Рыта сказала:
– Зрэшты, я не перажываю. Грошы маленькія. Я б даўно сама зволілася, калі б не ведала, што паўсюль адно і тое.
– Нічога, – ён пагладзіў яе па плячы. – Не прападзем. Мой сябра напіша сцэнарый, а мяне запрасілі, – пахваліўся з важным выглядам, – быць рэжысёрам. Сцэнар, праўда, так сабе. Слабенькі. Вярнуцца ў мінулае, каб выправіць віну. Але я пастараюся зрабіць з яго цукерку.
– Пакуль ён будзе сядзець, нічога ніхто не выцягне і не зробіць. Усё гэта без толку. Самае большае – так і будзеш карміцца з рускіх серыялаў.
– Ды што серыялы. У серыялах няма чароўнага падману, а адно прамое дзеянне.
Рэжысёр ажывіўся і сам не заўважаў, як пачаў гаварыць чужымі словамі. Скаваны з дзедам, ён цяпер нібы памяняўся з ім месцамі: гаварыў безупынна, а Рыта слухала. Яна абаперлася на край балкона і глядзела ўніз. Унізе, над пад’ездам казырок, галіны грушы. Рыта, збіваючы попел з цыгарэты, нахілілася. Амаль перавесілася. Ён інстынктыўна выкінуў руку, каб утрымаць.
– Глядзі, упадзеш калі-небудзь.
– Не ўпаду.
Дзе гэта ўжо было? Падобныя словы і нават такая ж інтанацыя? Успомніў – калі ён сказаў дзеду: “глядзіце, абчысціць кватарант”, а той у адказ: – “Не абчысціць”.
– Слухай, Рыта. Ёсць гатовая кінааповесць. Аддаю бясплатна. Прыязджае кінастудыя на здымкі. Набірае мясцовых для масоўкі. Выбралі сына і бацьку. Сын граў чырвонаармейчыка, а бацька павінен быў скакаць з цягніка, які партызаны пускалі пад адхон. І загінуў. Сын падрос, патрапіў на кінастудыю і пачаў помсціць кіношнікам. Яны паміраюць па чарзе адзін за адным.
– Пачакай, – Рыта сапраўды зацікавілася. – Пачакай. Гэта ж мы ездзілі на здымкі. Я таксама. Нешта не памятаю такога.
– Ты і не можаш памятаць. Гэта я толькі што, вось цяпер, прыдумаў.
– І ў чым ідэя?
– У двух планах. Першы, павярхоўны – матыў помсты. Сын ідзе за бацьку. А другі, глыбокі – помста за здзек з мастацтва, у прыватнасці, з кіно. За тое, што з ім зрабілі і працягваюць рабіць. Ёсць жа недзе кіношны бог, і цярпенне яго не бязмежнае.
– Нічога сабе.
– У гэтым соль. Помсціць не хлопчык, а кіношны бог. А хлопчык – яго сляпая зброя. Помсціць за пошласць, нажыву, манетызацыю святога, за халтуру, кан’юнктуру, за серыялы…
– Глыбока капнуў.
– Не забывай таксама, – падбадзёраны, працягваў рэжысёр, – што адбылося гэта на здымках кан’юнктурнага фільма пра вайну. Таго самага, дзе “мажь лоб зелёнкой”. Гэта значыць, дзеля голай суцэльнай кан’юнктуры ў аднаго адабралі жыццё, а другому яго зламалі.
– А някепска было б, – раптам прамовіла Рыта задумліва. – Хаця, з іншага боку, тут у нас такое, што і помсціць не трэба.
– Уяўляю!
– Не ўяўляеш. Любы калектыў не падарунак. Але кіношны – па-за канкурэнцыяй. Аддзел рэдактуры асабліва. Гэта павукі ў слоіку, як тарантулы ў адной ямцы. Самі перагрызуць адно аднаго. Інга Яравая-Міхалевіч таксама… Там адзін Камар чалавек.
Рыта напала на любімую тэму. Але развіваць не стала. Спытала:
– Ну, а ты як? Зноў скакаў з электрычкі?
– З электрычкі, – гмыкнуў рэжысёр. – Бяры вышэй! Я ўпершыню сыграў ролю ў рускім серыяле. Эпізадычную, праўда, але ўсё як належыць, з грымам, прымеркай. Так што можаш павіншаваць з дэбютам…
Ён ажывіўся і расказаў, як яго грыміравалі (спойлер – ніяк: прыпудрылі нос, два мазкі пэндзлікам, і ўсё), затым адправілі на прымерку (якая не спатрэбілася, бо здымаўся ў сваім адзенні), як рэжысёр (той самы, што праводзіў кастынг; тады яму хапіла пяці секунд, каб Скіндзера зацвердзіць) захацеў палепшыць кадр здымак у рэстаране. “Трэба задыміць крыху тут”. –
“У нас жа дым-машыны няма. Можа, пакурым усе?” Знялі вечаровую сцэну, перамясціліся на ранішнюю – у той самай лакацыі. Рэжысёр: “Чаму раніцаю на стале ў келіхах учарашні каньяк? Зрабі хаця б гарбату”. – “Можа, проста пераліць у кубкі?” Так і знялі.
