Акварэль у клетачку*
Загадка
Моц узнікае штоноч мацаваннем дрэў,
Целы іх цягне: паперу і цэлюлозу.
Чорнымі кроплямі мокне ў зямлі і слове.
Гронкамі гневу – той спеў, што саспеў, сагрэў
Сокі нявінных. Віно – не такія лозы.
Рукі твае вінаватыя. Рукі – ловы.
Мысленне роспачы распачынай, бяздумны:
Гэтак загадка на захадзе сонца гіне.
Гэтак здагадка згінае галіну ў лук.
Што ў акіяне злучае ваду? Бяду мы
Хваляй прыбою пабачылі. Болей – іней,
Холад, які вымарожвае сэрца грук.
Што кліча дрэвы да неба, яднае атам,
Робіць раней невядомыя рыскі, знакі
Словам, нітуе, звівае даслоўна час,
Рух і прастору натхненнем, за даляглядам
Лінію лашчыць бясконцасці – без пазнакі
Непазнавальнага? Што заблукала ў нас?
2019
* * *
Беларусь, летні квет мой, зіма надыходзіць.
Белы дзікі пялёстак заінеў ці не?
Жаваронкавай годнасцю неба лагодзіць –
“Годзе, годзе” – спявае вайне.
Супакойвае, як немаўлятка ў калысцы
Каласоў пачарнелай жнівы і маны.
Вечнай праўды лісты альбо восені лісце
Вецер, вецер, за краты згарні.
Пагартаюць, пялёсткі на лёс пералічаць
Вязні, вязні сумлення. І гнёзды жыцця
Вецце, ты збарані.
Нас рамонкі паклічуць
І вачамі валошак палі паглядзяць.
Прамяні павуціння і пух, і лупінка –
Раскіданыя гнёзды не райскіх бароў.
Мы спяваем-хаваем адну “Купалінку”
І ўплятаем “Чабор” у вянкі вечароў.
“Пепапёлачка”, дзе не малітва – замова:
“Паляўнічы міне нас”. Не краты – аер.
Людзі, людзі дамовы, агульнае мовы,
Дом адкрыты, чароўны давер.
Здані ў чорным чакаюць у цемры пад домам,
Здані ў касках і ботах, са зброяй сваёй.
Холад – гэта іх памяць. Каменная стома.
Іх не прымуць магілы. І голас іх – вой.
Вой сірэны сігнальнай, начных катаванняў.
Гэта іх калыханкі. Іх выбар і шлях.
Нам пяюць жаваронкі. Мы з вамі, мы з вамі
Будзем летнімі кветкамі ў вольных палях.
16.11.2020
* * *
Тут кожны праўдай мусіць рэзаць вока,
Каб дасягнуць нябёснай слепаты.
Мінаюць незлічоныя гады:
Глядзяць здалёк – ідуць сабе далёка.
А ў нас святы – вар‘ят, вар‘ят – святы.
Па святах – разагнаная аблога.
Тут кожны праўдай мусіць рэзаць вока,
Каб дасягнуць нябёснай слепаты.
2011
Восень 1939
Занатаваць: кожны гук, кожны пах,
Быццам бы костку, трымаць у зубах,
Як мышанятка – трымаць на далоні
І адчуваць яго гэтак і так.
Дзьмухаць на твар – дзьмухаўцамі да скуры –
І адчуваць: на траве, на мармуры
Тахкае сэрца, спявае, як слонік,
Б’ецца ў рабрыну, пляскоча аб гляк.
Так – галавой у вакно – назаўжды:
Віснуць на дрэвах увосень жыды,
Хлопчык маўчыць, быццам ён не галодны,
І не хапае халоднай вады.
Пахне каштан, быццам коні й дажджы,
Тата за лісцем апалым бяжыць –
Гэтак – ён восень сабою заслоніць –
Кінуты ў неба мядзяк хоча жыць.
2011
Ад расстраляных паэтаў
Ноч як карова, з якой бярэш малако
Зор, бессаромнасці дотыкаў да далоні.
