Лусінэ Маскалюнец (№125)

МАТЧЫНА МОВА

дзевам на водах

на тэрыторыі Беларусі

сустракаюцца два віды рагозу

(той, які ты ўсё жыццё блытаў

з чаротам:

typha angustifolia i

typha latifolia.

ты запярэчыш, што гэта

нішто на фоне трыццаці відаў

каралеўскіх брытанскіх садоў К’ю.

але нашто мне тыя дваццаць восем,

калі ў іх не блукае яна,

захінутая у чырвонае цела,

вочы поўныя жаху

перад полымем соснаў,

перад бляхай маўклівага месяца

па-над чоўнам у неспакойнай вадзе,

дзе яна па калена ў гарлачыках,

па горла ў бядзе шкадуе,

што яшчэ

не нарадзілася Філіф’ёнка,

каб навучыць яе,

як перажыць смерч і

як праць у рацэ дываны

без воцату і

без страху

*  *  *

полем

гук гук гук

у нікуды

рух рух рух

крыві

жур жур жур

руплівы

плуг плуг плуг

кіпучы

бруд бруд бруд

вільготны

сум сум сум

стомы

вуж вуж вуж

у дзіры

душ душ душ

шэпты

рун рун рун

лёсу

шнур шнур шнур

ты толькі

руш

мтз

мае дзеці,

узрошчаныя на

дызельных стэроідах

вырадкі,

прыбраныя ў

адмерлую скуру

сіняе робы!

вы маглі бы

быць роўныя

богу,

калі б

ён схуднеў

да вашай

вагавой катэгорыі.

а пакуль

сплаў вашых цел

на маім языку,

я выдзяру

ў словаў-падзёнак

крылы,

каб праляцець

паўз

манаў

талых

зямлю

Матчына мова

Вырваць з карэннем язык

Траўматычны рытуал

Які павінен прайсці кожны

З нашых

Вырваць не дастаткова

Поўная ачыстка розуму і душы

Выс

Кра

Бці

Забыцца,

як мама на ноч спявала

Зарыцца

Ва ўспаміны якіх не існуе

А што калі матчына мова

не ёсць мовай Тваёй маці?

Сама сабе маці

Сама сабе слова

Сама сабе

Уладзіміру К.

быць можа, ты там

таксама пішаш…

натхняешся

водарам бэзу

ды веліччу

месяца ноччу.

можа, ты там нават

паспеў палюбіць

джаз-фанк. а можа,

ты любіў яго заўсёды.

і да дрыжыкаў

узносяцца моцныя грудзі,

як і мае,

ад нясцерпнай пяшчоты.

.

і на рамонкавым полі

ў элегантным строі

пад гукі

таго самага джазу

ты збіраеш каханай алмазы,

бо каханне –

апошняя зброя

падчас вайны і халеры.

і ў самоце сваёй

не адшукаюць роўных

тыя кветкі.

.

пякельна,

калі ўнутранае,

выпешчанае

крышаць, бы свежы, яшчэ

цёплы хрусткі хлеб,

алмазаў квет

ужо зіхаціць

не ў наручы каханай,

а ў балоце.

пішу табе дамоў

праз безліч год,

Валодзя.

Страх

Які глыбока пад скурай

Недзе там

Паміж пражылкамі мяса

Бліжэй да касцей

Які з’ядае цябе

Які з’ядаеш ты

Мажаш яго на хлеб

Замест масла

Да ранішняй гарбаты

Страх без тлушчаў

Празрысты

Цягучы

Ён частка цябе

Не саскрабеш

Лязом нажа

Як бы віртуозна

Ні трэніўся

Па кніжках этыкету

Страх

Гэта

Я

*  *  *

Ежа. Маё ўсё і нічога.

Культурны код маёй сям’і

Пакладзены на хлеб

Захутаны ў фольгу

Памазаны шчодра яйкам

Каб залацілася хрусткая

Корачка.

Любоў у маёй сям’і

Цягнулася

Цыбульнаю касою

З каморы

Праз маю патыліцу

А скончвалася

Болем у пазногцях.

Менавіта яны нязносна

Баляць, калі страчваеш

Блізкіх.

а так хораша размаўлялі

“бэзе мой,

твае зламаныя рукі кранаю,

пальцы твае духмяныя

у слоіку ад матчынага сочыва

з кіслых вішняў

разам з мутнаю вадою –

вы ўсё, што мне засталося

ад дома..

па той бок неба,

бэзе мой бэзе,

птушкі маўчаць

чалавечым голасам

пра галоўнае,

пакуль срэбнымі

лускамі лупіцца

кволае цела горада..

каб толькі драбочкі

тых лусак

калісь даляцелі

і на маю галаву!

па той бок сонца,

якому горад аддана падстаўляе

свае чорныя ад пакоры грудзі

расце такі ж бэз,

уяўляеш?”

“а што засталося дому

ад цябе?”

пытае.

вось дзе паскуда.


Апублікавана

у