Райсн (Беларусь)
Паэма
- Беларусь
Мой дзед з Кабыльніка быў чалавек тутэйшы,
З сякерай і канём мужык у кажусе,
Маіх дзядзькоў шаснаццаць і мой тата –
Тутэйшыя, як соль зямлі, усе
Плыты па рэках гоняць, дровы цягнуць,
У поце робячы, што лёс дае скупы,
Вячэру даядаюць з адной місы
І падаюць у ложкі, як снапы.
Дзядуля мой залазіць ледзь на печку,
Спіць за сталом, бо ўжо не малады.
А ногі – самі завядуць на печку,
Бо верна служаць доўгія гады.
- Косяць сена
У полі ўжо цягне туманамі восеньскімі на дасвецці.
Выходзіць касіць на балота мой дзед і ягоныя дзеці.
Па чарачцы з раніцы ўзяць, нібы клезмеры нашы, паспелі,
І ўсе васямнаццаць – за працу, і дзед на чале, як скрыпач у капэле:
І – крок, і – направа плячыма, і – жжжых! – нібы танец маланкі вядуць на балоце.
“Бо хлеба кавалак, сыны, – кажа дзед ім, – заўжды здабываецца ў поце…”
І свішчуць бліскучыя косы, мільгаюць зарослыя рукі – капоты далоў! –
Нібыта яліны калматыя, тата старэнькі і дзеці, сямнаццаць курчавых галоў…
Успыхваюць косы і пырскаюць росы, і падаюць травы далоў.
А птушка спявае ў ляшчыне, ды так, што сляза на вачах у дзядулі:
“Ну, кенар, ну, кантар! І дзе навучыўся? Вы гэткае чулі?!”
Закураць ды квасу глынуць са збана, ды навостраць мянташкамі косы,
Пасля Памагай, – крэкнуць, – Бог! І наноў загудзе сенакос шматгалосы,
І, як васямнаццаць люстэркаў, пабліскваюць косы на сонцы яскрава,
І спраўна згінаюцца рукі, і лыткі працуюць, і плечы адводзяцца ўправа.
А потым заход пазалоціць ім косы, бо вечар нарэшце настане,
І хеўра ўсміхнецца: чакае бабуля даўно з селядцамі, з блінцамі ў смятане.
І ўсе апранаюць капоты і крочаць дадому з касой на плячы,
І, слухаючы перапёлак, як рыба маўчаць, ідучы.
- Бабуля
Мая бабулечка была жанчынаю пабожнай,
Майстрыхай дзетак нараджаць, штогод, вясною кожнай.
Без болю, быццам яйкі, на радасць ёй, квактусе,
Браты, за двойняй двойня, выходзілі з бабусі.
Траіх дзядзькоў радзіла, залезшы на паддашак,
Дваіх дзядзькоў шукала – згубіліся ў траве,
На печцы – адзінаццаць, як адзінаццаць пташак,
І ўрэшце быў мой тата, народжаны ў хляве…
А потым яе ўлонне замкнулася нявінна:
Дарыць пялюшкі бедным – ёсць занятак.
Зрабіўшы ўсё, што ты была, бабулечка, павінна, –
Хадзіць па хаце
Качкаю між любых качанятак.
- Гоняць плыты
Туманам замазала вёскі, дарогі, зацерла імжой без мяжы,
Твар цёплага поля намацваюць золлю навіслыя з неба дажджы…
Сям-там праглядаюцца дрэвы, асвер над калодзежам, зрэдчасу хата, якая
Пасля расплываецца, і ўсё бялее ўваччу, і сусвет у тумане знікае.
Сухая галінка ўпадзе. Цішыня. Толькі птушачка плачацца дзесьці:
“У гэтым жыцці давядзецца так шмат перанесці,
Так шмат перанесці…”
Дзясяткі крынічак між градкамі плешчуцца, шэпчуць, мармычуць, галосяць,
І толькі далёка-далёка з туману над Нёманам дзедавы крыкі даносіць:
“Шмуля, гэй, Шмуля,
Давай паварочвай зад на Скарулю1!..”
То дзед, бараду прамачыўшы, намацаў швартовы,
Дзядзькі на плытах з бусакамі2 працуюць, знікаюць раптоўна
ў тумане, ды чуюцца крыкі і ўрыўкі размовы,
І плёск апачынаў3, што плынь рассякаюць… Зацягвае бераг туман,
і нічога няма – дзе зямля, дзе вада пад вяслом?
І ўсё, што наўкола, існуе няісна – і дыхае мяккім цяплом…
Вось нешта віецца нябачнае… Вось праплываюць лясы і даліны,
Стаяць, быццам мэбля ў багатых дамах, абабітыя дымкай хаціны.
