Творы пераможцаў конкурсу да 100-годдзя аб’яднання “Маладняк”

Паводле добрай традыцыі на працягу многіх гадоў “Дзеяслоў” друкуе тэксты пераможцаў літаратурных конкурсаў для маладых творцаў. Сёлетні конкурс быў прысвечаны 100-годдзю літаратурнага аб’яднання “Маладняк”.
У ім узялі ўдзел больш за 50 маладых літаратараў. Журы назвала пераможцаў у трох намінацыях: “Паэзія”, “Проза”, “Эсэ”. Сярод паэтаў пераможцамі названыя: Яўген Кунцэвіч (паэма “Самнасамасць”), Лена Шаламіцкая і Дар’я Мацеша (падборкі вершаў). Сярод празаікаў лепшымі сталі: Кацярына Дабкене (апавяданне “Аказія ЖЗМВ”), Аляксандр Чарнуха (апавяданне “Рука”), Платон Станкевіч (нізка навелаў). Сярод эсэістаў перамаглі – Канстанцін Касяк (эсэ “Working Class Hero”), Дар’я Сінічкіна (літаратурна-крытычны агляд кніг Зінаіды Бандарынай, Наталлі Вішнеўскай і Яўгеніі Пфляўмбаўм), Вадзім Барысевіч (эсэ “Мяжа”).

“Дзеяслоў” прапануе чытачам пазнаёміцца з творамі трох аўтараў, якія занялі першыя месцы ў конкурсе. Тэксты ўсіх пераможцаў конкурсу, як паведамляе журы, выйдуць у наступным годзе ў спецыяльным альманаху.

Шчыра віншуем усіх фіналістаў, пераможцаў і прызёраў!

Кацярына ДАБКЕНЕ

Аказія ЖЗМВ

Я магла б пачаць гэтую гісторыю з таго, што Жанчына з Меднымі Валасамі глядзіць на сябе ў люстэрка. Яно нейкім чынам у разы павялічвае адбітак, каб яшчэ відавочней былі кратары на скуры, носавусныя складкі, вертыкальныя барозны паміж бровамі і капюшоны павек.

Я магла б пачаць гэтую гісторыю маналогам Жанчыны з Меднымі Валасамі ў псіхатэрапеўта:

– Скажыце, дык з усімі так?
Я ведаю, што з усімі абавязкова. Мне вельмі страшна. І гэта недарэчна, нерацыянальна. Завяданне непазбежнае. Але нібыта з іншымі. Не са мной. Я ж непаражальная. Як эльф ці кіцунэ. Хто там яшчэ бывае?

Я магла б пачаць гэтую гісторыю з паўтаральнага сну. Ужо год ён ёй сніцца разы два на месяц. Удалечыні брэша сабака. Ліхтар учапіўся ў цемру. Жанчына з Меднымі Валасамі абдымае нагамі нябачныя сцёгны мужчыны, гладзіць свае плечы шурпатымі рукамі (увесь час забывае мазаць іх крэмам), заплюшчвае вочы, адкідае назад галаву і адчувае, як шыю шчыміць ад няголенай шчакі кагосьці вялікага, небяспечнага, неспасцігальнага. Брэх набліжаецца, цела пачынае гушкацца, як на хвалях, яна паціху расплюшчвае вочы і бачыць, што твар трэцца аб цвёрды ворс сабачай поўсці, а яе саму, сонную, нясе на спіне велізарны сабака, як у казцы пра крэсіва.

Зрэшты, я пачала ўжо гэтую гісторыю ўсімі трыма спосабамі. Зразумела, што яе галоўная гераіня – Жанчына з Меднымі Валасамі ці, коратка, ЖЗМВ.

ЖЗМВ – вельмі шчаслівая жанчына. Пра што яшчэ можна марыць? Цудоўныя дзеці. Хлопчык – 13 гадоў. Надта ўраўнаважаны для падлетка. Амаль не скандаліць. Не раскідвае рэчы, рыхтуецца да алімпіяды па геаграфіі. Натуральна, не паліць і сябруе з добрымі хлопчыкамі. Толькі ўвесь час цісне прышчы. Да крыві. А гэта ж інфекцыі, і Бог ведае што яшчэ… Дзяўчынка – 10 гадоў. Усмешлівая, адкрытая, займаецца бальнымі танцамі, пляце з бісеру, не робіць поспехаў у матэматыцы, затое выдатна піша сачыненні. Проста як ЖЗМВ у дзяцінстве. Ой, хлопчыкі хутка пачнуцца… Лепш не думаць пра гэта.

З працай таксама ўсё надзвычай добра. Сярэдняга звяна кіраўнік у лагістычнай фірме. Назва не мае значэння. Яны ўсе аднолькава называюцца: ТАА “Аўтатранснешта”. Калегі яе любяць. Дораць шыкоўныя букеты на 8 сакавіка і Дзень нараджэння. У верасні. Яна ўвесь час хоча ранункулюсы. Усё спадзяецца, што падораць менавіта іх. А атрымліваюцца заўсёды ружы, лілеі, хрызантэмы; адзін раз нават букет з экзатычнай садавіны падарылі. Можа, таму, што ў верасні ранункулюсаў не бывае.

Муж каханы таксама ёсць. У яго свой бізнес. Невялікі такі, але стабіль­ны. Дазваляе трымаць загарадную хату і вучыць дзяцей у прыватнай школе. А на хаце, ведаеце, назва вуліцы і нумар – каваныя. І плот такі мудрагелісты, з завітушкамі. Таксама каваны. У іх сябар сям’і – каваль, член Саюза мастакоў. Яшчэ водпуск – два разы на год. Адзін раз на цёплым моры: Турцыя там, Егіпет. А другі раз – абавязкова горы. Лыжы ці снаўборд. Ну, каб крыху адрэналіну. Я ж кажу, ЖЗМВ – вельмі шчаслівая.

Але, як гэта часта бывае, бяда прыходзіць раптоўна. Цішком. З-пад вымытага карункавага цюлю, з-за любоўна перасаджаных у новыя вазоны архідэй, абмінаючы сакавіта-зялёны, толькі што падстрыжаны газончык, дзе дачка загарае ўлетку.

Гэта быў звычайны дзень. Абед прыгатаваны з учарашняга вечара, касцюм колеру капучына таксама падрыхтаваны з учора. Яна б такі не купіла. Прызвычаілася да больш класічных фасонаў, але кансультантка ў краме сказала, што аверсайз у трэндзе. А ЖЗМВ любіла быць у трэндзе. І спрабаваць новае. Нават у рэстаране нядаўна замовіла не філе цяляціны, як звычайна, а стэйк з сёмгі. Псіхатэрапеўт кажа, што трэба ўвесь час пашыраць межы ўспрымання, не каснець.

Муж павёз ужо дзяцей у школу (кажу ж, залаты чалавек), ЖЗМВ, не спяшаючыся, з’ела свой ранішні ёгурт з гранолай, каву на працы пап’е. Слізганула ў касцюм, час ужо падціскае, а яна так і не зрабіла гімнастыку для твару. Як ёсць ужо. Чарада звыклых гукаў: дзверы грукнулі, ключ пракруціўся, пікнула машына. Нешта бразнула і пакацілася. Гэты гук не па плане. ЖЗМВ паспрабавала намацаць позіркам, адкуль ён, агледзела сябе і зразумела, што гэта гузік адарваўся ад новага жакета. Часу шукаць не было. Яна з прыкрасцю тузанула дзверцы машыны, шпурнула ў салон торбу, якая аказалася не закрыта. На падлогу высыпалася змесціва: пара памад, расчоскі, мятныя ледзяшы, ручка, крэм для рук. Кашалёк і тэлефон. “Што ж гэта такое”, – завішчала ЖЗМВ, упіраючыся рукамі ў руль. Але, убачыўшы свой адбітак у люстэрку, рэзка расслабіла мышцы твару і з інтанацыяй Мэры Попінс вымавіла: “Гэта дробязі. Пырскі паўсядзённасці. Я з усім спраўлюся. Я ў раўнавазе”.

Яна паспяхова даехала да працы і паспяшалася да офіса, недарэчна затуляючы торбай месца, адкуль адляцеў гузік. Планёрка праз дзесяць хвілінаў. Яна ўляцела ў прасторны ліфт, у якім ужо было чалавек пяць, акінула позіркам сваё адлюстраванне. Машынальна паправіла пасму валасоў і на імгненне застыла. Вочы, шэрыя, нічым не прыкметныя, крыху пры­жмураныя, бессаромна яе разглядалі. Яна рэзка адвяла позірк, адвярнулася, стала лічыць паверхі. На дзявятым ліфт спыніўся. Яна адчула дыханне на сваёй шыі і мужчынскі шэпт у вуха: “У вас гузік з жакета адляцеў”. Ён ступіў з ліфта.

