Змітрок Кузменка (№125)

Зялёны мост

Аповесць

I.

Тарашкевіча арыштавалі.

Гэта не змяшчалася ў галаве. Яніна безуважна мінула Катэдральны пляц і выйшла на Маставую. Блізу муроў касцёла святога Юрыя было зацішней, але толькі не на сэрцы. У тлуме цэнтральных вуліц дыхалася чамусьці лягчэй. Да моста заставалася зусім недалёка. Навошта яна ішла сюды? Там, у драўляным дамку на процілеглым беразе Вяллі, яе ніхто не чакаў. Акрамя прывідаў мінулага. А ці патрэбныя ёй тыя прывіды? Трэба жыць цяперашнім, сапраўдным.
У яе за плячыма бліскуча абароненая дысертацыя, наперадзе чакае стажыроўка ў Сарбоне. Яна будзе вучыцца ў мэтраў еўрапейскай неўралогіі, а потым – атрымае магчымасць рабіць кар’еру жанчыны-навукоўца. Навукоўца-медыка ў незалежнай Польшчы. Неверагодныя юнацкія мары станавіліся рэальнасцю, усе думкі апошнім часам былі толькі пра гэта. І вось…

Пра арышт Тараса ёй паведаміў адзін са студэнтаў, і вестка тая проста агаломшыла.

Некалькі гадоў Яніна жыла, нібы ў кокане. Усё важнае адбывалася толькі ў сценах універсітэцкай клінікі. Вядома, яна сачыла за падзеямі ў краіне: праглядала «Дзённік віленскі», пра многае ведала з размоваў калег – ды гэта ўсё было далёка ад яе, недзе на перыферыі. Чула і пра ўціхамірванне беларускай меншасці, але ўспрымала пацыфікацыю як вымушаныя захады дзяржавы. Маладая жанчына спачувала беларусам, толькі навошта гэты радыкалізм? Жывучы ў Польшчы, трэба паважаць польскія законы.

Яніна дайшла да сярэдзіны моста і спынілася, прыхінуўшыся да парэнчаў. Праваруч над горадам панавала гара Гедзіміна, на якой яшчэ зусім нядаўна тапырылася зброяй расійская цытадэль, а насупраць, з левага боку, пад шчодра занесенымі снегам шатамі дрэў мірна драмала такое роднае ёй прадмесце Пірамонт. Амаль вёска. Бацька некалі распавядаў, што Пірамонтам называўся багаты палац, які стаяў тут у даўнія часы. Потым замак ці то згарэў, ці то быў разбураны ворагамі, і на правым беразе Вяллі засталіся толькі бедныя селішчы рыбакоў. Але назва захавалася.

Ходнікі на мосце выступалі за межы канструкцыі і навісалі над ракой. Летняй парой і ў іншым настроі гэта давала адчуванне палёту. Цяпер крылы разгарнуць было немагчыма. Нерухомая белая стужка ракі цягнула ўніз – тут можна было крочыць, перамагаючы супраціў снегу і калючага сівернага ветру, але не ляцець.

Пахла дымам.

Тры месяцы таму яны стаялі на гэтым мосце з Тарасам.

Тарас… Так клікалі Бронюся самыя блізкія сябры, і яна таксама. Нават калі паміж імі не стала колішняй сардэчнай блізкасці.

Тады ўсё тут выглядала іначай, хаця гэтаксама нявесела. Наваколле набрыняла шэрым. Неба, рака, дрэвы, горад – усё здавалася бясколерным. Колераў не было і сёння. Панылая шэрасць змянілася сляпучай аднастайнай беллю. І яшчэ невядома, што з гэтага горай.

Тарас расказваў пра беларускія справы, пра пад’ём Грамады, пра пярэпалах уладаў, пра бясконцыя ператрусы і арышты, пра жорсткасць паліцыі і нялюдскія здзекі з арыштаваных беларусаў у пастарунках. Яе гэта раздражняла, і хвалі раздражнення накатвалі з кожнаю хвілінай усё мацней. Чамусьці ніхто з яе родных і знаёмых нічога падобнага не казаў. Вунь, ейная родная цётка трымае ў вёсцы беларускую школку – і нічога. Проста так ніхто арыштоўваць не будзе, бо ёсць закон, і калі паліцыянт пацягне да казы нявіннага ды яшчэ падыме на яго руку, дык сам апынецца пад судом. А калі Тарас, раз-пораз перарываючыся, стаў распавядаць пра тое, як аднаму беларускаму хлопцу ў пастарунку нібыта залілі ў горла расплаўлены свінец, Яніна выбухнула гневам.

Цяпер ёй было сорамна за сябе, а тады яна літаральна крычала. Маўляў, гэтага не можа быць; не можа Польшча, якая сама перажыла стагоддзі здзекаў і прыніжэнняў, здзекавацца з беларусаў толькі за тое, што яны беларусы. А калі на крэсах арыштоўваюць і саджаюць у турмы тэрарыстаў –
дык і правільна робяць! Няма чаго слугаваць саветам ды шпегаваць на іхнюю карысць! Тарас спрабаваў запярэчыць, але яна не сунімалася. Усярэдзіне ўсё кіпела. Яшчэ некалькі год таму гэты інтэлігентны чалавек у акулярах быў яе блізкім сябрам, прыхільна ставіўся да Польшчы. Што ж з ім сталася такое? Адкуль у яго словах пра новую Рэч Паспалітую гэтулькі нянавісці? Ну, анягож… Ён жа ажаніўся з дачкой нейкага крэсовага этнографа! І жывуць пры самай савецкай мяжы!..

Матка Боска, што на яе ў тую хвілю найшло…

Тут, на гэтым мосце, яна абвінаваціла жонку Тараса ў тым, што тая з прыстойнага чалавека, пасла польскага сойма, зрабіла інтрыгана, плеткара ды бальшавіцкага агента… І асеклася…

Госпадзе-Божа!

Ён не пакрыўдзіўся, не… Толькі сумна паглядзеў ёй у вочы сваім сур’ёзным, праніклівым позіркам і прапанаваў… з’ездзіць у Радашкавічы.

Сказаў, што піша аповесць пра дзядзьку Адама.

За высачэзным жалезным пераплётам моста праехалі гружаныя сані. Фурман прыкрыкнуў на каня, і Яніна азірнулася. Гэтае ўдавана пагрозлівае панокванне беларускага селяніна аднекуль з-пад Вільні нагадала ёй іхняга фурмана Сцяпана, які менавіта вось так – моцным, але незласлівым словам – прыспешваў коней, калі яны аднойчы рушылі ў Ваўкалату да касцёла. Успаміны сягнулі глыбей, у гады маленства. Яніна памалу пайшла далей па мосце. Колькі яму год? Трыста? Чатырыста? Гледзячы, як лічыць. Зялёны мост насамрэч самы стары ў Вільні. Але гэтая ягоная рэінкарнацыя – ейная равесніца. Новы мост адкрылі якраз у той самы год, калі яна нарадзілася і памёр дзядзька Адам. Яна не памятала ані дзядзькі, ані таго старога моста. Здаецца, драўлянага, на каменных быках. То быў дзядзькаў мост. Цяжка ўявіць, колькі разоў ён прабягаў ці праязджаў па ім. Мабыць, у апошні прыезд дзядзьку давялося перапраўляцца праз Вяллю паромам, бо ягоны Зялёны мост ужо быў разабраны, а новага дзядзька Адам так і не пабачыў. Чаму паміж імі такая моцная повязь? Чаму ёй так цікавыя дзядзькавы справы? Тое, чым ён жыў? Што ён думаў і пісаў? У гэтым свеце нярэдка дзеці цураюцца бацькоў, а пляменнікі – і пагатоў. А можа, яе з дзядзькам злучае гэты мост – адначасна і стары, і новы? Які адышоў у нябыт разам з ім і нарадзіўся нанова разам з ёю?

Глупства, вядома…

Але ў кожным выпадку цяпер гэта яе мост.

На супрацьлеглым баку стаяла старое віленскае прадмесце Сніпішкі, да якога пазней прысуседзіўся Пірамонт. Над самым берагам узвышаўся касцёл Святога Рафала, а побач, літаральна пры выездзе з моста, на невялікім пагорку сярод аголеных дрэў клікала да сябе святая капліца.

Паволі абмінуўшы святыню, Яніна прайшла яшчэ трохі і зноў спынілася. Тое, што клікала яе сюды, раптам замоўкла, нібыта апынуўшыся ззаду. Ісці далей не было куды. Наперадзе дарога выходзіла ў палі, дзе пачынаўся шлях да Кальварыі, а за некалькі крокаў праваруч між сумётаў адгаліноўвалася нешырокая Пірамонцкая вуліца. Колішні Пірамонцкі завулак, дзе і цяпер стаіць невялікая хатка, што памятае і дзядзьку Адама, і яе малую. Хатка, якая даўно стала чужой. Так бывае. Нейкі прамежак жыцця мы глядзім праз адныя вокны, потым – праз іншыя. І вярнуцца да тых, першых вокнаў часам немагчыма.

Ды і няма сэнсу.

Яніна азірнулася назад. Снег тут быў нашмат чысцейшы, чым у горадзе. Разгублены беспрытульны позірк зноў затрымаўся на капліцы, і яна раптам зразумела, што клікала яе на Сніпішкі. Прыгорбленая пад цяжарам крыжа постаць пана Езуса нібы гаварыла. І гаварыла яна не толькі пра драматычны эпізод з жыцця Збаўцы, але пра лёс многіх падобных да яго будзіцеляў, прарокаў. Колькі сыноў Польшчы прайшло сваім крыжовым шляхам да Галгофы, пакуль краіна вярнула незалежнасць? А колькі прайшло і яшчэ пройдзе… Беларусаў… Такіх, як Тарас…

Цяпер яна не сумнявалася, што гэта Езус на Сніпішках вярнуў яе да розуму тым непрыветным шэрым днём і прымусіў зусім нечакана для сябе пагадзіцца з’ездзіць з сябрам юнацтва ў ягоныя Радашкавічы.

Іначай яна б і не ведала, што Тарас – не толькі зацяты (аж да немагчымасці!) беларус, не толькі палымяны прамоўца, дасведчаны палітык, мовазнаўца, але і таленавіты пісьменнік. Іначай не здарылася б ейная сустрэча з дзядзькам Адамам. Несапраўдная, вядома, сустрэча, уяўная. Але такая пачуццёвая і праўдзівая.

 

II.

Ці былі татары пад Полацкам?

Былі, і нават займалі дзяржаўныя пасады. Мой прапрадзед Васіль даслужыўся да крайчага Полацкага ваяводства. Традыцыйна абавязкі ягоныя палягалі ў наразанні страў за сталом ваяводы, але часы, калі прыдворныя асабіста прыслугоўвалі свайму пану, тады ўжо сышлі ў мінулае. І пасада крайчага сталася проста ганаровым тытулам, які надаваў свайму носьбіту дадатковы ўплыў і прывілеі. Для выхадцаў з чужых земляў гэта было асабліва пачэсна.

Мой род вядомы тут з XVI стагоддзя. Мабыць, першыя Гурыны з’явіліся на Літве пасля Клецкай бітвы як палонныя. Зрэшты, хто ведае? Можа, гэта сталася яшчэ стагоддзем раней, за Вітаўтам Вялікім… Ад тых далёкіх продкаў у мяне амаль нічога не засталося. Хіба што просталінейнасць, выбуховая запальчывасць, гонар ды герб роду з залатым ільвом над замкавай сцяной. Спадчынны маёнтак Федарцова на Полаччыне нам ужо даўно не належыць, а за расейскім панаваннем нават правы на шляхецтва давялося некалькі разоў даказваць.

Цяпер наш дом – Віленшчына. Але ці надоўга?

Пяць гадоў таму, рыхтуючыся ехаць на вучобу ў Пецярбург, я перапісваў патрэбныя для паступлення ў інстытут дакументы. І чамусьці моцна адбіліся ў памяці радкі касцельнай метрыкі. Можа, таму, што тыя сціслыя словы – першае сведчанне майго існавання ў гэтым свеце.

«У Ваўкалацкім рыма-каталіцкім касцёле ксяндзом Аўдонам Андрэйкавічам ахрышчана немаўлятка імёнамі Адам і Гіляры, народжанае ў 1869 годзе студзеня 13 дня ў фальварку Кавалі, сын законных сужэнцаў роду шляхецкага Калікста Гурыновіча і Элеаноры з Сяняўскіх. Трымалі дзіця да хросту шляхціц з суседняй вёскі Бакачы Ануфры Барысовіч і паненка Пелагея з Гурыновічаў».

Нічога асаблівага тут няма: такія запісы зроблены пра многіх людзей, якія жывуць ці жылі на гэтай зямлі і сто, і дзвесце гадоў таму. Але ж запомнілася чамусьці.

Бацька мой памёр ад запалення лёгкіх, калі мне было сем гадоў. Жывым я яго памятаю слаба. Нібыта ў тумане, стаяць перад вачыма безаблічныя постаці сур’ёзных заклапочаных людзей, якія то тут, то там сноўдаюцца па хаце, заплаканая маці ў чорным, доўгая фарбаваная труна і шэрая гурма сялян ля брамы фальварка. Сяляне шанавалі бацьку. Гэта шмат значыць у свеце, дзе паміж панам і мужыком звычайна пралягае прорва.

Калі на Літве выбухнула апошняе паўстанне, па хатах у навакольных вёсках пяклі для інсургентаў хлеб. Бацька збіраў свежаспечаныя боханы і разам са сваяком адвозіў у паўстанцкі лагер. Неўзабаве пра тое дазналіся маскалі. Травеньскай раніцай на маёнтак наляцелі казакі, перавярнулі ўсё дагары нагамі і забралі бацьку з сабой. Ці то ў Свянцяны, ці то адразу ў Вільню.

Па часах, калі бязвіннага чалавека маглі лёгка запраторыць на Урал, а то і далей, абвінавачванне было страшнае: блізкія зносіны з мяцежнікамі, прыём іх у сваім доме, неаднаразовая дастаўка бунтаўшчыкам правіянту і шпіянаж на карысць мяцяжу. А дзве знойдзеныя пад страхой адрыны паляўнічыя стрэльбы рабілі становішча зусім безнадзейным. З пачаткам паўстання ўсю агняпальную зброю было загадана здаць у царскія цэйхгаўзы, і непадпарадкаванне загадам «законнай улады» было відавочнае. Следчыя маглі гаварыць не толькі пра спачуванне Калікста Гурыновіча бунтаўшчыкам, але і пра імкненне далучыцца да апошніх са зброяй у руках. Аднак сяляне не толькі адмовіліся даваць паказанні супраць бацькі, але і выступілі ў яго абарону. Вядома, гэта не гарантавала вызвалення – калі сведчанні сялян не задавальнялі, іх можна было проста ігнараваць. Пры адсутнасці рэальных доказаў турэмшчыкі лёгка прыдумлялі фальшывыя. Але тут здарыўся сапраўдны цуд. Следчая камісія не стала займацца фаль­сіфікацыямі, і бацьку адпусцілі на парукі.

Нібыта ўсё абышлося.

Толькі вось месяцы турмы і д’ябальскія метады дазнання падкасілі бацькава здароўе. Каб не турма – ён мог бы адужаць хваробу.

За нямногія адведзеныя скупым лёсам гады бацька паспеў закласці трывалы падмурак дабрабыту для нашай сям’і. Неўзабаве пасля майго нараджэння ён здаў матчын фальварак Кавалі ў арэнду, і мы пераехалі ў Крыстынопаль. У латыфундыю Гурыновічаў, як жартам гаварыў Юзаф. Латыфундыя не латыфундыя, але маёнтак тамтэйшы сапраўды ўдвая большы за Кавалі. Па дакументах Крыстынопаль належыць дзядзьку Абдону, ды гаспадарылі яны там разам з бацькам. Той у адсутнасць свайго брата часцяком сам парадкаваў многія пільныя справы. Акрамя таго, да Крыстынопаля прысуседзіўся невялікі фальварак Курнікі, ужо непасрэдна бацькава ўласнасць. Так што як ні кажы, а то было агульнае валоданне двух сыноў дзеда Ёзафата.

Гэтыя мясціны на поўдзень ад Свіры – мара для заўзятага паляўнічага. Бясконцыя балоты і лясы, вялікае Вішнеўскае возера заўсёды абяцаюць добрую здабычу. Немагчыма не любіць тамтэйшыя бадзёрыя летнія світанні і крыху разамлелыя ад утомы ліпеньскія вечары з раннімі зоркамі на жоўта-сінім небе.

 

Сцямнела на дворы і ціха кругом,

Казельчыкі толькі ў мураўцы крычаць,

І здалёку нейдзе, не йнакш за лугом,

Вясковых начлежнікаў гоман чуваць…

 

А невымоўную прыгажосць краявідаў Крыстынопаля ранняй восенню не здолее напоўніцу перадаць ніводзін самы таленавіты мастак, не кажучы ўжо пра навамодную фатаграфію, нават калі нехта навучыцца рабіць яе каляровай.

Дом у нас самы звычайны, на два канцы, такія на Літве ледзь не ў кожным фальварку. Крыты гонтаю, з абавязковымі калонамі на ганку.
У прасторных сціплых пакоях пад невысокай столлю з цёмнымі бэлькамі заўсёды прахалодна ў летнюю гарачыню і цёпла ў самыя лютыя маразы. На стале пад белым ручніком тут заўсёды ляжыць бохан свежага хлеба. Дзядзька Абдон пры кожным выпадку пакеплівае з гэтай мамінай завядзёнкі – маўляў, гэта ўсё старамодныя штукі. Можа, яны і старамодныя, але так здорава было ў дзяцінстве забегчы з двара, адрэзаць добрую лусту, крута прысаліць – і гайда з гэтай лустай назад на вуліцу.

З гадамі дзіцячыя забаўкі змяніліся сур’ёзнымі дарослымі клопатамі і справамі. Нудзіцца ў Крыстынопалі звычайна няма калі. Але доўгімі зімовымі вечарамі тут бывае сумна. Проста за агароджай фальварка пачынаецца вялікае балота Бярозавік, якое пераходзіць у некранутыя лясныя ўрочышчы. І калі перад Калядамі зацята і няспынна выюць ваўкі, на душы становіцца моташна. Здаецца, ваўкі выюць пад самымі вокнамі. Чытаць і пісаць што-кольвек у такім стане немагчыма, трэба проста заняць нечым рукі. Найлепшы паратунак тут – бацькава сталярня, дзе ніколі не выветрываецца цёплы пах свежага дрэва, дзе ў ідэальным парадку чакаюць умелае рукі размаітыя інструменты і дзе заўсёды можна паспрабаваць змайстраваць што-небудзь самому.

