Лявон
Словы пра рокера Лявона Вольскага
Абаяльнасць
У Лявона Вольскага ёсць прыродная абаяльнасць і мастакоўскі артыстызм. Таму ў нашым простым свеце, дзе ўсе добрыя знаёмыя і адно да аднаго звяртаюцца на «ты», Лявон можа без усялякай напругі звяртацца да людзей на «Вы». Яму пасуе гэткая выхаванасць і grzeczność, калі хочаце. Некаторыя з нас спрабавалі пераходзіць з простанароднага «ты» на артыстычнае «Вы», але ж далёка не ва ўсіх гэта атрымлівалася. Лягчэй тыкаць, а вось выкаць ужо цяжкавата, бо «Вы» можа прагучаць занадта салодка ці задужа лісліва і выклікаць прыкрасць. Трэба мець добры слых, каб патрапіць у натуральнае «Вы». Лявон патрапляе. Мае слых.
Калі я аднойчы пачуў, як пяцігадовы сын майго сябра Франусь крычаў сваёй маці: «Ірка, жэрці давай! Бульбу фры хачу і колу з лёдам!» – мне згадаўся выхаваны рокер Лявон, яго заўсёднае «Вы» і яго артыстычныя бацькі – Артур ды Святлана, якія змаглі перадаць у спадчыну свайму таленавітаму сыну мастацкую абаяльнасць.
Віно
Выдатна помніцца ўсё першае: урок, цыгарэта, чарка гарэлкі, пацалунак… Пра апошняе звычайна і не згадваюць, бо не лічаць апошні пацалунак за апошні, як і апошнюю праспяваную песню ніхто не называе апошняй. Спадзяванне на працяг, на лепшае заўтра, на будучы сезон – у нашай крыві. Можа, таму для мяне вельмі каштоўны ўспамін пра апошнюю бутэльку віна, якую мы выпілі разам з Лявонам Вольскім.
У пачатку дзевяностых быў залаты час для Беларусі. Усе ўсё стваралі. Пісаліся новыя кнігі, гралася новая музыка, гучалі новыя песні, утвараліся новыя партыі, адчыняліся радыёстанцыі і тэлеканалы, запачаткоўваліся новыя выдавецтвы – беларускі свет абнаўляўся. Кожнае новае пачынанне адзначалася шумным банкетам. Можна было ісці па вуліцы – і трапіць на банкет.
Так аднойчы я крочыў па вуліцы Максіма Багдановіча і сустрэў знаёмых, якія збіраліся адзначаць стварэнне новай радыёстанцыі. Журналістка Жанна ўзначаліла новае свабоднае радыё. З ёй я на старым радыё вёў хіт-парад, таму Жанна і запрасіла мяне на банкет. Пасадзілі мяне паміж жонкай мультыплікатара Ленкіна і рокерам Лявонам. Жонка мультыплікатара ўсміхалася, ды так шырока і прыязна, што мне захацелася выпіць мацаванага віна. Так здараецца, што ў цёплы сонечны чэрвеньскі вечар хочацца выпіць многа самага таннага віна.
Разам з Лявонам і Алегам Дземідовічам мы схадзілі на піўзавод. Там мясцілася маленькая крамка, дзе пустыя піўныя бутэлькі абменьвалі на поўныя – з півам і танным віном. У крамцы мы набралі віна, купілі за грошы. У залаты час можна было дамаўляцца – і мы дамовіліся набраць віна за грошы, а не за пустыя бутэлькі.
Пілі мы доўга. Мы пілі і спявалі. Лявон граў на гітары, а мы спявалі. Спявала журналістка Жанна і жонка мультыплікатара Ленкіна, спявалі Алег Дземідовіч і Юрась Ляўкоў. Пачатак дзевяностых – пявучы час. Мы так наспяваліся ў той вечар, што раніцай мне стала зусім кепска. Мне было так блага і млосна, што я даў сабе слова кінуць піць віно. Так, я з тых, хто дае сабе слова і яго трымае. Даў слова, што больш ніколі не зраблю ніводнага глытка таннага віна. Чарніла, вінчык, чырвоненькае, барматуха застаюцца ў маім мінулым.
