Пра Хвядоса-стралка, здатнага дзецюка
Казка для тэатра на матывы расейскага фальклору
(Фрагмент)
Пераклад з расейскай мовы Макса ШЧУРА.
Скамарох-весялун
Верце ці не верце, а жыў на белым свеце стралок Хвядос – сама хвацкасць ды маладосць. Выглядаў Хвядоска не брыдка й не боска: ні румяны, ні бледны, ні багаты, ні бедны, ні ў псоце, ні ў злоце – звычайны, дый годзе. Абавязкі стралковы – рыбалка ды ловы. Цару дзічына, Хвядос – малайчына. У цара гасцей – што ў рыбе касцей. Адзін з Швецыі, другі з Грэцыі, трэці з Гавай – і ўсім есці давай! Таму амараў, сяму кальмараў, каму сардзін – а здабытчык адзін! Ледзь на дзень узялося, гукаюць Хвядоса: кліча прыганяты ў царскія палаты! Цар – сам апенька, мазгоў жменька, але злосці ў цара аднекуль – гара. Глядзіць на Хведара, як пятніца на сераду. Ад страху ў Хведара пот з-пад швэдара, грукат у чэрапе, буркат у чэраве – тут, што называецца, казка й пачынаецца…
Цар
Тут пасол ад англічан
На расол да нас прымчаў,
А карміць яго няма чым,
Хлеба й костак апрача.
Выпраўляйся, братка, ў гай,
Ды яства нам нацягай –
Хоць глушца, хоць курапатку –
Нам без розніцы, бадай.
А як не – не вінаваць:
Я цябе павінен сцяць.
Тут дзяржаўнае пытанне –
Цяміш, што хачу сказаць?
Хвядос
Я ж яшчэ не страціў клёк,
Каб такога не прасёк!
Не абораю хлеб крою,
Разумею твой намёк.
Быць або не быць… вайне –
Вызначаць выключна мне:
Не здабуду курапаткі –
Край навала паглыне!
Каб ангельскага пасла
Лютасць нашча не ўзяла,
Галавы не пашкадую:
Будуць стравы да стала!
Скамарох-весялун
Загад цароў – цвярдзейшы ад сухароў. Пашле па мядзведзіцу – пойдзеш па мядзведзіцу, бо трэба, куды ж Хвядоска падзенецца! Або ўпалюй звера – або паля ці сякера. Абышоў ён абшар у сто лясоў, сто імшар, а ўсё дарма – здабычы няма! Стома бярэ, ноч на дварэ. Знайшоў, не знайшоў – а трэба дамоў. Раптам бачыць – птушка, галубка-вуркатушка, сядзіць, не хаваецца, ружжа не лякаецца…
Хвядос
Што за кляты дзень такі –
Звер джгануў на ўсе бакі…
Дык падстрэлю вунь галубку:
Пачастунак хоць які!
Дый, агулам беручы,
Ад глушца яе, лічы,
На талерцы не адрозніш,
Як з падліўкай запячы!
Галубка
Не чапай мяне, стралок,
Бо не велькі будзе толк –
Мной падушкі не напхаеш,
Не напоўніш казанок.
Для заморскіх для дваран
Лепш цялушка ці баран,
А ўва мне – якое мяса?
Так, не мяса – смех курам!
Хвядос
Ці то пах падзьмуў п’янкі,
Ці юраць лесавікі,
Ці ўвушшу ў мяне, крый божа,
Вывіх здарыўся які?
Ці то сёння заранёў
Цар парадак новы ўвёў:
Гаварыць па-людску птушкам,
Не ўжываць птушыных моў?
Галубка
Не рабі бяды, Хвядос –
Лепш дамоў мяне б занёс.
Як парог мы пераступім –
Свой спаткаеш шчасны лёс.
Буду праць і цыраваць,
Крыўды буду дараваць,
Гатаваць, блашчыц выводзіць
І на скрыпцы шчыраваць!..
Хвядос
Дзіўна – што за нелады?..
Ат, жыві – такой бяды!..
Гайда ў торбу: дома скемім,
Хто, навошта і куды!
Скамарох-весялун
Прынёс Хвядос пярнатку ў сваю, значыць, хатку. Сядзіць скрушны, галаву ўгнуўшы. Падставай маркоты – сур’ёзныя турботы. Не выйшлі ловы – Хвядоса ў ковы, цар не жартуе, насмерць закатуе. Сядзіць Хвядос панылы, рыхтуецца да магілы. Згадаў пра птушку, лясную вуркатушку. Глядзіць – а каля грубкі замест галубкі стаіць гожая дзяўчына, гонкая, бы асіна!..
