Наста Кудасава (№120)

…ПРОСТА НАБЫЦЦА ТУТ

 

*  *  *

Паглядзі, колькі жыццяў вандруе ўва мне! Паглядзі,

як сусветы гараць унутры асалодай нясцерпнай!

Гэта я – выкшталцоны алень, я – раз’юшаны дзік,

гэта я сплю на ладажскім беразе ўсцешанай нерпай.

 

Паглядзі, паглядзі, я – у кедры сібірскім арэх.

Я – касматы какос – грэю брушка ў спякотлівай Гане…

Гэта я па-над гаем удмурцкім шапчу “Інмарэ…”

і да поўначы любай нясу недасяжнае ззянне.

 

А туды, дзе накручвае жнівень палям бігудзі,

дзе буслы над радзімай маёй плач хаваюць старанна,

дзе застыла маўчанне і вусціш…

Туды не глядзі.

Там –

адкрытая рана.

 

 

*  *  *

гэта даўно ўжо не сэрца, не сэрца

ў шчэлепах рэбраў, загнанае, б’ецца –

гэта зязюля знутры мне кувае:

дыхаеш? чуеш? жывая? жывая?

 

гэта даўно ўжо не рукі людскія –

выцекла цела ракою на Кіеў,

ля берагоў пакалечаных вые:

родныя, дзе вы? жывыя? жывыя?

 

гэта даўно ўжо чужынка, чужынка

аслупянела між цыркам і рынкам –

ідал пусты, не ўдыхаю, не чую.

боль зашывае мне рот нажывую.

 

 

*  *  *

драпае цемра скарынкай чэрствай,

сочыцца ў горла кармін.

за чалавечае слова “зверства”

сорамна перад звярмі.

 

не пракаўтнуць гэты хлеб драпучы.

верыш, таварыш маёр?

там, у падвалах пякельнай Бучы,

сэрца сканала маё.

 

больш не кране яго шэпт надзеяў,

“градаў” выццё, патрулі…

мабыць, нарэшце распавядзе мне

той, хто мяне акрыліў,

 

што мне рабіць з расстраляным пер’ем,

з вывернутасцю ключыц?

лепей бы ўшчэнт скасаваць мой тэрмін

тут. і сусвет адключыць.

 

лепей бы я паважаным зайцам

бегла ў вясну з усіх лап,

чым гэты боль чалавекам звацца.

лепей я зверам была б.

 

 

*  *  *

у змроку непрытомных калідораў

як ззяеш ты, ахвярнае ягня!

тут не ўдыхнуць:

туга здушыла горад

і цішыня.

даруй,

што

цішыня.

даруй, што я,

паціснуўшы плячамі,

іду далей у даўкай цішыні.

як многа вас –

тых,

што не прамаўчалі, –

гарыць у гэтым вусцішным агні!

а вулей паслухмяны ўсё шчыруе

і дзень, і ноч –

аж зелена ўваччу…

даруй ім страх.

і подласць іх даруй ім.

і што маўчу.

даруй, што я маўчу.

 

 

*  *  *

Як мне змясціць іх, як увабраць іх, як прыняць іх?

У гэтым крохкім целе, парослым травой зялёнай…

Я бы натоўпам шалёных сланоў растаптаная маці –

лячу і слухаю ліпкі енк пахаваных ва ўлонні.

 

Вось кожны чацвёрты, вось кожны трэці, вось кожны кожны –

прашыты куляй, згарэлы зажыва ў сорак трэцім….

Ну, колькі можна ўжо, скажыце мне, колькі можна?!

Мне кожная сцежка баліць як шнар на забітых дзецях!

 

Вось пух таполяў ляціць паэтам, вось Палах-сполах…

Героі сеюцца, вы ж не прыйдзеце па ўраджай іх…

Я мерцвякамі цяжарны шарык, мне вырак – кола.

Я вас хаваю, люляю й гэткіх жа зноў раджаю.

 

 

*  *  *

не сумуй, што скончыліся словы,

тут заўсёды ёсць чым захапляцца:

вось жа поле, пошчак жаўруковы,

бусляня з матуляю ў буслянцы.

 

тут заўсёды ёсць у што паверыць:

вось туман прадзе свой мяккі кужаль,

на градзе аранжавее перац,

верабейка плюхаецца ў лужы…

 

не сумуй, што вершы анямелі, –

мала хто з нас варты быць пачутым.

моўчкі луг бруіцца карамеллю,

дождж бярэ ў двукоссі ўсе пакуты…

 

 

*  *  *

я ведаю, мне ад цябе засталося цяпло.

іначай, адкуль гэты жар так настойліва сніцца?

а ўсё, што ў зямным вымярэнні між намі было,

багоўка-сястра зберажэ на аранжавай спінцы.

 

я ведаю, мне засталася даверлівасць рук,

бяззбройнага дотыку шчырасць, якой не схаваеш.

і нават калі я аднойчы напраўду памру –

у памяці пальцаў тваіх я гарэцьму жывая.

 

хай век сабе ўрэшце зацягне на шыі ласо,

хай спрахне айчына ў сабою ж атручаным дыме…

ды ў памяці нашых сцяжынак і нашых лясоў

мы жыцьмем заўсёды – шчаслівымі і маладымі.

 

 

*  *  *

не енчу, не шкадую ні аб чым,

гадую моўчкі лес мой, крочу, дыхаю…

няцяжка мне, па болю ідучы,

самоту ўтойваць пад ахоўнай пыхаю.

а хоць бы й праразалася крыло –

не ўчуе сэрца за сямю напарсткамі.

