Ксенія Фёдарава (№118)

Мост

Апавяданне

26.09.2021 – пачатак

Зараз пакрысе надыходзіць восень, і я міжволі прыгадваю тую самую. Не хачу ні вяртацца туды, ні рабіць гэтую падобнаю да той. Не кажу, што мне цяпер нешта не падабаецца ў маім жыцці і што я сумую па мінулым. Мінулае само вылазіць у цяперашні час, выяўляецца ў дробных элементах надвор’я ды ў вулічнай восеньскай атмасферы. Хачу сказаць толькі адно: тады было добра. Ні пра што не шкадую: ні пра тое, што было, ні пра тое, чаго не стала. Мы памыліліся тады. Але людзі маюць права на памылкі так жа, як і маюць права на іх выпраўленне. І адзінае, пра што я шкадую, – што мы не выправілі нашых памылак. Я не да канца помню, што менавіта адбылося. У маёй памяці захаваліся толькі пачуцці, нейкія кадры без перадгісторыі і эмоцыі, якія я тады адчувала.

Не помню канкрэтна. Згодна з маімі нейкімі ўрыўкамі памяці, ён памёр. Аднак мне здаецца, што мы бачыліся пасля яго смерці. То бок ён не мог памерці, так? Я не ведаю. Напэўна, добрай ідэяй было б апісаць усё, што жыве ў маёй галаве.

Ніжэй будзе прадстаўлены архіў маіх думак і пачуццяў.

 

Архіў

25.12.2017 – я абяцаю

Я абяцаю табе. Я абяцаю, што больш не буду крыўдзіцца і злавацца, калі ты будзеш доўга мне адпісваць. Абяцаю, што больш не буду жадаць штодзённа бачыць цябе. Абяцаю, што не буду марыць праводзіць кожную хвіліну свайго жыцця побач з табой. Абяцаю, што больш не буду спрабаваць затрымліваць цябе пры развітанні. Абяцаю, што больш не буду з маленнем прасіць цябе зайсці да мяне. Я… абяцаю.

 

18.03.2021 – оцэдэ

Наогул, у мяне ёсць падазрэнні, што ў мяне можа быць OCD, бо я не магу спакойна жыць, калі нейкія рэчы не на сваіх месцах. Тое ж самае і з табой, бо я адчуваю, што не ўсё на сваіх месцах. Я адчуваю, што яшчэ не ўсё сказана. Я ніколі не выкарыстоўвала людзей для ўласных патрэбаў. Таму мяне абражае такое стаўленне да мяне. Я не разумею, як можна ставіцца да людзей як да смецця. Ты ведаеш, што ты вымушаеш 1 мяне адчуваць сябе смеццем. Гэта спосаб самарэалізацыі? Ты ведаеш, што мне не было ад цябе шмат патрэбна? Я магла б быць тваім сябрам, і я хацела быць тваім сябрам. Але ты гэтага не хацеў. Я проста не разумею, як можна настолькі не цаніць іншых людзей. Мне крыўдна за сябе, мне проста крыўдна за сябе. Магчыма, я б магла як ніхто іншы разумець цябе. І, ведаеш, нягледзячы ні на што, я табе ніколі не жадала зла. І яшчэ адна рэч. Я кахала цябе калісьці. Гэта і так было зразумела, але гэта ніколі не было сказана. Хоць цяпер скажу. І я ведаю, што гэта ніколі не было ўзаемна. Ніколі. Не твая віна ў гэтым. Але твая віна ў тым, што ты зрабіў з таго, што паміж намі было.

 

01.05.2021 – яму

У маім горадзе спякотна, але мне падабаецца месца, у якім я жыву.

Я больш ніколі не буду пісаць табе.

Я часамі маю сны пра цябе, але гэта нічога. Усё скончана.

Я дагэтуль не магу зразумець цябе. Я не магу зразумець таго, як можна так ставіцца да іншых людзей. Так, ты трактуеш мяне як смецце, і я адчуваю сябе смеццем з-за цябе. І я амаль упэўнена, што я не адзіная такая.

Гэта цікава, але, здаецца, я дагэтуль сумую па табе. Я б сапраўды вельмі хацела пабачыць цябе калісьці. Я б вельмі хацела зноў абняць цябе. Я б хацела паразмаўляць з табой. Нармальна. Як нармальныя людзі размаўляюць паміж сабой. Але гэта здаецца немагчымым. Ты проста… смецце. Не я, а ты.

З аднаго боку, ты вельмі моцна змяніўся па стаўленні да мяне. Ведаеш, ты цяпер абсалютна іншы чалавек, зусім не той, з кім я была шчаслівая калісьці. Але рэч у тым, што ты ніколі не змяняўся. Парадокс. Я любіла таго ж д’ябла, які трактуе людзей як смецце. Падобна, я была наіўнай.

Калісьці ты быў маім сапраўдным каханнем.

Я больш ніколі не напішу табе зноў.

 

04.05.2021 – правал

Я прайграла. Я напісала яму зноў. Я так хацела яго пабачыць…
я запрасіла яго на сустрэчу. І, канешне ж, ён дагэтуль не адпісаў.
Я ненавіджу яго. Я сапраўды ненавіджу яго.

Ніколі не варта абяцаць зрабіць тое, што мы не можам зрабіць. Гэта прывядзе да таго, што мы не стрымаем слова.

 

04.05.2021 – што гэта такое?

Я не ведаю, што гэта такое. Я не ведаю, што мне патрэбна, я не разумею, што адбываецца ў маёй галаве.

Я проста адчуваю патрэбу сустрэцца. Я не ведаю, з якой мэтай я хачу сустрэцца. Пэўна, згодна з натурай чалавека, спадзяюся на нешта лепшае, чым ёсць цяпер.

Мае спадзяванні неадэкватныя. Я не магу і не хачу іх апраўдваць. Зрэшты, напэўна, і так усё зразумела.

Што будзе? не ведаю. Што я табе скажу? Што я цябе ненавіджу? Ці што я хачу з табой дыялогу? Што я па табе сумавала?

Ці проста спытаю, як жыццё. Божа, як я даўно цябе не бачыла…

Я больш не магу з гэтым змагацца.