5
Самае цікавае, што Скіндзер, дзякуючы сваёй рэжысёрскай інтуіцыі, амаль не памыліўся. Іван Лагун сапраўды быў не такі просты, як магло падацца. У свае няпоўныя васямнаццаць ён меў ужо даволі пакручастую біяграфію, дзе прысутнічала і кіно, і каханне, і шантаж, і тайна, і нават крэўная помста. Праўда, бацька яго ні ў якіх фільмах не здымаўся і ні з якога цягніка не скакаў – яго забіла маланка, калі ён вудзіў рыбу ў лодцы на ўласным возеры. Здарылася гэта акурат у тое лета, калі прыязджала кіназдымачная брыгада і падстрыжаны Іван іграў маладзенькага салдаціка-чырвонаармейца ў масоўцы. А да гэтага яны, сям’я – бацька, маці, Іван-падлетак, дзве малодшыя сястрычкі пяці і шасці гадоў – спакойна і шчасліва жылі сабе ў ваколіцах Рудабелкі. Бацька займаўся аграбізнесам, меў ва ўладанні ўзяты ў арэнду, а потым выкуплены вялікі ўчастак зямлі разам з лесам, полем, возерам. Была свая крамка на базары, дзе ён круглы год прадаваў гародніну. Бізнес ішоў паспяхова. Бацька вазіў сына ў адзіную ў горадзе элітную гімназію. Сястрычкі падрасталі. Маці збольшага памагала мужу, але не перапрацоўвалася. Ва ўсім панаваў лад і згода, і здавалася, так будзе заўсёды і па-іншаму быць не можа.
Але ж гэта калі б людзі ўмелі задавальняцца тым, што маюць. Як і ў кожнага нармальнага чалавека, у бацькі была мара. Ён, беларус, паляшук, цвярозы, разумны, бацька траіх дзяцей, у душы быў летуценнікам. Трызніў Поўднем, цяплом, белым дамком. Яму так і ўяўлялася вінаградная лаза, сіняе мора, пунсовыя ветразі. Ён мог гаварыць на такую, паўднёвую, тэму бясконца. Вочы ў яго тады загараліся, а голас пачынаў дрыжаць. Ён ужо нават знайшоў пакупніка сядзібы, чалавека родам з Поўдня, але які, у адрозненне ад яго, наадварот, хацеў перабрацца падалей ад абрыдлага мора на кантынент, менавіта – у Беларусь. Ужо нават дамова была гатова. Заставалася толькі падпісаць. Рыхтаваліся да пераезду. І вось так недарэчна ўдар маланкі перакрэсліў планы, ушчэнт усё спапяліў.
На пахаванні было многа людзей, мясцовых і з горада. Звычайна багатых у нас не вельмі любяць; пра каго іншага абавязкова пашапталіся б, сказалі б, маўляў, вось кара яму за грахі. Але бацька нікому зла не зрабіў. Яго шкадавалі. Асабліва ўбіваўся нейкі рыжы мужчына. Ён так гараваў, што яго насілу адцягнулі ад труны. Іван яго раней не бачыў і нават не ведаў, што ў бацькі ёсць такі адданы сябар. Потым маці сказала, што гэта і ёсць той самы пакупнік сядзібы, па прозвішчы Отчык.
Усё пакацілася пад адхон пасля няшчаснага выпадку. Была сярэдзіна лета. У парніках, на гародах усё расло, спела, налівалася. Ніхто не ведаў, што з гэтым рабіць. Стаяла спёка. Някормленыя куры шчыпалі мурог каля плота. Маці паняцця не мела, як весці гаспадарку, бо ніколі гэтым не займалася. Адна, без радні, зусім не падрыхтаваная да суровага жыцця, яна была ў адчаі. Іван, адзіны мужчына ў сям’і, павінен быў браць усё на сябе, станавіцца гаспадаром, рабіцца сястрычкам за бацьку. Але яму самому ледзь стукнула пятнаццаць. Усё было б зусім кепска, каб не той самы спагадлівы пакупнік, Отчык. А яшчэ кажуць, часы добрых людзей мінулі. Спачатку ён прапанаваў купіць участак за невялікую, сімвалічную цану. Калі ж высветлілася, што гэта немагчыма – юрыдычныя рагаткі выключалі, паперы былі складзеныя так, што толькі гаспадар мог распараджацца маёмасцю, – тады ён, гэты Отчык, выключна ад спачування няшчаснай удаве і сіроткам узваліў на сябе важкую ношу: бясплатна ўзяўся весці справы нябожчыка-сябра, а неўзабаве і ўсю гаспадарку аформіў сабе ў арэнду на год. Хоць гэта, як ён прызнаваўся, прынесла яму нямала клопатаў, расходаў і нязручнасцяў. Ён нават вымушаны быў перабрацца з горада, дзе пасяліўся на перыяд куплі-продажу ў гатэлі, у іхні маленькі гасцявы флігель, які трымалі для знаёмых паляўнічых і рыбаловаў.
