Вера Лойка №85

Шведскія канікулы

Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то Швецыя безумоўна – з аэрапорта Арланда. І пачатак гэты можа мець розны настрой, мяне, да прыкладу, у першую гадзіну знаходжання на шведскай зямлі наведвала думка – і чаго гэта мне не сядзелася дома, што я тут згубіла? Нічога не згубіла, гэта чыстая праўда, а вось калі б пабаялася такой цудоўнай прыгоды – паехаць на тры тыдні ў краіну, мовы якой не ведаю, ды мала за тое, яшчэ і ўсюдыіснай ангельскай таксама, ды з перасадкай у адным з найбуйнейшых аэрапортаў свету – то пэўна шмат бы чаго не знайшла. Але пра знаходкі пазней. Пакуль што я прыляцела ў стакгольмскі аэрапорт Арланда самалётам “Белавія”, дзе бортправадніцы размаўляюць па-беларуску і па-ангельску і ўсё цудоўна. Вось толькі ёсць нейкае прадчуванне, што далей праблемы будуць. І чакаць яны не прымушаюць.

Аэрапорт Арланда – вялізны лабірынт, запоўнены людзьмі розных рас і нацыянальнасцяў, якія ўсе як адзін – так мне падалося – акрамя роднай ведаюць ангельскую мову. Да іх паслуг усё – аб’явы, табло, указальнікі, служба даведкі (я яе не бачыла, але ведаю, што ёсць такая), шматлікія супрацоўнікі. Рускай мовы тут не разумее ніхто, апроч эмігрантаў з постсавецкіх рэспублік, што працуюць у службах аэрапорта, але як ты іх знойдзеш? Некаторыя службоўцы хоць на мігах спрабуюць разабрацца, што мне трэба і чым яны могуць дапамагчы, і дапамагаюць, дзякуй ім. Але ж пакуль я дабяруся з пашпартнага кантролю ў тэрмінале №5, куды я прыляцела, у тэрмінал № 4, адкуль адпраўляецца самалёт авіякампаніі SAS у Вісбю, мне трэба прайсці мо з кіламетр. На гэтым шляху прыйдзецца атрымаць багаж, памяняць грошы, аўтаматычна (!) зарэгістраваць свой электронны білет, ізноў здаць багаж, прайсці асабісты кантроль і нарэшце знайсці выхад на пасадку…

І вось тут ёсць адзін момант, пра які, нягледзячы на яго казытлівасць, я ўсё ж хачу сказаць. Без высноваў. За стойкамі сядзяць і стаяць служачыя аэрапорта розных нацыянальнасцяў. Шведы і… не шведы, і нават не еўрапейцы, а так званыя мігранты з краінаў трэцяга свету. Іх тут шмат. Здаецца, людзі прайшлі цяжкі шлях са сваіх часам небяспечных для жыцця краінаў да гэтай вось багатай, добраўпарадкаванай, рэспектабельнай Швецыі, што з’яўляецца марай мільёнаў абяздоленых у свеце. І ў іх усё атрымалася, яны маюць добрую працу і напэўна шмат яшчэ што. Ну хто ж як не яны прасякнуцца спачуваннем да разгубленага падарожніка, прычым жанчыны, у якой ужо слёзы на вачах паказаліся? Дык вось жа не. Яны нават не спрабуюць зразумець, проста адмахваюцца – не ведаю, маўляў. Адна мулатка, праўда, паглядзела на мой білет і паказала напрамак. У выніку я праменька прытопала ў тэрмінал № 3, які да майго падарожжа ніякага дачынення не меў, а з паўкіламетра шляху дадаў. І добра яшчэ, што часу да рэйса ў мяне было дастаткова, а то ў выніку гэтай “прагулкі” магла б і на самалёт спазніцца. Ды і асабісты дагляд прыйшлося праходзіць паўторна, бо вярнулася я якраз туды, адкуль зайшла. Па коле.

Адзін службовец грэбліва скрывіўся, пачуўшы рускую мову. Жэст яго дакладна паказваў, што дапамогі чакаць дарма. І як яму патлумачыць, што я ўвогуле з Беларусі, якая не захоплівала Крым, не збівала малайзійскі Боінг, не ваюе ў Сірыі і нават у Палтаўскай бітве не ўдзельнічала? Праўда, пасля гэтага я памяняла парадак заціснутых у руках дакументаў – пашпарт паклала вокладкай уверх, каб відаць быў надпіс “Republic of Belarus” і наогул тое, што пашпарціна ў мяне не “краснокожая”. Было страшна, сорамна і… хацелася дадому.