А потым прарвецца зялёная яснасць… І неяк душа праясніцца…
І вызірне сонца, і вербы ў слязах над вадою нахіляцца ніца.
Абмыты сінечаю лес галавой ззяе мокрай, над лугам
Высока-высока ліецца зіхценне… А ўнізе вясковец за плугам…
Раскоша лугоў травяных, што іскрыцца і пахне, і плача ў расе,
І пасмы туману, як мары палёў і далінаў, над ёю плывуць пакрысе…
Павольна, павольна плыты разам з рэчкай плывуць пакрыёма.
На сонцы блішчаць буданы, калі дождж і расу выпарае салома.
Дзядуля ж разлёгся ды вочы прымружыў, пацягвае з люлькі тытунь з асалодай:
Наўкола зямля расцягнулася гэткім цяплом і лагодай,
Красуе ў палях і балотах, зялёных і жоўтых далінах –
Празрыстай ракой разліваецца лён на бурштынавых тонкіх сцяблінах,
Бульбянае поле застыла ў халоднай зялёнай красе
Ды кветкі ружовае грэчкі смяюцца, у крапінках белых усе, –
Зямля жыццядайнымі сокамі, хмелем салодкім цячэ,
Нямое жыццё прарываецца травамі, цягне карэнне, галіны…
І дзед, агаломшаны радасцю гэтай шчаслівай хвіліны,
Не можа маўчаць і раве: “Трасца вашаму бацьку!” А потым яшчэ,
Яшчэ: “Трасца вашае маці!” Аж дзеці ўстаюць і вачыма
Ўпіваюцца ў поле, што ўсё аж кіпіць і пякучыя фарбы ліе.
У свеце віруе вясна, і ў табе чарадзейства яе…
О Госпадзе мой! У палях пачалося такое, што й словам назваць немагчыма!
——————————————————–
Вось так мой нябожчык дзядуля плыты гнаў у Прусы нястомна.
Пад вечар блакітнай Вяллёю даходзіў да белага Нёмана.
Шырыгу4 ўкапаўшы ў пясок ды швартоў завязаўшы цяжкі,
Цяпельца на кожным плыце раскладалі дзядзькі.
Па двое ля вогнішча моўчкі сядзелі ўначы,
Хлеб жытні ламаючы, боршчык з гаршка едучы.
І ціха наўкола было, толькі сінія хвалі спявалі
Ды з трэскам агонь распускаўся ад кветкі чырвонай чароўней,
І толькі раз-пораз паплёсквала рыба па хвалі,
А з сіняга-сіняга неба звісала чырвоная поўня.
- Вялля і Нёман
У ноч, калі месяц з нябёсаў — як срэбная зліва,
З’яўляецца з Нёмана постаць літоўскага воя,
А побач з Вяллі выплывае дзяўчына шчасліва —
Вейкі даўгія, а кудзеры зблытаны з мокрай травою.
Крочыць нясмела, ды больш не хаваецца ў хвалі…
І Нёман імкне напярэймы — абняць яе цела тугое,
Цалуе ў зялёныя вочы, што шчасцем блішчаць і тугою,
А потым адносіць на дно ў крышталёвыя сінія залі…
- Дзядзька Аўром пасвіць коні
На варту начную адправіўся дзядзька Аўром,
Узяў кажушок і дарожную кайстру з харчамі.
Сядзеў каля вогнішча шэрым вялікім карчом,
І толькі магутныя косці няроўна тарчалі…
Бо дзядзька Аўром на лугах пасвіў коні ўначы,
Што фыркалі цяжка, ступаючы крокам звязаным.
На спінах кабыліных месяц зіхцеў, дрыжучы.
Над полем туман быў, і Нёман звінеў за туманам.
Сухое цяпельца амаль дагарэла датла,
Аўрома гайдалі дрымотна-пяшчотныя хвалі –
І дрэва злівалася з дрэвам у рэштках святла,
Ды чутна было, як скубалі траву і жавалі…
Ды чутна было, як варушацца ў небе агні,
Як цёплым напевам туманяцца зорныя далі,
Бы срэбная сетка дрыжала ў начной глыбіні
І ў ёй калыхаліся рыбы й міргалі, міргалі…
Аўром лёг на спіну і зорыў на зорак святло –
І месяц вадзіў карагоды ў касмічным суквецці,
І танчылі зоркі, і зорак сямнаццаць было,
А тая, зялёная – найпрыгажэйшая ў свеце…
І тут задрыжала. І падае, быццам знарок
Збіваецца з такту ў сатканым з блакіту паветры,
Як іскра з блакітнае зрэнкі, зрываецца ў змрок
І знічкай ляціць у лясныя замшэлыя нетры, –
Як сон абараваны, што ён разгадаў праз гады…
Іскрыстая сінь ахінула начное прадонне,
І дзядзька ўздыхнуў і падняўся, і крочыў туды,
Дзе ў цемры стаялі, драмаючы, цёплыя коні…
І ён завіхаўся ля коней, і чутна было,
Як дыхаюць, шыя пры шыі, глыбока й няспынна.