Для сям’і пачалося новае жыццё. Прыйшла восень. Працы хапала. Отчык, які сам працаваць не мог з-за нейкай хваробы, пільна сачыў, каб у іншых пастаянна былі занятыя рукі. Амаль кожны дзень у любое надвор’е можна было бачыць кранальную сцэну: Іван, маленькія сёстры, маці гарбацяцца на агародзе. Людзі з замілаваннем адзываліся аб працавітай сямейцы, Іван жа адчуваў сябе катаржнікам. Пры бацьку яны не ведалі ні ў чым адмовы. Раслі, гадаваліся на волі, сярод прыроды, здаровымі дзецьмі. Для іх увогуле не існавала такога паняцця, як голад, толькі апетыт. Скупаваты Отчык хутка прывучыў іх да, як ён казаў, “эканомікі”, так, што калі-небудзь і чорны хлеб з цыбуляю быў за шчасце. Отчык, здавалася, вёў падлік кожнай цыбуліне на градах і кожнаму гурку ў цяпліцах. Любімая прымаўка ў яго была: “хто рубель не шануе, той капейкі не варты”, а любімае слова – эканоміка. “Трэба ва ўсім трымацца экономікі”. Хутка, праўда, высветлілася, што пад эканомікай ён мае на ўвазе эканомію, інакш –
звычайную ашчаднасць.
Флігель, у якім жыў Отчык, быў у кутку двара каля студні. Раніцамі Іван мог назіраць, як Отчык абліваецца сцюдзёнай вадой. Ён вельмі глядзеў сябе, пільна сачыў за сваім нібыта слабым здароўем. Хударлявы, пародзісты, з рыжай шавялюрай і бакенбардамі, нечым ён нагадваў паджарага мускулістага льва. Калі-небудзь Іван лавіў на сабе яго позірк, хуткі, з-пад ілба, і, халадзеючы, думаў, што леў, прыходзячы ў чужы прайд, першай справаю перадушвае ільвянят мужчынкага полу. І праўда, калі да сястрычак Отчык ставіўся абыякава, да маці – нязменна з павагай, мо нават больш, чым з павагаю, дык з Іванам у іх агульнай мовы не было. Часам Отчык, калі ніхто не бачыў, клаў цяжкую руку яму на плячо і абмацваў худзенькую ключыцу.
– Ну што, Іван Лагун, удовін сын, – казаў, заўсёды ставячы прозвішча разам з іменем. У голасе чулася насмешка. – Як табе без бацькі?
Лішне казаць, што Іван не любіў, а яшчэ больш баяўся яго. Таму можна ўявіць, чаго каштавала яму аднойчы набрацца смеласці і спытаць, ці сапраўды яны, Отчык і бацька, так ужо сябравалі.
– Не скажу, што моцна, – адказаў Отчык. – Але ў душы мы былі як Хмяльніцкі з Чапліцкім.
Сэнс гэтага дзіўнага параўнання Іван зразумее пазней. А пакуль, прыблізна ў той жа час, у яго з’явілася тайна. Праз некалькі месяцаў пасля гібелі бацькі, калі боль страты аціх, Іван залез на гарышча, каб патрымаць у руках, перабраць бацькавы рэчы, складзеныя ў кардоннай скрынцы, і раптам звярнуў увагу на яго смартфон. Пакруціў у руках, заўважыў, што на ім з’явіліся чорныя плямы і ўвогуле ён нейкі як бы абпалены, а з аднаго боку нават аплаўлены.
Іван глядзеў на гэты пакалечаны тэлефон, і яму здавалася, што ён працягвае здымацца ў кіно. Здагадка была наколькі простая, настолькі ж неверагодная – бацькава гібель магла быць не няшчасным выпадкам, а спланаваным забойствам. Ён толькі падзівіўся, чаму нікому з дарослых гэта не прыйшло ў галаву. У кампутары запэўнівалі, што немагчыма такое, не рэагуе маланка на ўключаны тэлефон. І адразу ж: “нядаўна было паведамленне пра гібель дарадчыка Мінаховы здароўя РФ у Крыме – яго ўдарыла маланка, калі зазваніў мабільнік”.
Канечне, самае лепшае было б расказаць каму-небудзь, падзяліцца. Але Іван быў вельмі адзінокі. Сяброў не меў. Сёстры цураліся старэйшага брата, ім хапала адна адной. А маці – яна змянілася з таго часу, нібыта і па ёй прайшлася краем тая чорная маланка і абвугліла частку душы. І без таго маўклівая, цяпер яна зусім замкнулася ў сабе. Лагуну было нават крыўдна, што маці стала такой і не заўважае, не хоча бачыць, які гэты Отчык хітры, хлуслівы, небяспечны. Да ўсяго ў ім самім прысутнічаў страх. Калі Отчык сапраўды датычны да бацькавай гібелі, дык і яму, Івану, пагражае небяспека як адзінаму сведку. Таму ён вырашыў пакуль маўчаць і самому ва ўсім разабрацца.
На той час ён ужо вучыўся ў іншай школе, звычайнай, не ў цэнтры, а на другім канцы горада. Пра элітную гімназію, як і пра машыну, якой падвозіў яго бацька, давялося забыць. Отчык ні разу не падвёз яго, шкадаваў бензін і час, не кажучы пра кішэнныя грошы, якіх Іван меў роўна на два талончыкі. Машыну замяніў веласіпед. Іван даязджаў да ўскраіны горада, ставіў яго ў двары, перасядаў на аўтобус да школы, гэтаксама вяртаўся назад. Дарога дамоў, на якой ён адпачываў, стала нібы ўдвая даўжэйшай. Яна няспешна вяла ўздоўж берага возера, таго самага, некалі іхняга, а цяпер чужога. Высокі цупкі бераг. Палянка, парослая мяккай травой, на якой, калі суха, адпачываў, прывыкаў да адзіноты. Глядзеў на водную роўнядзь, такую падманна-ласкавую, ціхамірную. А то, лежачы на спіне ці на жываце, з травінкай у роце – марыў.