Аднак Крыстынопаль – не адзіны наш дом. Калі мой старэйшы брат Юзаф паступіў вучыцца, мы мусілі з восені да вясны жыць у Вільні. І каб не марнаваць грошы на здымнае жытло, бацькі купілі там уласны дамок. На ўскраіне, за Вяллёй, збоч ад Сніпішак. Там якраз забудоўвалася новае Пірамонцкае прадмесце.

Месца тое адметнае. Проста на супрацьлеглым баку Вяллі б’ецца параненае і заняволенае сэрца старадаўняй сталіцы – гара Гедзіміна, дзе на руінах знішчанага амаль тры стагоддзі таму замка чужынцы ўмацавалі сваю цытадэль. А на правым беразе, побач з Пірамонтам, атабарыліся гусарскія казармы, далей за якімі разлягаецца нешта накшталт іпадрома і поля для муштры.

Ці не гэтае суседства звабіла Юзафа паступаць у юнкерскую вучэльню?

Па Пірамонцкім завулку часта скачуць на конях вайскоўцы, цягнуцца вазы з фуражом ды амуніцыяй, аднак пры гэтым ён усё адно застаецца зацішным і спакойным. Гэта амаль вёска – з невялікімі драўлянымі хатамі, якія зімой хаваюцца ў снежных сумётах, а ўлетку патанаюць у засені садоў. У нас таксама вялікі сад. Мама выпісала некалькі дрэўцаў аж з Варшавы. Але большасць гатункаў свае, мясцовыя. Бацька цудоўна рабіў прышчэпкі на дзічках. Мы з Юзафам таксама пасадзілі ля самае хаты дзве грушыны – кожны сабе…

І аднойчы ўсё абарвалася.

Я не адразу адчуў гэта напоўніцу: бацька быў скупы на пяшчоту, увесь час займаўся нечым важным, а дзіцячы свет несумяшчальны з дарослымі клопатамі. Страшная пустата ў хаце не так адчуваецца, калі ў галаве поўна розных фантазій і забаваў. Але маленства хутка канчаецца, і чым больш я сталеў, тым выразней разумеў, кім для нас быў бацька. Не, мы не жабравалі. Крый Божа, ніхто не выганяў нас з Крыстынопаля, мы па-ранейшаму жылі ў маёнтку, як у сваёй хаце. Па-ранейшаму ў нас быў дом у Вільні. Але што такое нястача, мы спазналі. І галоўнае нават не тое, што цяпер мы не маглі дазволіць сабе ўсё, што маглі раней. Па вялікім рахунку, без усіх гэтых прыхамацяў можна жыць. Галоўнае – адносіны з боку бацькавай радні. Дзядзька Абдон, вядома, шмат дапамагае нам. Не ведаю, як бы мы ўвогуле жылі без ягонай падтрымкі. Ён наймаў мне хатніх настаўнікаў, дагэтуль аплочваў рахункі… Але ўсё гэта з паблажлівым выглядам салоннага дабрадзея, які робіць вялікую ласку. Тое праўда, мы многім абавязаныя дзядзьку Абдону, і я ўдзячны яму. Толькі навошта пры кожнай нагодзе папікаць сваёй дапамогай? Удзячнасць – гэта ж не рабалепства. Ды дзядзька яшчэ няхай, ён ніколі не пераходзіць межаў прыстойнасці. А вось цётка Мар’яна – гэта проста жах. Вечна незадаволеная, з’едлівая, звяглівая. Мы па яе словах ледзьве не абібокі-нахлебнікі, на якіх марнуюцца апошнія грошы. Аднойчы проста за велікодным сталом папракнула маці за тое, што яна апранула надта дарагую сукенку. Тады я ледзь стрымаўся, каб не шпурнуць у цётку талерку.

Таму паступленне ў віленскую вучэльню стала для мяне палёгкай. У доме на Пірамонцкім завулку цётка Мар’яна бывала рэдка і надоўга ў нас не затрымлівалася. Дый сам я дадому прыбіваўся хіба к вечару. Кожнага ранку ішоў праз стары Зялёны мост на заняткі. Часам спыняўся пасярод моста, абапіраўся на парэнчы, і глядзеў на раку. Такую несупынную і пераменлівую, як жыццё. Дарога да вучэльні шмат часу не займала, мо чвэрць гадзіны хуткай хадой да Юр’еўскага пляца. А там – якая сотня крокаў па шырокіх прысадах міма Аляксандраўскай капліцы, і ты на месцы.

Тое можа падацца дзіўным: пляц завецца Юр’еўскім, а капліца на ім – Аляксандраўская. Але такое спрэс бывае ў паняволеных краінах, дзе заваёўнік замяняе спрадвечныя назвы сваімі, імкнучыся паўсюль паставіць знакі сваёй улады. Пампезная васьмікутная будыніна на пляцоўцы з чырвонага граніту выглядае тут чужой. Здаецца, яе прынеслі сюды з якой-небудзь Візантыі і проста паставілі пасярод пляца, не зважаючы на ўсю недарэчнасць гэтага. Але віленчукі не любяць Аляксандраўскую капліцу не таму, што яна залішне напышлівая. Да любое недарэчнасці можна прызвычаіцца і нават знайсці ў ёй пэўную арыгінальнасць. Рэч у тым, што капліца не толькі выглядае чужой. Гэта насамрэч чужая святыня для тысячаў месцічаў, сімвал прыгнёту і пакутаў Айчыны. Кажуць, капліца прысвечана князю Аляксандру Неўскаму, але тое няпраўда. Збудавалі яе ў гонар імператара Аляксандра II, які задушыў апошнюю спробу нашага краю скінуць з сябе чужацкае ярмо. Ну і адначасна – у памяць пра жаўнераў імперскай арміі, палеглых у баях з тутэйшымі патрыётамі.

Бацьку, напэўна, было б цяжка штодня праходзіць паўз гэты манумент чужой памяці і славы, калі магілы многіх сапраўдных герояў заставаліся неаплаканымі. А мы… Мы прызвычаіліся і неўзабаве амаль не заўважалі тую капліцу. І калі яе паставілі перад фасадам вучэльні адмыслова, каб закладаць у падсвядомасць юнакоў пашану да імперыі, то задума гэтая правалілася. Прынамсі, у выпадку мяне і маіх сяброў.

Паступаць у рэальную вучэльню параіў апошні мой хатні настаўнік, які заўважыў у мяне схільнасць да тэхнічных практыкаванняў. Ведаў бы пан дарэктар, што «будучы вынаходнік», як ён мяне часам называў, пасталее і … пачне крэмзаць вершыкі ды запісваць мужыцкія песенькі. Ды ў выніку апынецца ў арыштанцкай камеры. Вось і ўся кар’ера!

Вучыцца на Юр’еўскім пляцы было нескладана. Зрэшты, я не прыкладаў да вучобы вялікіх намаганняў. Дома амаль ніколі не займаўся: каб пераходзіць з класа ў клас, мне ставала таго, што я чуў на лекцыях. Дый калі там займацца! Варта было толькі прагучаць апошняму слову выкладчыка, як мы з сябрукамі ўжо былі на вуліцы. Нас клікала Вільня: непаўторная, таямнічая і па-ранейшаму няскораная. Так весела было гойсаць з Казікам і Юзікам па дахах, хаваючыся адзін ад аднаго за комінамі; рыбаліць на абрывістым беразе Вяллі ці па чарзе апавядаць толькі што прыдуманыя страхавітыя байкі пра вадзянікоў і русалак; палохаць дзяўчат у Бернардынскім садзе, выпраўляцца ў далёкія вылазкі на Цагельню, а ўзімку ладзіць там снежныя бітвы… Па-добраму, варта было б ужо тады як след натаўчы Юзіку Бураку, але хто ведаў, што ён акажацца такім… гжэчным кавалерам.

Маці ўшчувала, дзядзька пры кожнай сустрэчы рабіў суворы выгляд і прарочыў, што з такой вучобай мне не бачыць ніякага інстытута, што мяне чакае незайздросны лёс п’яніцы і абібока. Ды мне – анігадкі.

Быццам ён сам не быў калісьці такім жа… вісусам.

Вучэльню я скончыў у васямнаццаць год з вельмі пасрэднымі адзнакамі. На выдатна здаў толькі «Закон Божы», бо з маленства любіў хадзіць да касцёла і добра ведаў катэхізіс. Няблага было таксама з геаграфіяй і гісторыяй. А вось з дакладнымі навукамі, да якіх у мяне нібыта меліся здольнасці, атрымаўся, па словах дзядзькі Абдона, жуда і сорам. І калі я абвясціў пра намер вучыцца далей, ён толькі скептычна пасміхнуўся. Але адгаворваць не стаў. Маўляў, правалішся – то будзе твая няўдача.

Гэтак я апынуўся тут, у Пецярбургу.

Халодная і вечна сырая сталіца імперыі агаломшыла тлумам. Калі раней знаёмства з вялікім горадам пачыналася ля ўязной брамы, то цяпер яно пачынаецца з вакзала. Пецярбургскі вакзал, куды мы прыехалі з нашай ціхай Вільні, – велізарны, з каляінамі на два бакі. Закрыты ад непагадзі высокім бляшаным дахам, умацаваным на адмыслова пераплеценых жалезных прутах. І ўсярэдзіне – гурмы людзей, якія мітусяцца, заходзяць, выходзяць, гукаюць, пішчаць, перакрыкваючы шыпенне машыны і свіст выпушчанай пары. А ўверсе пад дахам дзяруць горлы вароны ды галкі. Адным словам, суцэльнае вар’яцтва. У першае імгненне вакзал уражвае, але мінае некалькі хвілін, і хочацца як найхутчэй выбрацца вонкі, аддыхацца. Ды знадворку не нашмат цішэй. Хіба што не пыхкае і не гудзе побач распаленае і натомленае нутро паравоза.

Мне спатрэбілася некалькі дзён, каб збольшага прывыкнуць да тлумнага віру на пецярбургскіх вуліцах, да рознагалосай гаманы на ходніках, да нязмоўчнага грукату вазоў і экіпажаў, што ўвесь час на шалёнай хуткасці праносяцца міма, да пагрозлівых воклічаў рамізнікаў. Разявакам тут месца няма. Загледзеўшыся на што-кольвек на дарозе, можна лёгка патрапіць пад колы чарговаму аматару хуткай язды. Ці пад капыты ягонага каня.

Першыя тыдні я з цікаўнасцю аглядаў славутасці Пецярбурга. Шпацыраваў па Фантанцы, глядзеў на шматлікія параходы, Егіпецкі мост. Дзівіўся на Траецкі сабор і высачэзную калону з анёлам наверсе. А потым даведаўся, што калона гэтая называецца… Аляксандраўскай, і нават трохі смешна стала. Як жа многа манументаў у гэтай дзяржаве маюць такую назву.

Прыгадваю зараз свае першыя шпацыры па Пецярбургу і думаю сам сабе: варта было аглядаць тады не параходы на рацэ, не саборы ды калоны з анёламі, а Шпалерную турму і Петрапаўлаўскую цытадэль. Як аказалася, менавіта гэтыя будынкі – галоўныя ў закамянелай прасторы горада, халоднага і абыякавага не толькі да гасцей, але і да сваіх жыхароў.

Навошта я ўсё гэтае пішу?

Што гэта ўвогуле? Дзённік? Запіскі? Мемуары?

Каму цікавыя мае ўспаміны, апроч мяне самога?

Пішу, каб не звар’яцець ад бяздзейнасці і цішыні, якая пануе ў гэтых мурах бязмежна і самаўладна. Калі нехта ў ранейшым жыцці любіў цішыню, за некалькі дзён знаходжання тут ён яе люта ўзненавідзіць. Цішыня тут абсалютная і таму зусім не рамантычная, а цяжкая, гнятлівая. І ад яе нікуды не схаваешся, не ўцячэш. Наглядчыкі ў лямцавых камашах бязгучна соўгаюцца па калідорах. Пакуль з ціхім шоргатам не адкінецца невялікае акенца ў вузкіх дзвярах камеры, ты нават не ведаеш, што да іх хтосьці падышоў. Жывое слова тут можна пачуць толькі раз на некалькі дзён, калі прыходзіць начальнік турмы і пытаецца: «Ці будуць якія пажаданні?». Ён моўчкі выслухоўвае цябе і сыходзіць гэтаксама ціха, як і ягоныя падначаленыя. І больш – ні гуку, ні слова. Толькі праз адчыненую фортку ў непагадзь можна ўчуць стогн ветру і плёскат Нявы. А яшчэ штогадзіны б’юць куранты на Петрапаўлаўскім саборы. Звычайна званы граюць нейкі хваласпеў, але апоўначы і апоўдні з сабора ў турэмную фортку здзекліва далятае: «Божа, цара храні…» Нібыта адмысловая насмешка з палітычных арыштантаў, зняволеных у гэтым маўклівым бастыёне.

Ніколі не думаў, што бываюць катаванні цішынёй. Аказалася, яны вельмі дзейсныя. Асабліва калі чалавека пакінуць сам-насам з мёртваю цішаю без магчымасці чым-небудзь заняць свой розум. Вядома, можна мераць крокамі камеру ці прыдумваць словы на пэўную літару. Можна, нягледзячы на забарону, спяваць уголас ці дэкламаваць вершы. Можна складаць вершы ў галаве. Але гэта дапамагае толькі па першым часе.

Мяне перавялі сюды са Шпалернай неўзабаве пасля спаткання з братам. Можа, пільнае вуха жандара пачула, як я прасіў Янука забраць і спаліць паперы, пакінутыя ў інстытуцкай буфетчыцы Мар’і Арцымовіч? Так ці не, але больш я амаль ні з кім не размаўляў.

Першыя тыдні два тут, у камеры, было адно расейскае Евангелле. На мае скаргі і просьбы прынесці паперу ды кнігі начальнік турмы толькі моўчкі ківаў галавой. Ён сыходзіў, і нічога не мянялася. Урэшце я запатрабаваў сабе хаця б польскае Евангелле. Тут пан начальнік падняў брыво і ўпершыню за некалькі нашых сустрэч перапытаў:

– Вы хочаце Евангелле на польскай мове?

– Ну дык беларускага ў вас жа, напэўна, няма…

Ён з хвілю лыпаў вачыма, а потым павярнуўся і сышоў.

Відаць, у начальніцкай галаве склалася ўражанне, што я пачынаю паціху вар’яцець, бо назаўтра мне раптам прынеслі паперу з пяром і атрамантам ды томік Някрасава.

Гэта было шчасце! Нарэшце можна чытаць, занатоўваць свае разважанні. Я нават пераклаў, перапісаў па-наску чатыры даўно ўпадабаныя вершы. Некалькі дзён абрыдлыя беспрытульныя думкі не звіваліся ў атрутны пачварны клубок. Некалькі дзён мне не хацелася крышыць голымі рукамі ўсё ўбогае начынне ў камеры ды біцца галавой аб сцяну. Дарэчы, сцены тут таксама адмысловыя, крыху мяккія. Пад пажоўклымі, абвіслымі ад вільгаці і месцамі абарванымі шпалерамі пракладзены слой лямцу, але гэта не клопат пра звар’яцелых сядзельцаў, якраз наадварот. Лямец на сценах патрэбны, каб заглушыць гукі, якія могуць далятаць з суседніх камер.

Гэтую турму ўвогуле можна назваць лямцавай.

Яшчэ на Шпалернай я зразумеў, што ў астрозе важна не згубіць адчуванне часу. Тут гэта асабліва важна. Кожны дзень трэба рабіць невялікую засечку або пазнаку. Дзе заўгодна і чым заўгодна. Хоць лыжкай, хоць пазногцем. Пакуль ведаеш час – ты чалавек, а не жывёліна, загнаная ў брудную клетку.

Бязгучна прынеслі абед.

Меню арыштанцкае залежыць ад дня тыдня. Сёння серада, значыць, даюць гарохавую поліўку і прасяную кашу з салам. А заўтра тады будзе вараная капуста і грачнёўка. Ежа хоць і казённая, але ўвогуле непаганая. На час абеду прыбраў свае паперы на ложак. Трэба будзе вярнуць ім гэты някрасаўскі томік, мо дадуць што іншае. Мусібыць, поўны вар’ят следчым не патрэбны.

Але дзе яны, тыя следчыя?

Магчымасцю чытаць і пісаць я цешыўся дзён дзесяць. Потым зноў пачала наплываць роспач. Турма цісне на грудзі, не дае дыхаць. Неяк паспрабаваў заспяваць – і спалохаўся ўласнага голасу, не пазнаў яго. Ён стаў нейкі слабы, перарывісты, сіпаты. Учора нават не браў у рукі пяро: увесь дзень тупа ляжаў ці хадзіў па камеры.

Я ў няволі ўжо амаль пяць месяцаў. На допыты мяне не выклікаюць, нават ніхто не сказаў, у чым менавіта мяне вінавацяць. Калі ў распаўсюдзе рэвалюцыйнай літаратуры – дык бярыце, судзіце, карайце. Навошта так доўга трымаць у невядомасці, у гэтай густой, бязлітаснай і ліпкай, нібы павута, цішыні?

Зноўку хадзіў па камеры… Зразумела, надта ў ёй не пашпацыруеш. Ад аднаго вугла да другога наўскасяк – дзесяць крокаў па голай бетоннай падлозе. Тут трохі чысцей, чым на Шпалернай, але ў астатнім – жытло арыштанта ёсць жытло арыштанта. Вышэй чалавечага росту пад скляпеністай столлю невялікае закратаванае акно з маленечкай форткай. Прыкручаны да падлогі жалезны ложак, на якім адно лямцавая посцілка (куды ж тут без лямцу!) ды падушка, напханая саломай. Каля ложка – прымацаваны да сцяны дзвюма падпоркамі бязногі жалезны столік з цяжкім драўляным зэдлікам. Каб быў аматарам гімнастыкі, дык узяў бы той зэдлік замест гіры. На століку па вечарах мігціць газоўка, асвятляючы няпэўным святлом цьмяны і маленечкі, як тая фортка ў акне, святы абраз. У куце ля дзвярэй прыладжаная рукамыйніца, а насупраць яе – драўляная сядушка для натуральных патрэб. Вось і ўсё багацце інтэр’еру.

Яно б і нічога, калі б не гнятлівая цішыня і страшэнная вільгаць, ад якой усё часцей даймае глыбокі пакутлівы кашаль. Малю Бога, каб не прыхапіць тут сухотаў. Апошнім часам баліць і ные ўсё цела: жалезныя прэнты ложка пад тонкай посцілкай за ноч так даюцца ў знакі, што з раніцы трэба некалькі хвілін пакандыбаць па камеры, перш чым цягліцы і суставы пачнуць цябе слухацца.