Дзякуй, што згадзіўся.

 

05.05.2021 – гэта

Сёння гэта здарыцца. Здарыцца нешта, чаго я так доўга чакала. Сёння ідэальны для гэтага дзень. Сёння 5 траўня. Прайшло роўна 3,5 гады. Remember, remember the 5th of November!..

Ох-ох-ох, гэта ўсё такая бязглуздзіца!

Чаму людзі такія ірацыянальныя? Чаму яны робяць так шмат абсурдных рэчаў? Магчыма, гэта тое, што адрознівае людзей. Іх эмоцыі і ірацыянальныя ўчынкі, якія былі выкліканы гэтымі эмоцыямі. Людзі дзіўныя. Нельга прадказаць іх спадзяванняў. Яны – ідэальная рандомнасць.

 

05.05.2021 – оцэдэ 2

Ці гэта было тое паведамленне, якое знішчыла ўсё?

Я сама не ведаю, што гэта было, але мне хочацца верыць, што…
У лепшае верыць проста, і ўсё.

Проста мне балюча ад таго факту, што раней я не была пустым месцам, а потым раптам стала. Проста можна было гэта зрабіць 100500 іншымі спосабамі.

Усе людзі схільныя жыць мінулым часам. Гэтага не робяць ці людзі шчаслівыя, ці вельмі моцныя, ці тыя, якія мінулага не маюць.

Тры з паловай гады таму (роўна) я была шчаслівая. Ведаеш, часамі нейкія моманты моцна трапляюць у душу. І, нягледзячы на тое, што такіх момантаў у жыцці можа быць нямала, бывае балюча ад іх страты.

«Забыть одну жизнь — человеку нужна, как минимум, еще одна жизнь». Нібы гэтую долю я пражыла, але людзі могуць быць немоналюбамі. Гэта не значыць, што чалавек кідаецца на ўсіх, каго бачыць. Гэта значыць, што чалавек можа цаніць некалькіх людзей адначасова.

Хаця, здаецца, што няма за што цаніць. Ёсць рэчы, пра якія я б вельмі хацела забыць.

Я не змагла сказаць гэтага нармальна. Ты будуеш сцены. І выстаўляеш мяне дурніцай. Гэта натуральна. Ты і сапраўды нічога не можаш зрабіць.

Мне проста балюча, што я раптам стала для цябе нікім. Гэта можна было зрабіць мноствам іншых спосабаў. Спадзяюся, што я цябе чамусьці навучыла і што іншым людзям, якія могуць быць блізкія табе, будзе лепш, чым мне.

 

07.05.2021 – лёс

Тое, што павінна адбыцца, адбудзецца і так. Што б мы ні рабілі. Яно адбудзецца.

Можа існаваць некалькі дарог, якія вядуць да аднаго і таго ж выніку. Мы можам выбраць дарогу, але не канцавы вынік. Мы думаем, што маем выбар. Мы думаем, што мы можам мець уплыў на іншых людзей. Мы можам. Але што б мы ні рабілі, залежыць не ад нас.

Мы павінны прыняць тое, што ёсць рэчы, якія не могуць адбыцца. Мы павінны жыць з гэтым. Мы не можам змяніць мінулага і нават будучыні. Хаця часамі вельмі хочацца нешта змяніць…

Ёсць рэчы, якія не залежаць ад нас. Так смутна, што мы не можам мець усяго пад сваім кантролем… Мы павінны быць гнуткімі.

P.S. Ніколі не кажыце людзям, што любіце іх, калі вы не ўпэўненыя, што гэта ўзаемна. Ніколі і ні ў якіх формах. Праз гэта можна страціць гэтых людзей назаўсёды.

P.P.S. Хаця калі вы павінны іх страціць, то вы страціце іх і так, не раней, дык пазней. Так што рабіце тое, што вам хочацца зрабіць, згодна з душой.

 

08.05.2021 – нікому

Гэта быў дадатковы момант у скарбонку момантаў, якія я захоўваю і цаню. Дзякуй табе за кожны з гэтых момантаў. Ты быў найлепшай хваробай у маім жыцці.

 

08.05.2021 – выпадковасць

У промнях сонца твае валасы золатам свяціліся, як німб над д’яблам. Ці магчыма, каб гэта быў ты? Падыходзячы бліжэй, я пазнаю паліто, у якім ты быў тры дні таму. Ты мяне пазнаў. Каб пазбегнуць розных рэчаў, якія тэарэтычна маглі б здарыцца, ты жорстка паскараеш тэмп і дастаеш з кішэні тэлефон. Праходзячы зусім блізка, я заўважаю на табе кашулю, якая здалася мне вельмі знаёмай… Мы праходзім міма як незнаёмцы.

 

07.06.2021 – такі праўдзівы

Ты быў такі праўдзівы, такі праўдзівы… Чаму?.. Чаму ты прыходзіш да мяне такі праўдзівы? Я больш не хачу цябе бачыць, чаму ты прыходзіш?

Мой мозг малюе твае вобразы для мяне. Каб я магла пабачыць цябе. Ці мая падсвядомасць патрабуе цябе? Гэта такая прасунутая нейрасетка… Я свядома ніколі б сама не прыдумала ўсяго таго, што здольная стварыць мая падсвядомасць.

Што, калі ты быў цалкам створаны толькі маім мозгам? Ведаеш, як людзі ствараюць сваіх уласных багоў, мой мозг стварыў свайго ўласнага д’ябла. Што, калі ты ніколі не існаваў? Падсвядомасць хоча жыць у сваёй уласнай суб-рэальнасці. Хоча жыць у болю, таму стварае ўсе магчымасці для пакутаў. Для яе зручна не адрозніваць рэальнасць ад нерэальнасці. Гэта ўсё створана толькі для таго, каб карміць маю эмацыйную патрэбу.

Такія пустыя вуліцы, такі пусты свет… Толькі мая падсвядомасць запаўняе ўсё гэта сэнсам ці яго адсутнасцю. Гэта свет вельмі пусты, і ты быў такі праўдзівы ў гэтым пустым свеце…

 

09.06.202 – віток

Наш свет такі бязглузды, у ім жывуць такія вар’яты… Людзі патрабуюць людзей, і людзі любяць людзей, і людзі ненавідзяць людзей, і людзі-людзі-людзі-людзі…

Людзі – гэта людзі, дык чаму ж яны павінны так варагаваць паміж сабой?