Ён і раней любіў гэты занятак. Але тады мары былі беспрадметныя – так, нічога цікавага, хутчэй фантазіі, а не мары: пра вялікі горад, новы айфон, моднае адзенне, дарагую машыну. Ён так і ўяўляў гэта – прыезд на дарагой машыне ў сям’ю, з падарункамі. Каля школы спыніцца. Ранейшыя мары нікуды не зніклі, жаданне разбагацець так і было асноўным, але з’явілася ў іх больш практычнага рэалізму, і яны прынялі накірунак, звязаны з Отчыкам, з жаданнем разблытаць яго цёмныя справы, і тады – помста яму, знішчэнне яго; напрыклад, выкупіць назад зямлю, а Отчыка давесці да галечы, а то і да турмы.
Яшчэ Іван зразумеў, што, каб мары збыліся, яму трэба вывучыцца. Не залежаць ад сям’і. Стаць славутым. Весці лёгкае, паспяховае жыццё. Пажадана нічога не рабіць, а ўсё атрымліваць, – каб грошы капалі самі сабой кожны дзень рэгулярна.
І ўсё гэта ў думках-марах давала яму – кіно. Толькі з ім ён звязваў свой лёс і будучы поспех. Кажуць жа людзі, аднакласнікі, настаўнікі, што ён падобны да нейкага кінаакцёра. І ўвогуле ён часта ўспамінаў тое лета, калі прыязджала кінабрыгада. Хаця насамрэч нічога рамантычнага там не было. Для здымкаў іх, хлопцаў-падлеткаў, пастрыглі «пад нуль», прычым гэта была абавязковая ўмова. Яны гралі навабранцаў, радавых. Рэжысёр з’яўляўся на здымках вельмі рэдка, памяты і злы выкульваўся бліжэй да абеду са свайго студыйнага буса, лаяўся на памочніка, які, па-сутнасці, і быў сапраўдным рэжысёрам, і некуды знікаў. Адну і тую ж сцэну – капанне акопа – пераздымалі разоў дваццаць, пастраенне і кароткі дыялог паміж галоўным героем і яго таварышам – разоў пятнаццаць. Калі Іван пасля глядзеў серыял (цалкам так і не адолеў), то адзначыў, што сцэны з іх удзелам занялі ў васьмісерыйным фільме ўсяго хвілін мо восем. За адзін дзень плацілі 10 даляраў. Хлопец-кіношнік, што займаўся рэквізітам, на пытанне, колькі плацяць за масоўку ў Расіі, па сакрэце распавёў, што расіянам вельмі выгадна здымаць ваенныя фільмы ў Беларусі, бо, напрыклад, масоўку тут можна наймаць ці не ў 5 разоў танней. Увогуле, было спякотна, лысую галаву напякло сонцам, у Івана на другі дзень здарылася нешта накшталт цеплавога ўдару.
Але дзіўная рэч! Усё забылася пасля, адфільтравалася. Простае азіранне ў мінулае ахутвала ўсё мілай, светлай журбой і жаданнем апынуцца там зноў. Іван успамінаў тыя дні з настальгіяй. Кіношнае жыццё здавалася яму прыгожым, цікавым, лёгкім, бязбедным; кіношныя людзі – людзьмі з іншага свету. Для таго, каб жыць такім жыццём, трэба было дабіцца поспеху і разбагацець. Зрабіць гэта можна толькі вывучыўшыся. А на вучобу трэба грошы. Хаця б першапачатковы капітал – мінімум тысяча даляраў. Узяць іх можна толькі ў сквапнага Отчыка. А ён добраахвотна, па сваёй волі ніколі іх не дасць.
Замкнутае кола, якое і спадзяваўся разарваць Іван. План яго будзе просты: калі спраўдзіцца гісторыя з трагічным, злачынным званком, ён прапануе Отчыку сваё маўчанне ў абмен на грошы.
А тым часам Отчык, счакаўшы роўна год, зрабіў удаве афіцыйную прапанову, атрымаў згоду і ажаніўся з ёю. У высакародным парыве ён нават змяніў прозвішча – з Отчыка на Лагуна, як ён растлумачыў, каб не прападаў раскручаны брэнд. Так чалавек, не заплаціўшы ні капейкі, за год прыбраў да рук жаданы ўчастак зямлі разам з возерам, лесам, з усімі пабудовамі, прысвоіў бізнес нябожчыка, а таксама атрымаў у дадатак яго жонку, трох бясплатных парабкаў і новае прозвішча – словам, цалкам замяніў сябра, як бы пачаў жыць замест яго.