ды толькі зрэдчас вырвецца цяпло,

усходзіцца спамін вачмі татарскімі…

і быццам лёс не зрынуўся, як сель,

і быццам нас жыццё не перайначыла,

і быццам вось ты – па лясной расе

ідзеш насустрач, не чужы, не страчаны.

 

 

*  *  *

я не шукаю замежжа,

заможжа, замужжа…

і без таго мне належаць

найлепшыя з лужаў,

поўныя зорных адбіткаў

і срэбных аблокаў,

сонечны дзень, нападпітку

бярозавым сокам…

і без таго я па зніжках,

нікому не бачных,

маю і жолуд, і шышку,

і розум дзіцячы,

рэкі, дзе лётаюць шпарка

шчаслівыя карпы, –

і без таго я ўладарка

нялічаных скарбаў!

мабыць, у важных людзей

я нічога не важу –

я да сасны кагадзе

ўладкавалася пажам.

мо адслужу колькі год –

стану птушкай у гаі.

болей ніякіх выгод

я ў жыцці не шукаю.

 

 

*  *  *

пабягу да сасны залацістае,

абдыму за шурпатую талію…

ззяе верас наўсцяж аметыстамі,

цішыню выдыхае крыштальную…

 

наталілася золатам сонечным

чыстацела маё святаяннае,

і таму, нават збітая горыччу,

не ўпаду, не здранцвею, не звяну я.

 

нават цемраю роспачы воглае

я прайду, я здалею, я выстаю.

тут чакаюць мяне з перамогаю

верас мой і сасна залацістая.

 

 

РАГАЧОЎ

          Андрэю Чарняўскаму

Як ні кралі б у нас, ні карналі б,

а галоўнага не адбяруць –

будзе несці Дняпро свае хвалі,

грэць пад пахай гарэзную Друць.

 

Тлум адкінеш, да берага прыйдзеш,

вось ён – мые свой стромы кадык…

І пачуеш, як вербы на ідыш

нешта шэпчуць люстэрку вады.

 

І пад шэпт іх угледзіш раптоўна

быццам сон ці прымроены свет:

Караткевіч у дзедаўскім чоўне

зноў жывы ўслед за сонцам плыве…

 

Хвошча лета, палошчацца шчэбет

ды лятуць пакрысе карасі…

Што ж так плачацца? Ах, рэбе, рэбе!

Дзе той край, што ты ў сэрцы насіў?

 

Гэты горад – нязводная рана!

Пластыр часу крыху адляпі –

і праступяць малюнкі Каплана

з-пад асфальту завулкавых спін.

 

Боль не змыеш, як горыч ні ўтойвай,

ды лятуць карасі пакрысе,

спее луг, плешча вечнасцю пойма

і Дняпро нашу памяць нясе…

 

 

*  *  *

Я прашу тваёй літасці, Госпад мой Дрозд,

мне муляе жыццё, бы няўпраўлены звіх:

мне і смоўж неўдасяж, і агрэст навырост,

я нікчэмны муляж, я драбнейшы за ўсіх.

Ні пачвара, ні блазан, ні звер, ні блюзнер –

я пушынка бязглуздая ў воку тваім.

А зраблю толькі крок – асляпляльны аер

кружыць голаў, як танец кружыў Наваі.

Неймаверны мой верас пячэ хараством

так, што дыхаць няможна – ірвуся па швах!

Забяры гэты дар, мне занадты твой дом!

Я не ўмею тут жыць, я няздольны дзівак.

Я прашу тваёй літасці, Госпад мой Бэз,

мне баліць гэты свет, яго веліч і бляск…

Дай мне голае поле – найлепшую з нэндз,

каб ляцець над зямлёй і маліцца за вас.

 

 

*  *  *

“Што ты б’ешся як рыба аб лёд, мой даверлівы Ёве?

Я ж усё тут здрабніў, абязглуздзіў, абезгаловіў.

Я адняў у іх розум, я душы ім страхам знявечыў,

а ты пішаш і пішаш, дзівак, пра святло чалавечае…

Я паслаў табе роспач і немач, я дом твой спустошыў,

а ты цягнеш упарта за ўсіх недарэчную ношу…

Я зрабіў тут усё, каб табе было прыкра і гадка!

Што ж ты борацца лезеш, бадлівае аленянянтка?

Вось бяспраўе табе, вось знявага, вось допыт, вось арышт,

а ты ззяеш і ззяеш, дурненькі мой, марыш і марыш…

У дрыгве непрабуднай наўрад ці прыдатныя Ноі,

так што хопіць на ўсіх будаваць, не смяшы, кінь дурное!”

 

“Не палохай і не выпрабоўвай, хітрушчы мой Божа!

Гэта ж Ты мне заўсёды казаў, што жыццё пераможа.

Гэта Ты – мая купіна ў багне, мой ягель, мой Ягве!

І таму я працягваю верыць,

я – працягваю”.

 

 

*  *  *

Проста набыцца, нагаварыцца

з полем юлёвым, пакуль

конік зялёны грае на скрыпцы

сола замовы ад куль…

 

Тут, дзе нянавісць бліскае джалам,

дзе раскашуе імгла,

памятай, я да скону крычала

ім пра любоў, як магла!

 

…Проста набыцца тут, нашаптацца

з верасам, мохам, сасной,

кінуцца ў ногі блазанцы-пташцы

нотай апошняй – скразной…

 

Тут, дзе ўчарнелі ў гразкім раздраі

сонечных промняў ліні,

Госпадзе, толькі розуму дай ім!

І цеплыні, цеплыні…


Апублікавана

у