Леанід Галубовіч (№116)

Шаноўныя аўтары і чытачы! Мы вырашылі аднавіць-рэанімаваць нашую даўнюю апытанку для літаратараў – анкету «Дзеяслова» – якая цягам 2005-га года друкавалася на нашых старонках. За гэты час багата чаго змянілася. Нямала цудоўных аўтараў, якія тады бралі ўдзел у анкеце, адышло ў Вечнасць. Змяніўся, разам з часам, і часопіс. Але галоўныя пытанні Літаратуры засталіся ранейшымі, і адно з цэнтральных сярод іх – чым ёсць з’ява творчасці, у чым яе феномен. Іншымі словамі, з чаго «вырастаюць» вершы, паэмы, аповесці, драмы, раманы… Вось жа, да вашай увагі – развагі актуальных беларускіх літаратараў на гэты конт. І не толькі.

Вашыя «дзеяслоўцы»

Фота Міраслава Адамчыка
  1. Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?

Творчасць ніяк не можа быць абавязкам. Абавязкам можа быць літаратурны занятак. Мне лацвей назваць гэта духоўным прызваннем… Высакапарна, але няхай. Гэта, безумоўна, тычыцца паэзіі, а што да маіх крытыч­ных артыкулаў, рэцэнзій, літаратурных эсэ і зацемак, то гэта ні што іншае як рамяство, прафесійная праца (дарэчы, па першай прафесіі электрыка я без абсалютнага задавальнення прапрацаваў ні многа ні мала 15 гадоў). А што да паэзіі, то першай яе “творчай праявай” стаўся неардынарны школьны выпадак. Данос, здрада. Аднакласнік у чацвёртым класе пачатковай школы выдаў мяне настаўніку, якога я шэптам суседу па парце абазваў “кілуном” (а ў нашай вёсцы гэтае слова лічылася абразлівым). І адбылося гэта якраз перад Новым годам. Таму пакаранне сталася па­двойным і балючым, як фізічна, так і маральна. Па-першае, мяне адлупцаваў бацька (таварыш і часты хаўруснік настаўніка па выпіўцы), па-другое, пазбавілі падарунка ад Дзеда Мароза. Вы можаце ўявіць, што значыла ў 1960-м годзе пазбавіць падлетка дармавых пры­смакаў (цукерак, пернікаў)?! Па тым часе, калі трэба было яшчэ на досвітку займаць чаргу па буханку кукурузнага хлеба ў “хатняй” краме дзядзькі Пе­т­руся… Вось тады, замудоханаму ў хатнім астрозе, мне і стукнула ў галаву напісаць вершык пра здрайцу. І ведаеце, я нешта такое напісаў, бо крыўдная мянушка (дражнілка) прыліпла да аднакласніка на доўгія гады. Відаць, арыентаваўся на іранічны купалаўскі ўзор:

 

Праўду з няпраўдай,

Цноту з гарэзіяй

Вымяшай спрытам

– Будзе паэзія.

 

Неверагодна, але пасля школы герой вершыка стаўся мне самым блізкім і верным сябрам (шкада, з-за алкагалізму ён сканаў на 45-м годзе жыцця). Такі вось быў пачатак “творчага” шляху. А да вершаў, сам таго не жадаючы, падштурхнуў мяне зноў жа бацька, калі аднойчы прынёс з вясковай бібліятэкі таўшчэзны том Янкі Купалы (памятаю, я яго ледзьве на печ узвалакваў, зялёны, нечым па­добны да тлумачальных пяцітомнікаў беларускай мовы). Найперш праз вершы Івана Дамінікавіча я на паэзію і “падсеў”… Першая публікацыя была ў раёнцы, здаецца, у дзясятым класе, некалькі слупкоў нарыфмавалася пра Першамай, якія ў рэдакцыі сям-там выправілі на свой капыл. Хоць каля трох рублёў ганарару і пэўную долю гонару ад аднавяскоўцаў я ўсё ж атрымаў. Своеасаблівая кампенсацыя за колішнюю канфіскацыю навагодняга падарунка… Што ж, магчыма, дбанне і карпенне над словам таго каштавалі!

