РАДЫЁ САМОТА
ХОР
Ён мальцам на спевы бегаў штодня,
ды ўночы было цікавей,
бо ўночы ў падворку спярша цішыня,
а потым пяяў салавей.
Яму падпявала вярба ля ракі
і конік фальшывіў між траў…
А потым бяда. Салаўя на шматкі
суседскі кот разадраў.
І хлопцаў душылі слёзы і гнеў,
а ён ім: “Птушку шкада,
ды гляньце, ён тыдзень нічога не еў,
давайце накормім ката”.
Бо ў іхнім двары шмат было прыбышоў,
суседзяў было – цэлы свет,
і ўсім было добра, пакуль не пайшоў
вайной на суседа сусед.
І ўсім было кепска, ды скончыўся бой –
і хтось запяяў салаўём:
“Вось вораг, што прагнуў забіць нас з табой, –
давай мы яго заб’ём!”
І ўсіх паяднаў справядлівы парыў,
і помста біла хвастом…
А ён ім: “Вораг наш дом разбурыў,
давайце збудуем дом”.
Казаў ім: “Калі не любіць цэлы свет,
не зможаш любіць і свой двор…”
Жыў доўга, ды неяк на досвітку дзед
пакрочыў у рай, бо памёр.
“Ты шмат памыляўся, – сказалі яму, –
ды ўсё-такі жыў як след.
Ты варты, пакінуўшы цела-турму,
пець з намі для Госпада, дзед!”
А ён: “Я для спеваў занадта стары,
бо сёння на досвітку ўмёр.
Ваш хор салодка фальшывіць, сябры, –
давайце скасуем хор”.
РАДЫЁ САМОТА
Восень гоніць па ходніках муміі кветак.
У гербарыі бронхаў – засушаны свіст.
“Сэрца ірвецца ў горы”, – плача падлетак.
“Сэрца ірвецца ў горы”, – мроіць турыст.
Алкаголь заядаецца шакаладам –
і настрой матляецца матылём.
Карабель знікае за даляглядам.
Далягляд знікае за караблём.
Карабель… – і так да канца лічылкі,
а на дне бяссоння – бяздонне сну.
Напісаць “свабода”. Выправіць тры памылкі.
Атрымаць “самоту”. Яе адну.
Гамбург, кастрычнік 2017
ГОРАД, ШТО НІКОЛІ НЕ СПІЦЬ
(бо так і не адаптаваўся да мясцовага часу)
Гэты горад сапраўды не спіць ніколі,
а таму й не прачынаецца зусім,
засыпаючы пялёсткамі магнолій
тых, хто зранку не прачнуўся разам з ім.
Гэты горад разгайдае кожны талент,
гэты горад ператравіць кожны кіч.
Закалыша вас травой на Коні-Айленд
і абудзіць пад сталом на Брайтан-Біч.
Штось кашэрнае гатуецца з бараніны.
Ў караблі гуляюць авеню і стрыты:
25-я і Мэдысан – паранены,
26-я і Лексінгтан – забіты.
Кіламетры тут расцягваюцца ў мілі –
і жывеш на трэць даўжэй, калі паверыць.
Тут на вуліцах за вечар напалілі
гэтак моцна, што не хочацца праветрыць…
Тут рок-зорка выступае ў пераходзе,
і кладзеш даляр падземнаму шаману.
Бачыш выспу – і ўсміхаешся Свабодзе,
і яна табе ўсміхаецца з туману.
Пройдзе ўсё, ды толькі тут – з табою побач…
І выходзіць твая муза на Брадвей,
брыдучы па ім апоўначы на поўнач,
з кожным крокам забірае ўсё лявей.
Каб гудзела памяць песняю няспыннай,
а калі ў чым перабольшу ці зманю –
нібы пальцы, што скрыжоўваюць за спінай,
яго вуліцы скрыжую з авеню.
Нью-Ёрк, красавік 2018
НОЧ МУЗЕЯЎ: СТАРАЯ ГРУЗІНСКАЯ ПЕСНЯ
Апушчу галаву на стол – і прачнуся ў музеі,
а наўкол – жывыя карціны – усё, што прысню.
Белы голуб Пікаса глядзіць на мяне і шызее:
трэці раз прачынаюся тут, і ўсё ўпершыню.
З глыбіні інтэрнэту выйдзе Nickname Пірасмані,
а за ім наўздагон сімулякры сабак – Google dogs.
Элегантны цыган папросіць маіх money-money
на цыгары, цыліндр, цынандалі ды імпартны кокс.