Слова я стрымаў. Праз гадоў дзесяць я спытаў у Алега Дземідовіча, як і калі ён кінуў піць. Як жа моцна я здзівіўся, калі пачуў, што апошні раз ён піў віно разам са мной. Запамінальны атрымаўся банкет… Пасля яго і я, і Лявон яшчэ крыху выпівалі: Лявон – лёгкае, а я – моцнае. Пазней я, як і Дземідовіч, назаўжды завязаў з п’янкамі. Час стаў невясёлы, няспеўны, нестваральны. У такі час патрэбныя асцярожнасць, стрыманасць і цвярозасць, у такі час лепш не піць.
Выступленні
Выступаць з Лявонам Вольскім на адной сцэне небяспечна. Зрэшты, як і са мной выступаць рызыкоўна. Мы можам не тое сказаць, не пра тое заспяваць і не тых, каго трэба, пахваліць. Яшчэ мы можам пажартаваць і пасмяяцца, паіранізаваць, пасцябацца – і спадабацца людзям. Мы вясёлыя. Мы шмат разоў стаялі на адной сцэне і нешта казалі ў адзін мікрафон.
Першы раз я выступіў разам з Лявонам, калі ён спяваў у рок-гурце «Мроя», ішла вясна 1985-га. Дзяржава зрабіла выгляд, што ўсім мастакам і музыкам можна выходзіць на вуліцу і спяваць свае песні, чытаць свае вершы, выстаўляць свае карціны і танцаваць. Можна? Выдатна! Мы выйшлі і выставілі карціны, і прачыталі вершы, і праспявалі песні.
Наша выступленне ў Траецкім прадмесці скончылася для мяне сумнаваценька. Цэнзары выбралі менавіта мяне для публічнага прыніжэння: яны забаранілі выдавецтву прадаваць маю першую кнігу вершаў «Груд». Увесь наклад парэзалі на лапшу і здалі ў макулатуру. Лявону, з яго «Мрояй», таксама забаранялі выступаць. Звычайна за пару гадзін да канцэрта прыходзілі электрыкі ў цывільным і абясточвалі сцэну. Лявон Вольскі прымаў гэта стаічна. Незадаволенасць ён хаваў за жартам: «Зноў ток скончыўся. Трэба пачакаць, пакуль новы падвязуць!» Фанаты «Мроі», Лявона і рок-н-ролу ўсё цудоўна разумелі…
Ёсць мы, і ёсць яны. Яны заўсёды будуць блакіраваць, адключаць, перашкаджаць, забараняць, разбураць; а мы будзем ствараць, маляваць, спяваць, выдаваць кніжкі і танцаваць. З таго першага выступлення ў Траецкім праляцела трыццаць пяць гадоў, але ў тутэйшым свеце не так шмат чаго змянілася, бо ўсё яшчэ небяспечна выступаць на адной сцэне з Лявонам Вольскім. І гэта мяне моцна радуе. Як і цябе, спадзяюся.
Маштаб
Сказаць табе, што такое рок-н-рол? Скажу. Ты прыходзіш на рок-канцэрт у шэрым незашпіленым шыкоўным палітоне. Ні адна паскуда цябе не спыняе. Ты ідзеш праз гаманлівы і рухавы натоўп. Ты прадзіраешся да сцэны. Заскокваеш на яе. Гурт валіць рок-н-рол. Грае так, што ў слухачоў галовы адрываюцца. Фронтмэн крычыць. Ён крычыць пра важнае, пра самае важнае і патрэбнае. Ты здымаеш з сябе палітон і пачынаеш круціць яго над галавой. Ты танцуеш на сцэне і круціш над галавой палітон. Ты… Добра, гэта не ты танцуеш на сцэне і не ты размахваеш палітонам. Гэта я танцую, а Ігар Варашкевіч крычыць пра важнае і патрэбнае. Я, танцуючы, сыходжу за сцэну, затанцоўваю ў цемру і бачу там дзяўчыну. «Ты хто? – пытаюся – І што ты тут робіш?» – «Я – дзяўчына Лявона Вольскага!» – усміхаецца. Не веру. Перапытваю ў Алега Дземідовіча, а ён смяецца: «Так. Гэта Анечка – дзяўчына Лявоніса…»