І вось калі я, ужо амаль у слязах, апусцілася ў пластыкавае крэсла побач з немаладой шведскай сужэнскай парай, усё цудоўным чынам перамянілася. Не, мая суседка не ведала рускай мовы, але яна таксама ляцела ў Вісбю. І за яе спінай быў досвед не змагання за від на жыхарства ў багатай краіне, не – за яе спінай быў досвед жыцця на сваёй зямлі, у сваёй краіне, побач са сваімі суседзямі, адпаведна сваёй культуры… А гэтая культура прадугледжвае гонар за Швецыю і павагу да іншых краінаў. Паглядзеўшы на вокладку майго пашпарта, жанчына плаўна правяла ў паветры рукой, нібы хвалю намалявала і радасна сказала: “О, Беларусь! Лён, лён, лён…” Я потым паглядзела ў слоўніку – па-шведску лён – lin. Можна сказаць, што ў самалёт яна мяне прывяла за руку. А ў аэрапорце Вісбю мы абняліся на развітанне і гэту сустрэчу я буду памятаць усё жыццё.

Выснова з маіх аэрапортаўскіх прыгод можа быць толькі адна – англійскую мову трэба вучыць. Апроч таго, што яе няведанне стварае шмат праблем, яшчэ і сорамна. І не толькі за сябе – за краіну.

Але вось я ўжо ў самалёце і ён ляціць над морам. Я не разумею мовы бортправадніц, ды і не замарочваюся гэтым – інструкцыі па бяспецы я сёння ўжо выслухала па-беларуску, а выбраць з двух прапанаваных напояў – чай ці кава – нескладана. Ды і лёту да вострава Готланд 45 хвілінаў і мы ўжо прызямляемся. Пасля Арланда мне ўжо нічога не страшна. У мяне ёсць напісаны на паперы адрас Балтыйскага дома, а таксісты – яны і ў Швецыі таксісты. На рабочым стале ноўтбука намаляваны падрабязны план – пад якім гаршком з кветкамі мяне чакае ключ ад пакоя. Ды план не спатрэбіўся, мяне сустрэла Лена – гаспадыня Балтыйскага дома і ўсе трывогі засталіся ззаду, бо я ўжо была не адна.

У горад мы паехалі не кароткім шляхам, а па беразе мора. Апошні раз я бачыла мора на пачатку васьмідзясятых. Цэлае жыццё прайшло. Я іншая, свет іншы, а мора… хіба можна яго ідэнтыфікаваць. Яно вечнае і пераменлівае. І зачароўвае з першай хвіліны. Калі Лена спыніла машыну на беразе – сонца садзілася за далягляд і ад яго наўпрост да нас бегла вогненная сцежка. Чамусьці менавіта “за мора” сонца хаваецца імкліва, так што не паспяваеш знайсці ў сумцы фотаапарат. О невылечная нашая прага ўсё задакументаваць! Я то паспела, але ж ніякі здымак не можа перадаць чароўнасці гэтага моманту. Яго не захаваеш ні ў фотаальбоме, ні ў кампутары. Толькі ў сэрцы.

А потым мы праехалі вароты ў крэпасной сцяне, што атачае стары горад. Сцяна мае працягласць усяго 3,5 кіламетры, таму тут усё побач. Заблукаць немагчыма. З любой кропкі ўбачыш лютэранскую царкву, якая аказваецца проста перад маім акном. А за вежамі царквы відаць мора, таму што дом стаіць на скале і позірк дасягае той рысы, што падзяляе неба і мора. Або злучае.

З горадам я буду знаёміцца заўтра, сёння – з домам. Уласна кажучы, іх два. У адным жылыя пакоі, у другім – бібліятэка, кіназала, кухня, пральня, саўна – усё, што трэба і нават больш. У самым маленькім пакоі працуюць Лена і Патрык – нашыя гаспадары. Ключ ад майго пакоя адчыняе ўсе дзверы – і ў абодва домікі і нават у смеццевыя скрынкі побач з уваходам. Тут раздзельны збор смецця – у адну скрыню скідваецца так званы кампост – адкіды ежы ў адмысловых пакетах, у другую астатняе. Ні паху, ні бруду, ды і самога смецця не відаць, яно падае ўніз па схіле, а дзе прызямляецца – не відно. На кухні ўсё, што можа спатрэбіцца самай спрактыкаванай і патрабавальнай гаспадыні ў колькасці, якая нашмат пераўзыходзіць патрэбу. Нарэшце навучуся карыстацца пасудамыйкай. Дагэтуль у мяне з ёй кантакту не было. Добра, што не прыхапіла з дому тэрмас – іх тут каля дзясятка, на ўсіх хопіць. У кожнага свая паліца ў халадзільніку, свой кантэйнер для прадуктаў.