Раз-пораз на нейкага падала збоку святло,
І ў змроку відаць была толькі стамлёная спіна…
Змарыўшыся, у саламяным прылёг будане.
Зліваліся коні, бы грыва да грывы прышыта.
Заснула таполя і ззяла лістотай у сне,
І ў месячным срэбры драмала далёкае жыта.
Аўром паляжаў ды ўсміхнуўся самому сабе,
Згадаўшы пра вёску і ўсё, што было дарагое, –
І раптам пачулася песня з такою тугою,
Бо выйшла душа з берагоў і пяяла ў журбе:
“Ты найпрыгажэйшая ў вёсцы, Настасся,
Глядзі,
Як наліўся ячмень, як гадуе бародку авёс,
Балоты ў тумане аж ззяюць ад рос…
Паслухай!
Паслухай!
Як ходзіць між елак, бы вязень вясны,
Размораны поўняй, раструшчаны скрухай,
Замшэлы і босы нячысцік лясны…
Выходзь у палі, бо ўсе птушкі паснулі,
І толькі крынічка – усё яшчэ не,
Твой стомлены бацька храпе на гумне, –
І толькі старая рабіна пачуе ў падворку
Ды ветрык з аеру падслухае нашу гаворку.
“Ты найпрыгажэйшая ў вёсцы, Настасся!”
Аўром выцірае слязу, што цішком пралілася,
Прыслухваецца, ды наўкола ні гуку, ні кроку:
З душою душа развіталася ў змроку…
- Бабуля сышла ў царства нябеснае
Спявалі птушкі ўсе, калі не стала
Старэнькае бабулі,
Бо праведнасць і ласку ў ейным сэрцы
Усе на свеце чулі.
Калі бабулечку спускалі з ложка,
Маўчалі ўсе наўкола,
І не было ні ляманту, ні стогну,
Калі паклалі долу5.
Хадзіў па доме дзед, ушчэнт разбіты,
Не бачыў анікога,
Бо сам ён першым жоначцы памерці
Паабяцаў, нябога.
Калі бабулю неслі па мястэчку,
Тужылі жыхары ўсе:
“Няма, няма ўжо Шлёміхі старое!”,
І поп Васіль журыўся.
І толькі калі шамасаў6 сцізорык
Надрэзаў апранахі7,
Мае дзядзькі загаласілі, быццам
Разбойнікі ля плахі.
- Настасся
Настасся збірала зялёнае шчаўе ля сцежкі –
Хацела абед згатаваць свайму тату, Антошу.
Хвала Беларусі за свежага шчаўя раскошу,
За футра ялінаў, за чорных гракоў галавешкі…
Узяўшы фартух, да зямлі нахіляецца Насця,
Ступаючы качкай, не ведае клопату з ліхам,
Ідзе па расе, удыхаючы кожным удыхам
Жыццёвыя сілы зямлі, яе п’янае шчасце.
А з лесу хтось крочыць, хамут начапіўшы на плечы.
Прыклала далонь да вачэй: што за дзіўнае дзіва?
А ён гэткі зух, бы ў лясной нарадзіўся гушчэчы.
Настасся з высокага шчаўя глядзіць сарамліва.
А гэта Аўром пасля варты вяртаўся дахаты:
“Дабрыдзень Настасечцы, любай цялушцы рахманай!”
Яна стрымгалоў праз лістоту ў таемныя спраты –
Туды, дзе сілкамі асілка не будзе спайманай.
Аўром – у пагоню праз лес, па слядах сваёй мэты,
Далёка чуваць яго крыкі і смех у кустоўі:
“Цялушка мая! Маё золатка любае, дзе ты?!
Настасся!..” Яна ж уцякае й цікуе з любоўю.
“Бо ён гэткі зух, бы ў лясной нарадзіўся гушчэчы!”
Шалёныя вочы гараць, валасы як папала, –
Дагнаў, а яна ўся надзеяй і страхам трапеча…
Нібы куранятка пад сонечны дожджык папала…
Абняў шырачэзнымі лапамі ўсё яе цела,
Цалуючы ў смуглую шыю пяшчотна і чула.