Тут мне часта сніцца адзін і той жа сон. Нібыта ў маёй камеры сядзіць маладая жанчына гадоў трыццаці. Прыгожая, светлавалосая, з высокім разумным ілбом. Яна сядзіць на ложку і глядзіць некуды праз сцяну. Вусны ейныя пагардліва сціснутыя, а на спалатнелым, амаль празрыстым абліччы відаць прыкметы невымоўнай душэўнай пакуты і няроўнай унутранай барацьбы. Раптам яна ўстае і похапкам бярэ са століка лямпу. Чорнае, выстылае акно абыякава назірае, як зняволеная аблівае сябе газай. А потым – барвова-аранжавая ўспышка і жахлівы ўсёпаглынальны боль. Я не бачу полымя, але ведаю: гэта гарыць маё цела. Яно ўжо не належыць мне і рухаецца само па сабе. Я крычу, але за жудасным болем не чую ўласнага крыку. Не адчуваю смяротнага паху паленай плоці, не ўспрымаю запозненых спалоханых воклічаў турэмшчыкаў за дзвярыма. Маю свядомасць цалкам паглынае боль, якому няма ні канца, ні меры. Нясцерпны ад самага пачатку, ён узмацняецца больш і больш, паралізуючы нават апошнія інстынкты. І раптам усё правальваецца ў цемру. Я прачынаюся ў халодным поце на збітай, скамечанай посцілцы і некалькі хвілін не магу аддыхацца.

Што гэта, як не вар’яцтва?

Калі шчыра, то я ўжо і сам разы два ў ачмурэнні глядзеў на тую газоўку. Не ведаю, што мяне ратавала. Мабыць, абразок на сцяне. Цьмяны і бляклы, ён нібыта выцягваў з прорвы, вяртаў да жыцця, нагадваў: многім у гэтым горадзе, на гэтай зямлі, у гэтым свеце значна горш. І потым, здацца – гэта значыць прызнаць перамогу турэмшчыкаў. Не гэтых лайдакаватых ёлупаў у калідорах і не іх непасрэдных начальнікаў, а тых, хто ў раскошных палацах адным росчыркам пяра выносіць выракі тысячам людзей і нават цэлым народам.

Хлопцу грэх скардзіцца на сваю нядолю, калі ад такой самай нядолі пакутуюць дзяўчаты. На Шпалернай іх было нямала. Ёсць і тут. Я б не ведаў гэтага: тутэйшыя ахоўнікі водзяць вязняў па калідорах так, каб нікога на шляху не сустрэць. Пераходы наперадзе заўсёды пустынныя, бязлюдныя. Але аднаго разу гэтая завядзёнка парушылася, нехта з турэмшчыкаў схібіў. Мяне выводзілі на шпацыр, калі раптам з-за павароткі паказаліся дзве постаці. Насустрач ішла пад канвоем дзяўчына. Ахоўнікі, відавочна, на імгненне збянтэжыліся, аднак усё ж правялі нас адно паўз аднаго. Мы моўчкі прайшлі міма, абмяняўшыся позіркамі. Вочы ў дзяўчыны былі шэрыя. Гаварыць не дазвалялася, ды каб і можна было – пра што я мог сказаць ёй, а яна мне ў тое нечаканае імгненне?

Пасля гэтага выпадку я доўга думаў пра Ружу. Яе забралі амаль адначасна са мной, і што з ёй, дзе яна – я не ведаю. Можа, на Шпалернай… А калі Ружа таксама тут, у гэтым маўклівым бастыёне, поўным жудасных прывідаў і думак?

Мабыць, яна адзіная, хто мяне сапраўды кахае… Але ці прынясе гэтае пачуццё каму-небудзь шчасце? Усё атрымалася, як у рамане: нарачоная малодшага брата закахалася ў старэйшага. Я спачатку нічога не прыкмячаў. Адно здзівіўся, калі братавая нявеста раптам стала часта пісаць мне, падпісваючы часам свае лісты: «чужая Ружа». Упершыню згледзеўшы незвычайны подпіс, задумаўся: чаму «чужая»? Але вялікага значэння гэтаму не надаў – у дзяўчат свой спосаб мыслення, і зразумець іх бывае няпроста. Больш я пра тое не згадваў: ці мала прычын магло быць у дзеўкі так падпісацца. Можа, дзеля смеху. Але праз нейкі час Ружа мяне проста агаломшыла, спытаўшыся, якую я нашу кашулю? Маўляў, хачу вышыць свайму каханаму. Помню, тады страшна на яе насварыўся. Усё раптам стала зразумелым: і частыя лісты, і дзіўны подпіс. Нягледзячы на маё рэзкае патрабаванне выкінуць з галавы дурное, дзяўчына выявіла ўпартасць і… адмовілася ісці да шлюбу з нямілым. Прызнаюся, гэта выклікала ў мяне павагу да яе, хоць той «нямілы» – мой брат. Адважыцца на такі шалёны крок і наклікаць тым самым на сябе пагарду многіх людзей здольны толькі моцныя асобы. Пасля разрыву заручын мама на гарматны стрэл не падпускае Ружу да нашага дома… Ці кахаю яе я? Дзіўнае пытанне, абураецца розум: як можна кахаць нявесту брата? Але сэрцу не загадаеш, Ружа не дазволіць схлусіць. Вось толькі маё сэрца, дзякуй Богу, маўчыць.

Дзякуй Богу?!

А ці здольны я наогул каго-небудзь пакахаць? Ці магу толькі прысвячаць каханню сентыментальныя вершыкі пра белую бярозку над ракою? Або такія вось… павучальныя?

 

Бегма, хлопча! Бегма, дружа!

Глянь, там руж кусты.

Дык сарві каханай ружу,

Паспяшайся ты!

 

Наўздагад ляціш, пры людзях

Зрэзаць пахкі квет.

Ёсць уцеха – жонкай будзе,

Кпіць вакольны свет.

 

Хоць здалёку ружа вабіць,

Ды ў шыпах яна.

Пах салодкі хутка слабне,

Боль даецца ў знак.

 

Бо хто схопіць вобміг ружу –

Раніць пальцы ўсе.

Хто кахання прагне дужа –

Той атруту п’е…

 

Па-добраму, нам варта было б спыніць ліставанне, але… Колькі разоў я крыўдзіў Ружу ўласнай нястрыманасцю, бязглуздымі кепікамі. Паводзіў сябе, нібыта якое спешчанае дзіця. Што гэта ўва мне? Неўтаймоўная гарачлівасць крымчакоў? Прыродны выбрык характару? Кепскае выхаванне? А можа, усё разам узятае? Колькі разоў я дакараў сябе, адаслаўшы дзяўчыне з’едлівы, фанабэрысты ліст. Колькі разоў я кусаў сабе локці, каб потым усё паўтарыць зноў. А Ружа… Яна можа быць калючай і нават жорсткай да таго, кім пагарджае, ад каго адчувае небяспеку, але мне… Мне яна даравала ўсе выбрыкі. Пісала цёплыя пісьмы на паперы з выціснутымі ружачкамі. Па-хатняму называла Юркам. Нават рыфмавала вершы.

Вершы… Ці не яны прычына гэтай акрутнай цішыні? Хто ведае, можа, мяне марынуюць тут без допытаў і спатканняў з-за вершаў на беларускай мове? Вунь як ускінуўся жандар, калі знайшоў тыя мае сшыткі.

Зрэшты, хіба пісанне вершаў па-беларуску – гэта злачынства?

Першы свой вершык я напісаў у Вільні на лекцыі па трыганаметрыі. Тут, на піцерскіх калялітаратурных сходках, любяць паўтараць, нібыта ў Расіі паэт – нешта большае, чым проста паэт. І ёсць у гэтым нейкае самалюбаванне, нават пыха. Бо калі ў Расіі паэт – нешта большае, чым паэт, то што ўжо казаць пра мой заціснуты паміж Масквой і Варшавай край, дзе сваё ўласнае паэтычнае слова – гэта нешта дзіўнае, нечуванае; дзе паэзія вымушаная прабівацца да чытача ажно з Аўстрыі па небяспечных кантрабандысцкіх сцежках на памежжы дзвюх імперый?

Хто я? Якой нацыі? Мае сямейнікі лічаць сябе палякамі. Але дзіўныя мы нейкія палякі. Карані ў нас татарскія. Стагоддзі жылі на Полаччыне, потым пераехалі бліжэй да Вільні. У Польшчу ніколі на стала не выязджалі, хіба толькі па службовых справах. А казаць, што мы палякі, бо гаворым дома па-польску, – трохі смешна. Сто гадоў таму ледзь не ўсё рускае дваранства гаварыла па-французску, і што? Яны ж не сталі ад гэтага французамі.

Цікава, на якой мове размаўляў мой прапрадзед Васіль у сваім маёнтку Федарцова? Ці ўмеў ён, ці бацька ягоны, хоць трохі па-татарску? Наўрад ці… Напэўна, ужо да таго часу наш корань паспеў моцна ўрасці ў магутнае дрэва Літвы, паяднацца з ёю шматлікімі роднаснымі атожылкамі.

Значыць, я – ліцьвін?.. А якая прыродная мова ў гэтай зямлі? Ну ніяк жа не польская, іначай увесь просты люд таксама гаварыў бы па-польску. Але ён размаўляе… па-мужыцку. Прынамсі, так называюць усе гэтую гаворку. Адно Мацей Бурачок піша, што мужыцкай могуць яе называць толькі цёмныя людзі, а завецца яна насамрэч беларускай. Некаторыя кажуць, што яшчэ трыста гадоў таму на гэтай мове гаварылі і вялікія князі, і ўсё тутэйшае панства. Калі сапраўды так, дык мае продкі, атабарыўшыся на Полаччыне, мусілі пераняць менавіта гэтую мову. Выходзіць, яны гаварылі па-беларуску і толькі потым перайшлі на польскую? Але тады якім чынам гэтая мова аказалася выкінутай з вяльможных палацаў ды гарадскіх камяніц і была загнаная пад стрэхі куродымных мужыцкіх хат? Ды яшчэ літаральна ў адзін момант, бо па-польску мясцовая шляхта гаворыць ужо вельмі даўно? Гэта нешта нерэальнае, так не бывае! Ну, няхай шляхта загаварыла па-польску, каб не надта адрознівацца ад кароннай, прывіслен­скай. А гарады? Так не бывае, каб месцічы за нейкае дзесяцігоддзе ці два адмовіліся ад спаконвечнае мовы сваіх дзядоў і загаварылі на іншай. Гэта не паддаецца ніякай логіцы, ніякаму тлумачэнню. Калі толькі… Калі толькі ўсіх іх не знішчылі.

У нашай сям’і ёсць паданне пра вялікую вайну з Масковіяй, якая доўжылася ці то дваццаць, ці то трыццаць гадоў. Кажуць, падчас яе загінуў кожны другі жыхар Літвы-Беларусі. Гэтаму цяжка даць веры, але памяць сямейная малюе яшчэ больш страшную карціну. Дзядзька Абдон расказваў, што наш родавы маёнтак быў тады разбураны дазвання, а Полаччына цалкам ператварылася ў бязлюдную пустыню. Усе гарады і мястэчкі былі спаленыя, а іх жыхароў забілі або вывелі ў палон. Такі самы лёс напаткаў і многія вёскі. Па былых вуліцах гойсалі ваўкі і здзічэлыя сабакі, зарасталі лесам уробленыя палі. А каго пашкадавала варожая зброя – забралі паморкі і пошасці. Добра, калі ацалеў адзін чалавек з дзесяці. Можа, у агні крывавага патопу разам з народам гэтае зямлі згарэла і яго мова? Здолеўшы выжыць толькі ва ўбогіх сялянскіх хацінах, да якіх нікому не было справы? І стаўшы мужыцкай? Плойма фанабэрыстых гісторыкаў, мабыць, насмешліва запярэчыць: маўляў, усё не так, няма доказаў. Нібыта ў іх ёсць доказы, што гэтай страшнай катастрофы не было. Трагедыі, вартай паказу нашчадкам на шырокім палатне эпічнай паэмы. Хацеў бы я напісаць такую, але… Яе мог бы напісаць хіба Міцкевіч. Ці Шаўчэнка. Пранізлівую, магутную паэму пра гібель цэлага свету. Дзе ў чорным дыме пажараў, у барвовых сполахах крыві і полымя, у безнадзейнай роспачы і адчаі жыве неадольная вера ў будучае адраджэнне, уваскрашэнне з попелу. Падобна да птушкі фенікс.

Думаў, сёння шпацыру не будзе: звычайна выводзяць перад апоўднем, а ўжо, здаецца, чацвёртая гадзіна. Аж раптам дзверы адчыняюцца, на парозе стражнік у шынялі. Значыць, павядуць. У чым прычына затрымкі – не ведаю, пытацца пра штосьці тут бессэнсоўна. Моўчкі выходжу, радуючыся, што можна скінуць абрыдлы арыштанцкі халат з зялёнае фланелі ды велізарныя жоўтыя туфлі, якія ўвесь час звальваюцца з нагі; апрануць людскую вопратку і дыхнуць свежага паветра. Хаця свежасць паветра ва ўнутраным дворыку любой турмы – рэч умоўная. Тым больш тут, дзе нават імжа, што час ад часу сыплецца з безуважнага шэрага неба, пахне панурасцю і няволяй.

 

III.

– Ты непапраўны, – нягучна сказала Яніна, сумна ўглядаючыся ў павольную рачную плынь, якую праз два-тры тыдні каля берагоў ужо магло ўсур’ёз атачыць першым лёдам.

Бронюсь паправіў на носе акуляры.

– Пра што ты?

– Упарта робіш з дзядзькі Адама беларуса.

– А нехта тут упарта лепіць з яго праўдзівага паляка, – пасміхнуўся Бронюсь.

Яніна прамаўчала. У словах Тараса не адчувалася ні з’едлівасці, ні задзірыстасці, толькі жартоўнае сяброўскае пацвельванне. Спрачацца з ім не хацелася. Зрэшты, хто сказаў, што менавіта яна мае рацыю? Хаця пляменніца, вядома, куды больш ведае пра тое, кім быў ейны дзядзька, чым зусім незнаёмы з ім беларускі інтэлігент. Зусім незнаёмы? А хіба яна знаёмая са сваім дзядзькам? І ўсё ж, і ўсё ж…

Міма плыла восеньская рэчка. Праз якія дзень-два гэтая самая вада пройдзе пад віленскім Зялёным мостам і пацячэ далей, да невядомага мора, разам з незлічонымі струменямі і струменьчыкамі іншых рэк і рачулак гэтай зямлі. Але пакуль яна тут, каля іх. Крыху зеленаватая, нетаропкая, але разам з тым – нястрымная. З цёмнымі залацінкамі нізкага сонца ў дробнай, ледзь заўважнай рабізне на паверхні. Краявід поўніў сэрца сумам, аднак гэта быў не той беспрасветны сум, ад якога наплывае роспач і цяжэюць рукі. Гэта быў урачысты сум, які нараджае думкі, жывіць успаміны. Дзіўна ўсё-такі, як залежыць настрой чалавека ад надвор’я. У Вільні некалькі дзён таму ўсё здавалася бясколерным ды шэрым, тут – малюнак быў зусім іншы. Здавалася, час бабінага лета даўно і незваротна мінуў, але прырода, мабыць, вырашыла зрабіць старадаўняму мястэчку апошні сёлетні падарунак. Было незвычайна цёпла і светла. Глыбокую восень на дварэ выдавалі хіба аголеныя дрэвы, толькі на вяршалінах якіх дзе-нідзе яшчэ захаваліся невялікія рудыя пасмачкі лісця, ды само сонца, што адразу пасля апоўдня стала імкліва хіліцца долу, спяшаючыся схавацца за небакраем далёка ад таго месца, дзе звычайна хаваецца ўлетку.

Яны сядзелі на драўлянай лаўцы, укапанай у бераг ракі за пару дзясяткаў крокаў ад Бронюсевай хаты. На падворку паказалася Вера з сынам на руках. Славік нечага капрызіў.

– Слухай, а нічога, што мы тут з табой сядзім паўдня?

Бронюсь здзіўлена паглядзеў на Яніну.

– Мне здавалася, табе цікава.

– Мне праўда цікава, але Вера там адна…

– Хутка ж ты перамяніла стаўленне да маёй жонкі.

Былы сябра зноўку пацвельваў яе. Гэтым разам кпіў за тую дурную сцэну, амаль істэрыку, якую яна ўчыніла яму надоечы на Зялёным мосце. Але “падшпільваў” ён незласліва, нібы жартуючы. І раптам сур’ёзна дадаў:

– Яна амаль заўсёды адна, Яна. Калі я тут бываю?..

– Тады тым больш, Тарасе!

– І гэта гаворыш мне ты? – паспрабаваў аджартавацца Бронюсь, але тут жа асекся, зразумеўшы, што дазволіў сабе недаравальную нетактоўнасць.

Некалькі хвілін мінула ў маўчанні. Яна засяроджана сачыла за сцішанай рачной плынню. Ён – нервова перабіраў пальцамі стос аркушаў у сябе на каленях. Немату перарваў нечакана хрыплы Бронюсеў голас:

– Скажы, што з намі сталася? З-за чаго?.. Няўжо з-за таго злашчаснага артыкула ў «Беларускім звоне»?

Што тут адкажаш? Хіба яна ведала? Яніна шукала адказ на гэтае пытанне ўвесь учарашні вечар, пакуль разам з гасціннымі гаспадарамі сядзела за сталом ва ўтульным пакоі прасторнай радашкавіцкай хаты. І не знаходзіла. Ёй было сорамна перад гожай добразычлівай Верай за свае таемныя думкі, за нядаўнія словы. Але словаў тых не вернеш і думак уласных не зацугляеш. Іх можна стрымаць на кароткую хвілю, ды неўзабаве яны вырываюцца з палону і лятуць далей па сваіх непрадказальных шляхах. Справа, вядома, была не ў Тарасавай публікацыі пра дзядзьку Адама. Артыкул той стаўся проста зачэпкай. Запалам, які выклікаў непазбежны выбух. Непазбежны, бо па-ранейшаму ў іх ужо нічога быць не магло. Паміж імі пралеглі гады рэвалюцыі і войнаў. Гады, калі знікла адна імперыя, а на яе месцы пачала набіраць моц новая – яшчэ больш змрочная. Тарас за гэтыя гады хіба толькі крыху пасталеў з выгляду, а вось Яніна змянілася моцна. Яна ўжо нічым не нагадвала колішнюю паненку – выхаванку віленскай Марыінкі. Ні знешне, ні характарам.

А пачыналася ў іх усё вельмі рамантычна.