Пасля працы, увечары, ЖЗМВ аблазіла ўвесь газончык і дарожкі перад гаражом, але гузіка так і не знайшла. На ноч яна выпіла снатворнае.

Наступным днём пасля ўсіх ранішніх рытуалаў ЖЗМВ зноў забегла ў офісны ліфт. Апранутая ў цёмную вузкую трыкатажную сукенку, на далонь ніжэй калена, і ніякіх гузікаў. Шэрыя вочы як быццам яе чакалі. Ну, гэта ўжо не смешна. Яна з выклікам, з дакорам паглядзела ў адказ, не адводзячы вачэй да самага дзявятага паверха. Выходзячы, ён усміхнуўся і кінуў:

– Добрага дня.

У кабінеце ЖЗМВ спытала асістэнтку, ці не ведае яна выпадкова, што ў іх размяшчаецца на дзявятым паверсе. Аказалася, што два рэкламныя агенцтвы, адно агенцтва нерухомасці і яшчэ пара непрыкметных кампаній.

На працы яна затрымалася пазней, чым звычайна, і вырашыла спусціцца па лесвіцы да дзявятага паверха. “Якая ж ты ідыётка! Ну, што ты хочаш тут убачыць? Яшчэ чаго не хапала – з’явіцца з-за рога. Вось сораму”, – казала сабе ЖЗМВ, ужо стоячы на пляцоўцы перад ліфтам, каб спусціцца, нарэшце, уніз.

“Гэтым разам не паеду ўпрытык. Прыйду крыху раней. Глупства нейкае. Заўтра выхадныя, усё, усё”, – круцілася ў галаве ЖЗМВ па дарозе на працу. Перад ліфтам сэрца паплаўком усплыло да горла і пачало плёскацца якраз пад лагчынкай паміж ключыцамі. Ліфт адчыніўся. Пусты. Яна зайшла ў ліфт, выдыхнула і націснула “13”. Дзверы папаўзлі насустрач адна адной, але так і не сустрэліся. Уклініўся карычневы чаравік. “Добрай раніцы. Паспеў”, – мужчына шырока ўсміхнуўся і зусім ужо беспардонна пачаў разглядаць ЖЗМВ. Яго твар наблізіўся, паплавок пад лагчынкай паміж ключыцамі затрымцеў і застыў. Ліфт тузануўся, дзінькнуў. Калі яна расплюшчыла вочы і дакранулася пальцамі да вуснаў, мужчына ці то ўжо выходзіў, ці то нешта казаў… Ліфт рушыў вышэй, і толькі на 13 паверсе яна зразумела, што яе пацалаваў зусім незнаёмы мужык. Вось проста так. Раптам. Бесцырымонна. І яна адказала. Ватнымі нагамі яна неяк дайшла да кабінета і, здаецца, так і прасядзела цэлы дзень у адной позе. Яна глядзела на свае рукі і бачыла нейкія чужыя пазногці з французскім манікюрам, чужыя пярсцёнкі. І фатаграфію дзяцей на працоўным стале, здаецца, упершыню ўбачыла. Які гэта год? Колькі ім тут споўнілася?

А як ісці назад? А як увогуле ісці?

Раніцай у суботу ў ЖЗМВ узнялася тэмпература, і дзеці з мужам з’ехалі ў госці да бацькоў без яе. Яна не ведала, што рабіць у такіх сітуацыях. Але Ірка, напэўна, ведала. Набрала патрэбны нумар:

– Ір, прыедзь, а?

– А ты дзе? Што здарылася? У цябе ж бацькоўскі дзень!

– Мяне мужык нейкі ў ліфце пацалаваў. Што рабіць?

– Аааа… Лячу.

Версіі пра маньяка і таемнага агента былі адрынуты адразу. Іра склала план, па якім ЖЗМВ павінна была правесці цэлую разведаперацыю. Яна ківала. Але разумела, што нічога з гэтага не зробіць. І нават псіхолагу не раскажа.

– А як ён пачаў, ну, сказаў нешта ці адразу так, з наскоку?

– Толькі глядзеў. Пару дзён. Сорам які! – ЖЗМВ ўвесь час церла твар далонямі.

– Во мужык, малайчына… Табе хоць спадабалася?

– Іра, ну ты як заўсёды! Ну, я табе пра адно, а ты? А калі гэта маньяк нейкі?

– Ну, дык а што ты яму па мордзе не дала?

ЖЗМВ нічога не адказала. І ўпершыню за 15 гадоў запаліла. Разам з Іркай.

Што было далей? Тут гісторыя мяняе правілы гульні. Дакладней, яна іх набывае. Бо зараз усё будзе залежаць ад лёсу. Як і ў жыцці. Каламбур нейкі атрымліваецца. Але гэта не важна. Важна, каб зараз у цябе пад рукой апынуліся ігральныя кубікі. Адзін ігральны кубік. Усё як звычайна: заціснуць у далоні, патрэсці, адпусціць на волю.

Калi выпала адна кропка

У панядзелак ЖЗМВ набралася адвагі і вырашыла строгім голасам развеяць гэты бэзавы туман, здзьмухнуць цукровую пудру чараўніцтва. Так і будзе. Калі ён апынецца ў ліфце і пачне выкідаць гэтыя свае фокусы, яна так і скажа: “Паслухайце, я вас запрашаю на каву. Пасля працы. Там і пагаворым пра ўсё, што адбываецца”. Не, не так, па-іншаму: “Ведаеце, гэта ўсё, вядома, цудоўна, адляцелыя гузікі, пацалункі. Але, можа, абмяркуем, што адбываецца”. У яе галаве ўсплывалі дзёрзкія і бойкія варыянты тлумачэнняў, дасціпных і знішчальных. Яна нават вусны нафарбавала чырвонай памадай для ўпэўненасці.

Перад тым, як выйсці з машыны, яна прыдзірліва паглядзела на сябе ў люстэрка, зрабіла тры глыбокія ўдыхі і выдыхі, далічыла да дзесяці. Дарога да ліфта была дзіўна доўгай, а ногі – цяжкімі. Перад ліфтам ужо тоўпіліся людзі. Мужчыны не было. Дакладней, былі розныя, але не яе. Божа, з якога гэта часу ён яе? Ну, і чорт з ім. Рабочы дзень цягнуўся, як астылы кісель праз трубачку. Памада сцерлася. Увечары затрымалася. У ліфце ехала адна.

На наступны дзень мужчына ў ліфце не з’явіўся. І на наступны. І на наступны.

Праз месяц ЖЗМВ звольнілася з працы. Запісалася на фламенка. Адвучылася некалькі месяцаў на курсах фларыстыкі і ўладкавалася працаваць у кветкавую краму. Ніколі не думала, што кожны дзень можа быць такім духмяным і прыгожым. Нават нягледзячы на мазалі. Часам ёй здаецца, што ў кожнай кветкі ёсць характар. Ружы крыху істэрычкі, эўстомы любяць фатаграфавацца, а альстрамерыі вечна хіхікаюць. Але больш за ўсё ўзаемаразумення яна знаходзіць з ранункулюсамі. Яны на яе падобныя.

Калі выпала дзве кропкі

Раніцай ЖЗМВ не пайшла на працу. Яна патэлефанавала начальніку і паведаміла, што захварэла. Да лекара яна, вядома, схадзіла і бальнічны ўзяла, але дыягназ быў не зусім праўдзівы. Гэта не нервовае расстройства, не абвастрэнне алергіі, не ВРВІ. Гэта прыступ страху, у якім нават сабе самой прызнацца сорамна. Пакласці ў патаемную кішэню і забыцца, засунуць пад пухнаты кілімок ля ложка, упусціць слізкай шпількай за канапу і ніколі не вымятаць.

Як гэта прызнаць, што ты жанчына? Такое аб’яўленне можа разбурыць жыццё. Гэтае маленькае дапушчэнне ператворыцца ў тарнада і спустошыць зямлю пад нагамі. Жанчына. Не маці, не супрацоўнік, не гаспадыня, не дачка, не сяброўка. Нейкі чужы мужчына мае ўладу над табой, стойкай, прыстойнай, якая склалася… Як гэта дапусціць? А яшчэ ж дзеці… Божа ты мой. Успомні фільм і кнігу “Масты акругі Медысан”. Не магло быць інакш. А тут нават і блізка гісторыі такой няма. Проста выпадковы дотык. Памылка. Непаразуменне. Марок. Яе жыццё застанецца яе жыццём. Яна яго адваюе. Нават у сябе самой.