Яна ж толькі ціхенька ўсхліпнула і затрымцела,
А потым мацней і мацней да грудзей яго льнула…
- Дзядзька Іца
Навучыўся на краўца
Ўмелы дзядзька Іца,
Каб старэнькім лахманам
Новымі зрабіцца.
Каб старэнькім лахманам
Новымі зрабіцца.
Толькі прыйдзе ў вёсачку,
Нітку ў голку ўдзене,
Шыльду вешае: “Каму
Перашыць адзенне?”
Шыльду вешае: “Каму
Перашыць адзенне?”
Па-турэцку на стале
Сеўшы блазнавата,
Шые, пора ды кладзе
Ён за латай лату.
Шые, пора ды кладзе
Ён за латай лату.
Вёску аблатаў сваю –
Крочыць у чужыя,
Хутка край на новы крой
Цалкам перашые.
Хутка край на новы крой
Цалкам перашые.
Навучыўся на краўца
Ўмелы дзядзька Іца,
Каб старэнькім лахманам
Новымі зрабіцца.
Каб старэнькім лахманам
Новымі зрабіцца.
- Зімовая ноч у старэнькай хаце
У хаце старэнькай сям’я спачывала ўначы,
Дзядзькі пазіралі бяздумна, бо змучыла праца,
Вялікія люлькі палілі, праз дым сапучы,
А хтосьці захроп за сталом, не паспеўшы падняцца.
Трашчала лучына й давала скупое святло,
Каб дзядзька Рахміэл зашыў нагавіцам каленкі.
Гудзела завея і плюхала снегам аб шкло,
У коміне скрэблася люшка, як мышка ля сценкі…
На печцы гарачай, сцягнуўшы кашулю амаль,
Круціўся дзядуля, бо сон не прыходзіў здаровы.
Біў вецер па нёманскім беразе поўхамі хваль,
З хлява далятала рыканне старое каровы.
Паклаліся ў ложкі, у кожным па двое, дзядзькі,
Маўчалі і ў цёмную столь пазіралі бяздумна –––
Дзядуля круціўся, а потым прамовіў-такі:
“Аўромчык, сынок, заспявай, каб зрабілася сумна!”
І дзядзька Аўром падхапіўся з ляжанкі ўначы,
Ялінаю шэрай магутныя выпрастаў плечы –––
Як восеньскі вецер у лісці сухім, пеючы,
Завыў, застагнаў сярод хаты ў зімовай цямрэчы.
На цёмных дарогах у сцюжу так выюць ваўкі,
На светлых ад поўні раўнінах так выюць на зоры – – –
Як тыя калоды, без гуку ляжалі дзядзькі,
І раптам дзядуля заплакаў, завыў, як у горы,
На печы варочаўся, біў у цагліны, хрыпеў:
“О Божухна, дапамажы, столькі цемры і злосці…”
А ў дзядзькі Аўрома трымцелі цягліцы і косці,
Ды быў ад люстэрка чысцейшы ягоны напеў.
Той спеў разліваўся вадою ў сівых туманах,
А дзядзька Аўром рос у цемры вялізарным дубам,
Раз-пораз угору і ўніз патрасаў сваім чубам
(Бо гойка Настасся яму паказалася ў снах).
Устаў на дыбкі і заржаў – так у поце і мыле
Распалены конь па гарачай сумуе кабыле, –
Падскочыў, расправіўшы плечы, і стаў рукі ў бокі,
І кожны ўсміхнуўся, і бліснула шчасце з вачэй,
І кепскія думкі, як шэрыя птушкі-сарокі,
З той хаты старой разляцеліся як найхутчэй…
Спяваў ён і танчыў, а потым упрысядкі ў скокі,
Гарачы парыў запаліў у вачніцах зару,
І дзед адчуваў, быццам хата ляціць угару,
Па хісткіх прыступках караскаўся проста ў аблокі…
Аўром дапяяў і ў здзіўленні наўкол паглядзеў.
Агеньчык амаль дагарэў на апошняй лучыне.
Дзядуля маўчаў, а пасля запытаў неўспадзеў:
“А скуль у цябе гэты кантарскі голас, мой сыне?”
Блакітны світанак зайшоў у нагрэтую хату,
Салома пры дрэвах камлям не давала цяпла,
Вятры з кажуховай падкладкі вышчыпвалі вату,
Старая карова замоўкла і больш не раўла.
- Антоша грае на бандуры
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
Князь у Крэве быў сівенькі,
Быццам лунь,
Быццам лунь,
Дзвюх дачок расціў у замку,
Дзвюх красунь,
Дзвюх красунь.