Гэты ведае ўсе таямніцы вершаў і прозы,
адвязе на дабітай маршрутцы ў к/ф “Міміно”,
ператворыць віно – у песню, а песню – у слёзы,
слёзы ў дождж, і гэтак далей: вінаград, віно…
Расхістае ўначы ўвесь горад, са мной уключна,
бо жывая вада Тбілісі – надта жывая.
Мой кіроўца ў заторах слухае рэп так гучна,
што народ на прыпынках танчыць і падпявае.
Гандляры-мужчыны мераюцца чурчхелай,
вабяць самай вялікай, прыгожай, смачнай і спелай,
а красуня-кухарка толькі смяецца з мача,
разумеючы больш, дзе горача і дзе смачна.
“Вельмі пасуе сукенка”, – кажу ёй. “Пытанне цела, –
кажа какетка. – Я для яе патаўсцела”.
“Добры жарт”, – кажу. “А гэта – пытанне душы.
Бачу, што пішаш вершы. Бяры – і пішы…”
Неймаверны горад сышоў са сваіх графіці
і вядзе ў ноч музеяў, бо кожная ноч – музей:
“Нарадзіўся – расці вялікі, мой неафіце,
адрывайся, спявай і танчы, не цверазей”.
Льецца літрамі лірыка й літары лёгкага флірту
раскруцілі сляпым катом і кажуць: “Цяплей! Цяплей!
Цалавацца – толькі ў зацяжку, кахаць – без фільтра,
каб аднойчы памерці ад шчасця – і жыць далей”.
Тбілісі, травень 2018
* * *
З неба падаюць абрыкосы.
Вецер блытае сену косы.
Кот за коткай бегае крос.
З абарванцам б’ецца матрос.
Хлопцы рыбу ловяць таптухай.
Брат стрыечны ходзіць з татухай.
Першакласнік разбіў мапед.
Але смерць пайшла на абед.
Крапіва кусае за лыткі.
Сон – глыбокі, і Сож – не плыткі.
Ты суседцы: “Пайшлі ў траву”.
А яна: “Не дуры галаву”.
Абрыкосы падаюць з неба.
Усё на свеце ідзе як трэба.
– Адчапіся!
– Чаму?
– Таму…
Два па дваццаць гадоў таму.
ЧАТЫРЫ СЕЗОНЫ, КАБ СТРЫГЧЫ ГАЗОНЫ
Увесну трава – пяе,
зялёны прыбой аж да ганка.
Як толькі скосіш яе –
за спінай расце, партызанка.
А потым ідуць дзьмухаўцы,
віншуючы з хуткім летам.
Ледзь зрэжаш на тым канцы –
капцы! –
яны ўжо на гэтым.
Улетку трава ўтрая
марудней расце, старая.
Ляжыць-загарае, як я.
Ды нос мой хутчэй згарае.
Увосень – бульбу стрыжэм,
грыбы й журавіны зрэдку,
а ўзімку ўплятаем джэм
з таго, што вырасла ўлетку.
Дарэчы, у нас дажджы,
касіць – дарэмныя мары.
Ты кажаш: “Лепш пастрыжы
газон, што вырас на твары”.
ПІШУ ХАЙКУ
Лічу па складах.
Бракуе трэцяй рукі –
з сямю пальцамі.
*
Літаратуру
ведаю па вярхах.
Па вяршынях
* * *
У сёмае неба, нібы аблачынкі,
плывуць параходы, салют!
На трэцяй планеце гадаюць мужчынкі:
тхор, ластаўка, кіт ці вярблюд?
Вярблюд параходы цыруе канатам,
бо пойдуць іначай на дно,
і так віртуозна, што нават фанатам
ніводнага шва не відно.
Іголка гарэзіць, як ластаўка-птушка,
сшывае нябёсы й зямлю,
а тхор без аркестра пяе ёй на вушка,
даказвае, што не вярблю…
Ён просіць іголку: “Хоць песеньку вышый,
хоць просценькі-просценькі хіт,
бо трэба спяваць, усё вышай і вышай,
таксоўшчыку бла-бла-блакіт”.
А дзесьці над імі – Вялікая Тайна,
бо творцы нябесных радзім
не ведаюць самі, ці будзе там файна,
куды ўсе мы разам ляцім…
* * *
Дарэмная штука ў жыцці пацана
ганяцца за ёю ды мерацца славаю.
Ты ходзіш пад стол пехатой, а яна –
плавае.
Ты плаваеш, бо праваліўся пад лёд,
калі пакатацца пайшоў замест школы.
Яна, пасадзіўшы на лёд самалёт,
ратуе палярнікаў і ледаколы.
