Адам Глобус (№122)

Таленты

Словы пра тутэйшых арт-авангардыстаў

Чарнабрысаў і фантан

Мастака Чарнабрысава заўсёды шмат. Як толькі ён з’яўляецца ў памяшканні, адразу робіцца галоўным героем. Рэжысёру ён пачынае расказваць сюжэты для серыялаў. Скульптару распавядае пра таямніцы камянёў. Журналісту накідвае пытанняў для будучых размоў з вядомымі людзьмі. Для кожнага сустрэчнага ў Чарнабрысава ёсць парада і заданне. Ён азадачвае прысутных так хутка і так моцна, што яны стамляюцца і сыходзяць. Чарнабрысава сыходы знаёмцаў не бянтэжаць. Для яго ўсе людзі – у вялікай ступені натуршчыкі, якіх варта намаляваць, а намаляваны герой з карціны сысці не зможа! Факт! Цікава тое, што намаляваныя Чарнабрысавым героі і сапраўды спрабуюць вываліцца з палатна, ды не могуць, бо мастак іх не адпускае. Гэтак вада спрабуе ўцячы з фантана, але фантан яе не адпускае. Таму, калі б мяне папрасілі зрабіць у Мінску помнік мастаку Чарнабрысаву, я зрабіў бы яго ў выглядзе фантана і паставіў бы ў скверыку каля чыгуначнага вакзала.

 

Родзін і космас

Нехта з амерыканскіх эсэістаў, разважаючы пра касмагонію, сказаў, што ў мастакоў космас засмечаны рознымі малапатрэбнымі дэталямі. Мяне крыху рэзнула такое грэблівае стаўленне да мастакоўскага космасу, пагатоў, што гэта напісаў, здаецца, паважаны паэт Эдгар Алан По. Уласна для мяне самыя касмічныя мастакі – Піт Мандрыян і Казімір Малевіч, а іх космас чысты, можна сказаць, стэрыльны. У ім, як і ў сапраўдным космасе, больш пустаты, чым рэчыва. Праўда, у нейкім сэнсе амерыканскі эсэіст усё ж меў рацыю, бо ёсць мастакі, чый космас і сапраўды запоўнены бясконцай колькасцю рэчаў, фрагментаў тых рэчаў, дэталяў тых самых рэчаў… Такі “засмечаны” космас у рускага мастака Філонава і ў беларускага мастака Родзіна.

 

Родзін і стрымліванне

Калі гутарка заходзіць пра мастака Родзіна, я ўвесь час стрымліваюся, каб часам не загаварыцца і не назваць яго Радэнам.

 

Плясанаў і апантанасць

Андрэй Плясанаў сабраў найлепшую ў Беларусі прыватную калекцыю авангарднага мастацтва, пачынаючы з 80-х і сканчаючы 2021-м. Сорак гадоў ён збіраў жывапіс Сяргея Малішэўскага і Люды Русавай, Віталя Чарнабрысава і Уладзіміра Акулава, Віктара Ціханава і Аляксея Жданава, Валерыя Мартынчыка і Сяргея Лапшы… Ён купляў і выменьваў, выпрошваў і па-зы-чаў на выставы. Можна казаць, што Андрэй быў не проста захоплены збіраннем, ён быў апантаны калекцыянер. Каб атрымаць карціну, Андрэй Плясанаў засыпаў мастака самымі неверагоднымі кампліментамі. Часам з ім рабілася цяжка размаўляць: ты раптам адчуваў сябе вінаватым, што не хочаш дарыць карціну. Каб не дарыць вялікае палатно, я дарыў Андрэю некалькі маленькіх, але праз які тыдзень ён завітваў і па вялікае. Аднаго разу я нават напісаў для яго копію, каб не дарыць арыгінал. Чамусьці копія атрымалася лепшаю за арыгінал, і я перадаў яго ў калекцыю Андрэя. Не стану казаць, што я сябраваў з Плясанавым. Не. Мы выпівалі, размаўлялі за кубачкам кавы, спрачаліся… Ён найперш быў для мяне калекцыянерам, які цаніў мой жывапіс. Цяпер, калі Андрэя няма, я раптам адчуў, як моцна не хапае ягонай патрабавальнай любові да маіх карцін. Некаторых мастакоў Андрэй цаніў вышэй за мяне, і няхай яны таксама напішуць добрыя словы ўспамінаў. Скажу за сябе, мне сумна без ягонай вясёлай апантанасці.