Для ўсіх слухачоў, гледачоў і рок-н-рольшчыкаў той вечар мала чым запомніўся. Рокеры адыгралі канцэрт, народ паспяваў, патанцаваў, выпіў, адпачыў і павесяліўся. Мне ж вечар з раскручваннем палітона помніцца дэталёва, бо менавіта за сцэнай у час знаёмства з Анечкай я заўважыў, адчуў і зразумеў, што ў рокераў адбылася змена маштабаў. Раней рок быў стадыённым, манументальным, глабальным, а цяпер ён стаў рэгіянальным, карчомным, зрабіўся клубным і барным. Яшчэ ўчора можна было выйсці на рок-сцэну і паміж выступленнямі гуртоў крыкнуць: «Я стану вашым прэзідэнтам!» Учора было можна, а цяпер нельга, бо наша рок-сцэна змянілася, трансфармавалася, зменшылася. Месца Амерыкі, Брытаніі і Аўстраліі ў тутэйшых рокераў заняла Польшча ды Расея. Замест глабалізму і касмізму з іх пацяклі народнасць і правінцыйная краёвасць. Так супала, што сімвалам змены маштабаў у рок-н-роле для мяне стала дзяўчына Лявона Вольскага – Анечка – залатая паненка рэгіянальнасці. Яна прыйшла ў рок-тусоўку, а я з яе сышоў. І больш не танцаваў на сцэне, не высоўваўся ў прэзідэнты і не круціў над галавою дарагі палітон.
Чамаданчык
На шматлюднай тусоўцы я ўбачыў Лявона з невялічкім акуратным чорным чамаданчыкам. Той чамаданчык меў манкую прывабнасць, і мне захацелася патрымаць яго ў руцэ, узважыць, памахаць ім, зазірнуць усярэдзіну, адным словам, пазабаўляцца мне заманулася.
«Лявоніс, дай чамаданчык!» – папрасіў я. Ён сумеўся і, зірнуўшы ў зямлю, адказаў: «Не магу! Я ў вобразе. Чамаданчык – частка майго сцэнічнага персанажа. Аддам яго табе – разваліцца персанаж і я выпаду з вобраза, а ў мяне да выступлення засталося нейкіх пяць хвілін!» – «Разумею…» Сапраўды…
Тады я зрабіў для сябе адкрыццё: Лявон старанна рыхтуе свой сцэнічны вобраз. Ён можа стаць змагаром з бел-чырвона-белым тварам, можа зрабіцца замбаком, які паўстаў з пекла, можа стаць амерыканскім каўбоем, піратам Карыбскага мора, фанатам «Нірваны», растаманам, хіпаном ці прайдзісветам з прываблівым чамаданчыкам. Лявон на беларускай рок-сцэне самы вялікі майстар пераўвасабленняў. Змяняецца час – і змяняюцца вобразы, створаныя Лявонам. Сачыць за імі – адно задавальненне, бо вобразы здзіўляюць і ты ніколі не ведаеш, якога новага героя заўтра пакажа рок-артыст Лявон Вольскі.
«Калідор»
Лявон Вольскі – рок-паэт. Як і кожны паэт, ён «не самотны, бо кнігу мае». Тая кніга называецца «Калідор». Друкавалася яна невялічкім накладам у правінцыі, выходзіла ў далёкім 1993 годзе, таму зараз «Калідор» цяжка знайсці нават у вялікіх бібліятэках.
Пакажу табе свой любімы верш Лявона цалкам. Зазвычай крытыкі цытуюць кавалкі твораў, мне гэта не падабаецца. Не стану я рэзаць верш на кавалкі. Чытайма:
Чырвонае шкельца
Пачатак вясны
неадчувальны.
Ляснулі дзьверы.
Я знайшоў на асфальце
чырвонае шкельца.
Я выходжу з аднаго будынка
і заходжу ў другі.
Гэтак увесь дзень.
Учора я знайшоў на асфальце
чырвонае шкельца.
Зь неба падае сьнегадождж.
Вецер. Вільгаць. Слота.
У адным зь бясконцых будынкаў
я згубіў
чырвонае шкельца.