Я зноў пустая. Я пустая інтэлектуальна праз эмацыйнае перапаўненне.

Мае ўспаміны заўсёды са мной.

Людзей больш няма, а ўспаміны пра іх ёсць.

Зрэшты, гэта было б дзіўна, калі б мы маглі губляць успаміны пра людзей адначасова са стратай гэтых людзей. Такім чынам мы маглі б забыць пра ўвесь свой вопыт. І тады мы рабілі б адны і тыя ж памылкі раз за разам. Нашае жыццё магло б стацца неразрыўным колам, і мы, як поні, хадзілі б увесь час па адной і той жа траекторыі.

Аднак часам празмерна хочацца пачаць новы віток на адным і тым жа коле…

 

10.06.2021 – давай дамовімся?

Давай з табой разам дамовімся сцерці адно аднаго з памяці? Мы забудзем усё, што паміж намі здарылася, і ўсё, што ведаем адно пра аднаго. Мы перастанем трымаць адзін на аднаго крыўды, нам перастане быць сорамна за свае ўчынкі. Мы страцім усе пазітыўныя і негатыўныя ўспаміны. Мы зноў станем незнаёмымі.

Аднак давай з табой разам запішам сабе дзесьці, каб мы прыйшлі ў адно і тое ж месца ў адзін і той жа час. Мы не будзем ведаць, навошта, з якой мэтай і каго мы павінны сустрэць. Мы проста будзем ведаць, што мы павінны туды прыйсці. Мы прыйдзем і пабачым незнаёмага чалавека. І мы пазнаёмімся нанова. Мы пачнем усё з пачатку, як быццам бы паміж намі ніколі нічога не здаралася. Усё будзе інакш. Усё будзе лепш. Мы выправім памылкі мінулага, не ведаючы пра іх існаванне.

Калі ласка, давай з табой дамовімся?..

 

10.06.2021 – істэрыка

Чэрвеньскі вечар. Летняя спякота змяняецца прыемнай паслязаходняй прахалодай. Неба красуецца сваім раскошным вечаровым строем, дагараючы колерам цёмнай чайнай ружы на захадзе і мяшаючы блакітны з фіялетавым на ўсходзе. Яшчэ грукочуць трамваі, якія цяпер ужо ходзяць не так часта, як удзень. Над імі нахіліліся жоўтыя ліхтары. Мяшанка чырвоных і жоўтых агнёў ліхтароў і трамваяў дадаюць бляску строю летняга вечара. Дзьме лагодны і пяшчотны вецер. Цвітуць каштаны, стаіць пах акацыі.

Гармонію гэтага спакойнага вечара парушае мой істэрычны плач. Я энергічна хаджу туды-сюды па тратуары, часамі падаю на калені ў траву, іншы раз сяду і абдыму калені рукамі, потым устану і зноў пачну хадзіць па асфальце, потым вяртаюся ў траву і кладуся на бок у позе эмбрыёна. Змяняючы такім чынам сваё становішча ў прасторы, я гучна плачу, закрываю твар рукамі, выціраю далонямі слёзы са шчок, хутка ходзячы, махаю рукамі, потым зноў закрываю твар і выціраю слёзы. Мінакі шчыра жадаюць мне дапамагчы і пытаюць, што здарылася. Я адмахваюся рукамі ад іх пытанняў, і ад мяне чуваць толькі тры словы, якія я паўтараю раз за разам:

– Гэта было тут, гэта было тут!

Усё, што могуць зрабіць разгубленыя людзі, гэта са спачуваннем глядзець на мяне і ці то прыкладваць сціснутыя далоні да сэрца, ці то падносіць рукі да твараў, ці то прыкрываць далонямі вусны. Яны разумеюць, што ў мяне тут калісьці адбылася асабістая драма, пра змест якой яны могуць толькі здагадвацца.

Збіраючы вакол сябе ўсё больш людзей, я прыцягвала да сябе ўсё больш ўвагі. І тым больш адмахвалася ад дапамогі, якую мне прапаноўвалі добрыя людзі.

Чарговага мінака зацікавіла група людзей, якая сабралася паблізу ад яго дома. Падыходзячы ўсё бліжэй, ён пачаў прыглядвацца да незвычайнай з’явы. Ён пабачыў дзяўчыну, якая ў той момант сядзела на траве, плачучы ў свае калені. Мінак яе пазнаў. Яна не заўважыла, як ён падышоў да яе. Ён апусціўся на калені побач з ёй. Калі ён запытаў, што здарылася, яна пазнала яго голас. Яна паглядзела на яго заплаканымі вачыма. Ён прыабняў яе за плечы. У адказ яна кінулася яму на шыю і пачала рыдаць у яго плячо. Яна трэслася ў яго абдымках. Ён моцна абняў яе. Яна прайшлася сваёй рукой па яго твары, пасля чаго плаўна запусціла яе ў яго доўгія кучаравыя залатыя валасы. Апісаўшы пяшчотны паўкруг па яго галаве рукой, яна спыніла яе на патыліцы. Сваёй мокрай ад слёз шчакой яна прытулілася да яго шчакі. Ён пагладжваў яе па спіне. Так яна застыла ў яго абдымках на некаторы час, лагодна пагладжваючы рукой яго валасы.

Міжвольныя гледачы нібы зразумелі, што праблема вырашана і што іх прысутнасць больш непатрэбная. Яны пачалі разыходзіцца, часам азіраючыся, як бы з мэтай упэўніцца, што ўсё так жа “добра”, як і момант таму. Прабыўшы некаторы час у яго абдымках, здалося, што яна зусім супакоілася. Аднак усё яшчэ трымаючы руку на яго патыліцы, яна раптам сціснула свой кулак, схапіўшы яго такім чынам за валасы, пасля чаго рэзкім рухам вырвала ўсе тыя валасы, што мелі няшчасце трапіць у яе руку. Ён ускрыкнуў ад нечаканага і моцнага болю. Яна рэзка адпіхнула яго рукамі ў плечы і адсунулася. Усё яшчэ трымаючы ў руцэ жменьку вырваных залатых валасоў, яна паказала іх яму і сказала:

– Я абажаю твае валасы, – пасля чаго другой рукой выпісала яму смачную аплявуху са словамі: – Ты быў найлепшай хваробай у маім жыцці. Бывай, пачвара.