Пасля гэтага падазрэнні Лагуна, што ўсё было задумана і спланавана Отчыкам, а цяпер толькі рэалізоўваецца, перараслі ў цвёрдую перакананасць. Ён ужо не сумняваўся, што Отчык падстроіў забойства, што званок ад яго на бацькаў тэлефон супадзе з ударам маланкі. На пытанне, як узнавіць уваходныя/зыходныя званкі ў тэлефоне без сім-карты, сябра-гугл без запінкі адказаў: прыйсці з пашпартам і пасведчаннем аб смерці блізкага чалавека ў офіс і папрасіць у сотавага аператара раздрукоўку. Нарэшце Іван выправіўся туды. Ён запомніў, на форуме пісалі, што атрымаць раздрукоўку гадавой даўніны з чужога (хай нават і роднага бацькі) тэлефона зусім не лёгка, і многае будзе залежаць ад аператара, у яго выпадку – аператаркі, таму паспрабаваў спадабацца ёй. Трэба зазначыць, што да таго часу ён змяніўся знешне. Фізічная праца, свежае паветра, здаровая ежа, добрыя гены як бы паскорылі яго сталенне: у свае шаснаццаць выглядаў на ўсе васямнаццаць. Акрамя таго, была за душой у яго тайна, якая накладала свой адбітак і на характар, і нават на знешнасць. Высокі, сімпатычны малады чалавек з загадкавым тварам – такім паўстаў ён перад маладзенькай аператаркай. А калі загаварыў, дык з’явіліся – чырвань на шчоках, сціплая ўсмешка, зазвінеў ціхі, з замінкаю голас.
“Разумееце… Бацька трагічна загінуў. Я, як сірата… Ці можна, калі ласка, раздрукоўку званкоў за год назад? Хто яму званіў, і каму ён, у апошнія хвіліны. Мне гэта патрэбна як памяць”.
“Ну што ж. Дзеля памяці пра бацьку”, – прамовіла добрая аператарка, усміхнуўшыся ледзь-ледзь у адказ (“З-за вушэй?” – падумаў ён).
І вось ён трымае жаданую, каштоўную паперчыну. Не адыходзячы ад вакенца, упіўся ў яе вачамі. Так і ёсць. Апошні званок з незнаёмага нумара. Але не з Отчыкавага. Тады – з чыйго? Хто мог пазваніць так “своечасова”? Отчык з іншага тэлефона? Пазваніць, а потым памяняць сімку? Але бог мой, такія складанасці! – гэта занадта. Доўга не адважваўся ён набраць чужыя, страшнаватыя лічбы. У лепшым выпадку чакаў пачуць: “набраны вамі нумар не існуе”, а ў горшым… Ён не мог уявіць, што ў горшым, але наперад млеў ад страху. Нарэшце набраў, заплюшчыў вочы – і пачуў жаночы прыемны грудны голас. Ён прамармытаў, што памылка, прабачце, і адключыўся.
Новая тайна. Хто гэтая жанчына? Няўжо… у бацькі была палюбоўніца? Ён быў здольны на такое? Усё перавярнулася з галавы на ногі. Думкі пайшлі зусім у іншым кірунку. Цяпер тым больш нікому не скажаш. Пры такім раскладзе, пры наяўнасці палюбоўніцы, бацька аказваўся не такой ужо нявіннай ахвярай, і матыў помсты траціў сваю заманлівасць, а галоўнае – адпадаў, выслізгваў з рук Отчык. Невядома, як да яго падступіцца. А ён быў адзіным спадзяваннем Івана. Цяпер не было каму помсціць, адпаведна, не было ад каго тым ці іншым чынам дастаць на вучобу грошы.
6
Неяк у школе, каля настаўніцкай, Лагун выпадкова пачуў, як яго абмяркоўвалі: “сірата, а які мілы…”, “бяскрыўдны зусім. На кінаакцёра падобны”, – наматаў гэта на вус і зрабіў высновы. Ён зразумеў, чаму яго цягнуць і ставяць не самыя горшыя адзнакі, хаця вучыўся ён так сабе, цяп-ляп. Падслуханая размова, а таксама выпадак з сотавай аператаркай, падказалі яму, што яго безаабароннасць, вінаватая ўсмешка, маска сарамлівасці, словам, усё гэтае ўмельства пры разумнай галаве ёсць тавар, і ім можна карыстацца, як нечым матэрыяльным, паставіць сабе на службу. Так ён і зрабіў. Не адразу, а паступова ён навучыўся даволі праўдападобна прыкідвацца, ведаў, як сябе паводзіць, які прыняць выгляд, каб спадабацца людзям. Варта было яму расцягнуць вусны ва ўсмешцы, пачырванець, як ён рабіўся падобны на сімпатычнага бяскрыўднага ідыёта і адначасова крыху на земляка-кінаакцёра Смактуновіча-Смактуноўскага, які напачатку сваёй кінакар’еры карыстаўся такой усмешкай напоўніцу. Спрацоўвала не заўсёды, але ў большасці выпадкаў яго выгляд абяззбройваў. Яму падабалася гэта.
Цікава было правяраць дзейснасць свайго акцёрства. У такія хвіліны яму пачынала здавацца, што ён не столькі жыве, колькі грае ролю, што не рэальнае жыццё вакол, а кіно, якісьці даўжэзны серыял, у якім не адзін ён прыкідваецца, а ўсе без выключэння; не жывуць, а больш-менш паспяхова граюць самахоць узятыя на сябе ролі, прыкідваюцца іншымі, і ўсё з адной мэтай – каб прыхаваць сваё сапраўднае жыццё. А сапраўднае ў большасці шэранькае, нецікавае, а то і злачыннае. Нават бацька, як высвятляецца, быў не той, за каго сябе выдаваў.
