Адам Глобус (№89)

Парыжскія казкі

Зялёны сом

У Сене пад Парыжам вырас велізарны, як бервяно, сом. Вырашыў той зялёны сом ажаніцца. Ён прыплыў у Парыж і запатрабаваў тры нявесты, каб было з каго выбіраць. Сом быў такі вялікі, а Парыж тады быў яшчэ такі маленькі, што парыжане спалохаліся рачной пачвары. Збаяліся, што выпаўзе на бераг і разбурыць горад, а жыхароў усіх чыста зжарэ. Таму і кінулі парыжане ў рачныя хвалі трох найпрыгажэйшых маладых парыжанак.

Тры дні і тры ночы зялёны сом разглядаў сваіх палонніц, а потым узяў і вярнуў іх на бераг Сены жывымі ды вясёлымі. Прыгажуні былі вясёлыя, бо атрымалі ад зялёнага сома па куфэрку з золатам і каштоўнымі ўпрыгажэннямі. Менавіта пасля гэтага здарэння Парыж і пачаў расці, мацнець ды квітнець.

 

Чырвоная шапка

Да мінскага мастака Гены аднойчы падляцеў анёл у чырвонай шапцы.

– У мяне ёсць для цябе падарунак! – сказаў той мастаку. – Я падару табе сваю чырвоную шапку. Ты надзенеш яе і паляціш у Парыж!

Гена, як і ўсе мастакі на свеце, марыў злётаць у мастацкую сталіцу. Праўда, у мужчыны не было грошай, і ў той даўні час самалёты яшчэ не ляталі з Мінска ў Францыю.

Гена з двух кавалкаў мыла зрабіў муляж бомбы і пранёс яго ў салон самалёта, які збіраўся ляцець з Беларусі ў Растоў. Мастак паказаў сцюардэсе «бомбу» і загадаў накіроўвацца ў Парыж. Самалёт не змяніў курсу. У выніку Гена трапіў у растоўскую турму. Туды да мастака прыляцеў анёл.

– Ты чаму не ўзяў у падарожжа чырвоную шапку? – злосна спытаў анёл.

– Пасаромеўся! Калі я хадзіў па Мінску ў тваёй шапцы, усе знаёмыя і незнаёмыя з мяне насміхаліся!

– Мог бы і патрываць кепікі. Мог бы і паслухацца анёла-ахоўніка!

– Я паслухаўся, паспрабаваў паляцець у Парыж – і цяпер я сяджу ў турэмнай камеры!

– Не перажывай моцна. Доўга ты тут не затрымаешся. Я зраблю так, што цябе з растоўскай турмы перавядуць у мінскую вар’ятню. Паходзіш пару месяцаў па ёй у чырвонай шапцы – і цябе выпусцяць.

Так і адбылося. Гену этапавалі ў Мінск, дзе з турмы перавялі ў бальніцу. Пакуль мужчына вёў рэжымнае жыццё за кратамі, у састарэлай савецкай імперыі адбылася рэвалюцыя. З бальніцы мастак выйшаў у незалежную Беларусь.

Гена ўзрадаваўся, што цяпер можа спакойна паехаць у Францыю. Ён узяў білет у Парыж, сеў на цягнік і выправіўся ў сталіцу мастацтваў. Усю дарогу Гена праехаў, як раіў яму анёл, у чырвонай шапцы. Яна і зараз захоўваецца ў атэлье паспяховага парыжскага партрэтыста Генадзя Чыжа-Мінскага. Час ад часу мастак расказвае пра падарунак анёла і паказвае цікаўным чырвоную шапку.

 

Чорная патэльня

Людаед Валерый Дзік не любіў галіцца. Ён насіў кароткую бараду. Калі Дзік еў смажаную чалавечыну, тлушч цёк з рота па губах на сівую шчэць. Людарэз гучна чвякаў, стагнаў, соп. Без сапення, пастогвання, пачвяквання і без перапэцканасці ў гарачы чалавечы тлушч гэтаму нелюдзю было кепска.

Свае апошнія тры гады Дзік жыў толькі тым, што паляваў на дзяўчатак-падлеткаў. Ён усыпляў ахвяру хлараформам, грузіў яе ў аўтафургон з надпісам «Рамонт і рэстаўрацыя мэблі», дзе душыў. Задушанае дзіця злачынца прывозіў у сваю сталярную майстэрню. У людаеда была раскошная, добра абсталяваная майстэрня.

На фургоне з мэбляю людаед праездзіў па Парыжы ажно тры гады. Валерый задушыў, разабраў і падсмажыў на вялікай патэльні трыццаць тры дзяўчынкі. Усе яны былі з розных раёнаў горада. Адна з вострава Сітэ, другая з Елісейскіх Палёў, трэцяя з Манмартра… Барадаты людаед ніколі не паляваў двойчы на адной і той жа вуліцы.