Я ўстала. Спакойна і ўпэўнена, быццам гэта зусім не я яшчэ пару хвілін таму ляжала на траве і трэслася ў істэрыцы, пайшла прэч.

 

15.06.2021 – цішыня

Я парушыла цішыню. Мае словы былі гвалтам. Яны былі балючымі для кагосьці. Усё, чаго я хацела, і ўсё, чаго я патрабавала, было ў маіх руках. Мае словы былі вельмі непатрэбнымі. Яны ўчынілі шкоду. Пачуцці інтэнсіўныя. Ці былі мае словы трывіяльнымі? Асалода застаецца, так жа, як і боль. Мае словы былі бяссэнсавыя. Іх лёгка забыць. Усё, чаго я хацела, і ўсё, чаго я патрабавала, было ў маіх руках.

 

18.06.2021 – чарговы амаль рэальны сон

Чарговы чортавы (амаль) рэальны сон. У сэнсе, калі ўмовы былі не такія ўжо і рэальныя, то людзі былі вельмі праўдападобнымі. Іх памкненні і пачуцці.

Твой пакой у інтэрнаце чамусьці быў з балконам. І гэта было каля мора. Можна было падняцца на твой балкон са сходаў з вуліцы. Чортавыя сходы ў рай. Я падымаюся. Я бачу цябе і ведаю, што ты не вельмі рады мяне бачыць. Я абдымаю цябе і сыходжу назад уніз, каб больш ніколі не непакоіць цябе.

Аднак гэта не было канцом. Нейкім чынам мы пайшлі шпацыраваць разам. Ты трымаў мяне за руку і часамі абдымаў за талію. Я была ў захапленні ад таго, што была з табой, а ты быў даволі халодны. Больш халодны, чым звычайна. Але я зусім гэтага не заўважала, быццам бы. Я была проста шчаслівая зноў быць з табой.

Але я ведала, з кім правяду рэшту вечара. Я помніла пра гэта ўвесь час. Не з табой. І гэта файна.

 

20.06.2021 – заўсёды

Ты хацеў выкінуць мяне са свайго жыцця – ты зрабіў гэта. Але ты не ўзяў пад увагу адзін вельмі важны аспект. Не ўсё матэрыяльнае. Ёсць рэчы, якія нельга пабачыць, якія можна толькі адчуць. Існуе незвычайная энергія, энергія нашых думак і пачуццяў. І гэтая энергія ад майго імя заўсёды будзе з табой. За табой заўсёды будуць сачыць. Які б шлях ты не абраў, ты ніколі не будзеш адзін. Што бы ні здарылася, я заўсёды буду з табой.

 

24.06.2021 – Варшава

А помніш, як калісьці восенню ў Варшаве галовы высокіх цёмна-шэрых будынкаў хаваліся ў вадзяністых, мокрых, пушыстых светла-шэрых аблоках? Тады было спакойна, і фізічна, і псіхічна. Нічога не напружвала, нічога не пужала. Быў адпачынак.

Прайшло тры з паловай гады. Я ўсё помню. Ты, падобна, не. Сёння ў Варшаве будынкі так жа хаваюцца ў аблоках. Дакладна так жа, як ты ад мяне. Вось толькі лагодных ды зручных аблокаў не хапае на ўсю вышыню будынкаў. Яны хаваюць толькі верх, а ніз бачны. Ну, гэта нічога. Важна, каб вярхі адчувалі сябе спакойна. Тады і нізы хвалявацца не будуць.
Я ўсё бачу і я ўсё помню.

 

24.06.2021 – чаму такі выбар?

– Чаму такі выбар?

– А ты не здагадваешся?

– Не…

– Ну, бо нарцысы. Гарбата з нарцысаў.

– Ну, вядома, як я і сам да гэтага не дадумаўся… Але проста навошта, навошта пра гарбату, навошта пра гэта ўсё?

– Калі нешта не падабаецца, ніхто цябе не вымушае чытаць мае творы. Аднак я ўдзячная табе за тое, што ты гэта робіш. Было б сумна, калі б я пісала іх без толку.

– У сэнсе, без толку?

– Колькі б я ні развітвалася з табой у жыцці, у думках і сваіх творах, гэта заўсёды заканчваецца аднолькава. Я ўсё адно ў выніку вяртаюся да цябе.

– Што мне зрабіць? Чаго ты хочаш ад мяне? Чаго ты наогул хочаш?

– Я не ведаю. Хачу цябе бачыць, хачу цябе чуць. Хачу, каб упала сцяна.

– Якая сцяна?

– Я цяпер мастак. Прабач за клопаты. Да чарговай сустрэчы калісьці. Бывай здаровы, удачы табе.

 

24.06.2021 – вецер

Прыемны вечар. Нешта падказвае, што гэтая сустрэча будзе апошняй. Вясна, але яшчэ не цёплая. Абое ў паліто. Маё доўгае і светла-шэрае. Я хаваю рукі ў яго глыбокіх кішэнях. Тваё карычневае. Цёмна, стаім пад ліхтаром. Лёгкі і лагодны, аднак характарры вецер развівае твае валасы. Пасма валасоў закрывае твае вочы; я раблю крок убок, каб іх бачыць і каб не даць табе хавацца ад мяне за валасамі. Мы размаўляем пра рыбу і мяса. Адзін з самых важных і нікчэмных дыялогаў у маім жыцці.

 

26.06.2021 – гарбата шуй сянь

Да гэтай гарбаты ў мяне, на жаль, вельмі змешаныя пачуцці;

ці я не ўмею яе заварыць, ці не ведаю.

З аднаго боку, мае прыгожы пах, але з іншага боку

я не змог разабраць чагосьці канкрэтнага ў яе смаку;

я не змог зразумець яе.

