САМАІЗАЛЯЦЫЯ
Надыходзяць і такія часы,
калі нават звычайнаму літаратару
нічога не застаецца, як пісаць таемны дзённік.
Адам Глобус
Страх
– Ці пішаш нешта? – пытае нечакана сябар за куфлем піва. Звычайна мне не задаюць такіх пытанняў. Бывае, я нават сумняваюся ў тым, што хтосьці агулам чытае мае тэксты. Таму зняважліва называю іх пісулькамі.
Мы сядзім у звычайным менскім бары, гаворым пра неабавязковыя рэчы. Позні вечар, спакойная атмасфера, нікога больш. Побач завіхаецца афіцыянтка, ладненькая такая дзяўчына гадоў дваццаці. Рыхтуецца да закрыцця. А я на пытанне таварыша адказаць не спяшаюся. Спачатку трэба адказаць сабе самому.
Вядома, я пішу. Шмат. Друкую, праўда, мала. У асноўным публіцыстыку – артыкулы на сайтах і калонку ў часопісе. Усё астатняе – у стол. Чаму? Відаць, баюся. Чаго? Простых рэчаў. Не вельмі хацелася б быць абсмяяным, неапублікаваным, непатрэбным, нягеглым, нявартым. Працягваць можна бясконца.
Страх – гэта вельмі моцны інстынкт. Ён можа перавышаць здаровы сэнс. І ў прынцыпе так і павінна быць. Але ў некаторых рэчах варта ўсё ж сябе пераадольваць. Бо ў іншым выпадку што застанецца? Спісаныя абразкамі сшыткі ды дзённікі. А каму яны будуць патрэбныя, калі аўтар ноўнэйм? Ды нікому! Хаця бывае, што і тэксты вядомых аўтараў забываюцца. Я такіх занядбаных багоў еўрапейскай літаратуры ведаю. Але паўтараць іхны лёс не хацеў бы.
– Хлопцы! Толькі вас чакаем! – кажа ладненькая афіцыянтка і ўсміхаецца. – Мы зачыніліся!
Наперадзе бязлюдны сонны Менск.
Туман
Даўно такіх туманаў не бачыў, каб увесь горад зацягнула і ён ператварыўся ў прывід. Як з фільмаў жахаў. Тым больш, каб адбывалася гэта ўзімку. Каторы год нешта не тое з надвор’ем…
Я заблукаў, вяртаючыся дамоў. Не адразу зразумеў, у якім баку жыву. А такое рэдка бывае са мною: з дзяцінства добрая памяць.
Раней я любіў туман. Калі ён спускаўся на Нёман, мы, падшыванцы, беглі ў яго і забаўляліся там. Пужалі адзін аднаго. Самы эфектны спосаб – знайсці ўжо раскладзенае кімсьці на беразе вогнішча ды нацягаць з яго вуголля. Неблагія вочы монстра могуць атрымацца.
А яшчэ мне падабалася, калі мы збіраліся ля вогнішча ды распавядалі страшныя гісторыі. Часам досыць банальныя, як песні папулярнага ў той час «Короля и шута», але вяртацца дамоў потым было ўсё адно страшнавата.
Зараз мяне такім, натуральна, не ўразіш. Пэўна, цяпер не здзівіўся б, каб сустрэў таго монстра з пякельнымі вачыма на вуліцы. Так і ўяўляецца ён мне – вялізны такі, большы за мяне, чорны чалавек з вачыма, якія палаюць. Выходзіць з туману і моўчкі павольна крочыць у мой бок.
Але ў горадзе было пуста. Пахла свежасцю і цеплынёй. Рэдкія машыны не давалі застацца ў поўнай адзіноце. Горад усё яшчэ абжыты, і ў ім ёсць людзі.
Бімшы
Кажуць, што з беларускай мовай усё будзе добра, калі гаварыць на ёй будуць не толькі прафесары, але і гопнікі.
Разам з цеплынёй на менскіх вуліцах з’явіліся ў нармальнай колькасці бімшы, якія просяць на выпіўку грошы. І добра, калі гэта падмагазіннік лакальнага маштабу. Але неяк прыкра іх назіраць у самым цэнтры горада. Многія з іх – гэта тыя, хто яшчэ ўчора быў нефармалам і тусаваўся ля сцяны Цоя. Я іх добра ведаю – каго толькі ў твар, а каго і па мянушцы. Так і не змаглі выйсці з гэтага стану – штодня піць, гуляць ды “аскаць” на выпіўку.
