Анатоль Кудравец. №69

Анатоль Кудравец

8 траўня не стала Анатоля Паўлавіча Кудраўца, выдатнага празаіка, перакладчыка, чалавека, які спрычыніўся да стварэння часопіса “Дзеяслоў”. У свежым нумары друкуюцца яго падарожныя нататкі, які прапануем чытачам сайту. Няхай зямля Вам будзе пухам, дарагі Анатоль Паўлавіч…

 

Гослар
Трошкі пра Германію

 

Вось ужо чацвёрты дзень, як я ў Гослары1. Здаецца, і адаспаўся, і супакоіўся. Трохі супакоіўся, бо сур’ёзна ўсё гэта, мусіць, ужо ніколі не прыйдзе. Старасць не радасць, а са старасцю прыходзіць усё тое, што збіралася, накоплівалася гадамі і дзесяцігоддзямі. І перш за ўсё – незадаволенасць сабой, зробленым і недаробленым. Недаробленым болей за ўсё па прычыне свайго характару, несабранасці, раскіданасці, нежадання зрабіць зараз жа, як найхутчэй, а жадання адкласці, перанесці на заўтра, ці паслязаўтра. І па прычынах знешніх, “атмасферных”, створаных уладным рэжымам, і кампанія, калі знішчаецца ўсё, на што ты спадзяваўся, працаваў, у што верыў, нават у старыя часы будучы ў ЦК, не гаворачы пра “Маладосць”, ці “Мастацкую літаратуру, ці “Нёман”. Калі знішчаецца мова, культура, калі робіцца ўсё, каб беларускім, Беларуссю не пахла. Усё забівае папса і расейшчына – нізкапробная, разбэшчаная, нахабная, калі беларускае выстаўляецца варожым, чужым, лішнім.
У мяне харошы ўтульны пакой. Ёсць фота: Захараўна з зяцем Хельмутам, сам Анатоль Паўлавіч, кавалачак Вячы з бярозкай і яблынькай – усё гэта зялёнае, летняе, усё цвіце і раскашуе.
На дварэ таксама вясна – першая, вельмі далікатная зелень, цвітуць, а то і адцвітаюць вішні, цвітуць яблыні, бэз – і белы, і бэзавы. Жоўтым полымем гараць палі рапсу, высокага, на чалавечы рост. То некалі прыязджаў я зімой, снег ды мароз, а гэта самы росквіт – спяваюць птушкі, людзі прагульваюць сабак і самі прагульваюцца хто куды, але ўсё спакойна, запаволена, як у сне ці перад сном. Вераніка, дачка, на рабоце, а мы тут з Хельмутам, гультаі, ні болей, ні меней.

Кайзерпфальц – рэзідэнцыя караля – аграмадная будыніна на некалькі паверхаў, першы з якіх падаграваўся з дапамогай печаў, якія паліліся дровамі. Цяпло ішло па трубах і сагравала будынак і пакоі, за нейкую гадзіну тэмпература падымалася да 15 градусаў. Другі паверх не мог абагравацца, бо былі вялікія вокны, а шкла, якім бы можна было іх за­шкліць, яшчэ не вынайшлі. Рэзідэнцыя была пабудавана ў пачатку адзінаццатага стагоддзя. Цяпер у рэзідэнцыі праходзяць рэгістрацыі маладых і вяселлі – ёсць невялікая зала чалавек на 30-40, ёсць аграмадная зала, дзе праводзіліся вялікія каралеўскія прыёмы. Зала рэстаўравана ў 18 стагоддзі. Сцены распісаны батальнымі сцэнамі з часоў каралёў, усё гэта ўражвае, захапляе, гаворыць пра багацце горада – у блізкіх гарах паўночнага Харца2 з даўніх часоў здабывалі срэбра (яно было даражэй за золата), і не толькі срэбра. І толькі ў нядаўнія часы здабыча спынілася: выцягнулі ўсё, што можна было, цяпер можна пускаць турыстаў. Тут, перад рэзідэнцыяй і ў рэзідэнцыі, бывалі ўсе правіцелі Германіі, быў і Бісмарк, і Гітлер. Помнікі Вільгельму I і Фрыдрыху Барбаросу на конях стаяць перад рэзідэнцыяй, на травяной плошчы.
Гослар – адкрыйце для сябе Гослар – сусветную спадчыну ЮНЭСКА – гаворыцца ў турыстычнай рэкламцы пра 9 старых гарадоў Ніжняй Саксоніі – Брауншвайг, Цэлле, Гёттынген, Гослар, Ганновер, Хамельн, Хільдэсхайм, Люнебург, Вольфенбюттэль.
І праўда, кожны з гэтых гарадкоў нясе на сабе сваю гісторыю і гісторыю Ніжняй Саксоніі, – і каларытную, ні на кога і ні на што не падобную, са сваімі дамамі і кірхамі, сваёй культурай і сваім парадкам, нямецкім парадкам, і чысцінёй, і кветкамі, і дрэўцамі, ці дрэвамі – дубамі, высаджанымі ўсцяж дарог, як прысады, на некалькі сотняў метраў, і ніхто іх не высякае, наадварот, кожнае дрэва беражэцца, як бы яно вырасла ў сваім двары, сваім садзе, і яго трэба берагчы, трэба радавацца яму.