Спатканні насупраць вучэльні, доўгія прагулкі па старым горадзе і размовы, размовы, размовы. Штопраўда, яна больш маўчала, слухала. Гаварыў Тарас. А расказваць ён умеў. Легенды пра князёў-волатаў і князёў-здраднікаў, пра закаханых рыцараў і паннаў, пра зачараваныя скарбы. Найбольш яе ўразіла расказаная сябрам гісторыя пра замураваную ў сцяну кляштара дзяўчыну. Сцяна тая ўвесь час разбуралася, давесці яе да ладу ніяк не маглі, і будаўнікі, каб залагодзіць злых духаў, дамовіліся замураваць туды першага, хто прыйдзе да іх. Прыйшла дачка аднаго з муляраў…

А яшчэ Тарас чытаў вершы. Не свае, сам ён не пісаў. Але чытаў цудоўна: Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Цётку. Мова, якую Яніна кожны раз чула на вёсцы і якую часам можна было пачуць сярод ідышу, польскай і расейскай на вулках Вільні, раскрывалася новымі гранямі. У стройнай будове рытму, арганічна падкрэсленай ліштвамі рыфмаў, нараджалася то пранікнёная песня, то драматычная балада, то традыцыйнае беларускае галашэнне. Яна пытала Бронюся, чаму ён сам не спрабуе пісаць, мо ў яго атрымалася б, упрошвала напісаць хоць чатыры радкі – толькі для яе. Але той заўжды аджартоўваўся ці папраўляў сваім характэрным рухам акуляры на пераноссі і змаўкаў на некалькі хвілін. Хто мог падумаць, што праз нейкі час для яе напіша некалькі радкоў Янка Купала?

Тое было ўжо ў Пецярбургу, дзе яна вучылася ў жаночым медычным інстытуце. Яшчэ паўстагоддзя таму жанчына-доктар лічылася вялікай рэдкасцю. На паненак, якія марылі звязаць жыццё з медыцынай, глядзелі насмешліва ці са шкадобай. Самае большае, што ім магло быць наканавана, – гэта роля шпітальнай медсястры. Ды – Матка Боска! – навошта вытанчанай і далікатнай паненцы такая цяжкая праца!

Але пад напорам часу ломяцца нават тыя звычаі, што здаюцца непарушнымі. Настроі ў свецкіх салонах і ўладных кабінетах паступова мяняліся, і ўрэшце ў сталіцы імперыі адкрыўся жаночы медычны інстытут. Вядома, той-сёй яшчэ па-ранейшаму ўспрымаў жанчын-лекараў як недарэчнасць, асабліва ў правінцыі. Але агульнае меркаванне ўжо змянілася канчаткова: жанчына можа быць не горшым лекарам, чым мужчына.

Першыя гады вучобы былі шчаслівыя. Яніна ахвотна вучылася, старанна рыхтавалася да практычных заняткаў ды іспытаў. У вольны час (яго было небагата) хадзіла на сустрэчы польскіх суполак, часта ўдваіх з Бронюсем. Часам яны разам наведвалі беларускія вечарыны. Не такія шматгалосыя, як польскія, але не менш зацятыя і цікавыя. І яна зусім не пачувалася там чужой, нават гаварыла трохі па-беларуску. Вось на адной з такіх вечарынак Купала і прысвяціў ёй верш. Было тое, мусіць, ужо ў вайну.

Спярша ніхто не думаў, што гэтая вайна надоўга. Многія нават радаваліся, чакалі хуткай перамогі. Ніякай пагрозы не адчувалася, фронт пралягаў недзе вельмі далёка. Але мірнае жыццё ў час вайны хісткае. Баі з кожным тыднем набліжаліся да яе дома, і неўзабаве над мясцінамі, дзе яна расла, ужо ляцелі артылерыйскія снарады. Паехаць туды было немагчыма, і да ўсяго дадалася трывога за лёс многіх блізкіх людзей. Вучоба стала проста абавязкам, які трэба выконваць – хочацца табе гэтага ці не.

А на апошнім курсе раптам грымнула рэвалюцыя. Спачатку была надзея, што Расія стане вольнай краінай, што больш не будзе прыгнёту, палітычных турмаў… Праз паўгода стала зразумелая ўся прывіднасць гэтай надзеі, а кастрычніцкі пераварот пахаваў яе канчаткова. Яніна ненавідзела царскую імперыю, але за бальшавікамі стаяла штосьці яшчэ больш цёмнае.

Цяпер Тарас гаворыць пра прыгнёт і палітычныя турмы ў Польшчы. Польшча, якая сама зведала жудасны ўціск, велізарныя страты і пакуты, сама прыгнятае іншыя народы? Як такое можа быць? І ці можа наогул быць іначай у гэтым жорсткім і абыякавым да чужой бяды свеце?

– Чаму ты не паехаў тады са мной з Пецярбурга?

Бронюсь неўразумела паглядзеў ёй у вочы.

– Што?.. Ты ж ведаеш, я не мог.

Яніна сумна ўсміхнулася. Вядома, Тарас не мог. Яму трэба было яшчэ год давучвацца на сваёй філалогіі. А яе закруціла няўмольная паводка вайны. Сусветная бойня нібыта скончылася, але мір на землях былой імперыі так і не наступіў. Можна гаварыць, што новая вайна была бараць­бой вольнага свету з бальшавікамі або бальшавікоў з уласным народам, аднак гэта будзе толькі палова праўды. Бальшавікі таксама называлі сябе «вольным светам».

Насамрэч ваявалі там усе супраць усіх.

Гэта быў час, калі адраджалася, а потым адстойвала сваю незалежнасць Польшча, і маладое дзявочае сэрца адгукнулася на покліч Айчыны. Папрацаваўшы трохі ў гарадскіх бальніцах, яна далучылася да польскай сібірскай дывізіі, якая ваявала супраць «чырвоных» на баку Калчака. Зусім маладая, нявопытная. Адзіная жанчына сярод тысячаў жаўнераў. Было ўсяго: і добрага, і благога. Але яна вытрывала, загартавала сваю волю, характар. Кіраўніца і адначасна доктар палявога шпіталя не мае права быць распешчанай, кволай паненкай, таму што гэта не звычайная бальніца. Калі ў акопах на перадавой б’ецца пачварнае сэрца вайны, то ваенны шпіталь – яе агіднае аблічча. Пах карболкі тут перамяшаны з жудасным пахам крыві, спаражненняў і гарэлай чалавечай плоці. Хто хоча ведаць, што такое вайна, – няхай завітае сюды і паглядзіць на адарваныя рукі ды ногі, распоратыя асколкамі жываты, збрыджаныя апёкамі твары і невідушчыя вочы. У вайне няма нічога рамантычнага. Уся рамантыка заканчваецца з заціханнем удалечы бравурнага маршу падчас адпраўкі на фронт. Далей навокал цябе толькі боль і смерць.

Страшнейшым за вайну можа быць толькі бальшавіцкі палон. У дывізіі, дзе яна служыла, таксама з палоннымі не надта каб цырымоніліся, але тут… Тут ты проста не ведаеш, што будзе з табой праз гадзіну. Ейная жаноцкасць ды званне капітана выклікалі шквал здзекаў, і яна ціха спарола пагоны, каб схаваць куды далей. Пагроза трохі зменшылася, але бясконцыя непрыстойныя жарты ды пажадлівыя позіркі сведчылі, што цалкам небяспека нікуды не знікла.

Пацягнуліся поўныя прыніжэнняў месяцы ў лагеры для ваеннапалонных у Верхняўдзінску – сталіцы марыянеткавай Далёкаўсходняй рэспублікі.

Бальшавікі ўвогуле любяць ствараць на сваіх межах марыянеткавыя дзяржавы, каб пакарыстацца з іх уяўнае незалежнасці, а потым, калі неабходнасць у існаванні чарговай кішэннай рэспублікі адпадзе, – адным росчыркам уладнага пяра далучыць яе да сваёй Савецкай Расіі. Праблемаў з тым ніколі не было і не будзе, бо ў тых фальшывых дзяржавах усё вырашае Масква.

Яніна не ведала, колькі яна можа пратрымацца ў няволі. Ніводзін чалавек гэтага не ведае. У стане пастаяннага нервовага напружання злом можа адбыцца кожную хвілю. Дзякуй Богу, сярод бальшавіцкіх камандзіраў знайшоўся прыстойны чалавек. Дазнаўшыся, кім служыла ў польскай дывізіі капітан Гурыновіч, ён прызначыў яе лагерным лекарам. Тут ужо было лягчэй і больш бяспечна. А праз нейкі час яе вывезлі з няўтульнага і змрочнага Далёкага Усходу супрацоўнікі Чырвонага крыжа. Тое вяртанне на радзіму праз Японію, Індыю, Францыю і Нямеччыну нагадала ёй падарожжы Марка Пола. Можа, варта паспрабаваць напісаць пра гэта кнігу? Чаму не? Вунь Бронюсь піша, мо атрымаецца і ў яе.

Яніна не была ў Вільні шэсць гадоў. Пакідала расійскі горад, а вярнулася ў польскі. Як ваеннага доктара яе накіравалі ў віленскі вайсковы шпіталь. Але працаваць там яна не змагла, бо пасля перажытага ненавідзела ўсё, што звязана з вайной. Цяпер Польшча здабыла волю, і не дай Божа дзяржаве ўвязацца ў новую бойню. Халера з ёй, з гэтай вайсковай кар’ерай, абрыдла несвабода і дурное часам салдафонства. Калі чалавека вабіць навука, то чаму ён мусіць займацца чымсьці іншым?

А тут гэты непапраўны ідэаліст і рамантык Тарас са сваімі беларускімі праектамі. Даць усходнім крэсам аўтаномію? Ну добра, чаму не? Але дзе гарантыя, што потым крэсовыя беларусы не захочуць аб’яднацца з Саветамі? Мае рацыю пан Уладычка. Тыя не прапусцяць зручнага моманту, каб падбухторыць. Мабыць, дзеля гэтага і трымаюць пакуль гэтую марыянеткавую беларускую рэспубліку, не забіраюць яе наўпрост да Масквы.
І што тады? Зноў вайна?! Матка Боска, ведалі б гэтыя рамантыкі, да чаго можа прывесці іхні рамантызм.

Гэта ж трэба, зрабіць з патомнага польскага шляхціца – беларускага паэта!

Яніна глядзела на свет зусім іначай, чым Бронюсь. Нават гэтую зеленаватую водную плынь дванаццаць год таму яна, напэўна, бачыла б па-іншаму. Самыя блізкія людзі, калі ім наканавана пражыць некалькі год на адлегласці ў тысячы вёрст, аддаляюцца адно ад аднаго.

– Калі ты гэта напісаў?

– Улетку, – падняў вочы Бронюсь. – Ніяк не магу прыдумаць фінал.

Альтанка, спавітая даўно пажоўклым ад начных прымаразкаў дзікім вінаградам, яшчэ памятала тое лета і клікала да сябе, а яны сядзелі на лаўцы па-над ціхай восеньскай рэчкай.

Такія блізкія і такія чужыя.

 

IV.

Ці даўно Броня стала мне чужой? Я нічога не заўважаў да самага апошняга: тады мяне ўвогуле мала што цікавіла, акрамя народных песень і падпольнае працы. А можа, я быў занадта ўпэўнены ў сваёй бясхібнасці. Куды яна падзенецца, мая малая Пяткевічанка? Мы насамрэч былі амаль роднымі; калі я кагосьці кахаў у сваім жыцці, дык толькі яе. Ці кахала яна мяне? Не ведаю… Здаецца, што так. Але ў гэтым свеце, мабыць, самае гарачае пачуццё лёгка астуджаецца і чэзне ад грубасці і насмешак. Напэўна, Броня чакала ад мяне рамантычных слоў і прызнанняў, планаў на супольнае жыццё, свой дом, поўны дзіцячага смеху. А атрымлівала бязглуздыя дачэпкі ды кепікі. Сорам сказаць, але ў пазнейшых лістах да Ружы я не дазваляў сабе й паловы таго, што дазваляў тут. Што гэта? Несусветнае глупства? Дурная беспадстаўная рэўнасць?

«Хто каго любіць, той таго й чубіць», – кажуць у народзе.

Спрэчна, вядома.

Калі ты віншуеш дзяўчыну са святам і фанабэрыста дадаеш, маўляў, вымушаны скласці вам віншаванні – дык на якія адносіны з яе боку можна разлічваць? Калі ўсе гэтыя святы, на тваю думку, ёсць непатрэбным перажыткам мяшчанства, дык тады не віншуй зусім…

Той ліпеньскі ліст, атрыманы два гады таму, стаўся для мяне грымотамі сярод яснага неба. Браніслава пісала, што выязджае ў нейкі маёнтак блізу Вількаміра… Салькаў ці што… А ўжо праз пару тыдняў адбудзецца шлюб…

То быў удар. Пана-студэнта Тэхналагічнага інстытута скінулі з вышыні, на якую ён сам сябе паставіў. Спачатку я не паверыў – мала што можа напісаць малое неразумнае дзяўчо. Потым раззлаваўся і накрэмзаў у адказ жорсткі гняўлівы ліст, абвінавачваючы сваю (сваю?!) Пяткевічанку ў хлуслівасці і здрадзе. Добра, што хапіла розуму не адпраўляць, бо неўзабаве прыйшло асэнсаванне. Усведамленне таго, што ніякай хлусні і ніякай здрады не было. Броня нічога мне не абяцала, мы не былі заручаныя, з майго боку ніколі не прагучала нават намёку на магчымую жаніцьбу. То чаго я хацеў? Нас можна было назваць блізкімі прыяцелямі, ды і тое пад пытаннем, бо што гэта за блізкае сяброўства, калі адзін глядзіць на другога звысоку.

Але менавіта тымі душнымі ліпеньскімі начамі я ўпершыню адчуў, як гэта, калі баліць сэрца. Апошнім часам у бастыёне гэты боль азваўся зноў.

Прагулка тут доўжыцца паўгадзіны. Я хаджу вакол турэмнай лазні пад пільнымі позіркамі стражнікаў. Уверсе вісіць сувора аточанае непрыступнымі мурамі вязніцы шэрае неба. Неба тут амаль заўсёды шэрае, рэдка бывае чыстым, але яно – свабоднае. Яго няможна падначаліць, падпарадкаваць або забараніць. Гляджу на ахоўнікаў, якія прыхінуліся да сцяны, і мне раптам становіцца смешна. Я разумею, што яны зусім не бачаць гэтага неба. Яны не бачаць нічога, акрамя таго, што ім загадана бачыць! Ні мурашкі, якая паўзе па зямлі да вядомай ёй адной мэты, упарта адольваючы перашкоды. Ні травы, якая штовесну настойліва прабіваецца праз цвёрды скамянелы грунт.

Куранты на саборы б’юць сваю абрыдлую мелодыю, тут іх чуваць добра. Значыць, час шпацыру выйшаў, і трэба вяртацца ў камеру, зноўку пераапранацца ў ненавісную арыштанцкую вопратку.

Дзе цяпер Броня? Па-ранейшаму ў тым Салькаве? Як жывецца ёй у нешчаслівым шлюбе? Зрэшты, з чаго я ўзяў, што ейны шлюб нешчаслівы? Прыдумляю сабе немаведама што…

Кажуць, хлопцы часта выбіраюць дзяўчат па імені. Хтосьці больш любіць Ганулек, камусьці даспадобы Аленкі… Але каб нехта выбіраў сабе дзеўку па прозвішчы! Мая Стася – таксама Пяткевічанка. Я ўпарта пераконваў сябе, што маю да яе пачуцці, часам нават сам верыў у гэта. Хоць лучыла нас толькі агульная справа: жаданне працаваць на карысць простага рабочага люду, дзеля яго прасветы і шчасця. Ды… Са Стасяй я хоць на нейкі час забываўся пра Браніславу.

Іду па турэмным калідоры, і мяне вядзе набок, я прыхінаюся да сцяны. Гэтак ужо было заўчора. У вачах разліваецца бэзавая смуга, кожны крок адгукаецца болем увушшу. Ледзьве дацягваюся да камеры і валюся на лямцавую посцілку. Чую, як шалёна тахкае ў грудзях сэрца. Паступова яно суцішваецца. Што гэта са мной? Нешта такое было ў пачатку маёй першай зімы ў Пецярбургу, калі я захварэў на тыфус. Але ж на тыфус двойчы не хварэюць.

Восень перад той зімой была цяжкай. Пачыналася ўсё вельмі добра: амаль усе экзамены я здаў на «выдатна» (уяўляю сабе твар дзядзькі Абдона, калі ён прачытаў пра тое ў лісце). Перад шчаслівым студэнтам-тэхнолагам адкрываліся новыя далягляды. Навокал віраваў вялікі горад, хай сабе фанабэрысты, халодны і тлумны, аднак па-свойму прыгожы. Меўся даволі ўтульны пакойчык з крэсламі, столікам і кветкамі на абодвух вокнах. Праўда, каб яго знайсці, давялося цэлы дзень, высалапіўшы язык, у жнівеньскую гарачыню караскацца па незлічоных лесвіцах. Але ж знялі ўсё-такі добрую кватэру, і па прыстойным кошце. Не танна, вядома, але і не занадта дорага. А яшчэ – побач былі старыя віленскія сябры.

Першыя дні я з заміраннем сэрца заходзіў у будынак Тэхналагічнага інстытута на рагу Забалканскага і Загараднага праспектаў. Дзівіў строгі абрыс велічэзнай трохпавярховай будыніны, у якой няма нават параднага ўваходу: патрапіць усярэдзіну льга толькі праз вузкія дзверы з левага боку фасада, нібы праз якую шчыліну. А за тымі дзвярыма схаваная, мабыць, не адна вярста скляпеністых калідораў і пераходаў, дзясяткі прасторных аўдыторыяў і залаў з масіўнымі драўлянымі крэсламі, на спінках якіх выразана эмблема інстытута. І паўсюль студэнты ў аднолькавай шэра-зялёнай уніформе з меднымі гузікамі на куртках.

Душа спявала ад таго, што я цяпер далучаны да гэтага свету, што я ёсць яго часткай і праз некалькі гадоў выйду адсюль зусім самастойным інжынерам-тэхнолагам. Але радасць ад паступлення была нядоўгай. Неўзабаве пачаліся шэрыя будні навучэнца-сіраты з увесьчаснай эканоміяй і нястачай.

Грошай не ставала катастрафічна.

Найперш неабходна было аддаць паўсотні рублёў за навучанне. А да таго ж выявілася, што трэба тэрмінова набыць поўны камплект той самай шэра-зялёнай уніформы. Менавіта поўны камплект, бо да таго, што зазвычай носяць студэнты ў аўдыторыях, дадаецца яшчэ зімовы шынель і два рабочыя касцюмы. І ўсе гэтыя рэчы каштуюць грошай, якія таксама мусіш заплаціць як мага хутчэй, іначай табе не выдадуць студэнцкі білет. А тое, што ў цябе ў кішэні пасля аплаты кватэры вось-вось засвішча вецер, ну то што ж – пішы дадому, няхай вышлюць яшчэ рублёў пяцьдзясят.

І пісаў, і прасіў. І ашчаджаў на ўсім, на чым толькі мог.