Пасля бальнічнага ЖЗМВ узяла водпуск і з’ехала разам з мужам і дзецьмі на Мальдзівы. А то ўвесь час усё Турцыя ды Турцыя. Могуць сабе дазволіць, у рэшце рэшт. А яшчэ ўсе гавораць, што астравы павольна сыходзяць пад ваду і хутка ад іх нічога не застанецца. Трэба хоць паспець палюбавацца.

Праз паўтара месяцы ад саромнай гісторыі застаўся толькі пункцірны алоўкавы след. Запісалася на ёгу, каб упарадкаваць думкі, дыханне, ды і цела падцягнуць не перашкодзіць. Першы ‘паход да ліфта’ быў хвалюючым, але ніштаватым. Самавалоданне вярнулася, а гузік выпадковым чынам знайшоўся. Дачка загарала на газоне і заўважыла. ЖЗМВ вырашыла, што гэта добры знак, так і павінна быць. Усё правільна.

Калі выпала тры кропкі

Сустрэча з Іркай не дапамагла. Ну, яно і зразумела. ЖЗМВ падумвала прызнацца ў сваёй ганьбе псіхолагу, відавочна ж за гэтым усім нешта стаіць. Але не зараз, не зараз. Цяпер трэба супакоіцца і проста дайсці да працы.

ЖЗМВ ніяк не магла прыйсці ў сябе. Усё вакол здавалася нейкім скажоным, затуманеным, памылковым. Па дарозе на працу яна выпадкова праехала на чырвоны, павярнула не там – чорт ведае што. Добра, хоць не спазнілася. Прыйшла ўпрытык. Мужчыны ў ліфце не было. На планёрцы сказалі, што кампанія здымае яшчэ адзін офіс, і зараз увесь менеджмент пераязджае туды. Нарэшце ў ЖЗМВ будзе асобны прасторны кабінет, новае месца значна бліжэйшае да дома, можа, і павышэнне не за гарамі… Толькі… Ну, вы ж усё разумееце. Калі быць зусім сумленнай з сабой (а гэта самае складанае), пункты гэтыя не цешылі, і за ўсведамленне гэтага было сорамна. Хочацца губляць гузікі, цалавацца ў ліфце, не вярнуцца дадому начаваць. Толькі ведаць пра гэта ніхто не павінен. І ёй таксама лепей забыцца.

У новы офіс пераехалі цягам тыдня. Таго мужчыну яна сустрэла яшчэ аднойчы. Яны ехалі ў ліфце разам з чатырма іншымі людзьмі. Мужчына стаяў побач, цішком пагладжваючы згін яе далоні, яна намагалася не глядзець на яго.

Калі выпала чатыры кропкі

У панядзелак тэмпературы ўжо не было, за “бальнічны” не схаваешся. Прыйдзецца ісці на працу. Муж павёз дзяцей у школу, а ЖЗМВ доўга стаяла ў гардэробнай, не ведаючы, што апрануць. У рэшце рэшт яна вырашыла, што трэба быць максімальна нейтральнай, нішто ў яе выглядзе не павінна выдаваць унутраную буру. Таму ўсё, як звычайна. Цёмна-шэрая спадніца, блакітная кашуля.

Яна не ведала, што ўвечары кашуля скамячыцца, ліфт з’едзе на апошні паверх, што ўпершыню будзе глядзець на горад з даху офіснага будынка, што вячэрнія агні расплывуцца і пацякуць слязьмі проста ў чужыя далоні. І будзе так сорамна і так шчасліва. Не ведала, што ён апынецца маладзейшым за яе на сем гадоў, што імя яго пачынаецца на яе любімую літару “Ф”, што будзе яшчэ шмат пацалункаў і адарваных гузікаў, і складаны шлюбаразводны працэс. Будуць марафоны знясільваючага маўчання, зачыненыя дзверы ў дзіцячы пакой, каробка з падарункамі за пяць гадоў – “забірай іх назад, усё роўна ты нас не любіш”, будуць абдымкі і лісты…

Ужо шмат пазней яна думала: “А ці варта было яно ўсё таго?” І заўжды адказвала: “Так!”

Калі выпала пяць кропак

– Згодна, сітуацыя, мякка скажам, неардынарная, але трэба ж вынесці з яе нейкую карысць, – разважала Ірка. – Выпадковасцяў не бывае.

– Іра, ну што ты вярзеш, якая карысць? Я распусная жанчына, якая адной нагой у старасці; я зараз увесь час думаю аб гэтым пацалунку, са мной такога ніколі не было. У мяне ўсё па плане, разумееш?

– Вось менавіта! Колькі можна ўжо? Вочы расплюшчы, ты прыгожая, цікавая, прывабная, на цябе вунь мужыкі ў ліфтах кідаюцца!

– Ой, Іра…

Пасля сыходу сяброўкі ЖЗМВ расплакалася, як у дзяцінстве, усёй сабой. Плакалі рукі, ногі, жывот і нават валасы. Ад бяссілля і неразумення, што рабіць. А можа, гэта пеністае так падзейнічала. Спаць яна лягла, не дачакаўшыся мужа і дзяцей. Няма чаго ім бачыць яе апухлую фізіяномію.

У панядзелак ЖЗМВ узяла сябе ў рукі і вырашыла, што калі ўсё, што адбылося, не сон, то прыкрае непаразуменне. Раніцай ліфт быў пусты. На яе працоўным стале стаяла ваза з раскошным букетам.

– Надзечка, у мяне ж заўтра дзень нараджэння!

– Мы памятаем, але гэта не ад нас, – асістэнтка жартаўліва зазірнула ў кабінет. – Кур’ер прынёс з самай раніцы.

З акварэльных бутонаў і сцяблінаў выглядала паштоўка: “Прашу прабачэння за абуральную бестактоўнасць. Не змог супраціўляцца такой прыгажосці”. ЖЗМВ зморшчылася: “Божа, якая пошласць”,– але адразу стала фатаграфаваць букет і паштоўку, каб паслаць Ірцы. Што ўвогуле адбываецца?

Дзень прайшоў хутка, мужчыну ў ліфце ЖЗМВ не сустрэла, хоць спускалася і паднімалася некалькі разоў: на абед, забраць пасылку, яшчэ нечага, не важна, проста выйсці падыхаць.

У вочы трапіла шыльда “Івент-агенцтва “Эмоцыі – найлепшы падарунак”. Зайшла.

У іх сямейная традыцыя. Калі нарадзіўся сын, ЖСМВ вырашыла, што ўсе дні нараджэння ў сям’і будуць святкавацца па-сапраўднаму. Яна заўсёды ўсё прадумвала да дробязяў і з радасцю арганізоўвала: па хаце лёталі рознакаляровыя шары, хаваліся запісачкі з пажаданнямі, мілыя маленькія падарункі, якія імяніннік знаходзіў цэлы дзень. Самой сабе цыдулкі пісаць дурное, а вось шарыкі для падтрымання традыцыі і святочнага настрою замовіць трэба.

Эльфападобныя дзяўчыны адразу прапанавалі гарбату-каву, запырхалі з безэ на падносе, высыпалі канфеці кампліментаў.

– Я толькі па шарыкі, насамрэч, дзякуй, – але ўзяла прапанаванае меню паслуг: вяселлі, карпаратывы, юбілеі, дзіцячыя святы, эксклюзіўныя мерапрыемствы. Спатыкнулася.

– Прабачце, а можна даведацца, што за “эксклюзіўныя мерапрыемствы”? Мне не трэба, проста цікаўлюся.

– Гэта наша новая прапанова. Напрыклад, ваш малады чалавек захацеў неяк па-асабліваму зрабіць вам прапанову. Мы прыдумаем сцэнар індывідуальна пад вашую гісторыю і арганізуем усё на вышэйшым узроўні, ніякіх пярсцёнкаў у дэсертах, гэта мінулае стагоддзе. Або, напрыклад, сустрэча сваяка з аэрапорта. Мы дорым эмоцыі: зачараванне, здзіўленне, захапленне… А нядаўна нам замовілі нават закаханасць. Адна дама вырашыла зрабіць такі падарунак сваёй сяброўцы. З нашым агенцтвам працуюць прафесійныя акцёры і рэжысёры, так што любую нагоду мы ператв…аа..фпдн ч цв ы ў ф ц….

Літары змяшаліся і рассыпаліся па падлозе, ЖЗМВ перастала чуць, нешта грувасткае, белае і ватовае праплыла міма вачэй. Захацелася на паветра, і яна выйшла ў жаўтлявы верасень.

Калі выпала шэсць кропак

Мой дарагі суразмоўца і слухач. Самы час стаць яшчэ і суаўтарам. Асадка і папера ці клавіятура, не важна. Важна даць гэтай гісторыі свой голас і скончыць яе па-свойму.

………………………………………………………………………………………………………………………………………..

………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………………….

………………………………………………………………………………………………………………………………………..

Яўген КУНЦЭВІЧ

Самнасамасць

Паэма

А.