Ноч падаецца мне ціхай, міралюбівай.
Мама, спакойна. Мне сонна, салодка, сытна.
Толькі хочацца крыкнуць: “тут мурашы
Жоўты пясочак нанеслі, курган магільны!”
Сыплюць ім. Сыплецца за каўнер, на шыю.
Целы ў пясочку стынуць. З іх прарастае
Пара, а рулі цвітуць дымком.
Цёпла ў пясочку – спяць поруч памяць і порах.
*
Не сунь свае рукі ў мае замутнёныя вочы.
І так мне там сумна. Нясу на сунічныя схілы
Сумленне як смецце.
Хто ведаў, што плакаць буду
Не з крыўды, не з расчаравання,
А з той нягоды,
Што не было нагод на які спадзеў?
*
Ноч як карова – бязмоўнае мыканне вязняў.
Мы – гэта ўсе, хто памрэ.
Наша пара мінае.
Поры пушчаюць гной
Добры для соснаў, для мхоў і для росных кветак.
Ты разумееш? Для розных зусім раслін!
Мама, як добра не быць болей чалавекам,
Не абурацца на боль. Не баяцца цемры.
Не адымаць дзеля малака цялят,
Не выліваць залатымі
З выплаўленых зубоў.
*
Мам, абяцай: «Загаіцца і стане гаем».
Толькі не шыбеніц – соснаў.
Мне зараз значна.
Ну, залюляй мяне тым, што мурашнік згіне
І зарасце курапатамі, сціплым кветам,
Хоць гэты квет я нікому ўжо не збяру.
Мама, аднойчы ўначы па маёй краіне
Спыніцца муравейны маршавы рух?
29.10.2019
Галасы Беларусі
Намалюю карціну з зубрамі,
Каб вы знялі свае забралы.
Каб толькі не забіралі,
Не адымалі
маю маму,
майго сябра,
майго мужа,
майго брата,
майго тату,
маю сястру,
маю дачку хросную,
майго ненароджанага сына,
мае кветкі пажоўклыя,
мае парасткі сноў.
Каб не білі ў спіны.
Адмалюю маю Беларусь,
Адмалю яе
Словамі, якіх мала
Слабому сэрцу,
Магутнаму Божа.
Адмыю яе, быць можа,
Ад чорных слядоў,
Ад армейскіх ботаў.
Каб набела напісаць: “Беларусь жыве!
Прыгожа, прыгожа, прыгожа
Мая Беларусь жыве.
А ты як маешся?” –
І дасылаць паштоўкі ў белых капэртах
З усмешкамі на ўсе адрасы,
І ведаць, што маем годнасць
Свае галасы
Ўзнімаць, не галосячы
З болю ці гневу,
А для спеваў.
13.08.2020
Болем-чаканнем-болем
Крохкае насенне на пальцах
Прарасце ў маёй зямлі
Болем.
Абняла б цябе, жаўнер дзяржавы,
Дык не ўзняць мне рук
За спінамі спятых,
З суставаў вырваных,
Ссінелых, апухлых
Без кровазвароту.
З роту
Не вырвецца гімн,
Якога ты просіш
Ад мяне.
Адабраны голас,
Займаная мова,
Язык.
Дзеці твае ненароджаныя,
Дзеці твайго народу
Не жадаюць
Ведаць цябе
Ў твар.
Ты гэта ведаў,
Калі хаваў яго?
Калі пахаваў
Сябе
Дзеля працы?
Кветак пылок на пальцах,
Насенне горкай травы,
Насенне ў маёй зямлі
І ў целах
Квітнее
белым, чырвоным, белым
болем, чаканнем, болем
18.08.2020
Дзверы
Выламаныя дзверы,
Дзверы, выбітыя з нагі.
Адзначаю ў памяці,
Здымаю з петляў агі-
ды
Ды
Пятляю па сходах,
Па гіпакампавай лесвіцы
Ўніз.