Ежа тут дарагая, таму купляў адно хлеб ды гарбату. Суседзі-прыяцелі часта прапаноўвалі мне масла ці сыр, але браць што-колечы ад іх, не даючы нічога ўзамен, было няёмка. А ў золкую непагадзь пецярбургскай восені мяне напаткала новае выпрабаванне: я застаўся без абутку. Куплёныя ў Вільні камашы разлезліся ад першай слаты. Давялося сшываць іх ніткамі, каб хоць трохі трымаліся на назе, але ад мокрадзі тое не ратавала. Вада адразу працякала-прасочвалася праз мае саматужныя швы і агідна хлюпала пад ступакамі. Кажуць: трымай ногі ў цеплыні, а тут… Яшчэ крыху, і злашчасныя камашы пагражалі сапсавацца зусім, так, што неўзабаве не засталося б там чаго і рапараваць. Грошай на новыя ў мяне не было. Добрыя камашы каштуюць тут рублёў сем. Вядома, ёсць і таннейшыя, але хто паручыцца, што яны не распаўзуцца гэтак жа хутка, як віленскія? Да таго ж надыходзілі халады, і немінуча трэба было купляць боты.

Зноў пісаў дадому, зноў прасіў…

Грошы на абутак мне прыслалі, але разам з тым я добра атрымаў на арэхі ад дзядзькі з цёткай, нібыта я нейкі мантач. Гэта было невыносна крыўдна. Хіба я шыкаваў? Хіба не разумеў, як цяжка матулі адной? Што грошы патрэбныя не толькі мне, але і маім братам ды сёстрам? З мяне зрабілі закончанага эгаіста-марнатраўцу, але як мне было жыць галоднаму ды босаму ў чужым горадзе?

Вучыцца ў такіх варунках было няпроста: думкі пастаянна саслізгвалі на іншае. Але я стараўся. Па вечарах пад неўразумелымі позіркамі сяброў упарта рыхтаваўся да семінараў, атрымліваў ад выкладчыкаў добрыя і выдатныя адзнакі. І калі напачатку зімы адчуў сябе блага, падумаў, што проста ператаміўся. Сон чамусь перастаў вяртаць сілы, раніцай я прачынаўся такім жа стомленым, якім быў вечарам. Праз пару дзён да страшэннай млявасці дадалася дрыготка. У вялікае люстэрка насупраць ложка на мяне глядзеў зусім іншы чалавек: з цёмнымі ямінамі пад вачыма, запалымі шчокамі, завостраным носам і крыху жаўтаватай скурай на ненатуральна бледным твары.

А далей я мала што памятаю.

Кароткія ўспышкі свядомасці захавалі схіленыя нада мной твары, нейкую цьмяную карэту, цоканне конскіх падковаў аб брук і столь вялікай хаты. Нібыта сялянскай, але зусім пустой, у якой няма ані печы, ані ўнутраных перагародак. Адно столь. Але чамусь надта высокая, ды яшчэ з падвешанай на ёй сляпучай лямпай. Часам чуліся нечыя галасы, няясныя незразумелыя гукі і пахі, а потым памяць зноў правальвалася некуды глыбока ў цемру, адкуль не відаць і не чуць нічога.

Пазней мне сказалі, што я два тыдні ляжаў на мяжы жыцця і смерці. Калі хвароба адступіла і збольшага вярнулася прытомнасць, стала зразумела, што мяне прывезлі ў лякарню. Тое, што ў трызненні падалося дзіўнай сялянскай хатай, на яве аказалася даўжэзным баракам. Усю прастору будыніны займаў адзін доўгі пакой, без ніякіх перагародак, таму мне і бачылася толькі столь. У памяшканні было холадна. Хоць каля ўваходных дзвярэй стаялі ажно дзве высокія круглыя печы, абабітыя бляхай, але палілі іх нямоцна, так, каб нельга было змерзнуць. Спярша я думаў: шкадуюць дроваў, а потым дазнаўся, што ў холадзе тыфус пераносіцца лягчэй, і ў хворага болей шанцаў акрыяць. Натуральна, я быў тут не адзін. Уздоўж сценаў з высокімі вузкімі вокнамі стаялі два шэрагі ложкаў, на кожным з якіх пад цёмнай коўдрай пазнаваўся спакутаваны, высмактаны страшнай хваробай чалавек. Хтосьці ляжаў ціха, хтосьці кідаўся ў ліхаманцы. Юнаку насупраць мяне, відаць, было зусім цяжка, ля яго ўвесь час завіхалася медсястра. Зусім маладая, танклявая, яна здавалася такой безабароннай перад бязлітаснай пошасцю. Глядзеў на яе і думаў: мабыць, калі я ляжаў у бяспамяцтве, гэтаксама яна схілялася і нада мной.

Паступова сталі вяртацца сілы, і недзе пасля Трох Каралёў я першы раз выйшаў у двор. Памятаю, мяне хіснула. Ці то ад свежага паветра, ці то ад пабачанага. Паабапал нядаўна пракладзеных і абсаджаных дрэўцамі дарожак раўнюткімі шэрагамі стаялі два дзясяткі такіх жа самых баракаў, а непадалёк месцілася капліца, дзе выпраўлялі ў апошнюю дарогу тых, каму не пашэнціла выйсці адсюль жывымі.

Мне пашэнціла.

Ударылі званы на Аляксандра-Неўскай лаўры побач з барачнай лякарняй. І лякарня тая таксама называецца Аляксандраўскай. Зноў Аляксандраўская! Як жа інакш у гэтай дзяржаве, дзе за адно стагоддзе тры імператары – Аляксандры? Але простыя людзі завуць тую бальніцу «боткінскімі баракамі», бо заснаваў яе Сяргей Боткін – знакаміты вучоны доктар. Мабыць, яму я і абавязаны тым, што жыву дагэтуль.

Выпісалі мяне з лякарні ў канцы студзеня, пратрымаўшы паўтара месяца. Зразумела, пра вяртанне ў інстытут не магло ўжо быць і гаворкі, давялося падаваць прашэнне аб звальненні і прасіць пра новае залічэнне на першы курс пасля летніх вакацый. Адказ я атрымаў не адразу, але ў выніку дырэкцыя пагадзілася пакінуць студэнта Гурыновіча ў інстытуце. Увосень я зноў мусіў прыступіць да заняткаў, ужо без уступных іспытаў.

Можна было ехаць дадому набірацца сіл.

Гляджу ў амаль цёмнае неба за закратаваным акном і думаю: якое ж яно ўсё-такі рознае, гэтае неба. Там, на радзіме, у Вільні, у Крыстынопалі, яно зусім іншае, чым тут, у Пецярбургу. Чаму я гэтага не заўважаў раней? А можа, мне тое толькі здаецца, і нябёсы паўсюль аднолькавыя?

Учора не пісаў нічога. Думаў верш пра гэтую д’ябальскую цішыню, пра глухую адзіноту і фальшывую ад холаду мелодыю курантаў, якая бесцырымонна і нахабна трапляе ў прачыненую фортку, нібы твар наглядчыка… Чаму я не зачыняю акно ў халадэчу? Таму што сталі паліць у печах, і некалькі гадзін на дзень у маім «нумары» стаіць страшэннае пекла і задуха. Скардзіўся, прасіў не паліць так моцна – сапраўды сталі цяпліць слабей, але ўсё роўна пры шчыльна зачыненай фортцы няма як дыхаць.

Верш не складаўся. Вобразы барукаліся з рыфмамі і ніяк не маглі пры­йсці да згоды, ламаўся рытм. Пры адсутнасці натхнення нахлынулі думы. Я глядзеў, як згасае па той бок кратаў нягеглы восеньскі дзень, і ўспамінаў сваё лета пасля шпіталя. Ужо ссутонела, сцямнела, а я сядзеў у цемрыве, не запальваючы газоўку. Навошта яна мне была? Для ўспамінаў святло не патрэбнае. Колькі часу так мінула, не ведаю. Куранты за мурамі бастыёна чарговы раз завялі свой вернападданніцкі перазвон, калі дзверы з нязвыклым грукатам расчыніліся, і ў камеру літаральна ўбег наглядчык. Твар ягоны ў ценю ад бляклага святла з калідора разгледзець было немагчыма, але мне ён падаўся спалоханым. Мабыць, яшчэ і таму, што служака раптам забыўся на забарону размаўляць з вязнямі і нервова выгукнуў у мой бок:

– Чаму не паліце агню?!

– А што? Думалі, я памёр?

Чамусьці мне стала надта весела. Вочы наглядчыка яшчэ не прызвычаіліся да цемры, і ён не мог мяне бачыць. Я ж добра бачыў яго постаць у светлым праёме дзвярэй, і ў мяне ўзнікла шалёная думка: неспадзеўкі кінуцца на турэмшчыка, паваліць на падлогу і ўцякаць. Але ўсё гэта, вядома, было дурноццем. Часам адчайныя авантуры канчаюцца поспехам, ды толькі не ў гэтым выпадку. Нават калі б мне, змарнеламу і кволаму, удалося адужаць гэтага плячыстага стражніка, дакуль я мог уцячы? Паміж дзвярыма маёй камеры і воляй – яшчэ не адны краты і дзверы з моцнымі засаўкамі і замкамі. Дый хіба там, за ўсімі гэтымі мурамі і кратамі, – воля? Калі ўся краіна – турма, і няма каму тую турму разбіць, зламаць.

Пераканаўшыся, што я не ўцёк, што са мной наогул нічога не сталася, стражнік паспакайнеў, зноўку нібы набраў у рот вады і прыняў паважны выгляд. Ён прасачыў, пакуль я запалю газоўку, акінуў пільным вокам усе закуткі маёй вязніцы і з годнасцю выйшаў, замкнуўшы за сабой дзверы. Парадак у адной асобна ўзятай камеры бастыёна быў паспяхова адноўлены.

А тое маё лета надарылася сапраўды шчаслівым.

За вясну я зусім акрыяў, да Сёмухі ад хваробы не засталося і знаку. Інстытут чакаў мяне ўвосень без ніякіх дадатковых іспытаў – рыхтавацца не трэба было, а значыць, можна займацца ўлюбёнымі справамі. Чытаць, спрабаваць пісаць што-кольвек сваё. Не для друку, вядома, а так, для сябе. Неяк сярод бацькавых кніг мне трапіўся том «Запісак рускага геаграфічнага таварыства». Разгарнуў яго наўздагад, і ў грудзях перахапіла дыханне. У кніжцы былі надрукаваныя народныя песні на мове нашых сялянаў. На нашай мове. Я чытаў яе ўвесь дзень, вяртаючыся да асобных песень зноў і зноў, уяўляючы напевы і чыстыя дзявочыя галасы, якія гэтыя напевы выводзяць. Часцей за ўсё сумныя, журботныя, а часам гарэзлівыя ды вясёлыя. Сабралі тыя спевы пад кніжную вокладку Павел Шэйн ды Іван Насовіч, славуты аўтар таўшчэзнага беларускага слоўніка.

І гэта сапраўдны скарб!

Матка Боска, думалася мне, а ў нашых вішнеўскіх ваколіцах песні ніколькі не горшыя, проста ніхто не даўмеўся іх запісаць. Ёсць падобныя ды тых, што ў «Запісках», а ёсць і зусім не падобныя. Ці спяваюць іх яшчэ дзесьці, акрамя прывялейскага краю? Вось жа з раніцы наша пакаёўка Кася з суседніх Золькаў ціха напявала нешта такое шчымлівае і жаласнае, што, нават не чуючы слоў, хацелася слухаць і слухаць. Чаму не падышоў, не папрасіў праспяваць на поўны голас? Пасаромеўся? Ці мо пагрэбаваў, як многія вяльможныя паны?

Зараз жа пабег да яе і запатрабаваў, каб прапяяла мне тую песню, што спявала сама сабе ўранні. Маўляў, такая харошая песня, я яе запішу, надрукую ў кніжцы… Спачатку дзеўка не ўцяміла, пра што я наогул кажу, а потым перапалохалася: «Не, не… Што пан такое ўдумаў… Мужыцкія спевы – ды ў ксёнжку, гэта ж людзі засмяюць… Дый не памятаю тую песню зусім, і няма ў ёй нічога вартага панскай увагі». Як я ні ўгаворваў, што ні рабіў, і «Запіскі» тыя паказваў: «Паглянь, – кажу, – колькі тут песенек мужыцкіх надрукавана, а твая ж у сто разоў прыгажэйшая», – усё марна. Кася і слухаць нічога не хацела. Давялося мне ісці на хітрыкі: назаўтра зноў падышоў да яе і папрасіў праспяваць проста для мяне. Прысягнуў на святым крыжы, што не буду нічога запісваць і друкаваць, сказаў, нібыта перадумаў, бо гэта сапраўды глупства, але песня так мне спадабалася, што вельмі хочацца яе пачуць ад пачатку і да канца. Не адразу, але Кася пагадзілася. Дзяўчына спявала для мяне расчырванелая, а я слухаў, імкнучыся запомніць кожнае слова, каб потым запісаць у сваім пакоі, і думаў: якая яна прыгожая. У тую хвілю было мне вельмі сорамна за свой падман. Спадзяюся, Пан Бог даруе мой гэты грэх, яно ж было дзеля добрае справы.

 

Каліна-маліна, чаго ў лузе звяла?

Ці ветру баішся, ці дажджу жадаеш?

– Вятроў не баюся, дажджоў не жадаю,

На тваю дзяўчыну вялікі жаль маю.

Вялікі жаль маю: калінку ламала;

Калінку ламала – лісток пацярала,

А ў роўненькім полі царкоўка стаяла,

Там жа дзяўчына з нялюбым шлюб брала…

 

З тае першае песні пачалася мая праца. Я хадзіў на сялянскія палеткі і вясковыя вечарынкі. Напачатку моладзь на тых вечарынках старанілася мяне: што робіць паніч сярод мужыкоў? А потым прызвычаіліся, лічылі амаль за свайго. Навучаны горкім досведам з Кацярынай, я стараўся не падаваць выгляду, што цікаўлюся песнямі, запісваў іх таемна. Калі хто пытаўся, што там такое пан запісвае ў сшытачак, – аджартоўваўся. Але былі сярод сялян і такія, хто хутка здагадваліся пра маю задуму і, тым не менш, ахвотна спявалі для мяне, каб я, не хаваючыся, мог спакойна занатаваць кожнае слова. Такім быў Аляксандр Шляпа. Проста на ўласным падворку ён прапяяў мне безліч цікавых прыпевак. Ставала там і горкага, і смешнага, і нават… не надта прыстойнага. Гэты ўсмешлівы, гуллівы мацак з густой саламянай чупрынай і гарэзлівым, але ў той жа час праніклівым позіркам адкрытых сініх вачэй нават пытаўся ў мяне: а ці можна, каб у ксёнжцы адціснулі, маўляў, так і так, прыпеўкі гэтыя запісаныя ад вольнага чалавека з сяла Дзям’янавічы Ляксандра Шляпы…

Я запісваў народныя спевы цягам кожных вакацый, прыязджаючы з Пецярбурга, і выхадзіў ці не ўсе ваколічныя сцежкі-дарожкі. Шмат разоў бываў у самім Вішневе. У тамтэйшым маёнтку раней жыў пан Карловіч, вучоны чалавек, які вельмі прыхільна ставіцца да народнага слова. Там я і пазнаёміўся з ягоным сябрам – адзіным на ўсю Беларусь сапраўдным беларускім паэтам Францішкам Багушэвічам. Ён, як я зразумеў, юрыст і прыехаў у Вішнева, каб упарадкаваць нейкія справы, здаецца, падрыхтаваць маёнтак да продажу, бо гаспадары даўно ўжо жывуць за мяжой. Пан Багушэвіч зрабіў на мяне вялікае ўражанне. Моцны, каржакаваты, з чорнай, месцамі падсветленай сівізной барадой, ён нагадваў заможнага працавітага гаспадара з якой-небудзь недалёкай вёскі, але ў глыбіні вачэй ягоных пад высокім, пасечаным шматлікімі зморшчынамі лбом хаваліся самота, боль і стома. Так бывае толькі ў паэтаў і паўстанцаў, якія так і не дачакаліся ўвасаблення сваіх мараў. Пан Багушэвіч падахвоціў мяне ў маёй працы, параіў збіраць не толькі народныя спевы, але і показкі, загадкі. З таго часу я браў з сабой нататнік паўсюль, нават выпраўляючыся на паляванне ці пакатацца на чоўне па возеры. Ніколі не ведаеш, калі табе трапіцца пачуць цікавае выслоўе ці прымаўку.

Пачутае я пераносіў на паперу менавіта так, як яно гучыць: не głowa або голова, але галава. Усё рабіў паводле інструкцый, надрукаваных у кракаўскай «Вісле». Начамі перапісваў гэтыя інструкцыі і перадаваў добрым знаёмым, каб яны таксама далучаліся да збору народнай творчасці. Усё сабранае адсылаў Яну Карловічу ў Варшаву. Пан Карловіч абяцаў, што мае матэрыялы будуць выдадзеныя цалкам, за выняткам толькі непрыстойных песенек. Уяўляю сабе няшчасны твар майго жартаўлівага гаваруна Шляпы, калі б той дазнаўся пра гэткі вердыкт шаноўнага рэдактара. У апошнім лісце пан Ян напісаў, што справа зрушылася, і ў кракаўскіх «Зборах паведамленняў аб айчыннай антрапалогіі» рыхтуюць да друку мой зборнік беларускіх рэчаў. Але ці выйшаў ён – хто ведае… Вельмі хачу, каб у назве захавалася слова «беларускі». Каб не памянялі на «крэсовы» або «народны». Я казаў Карловічу, што гэта прынцыпова для мяне, але ці прыняў той маё пажаданне да ведама і ці перадаў яго ў Кракаў? А калі перадаў, дык ці прыняў яго пад увагу кракаўскі рэдактар, які займаецца выпускам тых «Збораў»?

Чым даўжэй я збіраў па навакольных вёсках песні і выслоўі, тым бліжэйшым мне станавілася жыццё простага люду, ягоныя думкі, клопаты. І тым выразней я разумеў, што аднаго збірання народнай творчасці мала.

На маёй зямлі паралельна існуюць два розныя сусветы. Такога не мусіць быць, але так ёсць. У кожнага з гэтых сусветаў свой лад, свае прымхі, нават свая мова. Яны абыякавыя, а часам і варожыя адзін аднаму. У меншым з іх жыве прывілеяванае саслоўе, чынавенства, камерсанты і багацейшае мяшчанства, якія маюць усё: выгоднае жытло, добрую ежу, магчымасць вучыць сваіх дзяцей, цешыцца літаратурай ды музыкай. У большым – гаруюць тыя, хто не мае нічога, акрамя працы з цямна да цямна ды беднай хаціны пад саламянай страхой. Пра гэтыя два сусветы я і сам ніколі не думаў, пакуль мне не адкрыў на іх вочы аповед пані Ажэшкавай «Малюнак з галодных гадоў».

