«ПЕСНІ РАННЯЙ ВЯСНЫ»
Вясна паціху пачынае ўсталёўвацца на адталых айчынных прасторах.
Яшчэ шмат пасляснежнай вады і гразі, аднак сям-там падсыхае і лапінамі пачынае вылазіць трава, а на вербах набухаюць пупышкі… Тым часам і літаратурны працэс бурліць вуркліва да самазабыўнасці. Асабліва ў электронных сетках. Здаецца, сёння ўсё, апроч нараджэння і смерці, змяшчаецца ў інтэрнэце. Бадай што і сам Фёдар Дастаеўскі, напэўна, быў бы здзіўлены, што чалавека так хутка «звузілі»… А між тым, на кожным кроку праблемы. Дайшло й да «дыскрымінацыі» – падумаць толькі! – рускай мовы ў беларускай літаратуры. М-да… А на адной з нядаўніх імпрэз С. Дубавец нечакана заяўляе, што вось змагаўся ён з саветчынай і «рускім мірам», але сёння, як бы тое не выглядала дзіўным, перад пагрозай магчымай вайны, амаль гатовы вылучыць некалі зацяганы стары партыйны лозунг: з кім вы, майстры культуры?! Трохі ўтрырую, але блізка да таго. І дарэчы, сам з падобнай пастаноўкай пытання таксама амаль пагаджаюся. Агулам – запальных спрэчак і палемікі шмат, тусовачнага апломбу праз край, эгацэнтрычнасць зашкальвае, а высокамастацкай літаратуры – вобмаль… Ды, дзякаваць Богу, усё ж зрэдзьчас з’яўляецца. Вось вакол такіх паасобных твораў і распальваць бы палеміку, «ламаць пер’е», разгалошваць чуткі пра іх, пашыраючы абсяг прыхільнікаў краснага пісьменства.
Часопіс «Дзеяслоў» – адно з тых рэдкіх выданняў, якое намагаецца быць на вастрыі літаратурнага, а не калялітаратурнага, працэса. Не заўсёды атрымліваецца трымаць раўнавагу, але прага мастацкага заўважная. Як і ў чарговым (74) нумары, публікацыі якога пачынаюцца двума аповедамі вядомага пісьменніка Віктара Казько пад агульным назовам «Свята мужчынскага смутку». Мудрае, а таму лірычна-іранічнае, асэнсаванне марнасці жыцця сучаснага пост-савецкага чалавека. Што праўда, падчас занадта згушчаны стыль пісьма замаруджвае ход і яснасць думкі і агульнае чытацкае ўспрыманне. Разам з тым, трэба прызнаць, што адвольна і карыкатурна выпісаны вобраз беларускага Моці ў гэтых і папярэдніх аповедах Віктара Казько востра выяўляе крытычную сітуацыю з нацыянальнай і грамадзянскай самасвядомасцю ў нашай краіне. Вось адзін з фрагментаў: «Але так ужо заведзена – за вялікім чаканнем такое ж вялікае расчараванне. Амаль сусветны падман, разбуральны падман прывабнага снення. Часам незапамінальныя пробліскі яго гоняцца за табой у калавароце сумнай рэчаіснасці і помсцяць, помсцяць табе нязбыўнасцю. <…> У якой ступені і меры гэта тычылася яго, Моці, ён не ведаў. Але падсвядома адчуваў такі сэнс, такі вырак усяму жывому на свеце. Гэта адчуванне агарнула яго, калі ён пайшоў у дзіцячы садок». Што ж, будзем спадзявацца на выхад асобнай кнігі нашага вядомага пісьменніка пра жыццяпіс нязломнага электаральнага Моці.
Франц Сіўко друкуе маральна-псіхалагічны твор (аповесць «Цымант»), які заводзіць чытача са знешняга, акаляючага нас свету, ва ўнутраны свет чалавека з усімі яго неспадзяванкамі і таямніцамі. Дэтэктыўна-крымінальны стрыжань сюжэту не засланяе агульную і паасобную духоўную карціну чалавечага і грамадскага жыцця. Адказнасць чалавека перад людзьмі не толькі за сябе і свае ўчынкі, але і спроба негалоснага замольвання ім чалавечай грахоўнасці ўвогуле надае тэксту мастацкай вартасці і злабадзённага гучання.
Простыя аповеды пра простыя рэчы і звычайных людзей. Як ёсць. Шмат абрысаў і вобмаль фарбы. Такое, значыць, чорна-белае жыццё і адпаведная яму кароткая проза Уладзіміра Сцяпана («Задача», тры навелы). Сухаватая, але чытэльная.