У мяне ў чамадане ёсць патрончык з ніткамі і голкамі, як напэўна ў кожнай жанчыны, але на століку тых нітак вялікая каробка – усіх магчымым колераў. Ну нічога, патрончык мой багаж не абцяжарыў, ён маленькі, а вось рэчаў можна было б напакаваць і меней, бо ёсць пральныя машыны і машына-сушылка. Тут прадугледжана практычна ўсё. Граеш на гітары? Ёсць гітара. На фартэпіяна? Таксама ёсць. Падабаецца снедаць, піць чай-каву на свежым паветры? З кухні можна выйсці да абсаджанага кветкамі белага століка і такіх жа крэслаў. Там жа стаяць некалькі веласіпедаў – самы папулярны транспарт у Вісбю. Пакуль вы госць у гэтым доме, у ваш пакой ніхто не заходзіць. Калі трэба прыбраць – пыласос недалёка. Памяняць пасцельную бялізну таксама можна самому, калі вы палічыце гэта патрэбным. У жылым доміку ёсць яшчэ адна маленькая кухня з халадзільнікам, посудам і электрачайнікам. Чаго яшчэ чалавеку жадаць – я не ведаю. Адпачывай, працуй і ні аб чым не клапаціся – усё прадумана. Але ж у жыцці так не бывае.

Аказваецца – бывае. Спала я моцна, нягледзячы на тое, што гадзіннік на царкоўнай вежы біў кожныя трыццаць хвілін. Калі не даймае бяссонне – ноч праходзіць хутка-хутка. І вось наступіла мая першая шведская раніца. Здавалася б – у першую чаргу варта ісці да мора, але першая мая прагулка была нерамантычнай – я пайшла шукаць прадуктовую краму. На мора ў мяне наперадзе часу хапала, але ж сняданкі-абеды-вячэры павінны быць і ў Швецыі. У Балтыйскім доме кожны займаецца сваім правіянтам сам. І гэта цудоўна, бо ты не звязаны ніякім раскладам і можаш паесці ў любы час дня і ночы. Патрэбная крама знайшлася хутка, праз якіх пяць хвілінаў і знаходзілася яна на галоўнай плошчы старога горада. Убачыўшы мяне на парозе, касірка здалёк выгукнула “хэй!” і памахала рукой. “Хэй” па шведску значыць “прывітанне”. Вітаюцца тут паўсюль, куды б ты ні зайшоў. Можна проста выпадкова сустрэцца з чалавекам позіркам на вуліцы і гэтага дастаткова для прывітання. Павага да асобы ў шведаў нешта накшталт нацыянальнай ідэі. Калі ў касу збіраецца невялікая чарга, то стаяць у ёй пакупнікі будуць на адлегласці не менш як метр адно ад другога, каб крый Божа, не парушыць нічыёй асабістай прасторы і не закрануць сваім кошыкам. Камер захоўвання ў крамах няма, у гандлёвую залу заходзіш з усімі сваімі валізамі і ніхто ў іх не заглядвае ні на ўваходзе, ні на выхадзе. Не трэба і казаць, што няма ніякіх спрэчак, ніхто не спрабуе пралезці без чаргі. Ды хіба гэта чэргі? Касіры абслугоўваюць хутка, бо з дробяззю валэндацца не трэба – самая дробная манета гэта крона. Манеты апускаюцца ў шчыліну касавага апарата, адтуль жа ў латок выпадае рэшта. Касір прымае-выдае толькі купюры. Існуюць і касы самаабслугоўвання, дзе аплата адбываецца картачкай, і карыстаюцца імі нават школьнікі.

Прадукты, якія заўтра ўжо будуць не зусім свежымі, асабліва хлеб і разнастайныя булачкі, бліжэй да вечара ўцаняюцца ў два-тры разы. Гэтак жа за бясцэнак можна купіць фрукты, якія пакуль што маюць абсалютна таварны выгляд, але могуць страціць яго заўтра. Рабіць пакупкі ў шведскай краме лёгка і прыемна. І няведанне мовы тут не перашкаджае – ёсць малюнкі, ёсць празрыстая ўпакоўка, ды ў рэшце рэшт жаночай інтуіцыі таксама ніхто не адмяняў. Дапазна ў Вісбю працуюць толькі прадуктовыя крамы, усе астатнія – такія як сувеніры, адзенне-абутак, кнігі – зачыняюцца ў 16 гадзін і іх супрацоўнікі прысвячаюць вольны час сабе і сям’і – ну ў каго што ёсць. Некаторыя шведскія кампаніі ўвялі ў сябе 6-гадзінны рабочы дзень. Матыў такі: захаваць канцэнтрацыю і працаздольнасць на працягу 8 гадзін – амаль немагчыма для большасці людзей. Таму работнікі змушаны рабіць паузы, іх час выкарыстоўваецца неэфектыўна. Аказалася, што за 6 гадзін супрацоўнікі паспяваюць зрабіць не менш, чым зрабілі б за 8. У іх застаецца больш энергіі і часу для асабістага жыцця, яны адчуваюць сябе больш паспяховымі і шчаслівымі. Для шведскіх працадаўцаў гэта аказваецца важна. “Дзяржава для народа”, – добры слоган, хто спрачаецца. У шведаў гэта і на справе рэалізоўваецца.