Сёння на Камсамольскай да мяне падышоў такі бімша, апрануты пад рокера з 90-х, і на чысцюткай беларускай мове папрасіў 60 капеек. Грошай я, вядома, яму не даў. Бо незалежна ад мовы ён застаўся бімшам, які не хоча нармальным шляхам зарабляць на жыццё.
Канцэрт
Многія здзіўляюцца, калі я кажу, што люблю малалюдныя канцэрты. На пару дзясяткаў чалавек, не болей. І яшчэ каб знаёмыя былі не толькі ў зале, але і на сцэне. Ідэальны варыянт – акустыка. Тады музыка не напружвае, але дапамагае занурыцца ў сябе. Здаецца, ты разам з людзьмі, але ўсё ж адзін.
Сесці за вольны столік, замовіць сабе кавы, гарбаты, а можа чаго мацней. Усё залежыць ад настрою. Побач падсаджваецца адзін з музыкаў. Вітаемся, размаўляем, зараз ён пойдзе рыхтавацца да выступу. Тым часам на сцэне два хлопцы ўжо граюць чыкагскі блюз. Іхнія спевы, гітары і губны гармонік пераносяць у атмасферу 1920-х гадоў. Прынамсі, мне ўяўляецца менавіта гэтая эпоха, калі чую блюз або джаз.
Слухаючы, магу і напісаць нешта. Ад нядаўняга часу пішу часцей у праграмы на смартфоне. Раней больш падабалася папера. Як Петэру Хандке – нобелеўскі лаўрэат таксама нібыта ўсё піша ад рукі. А яшчэ любіць гуляць па лесе і збіраць грыбы.
Шпацыры таксама маё, а вось грыбы – не вельмі. Пісаць ад рукі карысна, але справа вельмі непрактычная – потым жа яшчэ і набіраць даводзіцца. У тым ліку і з гэтай прычыны ў мяне без патрэбы ляжаць спісаныя сшыткі. Лянота. Не хочацца да іх вяртацца. Кожны раз адкладваю набор і рэдактуру “на потым”, але цяпер думаю, што гэтае «потым» можа ніколі ўжо і не прыйдзе.
Музыка – вечная катэгорыя. Нават калі цябе даўно няма, яна будзе працягваць сваё жыццё. Твае песні падхопяць іншыя. Тое самае з кнігамі, карцінамі і фільмамі – існуеш, пакуль ёсць запатрабаванасць і цікавасць. Гэта і ёсць шлях у вечнасць.
Будні
Нічога дзіўнага і арыгінальнага ў маім жыцці не адбываецца: пяць дзён працую, два выходныя газую. Даўненька ўжо так не было, каб неяк іначай атрымлівалася. Звычайна сцэнар менавіта такі.
І я на ростанях: з аднаго боку мне ў прынцыпе падабаецца такі лад жыцця, а з іншага – я добра разумею, што насамрэч гэта шлях у нікуды. Так існуюць звычайна тыя, каго грэбліва называюць «овощами”. Хаця хто з нас выбітны? Усе мы ў пэўным сэнсе “гародніна”, бо няма ж такіх, хто не спіць, не хоча есці, не займаецца сэксам.
Абсалютная большасць часу – гэта будні. Нецікавыя шэрыя часіны, калі ты заняты манатоннай працай. І па вялікім рахунку не асабліва важна, якая яна – офісная або не. Усё адно ж херачыш без асаблівага задавальнення. Як некалі правільна напісаў Паланік у сваім «Байцоўскім клубе». Вельмі не люблю гэтую кнігу…
Калі-небудзь у мяне будзе іншы расклад. Я буду прысвячаць увесь свой вольны час літаратуры, весці дзённікі, друкавацца і пісаць, пісаць, пісаць. Але ж пакуль гэта толькі мара. Шчыры спадзеў на лепшае жыццё, якога я нібыта варты.
Армейскі жым
У зале зрабіў армейскі жым, упершыню за доўгі час. Мо які год не падымаў перад сабою штангу, а тут трэнер загадаў. Не самае любімае практыкаванне, але ж за назву я яго вельмі шаную.