Ездзілі ў Гамбург, аграмадны партовы горад на ўпадзенні Эльбы ў Паўноч­нае мора. Да мора 12 кіламетраў, а Эльба і шырокая, і глыбокая. Шырокая – некалькі дзясяткаў рукавоў, глыбокая – могуць захо­­дзіць акіянскія лайнеры тыпу “Аіда” – турыстычны параход, дзесяціпавярховы дом на вадзе – нешта аграмаднае і страшнае; караблікі, якія суправаджаюць гэты параход, выглядаюць маленькімі гномікамі побач. Смелыя людзі, якія наважваюцца плаваць на “Аідах”, асабліва праз акіян, у Штаты ці Канаду. Здаецца, калі трапіць такі карабель у шторм – ён можа лёгка перакуліцца з-за сваіх памераў і людзей, а іх на караблі ад 2,5 тысяч да 5 тысяч, не карабель, а цэлы горад. І вось гэты горад зайшоў у Эльбу, у порт, і не адзін зайшоў, а ажно тры. Праўда, перш чым упусціць іх, давялося выселіць многія менш маштабныя судны – паруснікі на тры мачты і пяць рэяў, і меншыя паруснікі ды параходзікі, баркасы.
І порт аграмадны з докамі для рамонту караблёў, 160 тысяч работнікаў, і горад вялікі – 1 мільён 800 тысяч чалавек. Мы прайшлі праз тунель пад Эльбай. Тунель вялікі, могуць ісці людзі, ехаць аўтамабілі, а над тунелем 12 метраў вады, і па вадзе ходзяць “Аіды”, і нешта меншае бегае, носіцца, кідаецца, ганяе ваду туды-сюды, чакае прыліваў і адліваў.
На свята, прымеркаванае да спуску на ваду “Мэры”, – новага карабля тыпу “Аіды”, наехала столькі людзей, што прайсці па вулачках порта і каля яго было немагчыма, каб не зачапіцца за каго-небудзь ці пастарацца абыйсці каго-небудзь. Усе гавораць, нешта п’юць, нешта жуюць – скрозь людзі, у асноўным групамі, па некалькі чалавек, усе ў чаканні, калі гэтыя аграмадныя дзесяціпавярховыя махіны пройдуць у порт. А пасля, вечарам, будзе вясёлы канцэрт – фейерверк над портам, над горадам.
Ехалі назад не па аўтабане, а па паралельных дарогах – гэта і цікава, і разнастайна – гарадкі, пасёлкі. Палі, лясы – усё зялёнае, жоўтае – дзе цвіце рапс, ці бульба пад плёнкай – вялікая, здаецца, вось-вось павінна зацвісці. Прыехалі дамоў недзе каля 9 гадзін вечара, як і гаварыла Вера. Прыехалі стомленыя, але задаволеныя – і тым, што пабачылі, і тым, што нарэшце дома, можна выцягнуць ногі і пасядзець-паляжаць спакойна.
З убачанага, апрача караблёў-дамоў, “Аідаў”, запомніўся гатэль, у якім працуе Ян – малодшы сын Хельмута. Хлопец мае 22 гады. А ў гатэлі запомніліся не залы, дзе можна праводзіць канферэнцыі і большыя, і меншыя, дзе любяць сустракацца з журналістамі браты-цяжкавагавікі Клічко, не нумары з саунамі, не сталовыя, хаця ўсё гэта прыгожа, акуратна, дагледжана, не падвальная паркоўка – 22 эўра за ноч, а дзяцел.
Гатэль новы, некалькі гадоў як пачаў дзейнічаць, і ён палюбіўся лясному дзятлу. Той на ўзроўні пятага ці шостага паверха прабіў абшыўку сцяны, пад якой мяккі ўцяпляльнік. Работнікі гатэля на гэтае месца прымацавалі шпакоўню: жыві, дарагі. Ён у шпакоўні жыць не захацеў – прадзяўбаў новую дзірку ніжэй шпакоўні і жыве ў сваім новым гняздзе. Людзі і сам Ян бачылі, як ён залятаў і вылятаў з яго. Вось табе і горад, і цывілізацыя: дзе хачу, там і пабудую свой дом.