 

  1. У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

 

Вось, бачыце, у гэтым Вашым пы­танні нарэшце сышліся, можна сказаць, сінонімы: творчасць і нат­хненне… І пры гэтым Вы пытаеце пра адметнасці працы. Калі гаварыць менавіта пра паэзію, то працы як такой і не бывае… Выходжванне, выседжванне, вылежванне, вымройванне – вось складнікі творчага плёну. А пасля ўжо – калі дасць Бог што – занатаванне і самакрытычнае рэдагаванне…

Зана­таванне часцей за ўсё адбываец­ца познім вечарам і ноччу, хоць успышка азарэння можа здарыцца ў любы, нават непадходны і неспрыяльны для таго час.

У ХХ стагоддзі я пісаў толькі ша­рыкавай ручкай. З 2000-га года пера­важна набіраю на кампутары (адразу было мулка, але як сапраўдны беларус мала-памалу звыкся). Да жніўня 1986-га года стымулятары былі аднастайныя: віно, самагонка, піва, цыгарэты… Пасля – да 1998-га – кнігі, цыгарэты і кава. З 2012-га – кнігі і ўнутраны зрушны водгук на знешнія праявы жыцця… Я не сцвярджаў бы, што заўжды чакаю нечаканай хвіліны натхнення… Але калі такое здараецца, то несумненна – гэта творчая ўдача, свята душы, насалода слоў на гаркоту пакут. Апошнім часам гэта такая рэдкасць, якую я дадаў бы ў сваю асабістую “Чырвоную кнігу”.

 

  1. Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?Найцяжэйшая задача – гэта ўлавіць музыку, настроіцца на адпаведны і прымальны лад і рытм верша. І за­чапіцца за пэўную ключавую фразу (радок, страфу), вакол якой і будзе асноўвацца мастацкая тканіна твора. Калі, груба кажучы, пачынаеш тужыцца-намагацца, рамеснічаць, то справа швах… Лепш адкласці, як чарнавік, да іншага часу.

Так, я маю некалькі паліц з рознай дапаможнай літаратурай. Але найчасцей звяртаюся да даведнікаў, пішучы тэксты, звязаныя з крытыкай і эсэістыкай.

 

  1. Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

 

Найперш настрой, а цяпер яшчэ і здароўе. Хоць і паскудны настрой і розныя будзённыя няўдачы адкладва­юць недзе ў падсвядомасці зародкі ідэй і тэм для будучых твораў. Перачытванне любімых кніг, настальгічнае ўспамінанне і новае перажыванне пражытага таксама дадаюць адпаведнага тонусу і поцягу да творчай працы. Што да ацэнкі на­пісанага, то скажу так, я чалавек вельмі самакрытычны і чуйны да крытыкі збоку ад каго б то ні было. І, вядома, у маладосці я прыслухоўваўся да пад­казак, асабліва людзей таленавітых і вопытных. Але гэта не значыць, што я правіў напісанае бяздумна. Тым больш цяпер, калі ўжо і закідаў крытычных стала менш (усё ж ледзь не “жывы класік”), аднак ёсць два чалавекі, да парад якіх і сёння я стаўлюся з павагай і разуменнем (абое выбітныя стылісты і маюць добры літаратурны густ і досвед). І калі перапісваць тэксты ў мяне не было і няма звычкі (за вельмі рэдкімі выпадкамі), то ўдасканальваць іх, калі ў гэтым ёсць упэўненасць, даводзіцца даволі часта.

 

  1. Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?

 

Абсалютнай задаволенасці на­пісаным, я думаю, няма ні ў аднаго здаровага духам і розумам творцы. Ты напісаў, больш за тое, выдаў у свет тое, што напісаў. Яго ўжо немагчыма паправіць і выкрасліць з чытацкай памяці і літаратурнага працэсу. Ці мог бы ты зрабіць (стварыць) лепш, чым яно ёсць насамрэч? Нелагічнае пы­танне. Ды ўсё ж кожны з творцаў сам пра сябе маракуе, што мог бы нешта напісаць (або і ўвогуле не напісаць) не так, не тое, нашмат лепш і таленавіцей… Гэта такія запозненыя супакаяльна-пакаянныя душэўныя споведзі… Таму адназначна я незадаволены практычна ўсім напісаным, апроч чатырох-пяці вершаў (магчыма, што яны застануцца ў хрэстаматыйнай беларускай літа­ратуры). Няма ў мяне вялікага аса­бістага негатыву і да пераважнай большасці сваіх “зацемак з левай кішэні” (наўрад ці можна аднесці іх да мастацкай літаратуры, але спадзеў, што ў будучыні ў іх будзе чытацкая і літаратуразначая зацікаўленасць, мяне не пакідае).