І. Раздзел выпаленых сцежак

1.

Механізм пачуцця

зыржавеў.

Не зайскрыцца,

не апаліцца.

Бо –

усё, што ўнутры жыве,

адшукаецца на паліцах.

Гэта – знойдзена ў Дудара,

тое –

мысліў Мамардашвілі,

я сумленна ўсё

паўтараў,

жыць вучыўся

між кніжнай цвілі.

Барадулін смяшыў мяне,

потым поўхай вяртаў трапяткое,

каб душою не замарнеў.

А цяпер у пустым пакоі

Рыжы нешта шапоча ў цьме,

ды пра скон

не ў яго спытаў бы:

калі думка сягае ў смерць,

люта ў скронях пульсуе

Таўбін.

Вучыць сэрца маё Барыс

Пастарнак несвятой любові.

Я магу

разбурыць Парыж,

а магу

проста слухаць Боўі,

напісаць сто лістоў да М. Б.

ці якіх-небудзь іншых літар,

каб не выдаць ні ёй, ні сабе,

што ў той келіх

Айцом

наліта.

Колькі вас набярэцца

– навечных –

яшчэ?

Патанаю ў цытатах і ролях.

Дзікі ток

у маіх

кволых нервах цячэ:

Кант, Купала, Ахматава, Роўлінг.

Колькі вас захавана ў нататках маіх,

перакручаных,

павыразаных:

Караткевіч, санеты, Рэмбо, рубаі

і –

Разанаў, Разанаў, Разанаў.

Толькі як пасярод

незлічоных цытат

мне пачуць

сваіх кніжак

шоргат?

Навучыцца

уласнае сэрца чытаць,

а не кроў выпіваць з чужога?

Я не знаю.

Калі ты наноў паўторыш:

колькі можна

збіраць старызну? –

адкажу:

колькі трэба.

Нясу гэты крыж

і праклён

культурацэнтрызму.

2.

Ты амаль сябе ненавідзіш?

Кінь

такому сябе вучыць,

хваравітыя вершы й сэрцы

зноў чытаць

у нічыйнай начы.

Калі ты заўважаеш горад

з горных сцежак

сваіх пакут,

колькі радасці й колькі гора

табе трэба,

каб выжыць тут?

Найпусцейшае слова –

ростань.

Расставацца не для такіх.

Расставацца не цяжка,

проста –

бессэнсоўна, як плынь ракі

спрабаваць падзяліць надвое.

Расцярушваючы пачуццё,

выклікаеш заўжды другое.

Слёзы –

толькі яго падцёк.

Для цябе – гэты верш,

і чужыя карціны,

і люстэрка мінскіх нябёс.

Я шчаслівы,

што не адзіны

частку тайны з табою нёс.

Але іншы –

яго правіна –

не даўмеўся, каго адкрыў.

Найбанальнейшая блытаніна –

за каханне

прыняць надрыў.

Гэта жарсна было, няшчыра,

неўзаемна было, але

найтаемнейшаму навучыла –

гэта праўда было

сталей.

…Ды цяпер над азёрнай пенай

я са схіленай галавой

адчуваю ўсё болей пэўна:

Менск – адзіны

мужчына твой.

Час выпальвае

прошлыя сцежкі,

пакідаючы нас ля мяжы.

Раскажы, што такое каханне.

Без Цвятаевай раскажы.

3.

Перад лесам палаюць сцежкі.

Нам – глядзець

і губляць сляды.

Ды чым болей глядзіш,

тым пацешней

цяміць:

гэтак было заўжды.

Мысліць – нам

і губляць цытаты,

фармулёўкі, пуанты, радкі.

І санет

усё той,

сто трыццаты,

ды не сплецены больш ні з кім.

Не вяртацца да спаленых сцежак,

прысак там

не астыне ўжо.

Падымаць вочы ў ночнае неба.

Быць для цэлага свету мяжой.

ІІ. Раздзел змрочных лясоў

1.

Тут, дзе лясы ўмеюць толькі палохаць,

тут, дзе морак і багна спрэс,

выбрыдаюць з вусцішных лёхаў

белы воўк

і руды ваўкарэз.

Яны цвёрда ступаюць па твані,

раскапаўшы зымшэлы схоў,

куды й Дзікаму паляванню

не адшукаць шляхоў.

Я блукаю між млосных дрэваў

і баюся кранаць

сырыя камлі.

Не шукайце мяне,

не трэба.

…Знайшлі.

Не чуваць слаты

з-пад калматых лапаў.

Лес вакол непрытомны,

бы толькі ўваскрэс.

Асачылі,

брыдуць абапал

белы воўк

і руды ваўкарэз.

хто ты… хто ты…

гыркочуць пачвары

выюць

існасць сваю

назаві

мы цябе не кранем

але ўсе твае твары

бачым

кожны жыццёвы звіў

Хто я? Вобразы, мары, здані

узвіроўваюцца ўваччу.

Хто яшчэ з дрыготнай

дрыгвы паўстане?

Я не бачу.

Не чую.

Маўчу.

Не згадаю сябе,

не аддам,

ані змрочным лясам, ані вам.

Каб адбыцца,

любога жыцця замала.

Кожны свет, што мяне прымаў,

вам пацвердзіць:

мяне няма.

Не існуе.

Не існавала.

хто ты?..

Шэптам: мяне няма.

скуль ты?..

Шэптам: мяне няма.

дзе ты?..

Моўчкі: мяне няма.

Я – падман.

Як і вы падман.

Быў станчэлай мяжой

ваўкарэза й ваўка,

а цяпер, сябе адмяніўшы,

незаўважна знікаю

ў няісных вяках,

не яснейшы за іншых.

Руды ваўкарэз і белы ваўчыска

без мяжы,

зразумелі, што не вячыстыя.

Ім не жыць.

Не змаглі абодва даўмецца,

хто ідзе, знаёмы, знікомы,

і наскочылі выдраць са свету месца,

дзе мяне не было

ніколі.

Толькі шаснулі трыснягом,

і раздзерлі адзін аднаго.

Расхінула дрыгву.

Ваўкарэз на ваўчыску.

Немы віскат

і гнеў нямы.

Праз імгненне абодва нячыстыя

захлынуліся тванню

уласнай маны.

2.

Дзе дрыгва нараджае здані,

не знайсці ні нары, ні гнязда, ні

хоць кагосьці, здольнага на пагляд.

Ці памірышся ўрэшце з сабой, ці

ўжо загінеш у гэтай бойцы –

а жыццё працягне віхляць,

нібы вулачкі ў даўнім горадзе,

брукаванкаю джаліць ногі

і ўжабрачваць душы нямногіх,

хто навечна запомніў дзе зоры, а дзе

агародзяць гаротай зямной іх.

Я з іх?

Вобразы, мары, здані

узвіроўваюцца ўваччу.

Я знік.

Засталося пустое пытанне.

Яго бачу.

І чую.

Маўчу.

Абступаюць сырой сцяною

і стогнуць сцені,

памяць – гэта заўсёды сцены,

абарончы – ад свету – гмах.

Крохкі – прах, павуцінне – гмах.

Заваёўваць – бурыць – дарма:

Даглядаць – абжываць – дарма:

…Сцені тут.

Не згадай, а ўбач іх.

Цемнату

сябе

расхіні, гледачу.

Калі памяці гмах

разбівае немач,

незнаёмцы брыдуць побач,

а паміж – толькі погляд немы,

толькі падла

калісьці жывых словаў.

Набліжаецца першы сцень:

хто я…

Вобраз ягоны расце.

Разнасцежваю сціжму рэхаў:

Імярэк. Ты імярэк.

Наступае другая здань:

хто я…

ўсім ты імёны раздаў…

Разнасцежваю сціжму рэхаў:

Імярэк… Ты імярэк…

Трэцяя адмірае мара:

хто ты…

згублены ў помных мурах,

ты ў сабе назаўжды завяз…

Я не ведаў нікога з вас.

ты не ведаў нікога з нас…

ты не ведаў нікога з нас…

ты не ведаў нікога з нас…

Здані сэрца ў дрыгву ўзялі.

Цела доўга ляжыць на зямлі.

…Наступае

палёгка

здаля.

Безназоўных прымае зямля.

Я вярнуўся, вярнуўся быццам,

сэрца, сэрца прачнулася біцца:

бачыць, бачыць жывых іншых,

а не сцені лясоў нашых.

3.

Як здараецца ў драпежным сне,

свет неспадзявана праяснеў.

Змрочны лес

застаўся за плячамі,

яго прывідаў

я больш не палюблю.

Толькі

дрэвы ўстаўлены

карчавымі ключамі,

каб аднойчы адамкнуць

і мне зямлю.

ІІІ. Раздзел адвечнага возера

1.

