«І ХАЙ НІХТО НЕ ПОЙДЗЕ ПАКРЫЎДЖАНЫМ»

Ну вось, і пачала паціху атачаць нас імгла меланхалічнай восені.

Такому флегматычнаму часу якраз, асабліва ў выходныя дні, спрыяе няспешнае роздумнае чытанне. Найперш мастацкай літаратуры. Нашага разліву, як кажуць, беларускай, сучаснай. То – чарговы «Дзеяслоў» вам у рукі. У 102 яго нумары вас чакае сустрэча з адмысловай прозай Андрэя Федарэнкі і Валерыя Гапеева. Думаю, падасца займальным і цікавым і эсэ ў стылі нон-фікшн філосафа Валянціна Акудовіча. Гэта – найбольш вартае, як на маё меркаванне, з салідных публікацый часопіса. На іх адмеце шырэй і грунтоўней прыпынімся.

Пачатак рамана Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро», што публікуе часопіс, у пэўнай меры новая старонка ў творчасці вядомага пісьменніка. Ён спрабуе асэнсаваць сферу бізнесу і выкласці займальную гісторыю з дэтэктыўнай падсветкай. Вядома, расповед не столькі пра сам бізнес, як пра людзей, што ў яго ўкручаны. Ды і не толькі бізнес. Гаворка вядзецца пра двух зводных братоў з Расіі, Літавых, адзін з якіх робіць прыўладную палітычную кар’еру і ўжо стаіць адной нагой на прыступцы да самага высокага месца ва ўрадзе імперскай дзяржавы, а другі, трохі старэйшы, працуе ў вялікай лесаапрацоўчай кампаніі, маючы там свае немалыя акцыі. Малодшы кіруе старэйшым, бо нешта ў маладосці такое здарылася, што ад таго ўчынку (магчыма, крымінальнага) залежыць службовы і жыццёвы лёс іх абодвух. Таму Леаніда Літава пераводзяць (вядома, з падачы брата) з аднаго месца на другое (Латвія, Украіна, Эстонія, Польшча). Не больш двух гадоў працы, і – змена месца дыслакацыі. Цяпер ён ужо два гады ў Беларусі, якая яму вельмі палюбілася, прыжыўся тут з сям’ёй і нават сабраўся вывучыць беларускую мову (мы ж ведаем, рускія – ветлівыя людзі). Да таго ж пачаў пісаць гістарычную прозу. Жыве і паводзіць ён сябе вельмі дзіўна, а часам і падазрона. (Sic! – пабудаваў у падворку бункер, называючы яго працоўным кабінетам.) Упарта шукаў знаёмства з беларускамоўнымі, каб хтосьці з іх дапамог з літаратурнай апрацоўкай тэкстаў. І знайшоў пенсіянера, былога выкладчыка ўніверсітэта, а той звёў Літава з паэтам Ракам, які некалі вучыўся ў таго самага выкладчыка, прафесара Самусенкава. Абодва беларусы знаходзяцца ў творчым і псіхалагічным крызісе. Адзінота і замкнёнасць змушаюць іх да знаёмства і стасункаў з Літавым… Чым далей, тым болей гісторыя заблытваецца, заводзіць герояў у непралазную палескую пушчу… А між тым, таемнасць аўтарскай задумы аніяк не выдаецца, і гэта яшчэ больш напружвае… Тут і жанчыны, і грамадска-палітычная падаплёка, і літаратура, і маральныя зрушэнні… Стыль пісьма, мова, вобразы і характары герояў Федарэнкі так дасціпна і нязмушана кладуцца на душу чытача, што ён, забыўшыся, рухаецца за сюжэтам, міжвольна ўжываючыся ў яго і суперажываючы ўсяму, што там адбываецца…

Чытвом пазначыў жанр свайго прыгодніцкага тэкста «І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаны, або Грак і Монця Хрысцік» адметны і сталы празаік з Івацэвічаў Валеры Гапееў. Сюжэт раскручваецца па волі аўтара вельмі заманліва для чытача. Але, у адрозненне ад Федарэнкі, тут рука вопытнага складальніка пазлаў праглядаецца амаль візуальна. Ход гісторыі, якую распавядае нам аўтар, хоць асаблівай навізной і не вылучаецца, у функцыянальных дэталях і мастацкім афармленні мае свае падтэкставыя ізюмінкі. Чытанне даецца лёгка, ды і змест і яго высновы даволі ясна праглядваюцца. Зрэшты, насамрэч не ўсё так проста. Калі коратка, то фрагмент чытва, які падаецца ў часопісе як інтрыга для ўсяго будучага тэкста, можна выкласці ў пяці сказах. Хлопцы з правінцыі заканчваюць вучобу ў магістратуры ўніверсітэта. Адзін – таленавіты тэарэтык, другі прагматычны і амбітны практык. Працуюць над адным перспектыўным вынаходніцтвам і хочуць давесці яго да канца. Але месца ў аспірантуры ёсць толькі для аднаго, і яно выпадае Монцю (Мацвею). Даніла затойвае глыбокую крыўду на свайго калегу. Інтэрнацкія сябры, адчуўшы крыўду і роспач Данілы, наважваюць яго на подласць: падкласці ў рэчавы тайнік Монці бэнээфаўскія ўлёткі і распавесці пра тое людзям з органаў… Монцю «разаблачаюць» і выстаўляюць з універсітэта як апазіцыянера (хоць той ні сном, ні духам…). Ён едзе ў свой райцэнтр да хваравітай і адзінокай маці, а не знайшоўшы там працы, патрапляе ў гурт гастарбайтэраў, што адпраўляюцца на заробкі ў Расію. Аднак працадаўцы аказваюцца крымінальнікамі і завозяць хлопцаў у Чэчню, прадаючы іх горцам у рабства… Монця апынаецца ў безвыходнай сітуацыі, але ў яго ачахлы дух усяляе надзею такі ж, палонены перад ім, рускі афіцэр па прозвішчы Грак, якога Монця заспявае пры смерці і выходжвае… Словам, каб выйсці за межы ўласнага гора, абодвум даводзіцца натуральна прабіваць самыя што ні ёсць горы…