Марыся
Хвесь, вітаю!.. Ты ды я –
Мы цяпер адна сям’я.
Не журыся! Я – Марыся,
Жонка верная твая.
Што ж ты, дружа, – анямеў?
Скамянеў – ні бе, ні ме…
Ці ж каптур або сукенка
Непрыгожыя на мне?
Хвядос
На цябе, мой галубок,
Я б глядзець бясконца мог,
Толькі не наканавана
Нам пабрацца, трасца ў бок!..
Быў я сёння на зары
Пры царовым пры двары,
І задаў мне цар заданне:
Так і так, глушца прыпры!
Хай дзічыне й не пара –
Не вярэдзіць лепш цара.
Згода, думаю, здабуду,
Дзякуй хоць, што не зубра.
Прабадзяўся я ўвесь дзень,
А здабычы – хоць бы цень:
Аніводнай людскай птушкі,
Дробязь нейкая і дрэнь!..
Так што зараз жанішку
Не да скокаў на лужку.
Цар сказаў:
“Глушца не знойдзеш –
Заўтра голаў адсяку!”
А ці ж буду я такім
Запатрабаваны кім?
Палягае ўвесь мой цымус
Толькі ў розуме маім!..
Марыся
Ат, да сэрца не бяры –
Будзе ежа пры двары!
Ціт Кузьміцкі й Хрол Фаміцкі –
Мне на вочы, раз-два-тры!
(Марыся пляскае ў ладкі –
з’яўляюцца два дужыя малойцы.)
Як уцямілі ў чым брак –
То парупцеся, раз так!
Малойцы
Не турбуйся, гаспадыня,
Досвед маем, як-ніяк!..
Скамарох-весялун
А цар ды дыпламат за стол селі акурат. Цароўна з нянькай – тут жа, па сняданку тужаць. Усе чакаюць ад Хведара пачастунку наеднага. Патрэбны для гавэнды добры стол бяседны! А на стале пуста: морква ды капуста, пятрушка ды кмін – не пір, смех адзін. Госць пазяхае, батфортам віхае, у абрусе дзюрачкі прапіхае. Цар сам не заўважае, як Хвесю пагражае й матку ягоную зневажае. Тут, бы з неба – каравай хлеба, ікра, балык, тушаны індык, сцярляджая юшка, флякі з цялушкі, і такой во смачнішчы – найменняў да тышчы! Пры гэткай бяседзе – як не быць гавэндзе!
Цар
Нас цікавіць пазарэз
Навуковы ваш прагрэс:
Як у вас там бручку сеюць –
Са шкарлупінай ці без?..
Пасол
Ес!
Цар
Нас цікавіць пазарэз
Стрававальны ваш працэс:
Як у вас там п’юць какаву –
З сухарынаю ці без?..
Пасол
Ес!
Цар
Нас цікавіць пазарэз
І такі яшчэ замес:
Як у вас там ходзяць бабы –
Ці то ў майтках, ці то без?
Пасол
Ес!
Нянька
Памаўчаў бы пры гасцях,
Ці ўжо розумам зачах?
У цябе ж пра баб выключна
Кожнай гутаркі працяг!
Цар
Зноў ты ў тую ж дзьмеш сурму?
Змоўч, ці пойдзеш у турму!
Я ж у палітычных мэтах
Галаву дуру яму!
Дзеўцы год пайшоў які,
А лядачая, як кій!
Вось і мкнуся я завабіць
Амбасадара ў зяцькі!
Каб уцяміў ён намёк,
Не пакрыўдзіўся й не ўцёк,
Трэба тонка падыходзіць –
Несур’ёзна і здалёк.
Нянька
Ды за гэткага пасла
Я б і тое не пайшла!
Так і зіркае, падлюка,
Дзе б што стырыць са стала!
Ён табе ўсё “ес” ды “ес”,
А тым часам есць ды есць.
Адвярніся – скарб дзяржаўны
Праглыне імгненна ўвесь!
Цар
Рот зашый і не брашы,
Ці з палацу прэч чашы!
Праз цябе ўжо паўцякалі
Ад мяне ўсе аташы!
Кагадзе быў шпанскі гранд –
Гэткі моднік, гэткі хрант,
Па брыльянце ў кожным вуху –
Чым табе не варыянт?