 

Плясанаў і парада

“Як ты ходзіш… Хіба так можна хадзіць?” – абураецца Андрэй Плясанаў, стоячы пасярод маёй майстэрні. “Як я хаджу? Як хачу, так і хаджу па майстэрні… Мая майстэрня, мяне тут ніхто не бачыць…” – мармычу ў адказ. “Ходзіш ты сагнуўшыся, а трэба высока ўзняць галаву, трэба расправіць плечы, трэба сабрацца і зрабіць паставу ўпэўненага і валявога чалавека… Глядзі!” – Андрэй пачынае хадзіць гогалем… Вядома, ён – рэжысёр, ён умее паказаць, як табе трэба хадзіць, як табе трэба ўсміхацца і прытанцоўваць…

Калі Андрэй пакінуў наш свет і ягоны час спыніўся, мне і згадалася, як ён жартуе і пераконвае мяне хадзіць роўна і не гнуцца нават тады, калі цябе ніхто не бачыць.

 

Хацкевіч і падарункі

“Адамчык, прыходзь да мяне. Я падрыхтаваў табе падарункі: музыку на кампакце, малюнак і алоўкі! Ведаю, ты любіш маляваць простым алоўкам, а ў мяне іх шмат. Прыходзь сягоння ўвечары…” – Гена Хацкевіч трымае мяне за руку, сціскае, не адпускае. “Давай не сягоння. Давай у панядзелак, праз тыдзень…” – “Адамчык, ты да мяне ў Серабранку не паедзеш. Ведаю я цябе. Да мяне ніхто не прыязджае, нікому не патрэбны мае падарункі, ніхто не хоча са мной пасядзець за сталом і выпіць, нікому я не патрэбны… Я нават сабе ўжо абрыд. Прачынаюся раніцай, а ўставаць з ложка не хачу. Увечары я не хачу класціся ў ложак, бо ведаю, што раніцай не захачу ўставаць… Адамчык, дык ты прыедзеш да мяне ў Серабранку, каб забраць падарункі?” – “Прыеду, Гена. Прыеду…” – “Ага, я раблю выгляд, што табе паверыў…”

Падарункі? Я іх так і не забраў, яны так назаўжды і засталіся ў Серабранцы.

 

Хацкевіч і каўнер

Гена лічыў, што каўнер у кашулі – лішняя дэталь. У гэтым ён пераконваў знаёмых: “Толькі падумай, якая гэта эканомія – адмова ад каўняра на кашулі?! Гэта ж мільёны і мільёны даляраў можна наэканоміць!” Знаёмцы не перакоўваліся. Дзеля відавочнасці адзежнай ідэі Гена паадразаў каўняры ад усіх сваіх кашуль. Цяпер ён мог сказаць: “Паглядзі! Вось я жыву без каўняра на кашулі, і адчуваю сябе выдатна. Я цудоўна пачуваюся без каўняра. Насіць каўнер – недаравальнае марнатраўства. Толькі дурні і шкоднікі носяць кашулі з каўнярамі. Разумныя і беражлівыя мусяць самі адмовіцца ад каўняра і павінны прымусіць іншых адмовіцца ад гэтага адзежнага атавізму. Каўнер мусіць застацца ў мінулым, дзе засталіся чуні і лапці…”

 

