…свабоду нельга заваяваць —
яе можна толькі дачакацца…

— Валянцін Акудовіч

Чорная яблыня

Канцонэ пра трох ільвоў

цалавацца вучылася я ў ільва

рыбы песцілі маю скуру

і падлівалі віна

зачаравана ўздыхалі маўчалі

і браліся шлюбам

са студнямі

 

на маёй жа зямлі

капытамі білі быкі і коні

уздымаючы віхуры болю

 

і новы з’явіўся леў

удаючы гандляра заморскіх бразготак

але што мне да пацерак

у кішэнях маіх пясок

дзе хавае свае атрутныя джалы павукападобны звер

ён запэўнівае мяне што асалода ў пакутах

я веру

і працінаю сябе дзідай, стралою, мячом

і веру і веру і веру

веру кожнаму зверу толькі не табе

казала бабуля

і працягвала мне сточаны серп

 

ўсё паўтаралася

перагнівала

зброя блішчэла на сонцы

агаляючы косткі

 

пустэльня з самотным макам

узіралася ў трэцяга льва

 

 

*  *  *

маё імя балансуе на вуснах мужчынскіх

цыркавым акрабатам,

яно – свабода і можа высока падскочыць

каб кірля марская яго падхапіла

і на бераг аднесла туды

дзе расце пескалюб

сцябліны яго вострымі стрэмкамі ўторкнуцца ў скуру імя

па швах разыдзецца на раз два

во – застанецца са мною

ля – таксама

што за сэнс уручаць падарункам абрубкі

незавершанасць будзе муляць

і трымаць у закладніках памяць

не хачу заставацца пад вартай

прыходзіць па позве

быць прыгаданаю па нястачы

быць прыгоннаю

а значыць

бегчы-бегчы скрозь цела рэхам

пераходзіць з рота ў рот як замова

ад  сурокаў, ад ляку ад болю зубнога

мне не жыць у літарах на плячы земляроба

бо я вуснае шчасце

а не пісьмовае

 

 

*  *  *

жыву ў гатэлі насупраць касцёла

вечарам п’ю віно каля сінагогі

суразмоўцу знаходжу непадалёк ад мячэці

падарунак атрымліваю на выйсці з царквы

у засені явара гляджу на ўцехі адных і пакуты іншых

калі бяздомны сабака кладзецца ля ног

прывітаннем ад будды

 

 

*  *  *

восень стамілася быць сабою цяпер яна думае што зіма

яе асуджаць не бяруся такая сама

выходжу з кіно плятуся дадому вяроўкай адрэзанай ад вузла

у лістападзе чамусь асабліва сцішна прызнацца

што насамрэч адна

што гэта надоўга і невылечна бо лекаваць невядома што

абсцэс самастойнасці

пералом даверу

ці запаленне адчаю ў левай руцэ

поўнач заўсёды была пакараннем

амаль ніхто не вітае снег

і нават у мове абледзянелым

кажуць на сэрца, што не хоча хварэць

і я не хачу

таму спыняю рэкі дзе брудныя боты свае

мыў вораг вогненны знак лета

паціху ў маўчанні сваім гніе

 

 

*  *  *

я быццам слова што жыве ў даданым умовы

прымяраю сусветы

пажаданы, магчымы і верагодны

калі б і хаця б і толькі б

бы сабака што ніколі не выходзіць з дому

а сядзіць паслухмяна на ганку і чакае

пакуль прыйду я

і скажу “гуляць”

я кепская гаспадыня

дазваляю цягнуць сябе ў розных кірунках

і ўвогуле мне такія стасункі не падабаюцца

на павадку

гаспадар і служка

яна цябе б’е а ты ад яе залежыш

і называеш гэта вечным каханнем

полюсы і магніты

процілегласці прыцягваюцца

навошта стасункі людзей гэта фізіка і геаграфія

лепш як у мове – словы злучаюцца

утвараючы тэксты, жыцці, бясконцасці

гладкія, ладныя, кутнія і нязвыклыя – але магчымыя

без барацьбы і знішчэння

без дакладнага вылічэння

дзе ёсць і правілы і выключэнні

і няма павадка

 

 

*  *  *

тэрапеўт кажа трэба менш рацыяналізаваць

маці кажа трэба перастаць сябе ламаць або шкадаваць

сяброўка кажа трэба проста вымкнуць радыё

і не корпацца ў прычынах, крыніцах і гэтак далей

іншая сяброўка кажа сумаваць і плакаць – нармальна

з гэтым нязгодная мама і першая сяброўка

але згодны тэрапеўт

і толькі тата нічога не кажа

нават у маіх снах

дзе ён з’яўляецца гэтак жа рэдка

як было пры жыцці

 

 

*  *  *

цяперашні час даецца мне цяжка

мінулы ведаю лепш

там і жыву

вось бы як у кіно

страціць памяць

і тых хто там прапісаўся

не маючы майго на тое дазволу

тады кожную згадку буду спакойна здымаць

як волас з пляча паліто

не здолеўшы прыгадаць ужо

чыйны

 