Вуліцы Вісбю – гэта тэма асобная. Па іх можна хадзіць бясконца. Ну, па-першае, нават у мокрае надвор’е ногі не замочыш, бо вуліцы брукаваныя і сцёкі добрыя. На маіх вачах брыгада літоўскіх хлопцаў пракладала на суседніх Балтыйскаму дому вуліцах кабельны інтэрнет. Яны акуратна падымалі камяні брукаванкі, капалі траншэю, клалі кабель і да вечара “рабілі як было”. Брук ляжаў на месцы, чыста падмецены і ніякіх нязручнасцяў ад іх працы ніхто не адчуваў. Турыстычны сезон ужо мінуў, але ў пятніцу-суботу некалькі груп з гідам абавязкова сустрэнеш у цэнтры. Белы карабель з надпісам “Готланд”, што павольна праплывае некалькі разоў на дзень паўз маё акно, злучае востраў са Стакгольмам, ён і прывозіць турыстаў. Іх у асноўным можна сустрэць у цэнтры, каля царквы, на “сувенірных” вулічках. Калі ж гуляць “куды ногі прывядуць”, а дакладней – вочы, можна зайсці ў такія бязлюдныя завулачкі, дзе і чалавека не сустрэнеш. Але пачуцця страху не ўзнікае, бо Вісбю вельмі пазітыўны горад. За ўвесь час, што я знаходзілася там, ні разу не чула крыку, сваркі, спрэчкі, не бачыла злых, незадаволеных твараў. Напэўна, не апошнюю ролю адыгрывае тое, што там не гучыць расейскі мат, які ў нас не чуецца хіба што з дзіцячых калясак.

У Вісбю даўней было некалькі вялікіх цэркваў. Востраў быў багаты, тут жыло шмат купцоў, стаяла некалькі кляштараў. Але крызісы былі заўсёды і горад збяднеў, яго сталі пакідаць купцы і манахі. Утрымліваць усе цэрквы было дорага, яны паступова разбураліся з-за недахопу якаснага догляду і гараджане прынялі рашэнне сканцэнтравацца вакол адной царквы, якая лепей захавалася, а астатнія пакінуць на волю лёсу. Лёс пазбавіў іх у асноўным дахаў, а моцныя каменныя сцены вытрымалі. Вось і на галоўнай плошчы стаіць былая царква святой Кацярыны. Хоць даху і вокнаў у яе няма, язык не паварочваецца назваць гэта збудаванне руінамі. Будынак закансерваваны (як і ўсе астатнія), падтрымліваецца ў добрым стане і працэс разбурэння даўно і надзейна спынены. На дзень адчыняецца ўваход, турысты могуць заходзіць унутр, аглядаць, рабіць фотаздымкі. Гэтыя цэрквы ніколі не будуць адноўлены, але і ніколі не будуць знесены.

Шведы наогул нічога не разбураюць і не зносяць. Прынамсі на Готландзе. На высокай скале з выдатным відам на мора за гарадской сцяной захавалася са старых часоў нават шыбеніца. Я недарма адзначыла выдатны від, бо наведаўшы гэты помнік даўніны проста фізічна адчула жах і роспач тых, каго прыводзілі сюды для выканання прысуду – аура ў гэтага “помніка” яшчэ тая. А краявід бязлітасна падкрэсліваў прыгажосць свету, які няшчасныя павінны былі праз якія хвіліны пакінуць. А пэўна ж былі сярод іх і невінаватыя, несправядліва асуджаныя. Яны былі ва ўсе часы, як ёсць і цяпер. І вось дзіва, разбуральна папрацаваўшы над цудоўнымі цэрквамі, час злітаваўся з гэтых трох каменных слупоў, абнесеных нізенькай мураванай агароджай, прыбраўшы толькі драўляныя перакладзіны. Напэўна, яны павінны служыць напамінам і перасцеражэннем наступным пакаленням.

І добра служаць, бо смяротнае пакаранне ў Швецыі заканадаўча не існуе з 1921 года. А апошні швед пакараны смерцю яшчэ ў 1910 годзе. У 1920-м памёр дзяржаўны кат і лічыцца, што паколькі не знайшлося ахвотных заняць гэтую пасаду, праз год Швецыя адмяніла смяротнае пакаранне. Тут ёсць над чым задумацца – у краіне не знайшлося чалавека, які б пагадзіўся выконваць абавязкі ката! І напэўна ж аплата была не самай нізкай. Але нізкай была справа і таму шведы не спакусіліся. А ўлады пайшлі насустрач гэтым настроям і адмянілі само пакаранне. І напэўна, ніякіх рэферэндумаў не праводзілася і подпісы не збіраліся. Не ведаю, як гэта адмена паўплывала на стан злачыннасці ў краіне, але ведаю, што ў Вісбю адчуваеш сябе бяспечна ў любы час і ў любым месцы. Нават уявіць цяжка, што там можа быць нейкая злачыннасць. Звычка шведаў ні ўдзень ні ўначы не занавешваць сваіх вокнаў, сведчыць аб тым жа.

А вось “слуп ганьбы” на маленькай плошчы каля старой пажарнай каманды захаваўся, нягледзячы на сваю драўлянасць. Праўда, цяпер яго маскіруюць пасаджаныя навокал дрэвы, але інфармацыйная таблічка тлумачыць прызначэнне і гісторыю слупа. Дарэчы, каля шыбеніцы я такой таблічкі не бачыла. Там і так усё ясна.