«Паслухайце, стройныя паны і пані, раскажу я вам кароткую повесць. З блішчучых вышак вашых ці глянулі калі-кольвек на дол, нізка, у глыбіну гэных слаёў обшчэства, каторыя цёмныя, нэндзныя, з стройных абдзёртыя, цяжка працуюць? Ці відзелі, якія цярпення нуртуюць на гэных днах глыбокіх, якія мукі раздзіраюць грудзі гэтай смутнай для нас ваўны людзей жывых?..»

Бываюць у літаратуры творы, што пераварочваюць душу. Гэты кароткі і знешне просценькі аповед – якраз той выпадак. Гісторыя пра каханне простых і працавітых людзей, якія гінуць ад голаду, бо вышэйшы свет бляску і багацця не заўважае іхняй страшнай бяды. Пан і пані з суседняга маёнтка, здаецца, неблагія гаспадары: не лаюцца, не б’юцца, культурныя. Але гора чалавечага па-за сценамі свайго палацыка яны не прыкмячаюць. Адзінае, на што іх стае, – расказаць пра заўчасную смерць хлопца і дзяўчыны сваім выкшталцоным гасцям, павохкаць хвіліну-другую і тут жа забыцца пра няшчасных закаханых. Нібыта бяду гэтую няможна было прадухіліць. Бог даў – Бог забраў.

Я і раней бачыў пустэчу і фальш свецкіх салонаў, але цяпер яны мне сталі проста агіднымі. Не магу там бываць, не магу глядзець на гэтых спешчаных лялькападобных паняў ды паненак, на расфранчаных фанабэрыстых паноў, якія сыплюць направа і налева кампліменты або з выглядам вялікіх знаўцаў разважаюць пра малазнаёмыя ім рэчы. Аб чым гавораць гэтыя людзі, пра што думаюць? Які ў іх клопат, акрамя таго, каб знайсці сабе чарговую забаўку ды весела правесці час?

Каб два супрацьлеглыя сусветы нашага грамадства спачатку зблізіліся, а потым зліліся ў адзін праўдзівы нацыянальны сусвет, недастаткова перакласці на народную мову апавяданне пані Ажэшкавай. Мала перакладаць на гэтую мову чужыя вершы ды спрабаваць пісаць на ёй свае. Мала апісваць цяжкую працу на заводах і фабрыках, рэзкія гудкі якіх палохаюць нават звыклых да ўсяго гарадскіх птушак. Мала збіраць народныя спевы. Усё пералічанае важна, але гэтага недастаткова. Трэба працаваць над народнай асветай, каб просты чалавек ведаў, хто ён ёсць у гэтым свеце. Што ён нічым не горшы за пана, а пан нічым не лепшы за яго; што ўсе людзі роўныя ад нараджэння і мусяць мець аднолькавыя правы. Толькі на такім падмурку можа існаваць моцная і справядлівая дзяржава – без прыгнёту і чыноўніцкай сваволі.

Балазе, я быў не адзіны, хто так думаў.

Разам са мной у інстытут ехалі старыя гімназічныя сябры Казік і Юзік. Дый я сам ужо не быў тым сарамлівым старанным першакурснікам, які годам раней упершыню пабачыў Пецярбург. Кажуць, сапраўдныя студэнты цягам года ў кніжкі нават не зазіраюць, а пасля чарговых іспытаў выглядаюць нібыта знятыя з крыжа. Гэта недалёка ад праўды. Мяне заўсёдныя перадэкзаменацыйныя ўсяночныя таксама не абмінулі, аднак не сказаць, што я зусім не заглядаў у кнігі. Заглядаў, і часта, але пераважна не ў тыя, якія вымагала інстытуцкая навука.

Мяне цікавілі паравозы. Гэта сапраўдны трыумф чалавечай думкі – магутная машына, здольная хутка і без вялікіх выдаткаў перавозіць на далёкія адлегласці сціжмы людзей і тавараў. Я марыў зрабіць паравозы яшчэ больш хуткімі, меў на гэты конт некалькі ідэй. Некаторыя з іх давялося адкінуць з-за непрыдатнасці: яны аказаліся добрымі адно ў тэорыі, але адна ідэя выявілася цалкам рэальнай, і мне ўдалося даволі далёка сягнуць у яе распрацоўцы. Сёлета я ўжо стаяў на парозе адкрыцця, толькі ўсе запісы, разлікі, накіды чарцяжоў засталіся ў той скрынцы, якую я наказаў брату забраць у буфетчыцы Арцымовіч. Папярэдзіць, каб ён захаваў паперы пра маё вынаходніцтва, у кароткае турэмнае спатканне неяк не прыйшло ў галаву, і Ян, мабыць, даўно спаліў змесціва той скрынкі. Шкада, вядома, але нічога – усё можна будзе аднавіць.

Абы толькі выйсці адсюль.

Аднак часцей за ўсё я трымаў у руках не кнігі пра паравыя машыны, клапаны ды кулісы, не даведнікі пра металы і сплавы, а літаратуру, чытаць якую ў гэтай краіне няможна. Бо яна выкрывае бязлітасную эксплуатацыю чалавека чалавекам і асуджае дзяржаўны лад, што грунтуецца на завуаляваным рабстве. З многімі рэчамі, выкладзенымі ў гэтых кнігах, нельга не пагадзіцца, і мне хацелася, каб іх праўдзівую навуку спазнаў просты люд. То была б сапраўдная народная асвета маіх мрояў. Навука, якая б падняла велізарную частку нашага грамадства з багны забітасці і невуцтва. Ведаю, многім старым панам тое будзе не даспадобы, але кожны чалавек мусіць усведамляць, што ён – чалавек, а не быдла. І жыць згодна з гэтым усведамленнем.

Неўзабаве да нашай непадзельнай віленскай тройцы далучыліся іншыя аднадумцы: Макс Кіліянскі, Ігнась Непакайніцкі, Антось Міхальскі, Бронюсь Урбановіч… З цягам часу нас стала вельмі шмат, і неяк сама сабою ўтварылася нефармальная зямляцкая суполка моладзі, якая хацела лепшай долі для простага люду сваёй зямлі і гатовая была працаваць дзеля гэтага. Калі я быў на трэцім курсе, наша суполка канчаткова набыла рысы патаемнай арганізацыі: са сваёй структурай, праграмай, статутам. Над назвай доўга не думалі, вырашылі, каб было проста: “Гурток моладзі польскай, літоўскай і беларускай”. Мы меркавалі, што прытрымліваемся канспірацыі, але наіўна разлічваць, што сярод сяброў суполкі, куды можа лёгка ўвайсці кожны студэнт інстытута, і без паручальніцтва, якое патрабуецца для людзей звонку, не знойдзецца ніводнага агента паліцыі. Відаць, за намі сачылі амаль ад самага пачатку.

Ці былі мы рэвалюцыянерамі? Гэта трохі смешна… Якія рэвалюцыянеры са студэнтаў, што проста спрабавалі распаўсюджваць сярод працоўнага люду іншую праўду – не тую замшэлую, прапахлую цвіллю казёншчыны самаўладную традыцыю, якую так адстойвае чынавенства ўсіх рангаў, а жывую праўду, запатрабаваную новым часам. Мы не назапашвалі зброю, не рыхтавалі (крый Божа!) ніякіх тэрактаў. Мы не збіраліся ўзнімаць паўстанне і кагосьці зрынаць. Мы проста хацелі вучыць людзей думаць і разважаць. І патрабаваць справядлівасці. Ды ў гэтай дзяржаве вальнадумства заўсёды было страшным злачынствам.

Калі паміж вальнадумствам і рэвалюцыяй паставіць знак роўнасці – так, мы рэвалюцыянеры. Але папраўдзе менавіта забарона свабоднай думкі спараджае рэвалюцыю, сілкуе ў глыбокім падзем’і яе зародак. Чалавек робіцца рэвалюцыянерам, толькі не маючы шанцаў дамагчыся справядлівасці іншым шляхам. І калі такіх людзей набіраецца вялікая маса – адбываецца выбух. Ніхто і нішто не робіць для рэвалюцыі столькі, колькі самаўладны тыран і нахабны чыноўнік. Калі людзі становяцца рэвалюцыянерамі, у гэтым заўсёды вінаватая дзяржава. І забаронай кніг «злачыннага зместу» тут не ўратуешся, як не ўратуешся ні блакітнымі мундзірамі жандараў, ні маўклівымі турмамі, ні шыбеніцамі на гарадскіх плошчах. Бо немагчыма бясконца ўладарыць з дапамогаю бізуна. Рана ці позна бізун зломіцца, і тады гнайнік прарве.

Я ніколі не лічыў сябе нейкім жаўнерам рэвалюцыі, але жыў апошнім часам у сапраўдным логвішчы рэвалюцыянераў – у доме Цярэнція Бялугіна на вуліцы Падольскай. То мой апошні пецярбургскі адрас. Гэты масіўны пяціпавярховы будынак стаіць на рагу Малога Царскасельскага праспекта. Каваныя парэнчы сходаў і мазаічныя падлогі на лесвічных пляцоўках памятаюць у гэтым доме жывых нарадавольцаў. Яны даволі доўга жылі і працавалі там з фальшывымі дакументамі. Казік казаў – проста ў нашай 39-й кватэры. Нават паказваў пакой, дзе ў падпольшчыкаў быў друкарскі варштат. Маўляў, стаяў на кушэтцы, а калі ім карысталіся, то абавязкова падкладалі пад ножкі кавалачкі гутаперчы, каб заглушыць грукат ад друкавання. Але адкуль гэты Акуліч можа ўсё тое ведаць? Хлус ён, далібог!

Адно вядома дакладна: у час, калі нарадавольцы жылі ў нашым доме, за замах на жыццё гасудара-імператара зусім побач павесілі васьмярых іх таварышаў.

Месца пакарання знаходзіцца літаральна за два крокі ад Падольскай вуліцы – на Сямёнаўскім пляцы каля вакзала Царскасельскай чыгункі.

Кажуць, аднаго з асуджаных – Цімафея Міхайлава – вешалі тры разы. Вяроўка двойчы рвалася пад цяжарам ягонага цела, і каты праводзілі экзекуцыю нановаў. Натоўп абурана гуў: паводле няпісанага закону асуджанаму на смерць належала дараваць жыццё, калі яго не ўдавалася пакараць з першай спробы. Аднак калі справа ідзе пра бяспеку імперыі, часам бывае не да законаў. Тым больш – няпісаных.

Мы не раз хадзілі на тое месца. Там, дзе зараз вакзал, некалі стаяла старая драўляная царква, а сам Сямёнаўскі пляц з усіх бакоў аточаны вайсковымі казармамі. Цяпер на ім будуецца іпадром. Такая вось завядзёнка. Мала знішчыць свайго ворага, расстраляць ці павесіць яго, мала пахаваць яго немаведама дзе. Трэба яшчэ зладзіць на месцы страты або проста на магіле якое-небудзь поле для гульняў. Іпадром… Ці пляцоўку для крыкету…

Учора не пісаў нічога, бо мяне неспадзеўкі выклікалі на допыт. Упершыню за пяць месяцаў няволі. З чым звязаная раптоўная ўвага да маёй асобы? Проста дайшла чарга? Следчыя вырашылі, што арыштант Гурыновіч даведзены да патрэбнага стану? А можа, стражнік данёс пра маю выхадку са святлом, і начальства спалохалася, што я канчаткова з’язджаю з глуздоў?

Па праўдзе, рыхтаваўся я да чагосьці большага. Нуднае, шэрае памяшканне з доўгім сталом, некалькімі крэсламі і грувасткай шафай пры сцяне, дзе са мной гаварылі два такія ж шэрыя і безаблічныя чалавекі – абыякавыя і стомленыя, якім відавочна да смерці абрыдзеў іхні занятак. Следчы Кузубаў і памочнік пракурора Гваздановіч нетаропка і млява пыталіся пра тое, калі ў мяне з’явілася цікавасць да забароненых кніг; пра наш студэнцкі гурток, у якім я апошнім часам быў старшынёю. Было відаць, што адказы на ўсе пытанні ім даўно вядомыя, і мой допыт – больш фармальнасць, чым неабходнасць. Хіба што яны хацелі ўдакладніць пэўныя другасныя акалічнасці. Разумеючы, што хлусіць і выкручвацца няма сэнсу, я шчыра расказваў усё, што не магло надта нашкодзіць ані мне, ані маім таварышам. Абыходзячы небяспечныя моманты і вострыя вуглы.

Гурток наш займаўся вывучэннем сацыялістычнай літаратуры, перакладам яе на рускую мову і распаўсюдам сярод працоўнага люду, пераважна ў гавані ды на Абухаўскім заводзе. Нашай мэтай было, каб простыя людзі ведалі свае правы і маглі дамагацца павагі да сябе як з боку фабрыкантаў, так і з боку ўрада. Сходы ў нас адбываліся недзе раз на два месяцы, там мы і вырашалі: што менавіта варта распаўсюджваць. Кожны мог прапанаваць кнігу або брашуру, якая здалася яму карыснай для народнай асветы. Усе забароненыя выданні мы, натуральна, выпісвалі з-за мяжы праз трэціх асоб за вялікія грошы; хадзілі чуткі, нібыта на гэта адзін з нашых студэнтаў меў нахабнасць ахвяраваць скрыпку сястры, за што выклікаў на сваю галаву праведны гнеў і самой паненкі, і бацькоў.

Апошнюю вялікую замову мы зрабілі праз маю Станіславу. Зрэшты, другая Пяткевічанка таксама ўжо зусім не мая, а Буракова. Надта ж хутка яны там ажаніліся, у сваім Цюрыху, і нават вяртацца ў Вільню ўжо не збіраюцца. Будуць класціся там а дзясятай гадзіне ўвечары і ўставаць а пятай рана, як усе добрапрыстойныя бюргеры, хоць напачатку гэткі лад жыцця іх абурыў: як можна класціся спаць у такую рань? Крыўды ні на Стасю, ні на Юзіка Бурачэўскага ў мяне няма. Па вялікім рахунку, тое, што іхні шлюб стаўся для мяне нечаканасцю, не значыць, што ён быў нечаканым сапраўды. Колькі разоў Стася нахвальвала мне ў лістах пана Бурачэўскага: ах, які ён добры, які гжэчны, як хораша з ім бавіць час. Парой я адно паблажліва пасміхаўся, але зрэдку мяне гэта раздражняла. Што за дзіўная бздура ў дзеўкі: пісаць аднаму хлопцу, як ёй добра з іншым? Цяпер я думаю, Стася бачыла ўва мне проста сябра і дзялілася са мной уражаннямі менавіта як з сябрам. Чаму яна мусіла ўспрымаць мяне неяк іначай? Хіба я сам не пісаў ёй, што не здольны нікога пакахаць? Але чарговая стрэмка ў сэрцы сядзіць. Маленькая і балючая. Выцягнуць яе немагчыма, неяк пазбыцца – таксама. Пакуль не перагарыць ад часу, будзе балець.

Калі не надараліся непаразуменні, са Стасяй было добра і лёгка гутарыць. І пры сустрэчах, і на адлегласці, праз лісты. Яна разумная і дасціпная: магла смешна пажартаваць з нагоды бязглуздых віленскіх плётачак, калі мяне без майго ведама ажанілі з дачкою нейкага багатага пецярбургскага камерсанта, і тут жа сур’ёзна пагаварыць пра новы раман Марыі Радзевіч. А якія клапатлівыя лісты Стася прысылала ў Варшаву, дзе я працаваў летась на летніх вакацыях, шкадуючы, што мне собіла патрапіць туды ў самую гарачыню, калі ўсе выязджаюць на вёску, і таму не ўдасца пабачыць горад такім, які ён ёсць на самай справе. Яна па-сяброўску далікатна раіла ўдасканальваць мову, хваліла мае вершы, казала пра не абы-які талент. А якому паэту не падабаецца, калі яго хваляць? Хоць і сказана “паклёп і пахвалу прымайце безуважна”, аднак мала хто з жыхароў нашага недасканалага свету на такое здатны. Ёй больш падабаліся польскія вершы, але і беларускіх яна не цуралася, цікавілася сабранымі мной народнымі песнямі. Адно часам здавалася мне, што Станіслава Пяткевічанка не зусім шчырая ў сваім зацікаўленні народнай справай і папросту падладжваецца пад мае настроі. То яна хвілінамі натхнёна расказвае пра сваю мару зрабіцца ўласніцай капялюшнай майстэрні, разважае, за кошт чаго пераможа канкурэнтаў, і раптам абрываецца на паўслове: ай не, як жа гэта я буду ўласніцай – тады ж мне давядзецца эксплуатаваць сваіх работніц. У такія моманты ейныя словы больш нагадвалі дзявочае какецтва, чым сур’ёзную гутарку. Ды хто ведае… Можа, мне тое толькі здавалася.

Я адкрыта сказаў ротмістру Кузубаву, што буйную партыю кніг за мяжой мы замаўлялі праз Станіславу Пяткевіч. Хацеў пацвяліць яго, дакладна ведаючы, што схапіць Стасю ў Вільні жандарам не ўдалося, а дацягнуцца да яе ў Цюрыху не здатныя нават іхнія доўгія рукі. І з задавальненнем заўважыў, як таргануўся ад прыкрасці твар следчага – мая страла патрапіла.

Маленькая радасць бяспраўнага арыштанта.

Хоць допыт і быў лагодным, назад у сваю камеру я ледзьве дацёгся. Ці то ад нервовага перанапружання, ці то ад невыносна цяжкай тутэйшай атмасферы? Надарыўся чарговы прыступ нямогласці. Сэрца зноў шалёна калацілася, гатовае напраўду выскачыць з грудзей. Я ляжаў на мулкім ложку, адчуваючы, як пакрысе яно супакойваецца, а перад вачыма мільгалі карціны маіх апошніх дзён на волі.

Вось я яшчэ ў Пецярбургу. Мы разам з Ігнасем Непакайніцкім на кватэры студэнта Гаўрылы Кулева. Туды прыходзяць некалькі рабочых, і Ігнась выступае перад імі, заклікае дамагацца павышэння заробкаў, скарачэння працоўнага дня… Вось пасля паспяховай здачы іспытаў мы з Максам Кіліянскім і Мацеем Развадоўскім вылазім з вагона на віленскім вакзале. Развадоўскі застаецца чакаць хуткага цягніка на Мінск, а мы з Кіліянскім бяром рамізніка і едзем да яго на Лукішкі… Вось я, пятляючы і блытаючы сляды, каб збіць з тропу магчымых віжоў, іду ва ўмоўленае месца на Звярынцы дзеля таемнай сустрэчы са Стасяй. Хоць канспіратар з мяне неважнецкі, і наўрад ці я здольны падмануць дасведчанага паліцэйскага агента, але тым разам пашанцавала. Нас не высачылі, і Стася тым жа вечарам з’ехала назад у Цюрых… А вось і чэрвеньская раніца, калі ў нашую віленскую хату на Пірамонце ўвайшлі жандары. Ніколі не забудуся збялелы твар маці і дзіўную задаволеную ўсмешку кватаранткі – пані Маліцкай, якая з цікаўнасцю назірала за дзеяннямі прыбышоў.