У паэзію Лявон увайшоў разам з сябрамі рок-паэтамі: Анемподам – Міхалам Анемпадыставым, Філам – Феліксам Аксёнцавым, Бабковым, Кнышом, Сысам і Сапач. Пра беларускую рок-паэзію яшчэ напішуцца добрыя словы, а я для аматараў жартаў нагадаю псеўданімы, пад якімі Вольскі надрукаваў вершы ў зборніку «Калідор»: Лявон Гамонскі, Гамон Кастольскі, Кастусь Ляванец, Валюсь Лявонскі, Кастон Кастусец, Лявось Гальскі, Гамусь Вальманец, Лятусь Магальскі, Саткусь Маганец, Кастусь Гаманец…
Верш «Чырвонае шкельца» падпісаны Лявонам Вольскім. Хто б сумняваўся! У найлепшага верша мусіць быць і найлепшы аўтар.
Праекты
Лявон – мастак з праектамі. Іх у яго шмат розных: рок-гурт «Мроя», рок-гурт N.R.M., гурт «Крамбамбуля», рок-спектакль «Народны альбом», праект актуальных куплетаў «Саўка ды Грышка», вершы, сабраныя ў кнігу «Калідор», апавяданні, выдадзеныя ў кнізе «Міларусь», коміксы, намаляваныя ў часопіс «Бярозка»…
«Нам трэба падумаць і нешта зрабіць разам…» – кажа мне Лявон пры сустрэчы.
Пагаджаюся, бо Лявон Вольскі – надзейны паплечнік у праектах.
«З Міхалам Анемпадыставым мы збіраліся зрабіць альбом з песнямі пра мора… Адкладалі на заўтра і даадкладаліся. Міхал памёр, і альбома пра мора не будзе…»– кажа Лявон. І мы маўчым, думаем, што б такое важнае і вартае зрабіць разам.
Як для мяне, дык самае вартае і важнае, што мы рабілі разам, – кнігі для дзяцей пра выбітных мастакоў. Кнігі пра Казіміра Малевіча, Марка Шагала, Хаіма Суціна, Восіпа Цадкіна, пра Віцебскую і Парыжскую мастацкія школы Беларусі. Лявон Вольскі і Андрэй Хадановіч пісалі ў тыя кнігі вершы, а я – казкі.
Пра Марка Шагала ў Лявона атрымалася так:
Шагала ведаюць у свеце
Усе – дарослыя і дзеці.
Паехаў з Віцебска ў Парыж ён
І там дабраўся да вяршыняў.
Вісяць ягоныя карціны
І ў Нью-Ёрку, і ў Афінах.
Ад Барселоны да Шанхая
Ўсе ў захапленні ад Шагала.
Але заўжды ты мусіш помніць:
Шагал – ён віцебскі, наш, хлопец.
Рабіць кнігі для дзяцей – ганаровы абавязак кожнага літаратара, але ж трэба і дарослых радаваць. Сумна, што не будзе праекта з песнямі пра мора… А можа…
Барселона
Патэлефанаваў мне Лявон, дамовіліся з ім пра сустрэчу, і ён завітаў у майстэрню, каб распытаць у мяне пра Барселону. Каму іншаму я не стаў бы расказваць пра найлепшыя мясціны ў гэтым фантастычным горадзе. Нарасказваўся. Пакажаш чалавеку цудоўны куток у казачнай Каталоніі, а ён з’ездзіць туды, паходзіць, паглядзіць і выкажацца: «Дрэнь – твая Барселона! Я ж думаў, там сапраўды нешта надзвычайнае, а замест казкі бачу брудны паўднёвы горад, напоўнены дурнаватымі турыстамі, потнымі злодзеямі і крыклівымі нахабамі…» Пасля пачутай абразы ў бок Барселоны мне доўгі час ні з кім не хочацца пра яе гаварыць. Нашто карміць свінню апельсінамі? Марнатраўства адно. Так і расказваць пра Барселону варта толькі тым, хто цябе разумее і яе ацэніць.
Лявон Вольскі з тых, хто мяне разумее. Таму і расказаў я яму пра барселонскіх апосталаў: Пікаса, Гаўдзі. Міро. Расказаў пра праспекты Паралель і Дыяганаль, пра порт і вуліцу Рамбла. Лявон з’ездзіў у Барселону з жонкай Анечкай. Барселона ім спадабалася, так ён мне потым сказаў… Лявон умее быць удзячным, што важна, прынамсі – для мяне.