Гуляць бязмэтна па вулічках Вісбю – цудоўны занятак. Ты нікуды не спяшаешся, цябе ніхто не чакае, ты нічога не павінен рабіць, апроч таго, што самому хочацца. Ці будзе яшчэ ў жыцці такі цудоўны вольны час? Хочацца неяк захаваць і забраць з сабой дадому гэтыя казачныя сярэднявечныя домікі, гэтыя ружы, што абляпілі сцены, вырасшы з вузкай палоскі зямлі паміж домам і брукаванкай, і куст спелых малінаў над нізенькай агароджай, і шыпшыну каля царквы, абсыпаную спелымі ягадамі і яркімі кветкамі… Канец верасня, а тут усё квітнее. Праляцеўшы амаль тысячу кіламетраў на поўнач, я нібыта зноў трапіла ў лета. Готланд недарма лічыцца самым цёплым месцам у Швецыі – недзе паблізу цячэ Гальфстрым.

Але цеплыня тут не толькі прыродная – найперш яна пульсуе ў чалавечых стасунках. Тут могуць прывітацца з незнаёмцам проста выпадкова сустрэўшыся позіркам. Спачатку мяне гэта бянтэжыла, потым я прывыкла, а цяпер мне гэтага вельмі не хапае.

Няведанне моваў – сур’ёзны бар’ер для зносінаў паміж людзьмі. Але нельга сказаць, што ён непераадольны. Мае суседкі – тры фінкі і тры немкі – паміж сабой размаўляюць па-ангельску. Немка Саскія ведае польскую мову, якую я разумею, а яна ў сваю чаргу збольшага разумее маю беларускую. Немка Юдзіт мае невялікі слоўны запас рускай мовы, прыкладна такі ж, як я нямецкай. А яшчэ ж ёсць перакладчык ГУГЛа, а на кніжных паліцах разнастайныя слоўнікі. Такім чынам мы ўсё ж знаходзім паразуменне.

І вось аднойчы ў аб’яве, прыціснутай магнітам да дзвярэй халадзільніка, сярод незразумелага англійскага тэксту я сустракаю назву вострава Фаро. Лічбы – аднолькавыя ва ўсіх мовах – падказваюць мне, што 20 верасня а дзясятай гадзіне раніцы туды мае адбыцца паездка. Пазней пры дапамозе ўсіх вышэйпералічаных сродкаў я высвятляю, што фінка Енні бярэ напракат машыну, бо іншым чынам на Фаро аніяк не дабярэшся, і ёсць яшчэ два вольныя месцы, якія з задавальненем “браніруем” мы з Юдзіт.

Востраў Фаро – блакітная мара маёй дачкі, бо тут жыў, памёр і пахаваны яе любімы рэжысёр Інгмар Бергман. Праводзячы мяне на самалёт, яна строга наказвала абавязкова пабываць на востраве і прывезці ёй адтуль каменьчык. Да парома едзем кіламетраў 50 на поўнач Готланда. Паром бясплатны як для аўто, так і для пешаходаў і плыве ўсяго 10 хвілінаў. Іншага шляху на Фаро няма. У перакладзе са шведскай мовы Фаро азначае “авечы востраў”. Ён куды меншы за Готланд і жыве там усяго з паўтысячы чалавек. Там няма пошты, бальніцы, банка, крамаў, апроч адзінай прадуктовай. Ёсць нейкія кавярні, але адчыненай аказваецца толькі адна пад назвай “Альбатрос”. Назва абяцае нешта адмыслова шведскае, з рыбы, але ў меню толькі бліны з грэчневай мукі пад назвай “Элвіс Прэслі” ды “Ліз Тэйлар”, да таго ж яшчэ і падгарэлыя. Нясмачна, няўтульна – і гэта першае і, дзякуй Богу, адзінае расчараванне ад наведвання вострава. Няўтульна там, што кавярня ўся звонку задэкаравана металаломам. Стары іржавы аўтамабіль, кшталту таго, на якім ездзіў Элвіс, мноства іржавых халадзільнікаў, швейных машын і розных іншых металічных агрэгатаў гадоў 50-х мінулага стагоддзя. Неяк не стасуецца авечы востраў, “Альбатрос”, грэчневыя бліны і Элвіс Прэслі. Чакалі мы іншага.