Ездзілі ў горы. Ішлі пешшу, вышыня, як сказала Вераніка, – тры тройкі: 333 метры. Падняліся даволі лёгка, хоць пад канец адчуваўся нейкі цяжар у грудзях. Па ўсім – хочаш-не хочаш, сэрца не падманеш. Добры лес – бук, дуб, елкі, бярозы, рабіны. Па адзін бок спуск, круты і зарослы, па другі – дарожкі, пад’ём, такі ж круты і такі ж недагледжаны, хоць і прарэджаны пілой, але непрыбраны. Холаду не было, сонца і вецер, хоць на дварэ +10. Горы і лес – гэта прыгожа, асабліва летам, калі ўсё зелена, усё, што павінна цвісці – цвіце, што павінна зелянець – зелянее. Папілі чаю на прыпынку, падзівіліся на гару пасярод выбранай пустэчы, якую скарыстоўвалі сто гадоў для дабавак у асфальт, а цяпер зрабілі зонай адпачынку. Прайшлі па вёсцы ці гарадку (ён мае такі статус), хоць увесь ён адна- двухпавярховы, а гарадскога – гатэль на шэсць паверхаў.

Цэлы дзень патрацілі на магазіны, і ўсё з-за Кудраўца, хоць я і спрабаваў супраціўляцца. Пабагацеў на рэмень, пінжак, джынсы і кепку, словам, – з галавы да ног. Пасля вячэры пайшлі пагуляць. Віллі, наш кот, пайшоў разам з намі, але па дарозе згубіўся – сустрэў сабаку і прайсці яго не змог. Ноч правёў недзе на прыродзе, сёння яшчэ не вярнуўся.

Ёсць нешта карцінна прыгожае ў гэтым Гослары – усё дагледжана, засаджана, выкашана, кожны квадратны метр, можна сказаць, кожны сантыметр, а людзей не відно – хіба ў магазінах ці на вакзале. Канчае цвісці рапс, ужо не жоўты, а зялёны з жоўтымі крапінкамі. Радуюць сваімі галасамі птушкі, самая пара для песень. Пара і мне дамоў. Учора зайшлі на банхоф – знайшлі апошні білет – і той на 31-га, з Ганновера. Ці то разабралі, ці на Мінск так мала білетаў, за Мінскам жа Расея.