Злавілі пачвару на жыўца. Прынадзілі мілавіднай дзяўчынкай у чырвонай сукенцы. Схапілі ў Лацінскім квартале. Калі людаед Дзік зрабіў напад, куля, выпушчаная са снайперскай вінтоўкі, прабіла яму сэрца. Вобшук у мэблевай майстэрні даў самыя неверагодныя вынікі, бо маньяк захаваў усе рэчы сваіх непаўналетніх ахвяр.

Чорная патэльня, на якой людаед смажыў чалавечыну, стала адным з самых каштоўных экспанатаў музея крыміналістыкі. Вядома, лабаранты старанна адмылі з яе ўвесь чалавечы тлушч, але і без яго глыбокая чорная патэльня пакідае жудаснае ўражанне. Глядзіш на яе чорнае дно – і ўяўленне малюе табе смажаныя дзявочыя ручкі з лакіраванымі пазногцямі.

 

Белыя канверты

Стары блазан П’ер Гусак жыў на баржы. Ён з дзяцінства марыў жыць на вадзе, каб у любы момант можна было ўзяць і паплыць у далёкі райскі край. За сваё доўгае і цяжкае жыццё П’ер так і не завёў сям’ю. Нават сяброў у яго не завялося, акрамя хіба што баржы з назваю «Адэлаіда».

У адзін з цёплых майскіх вечароў П’ер вячэраў на палубе «Адэлаіды». Ён няспешна ёў срэбнай лыжачкай запраўленую сметанковым маслам грэчневую кашу. Ёў з апетытам. Глядзеў на спакойную Сену і ўяўляў сябе маленькім хлопчыкам, якога маці корміць смачнай кашай. Уяўленне было такім яркім, што Гусак ажно спалохаўся, калі пачуў чужы голас з набярэжнай:

– Шаноўны! Паслухайце… У мяне ёсць бутэлька цудоўнага віна. Бутэль­ка ёсць, а сабутэльніка няма. Можа, вы, шаноўны, пагодзіцеся выпіць са мной?

П’ер спакусіўся дарагім віном. Такога каштоўнага і смачнага напітку ён яшчэ не піў у сваім жыцці. Бутэлька была невялічкай, але віно ў ёй чамусьці не заканчвалася. Гусак хацеў спытаць у госця пра дзівосную якасць бутэлькі, але не паспеў. Госць, які назваўся Янам з Турава, дастаў з кішэні невялічкі белы канверт. «У нашай кампаніі не хапае жанчыны!» – сказаў мужчына і вытрас з канверта папяровую ляльку. Маленечкая цацка вокамгненна ператварылася ў маладую прыгожую жанчыну. Ян наліў прыгажуні поўны келіх віна.

– Я так доўга спала ў белым канверце, што мне абавязкова трэба патанцаваць!

– Пакуль ты патанцуеш, я крыху пасплю. Дарога з Турава ў Парыж мяне моцна стаміла. Думаю, што П’ер дазволіць мне гадзінку паспаць на палубе ягонай «Адэлаіды».

Стары блазан прынёс свайму новаму сабутэльніку падушку з коўдрай, і Ян заснуў, седзячы ў шэзлонгу. Прыгажуня, якая назвалася Нінай з Мазыра, пратанцавала амаль усю ноч. Пад раніцу яна дастала з кішэні белы канверт, рыхтык такі, як у Яна, і вытрасла з яго на стол папяровую ляльку. Тая імгненна ператварылася ў маладога чалавека, які назваўся Анатолем з Гомеля. Ніна пацалавала Анатоля і папрасіла ў П’ера дазволу адасобіцца з маладым чалавекам у каюце. Захмялелы стары дазволіў Анатолю і Ніне схавацца ад чужых вачэй у сваёй каюце.

Як толькі сонца пазалаціла Сену, Анатоль і Ніна выйшлі на палубу. Мужчына ператварыўся ў папяровую ляльку, і Ніна схавала яго ў свой белы канверт. П’ер раптам заўважыў, што віно ў бутэльцы нарэшце скончылася. Ён пабудзіў Яна: «Можа, у цябе, дарагі сябра, ёсць яшчэ віно?» Той папрасіў прабачэння, бо віна ў яго больш не было. Ян загадаў Ніне ператварыцца ў папяровую ляльку, якую акуратна паклаў у свой белы канверт. Развітваючыся, госць пакінуў П’еру трыста еўра за арэнду «Адэлаіды», чым вельмі ўсцешыў старога і моцна п’янага блазна.

 

Залаты парк

Рэзчык па каменю Арцюр Дзяцел быў даволі пасрэдным майстрам у звычайным жыцці, але ён меў адметныя і непаўторныя здольнасці ў жыцці патаемным. Арцюр лавіў на парыжскіх вуліцах рудавалосых дзяцей і ператвараў іх у залатыя скульптуры. Ён толькі дакранаўся да спіны дзіцяці шурпатай далонню, як яно камянела і рабілася залатым. Незвычайныя скульптуры Дзяцел ставіў у зімовым садзе, які прыбудаваў да сваёй майстэрні.