Аўтапартрэт
У падземных пераходах я не кідаю грошы жабракам і музыкам. У мяне ёсць іншыя месцы для ахвяраванняў. Калі я бачу чужую бяду, то адразу згадваю розныя праблемы родных і блізкіх. Дапамагаю найперш сваім і лічу гэта натуральным.
Праўда, здараюцца і выключэнні. Калі чую ў падземным пераходзе сваю песню ці песню Лявона, я ўзнагароджваю музыку грашыма. Зразумела, што ў падобным выпадку я эгаістычна ўзвышаю і сябе. Так, узвышаю, але не толькі сябе. Звычайна вулічныя музыкі выконваюць песню «Тры чарапахі» або «Госці», выбраныя з безлічы Лявонавых кампазіцый. Каб я быў вулічным гітарыстам і спяваў у падземных пераходах, дык узяў бы іншую, спяваў бы песенны аўтапартрэт Лявона «Я рок-музыкант»:
Я не люблю шыкоўных баляў.
Я не прыхільнік эстэцтва.
Мне не даспадобы духоўны гандаль
І талент, які прадаецца.
Я не люблю салодкіх спеваў
І песень рэстаранны варыянт.
Я з тых, хто не шкадуе свае нервы,
Я рок-музыкант.
Прыпеў: (2 разы)
Я рок-музыкант старых традыцый.
Гэта не прызванне, гэта пазіцыя!
(…)
Я не шукаю славы таннай,
Я пяю не для грошай.
Я хачу застацца салдатам,
Салдатам цяжкага року.
І нішто ўжо мяне не зменіць,
Думаць і граць буду толькі так.
Я хачу памерці на сцэне.
Я рок-музыкант.
Унікальнасць аўтапартрэтнай рок-кампазіцыі мне паказаў Аляксей Казлоўскі з гурта «Сузор’е». На фестывалі «Тры колеры» ён падышоў да сяброў журы і праспяваў прыпеў:
Я рок-музыкант старых традыцый.
Гэта не прызванне, гэта пазіцыя!
Ён разы тры праспяваў «Я рок-музыкант», а потым сказаў: «Гэта лепшае, што я пачуў на фестывалі… Гэта проста супер!»
Карціна
Заможны заказчык папрасіў Лявона Вольскага напісаць для яго гарадскі краявід. Ад падобных заказаў мастакі не адмаўляюцца, тым больш што Лявон заўсёды ахвяраваў вольны час і на жывапіс. Таго часу ў паспяховага рок-музыканта не так і шмат. Жывапісам Лявон займаўся нячаста, а таму і не ведаў, колькі трэба папрасіць за свежую карціну.
Каб не прадаць яе танна, ён патэлефанаваў аднакурсніку па мастакоўскім вучылішчы – Сержыку і папытаўся ў яго пра кошты на краявіды, напісаныя алеем на палатне. Сержык узрадаваўся, пачуўшы Лявонаў голас, але замаркоціўся ад пытання пра кошты на карціны. Ён так занудзіўся, што сказаў: «Лявон, ты лепш спявай, а карціны табе пісаць не трэба. Карціны няхай іншыя напішуць…» Давялося Лявону Вольскаму ісці ў мастацкі салон, каб паглядзець цэны на сучасны жывапіс.
Палац Рэспублікі
Рускі рокер Юра Шаўчук у гады маладосці неяк сказаў журналісту Славіку Ахроменку, што ён ніколі нічога кепскага не скажа пра тых, хто выконвае рок-музыку. Тады рок быў пад забаронай, тады яшчэ не выпусцілі рускіх рокераў на Чырвоную плошчу ў Маскве і не ўзнагароджвалі іх медалямі ў Крамлі. Тады я ледзь не прыняў гэтыя словы Шаўчука за такую патрэбную ўсім праўду. Я нават быў блізкі да таго, каб перастаць крытыкаваць розных ушлёпкаў з гітарамі.