з незапомненых сноў

з ліпкіх трызненняў ночы

з кожных поўных пяшчотай вачэй

мне знаёма

адвечнае возера

куды ты прывяла мяне

яго роўнядзь нашэптвае

вершы паэтам

у глыбінях ягоных шалеюць шаманы

немаўлят

спевы рыбаў ягоных люляюць

я быў ведаў пра возера ад нараджэння

але ты прывяла, паказала: глядзі!

…я зноў тут

без цябе

і заплюшчыўшы вочы

услухоўваюся ў плёскат адвечных хваль

выслухоўваю ў ім свае вершы

выслухоўваю ў ім твае думкі

чую водгулле нашых сварак

чую рык неадбытай пяшчоты

бачу ўсмешку любові

скрозь цемру павекаў

і ўсміхаюся як малы

самасць б’ецца як возера ў бераг асобы

мы трыснёг пры яе берагах

мы калышамся ў рытміцы сплеценых лёсаў

яна звязвае нас адвеку

і яна адпускае нас

з усіх словаў што ў целе блукаюць

з усіх словаў прамоўленых марна

толькі гэтыя важна пакінуць

табе:

колькі б жорсткасці мы ні ўзгадоўвалі

колькі б холаду ні жыло ў нашых далонях

колькі б мы ні вастрылі маўчанне

…колькі б сталасці ў нас ні ўзрастала

непахіснасці

самастойнасці

несмяротнасці

усё роўна існуюць месцы

куды іншыя нас

прывядуць за руку

2.

абяцаеш прабачыць?

трымай радок паразважаць

.

я больш люблю аблокі

чым зоры

і гэта сапраўдная здрада

непахіснаму ў нас

і гэта сапраўдная вернасць

таму што рассеецца

разам з намі

3. Эклога

у азёрнай глыбі плывуць аблокі

шапаціць трыснёг на паўісным ветры

маладзік-філосаф спрабуе ўспомніць

неіснаванне

хвалі гушкаюць зоркі ціха-ціха

бо й зачасным трэба супакаенне

а аблокі ўдалеч плывуць памерці

верачы небу

гаспадыня-ноч абдымае сэрца

просіць ветрык выгнаць лясныя здані

і развеяць прысак згарэлых сцежак

з новых дарогаў

аціхаюць хвалі між берагамі

і згасаюць вочы апошніх сведкаў

пасля ўсіх хістанняў нам застанецца

толькі пяшчота

у вадзе заснуў маладзік-філосаф

распускае час ніткі нашых лёсаў

жыць мы будзем колькі зямлі свяціцьмуць

згаслыя зоркі

                                            2.VIII. – 4.IX.2022

Аўтар выказвае падзяку Крысціне Бандурынай за дапамогу ў працы над паэмай.

Канстанцін КАСЯК

Working Class Hero

Накіды з эмігранцкага жыцця

1.

Трэба заўжды быць паслядоўным. Як носіш цішотку з маладнякоўскім плакатам і надпісам “Арганізуй сябе” ды любіш чытаць літаратараў “ад станка і плуга”, то і самому варта пайсці да таго станка пры патрэбе. Асабліва як не ўмееш нічога іншага.

Не варта баяцца такога, калі давядзецца, то можна і не ў такім месцы аказацца. Як па мне, то працаваць на заводзе ў разы лепей, чым быць грузчыкам, дворнікам, вартаўніком ці рабіць на якім смеццевозе. Асабліва калі яшчэ апынуўся ў чужой краіне…

Я, па шчырасці, не шмат чаго ўмею рабіць рукамі. Многія мае сябры нават лічаць мяне ўломкам, хаця я і надзвычай працаздольны сам па сабе чалавек. А таксама маю вялікую цікавасць да свету. Мяне вабіць усё, што можа прынесці хаця б нейкі новы досвед.

Пісьменнік, які працуе на заводзе… Гучыць троху дзіўна, але тут ёсць над чым паразважаць, поле для манеўраў. Бо завод – як той футбольны стадыён, збірае самых розных людзей.

2.

Сам я выглядаю не зусім як пісьменнік. Твар не надта каб быў абцяжараны інтэлектам, кашуля ў клетку, чорныя карга-штаны ці шорты, спартовыя красоўкі.
У лепшым выпадку я нагадваю нейкага ахоўніка з крамы або кібіца, якіх у Польшчы –
процьма.

Але ўнутры мяне жыве зусім іншы чалавек. Які хутчэй нагадвае неназванага героя з першага і ці не самага вядомага рамана Кнута Гамсуна “Голад”, які быў цвёрда перакананы ва ўласнай геніяльнасці, але ў выніку ўсё роўна наймаецца юнгам на расейскі карабель.

Фінал у твора адкрыты, таму мы не ведаем, як склаўся ягоны далейшы лёс. Ці стаў гэты чалавек у выніку вядомым пісьменнікам або хаця б добрым журналістам. Альбо ўсё кінуў ды знайшоў шчасце на нейкай простай рабоце.

Мне для таго, каб хаця б трохі адчуць сябе шчаслівым і пераадолець уласныя страхі, трэба было проста з’ехаць. Не чакаць добрага надвор’я, спрыяльных умоваў або лепшага заўтра. А проста сабраць рэчы, усё, што нажыў за тыя гады працы, і кіраваць у невядомым кірунку.

3.

Здаецца, гэта геніяльны ход – прыперціся ў чужую краіну, пасяліцца ў чужым горадзе і шукаць там працы. А потым у выніку пайсці рабіць на завод. Да такога лёгка быць гатовым, калі маеш ужо падобны досвед за плячыма.

Як скончыў універсітэт і не мог нідзе нармальна ўладкавацца за прымальныя грошы, то пайшоў працаваць у шабаноўскую прамзону на даволі сучасны, па тых часах, заводзік, які рабіў розныя вырабы з алюмінію. Праца была не самай простай і даволі цяжкай, але я пачуваўся шчасліва. Бо няблага зарабляў, меў чатыры выхадныя і шмат вольнага часу. Гэта дазваляла мне многа чытаць, а таксама бавіць час з сябрамі так, як я тады гэтага хацеў.

На заводзе звычайна працуюць простыя людзі, якія вельмі лёгка сыходзяцца. У іх простыя радасці і гора, зразумелыя каштоўнасці, яны не перагружаныя лішнім. У Беластоку прыкладна тое самае, што было ў Менску. З табой хутка пачынаюць вітацца, здароўкацца і ўсё такое. Могуць выйсці на цыгарэту ў “палярню”.

Выпадковы або часовы чалавек перастае такім быць, калі сам імкнецца да ўлівання ў калектыў. Сёння стукнуў месяц, як я працую на польскім заводзіку…

4.

Мала проста любіць або толькі пісаць “пралетарскую” літаратуру – яе трэба рабіць. Бо якім жа чынам ты нешта напішаш аб тым, чаго не зведаў сам? Гэта хіба што як нейкім марсіянам ствараць хваласпевы.

Але трэба і шмат чытаць ды ўвесь час вяртацца да прачытанага. Бо яшчэ з часоў Антычнасці ўсё ўжо было, прычым паўтаралася не адзін раз. І нешта новае сказаць цяпер вельмі цяжка. Бо калі мы складалі свае вершы ды пісалі сваю прозу, многія з нас яшчэ і не ведалі, што ў літаратуры ўсё самае важнае ўжо даўным-даўно сказана…

Беларуская літаратура выйгрышная найперш у тым плане, што многія тэмы ў ёй нават не закранутыя і банальна адсутнічаюць. Як бы і не было нічога такога ніколі. То бок пісьменнік, які возьмецца пісаць аб якіх-небудзь субкультурах, стане першапраходцам у беларускай літаратуры.

І так, да вялікага жалю, шмат у чым…

5.

Так званы Першамай я, як і павінен сапраўдны пралетар, сустракаю на працы. Сёння займаемся рознай драбязой: парадкуем усё, прыводзім да ладу, падфарбоўваем. Я, напрыклад, мыю прамысловыя вентылятары.

Вядома, што мне хацелася б займацца чымсьці іншым, скажам так, больш інтэлектуальным, тым больш у такія вялікія выхадныя. Можа быць, нават сесці нарэшце за сваю другую кнігу. Але за гэта мне наўрад ці нехта заплаціць. А за такую дробную працу аплата будзе, хай сабе і не вельмі вялікая…

Да заводзіка ішоў пешкі – на двары стаяла цудоўнае надвор’е, хаця і было троху халаднавата. Але тое было раніцай, бо ў траўні заўжды ёсць замаразкі. Нават у Беларусі, а тут клімат вельмі падобны да беларускага…

Мне надта падабаецца вялікая і працяглая вуліца Адама Міцкевіча, у канцы якой месціцца прамзона, дзе я працую. А калі так, дык чаму б па ёй і не прагуляцца? Ад дома да працы выходзіць роўна 45 хвілін. Значыцца, праязны можна і не набываць, а карыстацца аўтобусам толькі ў самых крайніх выпадках.