Сярод пальм і фікусаў назбіралася ажно трынаццаць залатых дзяцей, калі рэзчыка Дзятла затрымала паліцыя. Ён нічога ўцямнага сказаць не змог, бо і сам не ведаў, адкуль займеў свае неверагодныя здольнасці. У час апазнання бацька аднаго з залатых хлопчыкаў звар’яцеў. Ён пазнаў свайго сямігадовага Рамэна. Мужчына абняў скульптуру, заскавытаў і заплакаў… І бацькоўскія слёзы ператварылі залатую скульптуру зноў у жывога хлопчыка. Іншыя бацькі таксама сваімі горкімі слязьмі вярнулі дзецям жыцці.

Здавалася б, што гісторыя павінна была скончыцца добра, але ў яе сумнае заканчэнне, бо рэзчык Дзяцел уцёк з-пад варты. У яго з’явілася новая здольнасць: ён цяпер можа ператвараць у ржавыя жалезныя скуль­птуры рыжых паліцэйскіх.

 

Сіняя гадзюка

Франсуа Бык меў высокі рост, і вагі ў ім было на асілка. Дарма людзі кажуць, што вялікі чалавек мусіць быць добрым. Бык быў злы як цэрбер. Сваю лютасць ён накіроўваў на людзей маленькіх. Франсуа проста шалеў, калі бачыў ліліпута або карліка. Ён біў недамеркаў і недаросткаў, біў смяротным боем, збіваў іх да страты памяці… Увесь Парыж ведаў, што Франсуа Бык забаўляецца тым, што б’е і калечыць карлікаў. Ведаць ведалі, а злавіць на гарачым не маглі. Здавалася, што ўжо ніхто і ніколі не знойдзе ўправы на велікана Быка. Але знайшоўся і на гэткага цэрбера наморднік!

Карлік Андрэй Вуж трымаў у тэрмасе сінюю гадзюку. Ён яе злавіў недзе ў Амазоніі, калі разам з цыркам ездзіў на гастролі ў Бразілію. Як толькі Бык высачыў Андрэя, наблізіўся да яго і нахіліўся, Вуж адкрыў свой тэрмас і прыціснуў яго да твара злачынцы. Гадзюка ўкусіла велікана за шчаку пад правым вокам. Ад змяінай атруты Франсуа і сканаў.

Карліка судзілі, але ў судзе не знайшлося сведак, якія маглі б абвінаваціць Андрэя ў забойстве. Вуж выйшаў з судовай залы свабодным чалавекам, і ўсе парыжскія ліліпуты і карлікі віталі яго як героя.

 

Сінія нагавіцы

Марсэль Рог пашыў сабе сінія нагавіцы. Яшчэ з дзяцінства яму хацелася мець у сваім гардэробе пашытыя на заказ нагавіцы. Марсэль не быў моднікам, апранаўся сціпла, рэчы купляў на скідках. Жаданне наведацца ў атэлье пайшло ад дзеда, той шмат разоў расказваў унуку, як пашыў сабе нагавіцы і пасля гэтага яго жыццё змянілася да лепшага. Каб не пашытыя з сіняга аксаміту нагавіцы, ніхто з дзяўчатак і не зірнуў бы ў бок Марсэля. (Унук насіў імя ў гонар дзеда.) У сініх нагавіцах Марсэль Рог-cтарэйшы пачаў карыстацца вялікай папулярнасцю. Яе ён скарыстаў цалкам і поўнасцю. Выбраў сабе прыгажуню з багатымі бацькамі і ажаніўся з ёю. Дзякуючы сінім нагавіцам Марсэль-старэйшы стаў галоўным інжынерам, а пазней і дырэктарам фабрыкі па вытворчасці фарфоравага посуду. Унук, як і дзед, працаваў на гэтай фабрыцы, але звычайным рахункаводам. Вёў сціплае самотнае жыццё і ў адзін цудоўны дзень нарэшце вырашыў пашыць з падоранага дзедам аксаміту сінія нагавіцы.

Пашыў. Надзеў. Выйшаў прайсціся. Каля ўваходу ў метро яго перанялі сіняносыя бэйбусы. Іх было двое. З белазубых ратоў яны выплёўвалі на Марсэля Рога-малодшага брыдкаслоўныя кепікі. Той спрабаваў абысці п’яных, але яны нахабна загароджвалі дарогу. Рог раззлаваўся. Ён так моцна ўзлаваўся, што стаў павялічвацца ў памерах. Ён рос – і ўся адзежа на ім пачала разрывацца на шматкі. Нават чаравікі парваліся на кавалкі. Адно сінія нагавіцы павялічыліся разам з гаспадаром.

Калі Марсэль-малодшы займеў пяціметровы рост, ён голымі пятамі патаптаў зубатых бэйбусаў. Відавочцы, што засталі гэткае дзіва, атрымалі шок. Ніхто не змог пераадолець здранцвенне і зняць метамарфозы хоць бы на тэлефон. Пасля бойкі з бэйбусамі цела рахункавода вярнулася ў свае звычайныя сціплыя памеры. Сінія нагавіцы таксама зменшыліся.