А вось сатырычна-гумарны аповед Вінцэся Мудрова («Песні ранняй вясны»), на мой погляд, рэдакцыя магла б прытрымаць і да восеньскага нумара, да пачатку чарговага ўсенароднага выбарчага адабрэння. Цытаваць тэкст можна з любога месца… Я толькі прывяду некаторыя забытыя намі словы, якія паспрабаваў уваскрасіць аўтар: «удзельнікі польскага падзем’я», «выбарчыя дзяльніцы», «бедалака», «жычкі», «калейка», «бравэра», «запрыдух», «ірты», «брызгуль», «гілос», «трыба», «пушка запалак» і поруч «кубарка сярнічак», «лемзаць», «начвэндзіць», «сутанак», «хваравека», «кіяховы корак», «памяльнік»… Пры чытанні, дарэчы, успомніўся мне ўласны дзіцячы час пачатку 1950-х гадоў, калі ў заходне-беларускіх вёсках і нават у райцэнтрах пачуць расійскую мову можна было нераўнуючы як насамрэч замежную… Раю і вам акунуцца ў «страхаморлівыя», як піша аўтар, думкі і амаль святочныя чырвонасцяжныя завейныя дзеі таго часу.
Цяжка даць вызначэнне тэкстам Паліны Качатковай: ці то гэта напраўду, як яна пазначае, аповеды, ці то журналісцкія нататкі (або ў лепшым выпадку эсэ). У іх ёсць добрая мова, аўтарскі вопытны зрок і слых, але бракуе стылёвай музыкі і адзінства формы і зместу.
З перакладаў прозы трэба адзначыць чытэльную і завабную аповесць украінскага пісьменніка Валадзіміра Даніленкі «Цені ў маёнтку Тарноўскіх» (пераклад Б. Пятровіча), на першы погляд, прымітыўна-праставатую, як самі чалавечыя інстынкты, але і прыцягальную нейкай унутранай, патаемнай, штокроць наспяваючай метафарычнай жарсцю, за якой, бы начная жаночая бялізна, зазыўна мільгаецца код нацыянальнага і фізічнага выраку чалавека. Тэкст з сэксуальнай і эратычнай падкладкай, як кажуць, для вельмі шырокай публікі.
Міні-аповед «Дождж» – сухі, лапідарны, прахалодны скандынаўскі стыль – пэўны, хоць даастатку і недагавораны. «Я, бачыце, рэгулярна выходжу на шпацыр. На доўгі шпацыр па дажджы. І вось сёння ўдзень я ўбачыў гэтага пацука. Ён папросту патануў. Я ў гэтым не сумняваўся. Ва ўсякім разе ён ляжаў у канаве – нежывы і мокры. Вось яно як, падумаў я. Ты там валяешся, а я тут стаю». У гэтым кароткім фрагменце ўвесь высокі сэнс духоўных спасціжэнняў і ўнутраных пературбацый нарвежскага пісьменніка Інгвара Амб’ёрнсэна (апавяданні «Часовая прысутнасць» у перакладзе Лідзіі Ёхансэн).
Што да паэзіі… Вершы вядомага старэйшага паэта Васіля Зуёнка лірычныя, але дастаткова мудрыя, без напускной павучальнасці, нібы перад выдыхам – прароча-адчайныя. Як гэты («Д’ябальскае пытанне»):
Не суджана змовіцца двум прарокам,
Адзінства – не іх узаемны дар.
Прарок – як гэты свет – адзінокі.
Ён толькі сам над сабой валадар.
Прарокі ж самі і навучылі –
Несумяшчальнасцю ў мудрых тамах:
Няма прарока ў сваёй Айчыне…
– А можа, Айчыны ў прарока няма?..
Нізка верлібраў Марыі Вайцяшонак «Да зімы тварам» вызначаецца тонкай душэўнай вынашанасцю, сатканай з досведу жыцця і духоўнага вопыту. Своеасаблівая метафарычна-вобразная магма жаночай бяссонніцы…
гады падыходзяць
вясковым
разводдзем:
той бераг,
дзе ты,
яшчэ далей
адплывае.
Вершы Валеры Дубоўскага («Родавыя аскепкі неба») – пошук формы і стылю для бесперапыннага ўдасканальвання ўласнай асобы. Шмат абстракцый і адстароненасці ад быту дзеля спасціжэння існасці зямнога быцця.
Слова – запісаны сэнс,
занітаваная рэальнасць,
эмоцыя,
якая здабыла абалонку.
Вершы Таццяны Будовіч вартыя прачытання, хоць бы таму, што выпадкова занатаваныя ў падсвядомым космасе падчас псіхалагічнай бязважкасці:
сцісні мяне ў далонях
калі паспееш
я твой квіток у іншае вымярэнне
адпачывалі Хічкок з Міядзакі
калі Бог прырабляў мне крылы
Падляшскі беларускамоўны паэт Андрэй Сцепанюк (нізка «Бельскае маўчанне») разлічвае на разважлівага чытача. У яго тэкстах амаль нічога не засталося ад традыцыйнага класічнага верша, але, як мне падаецца, яшчэ недастаткова і таго, што спараджае высокае мастацтва. Скажам, аўтар і Паэзія на паўдарозе адзін да аднаго.