Выдатна разумею, што дысцыпліна – гэта зусім не пра мяне. Я надта непаслядоўны. Ніколі не служыў у войску, і ўжо, хутчэй за ўсё, не буду. Ды і спецыяльнасць мая паводле ваеннага білета зусім ужо грамадзянская –
пісар справаводства. Але ж якая прыцягальная мілітарная эстэтыка! Увесь гэты антураж вайсковай справы. Калісьці менавіта з ёй я думаў звязаць свой лёс.
Калі ў чацвёртым класе пра нас здымалі фільм, сказаў на камеру, што хачу стаць прафесійным вайскоўцам. Думаў, альбо дэсатнікам, альбо лётчыкам. Тады мне здавалася, што гэта я, менавіта я і ніхто болей, той самы хлопчык з вядомага верша Купалы.
Яшчэ школьнікам пачаў насіць камуфляж. Піск моды ў той час – колер “Белая ноч”, як у злодзеяў з фільма “Скала”. Нешта нармальнае тады, а гэта быў самы пачатак нулявых, было не дастаць. Трэба было далёка ехаць і яшчэ пашукаць.
Камуфляж знаходзіўся звычайна на жданоўскім “Полі цудаў”, дзе можна было адшукаць усё, што хочаш. У школе за яго ўшчувалі настаўнікі.
“Тут у нас не Чечня!” – нервова крычала мне біялагіца з-за свайго стала кожны раз, калі я прыходзіў да яе на ўрок у вайсковых штанах і берцах. З імі таксама была бяда – нармальныя былі амаль недасягальнымі. Здабываліся ўсімі праўдамі і няпраўдамі праз знаёмых у міліцыі, войску ці яшчэ дзе.
Я і цяпер люблю стыль мілітары, ён заўжды будзе самым папулярным у маім гардэробе…
Трамваі
Трамваі – самы лепшы від транспарту ў Менску, бо дазваляюць адчуць дух горада, глянуць на яго не спяшаючыся, без мітусні. Кажуць, што, каб пабачыць Вену, трэба праехаць па адмысловым трамвайным коле. У Менску няма свайго трамвайнага кола, але той рэйкавы спрут, які раскінуў на гарадской мапе свае жалезныя шчупальцы, дазваляе ўбачыць горад ва ўсёй ягонай красе.
На трамвайным шляху можна пабачыць усё тое, што не паказваюць турыстам. Акурат на гэтай думцы пад’ехаў мой трамвай. Я зайшоў у салон, развітаўся з дэпрэсіўным пралетарскім раёнам і, прытуліўшыся да вакна, уключыў музыку. Зайграла мая любімая “Summer time”. Заўжды трымаю на смартфоне альбом з лепшымі песнямі Луі Армстранга – слухаю іх, калі на душы пагана.
Трамвай крануўся з месца і паехаў пад ціхі і спакойны спеў па начным горадзе.
Віскарык
– Выпіць хочаш? – пытае мяне Сашка са старту. Ён працуе дырэктарам у адной канторы, а паралельна займаецца яшчэ цэлай купаю справаў. Адзін з самых модных і прасунутых маіх сяброў. Заўжды на хвалі, умее трымацца трэндаў. І вось вам прыклад: яшчэ не пайшла мода на “Айкас”, мала хто ў Менску наогул ведаў, што гэта, а ён іх ужо паліў.
– Не адмоўлюся! – адказваю яму.
– Віскар будзеш?
– Давай!
Ён павольна дастае з шафы каробачку, разрывае прыгожую абгортку, а ў каробачцы бутэлька. І два келіхі, адмыслова пад гэтае віскі. Адкрывае батл, прынюхваецца.
– Ведаеш, колькі каштуе? – пытае, разліваючы пітво па келіхах.
– Нават не ўяўляю! Пару дзясяткаў грыноў?
– Дзе там, дзядзя! Франклін цэлы, каб ты разумеў!
– Ого! – шчыра здзіўляюся ды бяру келіх у руку.
– Я яго для асаблівай нагоды трымаў. І сёння акурат такі выпадак!
– І што за нагода?
– Ты завітаў, даўно ж не бачыліся! Ну, будзьма!
Мы выпіваем. Віскі прыемна грэе нутро.