Дамоў Рог-малодшы пайшоў басанож. Ідучы па вуліцах, Марсэль думаў пра дзеда, які меў рацыю, сказаўшы, што ў чалавека ў сініх нагавіцах пачынаецца зусім новае жыццё.

 

«Чорны хвост»

«Чорны хвост» – так называлася атэлье ў Парыжы. Яно мусіла называцца «Чортаў хвост», бо там майстар на ўсе рукі Ізідор Шпак абсякаў навостранай сякерай даўжэзныя, брудныя, кудлатыя і смярдзючыя хвасты ў чарцей. Замест абсечаных хвастоў над валасатымі азадкамі Ізідор навешваў кароценькія шаўковыя і зручныя ў карыстанні штучныя хвосцікі.

Справы ў атэлье ішлі выдатна. Шаўковыя хвосцікі сталі моднымі, і яны карысталіся неверагоднай папулярнасцю ў чарцей і чарціх. Шпак наняў цэлую брыгаду ветурачоў, якія сяклі хвасты з раніцы да вечара. Здавалася, што Ізідор у хуткім часе адсячэ ўсе чорныя чортавы хвасты на белым свеце. Яно так толькі здавалася…

У атэлье «Чорны хвост» наведаўся сам Д’ябал. Ён прыйшоў зусім не дзеля таго, каб адсекчы сабе хвост. Ён прыйшоў, каб раз і назаўжды забараніць адсяканне хвастоў чарціхам і чарцям, бо такую справу лічыў антыпрыроднай, а таму і шкоднай. Ізідор Шпак хацеў запярэчыць Д’яблу, але той ператварыў яго ў птушку. Між іншым, Д’ябал не любіць і не прымае ніякай штучнасці. Нават простыя шпакоўні ён называе турмамі для птушак і, дзе іх убачыць, абавязкова разломіць і скіне на зямлю.

 

Чорны абмен

Парыжанін Эдгар Кіт узяў сабе за жонку маладзенькую правінцыялку з далёкага беларускага мястэчка Ліда. Эдгар шукаў нявесту на сайтах для знаёмстваў, знайшоў, з’ездзіў па дзяўчыну ў Ліду і прывёз у Парыж.

Анжэліка… Менавіта гэтак звалі новую парыжанку. Анжэліка была выдатніцай у ложку, але хатняя гаспадыня з яе атрымалася нулявая. Эдгар асабліва не перажываў з-за гэтага, лічыў, што Анжэліка маладая і яшчэ навучыцца як след весці хатнія справы. Зусім іншае думала маці Эдгара – старая карга Маргарыта.

Яна пачала біць Анжэліку арэхавым дручком. За разбітую талерку, за непамыты кубак, за незасланы ложак Анжэліка атрымлівала ўдары дручком па галаве. Маргарыта Кіт так моцна лупіла нявестку, што праз нейкія тры месяцы забіла дзяўчыну. Эдгар пахаваў жонку ў сямейнай капліцы і штодня ездзіў на могілкі, каб паплакаць. Пэўна, Эдгар Кіт сплакаўся б ушчэнт, каб не рашучасць Маргарыты.

Старая карга пайшла да гаспадара могілак і папрасіла ўваскрасіць Анжэліку. Гаспадар запатрабаваў велічэзныя грошы за свае паслугі, а калі Маргарыта пагадзілася іх заплаціць, ён сказаў, што нават з вялізнымі грашыма ў яго не б’е лічба ў бухгалтэрыі. Не б’е, бо не хапае цела! Старая пагадзілася легчы ў магілу замест забітай нявесткі і лягла, а перад гэтым яшчэ па трайным тарыфе аплаціла сваё ўласнае пахаванне. У чорнай касе могілкавай бухгалтэрыі ўсе лічбы пачалі біць – і Анжэліка атрымала дазвол на вяртанне да Эдгара Кіта, з якім яна пражыла доўгае і шчаслівае жыццё парыжанкі ў першым пакаленні.

 

Белая Дзева

Шафёр-дальнабойшчык Эміль Варабей марыў пра жонку. Яму хацелася, каб дома жонка чакала свайго Эміля. Верабей спадзяваўся, што з кожнай камандзіроўкі будзе прывозіць сваёй любімай падарункі. Вераб’ю было пад пяцьдзясят, а жонка ўсё ніяк не знаходзілася.

Аднойчы недзе паміж Парыжам і Марсэлем дальнабойшчык спыніў фуру, выйшаў у поле і папрасіў у высокага сонечнага неба жонку. «Неба, дай мне жонку!» – сказаў Эміль Верабей. Неба злітавалася і паслала шафёру Белую Дзеву. Тая стала жонкай дальнабойшчыка, але папрасіла нікому не расказваць пра яе і пра ласку неба. Эміль даў клятву трымаць язык за зубамі. Пратрымаўся тры гады.