Рэй сярод няпрошаных гасцей вёў ротмістр Усясвяцкі.

Матка Боска, ну й прозвішчы ў іх.

Калі Кузубаў і Гваздановіч падобныя да лянівых самазадаволеных вепрукоў, то Усясвяцкі – воўк. Учэпісты, галодны.

Вобшук быў жорсткі. Перавярнулі ўсё дагары дном, нават папаролі падушкі і павытрасалі кветкі з вазонаў на вокнах, хоць патрэбы ў тым не было ніякай: усю крамолу яны знайшлі адразу. Стос «падбухторвальных» кніг, загорнуты ў газету, ляжаў проста ў вітальні на чамадане, забытым у нашай хаце Антосем Міхальскім за пару дзён да ператрусу. Вось такая ў нас была канспірацыя і асцярожнасць. Але больш за ўсё жандары дачапіліся зусім не да гэтых кніг – яны меркавалі знайсці нешта падобнае. Найбольш пан ротмістр усцешыўся ад знаходак, што падаліся яму незвычайнымі і ад таго яшчэ больш падазронымі, чым выдадзеныя за мяжой творы нягоднікаў-сацыялістаў, якія толькі і чакаюць зручнага моманту, каб зрынуць памазанага Богам рускага цара і разваліць ягоную імперыю.

Вочы ў іх высокаблагароддзя Усясвяцкага загарэліся, калі ён пабачыў у шуфлядцы восем сшыткаў з запісамі і вершамі, а таксама кароткі спіс беларускіх выданняў, прысланы Янам Карловічам, і асобнік «Дудкі беларускай», якія ляжалі проста на стале.

– Co to jest? – саркастычна запытаўся ў мяне ротмістр па-польску.

Што я мог адказаць? Хіба ён сам не бачыў – сшыткі, паперка ды кніжка. Не буду ж я яму расказваць, якое шчасце было нечакана ўбачыць «Дудку беларускую» ў кошыку для бялізны, дзе мы з сябрамі хавалі ад чужых вачэй забароненыя кніжкі ў нашай пецярбургскай кватэры; і як мяне прабіралі дрыжыкі, калі я чытаў спачатку прадмову, а потым і ўсе вершы. Я ўжо тады ведаў, што напісаў іх дарагі сябра Яна Карловіча. Чалавек, адначасна падобны і на селяніна, і на шляхціца, які некалькі год таму падахвоціў мяне ў маёй працы і шмат што параіў. Ці здольны зразумець служака ў блакітным мундзіры, як хацелася мне мець у сябе гэтую кніжку? Настолькі, што я гатовы быў скрасці яе ў сябра. А неўзабаве самахоць дадаў “Дудку беларускую” ў спіс літаратуры, якую мы меліся закупіць для нашага гуртка за мяжой.

Калі ж нехта з падначаленых падаў Усясвяцкаму шматок паперы з накідам верша «Браты, мы станем шчыльнымі радамі», той задаволена зацокаў языком: маўляў, нездарма начальства паслала нас у гэты ціхмяны дамок над Вяллёй.

Я стаяў і маўчаў. Унутрана я рыхтаваўся да такога, чакаў, што гэтае можа здарыцца, але пад грудзямі як быццам штосьці апала. Ці быў гэта страх? Наўрад… Хутчэй трывожнае чаканне невядомага.

А яны шчыравалі яшчэ доўга. Забралі ўсё, што падалося ім падазроным: кнігі, рукапісы, чарнавікі, нататкі. Нават мае запісы пра птушак. Нібыта птушкі маёй бацькаўшчыны нясуць нейкую пагрозу імператару.

Мама за час ператрусу не сказала ні слова. Адно холадна і з пагардай назірала, як чужаніцы бессаромна пляжаць чысціню і ўпарадкаванасць яе дома. На развітанне мы абняліся, і я адчуў, якія напружаныя ў яе рукі. Аднаму пану Езусу вядома, чаго каштавала ёй тое гордае маўчанне.

Недзе апоўдні мяне груба выштурхалі з хаты і пад здзіўленымі позіркамі суседзяў пехатой павялі ў невядомасць. Я думаў, вядуць на Лукішкі, але, пераправіўшыся паромам праз Вяллю непадалёк ад разабранага майго Зялёнага моста, канваіры збочылі па набярэжным бульвары налева ў кірунку цытадэлі. Аказалася, адносна студэнта Гурыновіча ўжо быў загад – як мага хутчэй этапаваць у Пецярбург. Выходзіць, незалежна ад вынікаў ператрусу. Таму ў віленскай цытадэлі я нават не паспеў добра агледзецца: праз некалькі гадзін мяне з канвоем адвезлі на вакзал і адправілі назад у Пецярбург, адкуль мы з сябрамі выехалі ўсяго тыдзень таму. Ужо на наступны дзень я апынуўся ў Доме папярэдняга зняволення на Шпалернай.

З тае пары турэмная брама адчынялася перада мной двойчы: адзін раз, каб выпусціць у арыштанцкім экіпажы са Шпалеркі, і другі раз – каб неўзабаве ўпусціць у гэты маўклівы бастыён.

Мяне выклікалі на допыты тры дні запар, а потым зноў страцілі інтарэс. Ужо больш як тыдзень ніякага руху. Колькі мне яшчэ тут марынавацца, калі будзе суд, і як усё павернецца далей – невядома.

Пісаць усё цяжэй. Сталі моцна балець пальцы, да таго ж падчас пісання часта губляецца вастрыня зроку, на вочы нібы наплывае туман. Здымаю акуляры, праціраю шкельцы, але ўсё марна. Вось зараз амаль не бачу, што пішу. Ці можна там будзе што-кольвек прачытаць? Трэба пакуль адкладаць пяро.

Сёння прыходзіў турэмны доктар. З выгляду чалавек вельмі прыстойны, і нават у звычайных ботах – без лямцавай падэшвы. Агледзеў мяне, заклапочана паківаў галавой, але ўрэшце прызначыў нейкія парашкі і трохі падбадзёрыў, расказаўшы свежы анекдот. Я ж анекдоты распавядаць не мастак, то ў адказ загадаў яму адну нашу надвялейскую загадку. Абяцаў прыйсці наступным разам з адгадкай.

Пісаць вельмі цяжка. Замест заўчорашняга доктара прыйшоў нейкі іншы пан – маўклівы і непрыкметны, як нежывы. Даў тыя ж парашкі.

Сёння адмовіўся выходзіць на шпацыр.

Зноў утрапёна глядзеў на газоўку.

 

V.

Яна сама не ведала, навошта пагадзілася ехаць у Вазгелы. У Бронюся там былі свае партыйныя беларускія справы, а што рабіць у той Богам забытай вёсцы ёй? Пасля Тарас меўся адвезці даўнюю сяброўку на станцыю ў Аляхновічы – якраз мусілі паспець да вячэрняга цягніка. Але да чыгункі Яна магла дабрацца і сама: з Радашкавічаў тое было лацвей і хутчэй; навошта рабіць такога вялікага кругаля, рызыкуючы завязнуць дзе-небудзь пасярод дарогі ў гразкіх восеньскіх калюжынах. А яшчэ гэты нехутлівы Верын позірк, які яна адчула на сабе, калі сядала ў вазок. Вера да самага канца заставалася гасціннай гаспадыняй, падкрэслена ветлівай і клапатлівай, прычым адпачатку ейная гасціннасць была зусім шчырай. Першыя халодныя ноткі азваліся ў голасе Бронюсевай жонкі ўчора перад вячэрай. Яно і не дзіўна… Якой жанчыне спадабаецца, калі былая мужава каханка прыязджае ў госці і цэлы дзень сакрэтнічае сам-насам з ейным мужам? А цяпер яшчэ і едзе з ім Бог ведае куды. Ніякага граху перад Верай у Яны не было, акрамя тых дурных слоў, сказаных Тарасу ў Вільні, але любая спроба штосьці патлумачыць выглядала б як апраўданне. Таму няхай усё застаецца як ёсць.

Яны хутка праехалі Валокі, і неўзабаве на даляглядзе паказаліся шэрыя прысадзістыя хаты Павязыні. Дзень зноў абяцаў быць пагодным. Нізкае ранішняе сонца, нібы пасля сну, млява свяціла з левага боку, перакідваючы праз дарогу даўгія цені дрэў і раз-пораз зазіраючы ў вочы.

Да Вазгелаў каля мілі, значыць, недзе праз гадзіну яны будуць на месцы.

Прымаразак пад касымі сонечнымі прамянямі адступаў неахвотна, і Яніна ў сваім светла-шэрым паліто раз-пораз пацепвалася – не так ад адчування холаду, як ад вострай чысціні празрыстага паветра, настоенага на таемных начных шэптах наваколля. Адчувалася ў тутэйшым паветры нешта такое, чаго не было ані ў Варшаве, ані ў Вільні. Чамусьці думалася пра ўразлівасць і хісткасць чалавечага жыцця: сёння ты маеш усё, а ўжо заўтра лёс можа кінуць цябе ў глыбокую прорву, з якой немаведама як выбірацца. Бронюсь на хвіліну выпусціў з рук лейцы, выцягнуў аднекуль ззаду кажушок і накінуў ёй на плечы.

– Так лепей?

– Ага, дзякуй… – жанчына з удзячнасцю паглядзела на свайго спадарожніка.

– Дабярэмся да Вазгелаў, а там пацяплее, – чамусь вінавата вымавіў Бронюсь і прыспешыў каня. Яніна хацела сказаць, што ёй зусім не холадна, але перадумала. Урэшце, у гэтым кажушку на плячах папраўдзе станавілася неяк зацішней і спакайней на душы.

– Шчэ з паўгадзіны да Верамейкаў, а там перад Гурновічамі будзе паваротка на Вазгелы. Адтуль ужо недалёка.

– Дзе? – здзівілася Яна.

– Што дзе? – не зразумеў Бронюсь.

– Дзе, ты сказаў, паваротка на Вазгелы?

– Перад Гурновічамі, – машынальна паўтарыў Тарас, і раптам шкельцы ягоных акуляраў бліснулі, ён зразумеў сэнс пытання. – Адной літары не стае.

– Вось як! – Яніна ў адказ усміхнулася.

Некалькі хвілін зноў ехалі моўчкі.

– Ці не занадта шчыра ў цябе дзядзька Адам расказвае пра рэвалюцыйны гурток? – раптам парушыла бязмоўе Яна. – Гэта ж выдатныя паказанні для следчых! Ён піша як бы ў турме, а там штосьці ўтаіць было цяжка – маглі ў любы момант зрабіць ператрус і знайсці. Дый калі выпускалі, мабыць, праглядалі кожны аркуш.

Бронюсь кашлянуў ад нечаканасці, а пасля задумаўся.

– Не думаю, што там было нешта такое, чаго б жандары ўжо не ведалі, – адказаў урэшце ён. – Але гэта можна паправіць. Пан Адам мог напісаць такое ўжо дома, у Крыстынопалі?

– Мог, напэўна, – згодна хітнула галавой Яніна. – Ён яшчэ жыў месяца паўтара пасля вяртання. Першыя два ці тры тыдні нават сталярнічаў трохі, пакуль не праявілася воспа.

– Дык ён захварэў не ў Пецярбургу?

– На воспу? Не, тады хвароба выявілася б раней. Дзядзька Адам быў кволы, змарнелы, яму моцна балела спіна, але воспай ён дакладна заразіўся не ў турме.

– Тады дзе?

Жанчына ўздыхнула і паціснула плячыма.

– Я шмат пыталася ў сваякоў, ніхто нічога пэўнага не кажа. Ды і адкуль гэта можна ведаць дакладна. Можа, па дарозе, калі на некалькі дзён затрымаўся ў Вільні, а можа, ужо ў вёсцы. Хоць я слаба ўяўляю, дзе і як у Крыстынопалі можна заразіцца воспай.

З хвіліну памаўчаўшы, Яніна дадала:

– Слухай… Не хацела казаць, каб не жывіць твае беларускія фантазіі пра дзядзьку, але ты і без таго напрыдумляў столькі, што ён у цябе чысты беларус выходзіць… То скажу… І думай пра мяне, што хочаш…

Яна паправіла на плячах кажушок.

– Ведаеш, якую кніжку чытаў дзядзька Адам перад смерцю? Пакуль яшчэ мог, пакуль яму не стала зусім блага?

Тарасавы рукі з лейцамі апусціліся на калені, а сам ён уважліва паглядзеў у вочы сяброўцы юнацтва.

– Ну?

– «З крывавых дзён: Эпізод з паўстання 1863 года на Міншчыне» нейкага *S. Я не ведаю, дзе ён яе здабыў. Кніжка была ў Расіі забароненая, такія насілі з Аўстрыі праз мяжу кантрабандай.

– Во як!

– Чакай, я яшчэ не дайшла да самага галоўнага. У канцы кніжкі ёсць фрагмент, дзе аўтар заклікае палякаў пасля паразы паўстання не сварыцца між сабой, не дзяліцца на лагеры і партыі, але аб’яднацца і разам працаваць дзеля адраджэння Айчыны. Дык вось, бацька расказваў, нібыта ў асобніку, што застаўся пасля смерці дзядзькі Адама, там над словамі “Polak” і “Polska” паўсюль было алоўкам надпісана “Białorusin” і “Białoruś”.

Яніна ўздыхнула і падала Тарасу складзены ў чатыры столкі жаўтаваты аркуш.

– Вось, трымай. Выпісала калісьці ў бібліятэцы для сябе… Не пытайся, навошта я ўзяла гэта з сабой – сама не ведаю. Проста прачытай, падстаўляючы замест Польшчы сваю Беларусь.

Бронюсь спыніў каня і ўзяў у рукі паперчыну.

«Паўстанне згасла. Волат, складзены з незлічоных цаглінак мужнасці, зваліўся пад магутным націскам гвалту. На ягонае месца ўзышлі маскоўская пятля і нагайка. Па ўсім краі чуліся жалобныя спевы, енкі і плач няшчасных ахвяр, якія павольна паміралі пакутнай смерцю, і тых, хто іх кахаў; хто, страчваючы іх, губляў сувязь сваю з зямным светам. Гэтым сумным галасам туравалі глумлівыя насмешкі ворагаў і яшчэ больш балючыя за іх закіды ўласных братоў: што паўстанне – гэта шалёны крок, што паўстанцы – гэта натоўп вар’ятаў, якія прынеслі Беларусі адно бяду. А ці так яно было? О не! Магчыма, паўстанне пачалося не своечасова; гэта праўда, што яно не прынесла нам ніякай адчувальнай карысці. Навідавоку велізарныя страты людзей і нацыянальнага багацця. Аднак нельга катэгарычна адмаўляць яго плён для Айчыны. Мы паказалі ўсёй Еўропе, што жывыя, і жывучасць сваю выявілі так пераканаўча, што гэта сталася найкрасамоўным пратэстам супраць гвалтоўнага адабрання правоў нашых. Нельга кідаць каменем асуджэння ў тых, хто крывёю, пралітай падчас абароны Айчыны, пакутамі, перанесенымі дзеля Яе, паспрыялі прышчэпліванню будучым пакаленням той ідэі, што варта любіць зямлю, якая нарадзіла такіх герояў, што варта для яе працаваць і працай гэтай даводзіць свету, што “жыве Беларусь”. Бо ў цяперашні час найлепшым доказам Яе існавання будзе, калі на кожнай дзялянцы, што ўрабляецца цывілізаваным грамадствам –
у навуцы, мастацтве, прамысловасці, гандлі – паўстануць беларусы як таленавітыя і незаменныя працаўнікі. Беларусь яшчэ не памерла, і будзе жыць, калі ўсе Яе дзеці злучацца повяззю братняй любові, калі знікнуць партыйныя супярэчнасці, што падзяляюць сыноў адзінай маці-Айчыны на супрацьлеглыя лагеры, і калі ўсе пададуць адзін аднаму рукі ў працы для свайго грамадства
».

Яна з выклікам глядзела ў вочы Тарасу.

– Цяпер можаш назваць мяне крывадушнай нягодніцай, якая ледзь не схавала ад цябе гэты факт.

Бронюсь глядзеў проста перад сабой.

– Божа, ён ужо тады думаў пра гэта, ён ужо тады разумеў… Якая краіна, якая свабода, якое адраджэнне, калі няма еднасці, а ёсць грызня і валтузня на пустым месцы? На смех і радасць ворагам мы сварымся, сабачымся, абвінавачваем адзін аднаго ў няправільнай любові да роднай зямлі. Шукаем агентаў Масквы, Варшавы, Берліна, Месяца, яшчэ халера ведае чаго, лепім на ўяўных непрыяцеляў ярлыкі, стараючыся ўшчыкнуць як мага больш балюча. Іван варагуе з Вацлавам, Антон з Макарам… Спачатку мы з крыкам і гвалтам дзелім між сабою немаведама што, нават тое, чаго яшчэ няма і ў праекце, а потым… Потым прыходзяць сапраўдныя ворагі і дзеляць нашую зямлю.

Яніна ў нямым здзіўленні слухала неспадзяваны, падобны на здушаны крык, маналог Тараса. Колькі яна яго ведала, ніколі не чула ў голасе ягоным столькі скрухі і горычы. Але ўрэшце ён… з нечаканым замілаваннем вымавіў:

– Дзякуй, Янка! Ты – неверагодная.

Янка… Бронюсь так не называў яе з гімназічных віленскіх часоў. Ёй так захацелася прытуліцца да яго, адчуць ягоную цеплыню і пяшчоту. Але раптам вазок таргануўся, конь заматляў галавой, захроп. Тарас нацягнуў лейцы, устрывожана азіраючыся наўкола. Азірнулася і Яніна. Паўсюль было ціха. Праваруч ляжала маўклівая пустка, перасечаная соннымі голымі пералескамі. Нідзе ні душы. А злева… Злева былі Саветы. Мяжа праходзіла зусім побач, мо праз якія паўсотні сажняў ад дарогі. Цёмная палоска лесу на даляглядзе ўжо належала Маскве. Конь хутка супакоіўся ды шпарка пабег далей. Што напалохала яго, засталося незразумелым. Відаць, жывёла адчула на шляху нешта страхавітае.

Зусім нядаўна, калі тут толькі-толькі асталявалася дзяржаўная мяжа, на гэтай зямлі было неспакойна. Увесь час трывалі пагоні, перастрэлкі, выбухі, сноўдалі перабежчыкі, шпіёны, кантрабандысты. Віленскія газеты літаральна стракацелі паведамленнямі пра інцыдэнты на бальшавіцкай граніцы. Зараз, здаецца, пацішэла. Ці, можа, яна проста за сваёй медыцынай мала чытае газет?