З кахання пачнецца Слова
невыразнае і маўклівае
нясмелае і няспелае
Са слова вырасце нескладаны Сказ
граматычна просты
і недасканалы ў форме
Са сказам адкрыюцца Вусны
і горла зробіць праверку Голасу
Голас зварушыць Думку
вырве яе са сну і дрымоты
Даволі аб’ёмная, як для дэбютанта, нізка вершаў «Мая Ітака» мінскага мастацтвазнаўцы Паўла Дарохіна пакідае неадназначнае ўражанне. Адукаваны, начытаны чалавек, але хаатычна разбэрсаны ў думках і пачуццях, не зусім падрыхтаваны да гарманічнага ўспрыняцця свету. Паэзія патрабуе мастацкай цэльнасці, калі неабходныя словы паспяваюць за аўтарскай інтуіцыяй. У Паўла ж пакуль падобных удач, мякка кажучы, няшмат.
Маўчу часта, кажу рэдка
Слухайце, дзеткі, страшны сакрэт
Папараць-кветка – не папараць-кветка
Гэта катлетка.
З дзяцінства ўмейце адрозніваць
расліны ад катлет.
Пажадаем і нашаму аўтару навучыцца адрозніваць паэзію ад версіфікацыі.
Пяройдзем, як мне падаецца, да найбольш цікавага раздзела, які можна аднесці да мемуараў, дзённікаў і публіцыстыкі. Да 80-годдзя народнага паэта Рыгора Барадуліна Сяргей Шапран сабраў і падрыхтаваў успаміны пра яго розных людзей. Асаблівую цікавасць выклікае расповед жонкі паэта Валянціны, у якім яна даволі шчыра прыпомніла пяцьдзясят тры пражытыя разам гады. Бывала ўсякае, але помніцца найбольш яскравае. Напрыклад: «Не магу сказаць, што пакахала Грышу за ягоную паэзію – ён спадабаўся мне проста як чалавек. І ўсё жыццё я цаніла яго найперш як чалавека і толькі пасля – як паэта…». Далей больш: «Мову я, канечне, любіла – мову саму па сабе, але да паэзіі была абыякавай. Я не тое, што не люблю паэзію – яна мяне не кранае». І напрыканцы трохі дзіўная як для філолага, але, як для самага блізкага чалавека, зразумелая выснова: «Думаю, што ўсё ж ён быў геніем. І хоць ён са мной не пагадзіўся б, але мне здаецца, што ў беларускай літаратуры менавіта ён першы пісьменнік – наперадзе Багдановіча, Купалы, Коласа. Яны першыя таму, што былі раней за яго, але па ўзроўні першы ўсё-ткі Рыгор»…
Да ўспамінаў Валянціны Барадулінай дадаліся цёплыя словы Г. Бураўкіна, сястры В. Быкава Валянціны, лонданскага беларусіста А. Макміліна, У. Сіўчыкава і Р. Сітніцы. Следам публікуюцца запісы розных гадоў народнага паэта Ніла Гілевіча. Цікава, што пачынаюцца яны з такой рэдакцыйнай вынаскі, якая пасуе да папярэдняга: «…наконт генія зайздрасці мы, беларусы, можам з балгарамі пацягацца…».
Прыцягваюць увагу вельмі жывыя «гісторыі з савецкага часу» Зянона Пазьняка пра сціплых герояў беларушчыны, вобразы якіх, прапушчаныя праз памяць і сэрца аўтара, вядомага грамадскага і палітычнага дзеяча, як праз трохграннік часу, недзе ў падтэктах выяўляюць і постаць самога Пазьняка, як неардынарнага чалавека і асобы. Нястомны рата́й нашай літаратурнай нівы Сяргей Шапран працягвае перагортваць старонкі новай кнігі «Уладзімір Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія». Чытэльная, між іншым, штука. Дзіўнымі фармалістычна-лінгвістычнымі ўспамінамі падзяліўся з чытачамі Аляксандр Лукашук («На вадзе, на зямлі і ў небе»). Калі шчыра, мяне больш уражвалі яго партрэты сучаснікаў у папярэдніх нумарах часопіса. Друкуюцца «алкагольныя эцюды» Анатоля Астапенкі. Пра мастака Пётру Багданава піша Галіна Багданава. Вядомы літаратуразнаўца, крытык і драматург Сяргей Кавалёў рэцэнзуе даволі неардынарную кніжку калегі Ігара Запрудскага «Метафізіка беларускай крытыкі». Леанід Галубовіч разважае над зборнікам вершаў беластоцкай маладой паэткі Касі Сянкевіч «Гарбата з незабудак». Завяршаюць публікацыі рубрыка «Дзеяпіс» і змест усіх нумароў часопіса за 2014 год.
Ёсць што пачытаць, шаноўныя. Давайце жыць не толькі хлебам, але і словам. Беларускім. Каб не ўмерці даастатку ні пры якіх раскладах цёмных сілаў.
Вясна ўсё ж!
ЛеГАЛ
Будзьма з «Дзеясловам»!
Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі і спраўна атрымліваць яго шэсць разоў на год.
Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813,
для ведамаснай падпіскі — 748132.