Цэлыя тры гады Верабей вазіў падарункі для Белай Дзевы і быў самым шчаслівым чалавекам у Парыжы. Толькі шчасця ў Эміля было значна болей, чым ён мог панесці. З-за гэтага ён і прагаварыўся. Дзесьці паміж Марсэлем і Парыжам у прыдарожнай забягалаўцы шафёр расказаў недаверлівым калегам-дальнабойшчыкам пра сваё вялікае шчасце.

Была месячная ноч. Было прахалодна. Неба адклікала Белую Дзеву. Эміль Верабей вярнуўся з камандзіроўкі ў цёмную і пустую кватэру старога халасцяка.

 

Ружовая пашча

Здарылася тое пад раніцу, можа, а пятай, а можа, і а палове на шостую… Таксістка Элеанора Лінь дакладна не памятае. Недалёка ад залатога помніка Жанне д’Арк Элеанора пабачыла голага мужчыну з галавой ката. Лінь спачатку падумала, што мужчына надзеў карнавальную маску. Яна прытармазіла каля яго, тут каціная галава і пазяхнула на ўсю сваю ружовую пашчу. Жанчына спалохалася. Зачыніла акно і праехала метраў сто.

Таксістка стамілася. Ёй страшэнна балела галава, хацелася сцішыцца і паспаць. Яна пазяхнула і пабачыла маладога чалавека, які паклікаў яе рукой. Пасажыр назваў адрас у раёне Дэфанс. Па дарозе Элеанора вырашыла расказаць пасажыру пра голага чалавека з кацінай галавой. Калі яна сказала пра ружовую пашчу, малады чалавек пачаў смяяцца. Ён смяяўся так нахабна і гучна, што таксістка спыніла машыну і азірнулася. У смяшлівага пасажыра была чалавечая галава, а ўсё астатняе цела зарасло шэрай поўсцю, нібыта кацінае. Перапалоханая Элеанора Лінь выскачыла з таксі і пабегла. Яна бегла ад Елісейскіх Палёў праз Сену да Эйфелевай вежы, дзе ледзь змагла спыніцца.

Аддыхаўшыся, жанчына злавіла таксі і вярнулася да сваёй кінутай машыны. Год яна нікому не расказвала гісторыю пра ружовую пашчу, а калі аднойчы расказала сяброўкам, тыя з яе здзекліва пасмяяліся.

 

Чорны бурак

Каля начнога клуба «Ду-ду» грузчык Марсэль Бей пачаў лупіць студэнта Сержа Бурака. Серж пакурваў электронную цыгарэту і думаць не думаў, што некага тым пакурваннем раздражняе. Бей, пабачыўшы, што ў «Ду-ду» зусім няма жанчын, што вечарынка зладжана выключна для хлопцаў, узлаваўся. Марсэль спадзяваўся паскакаць з дзяўчаткамі, а тут – адны мужыкі толькі для мужыкоў. А самы нахабны з іх стаіць і пускае з рота паднікаціненую пару! У лыч яму! Наском чаравіка ў пячонку! Абцасам ў лабэшнік! Таптаць, качаць, затаптаць такога! Качаць па тратуары! Каб заліўся крывёю! Каб зубы павыплёўваў! Каб здох!

Бей біў Бурака і гарлапаніў: «Ненавіджу вас, педаў! Заб’ю галубца! Затаўку вырадка!!!» Пад градам удараў Бурак страціў прытомнасць, праваліўся ў кому, а праз тыдзень памёр. Драўляную скрыню з прахам Сержа Бурака закапалі пад каменны крыж.

Праз тры тыдні пад крыжам вырас вялікі чорны бурак. У час моцнай навальніцы маланка ўдарыла ў каменны крыж. Чорны бурак выскачыў з зямлі і паляцеў у турэмны двор, дзе прагульваўся арыштант Марсэль Бей. Чорны бурак ударыў Марсэля ў скронь, праламаўшы чэрап, і забіў.

 

Белатвары Акцёр

Габрыэль Кот прыехаў у Парыж, каб вывучыцца на артыста. Свой першы намер – зрабіцца кінаакцёрам – Габрыэль адкінуў, спужаўся вялізнай канкурэнцыі. Нават тэатральныя студыі напалохалі правінцыяла, таму ён і апынуўся ў маленькім цырку. Каб атрымаць там месца навучэнца, Габрыэлю Кату давялося прайсці выпрабаванні…

Першым і, бадай, самым цяжкім было выпрабаванне камаром. Усю першую ноч у цырку Габрыэля прамучыў камар. Ён зунзоніў над вухам. Сядаў на нос. Але знікаў, калі Кот запальваў лямпачку. І з’яўляўся зноў, калі лямпа згасала. Пад раніцу Габрыэль здагадаўся, што камар яго выпрабоўвае. Ці з’явіцца неадольная лютасць? Ці заб’е хлопец насякомае? Ці здагадаецца, што іспыты пачаліся? Габрыэль здагадаўся, лютасць на камара прапала – і хлопец заснуў.