Сазыкіна і паходка

Паштарка, якая разносіць у маім раёне лісты, часопісы ды газеты… Так! У нас усё яшчэ чытаюць папяровыя газеты і рассылаюць калядныя паштоўкі… Дык вось… Паштарка тая мае адметную паходку, яна ходзіць, як генерал. У нашым раёне стаіць штаб беларускага войска, таму я добра ведаю хаду генералаў, палкоўнікаў і салдатаў. Генерал ідзе так, што зямля пад ім прагінаецца. Так і паштарка ходзіць, зайшла ў пад’езд, і ўсе ад першага да чацвёртага паверха пачулі, што “нам даставілі газеты, тэлеграмы і лісты”. Як толькі я пачую ці пабачу тутэйшую паштарку, дык адразу згадваю Гену Хацкевіча, які любіў генеральскую паходку. Сам ён хадзіў зусім па-іншаму, ён ха­дзіў, як алень. Пра ягоную любоў да генеральскай хады я даведаўся выпадкова. Мы стаялі на плошчы Перамогі, ён хітнуў галавою ў бок парка Горкага: “Вунь Сазыкіна праз праспект ідзе…” – “Ты здалёк пазнаеш Сазыкіну?” – “Так, у яе ж генеральская паходка. Я люблю Сазыкіну за генеральскую паходку!” Мяне тое моцна ўразіла, бо раней я не чуў, каб нехта некага любіў менавіта за хаду, пагатоў, каб мужчына палюбіў жанчыну за мужчынскую генеральскую цяжкую паходку.

 

Сазыкіна і персанальная выстава

Здараецца, што ты згадаеш чалавека, якога даўно няма сярод жывых. Згадка такая яркая, такая сапраўдная ў кожнай дэталі, што ты проста абавязаны пра яе напісаць. Сядаеш за стол і запісваеш. Так я занатаваў успамін пра Гену Хацкевіча, які, стоячы на плошчы Перамогі, казаў пра любоў да Вольгі Сазыкінай. Запісаўшы і выклаўшы ўспамін пра Гену і Вольгу на старонку ў фэйсбук, я пайшоў у майстэрню. У падземным пераходзе на станцыі Кастрычніцкая я пабачыў… Вольгу! Яна стаяла ў нейкай паэтычнай разгубленасці. “Ты куды?” – пытаюся. “Сапраўды, куды гэта я іду? Мне ж трэба ў музей, а я кіруюся да “Цэнтральнага” ўніверсама. Задумалася, заблыталася, спынілася…” – “Бывае… Што ў музеі?” – “Рыхтую персанальную выставу, усе думкі толькі пра яе… Галава кругам ідзе”. Я расказаў Вользе пра лірычны ўспамін, які змясціў у фэйсбуку. Расказаў пра любоў Хацкевіча да яе хады, а Вольга сказала, што любіць мяне проста так, без усялякіх там дробных удакладненняў. Мо і пажартавала, але ж мне прыемна, што хросная маці маёй дачкі Ядзі любіць і мяне. Ад Вольгі Сазыкінай сыходзіў прыемны водар дарагіх духоў, так і павінна пахнуць мастачка, якая ідзе ў музей рабіць персанальную выставу. Гена? Гена Хацкевіч ёй дапамагае… Іначай нашто ён з’явіўся ў маіх успамінах?

 

Жданаў і сподачкі

Інсітны калажыст Лёша Жданаў успрымаў людзей як мутантаў, пачварных і лупа­вокіх. Прынамсі, такімі ён іх выяўляў на сваіх брудна-неахайных калажах. Таму з чыстым сумленнем і лёгкім сэрцам ён здзекаваўся з вясковай бабулі, у якой жыў, калі яго – студэнта – паслалі выбіраць бульбу. Увечары Лёша паставіў пад разетку пусты сподачак, а ўранку зрабіў выгляд, нібыта нешта п’е з таго сподачка. «Што ты, хлопец, робіш?» – задзівавалася бабулька-гаспадыня. «Электраэнергію п’ю!!! За ноч яна выцякае з разеткі на сподак. Я яе выпіваю і цэлы дзень хаджу бадзёры!» Калі Жданаў вярнуўся з поля, у хаце падманутай бабулі пад кожнай разеткаю стаяў сподачак. То ўжо парагатаў Жданаў з аднакурснікамі-бульбакапальнікамі: «Хіба не мутанты?!»