Стары знаёмы ў сваім блогу пра гарбату

Ты быў адным з так малалікіх людзей, хто размаўляў са мной роднай мовай. Калі мы з табой упершыню пайшлі шпацыраваць, мне з табой было вельмі лёгка. Было такое ўражанне, што я на той момант ведала цябе ўжо некалькі гадоў. Ніколі ні з кім я не сыходзілася так лёгка, як з табой. Мы былі на фестывалі і спрачаліся наконт таго, што такое наркаманія і ў якіх кантэкстах гэта добра ці дрэнна, ці ты помніш гэта?

Ці ты помніш, як аднойчы, вяртаючыся з закупаў, мы зайшлі да цябе, і ты падзяліўся са мной сваёй цыбуляй і морквай, а потым пачаставаў мяне цвілым сырам?

Мяне наогул вельмі дзівіла, як можна так хутка пачаць разам хадзіць на закупы, бо гэта ж такі прыватны працэс, і на закупы, як мне здаецца, з малазнаёмымі людзьмі ніхто не ходзіць. Мяне гэта дзівіла і радавала.

Ці ты помніш, як табе падабаліся мае валасы?

Ці ты помніш, як паабяцаў навучыць мяне разбірацца ў гарбаце?

Ты мне падараваў свой кубік Рубіка, і я радавалася таму, што ў мяне нейкая рэч, звязаная з табой.

Ці ты помніш, як аднойчы, будучы разам на закупах каля 14 гадзіны дня, ты жартам сказаў, што да 20-й павінны вярнуцца дадому?

Ці як мы разам вярталіся з трэніровак? Ты з басейна сустракаў мяне пад фітнес-клубам, і мы разам вярталіся дадому. Ты помніш?

Ці ты помніш, як я аднойчы купіла сардэчкі індыка, і ты мяне назваў сэрцаедкай?

Калі я табе сказала, што спрабую правільна харчавацца, ты сказаў, што не есці смажанае – яшчэ горш за астраномію. Ты гэта помніш?

Ты заўсёды адчыняў мне двое дзвярэй, калі мы выходзілі ці вярталіся дадому. Ты гэта помніш?

Ці ты помніш, як ты насіў мае пяцілітровыя бутэлькі вады з крамы? Ці ты помніш, як мы разам паехалі ў Варшаву? Была восень, і галовы высокіх цёмна-шэрых будынкаў хаваліся ў вадзяністых, мокрых, пушыстых светла-шэрых аблоках? Тады было спакойна, і фізічна, і псіхічна. Нічога не напружвала, нічога не пужала. Быў адпачынак.

Ці ты помніш, як я прыходзіла да цябе ў госці і сядзела ў цябе на каленях?

Ці ты помніш, як ты ў краме заўважыў кубак з канём і як я не змагла яго не купіць?

Ці ты помніш, як мы пайшлі ў бібліятэку чытаць кнігі, і ты там заснуў? Вельмі соладка спаў, ажно соп. Я з замілаваннем смяялася з цябе і баялася разбудзіць.

Ці ты помніш, як ты часамі гуляўся з маімі валасамі?

Разам агульнымі сіламі назбіралі наклеек на плюшавы яблык Антося, помніш?

Ці ты помніш, як ты аднойчы сустракаў мяне з падарожжа? Я замерзла, і ты ўзяў для мяне свой світар. Верыш, што мне было ў ім вельмі ўтульна?

Помніш свае расказы пра ўплыў адрэналіну на якасць мяса жывёлін? З гэтым аргументам ты прасіў мяне не баяцца і не хвалявацца лішні раз, ты помніш?

Ты помніш, як мы хацелі ўзяць цябе са мной з сабой у Тайланд як 70-кілаграмовую валізу з яблыкамі-Антосямі?

Помніш, як калісьці мы стаялі пад маімі дзвярамі і ты распусціў мне валасы, бо яны табе падабаліся?

Помніш, як мы падоўгу стаялі ў абдымках, не могучы развітацца? Калі я павінна была выехаць у Тайланд, я не ўяўляла, як я буду жыць без цябе тры тыдні. Ты гэта ведаеш?

Помніш, як калі мы ездзілі аўтобусамі, ты падаваў мне руку, калі я выходзіла?

Помніш, як трымаў мяне ў сваіх абдымках усю дарогу ў аўтобусе да далёкага гандлёвага цэнтра?

Помніш, як мы вярнуліся адтуль? Мы былі ў мяне, ты пачаў мяне казытаць, а я, бяззбройная, спрабавала абараніцца ад цябе. Мы скаціліся на падлогу і так і сядзелі там з гадзіну. Ты зноў распусціў мае валасы і ствараў з іх новыя прычоскі. Я не магла цябе адпусціць, а ты не мог пайсці.

Remember, remember, the 5th of November… Ты некалькі гадзін развітаўся са мной, будучы ў маім пакоі. Ніяк не мог вырвацца з маіх абдымкаў. Мы стаялі разам, размаўлялі пра нейкія вельмі важныя рэчы. У нейкі момант стала ясна, што яны зусім няважныя, і што самае важнае – гэта мы, ты і я, якія разам, адны ў маім пакоі. Ты пяшчотна паглядзеў на мяне і растварыў у сабе. Назаўсёды, ты забраў маё сэрца сабе.

Помніш, як ты наязджаў на мяне за тое, што я купляла падушачкі, а магла б замест іх купіць сабе шакаладку?

Помніш Пагоню, што я табе падарыла ў дзень ад’езду?

Помніш, як ты праводзіў мяне на цягнік? Мы былі вельмі блізка да таго, каб спазніцца. Аднак цудам паспелі. Ты зайшоў у цягнік са мной. Табе было ўсё роўна на акалічнасці і на колькасць людзей. Ты перадаваў тамблерон сваёй маме ў Магілёў праз мяне, помніш?

Ці ты помніш, як ты ўладна казаў, каб я раней легла спаць, і гразіў, што на наступны дзень праверыш, ці я выспалася?