Што да жыцця і ўласнай біяграфіі, калі б хто нават і даў такую мажлі­васць, то ці ёсць патрэба нанова перажываць табой пражытае? Хоць настальгаваць, успамінаць, смакаваць і горка ўздыхаць ёсць пра што… Скажам, у новым жыцці я мог бы не захапляцца выпіўкай так, як захапляўся ёю не­калі… Але ж колькі я страціў бы пры гэтым прыгод і “творчых” узлётаў у сне і на яве! Дадам нечаканае: магчыма, і ўвогуле няварта было “завязваць” з гэтай паскуднай звычкай і дарэшты высушваць душу… Паэзіі ад гэтага адназначна не дадалося. А вось што прыбавілася?.. Хіба толькі даўжыня бесперспектыўнага жыцця. Не трэба ўцякаць ад уласнай планіды (і ці магчыма гэта?). Што мая біяграфія адлюстравалася ў маіх кнігах, пэўна сказаць нельга. Хутчэй можна сказаць, што на іх старонках мільгаюць яе знікаючыя адценні… Творца – шчаслівы, ён жыве падвойным жыццём – дадзе­ным Богам і ўласна створаным…

 

  1. Ці вядзеце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пі­шацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?

Не, дзённікаў я не вёў і не вяду, але, як шмат каму вядома, пішу “зацемкі”, штосьці блізкае па змесце, але далёка не адно і тое ж. У гэтых маіх спарадычных занатоўках усё-ткі больш развагаў пра жыццё і літаратуру, чым пэўных дзённікавых фіксацый. А вершы я пішу, калі для гэтага з’яўляецца нейкая канкрэтная прычына альбо надараецца натхненне. Што да ляноты, то яна мяне пераследуе ўсё жыццё. І карані яе ў маіх неадступ­ных сумненнях: а ці варта, а навошта, а каму гэта трэба, а ці змагу?.. Таму пішу, калі выпадаюць прасветы ўпэўненасці ў сабе і з’яўляецца творчы сверб. Увесь астатні час я думаю, мрою, чытаю, гля­джу спартыўныя перадачы (я валідольны фанат: футбол, тэніс, біятлон)… І яшчэ, мяне часта накрывае экзістэнцыйная меланхолія і дэпрэсія. І гэта пры тым, што адразу пасля сну я раблю 15-хвілінныя фізічныя практыкаванні і чатырохкіламетровыя ранішнія і вечаровыя праходкі… Да таго ж трэба ўлічваць, што я выключны дамасед, апошні дзясятак гадоў увогуле рэдка куды выходжу. Карацей, за ня­значным выключэннем уяўляю сабой абломаўскі вобраз.

 

Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

Безумоўна, пакуль што яшчэ стараюся чытаць, хоць зрок ужо слабне. Апошняе, што ўдалося – гэта “Вясна. Вуснам цесна” Насты Кудасавай, “Па што ідзеш, воўча?” Евы Вежнавец, “Райцэнтр” Тані Скарынкінай, “Локісаў” Артура Клінава, “Такая і гэтакі: Талакуе з маланкай дождж” Алеся Разанава і чарговы 9-ы том “дзённікаў і запісаў” Рыгора Барадуліна… З перыёдыкі не абмінаю сваёй увагай часопіс “Дзеяслоў”. Па прапанове дачкі сёлета прачытаў кніж-кі Луі Альтусера «Об искусстве» і Гасто­на Башляра «Поэтика пространства» (пераклад з французскай, вельмі му­дронае чытанне, але прыцягальнае новым для мяне досведам), а таксама двухтомнік своеасаблівай анталогіі сучаснай рускай паэзіі «Живые поэты» (больш за 300 вядомых, малавядомых і невядомых аўтараў). У мяне даволі пры­стойны кніжны збор, які я пастаянна прарэджваю, аддаючы кнігі ў жэсаўскую бібліятэку і добрым людзям. Бо са­мому, шчыра кажучы, ужо хапае двух дзясяткаў кніг, блізкіх майму мастацкаму густу, тых аўтараў, асобныя творы якіх я перыядычна перачытваю: М. Багдановіча, Ф. Цютчава, Я. Брыля, М. Стральцова, Дз. Ліхачова (нататкі пра культуру і літаратуру), В. Розанава, Р. Фроста, М. Рыльке, А. Разанава, Л. Кастэнкі, Х.Л. Борхеса, У. Сакалова, М. Басё, А. Пісьмянкова, І. Пташнікава, Ю. Алешы, В. Адамчыка, У. Жылкі,
І. Буніна, Акутагавы, Э. Дыкінсан, Ў.Б. Ейтса, Г. Містраль, В. Шымборскай… і, шмат хто, відаць, будзе здзіўлены,
Ч. Букоўскага…