« – Я тут усё аблазіў. У левы бок нам дарогі няма, наверх – няма, управа – вось апошні крок. Такім чынам, скалу скінем у прорву – зможам перайсці.<…> Гэта табе не твае беларускія лясы, дзе можна і грыба з’есці, і жабку. Тут камяні грызці не станеш. Заблукаць у гарах – лягчэй лёгкага, бо тут усё падманнае. І адлегласці, і велічыні. <…> У нас няма іншага паратунку, як самім шукаць выйсця. Іначай апынемся ў нейкі дзень на дне прорвы. <…>

Сек Грак, затым – Мацвей, потым зносілі і выкідалі аскалёпкі ў прорву, і зноў секлі. Скала паддавалася – з адным узмахам аддавала кавалачак на два-тры сантыметры са свайго нутра».

Тэкст займальны – яго сюжэтная ніць, як провад з пераменным токам, штораз напружвае і падвышае цікавасць да чытання. Сіла волі, гонар і маральнасць падчас вялікіх выпрабаванняў чалавечага цела і духу. Што праўда, чытача чакае незадача: калі раман Федарэнкі будзе ў часопісе дадрукаваны цалкам, то больш чым на публікацыю фрагмента з чытва Гапеева часопіс не разлічвае. Прыхільнікам давядзецца чакаць кніжкі.

З малой прозы публікуюцца апавяданні Алены Брава («Карыятыда ў маціцовых кліпсах»), Сяргея Рублеўскага («Хлюст наезны») і дэбютанткі Дар’і Значонак («У ноч на сямнаццатага ліпеня»).

Спадзяюся, што шмат каго зацікавіць і гісторыя элітарнага часопіса «Крыніца», выкладзеная ў асабістай інтэрпрэтацыі і з уласнага пункту гледжання вядомым і папулярным філосафам Валянцінам Акудовічам, але як па мне, дык даволі аб’ектыўна, хоць і занадта сцісла праз спрошчанасць і не дарэшты асветленную запавуціненую частку некаторых вострых і цямнейшых вуглоў у існаванні гэтага знакавага мастацка-літаратурнага і культаралагічнага выдання 1990-х гадоў.

«Не было нічога дзіўнага, што як мы згуртаваліся ў «Крыніцы», дык загалоўнай творчай фігурай тут мне бачыўся не галоўны рэдактар Някляеў, а Разанаў. Якім жа было маё здзіўленне, калі неўзабаве высветлілася, што суладна са мной мяркуе не шмат хто. Ды, відаць, і сам Разанаў не быў пэўны ў сваім вяршынстве. <…> А значна пазней нечакана ўзважылася: «Цалкам верагодна, што Разанаў і Някляеў аднолькава таленавітыя. Проста ў іх розныя мэтавыя аўдыторыі. Разанаў – паэт для багоў, Някляеў – дзеля жывых людзей». Можа яно і насамрэч так, толькі чаму аднойчы раптам падумалася ні з чаго: прачнуцца праз тысячу гадоў і пачытаць Разанава…»

Напомню, што гэта працяг тэкстаў, якія Акудовіч друкуе ў часопісе са сваёй будучай кніжкі «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым (Хроніка беларускага інтэлектуала)».

Што да краснага пісьменства гэтага нумара, то паэзія ў пераважнай большасці прадстаўлена вершамі. Выглядае, што Уладзімір Арлоў не задаволіцца адным зборнікам баладаў («Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань»). І трэба зазначыць, што яго новы твор «Цвіў скрыпень» ад упомненых розніцца больш каларытнай і душэўнай лірыкай, не зважаючы на метафарычную аўтабіяграфічнасць зместу. Аўтар піша пра ўласныя дзяцінства і маладосць, адшукваючы ў тым матыльковым часе абрысы, характар і мужчынскія праявы свайго бацькі – генна-гістарычную радаслоўную.