Паўдня пайшло на кашэнне травы ў дворыку – Хельмут, Ахім, Кудравец. Машынка роўна такая, як была на Вячы і згарэла, а трава – так, трошкі адскочыла, пабілася белымі кветкамі, але пасля стрыжкі дворык стаў раўнешы, чысцейшы, прыемнейшы.
Пасля сядзелі за сталом, елі “грыль”, хто мяса, хто каўбаскі, хто з хрэнам, хто з кетчупам, пілі піва, людзі нешта ўспаміналі, пра нешта расказвалі, нечаму смяяліся, мне было сумнавата. Без мовы заўсёды і ўсюды сумна, хоць Вераніка і старалася ўцягнуць мяне ў нармальны круг нармальных нямецкіх людзей. Пад вечар абыйшлі лясок, у якім была Хельмутава в/ч, цяпер закрытая, закінутая – стаяць, развальваюцца пустыя казармы, сталовая, лазня, высозны і аграмадны ангар, і нават Хельмут не можа зайсці ў гэтую в/ч, каб настальгічна паглядзець, што і як там выглядае. Футбольнае поле зарасло травой, і ўсё зарастае, прападае.

Прыязджалі мой брат Жора, Галя (яго жонка). Яны ўжо з дзясятак гадоў жывуць у Германіі. Прывёз іх сын Дзяніс, іх і свайго пяцігадовага жыўчыка Юліяна. Трошкі праехалі па Гослары, заехалі ў горы на пляцоўку са сталовай і многімі сталамі і людзьмі за імі, адкуль добра відзён горад – і стары з чырвонымі дахамі, і маладзейшы, бялейшы, пасляваенны. Пасля прайшлі па старым Гослары, па яго цэнтральнай частцы, з царквой і плошчай, на якой любяць адпачываць і жыхары горада, і турысты. Дзень выхадны, магазіны пазакрываныя, нешта і турыстаў мала, хаця сталоў на плошчы шмат, ды і людзей за імі таксама.
Жора спадабаўся: светлы, чысты, відно, што сам глядзіць за сабой, ды і Галя таксама, яна заўсёды была сардэчная, уважлівая, уражлівая. Жора кожны дзень робіць прагулкі ў лес, 5-6 кіламетраў, ну, а лекі само-сабой. Дзяніс разабраўся са сваім катэджам, і каля яго, цяпер сям’я, тры сыны ды крэдыты. Гэта надоўга, але работы і аптымізму пазычаць не трэба. Вось і сёння – вырашылі з’ездзіць да нас, пабачыцца, ён сеў за руль сваёй саліднай цёмна-сіняй машыны на восем персонаў і паехаў – кіламетраў 320-350.
Сустрэліся, трохі пагаварылі, паглядзелі – яны на нас, мы на іх, паабедалі, і яны назад. Што ж, такое яно, жыццё, радасць не бывае доўгай, але добра, што яна ёсць і нешта перападае нам.

Прачытаў невялічкую кніжачку навелаў Ганны Гавальда, французкай пісьменніцы, аўтара некалькіх раманаў. Як гаворыцца ў анатацыі – сусветна вядомай (перакладзенай) на многія мовы. Не ведаю, як раманы, а навелы чытаюцца лёгка, напісаныя ў простай рэалістычнай хвалі, а, улічваючы цяперашняе літаратурнае зацішша, то, відаць, і добра.

