Шаноўныя аўтары і чытачы! Мы вырашылі аднавіць-рэанімаваць нашую даўнюю апытанку для літаратараў – анкету «Дзеяслова» – якая цягам 2005-га года друкавалася на нашых старонках. За гэты час багата чаго змянілася. Нямала цудоўных аўтараў, якія тады бралі ўдзел у анкеце, адышло ў Вечнасць. Змяніўся, разам з часам, і часопіс. Але галоўныя пытанні Літаратуры засталіся ранейшымі, і адно з цэнтральных сярод іх – чым ёсць з’ява творчасці, у чым яе феномен. Іншымі словамі, з чаго «вырастаюць» вершы, паэмы, аповесці, драмы, раманы… Вось жа, да вашай увагі – развагі актуальных беларускіх літаратараў на гэты конт. І не толькі.
Вашыя «дзеяслоўцы»
- Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?
Для сучаснага пісьменніка літаратурная творчасць – гэта перадусім практыкаванне ў свабодзе. Крыху гульня, крыху – дыялог з чытачом, крыху – самапазнанне… Паняцці “нябеснае прызванне”, “грамадзянскі абавязак” засталіся ў мінулых эпохах. Хаця ў кантэксце трагічнай сітуацыі з беларускай мовай само пісанне твораў па-беларуску можна ўспрымаць як місію. Ну, а паколькі я займаюся драматургіяй – гэта яшчэ і прафесія, бо часта пішаш п’есы і інсцэніроўкі на замову тэатраў, атрымліваеш, як бы там ні было, ганарары і аўтарскія адлічэнні. Але гэта не асноўная прафесія, бо як драматург я не хачу быць залежным ад кан’юнктуры, ад рынку і таму з задавальненнем працую выкладчыкам ва ўніверсітэтце, а прафесію драматурга ўспрымаю як хобі.
У літаратуру мяне прывяла любоў да гэтай самай літаратуры, спачатку чытацкая, а потым пісьменніцкая і даследчыцкая. Школьнікам-дзевяцікласнікам я ўдзельнічаў у семінары маладых творцаў горада Магілёва, чытаў там верш “Волк” (на рускай мове), які пасля апублікавалі ў “Магілёўскай праўдзе”. Гэта і быў мой літаратурны дэбют, а кіраўнік семінара – празаік Аркадзь Кандрусевіч – стаўся “хросным бацькам”. Памятаю, пасля публікацыі верша “Волк” адзін з настаўнікаў сказаў мне, што трэба пісаць не пра ваўкоў, а пра людзей, пажадана камсамольцаў… Падчас вучобы на філфаку БДУ, на мяне, безумоўна, паўплывалі нашы выкладчыкі: Алег Лойка, Вячаслаў Рагойша, Дзмітры Бугаёў; у рэдакцыі “Літаратуры і мастацтва” я пазнаёміўся з Анатолем Сідарэвічам, які замовіў мне першыя рэцэнзіі і артыкулы, а калі я напісаў першую п’есу і аддаў яе ў Рэпертуарную калегію Міністэрства культуры – пазнаёміўся з Вацлавам Валадзько, які падтрымліваў мае, і не толькі мае, першыя крокі ў драматургіі. Менавіта Валадзько пазнаёміў мяне з рэжысёрам Рыдам Таліпавым, з якім мы зрабілі такія скандальна-эпатажныя спектаклі, як “Саламея і амараты” і “Стомлены д’ябал”. Пасля разносу “Саламеі…” і поспеху “Стомленага д’ябла” пачалося па-сапраўднаму маё жыццё драматурга.
- У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?