Другі іспыт быў з Асілкам. Ён назваў Габрыэля Ката сабакам. Асілак быў братам Гаспадара. Ён быў асноўным артыстам у цырку. На ім трымаўся кожны другі нумар. Таму Габрыэль змаўчаў. Асілак узрадаваўся маўчанню вучня і абліў Ката вадаспадам найбруднейшай лаянкі. Зразумела, што Габрыэль ледзь стрымаўся, калі яго назвалі брудным і смуродным сабакам. Але ў Ката хапіла розуму адкінуць уласную пыху і такім чынам прайсці другі іспыт.

Трэцяе выпрабаванне атрымалася самым лёгкім. Асілак пакінуў пад люстэркам у грымёрнай кашалёк, у якім Габрыэль знайшоў яго крэдытную картку і паперку з кодам да яе. Ідзі і бяры грошы. Ідзі і раскашуй за чужы кошт. Спакуса была. Яшчэ не ачахла злосць на лаянку Асілка. Яшчэ хацелася помсціць. Яшчэ шмат пра што падумалася, але сквапнасць Габрыэль Кот перамог. Кашалёк з карткаю і наяўнымі грашыма застаўся ляжаць пад люстэркам.

Чацвёрты іспыт прайшоў цяжка, бо быў эратычным. Габрыэль Кот быў цнатлівым хлопцам. Вопыту ў стасунках з распуснымі жанчынамі ў яго не было. Таму з’яўленне аголенай акрабаткі Ані агаломшыла Габрыэля. Ані, дачка Гаспадара, была прыгажуняй. Яна любіла сваё цела і любіла разгульваць аголенай. Ані сказала Габрыэлю, што любіць уночы прагуль­вацца без вопраткі. Цела Ката гарэла агнём. Жаданне накінуцца на Ані і згвалтаваць яе з’явілася і не знікала. Кот пачырванеў. Вочы яго наліліся крывёю. Пальцы сціснуліся ў кулакі. Здавалася, што ў наступнае імгненне хлопец нападзе на дзеўку. Не напаў. Здагадаўся, што яго выпрабоўваюць на блудлівасць. Габрыэль выпіў літровую бутэльку «Вітэль» і супакоіўся. Ён нават пажартаваў, што ў наступны раз абавязкова прапануе Ані інтымныя забаўкі. Акрабатка адказала, што патрывае да наступнага разу і назвала Габрыэля Белатварым Акцёрам. Мянушка да Ката прыляпілася.

Гарачую злосць выклікала ў Ката сучачка Ані. Акрабатка знарок нацкавала сабаку на Белатварага Акцёра: «Кусі яго! Кусі гэтага фанабэрыстага імпатэнта! Кусі яго за нагу!» Раз’юшаная, нацкаваная дробная сучка скочыла на Ката і ўчапілася ў калашыну яго выхадных нагавіц. Хлопец страсянуў сучку з нагі, але на яе іклах засталіся кавалкі нагавіц. Белатвары раззлаваўся страшэнна. Як стрымаўся? Сам не ведае. Нехта яму дапамог. Каб ведаць дакладна хто… Нехта сказаў: «Ператрывай!» Кот ператрываў. Нагавіцы былі сапсаваны цалкам. Іх давялося зняць і выкінуць. Добра, што, выкідаючы нагавіцы, Белатвары Акцёр выдатна разумеў, што прайшоў чарговы іспыт.

Каб загладзіць сваю віну, Ані прапанавала Габрыэлю шклянку віна. Ён выпіў яе нагбом. Дзяўчына зноў напоўніла шклянку, але Белатвары Акцёр падумаў і вырашыў адмовіцца. І правільна зрабіў.

Сёмы і апошні іспыт, які выпаў на долю Габрыэля Ката, якога цяпер усе звалі Белатварым Акцёрам, быў скачок праз нябыт. Гаспадар прапанаваў вучню ўзняцца на хмарачос. Гэта быў самы высокі будынак у футурыстычным Дэфансе. Настаўнік скочыў з яго… Белатвары Акцёр скочыў з хмарачоса за сваім настаўнікам. Ён ператварыўся ў салёны дождж, а той зрабіўся воблакам, якое павольна паплыло да зямлі. Перад самай зямлёю воблака палілося салёным дажджом, які сабраўся ў Белатварага Акцёра.

Гэтым якасным скачком і скончылася цыркавая навука Габрыэля Ката. Ён стаў майстрам і пачаў зарабляць тым, што без усялякіх страховак скача з хмарачосаў.

 

Белы кубак

Патомны чарадзей Франсуа Грак, як і большасць парыжскіх патомных чарадзеяў, любіў з раніцы зайсці ў якую кавярню і выпіць кубачак чорнай кавы. Грак заўжды быў ашчадным. Можна сказаць, ягоная ашчаднасць межавала са сквапнасцю. Нават за кубачак эспрэса Франсуа плаціць не хацеў.