– Ну, як? Адчуваеш смак? – пытае гаспадар і пільна ўглядаецца ў мяне, чакаючы адказу.
– Адчуваю… – мармычу я, але насамрэч я слаба нешта адрозніваю. У страўніку ўжо плёхаецца літр нямецкага піва, якое я піў да гэтага, таму самелье з мяне сёння ўжо ніякі. Як, у прынцыпе, і заўжды. Не адрозніў бы я дарагое віскі ад таннага, нават калі б ён мне самага паршывага пойла наліў. А вось ром адрозніць магу нават пад газам…
Раніцай, калі прачнуўся, даслаў яму смс з вельмі кароткім тэкстам: “Віскі яўна было лішняе”.
Ранак
Калі кладуся позна спаць, то з цяжкасцю прачынаюся. Яно і натуральна, бо хіба можна добра выспацца за пяць-шэсць гадзінаў, а тое і за чатыры, як часцяком у мяне бывае? Думаю, што не.
Калі ж кладуся спаць рана, як учора, то ўсё адно хачу спаць. І нічога з гэтым не магу зрабіць. Хаця раней, у часы юнацтва, усё было нармальна. Як быў малым, то зусім ранняй птушкай адчуваў сябе. Падымаўся часта, калі маці яшчэ спала, і сядаў на кухні глядзець ранішнія перадачы і мультфільмы. Яны звычайна ішлі цэлым блокам. І ўсё было цікавым, не тое, што цяпер.
Відаць, трэба аднаўляць гэтую звычку. Бо зараз я жыву ў рэжыме, калі нічога не паспяваю, але пры гэтым імкнуся ахапіць усё. Але ж на выхадзе атрымліваецца нуль. Вечна бягу за нечым недасяжным, а яно, як выяўляецца, мне нахрэн не патрэбнае. А вось звычка ўставаць рана трэба, нават вельмі.
Сон
Бывае, мне сніцца адзін і той жа сон. Лакацыі ў ім ніколі не паўтараюцца, але сюжэт заўжды аднолькавы: я прачынаюся ў целе іншага чалавека. Падымаюся, прымаю душ, збіраюся на працу, снедаю. Абдымаю дзяцей, якіх у мяне няма, цалую не сваю жонку, еду не ў свой офіс.
На працы раблю тое, што не асабліва люблю, а бывае, і не ўмею. На мяне крычыць нейкі незнаёмы мне начальнік, са мной фліртуе невядомая прыгажуня-сакратарка, не мае сябры завуць мяне ўвечары ў бар. І чым далей цягнецца гэты сон з чужым працоўным днём, тым болей да мяне пачынае даходзіць, што гэта не маё жыццё. І ў самы адказны момант, калі нехта ў мяне пытае, ці ўсё са мною добра, я прачынаюся.
Пасля такіх сноў я ўжо ў сваім жыцці цэлы дзень хаджу сам не свой. Думаю аб тым, што мне снілася. І галоўнае, што мяне сапраўды непакоіць, –
ці можа чалавек аднойчы прачнуцца іншым чалавекам? З іншым жыццём, каштоўнасцямі і ўсім тым, што нажыта непасільнай працай? Напэўна, у будучыні, калі тэхналогіі дазволяць, такая функцыя будзе даступнай за нейкія там грошы.
Трэба завязваць з чытаннем раманаў Філіпа К. Дзіка…
Планы
Кожны раз, калі я прачынаюся, думаю аб тым, што сёння акурат той дзень, калі я напішу геніяльны твор. Бывае нават, што цягам дня я прадумваю пакручастыя сюжэты, запамінальных герояў, яскравыя апісанні ды іншыя акалічнасці літаратурнай справы. Усё тое, за што вы любіце чытаць кнігі. Нешта нават складаецца ў планы і пачынае класціся на паперу. Але ж большасць тых планаў так і застаецца планамі.
Я люблю пісаць ад рукі яшчэ са школьных часоў. Нататнік у маім спісе каштоўнасцяў заўжды стаяў вышэй за ноўтбук. Магчыма таму, што памер адразу вызначаны і ты дакладна ведаеш, дзе будзе канец.