Чытаць і пісаць навучыўся ледзь-ледзь,
прычэсваеш першыя вершы калматыя.
Яна ж табе кажа: “Пара пасталець!”
і хітра смяецца ў тваёй хрэстаматыі.
Будзь сам Куляшоў, а яна – шоу куль,
там чэрап і косткі, там надпіс: “Не ўлазьце!”
Ды чуючы стуль “прывітанне” й “пакуль”,
ты рыкаў ад злосці і плакаў ад шчасця.
І хай па гісторыі й сёння траяк,
і нават па музыцы двойкі тры чвэрці,
але, як маньяк, не замоўкнеш ніяк,
шліфуеш памеры, каб ёй не памерці.
* * *
Першае слова з’ела карова,
сорам – другое скубе,
трэцім Марыська, твая чарнаброва,
дражніць малога цябе.
Хто анямеў ды схаваўся за пугу
ад языкастай чумы?
Вечар-пастух гнаў з нябеснага лугу
рыжых цялушак, нямы.
Кідаеш словы абразаю колкай –
дзеўчыне, лёсу, жыццю:
толькі хацеў абазваць рыжай цёлкай –
рыжая цёлка цю-цю…
Што дагарэла, вяртаецца з прыску –
ну, чарнаброва, чакай!..
Хто гэта й сёння малую Марыську
дражніць, здаровы бугай?
Не заракайся ад гэтага статку,
гэтай дражнілкі, каўбой!
Слова было, ёсць і будзе спачатку.
Нават калі не з табой.
ЦУМ НА КАЛЯДЫ (вершы з вітрыны)
*
На Каляды змяняюцца ўсе.
Час падводзіць старыя рахункі.
Хтось дары ў Віфлеем панясе.
Хтосьці блізкім нясе падарункі.
*
Не засне да курантаў дзіця:
“Што падораць?” – пытанне жыцця.
Час паўзе… Пацярпіце хвілінку…
З Новым годам!.. Хутчэй пад ялінку!
*
На Каляды малы і малая
“Дзед-Марозам” завуць Мікалая,
Санта-Клаўсу пішуць лісты…
Ўсё трывае Мікола. Святы!
*
Кожны год тата цягне пакункі,
А ў пакунках – для ўсіх падарункі…
Але што б ні казала сям’я,
Іх галоўны прэзент – гэта я!
*
Пачастункі прыносім з крамы,
Без застолля й свята – не свята!
Навагодні настрой у мамы:
Сёння зноў памагае тата.
*
“Каханая, з Новым годам!” –
І кружыцца галава,
І горача снегу з лёдам
Ад шчасця і хараства!
*
Святкуем – толькі ў бабулі:
Чакаючы, кожны раз
Нам вяжа, каб мы адчулі,
Як многа звязвае нас.
*
Рыхтуем калядны цуд
У клопаце штогадовым,
А зорка – заўсёды тут,
У сэрцы, любіць гатовым.
НОВЫ ГОД
Надышло трыццаць першага снежня.
Новы год адзначаем? Канешне.
У кватэры – далёка да раю,
дзікі вэрхал і лямант адчайны.
Тата енчыць: “Дэдлайны! Дэдлайны!”
Мама ў крык: “Прыбірай!”
Прыбіраю.
– Смецце выкіні!
– Слухаю, бос!
Потым тата бярэ пыласос.
Уключыў – і ўсяго за хвілінку
заганяе ката на ялінку.
У сацсетках – калядныя вершыкі.
У суседзяў – разборкі і спеў.
Усё менш да канца трыццаць першага.
Усё болей, чаго не паспеў.
Трэба сыру ў салату пацерці.
Паглядзець, колькі двоек у чвэрці.
З кніжкай хайку расслабіцца ў ванне.
І сябрам разаслаць віншаванні.
Сеў пісаць – не грузілася пошта.
Бег на хлеб – не ўлічыў галалёду.
Не паспеў! А куды? І навошта?
Адкладзём да наступнага году.
А пад вечар збіраюцца ўсе.
Хтосьці кнігу (стол-кнігу) нясе.
Хтосьці ставіць у цэнтр стала
пляшку міра, бутэльку святла.
За акном – навагодні салют.
На экране – то цар, то вярблюд.
Мандарынкі. Карыца. Халва.
Прывітанне ад духу Раства…
Госці выпілі шмат, ды не ўсё.
З ванны булькае прывід Басё.
Хтось за вокнамі горла дзярэ.
Хтосьці сані спыніў на дварэ.
У фіранках заблытаўся кот.
За сцяною храпе новы год.
Новы ранак прылёг на зямлю.
Спіце, родныя. Я вас люблю.