Калі мне задаюць пытанне, чаму я выбраў драматургію, а не паэзію ці прозу, я адказваю – з-за свайго спакойнага характару і ляноты. Паэт мусіць весці бурлівае эмацыянальнае жыццё “з чаркай і каханкай”, чакаючы натхнення для складання вершаў, празаік – як той катаржнік – пісаць кожны дзень хаця б некалькі старонак рамана, а драматург напіша п’есу – і потым некалькі гадоў чакае, калі яе паставяць у тэатры. Мне такі расклад пасуе, хаця, насамрэч, у чаканні прэм’еры ранейшай п’есы пішаш новую…
У маладосці я найчасцей пісаў вечарам і ноччу, цяпер – днём, ніколі – раніцай, а найлепей п’есы пішуцца “запоем”, калі застаешся сам-насам з тэкстам і час сутак ужо не мае значэння. Калі з’явіліся кампутары, я ахвотна стаў пісаць з дапамогай клавіятуры і манітора: адразу можна правіць тэкст, і гэтыя праўкі нябачныя, не перашкаджаюць, у адрозненне ад правак на паперы. Ані кава, ані цыгарэты (зрэшты, ніколі не паліў), ані алкаголь падчас працы, абавязкова – музыка (класічная альбо саундтрэкі з фільмаў), пасля напісання п’есы альбо асобнай сцэны можна ўзнагародзіць сябе келіхам добрага віна, а пасля прэм’еры спекталю з задавальненнем выпіць з рэжысёрам, мастаком, акцёрамі (даўняя тэатральная традыцыя адзначаць прэм’еры).
Натхненне – гэта пачуццё рытму, інтанацыі, атмасферы твора. Некалькі разоў даводзілася пісаць без натхнення (пільная замова) ці, дакладней, без натхнення распачынаць працу, пакуль уцягнешся – не спадабалася. Памятаю, калі я быў студэнтам, да нас на філфак прыходзіў Міхась Стральцоў, і я спытаў у майстра: “Чаму Вы больш не пішаце прозу?” “Бо я яе не чую”, – проста адказаў ён.
- Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?
Мая праблема як пісьменніка заключаецца ў тым, што я не люблю пісаць, як ні парадаксальна гэта гучыць. Я люблю прыдумляць: п’есу, герояў, сюжэт, сцэны. І калі ўсё гэта ўжо ёсць у галаве ці ў схематычным выглядзе на паперы – трэба яшчэ сядаць і падрабязна апісваць прыдуманае, ведаючы, што канчатковы варыянт атрымаецца ўсё роўна горш, чым той першапачатковы твор у маім уяўленні.
У драматургіі слова, фраза, рытм маюць іншую вартасць, чым у паэзіі і прозе (меншую? большую?), бо потым гэтае слова і фразу мусіць вымавіць на сцэне акцёр у зададзеным рэжысёрам рытме, а паўзы на сцэне адыгрываюць не меншую ролю, чым слова.
Мая драматургія – гэта падарожжа па краінах, эпохах, культурах. Без папярэдніх штудый навуковай літаратуры і прачытання мастацкіх тэкстаў той ці іншай эпохі немагчыма напісаць такія п’есы, як “Камедыя Юдзіфі”, “Сёстры Псіхеі”, “Шлях да Батлеему”, “Трышчан&Іжота”, “Чатыры гісторыі Саламеі”, “Францішка, або Навука кахання”, “Лабірынты Власта”…
- Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?
У рэалізацыі творчых задумаў драматургу найбольш спрыяюць рэжысёр, мастак, акцёры і іншыя стваральнікі спектакля, якія шмат у гэты спектакль прыўносяць. Яны ж, бывае, і перашкаджаюць найбольш, калі не разумеюць тваёй задумы. Я лічу, мне пашанцавала на рэжысёраў: Таліпаў, Баркоўскі, Пінігін, Гарцуеў, Ляляўскі, Жугжда, Башава, Карбаўнічая, Казакоў, Ганум і многія іншыя. Супрацоўніцтва з Алегам Жугждам можна назваць сутворчасцю: мы разам, як драматург і рэжысёр, зрабілі больш за дзесяць спектакляў у розных краінах.
Ацэнка сяброў, рэдактараў, крытыкаў мяне цікавіць, але на творчасць не ўплывае. На творчасць уплывае ацэнка гледачоў – калі спектакль нікому не цікавы, яго здымуць з рэпертуару пасля двух-трох праглядаў (асабліва калі гэта спектакль на беларускай мове). Я пішу п’есы ў першую чаргу для сябе і такія, якіх мне як гледачу бракуе ў беларускім тэатры. Але вельмі рады, што мае творы знаходзяць водгук у гледачоў – часам меншы, часам большы. Некаторыя спектаклі па маіх п’есах ішлі на сцэне больш за дзесяць гадоў, іншыя непрыкметна знікалі з рэпертуару праз год-другі (гэта залежыць не толькі ад драматурга, але таксама ад рэжысёра і акцёраў). Ёсць спектаклі, якія акцёры шчыра любяць, а ёсць – у якіх толькі працуюць.