Японскі раманіст Юкіа Місіма пачынаў свае творы з апошняй фразы. Ён заўжды ведаў, чым скончыцца ягоны раман, апавяданне або эсэ. Можа быць таму і паспеў за жыццё так многа напісаць. Бо меў цвёрдую ўпэўненасць у тым, што і для чаго робіць.
Каб стаць сапраўдным літаратарам, пісьменікам з вялікай літары, а не проста пісулькіным – трэба быць не толькі працавітым і мець талент. Гэта ўсё добра, але трэба яшчэ ўмець быць шчырым. Найперш з самім сабой. Добра ведаць свае плюсы і мінусы, светлыя і цёмныя бакі душы. Я перакананы, што любы чалавек выдатна ўсведамляе ўласныя “касякі”, але ж далёка не кожны нават сам сабе можа прызнацца ў іх. Ад гэтага і пачынаюцца ўсе гэтыя неўрозы з псіхозамі.
Дзень мінае за працоўнымі справамі, вечар з сябрамі ў горадзе ці зале або проста дома. І сюжэты мае так і застаюцца недапісанымі, незавершанымі, няскончанымі. Як незакрытыя праграмы на кампе, вісяць яны недзе ў душы ды перагружаюць працэсар. А мяне самога не пакідае адчуванне таго, што я жыву чужым, не сваім жыццём.
Які мой цяперашні свет? Я і сам не ведаю. Усё ранейшае нібыта разбурылася і страціла актуальнасць. Раней я любіў усе гэтыя бясконцыя тусоўкі, мячык, рэгбі. На гэта і выдаткоўваў увесь свой вольны час. Абы каб быў дзвіж! Нават калі асабіста мне ён і не вельмі патрэбны. Літаратура, як у савецкія часы культура, – па рэшткавым прынцыпе. Таму ў мяне дагэтуль і не было кнігі.
Боль, расчараванні, страты – неад’емныя спадарожнікі нашага жыцця. Нікуды не падзенешся ад пачуцця банальнасці і адзіноты. Гэта нармальна. І вельмі важная якасць для літаратара. Бо каб добра пісаць, трэба шмат часу праводзіць у адзіноце.
Той самы Маа
Тысячу гадоў не быў на начным кніжным кірмашы. А тут нешта накаціла настальгія – вырашыў схадзіць. Калісьці гэта было галоўнае месца, дзе я шукаў кніжныя навінкі. Але з часам неабходнасць такіх начных паходаў адпала сама сабою – цяпер жа столькі кнігарняў у сеціве, дзе можна замовіць і танней, і з дастаўкай, што і пераймацца не варта. Два клікі – маеш кнігу. Але калі вырашыў, то трэба рабіць – сабраўся ды пайшоў.
Сярод мноства кніжак мяне зацікавіла толькі біяграфія Маа Цзэдуна, яе і набыў за семдзесят капеек. Маа – персанаж цікавы. Добры паэт, які выдатна валодаў каліграфіяй. Сам ён характарызаваў сябе так: “Яшчэ да таго, як стаць марксістам, я ўжо быў кітайцам, а стаўшы марксістам, я не перастаў быць кітайцам”. Нешта падобнае казаў у 1920-я гады Антон Баліцкі, наркам асветы БССР, адзін з натхняльнікаў палітыкі беларусізацыі: “Спачатку я беларус, а толькі потым камуніст!”
Маа шмат чытаў, ніколі не стамляўся вучыцца і заўжды адказваў на жыццёвыя выклікі. Калі ягоныя камуністы ўзялі Пекін, то многія з іх, пераважна маладыя, спрабавалі прыкурваць ад лямпачак. Цёмныя людзі, якімі трэба было кіраваць.
Усе памятаюць ягоныя заплывы праз Янцзы, але мала хто ведае, што добра плаваць Маа навучыўся толькі ў 1950-я гады. То бок, калі ўжо быў у сталым узросце. Цягам некалькіх месяцаў па вечарах ён грыміраваўся і ехаў у басейн, дзе плаваў. Хацеў паказаць, што лідар усё яшчэ мае сілы.
Сям’я
Час ляціць вельмі хутка. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна чакана-нечакана мне патэлефанавала маці і сказала, што бабулі больш няма. А прайшло ўжо колькі гадоў…
Затым былі крама, труна, катафалк, могілкі. Мне так і не хапіла словаў, каб хаця б нешта сказаць на развітанне. Я проста моўчкі кінуў сваю жменю зямлі ў магілу, і на гэтым ўсё. Мо так нельга рабіць і варта было б усё ж хаця б нешта сказаць для парадку, але я не змог.