ты не дачакаўся

маёй першай кнігі

магчыма ты прачытаў яе

як і ўсе наступныя

досыць было б кнігі баладаў

Паручнік Пятровіч

і прапаршчык Здань

цябе магла прывабіць назва

ты быў лейтэнантам

памятаеш?

у тое лета

я прасіў цябе

калі пасля

будзе працяг

дай мне ведаць

напрыклад

затэлефануй

на дзень нараджэння

Аб’ёмная нізка вершаў Васіля Жуковіча (да яго пашанотнага юбілею – віншуем!) – гэта факталагічныя будні прамінулага часу, зарыфмаваныя з сённяшняй айчыннай рэчаіснасцю і зрытмізаваныя з ходам нашай гісторыі і лёсам самога паэта ў прыватнасці.

Малая радзіма?.. Правал паміж слоў,

Хоць нехта у сэнс іх паверыў,

Назваў недарэчна святыню малой,

Аднёс яе ў шэраг памераў.

Радзіма… У ёй да сканчэння вякоў

Прастора душу набывае.

Магчыма, бывае малая любоў,

Святыні малой не бывае.

Паэзія нешматслоўная ў сваёй духоўнай спрадвечнай моўкнасці. Гэткага вершатворнага канону стараецца прытрымлівацца паэт Віктар Ярац.

Лужуць фасолю бабулі ў вянках сівізны.

Згадкі – не дзікія пчолы, не восы,

а востра так джаляць…

Хмельна-іранічныя, правакацыйна-жывыя, лёгкаслоўныя вершы Андрэя Хадановіча ўсё яшчэ бягуць прыпознена вясёлай кампаніяй, напамінаючы пра сябе, за сваім выдадзеным фарматам («зборнік «Школа травы», 2019). Вартае сучаснае мастацкае выяўленне свету праз прызму ўласных думак і адчуванняў.

ці помніш філфак і першыя перакуры

паэзію бруднай красы, дацэнтаў нянавісць і жах

як помнікі несусветнай літаратуры

у рытм не траплялі, але цяклі па вушах

Напевы, шэпты, замовы і літанні зболенай душы – у стоена-таямнічых паэтычных радках Антаніны Хатэнкі.

Схамянуся ў паўсонным зіхценні,

чужаніца й шчымліва свая:

сумны Нехта, заблуджаны ў ценях, –

гэта я? Гэта – я? Гэта – я.

Безумоўна, да гэтага шэрагу, як своеасаблівыя ўзоры высокага мастацкага слова, адносяцца санетны «Марафон» нямецкага паэта Георга Гайма (пераклад Ганны Янкута), дзе гістарычны міф праецыруецца на спрадвечную братазабойчую светабудову, і перастворанае са старабеларускай Алесем Разанавым казанне на пахаванні Зоф’і, княгіні Чартарыйскай багаслова Лаўрэнція Зізанія (?–1634) пад назвай «Як рыба хвастом надае свайму целу рух», дзе Разанаў сваім талентам пераніцоўвае рэлігійна-духоўныя пастулаты ў экзістэнцыйныя сэнсы і надае багаслоўнасці Зізанія сучасную філасофскую ўзвышанасць…

У публіцыстычна-крытычнай частцы часопіса чытач можа пазнаёміцца з шэрагам гістарычных і актуальных тэкстаў. Мабыць, найбольш прыцягальным і вартым увагі можна назваць артыкул Юрася Пацюпы «Яшчэ адна ананімная паэма» з адсылам да архіўных крыніц, што тычацца беларускамоўнага краснага пісьменства ХІХ стагоддзя. Чытачу прапануецца расшыфраваны В. Мартысюком вершаваны тэкст пакуль пэўна невядомага аўтара «Чортава сіла».

Да юбілею знанага паэта Анатоля Сыса рэдакцыя выдрукоўвае адшуканае ў спадчыне Алеся Ліпая (таксама заўчасна адышоўшага творцы) яго даўняе інтэрв’ю з тады яшчэ маладым «братам Максіма Багдановіча»…

Арыгінальны, досведны, сцісла-афарыстычны і па-майстэрску выстыляваны расповед Адама Глобуса пра сусветна вядомага мастака Пабла Пікаса варты шырокай чытацкай увагі.

Літаратуразнаўца Алесь Пяткевіч разважае над кнігай «Як укладалі “Спадчыну”», што летась пабачыла свет у «Бібліятэцы Бацькаўшчыны» (укладанне Н. Гардзіенка і Л. Юрэвіча). Выданне прыўрочана да 135-годдзя ад нараджэння і 75-годдзя смерці Янкі Купалы.

Зіна Гімпелевіч рэцэнзуе зборнік вершаў Ю. Шамецькі «Непрадказальнае», а Леанід Галубовіч – трохтомнік выбраных твораў У. Мароза.

Напрыканцы вас чакае кніжны навігатар «Дзеяпіс».

Чытайма. Пакуль хмурэе да першага снегу…

ЛеГал

Будзьма з «Дзеясловам»!

Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі ды атрымліваць яго шэсць разоў на год.

Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813,

для ведамаснай падпіскі — 748132.


Апублікавана

у

,