У гэтую хвілю ёй стала ясна, што не так з тутэйшым паветрам. Акрамя чысціні і свежасці ў ім была разлітая заўсёдная наструненасць, трывога.

Яніна разумела, што Бронюсь глядзіць на той бок граніцы з надзеяй, і гэтая праклятая мяжа неадольна раздзяляе іх, хоць тут і цяпер яны знаходзяцца па адзін яе бок.

– Ты праўда думаеш, што там свабода?

Задуменны Тарас зірнуў на яе і праз некалькі імгненняў хітнуў галавой:

– Для нас – так… Там будуецца нашая дзяржава.

– Матка Боска… Бронюсь, як ты можаш ім верыць? Гэта не граніца Беларусі, гэта граніца Расіі! – у грудзях жанчыны паднялася гарачая хваля, якая рвалася вонкі, патрабуючы выхаду. – Іхняя беларуская рэспубліка – гэта падман, фікцыя! Вамі проста карыстаюцца, даюць да часу пацешыцца самастойнасцю. А калі вы не будзеце ім больш патрэбныя – вас знішчаць. А Беларусь вашу далучаць да Масквы як Мінскую губерню!

Тарас папераджальна падняў руку, спрабуючы спыніць бурлівы слоўны паток.

– Фікцыя ці не фікцыя, але тут у нас няма і гэтага. Яніна, ты не можаш ведаць, як усё абернецца! Ніхто не можа…

– Я ведаю іх, Бронюсь! Я ведаю, як яно было там, на Далёкім Усходзе.

– На Далёкім Усходзе не было падстаў для існавання самастойнай дзяржавы.

– Праўда? А ў вас яны ёсць? – кажушок зваліўся з жаночых плячэй, але гэтага ніхто не заўважыў. – Чым вы лепшыя за татараў ці башкіраў? Чаму няма ніводнай самастойнай рэспублікі на Урале, а ёсць толькі на ўскраінах? З вамі гуляюць, нібы кот з мышшу, як ты гэтага не разумееш!

– А што нам застаецца? – голас Тараса прагучаў глуха. – Палякам пашэнціла вырвацца, і яны адразу разявілі зяпу на нашую зямлю. Што рабіць нам?!

– Змагацца, патрабаваць, жыць! Але без іх, без бальшавікоў.

Бронюсь горка пасміхнуўся.

– Наіўная ты… Цябе б такую ў Варшаву, ды ў прэзідэнцкае крэсла.

– Сярод палякаў знойдуцца людзі, якія вас падтрымаюць!

– Госпадзе… Хто?! Тут я кожнага дня чакаю арышту!

– А там ты штоночы будзеш чакаць расстрэлу.

– Не раўняй з тым, што было ў вайну. Тады была рэвалюцыя.

– У іх заўсёды: ці вайна, ці рэвалюцыя! Спачатку робім рэвалюцыю, а потым яе любым коштам абараняем. Каб не дапусціць новую.

– Ты – медык, Янка, не палітык. Ты не ведаеш…

– У тым і рэч, што я медык, – перарвала жанчына. – І добра ведаю, што такое пакуты людзей.

Гарачая хваля апала, пакінуўшы па сябе спустошанасць і апатыю. Навошта была гэтая спрэчка? Каго і ў чым яна хацела пераканаць? І потым, адкуль такая ўпэўненасць, што рацыя на яе баку? Мо за гэтай мяжой, у Саветах, сапраўды ўсё не так страшна. Мала што там было ў Верхняўдзінску.

І ўсё ж яна дадала:

– Ты пішаш, як здзекаваліся з дзядзькі Адама, як пяць месяцаў трымалі яго ў няведанні, не выклікалі на допыты. Пасадзілі ў страшную, маўклівую турму, дзе ён страціў здароўе… А бабця расказвала мне, як жандары прыехалі на дзядзькавы хаўтуры. Не давалі веры, што памёр. І пакуль яна, абураная да апошняй ступені, не назвала іх забойцамі і не паказала мёртвае цела ў труне – не адступіліся… Дык у тых быў хоць нейкі панятак гонару. Хай фармальнага, паказнога, але гэта быў для іх не пусты гук. Іхнія нашчадкі нашмат страшнейшыя, Бронюсь.

Яніна трохі памаўчала.

– Гэтыя б дзядзьку Адама з турмы не выпусцілі.

Верамейкі і Гурновічы, перад якімі яны збочылі направа, засталіся ззаду. Цяпер вазок каціўся па жоўклых утравелых каляінах палявой дарогі, што неўзабаве мусіла перайсці ў лясную. Конь спакойна бег наперад, і Тарас, адпусціўшы лейцы, думаў пра нешта сваё. І па ценю на ягоным абліччы было відаць, што думкі тыя няпростыя.

– Я часта думаю, – раптам пачаў ён глуха, пазіраючы невідушчым позіркам кудысьці наперад, – калі б у нас, беларусаў, была свая незалежная дзяржава, са сваім войскам, паліцыяй… І калі б разам з намі ў гэтай дзяржаве жыў яшчэ адзін народ, меншы за нас па колькасці. Ці не рабілі б мы з ім тое ж, што робяць з намі расейцы і палякі?

Што яна магла яму адказаць? І ці патрэбны быў яе адказ у становішчы, калі любыя словы маглі стаць пустымі і дробязнымі, як цацкі жанглёра? Яніна ціха паклала сваю далонь на Тарасаву руку, якая нерухома ляжала з лейцамі на каленях, і злёгку яе паціснула.

Часам жэсты могуць выказаць больш, чым словы.

– Апошнія дні дзядзьку было вельмі цяжка. Ты сам разумееш, што такое воспа.

Сонца лёгка прабівалася паўз ствалы і густа пераплеценыя галіны восеньскіх дрэў, рассцілаючы на дарозе дзіўныя карункі святла і ценю, і невядома, чаго ў гэтых карунках было больш: суму ці радасці.

– Шанцаў адужаць хваробу ў яго пасля турмы амаль не было, але ён да апошняга спадзяваўся, верыў, што ачуняе, думаў пра далейшую працу, – Яніна страсянула галавой. – Не ведаю, можа, дарэмна да яго не пусцілі Ружу Швайніцкую… Яна рвалася ў Крыстынопаль. Нягледзячы на рызыку заразіцца самой, гатовая была днямі і начамі даглядаць хворага. Але пасля скандалу з заручынамі бабця і бачыць яе не хацела. А Ружа, відаць, сапраўды пакахала іншага брата. Расказвалі, нібы ў яе над ложкам нават вісеў партрэт дзядзькі Адама.

– Калі і ён яе кахаў, – задумліва адгукнуўся Бронюсь, – то не дазволіў бы, каб дзяўчына рызыкавала сабой… Прагнаў бы прэч. То, можа, і правільна, што не пусцілі.

Вазок выехаў на адкрытае месца і нечакана спыніўся. Яніна агледзелася і паглядзела на Бронюся. Вялікая паляна была падобная на што заўгодна, але не на Вазгелы. Хіба што злева на высокай гары стаяла самотная і, відаць па ўсім, нядаўна пабудаваная хатка пад гонтавай страхой.

– Гэта не Вазгелы, Янка. Гэта засценак Самінскія Горы, належыць панам Вітушкам. Паны яны, вядома, адмысловыя! Бачыш, які палац сабе збудавалі, – Бронюсь усміхнуўся, спрабуючы жартаваць, але зараз жа зноўку стаў сур’ёзным. – Я даўно прыгледзеў гэтую схованку… На ўсялякі выпадак, каб прыхаваць тут грамадоўскія дакументы…

Пане Езус! Пра што ён гаворыць? Якія паны, які засценак, якая схованка? Пры чым тут яна? А Тарас выцягнуў аднекуль з вазка скураны партфель. Зашчапка сама расшпілілася, і ўсярэдзіне паказаўся стос паперы, да болю падобны на той, што ляжаў на Тарасавых каленях учора, над ціхмянай радашкавіцкай рачулкай. Толькі зараз Яніна заўважыла справа ад дарогі высачэзную алешыну з вялікім дуплом на вышыні чалавечага росту, і карціна ў галаве склалася. Дурная, бязглуздая, сюррэалістычная карціна. Што за бздура? Навошта? Дзеля чаго гэтае рабіць?

– Гэта што… Твой рукапіс пра дзядзьку Адама?

– Так.

– І ты хочаш схаваць яго ў дупло?!

– На нейкі час… Павер, іншага выйсця няма…

– Але чаму?! Навошта?!

У грудзях Яніны зноў узнімалася гарачая хваля, але Тарас здаваўся зусім спакойным.

– Можа быць, гэта справа майго жыцця, Янка. Нароўні з беларускай граматыкай. А калі па мяне прыйдуць, то рукапіс канфіскуюць.

Ды што ён заладзіў: Янка ды Янка, нібы яны дзеці малыя. Жанчына ледзь стрымлівала раздражненне.

– Дык аддай каму на захаванне! Нашто пакідаць справу жыцця ў лесе?!

– Каму? – у голасе Тараса зноў прагучала стома. – Усе сябры, каму я давяраю, таксама пад прыцэлам.

– Аддай мне! – раптам вырвалася ў Яніны.

Бронюсь у адказ усміхнуўся.

– А раптам цябе зноў укусіць польская муха, і ты спаліш рукапіс, бо твой дзядзька там паказаны занадта заўзятым беларусам?

Яніна асалавела глядзела на колішняга блізкага сябрука. Ад нядаўняй пяшчоты і шкадобы да яго за нейкае імгненне не засталося і знаку. Не, нездарма яны з гэным нахабам у свой час пасварыліся.

– А раптам я, укушаная польскай мухай, прыеду сюды, раскладу вогнішча і спалю твой дыяментавы рукапіс?

– Не спаліш, – Бронюсь спакойна паправіў на носе акуляры, – я цябе ведаю. Ты такая ж, як пан Адам: запальчывая, але адыходлівая. І потым, па дарозе сюды цябе абавязкова ўкусіць іншая муха – беларуская.

Гэты ёлуп яшчэ і жартуе. Ну што можна яму сказаць? Калі ён штосьці ўбіў сабе ў галаву, то зробіць абавязкова. Пакінуць свой рукапіс у лесе, за мілю ад хаты можа толькі дурань ці апошні рамантык. Ці такі вось… беларус. Хто сказаў, што па яго абавязкова прыйдуць, што абавязкова канфіскуюць? А калі і канфіскуюць – могуць жа і вярнуць! А тут – слата, вільгаць. А раптам хто ўлезе ў дупло? Ці таму пану… як яго… Вітушку закарціць ссячы гэтую самотную старую вольху?

Тарас дбайна загарнуў партфель у выцягнуты кавалак брызенту і перавязаў тасёмкай.

– Ну, з Богам! – сказаў ён ды пакрочыў да дрэва.

Бач ты! Бога ўспомніў… Шчэ перажагнацца не забудзься…

Яніна дэманстратыўна адвярнулася, удаючы, нібы разглядае адзінокую будыніну на высознай гары. Хоць разглядаць там дужа не было чаго – звычайная сялянская хата, хіба што страха не саламяная.

Неўзабаве Бронюсь вярнуўся.

– Што б ты зараз ні думала, Янка, запомні гэтае месца на ўсякі выпадак. Самінскія Горы. І дзякуй вялікі, што згадзілася сюды прыехаць.

Яна не адказала нічога. Бо калі б ведала, для чаго ён яе запрашае, не паехала б ніколі. Навошта для гэтага дурноцця яму была патрэбная менавіта яна? Чаму ён не мог прыехаць сюды са сваёй Верай, ці хоць бы з тым чалавекам, да якога ехаў зараз у Вазгелы? Штосьці з глыбіняў душы падказвала ёй – чаму. Але зараз Яніна не чула гэтага далёкага голасу. У бурлівым шторме пачуць далёкі голас немагчыма.

Падчас непрацяглага прыпынку ў Вазгелах гарачая хваля пачала спадаць. Аднак паміж спадарожнікамі яшчэ заставалася тая напружаная адчужанасць, якая непазбежна пралягае пасля вялікай крыўды нават між самымі роднымі людзьмі.

А потым былі Аляхновічы, дзе яны ветліва развіталіся на станцыі.

І была дарога, поўная роздумаў ды ўспамінаў.

І халодная дымная Вільня.

 

VI.

Зялёны мост ляжаў, ненатуральна выгнуўшы сваё яшчэ зусім нядаўна магутнае і прыгожае цела, утапіўшы сярэдзіну яго ў рацэ. Узарваны пры адступленні немцамі, ён быў нежывы. Неўзабаве гэтыя сталёвыя парэшткі прыбяруць і на іх месцы пабудуюць новы мост. Можа, нават пафарбуюць у зялёны колер, каб адпавядаў назве. Пераправы патрэбны любой уладзе, у адрозненне ад нязручных людзей. Але той новы мост ужо ніколі не стане ейным. Ён будзе належаць зусім іншым людзям, што насяляцьмуць гэты горад пасля яе: з уласцівымі толькі ім норавамі, звычкамі, мітрэнгамі. Яніна прыйшла развітацца са сваім мостам, які калісьці паўстаў замест моста дзядзькі Адама.

Ёй у Вільні месца больш не было.

Старадаўняя ліцвінская сталіца яшчэ не загаіла раны чарговай вайны. На рэдкай камяніцы не засталося шнараў ад куляў, то там, то тут трапляліся пустыя закураныя правалы вокнаў, некаторыя будынкі былі разбураныя ўшчэнт. З часам, вядома, ад ваенных разбурэнняў не застанецца і следу, але што новыя гаспадары зробяць з душой Вільні?

Насустрач з грукатам сунуўся грузавік з чырвонаармейцамі, і жанчына адступіла ўбок, каб прапусціць машыну.

Дзе будзе цяпер ейны дом – хто ведае. Можа, у Торуні.

Даўнейшыя турботы і поспехі, здавалася, належалі іншаму жыццю. Перайманне вопыту ў Сарбоне, вяртанне на радзіму, праца на медычным факультэце і кіраванне віленскім шпіталем, а потым – вайна, жыццё ў акупацыі, удзел у польскім супраціве… Нібыта ўсё яно адбывалася не з ёй…

Колькі гадоў прайшло з таго часу, як яны з Бронюсем стаялі на гэтым мосце?

Амаль дваццаць.

Дазнаўшыся пра ягоны арышт, Яніна праз пару дзён паехала ў Аляхновічы. Ясна было, што хутка Тараса не выпусцяць. Спачатку хацела ехаць да ягонай жонкі, ды потым перадумала. Наўрад ці Вера штосьці ведала пра мужаву лясную схованку, ды й любое пытанне з боку ўяўнай суперніцы магла зразумець няправільна. Таму, выйшаўшы з цягніка, наняла сані і адразу рушыла пад тыя Самінскія Горы. Няцяжка ўявіць, што думаў яе негаваркі сівабароды возчык, калі выкшталцоная сталічная пані раптам загадала спыніцца, не даязджаючы да засценка, і пасунулася па глыбокім снезе да таўшчэзнай алешыны, дзе доўга корпалася ў высокім дупле, а потым вярнулася з пустымі рукамі. Злосці на Тараса не было – яна ўся перагарэла тады, на восеньскай дарозе ў Вазгелы. Яніна адчувала толькі шкадаванне, нібы да харошага ўвогуле дзіцяці ці старога, які раптам учыніў несусветнае дзівацтва. Пан Вітушка, ветліва сустрэўшы яе каля сваёй хаты, у адказ на пытанне пра старую вольху толькі падняў высока бровы. Ён нічога не ведаў. Ды і адкуль ён мог ведаць – на фальварку было процьма іншай працы, акрамя як упустую сачыць за лясной дарогай.

Брызентавы скрутак знік. Яніна тады не сумнявалася, што Бронюсь зразумеў усю недарэчнасць свайго ўчынку і перахаваў рукапіс у больш надзейным месцы. У такім разе ён мусіў даверыць сваю таямніцу яшчэ нейкаму чалавеку. Хоць і не абавязкова. Але ёй заставалася адно – вяртацца ў Вільню.

А потым жыццё закруціла.

Некалькі гадоў запар яна жыла на дзве краіны. Навіны з радзімы даходзілі да яе выпадковымі абрыўкамі і часам з вялікім спазненнем. Бронюсь адседзеў у турме недзе на захадзе Польшчы больш як тры гады, потым яго выпусцілі. Аднак ужо неўзабаве ён быў вымушаны ўцякаць у Гданьск, які знаходзіўся па-за межамі польскай юрысдыкцыі. Праз некалькі месяцаў быў новы арышт, і зноў турма. А потым неўтаймоўнага Тарашкевіча абмянялі на нейкага беларускага вязня бальшавіцкіх лагераў. Падрабязнасцяў Яніна не ведала, чула толькі, што таго чалавека адпусцілі ў Польшчу, а Тарас – пайшоў у Саветы. Які лёс яго там напаткаў, яна дазналася ўжо перад самай вайной.

Бронюсь загінуў, і разам з ім знік напісаны ягонай рукой турэмны дзённік яе дзядзькі Адама. Знайсці сляды рукапісу ў Радашкавічах не ўдалося. Ды і дзе ты іх цяпер знойдзеш, тыя сляды? У былых віленскіх паліцэйскіх архівах? У Гданьску? Дзе шукаць, калі невядома дакладна, ці гэта сапраўды Бронюсь забраў з дупла ў алешыне ля глухога засценка свой партфель? І ці ёсць увогуле што шукаць пасля такой крывавай вайны?..

Паўз яе праехаў у кірунку Лукішак яшчэ адзін грузавік, і сэрца зноў на імгненне прыпыніла хаду. Ваенная калатнеча даўно адвучыла Яніну баяцца, але то на вайне, а тут… Яна выразна памятала, што адбывалася ў Вільні восенню шэсць гадоў таму, і цяпер на горад наплывала новая хваля. Адзін з яе пацыентаў сказаў: спярша палякі саджалі беларусаў, а потым прыйшлі бальшавікі ды пачалі саджаць і тых, і гэтых. Чалавек схільны не заўважаць ані паліцэйскага гвалту, ані неправедных судоў і часта нават лічыць усё гэта “навядзеннем парадку”, пакуль яно не датычыцца яго самога. І ад усведамлення гэтага ёй было асабліва непамысна. Як жыць у родным горадзе, калі ён становіцца падвойнай ці нават патройнай турмой?

За ейным зруйнаваным мостам, на Сніпішках, відаць быў пагорак са святыняй, дзе пан Езус па-ранейшаму нёс на Галгофу свой цяжкі крыж. Проста пасярод дарогі. Ясна было, што бальшавікі не пашкадуюць капліцу. Бо яны не шкадуюць нічога, што стаіць на іхнім шляху.

Ёй у Вільні месца больш не было.

 

Друкуецца ў межах літаратурнага праекту “Слаўная кампанія: рэANIMAцыя”.


Апублікавана

у