Калі ідзе дождж або падае снег…

6.

Вяртаючыся з працы, зайшоў у цэнтры горада ў шапік, дзе прыдбаў красавіцкі нумар беластоцкага выдання “Czasopis”. Робяць гэты штомесячнік мясцовыя беларусы, якія друкуюць яго даволі цікавай беларускай мовай, далёкай ад нашай літаратурнай нормы.

Пэўна, мова тая бліжэйшая ўсё ж да польскай, чым да той беларускай, якая распаўсюджана ў Беларусі. А можа быць, я ўжо проста стаў празмерна прэтэнцыёзным – начытаўся сам кніжак, дык цяпер хачу, каб усе пісалі правільна. Але ж так ніколі не будзе…

Адкрыў часопіс на рандомнай старонцы, а там артыкул пра Платона Галавача. Чытаючы яго, прыгадалася аўтабіяграфічнае апавяданне “Воўк прагне крыві” Вячаслава Адамчыка, калі ён маладым чалавекам надрукаваў апавяданне ў беластоцкай “Ніве” і займеў сабе потым праблемы.

Бо некаторыя пісьменнікі старэйшага веку, якія часам выбіраліся ў PRL, імкнуліся ўсялякімі праўдамі-няпраўдамі абмінаць ганак рэдакцыі той “Нівы”. 

7.

Паміж апошнім працоўным днём удзень і першым уноч насамрэч багата часу. Лічы што болей за суткі, таму можна нават нармальна адпачыць.

Паспець схадзіць з таварышамі ў бар, раніцой прайсціся па крамах, пасля нешта пачытаць з літаратуры і нават напісаць колькі абзацаў прозы. Выходзіць, што можна неяк распланаваць дзень такім чынам, каб паспяваць усе: і грошай зарабіць, і нешта для душы зрабіць.

А яшчэ добра было б узяцца за вывучэнне польскай мовы. Праўда, з маім графікам наўрад ці тое атрымаецца праз курсы ці ментара. Хіба што калі знайсці выкладчыка, які будзе гатовы займацца ў зручны для мяне час, то бок падстройвацца. Бо без мовы тут нікуды. Як і ў іншых краінах. Палякі вельмі любяць, калі іншаземцы вучаць іх мову і далучаюцца да іхняй культуры. З улікам таго, што яна нам далёка не чужая, зрабіць гэта не так і складана.

Працоўная ноч пачалася з таго, што мяне паставілі на ўсяго 1 машыну. Але потым пачаліся перабоі з палетамі і кардонам, таму давялося яе спыніць. У выніку на перапынак я пайшоў пасля 12-й ночы. То бок усяго праз 2 гадзіны працы.

8.

Апошнім часам не пакідае адчуванне, што ў будучыні так ці іначай захаваецца толькі тое, што было выдадзена кнігамі, друкавалася ў часопісах і газетах. Астатняе ўсё сплыве, як бы і не было яго ніколі…

Бо рукапісы гараць, прычым яшчэ і як, а флэшкі губляюцца або забіраюцца, кампутары ламаюцца, сайты паміраюць, анлайн-сервісы перастаюць працаваць, сацыяльныя сеткі страчваюць папулярнасць.

Мішэль Уэльбэк у сваім знакамітым эсэ “Заставацца жывым” слушна заўважае на гэты конт: лепш пісаць і публікавацца, нават калі няма ніякага прызнання пры жыцці.

Бо літаратурныя археолагі потым усё адно адшукаюць хаця б нешта…

9.

У другую змену працаваць не так класна, бо на свае справы застаецца зусім няшмат часу. Нібыта і выспацца можна і разняволена пачуваешся раніцай, але ўсё адно не тое…

Прыгадалася, як на мінскай Ангарскай я вучыўся ў другую змену ў пачатковай школе. Здаецца, гэта былі 2 і 3 класы. Можа быць, яшчэ 4 – дакладна ўжо не памятаю. Потым быў яшчэ і 6 клас ужо ў школе базавай.

З аднаго боку было вельмі добра: і выспацца можна, і хатняе заданне зрабіць, і з сябрамі мяч паганяць. Але з іншага не так класна, бо дамоў вяртаешся са школы, калі ўжо цёмна. І маці не надта хоча пускаць гуляць на двор.

У “санаторцы” для дзяцей са слабым здароўем было ў разы лепей. Яна прывучыла мяне да спарадкаванасці, якую я пазней страціў праз уласную ляноту. Бо, каб трымаўся строгага рэжыму, то і раней мог бы зрабіць куды болей, чым было зроблена.

10.

У эміграцыі я неверагодна палюбіў сядзець дома. Рэдка цяпер выходжу са сваёй студыі, бо мне і тут добра. Нават вельмі цудоўна, я б сказаў, – такі прыемны краявід за вакном, добры і зусім ненавязлівы гаспадар.

Цэлымі днямі мне не хочацца выходзіць з гэтай утульнай келлі, хіба што пры вялікай патрэбе і нагодзе. Гэта надта класна – сядзець, глядзець у вакно, за якім ідзе моцная вясновая залева і б’юць перуны, ды пісаць.

Літаратура – адна з тых нямногіх сфераў чалавечага жыцця, якая ўсё яшчэ пакідае ілюзію свабоды. Ты аддадзены сам сабе і сваёй творчасці. Няхай усе смяюцца, не вераць, папракаюць. Галоўнае – каб ты сам верыў у сябе.

Нават калі давядзецца вяртацца, я не стану моцна адчайвацца. Сабяру грошай ды зноў паспрабую свае сілы. Хаця, раз я ўжо тут, магчыма не варта губляцца, а трэба дзейнічаць больш рашуча, каб урэшце хаця б неяк зачапіцца ды застацца.

11.

Учора працаваў з машынай, якая не дасць засумаваць. Прадукцыя ідзе ды ідзе, ніяк не канчаецца. Гэта такі сапраўдны канвеер, на якім збіраюцца скрыні для інструментаў аднаго вядомага на ўвесь свет брэнда.

Цікава, што робяцца яны літаральна за пару хвілін, бо я за 2 гадзіны працы сабраў сотню такіх. Потым іх адвозяць на склад, там пакуюць і адпраўляюць замоўцу. А ўжо ён напаўняе тую скрыню ўсім неабходным – інструментамі, інструкцыямі і так далей.

Добры выходзіць бізнес, лагічны і прадуманы. Бачна, што менавіта скандынавы ўладальнікі вытворчасці, бо ўсё ў іх разлічана літаральна да дробязяў. Табе застаецца проста збіраць гэтыя скрыні, лічыць іх раз на пару гадзін і сачыць за якасцю прадукцыі.

Беларусі патрэбныя тэхналогіі, каб можна было пасля адкрыць і ў сябе такія вось заводзікі. Не надта цяжкая і не асабліва складаная праца, якая прыносіць хоць бы нейкія грошы. Скажам, ідэальны варыянт для студэнтаў або тых, хто не мае нейкіх талентаў і здольнасцяў.

12.

У прынцыпе, я магу пісаць не толькі штодня, але і цягам цэлага дня. Мне гэта вельмі падабаецца. Я забываюся на ўсё, што адбываецца вакол. Як бы і няма ўсіх тых праблемаў, якімі перапоўнены гэты свет.

Трэба меней чытаць навінаў, жыць сваім унутраным жыццём і спадзявацца на лепшае. Запусціць урэшце рухавік унутры сябе. Бо калі навакольная рэальнасць робіцца надта задушлівай, воляй-няволяй пераносішся ў мроі ды фантазіі, пачынаеш жыць імі, у цалкам прадуманым табой свеце.

Няма вайны, няма эміграцыі, няма беспрацоўя. Ёсць толькі пісьмо і чытво. Якое я і ствараю найперш для самога сябе. А яшчэ ёсць разуменне, што мне наўрад ці ўдасца стварыць нешта вартае з першага разу. Бо з наскоку нічога добрага не атрымаецца напісаць.

Тое ўжо не раз праверана эмпірычным шляхам…

13.

У Беластоку сёння і заўтра марафон, для бегуноў перакрыты амаль увесь цэнтр горада. Але мне і ў галаву прыйсці не магло, што гэта неяк істотна можа адбіцца на руху грамадскага транспарту.

І менавіта ў гэты дзень я вырашыў паехаць да працы аўтобусам, а не ісці пешкі. Праўда, ён так і не прыйшоў своечасова, таму ўсё адно давялося шпацыраваць.
І толькі ўжо пад самы канец, калі заставалася літаральна пару прыпынкаў, я пад’ехаў. Нават аплаціў праезд у якасці падзякі кіроўцу, бо ледзь не спазніўся.