Неўзабаве надарыўся выпадак праверыць гэта – ці сапраўды людзі ўсе акцёры – на практыцы. Пасля таго, як Лагун памяняў школу, у яго з’явілася сяброўка-аднакласніца. Яна жыла ў трохпавярхоўцы на ўскраіне горада. Кожную раніцу яна чакала яго. Лагун ставіў у іх двары веласіпед. А потым разам яны ехалі аўтобусам у школу. Аднакласніца нічым асаблівым не вылучалася. Была такая ж ціхая, як і ён. Сціплая, маўклівая. Добрая. Знешнасць – дзве коскі, чысты, без падлеткавых прышчоў твар з фіялетавымі ценямі пад неверагодна прыгожымі вачамі. Белы фартушок, поўныя белыя ногі. Увогуле яна была рослая, з развітымі жаночымі формамі. Не красуня, але калі ўсміхалася, яе як аблівала ўсю сонцам і ўнутраным святлом. Раней Іван асабліва не зважаў на яе. Толькі пасля гісторыі з дэталізацыяй ды пасля званка па незнаёмым нумары ён інакш пачаў глядзець на жанчын увогуле і на сяброўку ў прыватнасці. Яна таксама адчула змену ў ім. Прынамсі, у яго знешнасці. І ў адзін красавіцкі вечар сама напрасілася правесці яго пасля школы далей за двор, да самага возера. І там, на палянцы, упершыню пацалавала – у шчочку. З таго часу яна пачала кожны дзень праводзіць яго пасля школы да палянкі. Яму і прыемна было, і разам з тым страшнавата, бо яна чамусьці адразу ўзяла нейкі меланхалічны, журботны тон, прыняла ролю вопытнай жанчыны, якая ўсяго паспрабавала ў жыцці, і нічым яе не здзівіш. Гэткі Пячорын у спаднічцы.
“Хутка мы расстанемся. Мяне, як Лермантава, ссылаюць на Каўказ”, –
сумным голасам паведаміла яна. Ён прапусціў гэта міма вушэй, лічачы чарговай яе выдумкай. Неўзабаве высветлілася, што ўся яна – сумесь інфантыльнасці і нейкай надрыўнай рамантыкі, пяшчоты і какецтва, кіношнай экзальтацыі і капрызаў; акрамя таго ўмела яна і злавацца, – тады бровы ў яе складваліся стрэшкай, як у П’еро, а голас рабіўся высокі і пранізлівы. То яна была жарснай і вешалася яму на шыю, то раптоўна як загаралася, так халадзела, то пачынала гуляць у маленькую дзяўчынку: надзімаць губкі, казаць “я так хоцу”, і яму даводзілася рабіць выгляд, што яго не бянтэжыць гэта. Яна любіла яго цалаваць – толькі ў шчаку, і ўвесь час брала з яго слова:
“Паабяцай, што будзеш мяне ўспамінаць. Што будзеш сумаваць па мне”.
Яна ўсё пытала:
“Як ты будзеш жыць без мяне? – і сама ж упэўнена адказвала: – Ты не выжывеш без мяне. Ты такі безаабаронны. Ты мяне ніколі не забудзеш. Бедны. Я ведаю, што параніла цябе назаўсёды, але гэта жыццё”.
Тым не менш, і нават хутчэй за ўсё, у іх неўзабаве адбылося б нешта больш сур’ёзнае за пацалункі, усё ішло да таго, яна ўжо снілася яму ў снах, пра якія так соладка і сорамна ўспамінаць, як раптам яна сапраўды з’ехала, і сапраўды на Каўказ. На развітанне ў апошні вечар урачыста ўзяла з яго слова не траціць сувязі ніколі. Калі ўсё скончылася, ён уздыхнуў з палёгкай. Хоць яна падабалася яму, у душы ён быў рад, што пазбавіўся ад гэтай сімпатычнай зануды.
Гісторыя, аднак, тым не скончылася, а мела працяг, прычым яшчэ больш кіношны (лёс упарта прывязваў яго да кіно). Здарылася гэта праз год, калі Лагун ужо вучыўся ў апошнім класе. І зноў гэта было звязана з дворыкам, дзе ён па-ранейшаму ставіў веласіпед. Да таго часу дворык стаў яму ледзь не сваім. Ён усіх ведаў, і яго ведалі. Неяк раніцай – было гэта ў канцы мая, цёплага, душнага – ён заўважыў у кутку двара пад каштанам матацыкл. З нумарамі РФ. Гаспадара нідзе не было. Толькі нейкая надта загарэлая для траўня месяца дзяўчына ў шортах, в’етнамках, педыкюр на пальчыках ног, сядзела каля дзіцячай пляцоўкі на арэлях. Пагойдвалася. Пасля школы карціна ў дворыку амаль не змянілася. Матацыкл стаяў, дзе і стаяў, толькі пад чахлом, дзяўчына па-ранейшаму сядзела на арэлях, як і не ўставала. Пабачыўшы Лагуна, махнула яму рукой. Яна яўна чакала яго. Ён падышоў. Яна паднялася. Кірпатая, з круглым тварыкам, падбародак з ямачкай. Школьнае мілае рабацінне, рассыпанае каля носа і па шчоках. У вачах цікавасць і нейкі дзіўны бляск. Яна загаварыла з ім.