А востраў зачароўвае з першых хвілінаў. Усяго 50 кіламетраў на поўнач ад Вісбю, а ўжо адчуваецца суровая прырода, стрыманая флора, малаабжытасць. Відаць, гэты востраў Гальфстрым не абагравае. Хаця ў невялікім пасёлку ўтульна і прыгожа. Маляўнічыя домікі, кветкі, вялізныя аранжавыя гарбузы – нібы прывітанне з радзімы. Каля дарогі драўляныя столікі з лаўкамі – калі ласка, можна ладзіць пікнік. На кожным століку гаршчок з кактусамі. Бездакорная чысціня. Насупраць – могілкі, царква. На гэтых могілках пахаваны Інгмар Бергман. Яго магіла зусім сціплая. Замест помніка неапрацаваны камень, на якім выбіты імёны Бергмана і яго жонкі і даты іх нараджэння і смерці. Пару кусцікаў жывых кветак – і гэта ўсё. Тут не прынята класці на магілы вянкі і букеты. Няма і такіх папулярных у нас штучных кветак. Шведы, як мне падаецца, нават не ведаюць, што гэта такое. Калі ж хто хоча адзначыць сваё наведванне – калі ласка, у царкве ляжыць кніга, дзе можна запісаць свае думкі і ўражанні. Усе іншыя магілы такія ж сціплыя. Няма ніякіх насыпаў – роўны дзірван, невысокая пліта, кусцік жывых кветак каля яе. Што тычыцца агароджаў, столікаў, лавак, скульптураў, фотаздымкаў – нічога гэтага няма.

Сціпла выглядае і сядзіба Бергмана на беразе мора. Уласна, з-за агароджы ды сасновых галінаў яна ледзьве відаць, але тое, што бачна, не ўражвае раскошай. Тут Інгмар Бергман правёў апошнія 12 гадоў жыцця, пасля смерці жонкі. Яна памерла і была пахавана ў Стакгольме і толькі пасля смерці знакамітага мужа яе прах быў перавезены на Фаро, і цяпер яны назаўжды разам. Больш спакойнага месца ўявіць немагчыма і дзіву даешся, чаму ў нас так любяць прэстыжныя могілкі ды велічныя помнікі. Пасмяротны лёс чалавека ад гэтага ніяк не залежыць.

Востраў Фаро цудоўны не таму, што на ім жыў Інгмар Бергман. Я думаю, што наадварот – Бергман жыў на Фаро, таму што гэта цудоўны востраў. Яго краявіды можна ўбачыць у фільмах рэжысёра, знятых задоўга да таго, як ён там пасяліўся. Вярнуўшыся з падарожжа, мы ўключылі дыск з фільмам Бергмана “Жарсць” 1969 г. і пазнавалі ў ім тыя месцы, дзе нядаўна былі.

Фаро недарма называецца авечым востравам. Авечкі там паўсюль, а вось людзей мы за цэлы дзень убачылі не больш як пяць чалавек. Мала што са старых часоў змянілася ў вонкавым выглядзе вострава, за выключэннем чалавечага жытла. Агароджы складзеныя з плоскіх камянёў – без кроплі раствору. Такім жа чынам складзены сцены хлевушкоў пад стрэхамі з сухой травы – аналагамі нашых саламяных. Драўляныя агароджы таксама зроблены незвычайна – без цвікоў, дошкі і жэрдкі адмысловым спосабам звязаны паміж сабой. Старыя ветракі, якіх шмат на востраве, ды рыбацкія хаціны на беразе мора дапаўняюць карціну падарожжа ў часе.

Але ёсць на Фаро такія мясціны, дзе з’яўляецца адчуванне, што ты нейкім дзіўным чынам перамясціўся не ў мінулыя часы, але на іншую планету. І прычына таму – раукары. Да паездкі я нават слова такога не ведала. І нічога дзіўнага, бо раукары ёсць толькі на Фаро, Готландзе і яшчэ некалькіх астравах Балтыйскага мора. Раукары – гэта вапнавыя ўтварэнні ў выглядзе калонаў, што з’явіліся ў выніку эрозіі падчас ледніковага перыяду каля 400 мільёнаў гадоў таму. Яны ўражваюць сваёй велічынёй, веліччу і формамі, якія часам нагадваюць нейкіх фантастычных жывёлаў, або казачных волатаў. Азірнуўшыся вакол разумееш, што за гэтыя часы чалавек ніяк не ўмешваўся ў існаванне раукараў. Сёння яны выглядаюць так жа, як і мільёны гадоў таму. Нават аўтары неўміручага твора “Тут быў Вася” сюды не дабраліся. Раукарам, трэба сказаць, пашанцавала з месцам з’яўлення. Здарся калісьці тая эрозія на нашых землях, маглі б і не дастаяць некранутымі да XXI стагоддзя. Сумны лёс аўтавакзала “Маскоўскі” і першай мінскай электрастанцыі падказваюць менавіта такі варыянт. Шведы ж шануюць і зберагаюць усё, ну і маюць адпаведна гэтаму.

Паездка на Фаро натхніла нас на далейшае падарожжа, якое мы ўчынілі праз тыдзень. Цяпер ужо немка Анна ўзяла ў пракаце машыну і мы адправіліся знаёміцца з востравам Готланд, бо Вісбю – гэта толькі маленечкая яго частка. Канчатковай нашай мэтай было месца, дзе Андрэй Таркоўскі здымаў свой апошні фільм “Ахвярапрынашэнне”. Мабыць, на гэтых ціхіх і спакойных астравах з традыцыйным ладам жыцця здымкі фільмаў былі самымі цікавымі падзеямі цягам апошняй сотні гадоў, таму гэтыя месцы нават пазначаны на турыстычнай карце.