Ды служыў на стайні чмут,
Ветрагон Змітрок Бядуля
Па мянушцы Шалапут.
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
Тут вясна прыйшла ў адведкі,
Родзіць кветкі і лісткі,
Завяліся ў птушкі дзеткі
І ў сабачкі шчанюкі,
У хляве – цяля вясновае,
Ёсць і ў замку нешта новае:
Тая ж доля – дзякуй ёй!
Хутка прынясе ў падоле
Князю кожная дачка –
Байстручка…
Аёй-аёй…
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
Князь камандуе: “Па конях!”,
Цягне з похваў меч стары,
І ў Вялейцы ды Смургонях,
Дзятлаве і Мазыры –
Вершнікі яго, карэты,
Пасланцы ды эстафеты
Абшукалі кожны кут,
Толькі цуд –
Знік няўлоўны Шалапут!..
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
У лясах пад Крывічамі
Затаіўся Шалапут,
А сівенькі князь начамі –
Там і тут,
Там і тут.
Конь і вершнік, нібы здані,
Мчаць у рыцарскай красе,
І ад рэха палявання
Ўсіх трасе,
Ўсіх трасе…
Гэй, гэй,
Грай, Антоша-салавей,
Нам гучней,
Не шкадуй сваёй бандуры,
Шуры-буры-муры-туры,
Весялей,
Гэй, гэй!
- Дзядуля прыходзіць паміраць
Увечары шэры, як голуб, прыйшоў з поля дзед,
Паправіў пасцель і пакаяўся на развітанне,
Падзякаваў свету і дабраславіў гэты свет,
І стомлена вочы заплюшчыў на самым змярканні…
Сабраліся над узгалоўем дзядулі сыны,
Глядзелі на бацьку, галовы панурыўшы ціха,
І так зашчаміла ім сэрцы, што моўчкі яны
Стаялі, не здольныя выдаць ні слова, ні ўздыху.
Ды бацька пачуў іх і вочы адплюшчыў ізноў,
І цёплая ўсмешка старое аблічча кранула,
Усеўся на ложку, каб лепей разгледзець сыноў,
І так развітаўся з усімі, прамовіўшы чула:
“Ты, Орча, мой першынец, нашага роду аснова!
Ты браўся апошні за лыжку і першы за плуг…
Што сеяў ты, цёплая глеба прымала вяснова –
Хай семя тваё будзе плодным, як поле і луг!..
Рахміэл, хто можа на лузе з табой пацягацца?
Каса твая – быццам імклівы агонь у траве,
І птушка ў гняздзе, і змяя тваю ведаюць працу –
Хай неба пашле табе плён і ў гумне, і ў хляве!..
Рачны чалавек, хто з табой параўнаецца, Шмуля,
Хто снасці трымае, як ты, і плыты так вядзе?
Ты пахнеш лускою, ты ў водары ціны і ў муле –
Дай Божа табе на зямлі і на любай вадзе!..”
У ноч пазірала чырвонымі шыбамі хата,
Што кідалі водбліск на дзеда калі-нікалі.
Маўчалі дзядзькі, і маўчаў з імі разам мой тата,
Бо з дзедавых словаў нічога ўпусціць не маглі.
Тады й развітаўся… І перш чым душа адляцела,
Склаў рукі і вочы заплюшчыў, ужо на вякі.
І кожны знямела глядзеў на знямелае цела,
І слёз не лілося, нібыта аслеплі дзядзькі…
Заплакала птушка і ўсхліпнула іншая следам,
Апошні агеньчык патрэскаў лучынай і счах.
Стаялі дзядзькі ля ўзгалоўя, схіліўшы над дзедам
Цяжкія галовы на згорбленых горам плячах…
1 Скаруля — літ. Skaruliai, мясцовасць на Вяллі ў Літве (цяпер — частка горада Ёнава), дзе рака робіць рэзкі паварот.
2 Бусак — доўгі шост з металічным вастрыём і крукам на канцы, багор.
3 Апачына — доўгае вясло для кіравання плытом.
4 Шырыга або шырка — доўгі завостраны кол для тармажэння плыта.
5 Паводле традыцыі, цела нябожчыка адразу пасля смерці спускаюць з ложка і кладуць на падлогу.
6 Шамас — сінагагальны служка.
7 Жалобны рытуал на пахаванні — надрыванне каўняра або лацкана вопраткі.
Вершаваны пераклад Андрэя Хадановіча.
Даслоўны пераклад з ідыш Вольфа Рубінчыка і Сяргея Шупы.