“А я цябе завочна ведаю. Мне пра цябе многа расказвалі”.
Пазнаёміліся. Высветлілася, што гэта стрыечная сястра аднакласніцы-сяброўкі, той самай. Студэнтка-першакурсніца медвучылішча, старэйшая за Лагуна. З братам прыехала з поўдня на канікулы і заадно ў госці.
“Звычайна наадварот едуць”, – сказаў Лагун.
“У мяне ўсё не як у людзей”.
Лагун з ветлівасці спытаў, як там яго былая аднакласніца.
“Толькі цябе і ўспамінае. А ты сапраўды такі, як у яе расказах. Харошы хлопчык. І зусім бяскрыўдны”.
Яна яму таксама спадабалася. Не такая, як мясцовыя. Раскаваная, вясёлая. Калі б яшчэ не гэты бляск у вачах. Нешта небяспечнае зыходзіла ад яе.
“У вас прыгожа тут, сястра расказвала. Пакажы мне, пабудзь экскурсаводам. У нас іншая прырода, – пабачыўшы, што ён завагаўся, яна патлумачыла проста: – З кім іншым пабаялася б. Але ў цябе добры твар. Безаабаронны. Мне здаецца, я даўно цябе ведаю”.
На любімай палянцы цвіў сіні лубін і рассыпаліся белымі плямамі кветкі сунічніку.
“Які мілы. Чырванець умее – гэта ж трэба. Харошы які…”
Ад яе пахла малаком. І згадвалася прымаўка – малако на губах не абсохла. Не трацячы часу, яна моўчкі, дзелавіта і сумленна перадала збянтэжанаму, разгубленаму Лагуну ўсё, што сама ведала і ўмела. Ён толькі запомніў яе загар: аксамітны, пералівісты, атласна-шоўкавы на выгляд і на дотык, акрамя белых слядоў ад трусікаў і станіка, ружовых, як у немаўляці, пятак і белых з унутранага боку далоняў – як у малпачкі.
У канцы, апранаючыся, яна прамовіла:
“Цяпер ты, як сумленны чалавек, павінен жаніцца”.
Ён баязліва на яе паглядзеў, ці не жартуе. Яна была сур’ёзная.
“У кіно пасля такога хлопец вядзе дзяўчыну да сваіх упартых, незгаворлівых бацькоў. Са словамі: у нас ужо ўсё адбылося. І тыя вымушаны бласлаўляць”.
Гэта было так нечакана, што ў Лагуна ледзь не вырвалася недарэчнае: абяцаць не значыць жаніцца.
“Інакш я пастаўлю ў вядомасць брата. А ён ведаеш які?”
Лагун замармытаў, што яму яшчэ няма васямнаццаці. Яна засмяялася.
“Не бойся. Няўжо ты мог падумаць? Я жартую. Ну, што ў нас будзе за жыццё. Я люблю свабоду, ты… Выбачай, але на ролю мужа, мужчыны –
ты падыходзіш менш за ўсё. Бачыш, якая я шчырая? Я магла б выйсці за цябе і потым здраджваць направа і налева. Але я не такая, і ты не такі. Смешны ты, наіўны. Добры такі. Цябе будуць усе любіць. Вось толькі не ведаю, за што? Ад шкадавання, можа?”
І, развітваючыся, прыставіла палец да шчакі:
“Цалуй, пакуль няма чаргі”.
Не верачы яшчэ, што ўсё абышлося, ён падумаў, як яму зноў пашанцавала (першы раз з аднакласніцай), і ўвогуле шанцуе: міжволі паверыш у нейкую сваю абранасць.
На другі дзень, у суботу, ён стаяў на базары за прылаўкам іхняга латка – па выхадных і ў вольны час ён падмяняў Отчыка, памагаў прадаваць садавіну-гародніну, балазе, было што прадаваць – ад маладых гэтага ўраджаю цыбулі і зеляніны да леташняй бульбы. Сам Отчык, нягледзячы на тое, што маніякальна сачыў за сваім каштоўным здароўем, усё ж меў з ім праблемы, перыядычна нападалі на яго прыступы немачы, і ён адлучаўся ў медцэнтр на абследаванне. Абследаванне было платнае. Ён забіраў нагандляваныя грошы і сыходзіў, а Лагун займаў яго месца. Была спакуса падвысіць цану, раз нават так і зрабіў, але ўлоў аказаўся невялікі, ды і небяспечна было: Отчык мог здагадацца. Таксама ў Лагуна праскоквалі такія думкі: раз Отчык хворы, дык можа доўга не працягне, і ўсё само сабою вырашыцца? Аднак Отчык вяртаўся задаволены і на запытальны позірк Лагуна адказваў:
“Годны! Усё ў норме”.
Дык вось, на другі дзень пасля паўднёвай дзяўчыны, калі Отчык быў на сваіх аналізах, а Лагун стаяў за прылаўкам, падышоў нейкі, у спартыўных штанах з лампасамі, падстрыжаны коратка, падобны на гопніка з фільмаў пра дзевяностыя, з матацыклетным шлемам на руцэ. Паклаў на край прылаўка шлем, барсетку, тэлефон. У Лагуна ёкнула сярэдзіна і сэрца ўпала ў пяты. Ён успомніў матацыкл у двары. Успомніў – “буду вымушана паставіць брата ў вядомасць”. Добра, калі брата. Тым часам матацыкліст моўчкі, уважліва вывучаў тавар на латку. Браў за хвост, аглядваў морквіну, абнюхваў пучок кропу, клаў назад. Нарэшце паглядзеў уважліва на Лагуна.