Словы Шаўчука пра добрае стаўленне да братоў па сцэне я надрукаваў, нават ведаючы пра іх памылковасць. Большасць рускіх рокераў даўно сапсаваліся, сапселі і згнілі. Мала хто з іх дапамагаў беларускім рок-музыкам, калі тых пачалі забараняць. Выступленні Лявона Вольскага, Ігара Варашкевіча, Касі Камоцкай, Змітра Вайцюшкевіча ў Беларусі забаранялі і забаранялі. Іх забаранялі за мову, за палітыку, за сацыяльную праблемнасць, за крытыку ўлады… Красамоўны факт – ніводны беларускі рокер не выступіў на сцэне Палаца Рэспублікі. Бог мой, якая толькі дрэнь не спявала і не высцёбвалася на той сцэне! Такое адчуванне, што там адспявала, адкрыўлялася і адтанчыла ўся брыда з усяго свету.
Чаму я так кажу пра артыстаў? Ёсць у мяне жудасны прыклад Гарыка Сукачова, які спяваў у Палацы Рэспублікі, калі мы – тутэйшыя – выносілі з падземных пераходаў параненых і глядзелі ў твары людзей, забітых падчас тэракта ў мінскім метрапалітэне 11 красавіка 2011 года. Не браты мне такія Гарыкі… Ведаю, людзі прасілі Сукачова спыніць канцэрт. Не спыніў, Сука…
Сам я ніколі не быў у канцэртнай зале Палаца. Не быў, бо даў сабе слова, што не зайду туды, дзе забаронена спяваць Лявону. Нашто мне ісці ў месца, дзе забаронена спяваць нашы песні, мае песні?
Цяпер пра светлае… Упэўнены, што канцэрт Лявона Вольскага ў Палацы Рэспублікі адбудзецца абавязкова.
Пафас
Няма нічога больш агіднага за фальшывы пафас. Палітыкі і эстраднікі будуюць кар’еры менавіта на такім фальшаку, які ў афіцыйных выданнях называюць папулізмам. Яны ў нас за дабрыню, святло, справядлівасць, свабоду, роўнасць, братэрства… Яны супраць зла, гвалту, цемрашальства… Яны на словах больш святыя, чым сам Pontifex Romanus. Таму так цяжка напісаць шчырую пафасную кампазіцыю, так цяжка скласці праўдзівы пафасны верш і цяжка зрабіць пафаснае запамінальнае выступленне.
Зрабіць тое можна толькі ў адпаведны час. Ён прыходзіць, абвастраюцца зрок і слых. Ты пачынаеш бачыць і чуць, пачынаеш адрозніваць фальш ад шчырасці, святло ад цемры і дабро ад зла. Амаль дваццаць гадоў у Беларусі цягнуўся застой, у якім панавалі стома, вяласць і абыякавасць. Еўрамайдан у Кіеве скалануў свет. Пафас зноў зрабіўся запатрабаваным. Ён спатрэбіўся, каб падтрымаць крымскіх татараў, пасля таго, як было задушана іх вызваленчае паўстанне. Ён запатрабаваны на вайне за Украіну. Быў ён запатрабаваны і на святкаваннях стагоддзя з дня абвяшчэння беларускай незалежнасці. Шмат хто з нашых музыкаў і паэтаў напісаў пераканаўчыя пафасныя творы, але найлепш гэта атрымалася ў Лявона.
Цукеркі
Раскажы мне, як чалавек есць цукеркі, – і я скажу табе, хто ён такі… Можна з гэткага боку падысці да напісання літаратурнага партрэта, а можна зайсці з супрацьлеглага: апісаць, як чалавек есць шакаладную цукерку, а чытач сам прыдумае яго іншыя паводзіны, уявіць яго кулінарныя захапленні і любімыя пачастункі.
Я сустрэў Лявона, які еў шакаладныя цукеркі, у падземным пераходзе пад пляцам Перамогі. Ішоў ён павольна-павольна, у адной руцэ трымаў каробачку, у другой – цукерачку. Ён еў цукерачку з асалодай, як падлетак. Побач з Лявонам павольна-павольна ішла ягоная сяброўка Янка, яна таксама ела цукерку, як падлетак. Лявон і Янка выглядалі закаханымі падлеткамі, якія на апошнія грошы купілі сабе каробачку шакаладных цукерак. Яны і мне прапанавалі пачаставацца, але я вырашыў не парушаць іх шакаладны інтым сваёй доўгай прысутнасцю. Падзякаваў за прапанаваны пачастунак і сышоў, радуючыся простаму цукерачнаму шчасцю.