 

Лапша і цукеркі

Мастак Лапша, афармляючы пенсію, зрабіў так, што ўсе налічаныя яму дзяржаваю грошы штомесяц пераводзяцца на рахунак у дзіцячы дом. Жэст! Я табе скажу. Пра гэты дабрачынны жэст мастака-афарміцеля Лапшы я чуў ад розных людзей, але ў самога афарміцеля не пытаўся. Не хацелася расчароўвацца ў чалавеку. Хочацца верыць у лепшае, верыць у тое, што дабрачыннасць і сапраўды існуе ў грошалюбівым свеце. Гадоў пяць я веру ў ахвярнасць Лапшы, а таму, аформіўшы пенсію і атрымаўшы першыя грошы на картку, я задумаўся. На што іх пачаць траціць? Прыдумаў: набыць цукерак для аматараў літаратуры, якія штотыдзень збіраюцца ў маёй школе “Літара”, бо дзень, пражыты без цукеркі, ты змарнаваў.

 

Акулаў і жабы

Жэнік збірае карціны Акулава, робіць яму выставы, збіраецца зрабіць з Акулава мастака, роўнага Шагалу. Жэнік стараецца… Кажа: “Ужо некаторыя мастацтвазнаўцы пачалі параўноўваць Акулава з Шагалам. Пачатак ёсць… А ён, ты не паверыш, другі месяц малюе адных жаб. Малюе жаб і больш нічога не малюе. Панамалёўваў жаб і на палотнах, і на сценах, і на крэслах з табурэткамі панамалёўваў. Уся майстэрня ў лупатых жабах. Не стану казаць, што жабы кепскія, нішто сабе жабы, але як я буду іх прадаваць… Каму патрэбна карціна ці табурэтка з жабамі? Не слухае мяне Акулаў, малюе жаб і ўсё…”

 

Казюмінскі і азёры

“Малыш памёр…” – такое паведамленне атрымаў я ад Шведа – Сяргея Шаўцова. Шкада Малыша – Вовачку Казюмінскага. У маладосці мы разам вучыліся на мастакоў, разам пілі віно, разам весяліліся ў мінскіх скверах. Хто такі Малыш? Той, хто лётаў на дэльтаплане. Займаўся падводным плаваннем. Таксаваў, фарцаваў і маляваў. Быў аптымістам, любіў жарты і ўмеў распавядаць показкі. Апошні раз я патэлефанаваў Малышу, бо пайшлі чуткі, што памёр Швед. Малыш пра Шведа ведаў мала і пра ягоную смерць нічога не чуў. Малыш запрашаў прыехаць да яго на азёры… Я нават абяцаў яму прыехаць, каб памаляваць азёрныя краявіды… Трэба будзе намаляваць возера са светлай вадой, такой светлай, як вочы Малыша – Вовачкі Казюмінскага.

 

Шыдлоўская і чарніцы

Звычайна кажуць пра вішнёвыя вусны ў дзяўчат. Вусны Алены Шыдлоўскай мелі болей халоднае адценне, нібы яна толькі што з’ела цэлую шклянку чарніц. У дзяўчыну са смачнымі вуснамі лёгка закахацца. Таму ў яе і закахаліся Ігар, Сяргей, Валодзя і Алесь. Пра гэтыя закаханасці я дакладна ведаю. Чаму я сам не кахаў Алену з чарнічнымі вуснамі? Мусіць, бо занадта доўга яе маляваў. Замест таго, каб зрабіць некалькі невялічкіх малюнкаў і пачаць цалаваць чарнічныя вусны, я ўзяў велізарны планшэт і маляваў Алену ў яе натуральную велічыню. Мая захопленасць малюнкам раптам зрабілася большай за маю захопленасць аголенай прыгажуняй. Адным словам, нашы адносіны засталіся адносінамі мастака і мадэлі. Скажу яшчэ, што Шыдлоўская адна з самых лепшых маіх натуршчыц, з якой я так і не намаляваў ніводнага прыстойнага і вартага захоўвання малюнка.