“А дзе гаспадар?”
“Я за яго”.
“Не, сапраўдны. Рыжы каторы”.
“У паліклініцы”.
“А ты яму хто? Сын?”
“Работнік. – І, зглынуўшы сліну, дадаў: – Сірата… Бацька загінуў. Гэта айчым”.
“Пагаварыць трэба. Падыдзі пасля вунь туды. Я пачакаю”.
Пайшоў. Тэлефон застаўся ляжаць на прылаўку. Можа, забыў, а мо знарок пакінуў, каб праверыць. Лагун кінуўся ўслед. Дагнаў і аддаў. Матацыкліст буркнуў нешта пра наіўнасць, потым падзякаваў. З’явіўся Отчык – падвесялелы, як заўсёды, і адпусціў Лагуна. Матацыкліст сядзеў непадалёку, за столікам. Побач у кіёску стругалі з вялікага верацяна мяса шаурму.
“Табе васямнаццаць ёсць?”
“Не”.
“Ты разумееш, што калі ты пакахаў маю сястру, цяпер ты як сумленны чалавек павінен дачакацца паўналецця і жаніцца?”
Лагун сядзеў ні жывы ні мёртвы. І зноў, трэба ж, адзінае, што круцілася ў галаве і на языку – дурное: абяцаць не значыць жаніцца.
“Выставіць бы табе рахунак за такія справы. Нікому іншаму не дараваў бы. Але я не монстр. Ды і ты не падобны на гвалтаўніка, на аферыста, калі шчыра”.
Лагун не знайшоў нічога лепшага, як ціхім голасам падзякаваць.
“Толькі не будзь наіўным. Вучыся пазнаваць і пазбягаць такіх, як я з сястрою. Гэта я табе з мужчынскай салідарнасці раю. Не звязвайся больш з ёю. Табе трэба не такая дзяўчына. Яна ў дзяцінстве з арэляў упала, галавой стукнулася. Больш яна да цябе не будзе чапляцца. Тым больш нам ехаць неўзабаве”.
Асмялелы Іван кіўнуў. Ён ужо бачыў, разумеў, што чарговы раз пранесла хмару над ім, спрацавала яго маска наіўнай сціпласці, і слова “сірата” памагло.
“А скажы, гэты, – паказаў матацыкліст на Отчыка (латок быў відаць адсюль, Отчык, вогненна-руды, з бакенбардамі, як у ірландца, аддалёк пазіраў на іх), – моцна цябе эксплуатуе?”
Лагун гмыкнуў, што можна было разумець і так, і гэтак, адзначыўшы сабе, што, на яго шчасце, размова перакідваецца на іншую тэму і трэцюю асобу.
Матацыкліст сам адказаў:
“Я ведаю такіх людзей. Жмоты і скнары. Па ім відаць. Бойся рыжых і лысых, – дадаў шматзначна, з тыпова рускай бесцырымоннасцю. – Дык я чакаю”.
“Чаго?”
“Расказвай”.
І Лагун расказаў. Пра маланку, пра купца зямлі (утаіўшы тэлефонны званок, бо баяўся, і не без падстаў, што матацыкліст можа занадта ўвішна ўзяцца за разблытванне), пра перамену прозвішча. Апошняе матацыкліста сама больш зацікавіла.
“Так проста прозвішчы не мяняюць. Значыць, ад нечага ці ад некага хаваецца. Каб заблытаць след пасля цёмных спраў. Можа, гэта бізнес яго – шукаць прадаўцоў зямлі, потым гаспадары загадкавым чынам знікаюць, ён жэніцца на ўдовах. А зямлю потым перапрадае. А можа, ён кінуў каго, сядзеў у турме і менавіта таму памяняў прозвішча. Можна вызначыць па наколках. У яго ёсць?”
Лагун успомніў абліванні Отчыка халоднай вадою.
“Няма, здаецца”.
“А можа, яшчэ прасцей, – працягваў разважаць матацыкліст. – Пад скурай льва хаваецца ліса. Мо ён толькі тым і займаецца, што жаніцьбамі. Гэта яго хлеб. Адзін мужчына, у якога трое дзяцей ад розных жонак, уцёк і залёг на дно, каб не плаціць аліменты, і яго пачалі лічыць зніклым без вестак. Не ведаю, наколькі праўда”.
Лагун слухаў і дзівіўся з такой нястрыманай фантазіі. Яму ў навіну была гэтая непадробная зацікаўленасць чужымі справамі, так уласцівая рускім, якая павінна раскрыць, паказаць славутую шырыню душы, разрыванне на грудзях кашулі дзеля блізкага свайго.
“Так і тут. Ты ўпэўнены, што ён у паліклініку ходзіць, а не да палюбоўніцы? Можа, ён ужо нагледзеў іншы ўчастак зямлі. Так што глядзі, каб неўзабаве твая маці і сёстры не апынуліся на вуліцы”.
“Што ж рабіць?”
“Я навучу”.
(Працяг рамана Андрэя Федарэнкі чытайце ў папяровым нумары “Дзеяслова”).