Каб не плаціць, Грак звычайна клікаў афіцыянта і прапаноўваў яму пайсці ў заклад: калі чарадзей падкіне пусты фарфоравы кубак пад столь, а той упадзе на каменную падлогу і не разаб’ецца, за эспрэса заплоціць афіцыянт. У варыянце з пабітым кубкам заплоціць Грак, але ўжо за тры кубкі і тры эспрэса. Наіўны афіцыянт пагаджаўся. Франсуа падкідаў кубак пад столь, і той там завісаў. Кубачак вісеў у паветры, афіцыянт глядзеў на яго і чакаў, калі той пачне падаць. Тым часам чарадзей Грак сыходзіў з кавярні. Афіцыянт прайграваў, бо праз нейкія пару хвілін кубак пачынаў павольна апускацца з-пад столі на падлогу. Ён рабіў гэта так павольна і акуратна, што шанцу разбіцца ў яго не было.

 

Жоўтая шафа

Гэта толькі здаецца, што ва ўсіх аптэках аднолькавя лекі. Яно зусім і не так. У адной аптэцы яны салодкія, як малінавае варэнне, а ў другой – горкія, як палын. Ну і вынік ад прымання быццам бы аднолькавых лекаў можа быць самы розны.

Калі ты набыў таблеткі з добрых рук Жыльбера Зая ў маленечкай аптэцы, што на бульвары Капуцынаў, лічы сябе здаровым. Не паспееш адну пілюлю праглынуць, а здароўе ўжо перапаўняе тваё цела. Гэта ўсё заўважыў і паліцэйскі Жэрар Цюць. Ён не проста гэта заўважыў і апісаў у чорным працоўным нататнічку, але і пачаў сачыць за аптэкарам Жыльберам.

Цюць высачыў, што Зай раз на тыдзень залазіць у сваю жоўтую шафу і там сядзіць цэлую гадзіну. Жоўтая шафа так зацікавіла паліцэйскага, што ён вырашыў сам у яе залезці і аднойчы ўскочыў туды адразу за Жыльберам. Паліцэйскі апынуўся ў лепшым свеце, у Эдэме. Там ён знайшоў Жыльбера, і той прызнаўся, што ў раі яму жывецца сумнавата, таму ён падпрацоўвае ў парыжскай аптэцы. Лекі Зай прыносіць у яе непасрэдна з Эдэма, таму ад іх такі імгненны станоўчы эфект.

Жэрар Цюць наталіў сваю цікаўнасць. Ён не перашкаждаў Заю хадзіць з лепшага ў горшы свет, але сам у Парыж не вярнуўся. Ён застаўся ў Эдэме, дзе ахоўвае ўваход у жоўтую шафу, каб абы-хто не шастаў туды-сюды.

 

Чорны штатыў

Паважанаму фотамайстру Трыстану Ліню турыстычнае бюро «Спадарожнік» заказала рэпартаж пра Нотр-Дам. Трыстан тры дні запар здымаў сам сабор і ўсё, што рабілася навокал. У семдзесят сем гадоў працаваць цяжэй, чым у трыццаць тры. Цяжэй у разоў дзесяць.

За тры дні працы Лінь страшэнна стаміўся. Ён прысеў адпачыць на лаўцы каля рэчкі. Фатограф адпачываў, гледзячы на Сену, і ўбачыў на другім беразе самога сябе. Другі Трыстан Лінь быў удвая маладзейшы за першага. Ён крочыў лёгкай хадою па набярэжнай і нёс на плячы чорны штатыў. Такі ж самы штатыў стары Лінь меў у маладосці, калі працаваў фатографам-крыміналістам. Трыстан так захваляваўся, пабачыўшы сябе маладога, што нават не здагадаўся сфатаграфаваць другога сябе з чорным штатывам на плячы.

Пра ўбачанае дзіва Трыстан расказаў у турыстычным бюро «Спадарожнік», а праз тры дні пасля гэтага здарэння ён выправіўся ў доўгае падарожжа да сваіх дзядоў, прадзедаў і прапрадзедаў.

 

Срэбны дождж

Радыёжурналіст Габрыэль Карп захапляўся рыбалоўствам. Яго жыццё складалася з дзвюх рэчаў – працы і рыбалкі. Працаваў Габрыэль старанна, каб зарабіць як мага больш і мець магчымасць парыбачыць у вольныя дні і тыдні. У выхадныя ён вудзіў рыбу на рэчках і азёрах, а ў час адпачынку лётаў з Парыжа ў Нарвегію, дзе любаваўся кітамі ды лавіў тунца. Габры­эль Карп быў выдатным рыбаком, ён заўсёды вылоўліваў утрая больш за ўсіх, хто лавіў побач. Яму шанцавала, і ён быў найвялікшым майстрам у рыбалоўнай справе.

Жыццё Габрыэля Карпа скончылася нечакана. Ён ішоў на працу праз мост Марыі. Магутны вецер падхапіў Карпа пад пахі і перанёс з моста на сярэдзіну рэчкі. Сена сказала Карпу: «Ты выцягнуў з мяне столькі рыбы, што я мушу спыніць цябе. Я ператвару цябе ў чараду верхаводак і паглыну!» Сена зрабіла з журналіста Карпа чараду верхаводак, якая пасыпалася ў рачныя хвалі срэбным дажджом.