Ці ты помніш, як ты сустракаў мяне з прыпозненага аўтобуса з гарбатай у тэрмакубку? Калі я запытала, ці яна з цукрам, ты, вельмі здзіўлены і амаль абураны такім пытаннем, сказаў, што не. Тады мы адно пра аднаго даведаліся, што абое п’ем гарбату без цукру. Ты тады нібы і не планаваў ночыць у сябе. Мы леглі спаць як былі, у адзежы. Мне было з табой камфортна, я была шчаслівая. Калі мы прачнуліся, цябе нават мая хвароба не стрымала, і мы згубіліся ў запале. Ты быў уладны і моцны.

Ці ты помніш, як калісьці абняў мяне на лесвіцы, не саромеючы­ся дзясятка людзей, што праходзілі міма?

Здаецца, гэта было зусім нядаўна, вось толькі ўчора. Яшчэ ўчора ў маім жыцці ўсё было так добра, так цудоўна… І што цяпер?.. Цяпер цябе няма…

Нежывы. Мёртвы. Памёр.

Заснуў беспаваротна, больш не прачнешся. Ніколі.

Не дыхаеш, сэрца не б’ецца. Душа твая пакінула цела тваё. Больш ніколі не заспявае для мяне дуэт душы тваёй з целам тваім.

Вакол цемра. Цёмна і холадна. Толькі ты празмерна светлы, бледны, амаль белы. І не цёплы. Ты больш не грэеш. Цела тваё жахліва халоднае.

На твары тваім застыла вечная ўсмешка. Валасы больш не свецяцца золатам; быццам бы патухла магутнае свяціла.

Больш ніколі цябе не пачую і не адчую. Знік назаўсёды. Памёр…

Чакай-чакай, ты расплюшчыў вочы, зарумяніўся, рука твая пацяплела? Ці гэта праўда? Ці ты ажыў? Вось ты ўжо сеў, а цяпер і ўстаў. Рукі твае апынуліся на маёй таліі, мае – на тваіх плячах. Ты глядзіш на мяне зноў пяшчотна.

Я стану праграмістам і буду працаваць дзеля грошай; а ты – хімікам і будзеш працаваць для душы. Ты будзеш займацца тым, што табе падабаецца і не будзеш непакоіцца пра бюджэт. Мы будзем зноў хадзіць разам на закупы. Ты навучыш мяне разбірацца ў гарбатах. Будзеш гатаваць для дваіх, бо ты любіш гатаваць; а я буду мыць пасля нас посуд. Ты будзеш варыць мне каву, а я буду замаўляць табе спецыяльныя гарбаце з-за мяжы. Мы зноў будзем разам. Я зноў буду абдымаць цябе, я зноў буду адчуваць яго. Так будзе, праўда?..

Ты глядзіш на мяне зноў пяшчотна. Я хачу запусціць сваю руку ў твае валасы. Так, гэта было б цудоўна, зараз так і зраблю!

Але ж не, не, немагчыма! Немагчыма, каб ты зноў быў жывым, ты хвіліну таму ляжаў мёртвы. Ці я бачу тое, што так хацела б пабачыць? Заплюшчваю вочы, лічу да 10. Калі я расплюшчваю іх, я зноў бачу цябе смяротна-бледнага і з той жа вечнай усмешкай. Гэта быў толькі прывід, усяго толькі міраж, згенераваны маёй падсвядомасцю.

Нежывы. Мёртвы. Памёр.

Я была шчаслівая проста мець цябе ў сваім жыцці.

Твая падтрымка перад так важным для мяне здарэннем мне вельмі-вельмі дапамагала.

Знаёмства з табой было адной з найлепшых рэчаў, якія здараліся ў маім жыцці. Я люблю цябе. З нашай першай сустрэчы і назаўсёды.

Апошні раз я прытуляюся да цябе, апошні раз сваёй шчакой адчуваю тваю ўжо халодную шчаку.

Мне цябе будзе вельмі не хапаць. Бывай.

 

28.06.2021 – з нашай першай сустрэчы

Я была з табой сабой,

З нашай першай сустрэчы, заўсёды,

Паступала згодна з душой,

Не насіла маскі ніколі.

 

У няроўнай сэрцаў барацьбе

Ты… калісьці быў мой.

Маё сэрца належыць табе,

Я заўсёды буду з табой.

 

«Пакуль смерць не разлучыць нас», –

так яны кажуць заўсёды,

Забываюць, аднак, узгадаць,

чым з’яўляецца смерць для любові.

 

Я гатова шчыра сказаць:

– Ты быў усім, ты быў сонца і промні.

Настаў цяпер час раз’яднаць

Цябе з горкай і цяжкай журбою.

 

Як жа смутна мне ўспрыняць,

што цябе не пабачу ніколі.

Я кахала і буду кахаць

з нашай першай сустрэчы, заўсёды.

 

30.06.2021 – я выязджаю

Я выязджаю. Я выязджаю з горада, дзе быў ты. Я выязджаю надоўга. Мне будзе цябе не хапаць, мне будзе неспакойна. Прыемна было разумець, што я ў любы момант магу прыйсці на тваю магілу, дзе цяпер засталося толькі тваё цела, без рэшткаў душы. Аднак гэта адзінае, што ў мяне засталося ад цябе. Артэфакт твайго існавання ў маім жыцці. Адзіны сумны артэфакт – твая магіла.

Чаму ўсё калісьці павінна скончыцца?

 

01.07.2021 – снежкі

Я не раз задумвалася, а што, калі б усё склалася інакш? Калі я хацела запрасіць цябе на снежкі на першым снезе, што, калі б я тады атрымала станоўчы адказ? Што, калі б восень, ужо бурая ў колерах, прыемна-прахалодная, клапатлівая і чуллівая спадарыня, адыходзячы, не забрала цябе з сабой? Зіма са сваім прыходам пачала новы віток прыроды, у якім пазбавілася ад усяго, што лічыла лішнім. Зіма, нягледзячы на свой прывабны і захапляючы выгляд, як халодная і ўладная, аднак вельмі прыгожая каралева ў белым, аказалася жорсткім катам. Яна палічыла цябе лішнім. Яна вырашыла першым снегам змесці цябе з майго жыцця. Цябе не стала.