Вельмі істотнае пытанне пра перапрацоўку твораў. Мне здаецца, пісьменнік робіцца сапраўдным пісьменнікам толькі тады, калі навучыцца перапрацоўваць і ўдасканальваць свае творы. Дастаткова параўнаць першы варыянт “Майстра і Маргарыты” Булгакава з канчатковым. У мяне быў эстэтычны шок, калі я пабачыў, як выглядаў спачатку гэты шэдэўр. У тэатры тваю п’есу (а таксама п’есы Шэкспіра, Чэхава, Купалы) часта перарабляюць, адаптуюць для сцэны. Часам драматург гэта робіць сам у згодзе з рэжысёрам. У мінулым годзе я зрабіў па просьбе Алега Жугжды адаптацыю для лялечнага тэатра сваёй даўняй п’есы “Трышчан&Іжота” (1994), якая да гэтага ставілася толькі ў драматычных тэатрах. Папросту акуратна скараціў тэкст на адну чвэрць (15 старонак). І п’еса ад гэтага толькі выйграла. У маладосці чалавек, у тым ліку пісьменнік, празмерна шматслоўны… Памятаю, прачытаў у дзённіках Стэфана Цвейга, што вяршыняй пісьменніцкага майстэрства з’яўляецца ўменне скарачаць. Калі жонка пыталася ў Цвейга, як шмат ён зрабіў за дзень, той з гонарам адказваў: “Скараціў два сказы!”
- Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?
Напэўна, цалкам задаволеныя сваімі творамі толькі графаманы. Кожны твор хацелася напісаць лепш, чым атрымалася. Адны п’есы мне больш падабаюцца, іншыя – менш, і мая ўласная ацэнка не заўсёды супадае з ацэнкамі рэжысёраў і сцэнічным лёсам гэтых п’ес. Мне вельмі дарагія п’есы “Інтымны дзённік” і “Пясчаны замак”, а ставіліся яны толькі раз. А вось п’есу “Шлях да Батлеему” я пісаў спачатку неахвотна, з “супраціўленнем матэрыялу”, а ў выніку ў яе аказаўся самы шчаслівы сцэнічны лёс у розных краінах (часам я называю сябе аўтарам аднаго твора).
Многае не атрымалася і атрымалася многае, што тут лічыць і ўзважваць? Неяк я спытаўся ў старэйшага сябра-прафесара, які выпадкова згадаў у размове сваю чарговую каханку з чарговай краіны: “Колькі ж іх у цябе было?” І атрымаў адказ: “Я філолаг, а не бухгалтар!”
У мяне няма біяграфічных твораў, але ў кожным з твораў ёсць часцінка мяне як чалавека (і ў “адмоўных” героях таксама). Памятаю, Рыд Таліпаў любіў паўтараць: “Я стаўлю толькі тыя спектаклі, якія пра мяне самога!”
- Ці вядзеце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пішацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?
Дзённік не вяду, ні на паперы, ні ў інтэрнэце. Вёў калісьці ў юнацтве як “спосаб самаарганізацыі асобы” (вычытаў такое мудрае азначэнне ў кнізе па псіхалогіі). Яшчэ адно мудрае азначэнне дзённіка (а паводле Эдзічкі Лімонава і літаратуры ўвогуле) – “спосаб навязаць сваю асобу свету”. Хаця я разумею каштоўнасць дзённікаў як выяўлення душы чалавека і сведчання эпохі і нават люблю часам чытаць апублікаваныя дзённікі. На жаль, дзённікі большасці беларускіх пісьменнікаў шматслоўныя і папросту нецікавыя.
Да правіла “ні дня без радка” я стаўлюся адмоўна. Адразу згадваюцца радкі Мандэльштама: Есть блуд труда, и он у нас в крови… Навошта прымушаць сябе пісаць, калі не хочацца? Жыццё такое цікавае: сябры, каханне, падарожжы, тэатр, спорт (калісьці я з задавальненнем гуляў у тэніс, цяпер гляджу па тэлебачанні альбо ўжывую на турнірах, калі атрымліваецца). Напэўна, у мяне не было дылемы, як у лірычнага героя Алега Мінкіна: Абрыдла мне гадзінамі / Над словам варажыць – / Мне б вырашыць адзінае / Адно: пісаць ці жыць?
- Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?
Вядома, чытаю і нават пішу пра іх як крытык ці літаратуразнаўца. Як і на ўсё наша пакаленне «тутэйшых», на мяне ў юнацтве вельмі паўплывала проза Уладзіміра Караткевіча: папросту зрабіла беларусам. У студэнцтве я адкрыў для сябе Уладзіміра Жылку, Анатоля Сербантовіча, Алеся Разанава. У аспірантуры – тых паэтаў, пра каго я напісаў у кнізе “Як пакахаць ружу? Маладая беларуская паэзія 80-х гг.”
(1989). І, канечне, на мяне паўплывала – але ў адмоўным сэнсе – беларуская савецкая драматургія (пераважна сацыяльна-бытавыя камедыі альбо ваенна-гераічныя драмы). Спрацаваў эфект эстэтычнага непрымання. Хацелася пісаць інакш і пра іншае. З расійскай драматургіі мне з маленства падабаўся Яўгені Шварц (у дзіцячай тэатральнай студыі мы гралі ягоную п’есу “Два клёны” – мая адзіная тэатральная адукацыя), пазней, дзякуючы літоўскаму тэатру, я “дарос” да ўспрымання і, спадзяюся (хоць не да канца перакананы), да разумення Антона Чэхава, а прыехаўшы ў Польшчу, адкрыў для сябе парадаксальны тэатр Вітальда Гамбровіча і Тадэвуша Ружэвіча. З сучаснай расійскай драматургіі мне найбольш цікавы Іван Вырыпаеў (захапляюся яго здольнасцю змяняцца з кожнай п’есай і знаходзіць арыгінальную мастацкую форму для сваіх неадназначных ідэяў), з сучаснай літоўскай – Марус Івашкявічус (дарэчы, па паходжанні ён напалову беларус), з сучаснай беларускай (на жаль, спрэс рускамоўнай) – Андрэй Іваноў, аўтар выдатных п’ес “Это все она” і “С училища”. Рэдка чытаю беларускую прозу (за выключэннем таго года, калі я быў у журы прэміі Гедройца), але з цікавасцю прачытаў усе тры раманы Артура Клінава, тры кнігі эсэістыкі Альгерда Бахарэвіча і з найвялікшым задавальненнем – раман-эсэ Ганны Севярынец “Гасцініца «Бельгія»”. З сучаснай беларускай паэзіі мяне не пакідае абыякавым жанр пад назваю “паэзія пратэсту”, для душы чытаю вершы Алега Мінкіна, а нядаўна адкрыў для сябе ранняга Алега Бембеля (інтымную лірыку, дарэчы). Калі б з усёй сусветнай літаратуры прымусілі вылучыць трох аўтараў, якія найбольш на мяне паўплывалі – гэта беларус Уладзімір Караткевіч, англічанін Клайв Стэйплз Льюіс (у польскіх перакладах) і канадзец Гай Гэврыэл Кей (у рускіх перакладах).
- Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?
Хтосьці з маіх папярэднікаў (здаецца, Уладзімір Арлоў), адказваючы на гэтае пытанне анкеты, слушна зазначыў: сучаснай беларускай літаратуры не хапае чытача. З пункту гледжання драматурга скажу – не хапае гледача, які б разумеў беларускую мову. Сёння рэпертуар нашых абласных і большасці сталічных тэатраў спрэс рускамоўны. Калі ў такім тэатры раптам ставіцца спектакль па-беларуску, рэжысёр на першай рэпетыцыі папярэджвае акцёраў: граем спектакль на замежнай мове, усё павінна быць зразумела без слоў! У мяне такое адчуванне, што за выключэннем выпадкаў супрацоўніцтва з Купалаўскім тэатрам і РТБД я трыццаць гадоў пісаў п’есы для замежнага гледача. Таму драматургам, якія робяць першыя творчыя крокі, я пажадаў бы дажыць да часоў, калі ў Беларусі будзе не пяць, а трыццаць пяць беларускамоўных тэатраў і ім не трэба будзе рэалізоўваць свой творчы патэнцыял у суседніх краінах.