Ты ж прыклала сілы ўсе,
Каб на цвік гішпанец сеў –
Ён ад злосці палітычнай
Ледзь тады не акасеў!..
Нянька
Помню, дзе ж там!.. Гэты гранд
Жор усё, што акупант:
З галавою ўлез у місу,
Аж заляскаў тлушчам бант!
З’есць усё, што не дасі,
А спытаеш – “сі” ды “сі”
Паўтарае, як той попка,
І ўмінае івасі!
Цар
Я за гэткі падыход
Твой згнаю паганы род!
Я з табою не жартую,
А зусім наадварот!
Вунь, нямецкі феадал
Сотні іншых фору б даў,
Дык табе ж яго карцела
Падбухторыць на скандал.
Як, скажы, яму ў карэц
Дохлы трапіўся тхарэц?
Ты ж сапраўдная злачынка,
Гэта ж можна адурэць!..
Нянька
Твой нямецкі феадал
Ежу трушчыў, што вандал!
Ён і ў зграі крумкачынай
Спёр бы, а не галадаў.
Фанабэра – “я-а” ды “я-а”,
Сам жа горшы ад звяр’я!
Дай салому – з’есць салому,
Бо чужая, не свая!..
Цар
Ну, шпіёнка, вось вазьму
Й запратору – у турму!
Наагул, я дзядзька добры,
Ды мяжа ёсць усяму.
Вось скажы мне ў пары слоў,
Дзе б я мужа ёй знайшоў?
Ты ж сама, дурніца, бачыш –
Кот наплакаў жаніхоў!
Каб іх тут стаяла раць,
Льга было б перабіраць.
А як не – хапай любога:
Воўку ў зубы не глядзяць!..
Цароўна
Калі ты расейскі цар,
То ў Расеі і ўладар,
А ў мой лёс не сунь ты носа
І пра шлюб мазгоў не пар!
Поўны дом тых аташоў –
Пад крысом і то б знайшоў.
У мяне ад іх парфумы
Прыступ ледзь не надышоў!..
Цар
Горка рэдзька, ды ядуць,
Кепска замуж – ды ідуць.
Ды яшчэ ў пытаннях гандлю
Трэба татку падмагнуць.
Я пад гэты гаманок
Лес ім сплаўлю ды пянёк.
Ухваляе ўся грамадскасць –
Толькі ты мне папярок!..
Цароўна
Колькі б ты сабе ні роў,
Я кажу табе ізноў:
Самастойная асоба
Мае права на любоў!
У замужнія жанкі,
Можа, я пайшла б такі, –
Калі б твой стралок Хвядоска
Папрасіў маёй рукі!..
Цар
Цыц, дурніца, не пярэч!
Цесту месца там, дзе печ!
Ты сальфэджу давучыла?
Ну й пайшла ў святліцу прэч!
А нахабніка стралка
Я аднаджу, шэльмака:
Бізуноў яму прапішуць –
Дасць з палацу драпака!..
Скамарох-весялун
Збіраць для цара навіны быў генерал павінны. Барадою замаскіруецца – і ў горад кіруецца. Вынюхвае, дзе вядуцца ўсякія іншадумцы. Падслухвае, што чуваць дзе – мо, гавораць аб здрадзе? Дзе што пачуе – у нататнічак занатуе. А роўна а сёмай – у царовай прыёмнай.
Цар
Што сумуеш, камандзёр?
Вушы ў карты хтось надзёр,
Ці мо бражкай абапіўся,
Ці дапёк цябе адзёр?
Ці ўжо служба дастае,
Ці салдатаў не стае,
Ці ў тваёй гармаце руля
Працаваць перастае?
Дакладай усё, як ё,
Пра няшчасцейка сваё –
Мушу ведаць падрабязна:
Хто, чаму, нашто й чыё!..
Генерал
Быў я ў Хвеські паглядзець
Кагадзе, як ён жывець,
Ды стральчыху як пабачыў –
З ганку ўпаў і ўзняўся ледзь.
Тры дні запар – не брашу! –
Шаблі нават не нашу.
Гэтак мройнасць разабрала,
Што вось-вось аддам душу!
Нават грэшны меў парыў –
Ледзьве вершык не стварыў!
Лекар кажа, ад кахання
У мяне душэўны зрыў!..
Цар
Я ўдавец, а гэты цмок
Першым жонку прывалок?!
Мне ў палац прывезці кралю
Без усякіх адвалок!