Што, калі б зіма не прыйшла? Ці калі б прыйшла, але была б літасцівай да нас? Калі б ты далей мог жыць, што б было з намі цяпер? Ці была бы я такой жа шчаслівай, як той восенню? Я не ведаю. Праўда. Усё было б інакш. Аднак рана ці позна цябе і так павінна было б не стаць, рана ці позна тваё існаванне і так змянілася б смерцю. Ці не лягчэй было страціць цябе раней?..

Гэта была для мяне вельмі цяжкая, аднак неабходная страта. Бывай шчаслівы ў сваім новым свеце.

 

02.07.2021 – рытуал

Пахмурна і прахалодна. Неба плаксіва-шэрае і спакойнае. Лёгкі і прыемны вецер. Дрэвы прыкрываюцца толькі лёгкімі і ўжо сухімі рэшткамі сваіх раскошных восеньскіх убораў. Апалае лісце, якое яшчэ ўсяго пару тыдняў таму было зачаравальна-залатым і такім прыгожым, сталася цяпер гнілым і бурым. Пахне свабодай і журбой. Канец лістапада.

Кожны год надыходзіць гэты незвычайны дзень, калі я павінна пакінуць яго аднаго ў спакоі. Кожны год 23 лістапада ён святкуе сваю жыццёвую жалобу. Гэта той дзень, калі мне побач з ім няма месца. За столькі гадоў ён так і не пазбавіўся сваёй хваробы. Зрэшты, я яго разумею. Я на яго месцы таксама не забыла б. За ўвесь наш час разам я да гэтага прывыкла. Чаго не зробіш дзеля яго. Галоўнае, каб ён адчуваў сябе камфортна.

Добра, што сёння субота. Паеду да мамы. Пабядую і я.

 

02.07.2021 – у дарогу

– Не забудзь, твая мама прасіла цябе ўзяць акуляры.

– Ой, сапраўды, а я і забыў! – усклікнуў ён, пасля чаго ўзяў акуляры ў футарале з палічкі ў шафе і палажыў іх у заплечнік.

– І тамблерон для яе.

– Так-так, ужо кладу, – яна абвяла вачамі пакой, каб упэўніцца ў тым, што ён нічога не забыў. Ніколі не можа быць так, каб ён сам нічога не забыў. Але цяпер, пасля таго, як паклаў акуляры, здаецца, усё ўзяў.

– Перадавай ёй прывітанні. Не забудзь, калі ласка.

– Канечне.

Ён падышоў да яе бліжэй, каб развітацца перад ад’ездам. Яна паглядзела на яго пранікнёна і сумна.

– Варвары таксама.

Ён паглядзеў на яе як чалавек, які вымушаны прызнаць тое, што пра яго ведаюць больш, чым яму б хацелася. Аднак нельга не спрабаваць абараніць свой гонар.

– Пра што ты?

– Няўжо ты думаеш, што я не разумею? – ён роспачна апусціў галаву.

– І як ты ставішся да гэтага? Мне ёсць куды вяртацца?

– Канечне ж ёсць. Нармальна я да гэтага стаўлюся. Для мяне галоўнае, каб ты быў шчаслівы. Адчувай сябе вольным. Буду любіць і чакаць.

Ён з палёгкай і ціхай радасцю абняў яе і пацалаваў у лоб.

– Люблю цябе, – нібы з падзякай сказаў ён. Яна чулліва прытулілася да яго, запусціла руку ў валасы і пагладзіла яго па галаве.

– Час ехаць, – сказаў ён, цалуючы яе ў шчаку.

Яна зачыніла за ім дзверы.

– Ведаю, што не любіш, – яна падышла да акна і маркотна ўгледзелася ў прыгожую шэрасць восені.

 

09.07.2021 – я больш не хачу

Я не хачу больш пісаць пра цябе. Я стамілася. Аднак я адчуваю сваім абавязкам апісаць адну рэч.

Пасля таго, як нашыя шляхі разышліся, мы даволі доўга не бачыліся. Каля двух гадоў. І раптам, пасля гэтых двух гадоў, мы сустрэліся на пікеце. Мы тады не размаўлялі адзін на адзін, толькі ў вялікай групе людзей. Я помню твой шматзначны погляд. Гэта, здаецца, было адзіным, што неяк сведчыла пра мінулае. Пасля гэтага мы проста размаўлялі, будучы ў адной кампаніі, ты ставіўся да мяне так жа добра, як і да іншых. Ты не трактаваў мяне неяк інакш. Я была роўнай з іншымі. Гэта было так файна, не адчуваць сябе нейкім выключэннем для цябе.

Я была вельмі радая цябе пабачыць. Зрэшты, як і заўсёды. Я вярталася дадому адна пад роспачным летнім дажджом і думала пра цябе. Пра тое, што існуюць людзі, якія ніякія ў перапісках і проста богі ў сустрэчах ужывую.

Потым я зноў вельмі доўга не бачыла цябе. Аднойчы я хацела запрасіць цябе на піва, бо на пікеце я заўважыла, што піва – гэта нешта, чым ты вельмі любіш бавіцца. Аднак ты проста не чытаў майго паведамлення. Дзень, два, тыдзень, два, месяц, палову года… Ты і не збіраўся на яго адказваць. А я і не настойвала. Да нейкага моманту. Пакуль не накіпела.

Нейкім цудам ты згадзіўся са мной сустрэцца. Гэтая сустрэча была такая нязвыклая… На той момант мы не размаўлялі нармальна больш за тры гады. І з табой было зноў так лёгка… Так цёпла ды камфортна. Мы размаўлялі пра ўсё. Нават не адчувалася, што мы так даўно не бачыліся. Нібы вось толькі тыдзень, а не тры гады. І вечаровы горад быў такі прыемны, ціхі і ўтульны. Пахла вясной ды прыемным смуткам.

Усё было файна, пакуль я не пачала закранаць тэмы, якія мяне хвалявалі. Ты зноў закрыўся ад мяне і знік. Знік, падобна, назаўсёды.

Табе было прасцей выкінуць мяне са свайго жыцця, чым разабрацца са мной. Магчыма, я занадта патрабавальная да іншых. Сумна, што ад гэтага горш толькі мне.