Працоўная ноч была лёгкай, у мяне – нескладаная праца, якая ў разы лягчэйшая за тую, што давалі ў папярэднія дні. Але ўчора так спяшаўся, што забыўся на сваю ручку, і нехта потым забраў яе сабе. Гэта ўжо 3-я ці нават 4-я ручка, якую я тут пасеяў

Думаецца, што даюць розную працу адмыслова, каб чалавек не стамляўся рабіць адно і тое ж кожны дзень. Даволі гуманны падыход, бо выходзіць някепска: пару дзён робіш цяжка, а некалькі потым – даволі лёгка. Мозг і цела маюць мажлівасць адпачыць і пераключыцца.

Галоўны плюс маёй працы ў тым, што нічога дадаткова не трэба вучыць. Увесь свой вольны час я магу выдаткаваць на самога сябе і свае інтарэсы. То бок займацца прыгожым пісьменствам і вучыць польскую мову.

14.

Людзі шукаюць шляху, як увайсці ў ІТ ці яшчэ куды, што будзе прыносіць ім шалёныя грошы. А я думаю, як выйсці з літаратуры – бо надта часта маё жыццё нагадвае недапісаныя раманы. Нават і прыдумляць нічога непатрэбна…

Пасля працы зайшоў у кнігарню, якую ніколі яшчэ не адведваў. Выбар там куды большы, чым у той, што ля майго дома, але і кошты вышэйшыя ў разы. Адразу ўбачыў там біяграфію Місімы ад Джона Натана, кнігі Сальвадора Далі, біяграфіі Дантэ і Макіявелі. І шмат чаго яшчэ.

Каб былі лішнія грошы, то набыў бы ўсё, што зацікавіла. Але мне няма дзе складаць гэтую літаратуру. Хіба што потым прадаваць нейкім чынам, троху знізіўшы кошт.

Польскую мову варта вывучыць толькі для гэтага – каб праз яе быць датычным да сусветнай культуры…

15.

На перапынку «абедаў» кавай з мясцовымі. Слухаў, як яны гавораць між сабою. У іхняй польскай мове на дзіва захавалася шмат беларусізмаў. Нават мой новы знаёмец Янак пазваў за стол свайго сябра лічы па-беларуску: «Андрэй, давай!»

Менавіта Андрэй, але не Анджэй, як было б правільна. І ўсе odpady ён упарта заве выключна смеццем ды і гаворыць настолькі зразумела, што я дзіву даюся. Бадай што адзіны чалавек на працы, якога я амаль цалкам разумею.

Вяртаючыся пешкі з працы, бачыў, як мясцовыя каталікі ідуць а палове на сёмую ранку да касцёла. Пэўна, гэта першая малітва ў Святочны дзень, як тут называюць нядзелю. Працуюць хіба што кавярні, а ўсё астатняе закрыта.

Хаця і напланаваў усяго, не хацелася нічога рабіць – вырашыў трымацца мясцовых парадкаў. Увесь дзень валяўся на канапе ды чытаў.

16.

Раней ніяк не разумеў, як да 5-й ранку можна пісаць. Цяпер жа сам сяджу да 4-й. За вакном ужо пачынае пакрысе прабівацца святло.

І гэта пры тым, што мне праз колькі гадзінаў падымацца і цягнуцца на свой заводзік. Бо калі працаваць дадаткова, то прыходзіш або да пачатку сваёй змены, або застаешся пасля яе.

Сёння былі мае першыя “надгадзіны” – на заводзіку я быў ужо а 10-й ранку, то бок за 4 гадзіны да пачатку маёй змены. Прыходзіць такім чынам на падпрацоўку было б ідэальна, бо дзень і так у любым выпадку выходзіць разбітым. А так можна хіба грошай троху падзарабіць, якія лішнімі ніколі не будуць…

Кіраўніцтва абяцала, што неўзабаве мяне будуць чамусьці вучыць. Пэўна, нейкаму функцыяналу, які звязаны з замаўленнем прадукцыі і матэрыялаў. А можа, проста кінуць на падмогу папярэдняй змене. Калі спадабаецца, то буду рэгулярна на другую змену выходзіць менавіта так, з гэтымі “надгадзінамі”…

17.

Беласток – ідэальнае месца для пісьменніка. Нават такога, як я – які працуе на звычайнай, не надта складанай працы, а за літаратуру бярэцца толькі ў вольны час і тое не заўжды. Хаця і пісаць я разам з тым намагаюся ледзь не кожны дзень. Каб трымаць найперш сябе самога ў тонусе.

Праўда, трэба прызнаць, што маё пісьменніцкае жыццё даволі беднае. У плане эмоцый і перажытых сітуацый. Хаджу на працу, потым сяджу дома або ў беларускім бары. Які і “беларускім” можна назваць даволі ўмоўна, бо нічога сапраўды беларускага там асабліва і няма. Ён проста належыць добрым людзям з Беларусі, якія дазваляюць ладзіць там розныя імпрэзы землякам.

Я не цягаюся па сметніках, як Эдуард Лімонаў у Парыжы або Нью-Ёрку, не хаджу да кантэйнера з непрададзенай ежай, як Славамір Адамовіч у Нарвегіі. Мне хапае грошай, каб здымаць кватэру і аплочваць усе першасныя выдаткі.

Магчыма, гучыць усё надта банальна, але…

18.

Учарашні дзень быў абсалютна марным. Да 14-й я працаваў, пасля доўга мыўся, пешкі па цёплым чэрвеньскім сонцы ішоў дамоў і разважаў аб сваім лёсе. Як дабраўся да кватэркі, то лёг спаць і падняўся ўжо калі за вакном было цёмна.

Як дапішу гэта, то гадзінаў праз 5 трэба будзе зноў збірацца ды выходзіць на працу. Ад такога графіка, калі працуеш па 7 дзён і маеш між імі толькі 2 выходныя, троху цяжкавата. Складаецца ўражанне, што я толькі і раблю, што працую з раніцы да вечара і нават уночы. А бывае, што яшчэ і на “надгадзіны” тыя трэба выходзіць…

І віна ў тым не злых польскіх капіталістаў, якія змушаюць беларускіх і ўкраінскіх мігрантаў да кругласутачнай працы, а персанальна мая. Меней трэба ленавацца, лайдачыць, але імкнуцца сцвердзіцца акурат у той сферы, якая мне цікавая – літаратуры.

Бо ўзорнага рабочага з мяне ўсё адно не выйдзе, ды і каму тое цікава. З іншага боку мне хочацца быць самастойным і незалежным. У выніку маю тое, што маю – вымушаны працаваць на заводзе, а на прыгожае пісьменства пакідаць хіба што той час, які застаецца.

19.

Гэтым разам выходныя прыпалі на сапраўдныя выходныя, таму мы з жонкай змаглі нарэшце правесці іх разам. Гулялі па горадзе, хадзілі па крамах, елі кебаб. Адным словам пачуваліся шчаслівымі ў сталіцы Падляшша. Надвор’е спрыяла – было цёпла і сонечна.

Пасля абеду пайшлі на Свята беларускай культуры, якое было арганізавана Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы і адбывалася ў парку Плянты. Гэта літаральна ў 5 хвілінах хады ад гарадской ратушы, якую я ўважаю за цэнтр.

Знарок і не прыдумаеш: рэкламную афішу ўбачыў выпадкова ўчора на тумбе.
А зачапілася вока за яе, бо была яна аформлена ў такім самым стылі, як дома. Нібыта я і не ў польскім Беластоку зусім, а ў якім беларускім Койданаве, Уздзе ці Стоўбцах. Кінулася ў вочы і кірыліца, якая тут даволі рэдкая з’ява.

Сама імпрэза таксама не надта адрознівалася ад таго, што бывае ў Беларусі. Спевы, танцы, дарослыя і дзеці ў народных строях. Нічога асаблівага, хіба што маленькія ўдзельнікі між сабою за сцэнай гавораць ужо па-польску, а не па-расейску.

Гледачоў было многа, але ў асноўным людзі сталага веку. Яно і не дзіва, бо бабулі і дзядулі цягаюцца звычайна па такіх канцэртах і ў нас. А да ўсяго, думаю, тым людзям гэтая культура яшчэ блізкая. Што наўрад ці можна сказаць аб маладзейшых пакаленнях. Але і ў маладых не-не ды праскочыць недзе ў гаворцы беларусізм.

За 20 злотых набыў сабе кнігазбораўскае выданне “Беларускія пісьменнікі ў Польшчы” з творамі паваенных аўтараў. Адразу ж узяўся чытаць кароткую прозу Сакрата Яновіча. Ён зараз зноў на слыху, бо “Czasopis” публікуе з нумара ў нумар тэксты пра тое, як ён быў агентам дзяржбяспекі ў часы PRL.