Найбольш блізкія мне творцы ў мастацкім плане – гэта Цютчаў, Брыль, Фрост і Стральцоў.

З сучасных пісьменнікаў пакуль нікога не перачытваю.

 

  1. Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

 

Найперш нашай сённяшняй літаратуры не хапае вольнамоўнай нацыянальнай напоўненасці (адчу­вання творчай бяспечнасці і айчыннай духоўнай аўры). Літаратура і сам літаратар задыхаюцца не толькі ад разрэджанай атмасферы бязмоўя, але і ад адчування пэўнай адчужанасці ў сваёй Айчыне, пакінутасці і сіратліва­сці, з зайдроснай аглядкай на суседзяў і на вялікія літаратуры свету. З іншага боку беларускія творцы загартоўваюц­ца ў змаганні (найперш унутраным) за спраўджванне свайго наканавання і таленту, што надае ім сілы, магчымасці і шанцы для прамаўлення свайго новага слова…

Бо як сведчыць гістарычны і літа­ратурны вопыт прамінулага, менавіта ў такой непрымальнай, задушнай таталітарнай атмасферы час ад часу і выпакутваюцца выбітныя і знакавыя мастацкія творы.

Калі заглядваеш у электронныя сеткі (Фэйсбук, скажам), ствараецца падманнае ўражанне буяння нацыя­нальнага літаратурнага жыцця. Аднак усё гэта віртуальныя відзежы (кукуш­ка хвалит петуха за то, что хвалит он кукушку). Яшчэ трыццаць гадоў таму смяяліся і ганьбілі савецкі літа­ратурны працэс, а што ж маем сёння – збольшага абноўленыя яго знешнія формы, бо ўнутраны маральны змест (чалавека і творцы ў тым ліку) амаль не змяніўся (дабро і зло працягваюць сваю спрадвечную барацьбу). Кніжкі выдаюцца, праводзяцца вечарыны, раздаюцца прэміі ў вузкім коле, а – выбітнога, важкага мастацка-літа­ратурнага плёну не надта заўважна. Няма сур’ёзнай незалежнай крытыкі, а галоўнае, бракуе самакрытычнасці самім літаратарам. Пры маім жыцці, дзякаваць Богу, былі створаны знакавыя і вы­значальныя на мастацкую перспектыву творы нашай літаратуры – гэта і міні­яцюрная “Жменя сонечных промняў” Я. Брыля, і “Чужая бацькаўшчына” В. Адамчыка, і “Смаленне вепрука” М. Стральцова, і “Шлях-360” А. Разана­ва, і “Любіць ноч – права пацукоў”
Ю. Станкевіча, і “Пан лес” А. Сыса…

Што ёсць сёння? Прываблівае ня­змушанай, духоўна выпакутаванай метафорыкай паэзія Н. Кудасавай, звяртаюць на сябе ўвагу стылёвыя і ідэйна-псіхалагічныя пошукі А. Баха­рэвіча, інтрыгуюць сваёй паэтычнай арыгінальнасцю Дз. Строцаў і С. Бры­ло… З шэрагу маладзейшых, але заўважна даравітых, вылучыў бы паэта В. Кораня.

Што пажадаць пачаткоўцам? Лю­біць Беларусь і намагацца быць яе творцамі.

 


Апублікавана

у