 

Чэх і жаданне

Вяртаюся з майстэрні. Іду па праспекце і думаю, што добра было б сустрэць чалавека, з якім можна пагаварыць пра цяперашняе жыццё, не баючыся сказаць нешта жорсткае і абразлівае, пагаварыць пра ўсё на свеце, ведаючы – цябе зразумеюць. Чую: “Адамчык!” Бачу – Гена Чэх, з якім у нашым юнацтве мы хадзілі на заняткі ў мастацкую вучэльню, а з нашай апошняй сустрэчы гадоў пятнаццаць прайшло. Мы пастаялі, пагаварылі пра ўсё і пра ўсіх. Я правёў Гену на чыгуначны вакзал,
і ён з’ехаў у Светлагорск.

 

Цішын і настаўнік

На платформе ў метро сустрэў Гірку – Ігара Цішына – і даланёю ляпнуў яго па плячы. Гірка заўсміхаўся і ляпнуў мяне сваёй мастакоўскай даланёю па плячы. Ён сказаў: “Думаў: сустрэну цябе на Кастрычніцкай, а сустрэў на плошчы Перамогі…” – “А я думаў, што пабачымся ў Вільні, а ўбачыліся ў Мінску”. Мы выбраліся з метро і пачалі хадзіць па вечаровых вуліцах. Мы хадзілі па цёмных вуліцах і разважалі пра нашага выкладчыка – Хадыку. “Я мог бы табе шмат чаго расказаць пра Хадыку, але не раскажу, бо ты напішаш. Ты напішаш не тое, што я РАСКАЗАЎ пра Хадыку, а напішаш, як Я расказваў пра Хадыку. Ты ж разумееш, пра што я зараз кажу-расказваю?” –
“Разумею…” – сказаў я Ігару і падумаў, што мы яшчэ пагаворым з ім пра Хадыку,
і я дакладна запішу ўсё тое, што Гірка раскажа пра аднаго з найлепшых настаўнікаў.

 

Цішын і “сціпласць”

Раней я ўжо казаў, што мастаку Цішыну падабаюцца чорна-белыя рэпрадукцыі карцін, надрукаваных на кепскай паперы і ў даўнія часы. Ён яшчэ і ўдакладняў, што такімі рэпрадукцыямі захапляўся і ў дзяцінстве, і ў часы інстытуцкай вучобы. Пачуўшы ад Ігара Цішына пра малаякасныя рэпрадукцыі выдатных карцін, я згадаў, што сам збіраў падобныя рэпрадукцыі кубістаў і футурыстаў, сюррэалістаў і экспрэсіяністаў. Збіраў тых, каго крытыкавалі, ганілі і забаранялі ў сацрэалістычнай імперыі. Такія рэпрадукцыі збіраў не адзін я. Таму і скажу, што не толькі Ігар Цішын, а ўсё наша пакаленне тутэйшых мастакоў вырасла на кепскіх рэпрадукцыях з добрых карцін. Гэтая рэпрадукцыйная “кепскасць”, а можна тактоўна пераназваць яе ў “сціпласць”, добра відаць на палотнах Люды Русавай і Сяргея Малішэўскага, Андрэя Задорына і Наташы Залознай, Сяргея Грыневіча і самога Ігара Цішына.

 

Яўменаў і лірыка

Юра Яўменаў глядзіць мне ў вочы. Ён з тых людзей, якія бессаромна зазіраюць у чужыя вочы. Зазірнуць і глядзяць, а толькі потым пра нешта спытаюцца: “Ведаеш, як я пішу вершы?” У мяне хапае мужнасці не палохацца зазіранняў у мае вочы і на пытанне адказваць пытаннем: “Адкуль я магу ведаць, як ты пішаш вершы?” – “Ёсць людзі, якія за дзень могуць накатаць цэлую паэму. Сеў і накатаў паэму на цэлы сшытак. Я – іншы. Я не магу пісаць хутка. Я пішу вершы марудна, так марудна капае вада з туга закручанага крана…” Юра паказаў правай сціснутай у кулак рукой, як трэба закручваць кран, з якога цячэ ягоная лірыка.

 


Апублікавана

у