Вера прыехала з працы раней, гадзіны ў дзве. Паабедалі і паехалі ў пячоры горада Лангенштайн. Унікальнае, адзінае ў Германіі, выдзяўбанае ў гары Харц (пясчанік) паселішча, можна сказаць, вуліца на дзесяць дамоў (падворкаў). Безумоўна, усё прымітыўна ці па-першабытнаму прымітыўна, але людзі жылі ў гэтым паселішчы, гэтых дамах, у скале. Кожны дом на некалькі “пакояў” – для дарослых, для дзяцей, кухня з дзіркай-комінам, прабітым уверх, праз той жа пясчанік, каб выходзіў дым. У некаторых дамах быў закутак для жывёлы: коз, гусей, курэй. Козы пасвіліся над галавой, угары, з’ядалі траву і маладыя дрэўцы. Дрэўцы – перш за ўсё, каб не раслі і не разбуралі карэннем пясчанік, у якім і былі дамы з дзвярыма, малюсенькімі вокнамі-праёмамі. Ідэя “будаваць” такія “дамы” ўзнікла ў “пана” – ці то быў салідны фермер, ці не надта салідны памешчык, але яму належалі акружныя землі і гэтыя горы. Трохі вышэй ў іх была пабудавана-выдзяўбана крэпасць з усім неабходным для крэпасці і абароны яе. Пясчанік дазваляў весці такія “работы”, “узводзіць” пабудовы. Тое, што можна для крэпасці, чаму няможна для простай забудовы? Фермеру патрэбны былі людзі. Кругом засяваліся палі. Людзі прыходзілі, маладыя, здаровыя, а жыць не было дзе. Вось і з’явілася ідэя лезці ў гару: і грошы не трэба плаціць, і цёпла і зімой, і летам. Зімой гарэў агонь на “кухні”, потым зачыняліся “дзверы” і “вокны”. Летам усё гэта расчынялася. Людзі працавалі на палях, зараблялі грошы і потым ці будавалі сапраўдныя, нармальныя дамы, ці куплялі пабудаваныя. Праходзіла дзесяць ці дванаццаць гадоў – і ў пасёлку з’яўляліся новыя гаспадары…
Першыя дамы і першыя гаспадары ў іх з’явіліся недзе ў 1855-58 гадах, апошнія сыйшлі ў 1900-1910 гадах. Дамы ці, тое, што засталося ад іх, стаялі, сырэлі, моклі, зарасталі, пакуль у жыхароў Лангенштайна не ўзнікла ідэя “ажывіць” іх, пачысціць, падрамантаваць, “засяліць” старой, якая некалі была, мэбляй, і паказваць людзям. Працы ў аматараў шмат, усё яшчэ наперадзе, але гэта і цікава, і патрэбна, і ім для памяці, і тым, хто прыязджае і будзе прыязджаць.

У лесе, у некалькіх кіламетрах ад Лангенштайна, у канцы вайны раскінуўся канцлагер – сорак чацвёрты год. Сюды звозілі вязняў з Бухенвальда і іншых месцаў, на якія наступалі савецкія войскі і войскі антыгітлераўскіх саюзнікаў. І хоць ужо 1944 год, вязняў прывозілі, будавалі баракі, сялілі і расстрэльвалі. Усяго ў некалькіх магілах пахавана (закапана) больш за 4600 чалавек – яўрэі, французы датчане, савецкія – людзі розных нацыянальнасцяў, розных верапалажэнняў. Фашысцкая машына працавала да канца. Красавік 1945 года, нямецкія арміі разгромлены, праз пару тыдняў будзе падпісаны пакт аб капітуляцыі, а тут – канец красавіка – працягваюць расстрэльваць людзей.
Цяпер тут зроблена нешта накшталт мемарыяла, павешаны знакі, не косіцца лужок, растуць сосны і елкі, і дубы, якія памятаюць і тыя гады, і тых людзей, якіх прывозілі сюды, каб яны адсюль ніколі не знайшлі дарогі дамоў.
Мы абыходзілі тэрыторыю лагера і ўбачылі рыжаватага зайца, ён пасвіўся на лужку, а ўбачыўшы нас, плетануў у лес. Жыццё ідзе сваім ходам.