 

*  *  *

там дзе растуць дрэвы

мне не патрэбны аркестры

і прыймачы з патэфонам

мне не патрэбны бо

там дзе растуць дрэвы

ёсць ультракароткія хвалі

і звышдоўгія хвалі

абавязкова там ёсць

яны выпраменьваюцца з дзюбаў

мабільных радыёстанцый

гучаць адначасова

без хрыпласці перашкод

вось тут разважаюць пра гнёзды

а тут пра культуру палётаў

якое ў модзе пер’е

і як здабыць чарвячка

і раптам я зразумею

тое што для мяне песні

для птушак будзённыя справы

размовы так, ні пра што

і можа быць там дзе растуць дрэвы

усё ж неабходны аркестры

каб мы слухалі птушак

а птушкі слухалі нас

 

 

*  *  *

рычард кажа

што напісаў свой верш недзе 40 гадоў таму

а я падумаю што і не жыву столькі

 

годазлічэнне і ўзрост

прывілеі пісьменных

 

саламі́ застаецца дома

 

не чытае не піша не лічыць

яна мые посуд, сястрыц, падлогу

год два тры працірае пустыя вазы

 

можна поўніць іх сэнсам кефірам ці кветкамі

 

саламі́ любіць макі

калі яны выспяваюць – у каробачцы чорная россып бубак

колькі год табе саламі́

не ведаю, суседзі кажуць што 30

кажуць дрэвы нават ведаюць свой узрост

 

дык хіба я горшая за дрэва

 

чорная россып бубак

 

 

чорная яблыня

раніца пачынаецца з перакладу імёнаў

людзей

якіх расшуквае паліцыя, родныя, нейкія службы

у суседняй краіне вайна

але як заўсёды тэрміналогія ў кожнага боку свая

усё што я ведаю пра гэтых людзей – дата іх нараджэння

і з ліста ў ліст якія перакладаю цягнецца невядомасць

як калі трэба трываць і не ведаеш колькі яшчэ

і раптам

месцазнаходжанне асоб устаноўленае

а потым

дадатак – даведка аб апазнанні цела

і невядомасць з бязважкай, з туману робіцца чорнай яблыняй

столькіх я пахавала ў сваіх перакладах

стаяла каля маці і бацькі, каля мужа і каля каханай

сыходзіла каб праз дзень пагрукацца ў іншыя дзверы

і глядзець як на тварах з’яўляецца зморшчына нявер’я і гневу

апазнаныя целы і неапазнаныя душы

допіс аб смерці – як правільна перакласці?

 

і вось я ў турэмнай каморцы пішу ліст

і вось у траншэі расчытваю почырк

 

перадайце цёплых шкарпэтак і шахматы

ваш сын, 2017

 

я спусціўся на дно,

смерць – дык смерць,

але каб хоць з невялікай славай памерці

1942

 

а я думаю, хто гэта слава

што яна робіць з сэрцам

надае сэнсу той бессэнсоўнасці што вакол

быццам усё было не дарма

 

мужайцеся і суцяшайце сябе думкай

што справа за якую змагаўся ваш муж –

справа  вызвалення радзімы

1945

лепш было б каб нас зусім забіла

анеж от так пакутаваць

Олена, Камянец-Падольскі, 1941

 

пісаць ліст і спадзявацца на ўзнагароду

пісаць ліст і хвалявацца ці дайшлі грошы

пісаць ліст і не ведаць што ён апошні

або пісаць і ведаць

дзякуй Зіначцы за фотакарткі, праўда адно мне не падабаецца,

тое, што яна пафарбавала вусны, да таго ж неахайна

1941, Кіеў

каляды прайшлі ў траншэі,

але ў мяне быў кавалак пудынгу

таму я не мушу бурчаць

1914, Эдвард

 

цяжка быць жанчынай адной у палку,

спім у агульнай зямлянцы,

сушымся ля адной печкі.

нагавіцы і боты не па памеры

Марыя, 1945

 

трываць як усе

выкладвацца нават болей

думаць, што ты герой як і кожны

а потым маўчаць што была там, хаваць медалі

бо ніхто не падыдзе да ваеннай дзяўчыны

“ведаем як тыя медалі ты заслужыла”

 

і тое, што ёй адрэзалі ногі,

і тое, што боль трывала нясцерпны

і што не баялася адмаўляць камандзіру

 

не лічыцца

 

і я думаю, а што лічыцца

 

спаць з маладымі медсёстрамі?

абрухаціць баявога таварыша?

або гвалціць дачку ворага?

 

ордэн табе не дадуць

калі сумняешся ці варта страляць

калі спачуваеш і сваім і чужым

калі топіш сваё дзіця каб выратаваць астатніх

калі клапоцішся пра чужога мужа

калі вешаешся на яблыні чорнай

 

у імя маці дачкі і святой душы

comments powered by HyperComments