Потым былі доўгія роздумы сам-насам аб тым, што на аднаго блізкага мне чалавека стала меней. Засталося іх усяго два – маці і былая жонка. Жонка хай сабе і былая, але ўсё яшчэ застаецца для мяне вельмі блізкім чалавекам.
А было тры…
Сябры таксама важна, але сям’я ўсё ж перадусім, як ні круці! Я так доўга з гэтым змагаўся, ненавідзеў і адмаўляў, што ўрэшце апынуўся ў процілеглым лагеры.
Першаснае і галоўнае ў жыцці – гэта сям’я.
Жывая мова
Мне вельмі пашэнціла, бо я заспеў яшчэ той час, калі ў вёсцы гаварылі па-беларуску.
Кожнае лета я чуў жывую беларускую мову ад бабулі. Мы прыязджалі да яе звычайна ў жніўні, калі ў маці быў адпачынак. Па іроніі лёсу бабуля роднай мовы не любіла, бо ўсё жыццё выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Таму і мне яна прывівала любоў да іх самымі рознымі спосабамі.
Шмат распавядала пра жыццё пісьменнікаў, мы разам вучылі на памяць вершы, а таксама пісалі дыктоўкі і сачыненні. Але мяне больш займала ейная гутарка. Дзіўная і незвычайная. Менавіта ад яе я пачуў упершыню такія словы, як даўнейшы і муляе. Здавалася б, ну словы і словы, але для мяне ў іх была нейкая загадка.
А ўжо потым я пачаў разумець, што яна гаворыць, як героі многіх твораў з беларускай літаратуры. Найперш, вядома, Якуба Коласа. Нічога дзіўнага ў гэтым няма – мясцовасць блізкая, гутарка падобная. Бабуля, дарэчы, казала, што бачыла яго.
Я і цяпер чую, як яна сварыцца на мяне і ў канцы кажа: “каб болей твае аднае нагі не было!”
Людзі з мінулага
Не люблю сустракаць людзей з мінулага. Гаворка не пра сяброў ці таварышаў, з якімі проста даўно не бачыўся, а пра знаёмых. Скажам, меў нейкія справы, мо разам працаваў ці вучыўся, а потым у пэўны момант вашыя дарожкі разышліся ў розныя бакі. І часцей за ўсё вы сустракаецеся ў горадзе раптоўна, вітаецеся, пачынаеце гаварыць. Такія сустрэчы амаль заўжды выклікаюць у мяне раздражненне.
– Усё яшчэ працуеш настаўнікам у школе? – пытае ў мяне такі вось чалавек з мінулага.
– Даўно ўжо не… – адказваю, а сам у галаве пракручваю ўласнае жыццё.
– А дзе? – цікавіцца ён.
– Амаль дзесяць гадоў мінула, за пяць хвілінаў усяго і не распавядзеш!
– А я і не спяшаюся! – адказвае чалавек і ўсміхаецца.
Без асаблівага жадання распавядаю. Мне падаецца, што ў такой цікавасці ёсць нешта штучнае, ненатуральнае, пустое. Каб я жыў дзе ў лесе, пячоры, не меў сацыяльных сетак – гэта была б іншая справа. На скрайні выпадак, каб выехаў надоўга з краіны. А так – усё ж пад рукою…
Пагаварылі ды разбегліся. Чалавек з мінулага ў чарговы раз занатаваў нумар майго тэлефона, які ніколі не мяняўся. Занатаваў, каб зноў знікнуць на бліжэйшы дзясятак гадоў…
Літаратура і мастацтва
Уладзімір Сарокін у фільме пра сябе распавядае, як яму падабалася сядзець на кухні, піць гарбату і глядзець у вакно – за ім шэрыя постаці ранкам цягнуліся на прыпынкі, каб дабрацца да сваіх станкоў.
“Літаратура і мастацтва, што можа быць лепей?” – задаецца рытарычным пытаннем Сарокін.