Дзверы, што мы пакінулі
Для суседзяў і мінакоў,
Іх адчаю адчыненымі,
Чыімі
Будуць?
У чый дом вядуць?
У чый сад,
Валадарства бязмежнае?
Чыю бяду
Хаваюць у прыцемках,
Чые кветкі
Бароняць ад цемры
На дзвюх нагах,
На сотнях
Гумовых ног?
Кажуць, на чорных соднях
Пінаюць нашыя сэрцы,
Ступаюць на снежнаягаднік,
Слухаюць лускат іх.
Кажуць, што там звяры
Апрануліся ў людзі,
Выйшлі з сябе.
Выйшлі за межы
Закона – і чалавечага,
І не.
Бачу, муры растаюць
І растуць
Стагоддзямі.
Бачу, знаходзяцца
Людзі і дзверы,
Зламаныя і адкрытыя.
Вочная, не на веру,
Нязмерная
Розніца паміж імі.
14.08.2020
* * *
Харал людскога шматгалосся
Цячэ праз дзверы і праз вокны,
Па падваконнях, як па мосце,
Па лесвіцах, пакуль не змоўкне.
І рэха водгулле як можа
Дапамагае ў такт нястомна –
І чую раптам спевам гожым
Людзей мелодыі і громы.
І замест крыкаў мітуслівых,
Ліецца песня, песня-гоман:
У сэрцы з радасным прылівам
Біецца хваляй – “Еcce homo”.
Пяскі ў пярліны перазвоніць –
Сцякае музыка гаворкі
І чалавек з душы прадоння
Адвечна спараджае зоркі.
10.07.2015
Зоркі
Гэта зоркі блукаюць у Тваіх валасах,
Весяляцца, смяюцца, нешта шэпчуць няспынна,
І мне хочацца верыць, што ўсё так, як павінна:
Ты на небе, а зоркі – у Тваіх валасах.
Будзе вецер спяваць па бутэльках і целах –
Што адных, то другіх безнадзейна спусцелых.
Што Ты меў на зямлі? Што Ты меў, што я мела?
А цяпер – сотні зорак у Тваіх валасах.
Распускаў маладзік вербаў доўгія косы.
Першы снег на траве, першы снег на вачах –
Гэта зоркі, калядныя зоркі – не слёзы.
Тыя зоркі, што ёсць у Тваіх валасах.
2010
Космас – Зямлі
Дзеля чаго небёсных целаў боль?
Я ў перыгей каранаванай поўні
Прарэхі ў тонкіх снах людскіх запоўню,
Як павуціннем, промнямі – скуголь,
Мая зусім зямная галава,
Калі спяваць дасюль яшчэ не ўмееш.
Я дасягаю смерці ды акмею,
А ты на гільяціне і брывом
Не зварухнеш. Нашто цябе трываць?
Зямля – Космасу
Мае абшары ў роздумах людзей,
Нібы палёт у крылах страказіных –
Хіба ж ты абмяжуеш гільяцінай
Адбітак фарбаў сонца на слюдзе?
Я ёсць паўсюль – і, значыць, ёсць нідзе.
З парэшткаў зор, з жывога руху плазмы,
Мае ўспаміны, плямы забыцця.
Ты над жыццём зямным, нібы суддзя,
А хто ты без мяне? Прасторы пасмы.
Ты цела ёсць, а я твая душа.
Я і спакой, і поцяг крозаў жарсны –
І калі зоркі ў небе раптам згаснуць,
Дык на зямлі іх стануць спараджаць.
28.09.2015
* У гэткай рэчаіснасці нельга не плакаць пра відавочнае, нельга захоўваць твар з алавянымі вачамі. Гэтай нізкай хачу падзякаваць Насце, настаўніцы англійскай мовы і мастачцы з мястэчка Свіслач. Яе лісты з акварэльнымі паштоўкамі цяпер радуюць сотні беларусаў, замкнёных «на соднях» у сумесныя дні і ночы, на аркушах у клетачку.