Але спачатку мы паехалі ў шведскі лес. Не, не так – спачатку мы паехалі ў готландскі лес. Я не была ў мацерыковай Швецыі, але чамусьці мне здаецца, што Готланд ад яе неяк павінен адрознівацца. Геаграфічная адасобленасць, гістарычныя ўмовы не могуць не паўплываць на лад жыцця, звычкі, архітэктуру, ды нават мову. Размаўляюць жа ў нас на Палессі на сваім адмысловым дыялекце, а гэты рэгіён зусім не на востраве знаходзіцца. Але разважаць пра мову не ў маёй кампетэнцыі, я вярнуся да лесу. Не скажу, што ён дагледжаны і прыбраны, о не, ён натуральны на 100 адсоткаў. Мноства паваленых і проста сухіх дрэваў утвараюць карціну такой запаведнай глушэчы, што нават трывожна робіцца – а ці выберамся мы адсюль? Але ж у гэтай натуральнай глушэчы відаць плён чалавечых рук. Нехта пастараўся зрабіць так, каб госці гэтага куточка вострава маглі лёгка ўзабрацца на скалу па зручнай металічнай лесвіцы з парэнчамі, каб яны агледзелі наваколле з высачэннай – метраў на 50 – вышкі, гэта ў каго хопіць духу туды ўскараскацца. У мяне не хапіла. У рэшце рэшт, каля маленькай стаянкі для аўтамабіляў ёсць не толькі столік і лаўкі для пікніка, але і прыбіральня з асобнай кабінай для калясачнікаў, з туалетнай паперай і – раз у лесе няма вадаправоду – з антыбактэрыяль­най вадкасцю для рук. Прабачце за такія падрабязнасці, але я думаю, што чым менш мы будзем сарамліва маўчаць пра гэтыя бытавыя выгоды і рабіць выгляд, нібыта нам гэта не патрэбна, тым хутчэй яны стануць звыклымі і абавязковымі і ў нашай    краіне. А то цяпер тое, што маюць шведы ў глухім лесе, нам у цэнтры сталіцы днём з агнём шукаць трэба. Калі раздумацца, увага да чалавечых патрэбаў, гэта павага да чалавека. І каб зразумець гэта, не абавязкова ехаць у шведскі лес. Дарэчы, амаль на кожным рагу вуліц у Вісбю стаіць указальнік – у якім баку бліжэйшы туалет і на гэтым указальніку абавязкова намалявана інвалідная каляска. Усе яны, дарэчы, бясплатныя.

Калі б мы ў гэты дзень пабывалі толькі ў лесе, паглядзелі на востраў са скалы, з вышкі, палазілі па пячорах, паспрабавалі безвынікова прачытаць нейкі надпіс на вялікім камяні, датаваны 1927 годам, ды проста – надыхаліся найсвяжэйшым паветрам – сасновы лес на востраве сярод Балтыйскага мора без прамысловых прадпрыемстваў, дзень можна было б лічыць удалым. Але ён толькі пачынаўся і на Готландзе яшчэ заставалася шмат куточкаў, не ахопленых нашай увагай. І мы выправіліся на бераг мора. З гэтага берага было ўжо блізка і да дому. Пра тое, што за морам радзіма, нагадваў стары дот, вузкая шчыліна-байніца якога глядзела ў бок былога СССР. Калісьці, у часы халоднай вайны, такія доты аблямоўвалі ўвесь усходні бераг. Шведы рыхтаваліся абараняцца. Увогуле Швецыя нейтральная краіна, якая прынцыпова не далучаецца ні да якіх ваенных блокаў і альянсаў ужо гадоў 200. Апошні раз шведы прымалі ўдзел у антынапалеонаўскай кааліцыі. З тых часоў – ні-ні. Нікому не пагражаюць, не дэманструюць сілу, ніхто іх не баіцца – і цудоўна сябе адчуваюць. Нешта мне падказвае, што такой рэчы як ваенныя парады, шведы таксама не паважаюць. Ну не могуць яны так марнаваць грошы, бо адкуль бы тады ўзяўся ў Швецыі самы высокі ў Еўропе і адзін з самых высокіх у свеце ўзровень жыцця. Дзяржава накіроўвае вялікія сумы на сацыяльную падтрымку сваіх грамадзян: на дапамогу па беспрацоўю, дапамогу на дзяцей, на ахову здароўя і адукацыю.