 

Чырвоная галава

Цырульнік Франсуа Рак у час працы любіў гаварыць. Ён расказваў пра падарожжы, адпачынкі, тэлесерыялы і свае неверагодныя прыгоды са шматлікімі жанчынамі. Франсуа быў мужчынскім майстарам. Яго цікавілі тыповыя мужчынскія заняткі: паляванні, выпіўкі, адзюльтэры ды аўтагонкі. Франсуа так любіў гаварыць, што ўсе думалі: ён і слухаць любіць. Слухаць жа Рак не толькі не любіў, але і нават злаваўся, калі нехта пачынаў яму пра нешта расказваць. Асаблівае абурэнне ў Франсуа выклікалі людзі са смярдзючым ротам. Адзін з кліентаў так шмат гаварыў і ў яго так страшна смярдзела з рота, што Рак не стрываў і адрэзаў яму галаву.

Акрываўленую чырвоную галаву цырульнік кінуў у ракавіну і выклікаў паліцыю. Пакуль паліцэйскія ехалі на выклік, смярдзючы кліент дастаў сваю чырвоную галаву з ракавіны і паставіў сабе на плечы. Галава прырасла. Кліент аблаяў Рака бруднымі і смярдзючымі мацюкамі ды пайшоў на другі бок вуліцы, каб дастрыгчыся ў іншай цырульні.

 

Гора Горкае

Заможнаму гандляру вінтажнымі машынамі Эжэну Грабу захацелася паплаваць па Сене на самай простай драўлянай лодачцы з вёсламі. Увішныя сакратары арганізавалі рачную прагулку. Граб выграб на сярэдзіну рэчкі. Там з вады высунулася дзіцячая ручка, а за ёй з’явіўся і мілавідны тварык. «Дапамажы! Выратуй! Выцягні мяне з вады…» Сэрца гандляра здрыганулася, і ён выцягнуў з рэчкі Гора Горкае. Яно ўскочыла Эжэну на шыю і там замацавалася.

З таго моманту на Граба і пасыпаліся непрыемнасці. Падатковая інспекцыя праверыла яго аўтамабільныя крамы і наклала вялізныя штрафы. Паліцыя ўзбудзіла супраць Эжэна крымінальную справу і абвінаваціла ў забойстве, якога ён, вядома, не рабіў. Суд прызначыў неверагодна жорсткае пакаранне. Граб апынуўся ў турме, дзе яго за непаслухмянасць пасадзілі ў карцар. Толькі там Гора Горкае злезла з шыі асуджанага гандляра і пераскочыла на тоўстую шыю начальніка турмы.

Праз які тыдзень Эжэна з турмы выпусцілі і абвінавачванні з яго знялі. Самай казачнай падзеяй для Граба ў гэтай драматычнай гісторыі была знаходка латарэйнага білета. Эжэн вырашыў пасля турмы наведаць касцёл і запаліць свечку, каб такім чынам адзначыць нечаканае выратаванне ад Гора Горкага. Выйшаўшы з касцёла, Граб знайшоў на прыступках латарэйны білет, па якім атрымаў выйгрыш у мільён еўра.

 

Зялёныя гузікі

Сціплы бібліятэкар Альфрэд Тур закахаўся ў прадаўшчыцу гузікаў. Пайшоў набываць гузікі для кашаміравага кардыгана, бо карычневыя не пасавалі да смарагдавай воўны. За прылаўкам Альфрэд убачыў Жызэль. Убачыў і закахаўся. З першага погляду і назаўжды. Такое можа здарыцца адзін раз за ўсё жыццё. Яно і здарылася з бібліятэкарам Турам.

Раз на тыдзень Альфрэд прыходзіў у краму і набываў сабе некалькі зялёных гузікаў. Браў па завядзёнцы толькі зялёныя. Купляў танныя. Назбіраў цэлую бляшанку з-пад шакаладнага печыва новых і непатрэбных гузікаў. А ўсё ніяк не наважваўся прызнацца ў сваім вялікім і неадольным каханні. Альфрэд нават загаварыць з Жызэль не мог, тлумачыў усё на мігі.

Прадаўшчыца гузікаў пашкадавала сарамлівага пакупніка. Яна запрасіла яго на каву, а потым і да сябе ў кватэру, якая была якраз у доме насупраць яе галантарэйнай крамы. Там Альфрэд Тур распрануўся і лёг на аголеную Жызэль. Ён лёг на яе і памёр ад шчасця. Каханка моцна спужалася. Пачала плакаць і прасіць неба, каб яно вярнула жыццё яе сарамліваму Альфрэду. Ці то неба зрабіла ласку, ці то сам Тур знайшоў у сабе сілы, але ён ажыў. Альфрэд Тур вярнуўся да Жызэль так надоўга, што яны разам пражылі да праўнукаў, якіх назвалі ў гонар прадзеда і прабабы – Альфрэд і Жызэль.

 


Апублікавана

у