 

26.09.2021 – працяг

Я не ведаю, дзе праўда. Я не разумею, што здарылася. Кожны дзень у мяне новыя думкі і пачуцці; я забываю пра тое, што думала і адчувала раней. Адзінае, дзе яно захоўваецца, і адзінае, што ў мяне ёсць, гэта мае архівы. Я не ведаю, што з гэтага фантазія, а што гісторыя. Я не маю ніякіх кантактаў з ім, ніякіх сведкаў – ніхто нічога не ведае роўна так жа, як і я. Толькі пачуцці і вобраз чалавека, які вельмі шмат для мяне значыў і, падобна, значыць дагэтуль.

Сёння выдатны дзень, каб сабраць усё ў адно месца. Сёння роўна чатыры гады з нашага знаёмства. І сёння я пачынаю сваю тэрапію.

 

03.07.2022 – канец

Я больш не маю прывідаў. Мая свядомасць ясная. Я магу адрозніць рэальнасць ад нерэальнасці.

Падобна, гэтага чалавека ніколі не існавала. Няма ніякіх фактаў, якія б даказвалі яго існаванне. Ён усяго толькі плод маіх думак. Мая падсвядомасць стварыла сабе д’ябла для кахання. Яго няма і ніколі не было.

Бывае, што ў жыцці ўсё настолькі добра, што аж нудотна. Тады свядомасць ці падсвядомасць пачынае ствараць праблемы, каб хаця б нешта адбывалася ў жыцці. не добрае, дык дрэннае. Каб была хаця б нейкая розніца патэнцыялаў. Немагчыма жыць, калі ўсё заўсёды аднолькава. Абароннай рэакцыяй арганізму ад загнівання з’яўляецца стварэнне праблемаў, якія ён потым мусіць вырашыць. Мабыць, так і павінна быць.

Аднак прыемна было мець з ім справу. Нават смутна, што ўсё гэта толькі выдумка…

 

05.07.2022 – працяг канца

Па сутнасці, у маім жыцці нічога не змянілася. Я працягваю працаваць на такой жа добрай працы, як і раней. Можа, пачала мець яшчэ больш знаёмых і яшчэ менш сяброў. Далей працягваю мець асалоду ад дажджу ды пахмурнасці, далей люблю восень. Далей купляю каву ў кавярнях, каб заліць свой смутак нечым лепшым за алкаголь. Далей радуюся любым рэчам, звязанымі з коньмі. Далей люблю падоўгу шпацыраваць і думаць пра жыццё. Далей ем кашы на снеданне ды люблю шакалад. Адно толькі змянілася. Сталася вельмі пуста. Страшэнная, жахлівая пустка з’явілася ў маім жыцці. Мне няма па кім сумаваць, пра каго думаць, каго любіць. Мне няма куды накіраваць сваю ўнутраную энергію, якой у мяне празмерна шмат (чаго, мабыць, знешне зусім не бачна). Мне не хапае таго чалавека. Не хапае чалавека з маіх сноў.

 

25.08.2022 – дзень народзінаў

Сёння я стала на год старэйшай. Я такая маладая, а адчуваю сябе такой старой… На кожныя народзіны чакаеш нейкага цуда. Што нехта прыгадае пра цябе, напіша пару цёплых словаў, ці што нехта прыйдзе да мяне ў госці з шарыкамі, каб зрабіць мне сюрпрыз. Кожны год я, як малое дзіця, чакаю цуду. І яго ніколі не здараецца. Дарослае жыццё такое смутнае… Чаму людзі павінны жыць у ізаляцыі адзін ад аднаго? Чаму людзі такія фальшывыя? Яны ўсміхаюцца табе ў твар, робяць выгляд, што зацікаўленыя тым, што ты кажаш, абяцаюць зрабіць нешта для цябе… Але насамрэч яны маюць цябе дзесьці. Усе людзі шукаюць выгоды ў іншых людзях. Шчырасць засталася ў дзяцінстве. Падобна, я дагэтуль не вырасла. І, падобна, нікому не выгадна прыходзіць да мяне з шарыкамі на народзіны.

 

04.09.2022 – неканец

Сёння на трамвайным прыпынку я пабачыла яго. Гэта дакладна быў ён, кропля ў кроплю! Я доўга не магла паверыць сваім вачам і доўга прыглядалася. Села ў той жа трамвай, што і ён, хаця планавала ехаць іншым. Ён, хоць і бачыў мяне, ніяк не рэагаваў на мяне. Як незнаёмец. Як чалавек, які нічога да мяне не мае, ні добрага, ні дрэннага. Як чалавек, які ніколі мяне не ведаў.

Пасля пераадолення буры сумненняў я падышла да яго. Запытала, ці мы не бачыліся калісьці раней. Сказаў, што мая знешнасць таксама здаецца яму знаёмай, але што ён не помніць, адкуль. Так і пазнаёміліся. Аказалася, што мы год вучыліся ў адным і тым жа месцы і, мабыць, там і бачылі адно аднаго на калідорах. Аднак не былі знаёмымі, толькі бачыліся на калідорах…

Аказалася, што ў яго сёння народзіны. Я яго павіншавала і запрапанавала пачаставаць нечым з гэтай нагоды. Пайшлі разам у кавярню на каву. З ім вельмі лёгка размаўляецца. Быццам мы знаёмыя ўжо некалькі гадоў, а не адзін толькі дзень. Ён вельмі цікавы чалавек.

Дамовіліся сустрэцца заўтра.

Сёння быў найлепшы дзень у маім жыцці. Я знайшла тое, чаго шукала ўсё жыццё. Усе мае праблемы былі звязаныя з тым, што я не магла яго знайсці.

Усё будзе інакш, усё будзе лепш, чым у маіх архівах. Наогул, гэта добры момант, каб спаліць іх, як масты з не найлепшым мінулым. Так, я спалю архівы і перастану жыць мінулым. Сёння быў найлепшы дзень у маім жыцці. Час пачаць новую гісторыю.

Падобна, аднак, у дзень народзінаў могуць здарацца цуды…

 


Апублікавана

у