Дзятліковіч
Літаратар Віктар Дзятліковіч прапанаваў мне паўдзельнічаць у праекце – зрабіць кнігу «Іх Мроя. Іх N.R.M.». Ён пісаў тую кнігу і фінансаваў яе выданне, а я мусіў арганізаваць яе друк. У нейкі момант я падумаў, што лепш зрабіць кнігу пра Лявона Вольскага, бо такі праект мне бачыўся больш паспяховым, больш актуальным і перспектыўным. Кніга пра рок-гурт «Мроя» выглядала мемуарнай, яна не зусім адпавядала нашай футурыстычнай музычнай тусоўцы. Дзятліковічу я сваіх думак не выказаў, бо мне прапаноўвалася тэхнічная, а не творчая праца. Нашто прытарможваць працэс? Сэнс? Няхай з’явіцца кніга пра гурты, а пазней, калі зоркі складуцца патрэбным чынам, выйдзе кніга і пра Лявона. У кожным разе, дзве кнігі пра беларускі рок-н-рол лепей за адну.
Неўзабаве «Іх Мроя. Іх N.R.M.» пабачыла свет. Мы з Віктарам не вельмі спадзяваліся на вялікую ўдзячнасць герояў кнігі, але не думалі, што некаторыя з іх пачнуць нам пагражаць судамі за «хлусню і скажэнне фактаў». Да судоў, дзякуй Богу, справа не дайшла, бо кніга атрымалася, скажу проста, кампліментарнай. Ну і фактычных памылак у ёй, з майго, рэдактарскага пункта погляду, не было. Размовы, што вяліся вакол кнігі «Іх Мроя. Іх N.R.M.», пераканалі мяне ў правільнасці намеру рабіць кнігу пра Лявона Вольскага. Ён, будучы рэальным лідарам, ніколі не цягнуў коўдру папулярнасці на сябе. Наадварот, ён рабіў усё, каб падзяліцца ўласнымі здольнасцямі і поспехам з іншымі. Лявон – творца шчодры. Кнігу пра яго абавязкова нехта некалі напіша, можа, нават той жа Віктар Дзятліковіч.
Індульгенцыя
Усе ўсіх крытыкуюць. Несупынна. Усе ведаюць адказы на самыя цяжкія пытанні… Што рабіць? Як перамагаць? Дзе знайсці шчасце? Здаецца, што спыніць крытыканства немагчыма. Ты ж і сам ведаеш: як лепш, дзе памылкі, хто вінаваты. Сказаць сабе «Стоп, крытыкан!» цяжка. Разумею. Таму я не адзін дзень думаў, як спыніцца і перастаць крытыкаваць іншых творцаў. Прыдумалася індульгенцыя. Бяру і выдаю паэту ўяўную індульгенцыю ад Адама Глобуса. Паэт можа рабіць што і як захоча, а я не стану яго крытыкаваць.
Сам я не люблю трасянку, мне ад яе робіцца млосна. Калі чую ад каго-небудзь «Лупіце на трасянцы!», мне хочацца скуру злупіць з такога агітатара. Ёсць толькі два чалавекі, якім я згодны дараваць трасянку: Марыя Мартысевіч і Лявон Вольскі. Чаму? Таму што я выпісаў ім індульгенцыі.
У мяне бывае добры настрой, і тады я кажу: «Лявону Вольскаму можна ўсё! Выдаю яму індульгенцыю!» Можа падацца, што індульгенцыі я выдаю лёгка. Не! За ўсё сваё доўгае жыццё я выдаў іх толькі тры. Іх атрымалі: Лявон, Марыйка і Лёнік Тарасевіч. І ўсё! Не стану казаць, што гэта найлепшыя творцы ў нашай роднай Беларусі, але для мяне яны адметныя тым, што я забараніў сабе іх крытыкаваць. Гэта досыць цяжка. Не люблю правінцыю, не люблю фестываль «Басовішча» (не з’ездзіў на яго ніводнага разу), не люблю сармацкі партрэт… Я шмат чаго не люблю з таго, што любяць і культывуюць Лявон, Марыйка і Лёнік. Пэўна, і яны не прымаюць многія з маіх каштоўнасцяў. Свет дзівосны, бо разнастайны. У іх – адзін, у мяне – другі, і для мяне важна прыняць іх свет цалкам, без выняткаў. Прыняць і зразумець.