Я цалкам згодны з ім. Мне таксама падабаецца сядзець на кухні, піць зялёную кітайскую гарбату і пісаць. Праўда, дазволіць сабе не хадзіць на працу я пакуль не магу. Таму даводзіцца рабіць гэта позна ўвечары або наогул уночы. А такою парою рэдка хто цягнецца на працу. Хутчэй з яе.
А яшчэ бывае, што п’яныя студэнты крычаць па начах. “Халява, прыйдзі!” – найбольш распаўсюджаны вокліч. Часам іх ганяе міліцыя, а са сцяны суседняга будынка круглыя суткі ўсміхаецца вясёлы Ільіч.
А яшчэ хораша беспрытульным катам, якіх раскармілі суседзі па доме –
цэлы дзень нічога не робяць і абсалютна не пераймаюцца з гэтага.
Але ім можна – яны ж коцікі.
Менск
З Менскам у мяне агулам дзіўная гісторыя выйшла. У дзяцінстве, калі жыў на Ангарскай, я цярпець не мог горад. Увесь час мроіў адсюль з’ехаць. Мяне проста неверагодна раздражняла яго шэрасць і правінцыйнасць. І толькі перабраўшыся ў цэнтр, я насамрэч палюбіў Менск.
Многа гадоў лічу беларускую сталіцу адным з лепшых гарадоў у свеце. Чаму? Усё проста: горад мае вельмі пакручастую і драматычную гісторыю. Даўнейшых будынкаў бракуе, але ж тут вельмі камфортна.
Шырокія праспекты, сталінскі ампір, шмат паркаў. І самае галоўнае – тут няма людзей, бо ў асноўным яны лакалізаваныя ў спальніках. Гэта дазваляе творчаму чалавеку быць насамрэч занураным у сябе і не адрывацца на мітусню, якая пануе навокал.
Што раніцай, што ўвечары тут складана нарвацца на людзей. Яны як бы ёсць, яны побач, але ж не надакучваюць. І гэта вельмі цешыць. Мы жывем у двухмільённіку, аднак тлум для горада з такой колькасцю насельніцтва тут амаль незаўважны. Прынамсі, там, дзе бываю я, яго цяжка знайсці.
Натуральна, што нехта зараз можа сказаць, маўляў, Косцік, што за гон, а як жа Каменная Горка? Там я бываю гады ў рады, таму мне складана меркаваць.
Шырокія менскія вуліцы, паркі, скверы, праспекты мне прыносяць сапраўднае задавальненне. А яшчэ мне падаецца, што паваенны Менск –
гэта аграменны помнік класавай няроўнасці, хаця і быў пабудаваны камуністамі. Але пра гэта я напішу як-небудзь іншым разам.
У Менску добра быць паэтам, пісьменнікам, музыкам, мастаком. Але, вядома, ёсць і свае мінусы: гэта не мегаполіс, а проста вялікая вёска, дзе ўсе ўсіх ведаюць. Не схаваешся, калі што. Людзям канфліктным складана з працай.
Гісторыя і літаратура
Мяне шчыра засмучае, як часцяком абыходзяцца з гуманітарнымі навукамі. Найперш з гісторыяй і літаратурай. Калі чалавек абсалютна недасведчаны ў гісторыі, мае прафаннае ўяўленне аб ёй, але ж бярэцца разважаць і рабіць нейкія экспертныя высновы.
З літаратурай яшчэ прасцей – чэл банальна не чытае кніжкі, штосьці чуў пра аўтара, але лічыць, што можа на сур’ёзных шчах нешта там меркаваць. Ці адразу голасам суддзі Дрэда выносіць прысуд усёй нашай літаратуры – “чытаць няма чаго!”
Ну гэта ж рэальна смешна…
Вы ж не бярэцеся гаварыць, скажам, пра запуск шатла ці нейкія там складаныя тэхналагічныя працэсы. Якога д’ябла вы тады лезеце сваімі нямытымі капытамі ў гісторыю? Што вы можаце ведаць пра сучасную беларускую літаратуру, ды і пра несучасную таксама, калі апошні раз чыталі нешта ў школе. Адкуль гэты пафас і пагарда?
Я даўно заўважыў, што пасля трэцяй чаркі размовы заходзяць акурат пра гісторыю або літаратуру. Заўважыў таму, што вельмі часта ў такіх гутарках-спрэчках стрэлкі элегантна пераводзяцца на мяне. Маўляў, з намі тут гісторык дыпламаваны, няхай рассудзіць. Або, як варыянт, з намі ж пісьменнік – няхай раскажа. А гаварыць не хочацца, бо гэта дыскусія сляпога з глухім.