Хадзілі ў горы. Даехалі да Ільзенбурга, гарадок на 10 000 чалавек, паставілі машыну на стаянку і пайшлі ўздоўж ракі Ільзы, каб дабрацца да скалы Ільзы з крыжам на самым версе. Некалі, у 1007 годзе, там, на мяжы адвесных скалаў, была пабудаваная крэпасць для абароны ад ворагаў. Крэпасць праз сто гадоў усё-такі развалілі. Але засталася дарога да гэтай скалы і легенда пра прынцэсу Ільзу, якая жыла на вяршыне і спускалася, каб пакупацца ў горнай вадзе ракі і прывабіць мясцовых юнакоў. Легенду некалі, у 1820-х гадах, пачуў Генрых Гейнэ, ён нейкі час жыў тут і падарожнічаў па берагах Ільзы, запісаў легенду. Цяпер на беразе ракі ёсць пешаходная дарожка, якая так і завецца – сцяжынка Гейнэ. Сцяжына прыгожая, горна-няроўная, каменная, пад нагамі, збоку, навісаюць скалы, парослыя букам і елкамі, а ўнізе нясецца, пеніцца, рвецца, вечна шукае сваю дарогу, неўтаймоўная Ільза, якую спрабуюць перагарадзіць упалыя магутныя дрэвы.
Калі паглядзець знізу, скала здаецца зусім блізка, ледзь не над самай галавой, а нам, каб да яе дабрацца і “памацаць” чорны жалезны крыж, пастаўлены ў 1814 годзе, а заадно і пасядзець на лаўцы і з’есці па бутэрбродзе і вярнуцца назад, давялося прайсці ледзь не пятнаццаць кіламетраў. Скала невысокая, 474 метры над узроўнем мора, і 150 метраў над ракой, але дарога туды і назад, хаця гэта круг пад ёй і ўгору-угору, забірае не толькі час, але і сілы.

Дні перад каталіцкай пяцідзясятніцай (троіцай). Пяць кірх праводзяць розныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай вельмі важнай для вернікаў падзеі, падрыхтавалі канцэрты. Кожная свой, і ва ўсіх розныя. І ва ўсіх поўныя залы людзей.

Едзем у Лаўтэнталь – невялічкі ні то гарадок, ні то вёска ў падножжы адвеснай, як адсечанай, гары і проста ў гару ўваход – тунэль. Некалі гэта быў уваход у шахту, у якой здабывалі срэбра, свінец, цынк, і цягнулася гэта вякамі. Недзе пачынаючы з чатырнаццатага, спачатку з кіркай і ломам, пасля з адбойным малатком. Пад канец шахцёраў вазілі ў шахту на міні-паравозіку ў летніх вагончыках-клетках, дзе можна было памясціцца, толь­кі прыціснуўшыся адзін да аднаго. Працавалі мужчыны, працавалі жанчыны, працавалі дзеці з дванаццаці гадоў. Больш за ўсё атрымлівалі інжынеры – 2-3 талеры, майстры – 1 талер, далей ішлі здабытчыкі – да 80 грошаў жанчыны, што працавалі са здабытай пародай, зараблялі грошы ад аднаго і вышэй. Максімальнае жыццё здабытчыкаў абмяжоўвалася 35-38 гадамі: пыл, грукат, свінец… Шахта даўно не працуе, стала нечым накшталт музея, месцам экскурсій для турыстаў – нешта расказваюць, нешта паказваюць, даюць шахцёрскія шлемы, грузяць у вагончыкі цягнічка, нібы тых шахцёраў, вязуць на гару, зноў расказваюць, паказваюць. І тут, у глыбі зямлі, дзе тэмпература і зімой, і летам +12, дзе навісаюць, абступаюць, заціскаюць скалы – каменне, дзе нават цяпер, пры вентыляцыі, даволі няпроста дыхаць, пачынаеш разумець, якой цаной давалася тое срэбра і якая цана была чалавеку і чалавечаму жыццю. Наш экскурсавод, ён жа машыніст паравозіка, вясёлы мужчына гадоў пад сорак з прыгожай шырокай барадой, сказаў, што і яго дзед, і дзедаў дзед працавалі на гэтай “Лаутэнталь-глюк”(“шчаслівая гучная даліна”), і вось ён тут працуе. У гары знайшлі цынк, шукаюць далей, можа, шахта яшчэ “задыміць”, дасць яшчэ агню людзям.

