Дар’я мацеша (№123)

Metamorphoses

*  *  *

Даруйце ўсе,

хто крыж на мне паставіў,

хто бачыў, як я клалася ў труну,

хто клятву ўзяў, што больш … не буду.

Даруйце,

я чамусьці не памерла,

а вы не прадугледзелі яго…

Цяпер на целе

кветкі

кветкі

кветкі

(замест гніення)

неабарачальна

цвітуць.

Даруйце!

Гэта немагчыма

спыніць –

дажджу не забароніш ліцца,

намочваць глебу прагную…

Па-за

Здавалася,

тая вясна – пік жыцця,

дабраславенне,

мой страчаны рай –

толькі новае лісце на дрэвах

ярчэй, чым калісьці…

Здавалася,

тыя пачуцці – мяжа

ўсіх магчымасцяў,

толькі яны

мелі назвы,

калі дзеля новых

няма азначэнняў,

няма адпаведнікаў-словаў,

няма…

Гэта невычарпальна

чым больш галубоў,

тым больш зерня,

тым больш галубоў…

колькі будзе яшчэ

паранармальных імгненняў

this flow

не спыніць

ты праз цела й свядомасць цячэш

як мільёны азораных кропель –

рака ліхтароў…

*  *  *

…ці мы былі, ці не былі?

прыліў, адліў, прыліў, адліў –

за хваляй хваля набяжыць,

каб распусціцца на мяжы…

ці рыбы, ці спляценні рук (?)

раскручвалі бясконцы круг…

расплыўся ў дажджавой вадзе,

знік хранатоп

дзе мы?

нідзе

*  *  *

…праз вецер і снег

і нават у сне,

ў якім жыццяказцы бязглуздай канец,

прыйдзі да мяне,

прыйдзі да мяне!

Хай шлях замяло,

ў свабодны палон

(не вытрымаць ночы сам-насам са Злом)

прыйдзі да мяне

ў Вавілон…

Metamorphoses

(вадаспад)

Я думала:

як перайсці з аднаго стану ў іншы?

Аказваецца, паміж імі

няма супярэчнасцяў

(праўда?)

Спачатку вада цячэ ў цішы,

бруіцца

(крыніцай – Жыццё),

потым бруі

збіраюцца ў плыні,

якія гучаць, дрыжучы,

іх зліццё

спараджае трапяткі паток,

што няможна спыніць –

усе гукі, штуршкі ўсе

з’яднаныя перад парогам

у выбух…

Мяжа –

й больш ні бруяў няма,

ні струменяў,

ні плыняў,

ні твараў,

ні целаў –

ёсць толькі мільёны аскепкаў вады –

асляпляльных малекул –

ёсць толькі Пачуцці…

*  *  *

…нам падабаецца знікаць

у сны

дзе заўсягды

ў руцэ рука

дзе ў пустцы чыстая рака

выходзіць з нетраў

дзе паветра

нам падабаецца знікаць…

*  *  *

Толькі ноччу

магчыма пабачыць

такія дзівосныя

колеры

кроплі

пульсацыі

дрыжыкі

сцежкі

пункціры

фігуры

на скуры…

*  *  *

абдымаць цябе

ніцымі вербамі

лашчыць галінамі

“я” тое ж дрэва

развітвацца глупства

як можна з сабой развітацца?

як можна дыханне разбіць?

убіраю паветра

якое ты выдыхнуў

каб падарыць табе ўдых…

*  *  *

…я бачыла чорныя рэкі

штось пругкае й цёплае рвалася

дом да краёў напаўняючы вадкасцю

дыхаць няможна

шчэ некалькі ймгненняў

прапала б…

расплюшчыла вочы

не рэкі – налітыя вішні

ў праменнях Святла

свежы водар

дыханне

чырвоныя сцежкі

салодкага соку

на вуснах

ты блізка…

*  *  *

ратуй мяне ад

адэкватнасці

цвярозасці

добрапрыстойнасці

ўсёведнасці

матэматычнасці

беспамылковасці

перакананасці

пасады хлебнай

паслухмянасці

пазбаў мяне ад

Смерці

*  *  *

сысці па вадзе

каб згубіцца

знайсціся ў Прасторы

ў якой існуюць нашы творы

ў якой мы святкуем адно аднаго

й бачым існасць

сысці пры жыцці

й не вярнуцца

сысці назаўсёды

бязбольна

з асеннім дажджом

*  *  *

знікненне

ў старой-старой хаце

ў высокай-высокай траве

ў несабраных агромністых яблыках

у некранутых

разбухлых

святлом перапоўненых слівах

у ссохлых ад часу

зусім бязважкіх

ціхіх кошыках

у хаатычных

буйных

жоўтых красках

у печы гарачай

у чыстым паветры

ў маўчанні

(каханні)

ў нябыце

за плотам…

ніхто не патрапіць да нас

не заб’е нас

не ўбачыць…

*  *  *

я не разбіраюся ў музыцы

але падаецца

яна ўзнікае

калі супадаюць частоты

ды ўзмацняюць вібрацыі паветра

гаворка йдзе

не толькі пра гукавыя частоты

але й частоты ўспрымання

асабліва

гэта тычыцца

камернай музыкі

якой не пачуць

без настрою

й пэўнай прасторы

я не разбіраюся ў музыцы

але падаецца

камерную

навучылася адчуваць

з табой

*  *  *

з табою

я не разбіваю Сусвет на кавалкі

не аналізую Сусвет

зоркі не паасобку

не геліевыя касмічныя сферы –

суцэльнае покрыва

лес – не супольнасць

адзінкавых дрэў

а стасункі

што робяць іх колер

з табою

свабода ад ratio

ад раздрабнення

мы – Міф

*  *  *

зліццё ў цішыні

найглыбейшая радасць

якую няможна стрымаць…

ад удараў

калоцяцца дзверы

каб нам не было надта добра

каб нам знерухомець ад страху…

зліццё ў цішыні

найглыбейшая радасць

якую няможна стрымаць…

ад удараў

калоцяцца дзверы

каб нам не было надта добра

каб нам знерухомець ад страху…

зліццё ў цішыні

найглыбейшая радасць

якую няможна стрымаць…

*  *  *

не страшна

я ўсё яшчэ дома

з табою

 (ў вар’ятні?

няхай)

мы свабодныя людзі

і ўсё яшчэ здольныя чуць

больш нічога

не трэба


Апублікавана

у