20.

Здаецца, гэта Карл Маркс лічыў, што чалавеку патрэбна толькі 8 гадзінаў на працу, каб астатні час ён мог выдаткоўваць выключна на сябе. Маўляў, працуеш сваю норму, а потым можаш займацца чым заўгодна: сям’ёй, творчасцю, сабой.

З аднаго боку, яно, можа, так і ёсць, але з іншага атрымліваецца крыху іначай –
бо праца забірае не толькі фізічныя, але і духоўныя сілы. Вось сёння прыехаў на заводзік загадзя, бо аўтобусы ходзяць так сабе ў суботу і нядзелю, даволі рэдка.
І адбыўся нечаканы цуд – мне не трэба было працаваць.

Аказалася, што ў мяне сёння першая 2 змена, а не трэцяя 1. Нават ад такога графіка і тое адбыўся заварот мазгоў. А пра тое, што можа здарыцца, калі працаваць па 12 гадзінаў кожны дзень, я наогул маўчу…

З іншага боку, і сам вінаваты. Бо трэба высыпацца нармальна, а не жыць па незразумелым рэжыме, калі я ўдзень сплю, а потым уночы не кладуся. Таму нічога дзіўнага няма…

21.

Галоўны мінус эміграцыі – вельмі вузкае кола кантактаў. У мяне цяпер выходныя, а правесці час з карысцю няма як. Бо ўсе, каго ведаю – на працах. Атрымліваецца, што я сноўдаюся па Беластоку адзін, як вар’ят.

Давядзецца вучыць польскую мову, каб завесці сябе новых калі не сяброў, то хаця б нейкіх прыяцеляў. З кім можа было б схадзіць на футбол або ў трэнажорную залу. Бо беларусы, як я пакуль заўважыў, любяць хутчэй толькі бары. Але і ў “беларускім” бары было сёння пуста – няма гістарычнага клуба, няма і публікі, што на яго ходзіць…

Магчыма, у перспектыве я нават сам далучуся да беларускага жыцця больш актыўна. Бо калі не парупішся сам аб ім, то ніхто не парупіцца. Давядзецца працаваць, пісаць ды нешта яшчэ спрабаваць рабіць.

Праўда, я пакуль не зразумеў – а ці яно мне насамрэч трэба. Бо цалкам магчыма, што мне будзе дастаткова выключна літаратурнай справы. Аднак прыгожае пісьмо не заменіць жывой камунікацыі. Тут ужо як ні круці…

22.

Для таго, каб трымаць сябе ў тонусе, трэба шукаць магчымасцяў, каб пісаць штодня. Весці дзённікі, рабіць накіды, эскізы, занатоўкі. У прынцыпе што заўгодна, абы пісалася. Бо іначай будзе цяжка вярнуцца ў форму.

Прамінулы месяц я, лічы, зусім нічога і не пісаў. Хіба што пакідаў дзённікавыя запісы і рабіў нейкія зусім кароткія нататкі, якія нікуды не пайшлі ў выніку і ўжо наўрад ці пойдуць. Не было неяк настрою ды жадання, большую ўвагу звярнуў на працу, дзе варта было троху напружыцца.

Але ў абавязковым парадку трэба выдаткоўваць час і на стварэнне твораў, а таксама на чытанне калегаў і папярэднікаў. Іначай нічога не будзе, бо, каб добра пісаць трэба яшчэ і шмат чытаць. Як мінімум, каб вучыцца гэта рабіць якасна. Як максімум, каб шукаць чагосьці свайго, а не паўтараць за іншымі.

Многія мае сучаснікі гэтага банальна не разумеюць і не могуць зразумець. Бо ісці шляхам найменшага супраціву не толькі проста, але і выгодна. Пішаш тое, што ад цябе хочуць пачуць і чакаюць – робішся на нейкі час кумірам натоўпу. Ва ўмовах беларускай сітуацыі ён, вядома, не будзе надта ўжо аграмадным, але тым не менш прызнанне займець можна. А калі ты мысліш нестандартна і цікавішся рэчамі нетрывіяльнымі, то трэба рыхтавацца да самоты.

Мае сябры і знаёмыя не асабліва каб чыталі тое, што я пішу. Хаця многія з іх з’яўляюцца прататыпамі герояў у напісаных мной рэчах. Большасць ужо па замежжы, а некаторых няма сярод жывых…

23.

Злая іронія лёсу: я так чакаў адпачынку, што цяпер не ведаю, чым сябе заняць. Думаў, што ў вольныя дні буду пісаць кнігу, вучыць польскую мову, многа чытаць гістарычнай літаратуры. А па выніку проста абсалютна бессэнсоўна распарадзіўся сваім часам.

За тыя вольныя дні, што былі, нічога карыснага так і не зрабіў. Не прачытаў чагосьці важнага, не напісаў чагосьці вартага. Проста піў, еў, спаў, перажываў. Лепей за ўсё, як мне бачыцца ў маім выпадку, проста адпусціць сітуацыю.

Пэўна, варта наважыцца ды ўрэшце пачаць новае жыццё, прыбраўшы ўсё непатрэбнае з яго. У любым разе нічога добрага не будзе, калі не памяняць падыход. Я проста канчаткова зламаю сябе фізічна і псіхалагічна.

24.

Першы працоўны дзень пасля невялікага прастою, які прыпадае заўжды на першую змену, даўся адносна лёгка. Праўда, я ўсё роўна вельмі стаміўся, бо на заводзік не прыехаў, але прыйшоў.

Уночы ішоў буйны дождж, сапраўдная залева, недзе ўдалечыні былі нават бачныя маланкі, даносіліся раскаты грому. Як стала светла, то горад зацягнуў туман. Асабліва тую яго частку, дзе знаходзіцца прамзона. Ведаю тое, бо ішоў да яе пешкі і ціха радаваўся спакою, што панаваў вакол.

Як прыйшоў з працы, то зваліўся спаць – не было ўжо сілаў нешта яшчэ рабіць. Кепска хіба толькі тое, што зноў збіўся мой жыццёвы графік. Не буду спаць уночы, потым праца, сон удзень. Адным словам, абы-што, як некалі казала бабуля.

На пісьмо зусім не застаецца часу, на вялікі жаль… 

25.

Па ўсім відаць, адаптацыя да працы адбылася паспяхова. Бо сёння я не толькі прачнуўся даволі бадзёрым пасля працы, але і думаў потым, чым такім цікавым сябе заняць. Хаця насамрэч адказ відавочны – літаратурнай справай.

Я ўсё яшчэ не губляю надзеі стаць сапраўдным пісьменнікам. Што праўда, пішу я цяпер даволі мала, і тое, што пішу, не сказаць каб было сапраўднай літаратурай. Разам з тым, у мяне яшчэ не згубіўся канчаткова запал на тое, каб хаця б нешта ствараць.

Праца на заводзе дае мне магчымасць хоць неяк арганізаваць тут больш-менш прыстойны побыт. Запыты ў мяне не надта каб вялікія, таму я спакойна магу іх задаволіць. Здымная кватэра, ежа, адзенне – усё, што трэба для адносна камфортнага існавання.

А вось літаратурныя амбіцыі – тут ужо абсалютна іншая размова…

26.

Выхадныя пралятаюць у адно імгненне. Бо па факце ў мяне іх не 2 дні, але паўтара. Пакуль выспішся пасля апошняй начной змены, дык і дзень ужо, лічы, прайшоў.

Тое самае і з надвор’ем: не паспееш азірнуцца, як ад лета не застанецца нічога. Яно пралятае гэтаксама хутка, як раней прамчала вясна. Наперадзе, пэўна, чакае дажджлівая і халодная восень.

За тыя паўгода, што я тут жыву, ужо атрымалася троху асвоіцца. Хто б мог падумаць, што пераезд будзе такім даволі камфортным і дасца мне адносна лёгка? Беласток збольшага мне замяняе радзіму, хаця я і не ведаю польскай мовы…

Злавіў сябе на думцы, што, пэўна, мог бы жыць дзе заўгодна – у Рыме, Парыжы, Берліне, Празе. Бо не маю нейкага сентыментальнага патрыятызму, эмацыйнага. Мне не патрэбны чорны “Нарачанскі” хлеб, піва “Лідскае” ці штосьці яшчэ падобнага кшталту.

Я цалкам задаволены тым, што маю. І нават калі зусім нічога з маёй авантурай у выніку не атрымаецца і давядзецца вяртацца дамоў, я ўсё адно буду ганарыцца самім сабою. Сабраўся ды паехаў у чужы край, бо свая старонка перастала быць гасціннай.

2023


Апублікавана

у