Паездка ў Вернігеродэ (35 тысяч чалавек), адтуль на паравозіку па вузкакалейцы на Брокэн3 (1142м), назад у Вернігеродэ і на двайным аўтобусе ў замак-музей Вернігеродэ…
Вернігеродэ – невялікі гарадок, некалі быў ва ўсходняй Германіі, цяпер – проста ў Германіі – зялёны, чысты, забудаваны. Ад яго з чыгуначнага вакзала па вузкакалейцы (60 сантыметраў між рэйкамі) невялікі паравозік, вугальны з топкай, вадой і дымам павёз восем вагончыкаў з людзьмі, сярод якіх і мы – Вера, Хельмут і я, угару на Брокэн, на вяршыні якой высокая антэна і некалькі дамоў. Пры ясным надвор’і адсюль відно наваколле на 100 кіламетраў, але такім тут надвор’е бывае вельмі рэдка. Зіма са снегам – паўгода, лёд на вяршыні – 3-4 месяцы, то хмары, то туманы.
“Чу-чух-чу-чух!” – пыхкае дымам паравозік, аббягаючы гару і падымаючыся вышэй і вышэй. Лес – букі, елкі, бярозы, з аднаго боку спускаюцца, з другога падымаюцца. Глядзіш уніз – і страшнавата, падціскае ў грудзях. А там на невялікіх лапіках чарніцы і буякі. Чым вышэй – усё болей зламаных, вывернутых з карэннем дрэваў, перш за ўсё елак. Яны тут і не надта высокія, пакручаныя ветрам і бураломамі, а пад самы верх і зусім голыя, сухія.
Антэну ўзвялі недзе ў шасцідзясятыя гады савецкія салдаты і не толь­кі для таго, каб “праслухоўваць месяц”. Побач праходзіла мяжа паміж Германіямі. У Брокэне былі савецкія вайскоўцы, яны і будавалі, нешта глядзелі, некага слухалі. За мяжой была амерыканская зона. Цяпер у адным з дамоў створаны музей – пра Брокэн з даўніх часоў па сённяшні дзень, пра яго насельнікаў – і ранейшых, і цяперашніх. Некалі тут пабываў нават Гётэ. З гары бяруць пачатак некалькі рэк, сярод якіх і Ільза, на ёй Ільзенбург.
І зноў “чу-чух”, зноў Вернігеродэ, і на аўтобусіку на два аддзяленні едзем у замак Вернігеродэ. Замак высока на гары, сярод лесу, пабудаваны ў адзінаццатым стагоддзі як крэпасць, вытрымаў некалькі перабудоў і стаў рэзідэнцыяй і месцам жыцця графа зямель Вернігеродэ. Цяпер гэта музей з багацейшай экспазіцыяй даўнейшага жыцця, быту заможнага люду гэтай Германіі. Пры музеі ёсць рэстаран і ўсё іншае неабходнае, каб людзі, якія прыехалі, маглі не толькі прайсціся па залах-пакоях велічнага, высознага, ускінутага вострымі шпілямі ў неба 5-6 павярховага збудавання-тварэння, са сваімі некалі непрыступнымі сценамі і дваром, далучыцца да шматвекавой гісторыі народа, а і папросту паабедаць, адпачыць.

Перад паваротам ракі Ільзы на раўнейшыя і сушэйшыя мясціны перад Ільзенбургам, стаіць драўляны ўказальнік, абкладзены камянямі: там дарога, там горад, там горы… І задумалі Вера і Хельмут праехаць туды, куды паказвае стрэлка, – у горы. Праехалі некалькі кіламетраў, спыніліся. Блізкая восень, асыпаецца лісце – барвовае, сухое, бук шчодра дзеліцца ім. А сярод гэтага лісця і пад ім – баравічкі і маленькія, і большыя, але ўсе чыстыя, здаровыя, і чым далей – іх усё болей, быццам тут нікога ніколі не было, і грыбы чакалі, калі па іх прыедуць Вера і Хельмут. Мы не прывыклі мераць баравікі кілаграмамі, болей штукамі, але Вера і Хель­мут набралі іх аж 17 кілаграмаў! Сямнаццаць кілаграмаў… І нечакана падумалася: можа, Ільза спускалася з гары не толькі, каб пакупацца ў горнай вадзе, а і пашукаць баравікоў?..

 


Апублікавана

у