А стралка на раз-два-тры
Змесці прэч з зямной кары,
Каб ён болей не надумаў
Ацірацца пры двары!
Генерал
Кралю мог бы я ўмыкнуць,
Ды народ знахабнеў – жудзь!
Ім скажы, чыя ідэя, –
У труху цябе сцяруць!
Дзёрзкі стаў цяпер народ,
Не кладзі ім пальца ў рот, –
Мы Хвядоса не шануем,
А народ – наадварот!
Цар
Ты ў нас гэткі грамацей
Штосуботу ці часцей?
Ці табе ўсё, як міністру,
Патлумачыць папрасцей?
Каб прэтэнзій у людзей
Не было да нашых дзей,
Дзей выключна па закону,
Гэта значыць – тайна дзей!
Ну а я, чаго ўжо там,
Не пакрыўджу – ордэн дам!
Тут жа выкаваць да заўтра
Загадаю кавалям!..
Скамарох-весялун
Цэлы дзень ваяр моршчыў потны твар. Вынаходзіў спосаб – як так пазбыцца Хвядоса б? Хацеў думкай бліснуць – ды ўсе думкі кіснуць. Тут пашчасціла яму згадаць пра куму – Бабу Югу, касцяную нагу. Схаджу да яе, хай рады дае!.. А тая сярод дубровы збірае зёлкі, не дровы, атрутны напой прыдумляе новы. Як убачыла генерала – усе гербарыі пагубляла. Так тужыла ў глушы па сваяцкай душы!..
Баба Юга
Ты чаго як нежывы?
Што не лезе з галавы?
Ці то швед ля Пецярбургу,
Ці то турак ля Масквы?
Вунь, кары з асіны з’еж –
І да часу аджывеш:
Я прыроду прапаную,
А не хімію табе ж!
Ведай, што ў кары асін
Ёсць карысны вітамін, –
Ад яго шчэ з генералаў
Не загнуўся ні адзін!
Генерал
Ды не хворы я, Юга!..
Лепш вавёрак расшугай –
Ёсць сур’ёзная размова,
То хадзем глыбей у гай.
У стралках адзін хлапец
Зух такі, што апупець!..
Я павінен так залатвіць,
Каб настаў яму капец!
Калі голаў кат ссячэ –
Пагалоска дапячэ…
Будзь ласкавая, парай мне,
Знішчыць як яго яшчэ?
Баба Юга
Баба дзеду варажы:
Кляты ў пяты, тры крыжы,
Карта віна, дамавіна –
Пра стралка мне адкажы!
Раз хапае спрыту ў ім
Ваяваць з царом самім,
Хай да заўтра вам здабудзе
Шыты золатам кілім.
А на ім Расеі каб
Быў відаць буйны маштаб.
Як кіліму ён не знойдзе –
Дык на ім віна была б.
Генерал
Во дык бабка! Во дзе ас!
Мне б мазгоў тваіх заквас!
Хоць вымай цябе са ступы –
І міністаркай да нас!
На цара крыўдуе фрыц,
Можа кашу заварыць –
Дык табе і ў партызанах
Я б даверыў спіну крыць!
За дабро плачу дабром:
Хоч – куніцай, хоч – бабром,
А як не – магу манетай,
Золатам ці серабром!..
Баба Юга
Годзе, крыўды не чыні –
Грошай не вымай ані!
Я ж табе не дзеля грошай,
Я ж ад чыстай дабрыні.
Ты, як што – адразу ў гай
Па падмогу прыбягай.
Не звяры ж мы тут, у лесе,
Нам прыдацца – толькі дай!..
Скамарох-весялун
Кліча цар стралка, здатнага дзецюка. Яшчэ задання не дадзена, а ўжо злуе, як гадзіна. Рукамі сукае, нагамі брыкае, выкаціў бельмы – маўляў, страшны ён вельмі! Такі ўжо порсткі, каб пазбыцца Хвядоскі – ажно ў целе яму ломіць косткі!..
Цар
Да відна здабудзь кілім
З вышываннем залатым!..
Дзеля гонару дзяржавы
Ахвяруй сабой усім!
І каб быў відаць на ім,
Як на мапе, Трэці Рым –
Ні халеры я не бачу
На балькончыку сваім!
А не знойдзеш – дык наўпрост
Шлю да ката на памост:
Ён на золку на галоўку
Твой падправіць лішні рост.
Цалкам твор можна прачытаць у папяровай версіі часопіса “Дзеяслоў” №85.