Нам пра гэта застаецца толькі марыць, ды вось бяда – беларусы і марыць пра такое жыццё не жадаюць. “Нам і гэтак добра”, – як кажуць старэйшыя вяскоўцы, і гэта, на жаль, стала ўжо амаль нацыянальнай ідэяй. Вось толькі тое “гэтак” выглядае ўсё бядней і бядней. Увогуле мы надзіва нецікаўная і недаверлівая нацыя. Такія высновы я раблю назіраючы за добра знаёмымі мне людзьмі, што ні ў якую не жадаюць хаця б адным вокам паглядзець на іншае жыццё. А яно сапраўды іншае, варта ад’ехаць некалькі соцен кіламетраў ад роднай сталіцы. “Ды што я там новага ўбачу”, “А мне нецікава”, “Усюды аднолькава”… Калі хто і выбіраецца ў замежжа, дык абавязкова на марскія пляжы, што таксама ёсць праява нашай нацыянальнай ляноты – перамясціцца са зручнай канапы на такі ж зручны шэзлонг. З усіх іншых формаў бытаўладкавання нам мілей за ўсё адна – “усё ўключана”.

Гаспадары рыбнага рэстарана, дзе мы вырашылі паабедаць, Элвісам Прэслі не захапляліся і абед быў па-сапраўднаму шведскі і па-сапраўднаму смачны. За шырокімі вокнамі пляскалася мора, у якім яшчэ ўчора, а можа і сёння раніцай наш абед плаваў. Было так добра і ўтульна, што мы налілі сабе яшчэ кавы і пасядзелі даўжэй. У шведскіх рэстаранах можна пасля абеду піць каву або гарбату колькі хочаш, нічога не даплачваючы.

А да старога маяка, каля якога Андрэй Таркоўскі здымаў “Ахвярапрынашэнне”, мы дабраліся, калі ўжо шарэла і нібыта адразу пагрузіліся ў атмасферу фільма. Хто яго ведае, прыедзь мы туды сонечным ліпеньскім ранкам, можа нічога такога не адчулі б, проста палюбаваліся яшчэ адным прыгожым краявідам. Але быў асенні вечар, з мора дзьмуў пранізлівы штармавы вецер, а на дарозе, па якой мы ішлі ад стаянкі да маяка, расселіся вялікія чорныя птушкі. Яны нібыта не хацелі прапускаць нас туды, дзе дагэтуль прабывае дух майстра, што здымаў тут свой апошні фільм і ведаў пра сваю смяротную хваробу. Гэта адчувалася амаль на фізічным узроўні. Цямнела і мы спяшаліся вярнуцца да машыны. На паўдарозе шлях нам зноў засланілі тыя ж чорныя птушкі. Цяпер яны ўжо не хацелі адпускаць нас. І ў гэты момант уключыўся маяк. Ён міргаў у імкліва цямнеючай прасторы, нібыта адмысловымі знакамі трансліраваў у свет пасланне – ад каго, каму – невядома. Але нейкім містычным чынам, нібы верш на музыку, клалася на гэтыя сігналы малітва галоўнага героя “Ахвярапрынашэння”, якой фільм заканчваецца:

«Усім, хто ў гэтае імгненне страчвае надзею на будучыню, на жыццё, на магчымасць трымацца Тваіх запаветаў, тым, хто ў роспачы і адчувае блізкі канец, баіцца не за сябе, але за блізкіх сваіх, тым, каго ніхто апроч Цябе не зможа абараніць, бо вайна апошняя, жахлівая, пасля яе не будзе ні пераможцаў, ні пераможаных, ні гарадоў, ні вёсак, ні травы, ні дрэваў, ні вады ў калодзежах, ні птушак у небе, Божа, дапамажы нам..»

Напэўна кожная па-свойму, але нешта такое адчувалі і мае спадарожніцы, бо ўсе прыціхлі і задумаліся. А можа, проста стаміліся.

Потым мы выехалі за межы гэтай містычнай зоны, і ў святле фар вакол машыны заскакалі зайцы. Яны перабягалі шашу, кідаючыся пад самыя колы, так што прыходзілася рэзка тармазіць, беглі ўздоўж дарогі, амаль абганяючы машыну… Я ніколі не бачыла адразу столькі зайцаў. І ўсё было так падобна на сон.

А можа, гэта і быў сон?

Усё, што мае пачатак, мае і свой канец. Нават жыццё. Што ўжо казаць пра адпачынак, ён пралятае імгненна, і вось ужо трэба развітвацца з горадам, які за гэты час стаў нібыта і не чужым. Напярэдадні ад’езду я вырашыла абысці тыя месцы, што асабліва ўпадабала – без аніякага плану, куды ногі прывядуць. Ногі правялі мяне па ўсім старым горадзе. І я згадзілася са сваімі нагамі – выбраць сапраўды немагчыма, усе куточкі і вулічкі ў Вісбю цудоўныя і непаўторныя. Надвор’е было хмурае, з неба дзьмуў штармавы вецер. Ну што ж, – падумала я, – такое надвор’е робіць лягчэйшым развітанне. А потым успомніла, што надвор’е хутка выправіцца, а мяне тут ужо не будзе. І гэта было сапраўды сумна. Як і павінна быць пры развітанні.

 


Апублікавана

у