Часта бачу, як пераймаюцца ў сеціве, маўляў, гісторыя не вучыць. А чаму? Бо людзі бяруць нейкія цікавыя, зручныя, прыдатныя (патрэбнае падкрэсліць) для сябе факты, нязручныя адкідаюць і інтэрпрэтуюць іх так, як лічаць патрэбным. З рэальнай жа гісторыяй такі падыход, як правіла, мае мала агульнага.
Гісторыя не вучыць, бо яе ўспрымаюць вельмі часта не як нейкі складаны і аб’ёмны працэс, дзе па вызначэнні не можа быць простых пытанняў і гэткіх жа простых адказаў, а як мульцік, дзе ёсць дрэнныя і добрыя, чорнае і белае. Па прынцыпе падабаецца/не падабаецца.
Малады Гадар
Паглядзеў стужку “Малады Гадар”, якая атрымала пару гадоў таму шырокі розгалас і добрую рэкламу. Фактычна – гэта пераказ гісторыі кахання Гадара і акторкі Ганны Вяземскі, якая была ягонай другой жонкай. Яна грала галоўную ролю ў знакамітай “Кітаянцы”, на здымках якой яны і пазнаёміліся.
У фільме Гадар паказаны менавіта яе вачыма. Самотны аўтар, які чытае кніжкі, пакуль іншыя весяляцца і ўвесь час знаходзіцца ў пошуку чагосьці новага. І гісторыя кахання ад шчырага захаплення геніем да поўнага разрыву.
Мяркуючы па водгуках, многім не спадабаўся такі падыход. А як па мне, то цалкам нармалёва. Сэнс пераказваць ягоную біяграфію? Атрымалася б нудна і нецікава, як многія іншыя баёпікі. Маўляў, вось ён нарадзіўся, а вось пайшоў вучыцца, а тут ён захапіўся кіно і літаратурай. А потым май 1968-га, барыкады, моладзь на іх. Наўрад ці рэжысёр, які зрабіў рэвалюцыю ў кіно, заслугоўвае такой банальнасці.
У стужцы добра паказана, як разыходзяцца сцяжынкі двух блізкіх людзей. І як цяжка жыць з творчым чалавекам, які сапраўды хоча нешта сказаць свету, а ты ўсяго толькі хочаш тусавацца. Сумна, калі жанчыны сыходзяць ад такіх мужчынаў.
Ён, дарэчы, усё яшчэ жывы…
Станкевіч
Прыгадаўся такі ўспамін пра пісьменніка Юрыя Станкевіча.
У 2016 годзе ў Менску прэзентавалі ягоны раман “Паўночны вецер для спелых пладоў”, які толькі пабачыў свет. І таварышы вырашылі прывезці аўтара на сустрэчу з чытачамі. Як вядома, Станкевіч не надта любіў прэзентацыі, як і агулам любую публічнасць. Ён удала абыходзіўся без яе, што, дарэчы, ёсць прызнаннем ягонага таленту. Бо кнігі прадаюцца і без асаблівай рэкламы.
Калі прывезлі Станкевіча, я выйшаў з кнігарні, каб сустрэць пісьменніка. І быў проста неверагодна ўражаны, калі той паціснуў мне руку. Ягоныя пытанні ўвялі мяне ў ступар, бо Станкевіч пачаў распытваць – як той, а як гэты, з тым сябруеш, а з гэтым, што пішаш, а што думаеш напісаць. Рэч у тым, што мы не бачыліся гадоў дзесяць. І я думаць не думаў, што ён хаця б неяк цікавіцца маёй творчасцю і так добра абазнаны ў тым, што я публікую.
Калі падчас прэзентацыі ў яго нехта спытаў, маўляў, каго з маладых самі чытаеце, каго можаце параіць, то Станкевіч не асабліва задумваючыся сказаў, кінуўшы погляд у мой бок:
– А вось, Кастусь стаіць, яго і чытайце!
Цалкам першую частку “Самаізаляцыі” Канстанціна Касяка чытайце
ў папяровай версіі часопіса.