Варвар
Апавяданне
Навіну пра закрыццё сельскай бібліятэкі Тамара Мікалаеўна пачула ў краме, куды прыйшла набыць цёплы абутак. Трыццаць першае снежня – добрая нагода зрабіць сабе падарунак.
Пятроўна, мажная паўнагрудая прадаўшчыца, пляткарыла з пакупнікамі.
– Сельсавет замест бібліятэкі адчыняе ФАП, двойчы на тыдзень да нас будуць прысылаць фельчара. Рыце загадалі вызваліць памяшканне.
– Вось гэта правільна, – падтрымала размову жанчына ў шэрай хустцы, – нашто нам тая бібліятэка? Туды і не хадзіў ніхто, а на ФАПе доктар ціск памерае, лекі выпіша.
Перад аздобленым бліскучай мішурой прылаўкам мітусіліся вяскоўцы, набывалі прысмакі да святочнага стала. Мужчыны бралі гарэлку і віно, жанчыны – прадукты і цукеркі дзецям пад ёлку. Тамара Мікалаеўна з валёнкамі ў руках стаяла ў чарзе ды слухала размову.
– Рыта страціла добрую працу.
– Вядома, сядзела ў цяпле, а зараз куды дзецца? Мо на ферму пойдзе, ці што.
– У бібліятэцы, канечне, лепш, чым каровам хвасты круціць.
– Во як бывае, Рыце дрэнна, а нам добра.
* * *
Тамару Мікалаеўну ў вёсцы называлі «дачніцай». Тры гады таму яна ажыццявіла даўнюю мару – набыла на ўскрайку Вардаміч ладны дамок з садам і дваццаццю соткамі зямлі. Займела ўласны «райскі» куток, дзе бавіла кожны адпачынак. Людзі тут простыя, збольшага прыветныя. Праўда, маюць адну хібу – шмат выпіваюць. Затое не дзівяцца з яе гаворкі. Тамара Мікалаеўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, у паўсядзённым жыцці карысталася роднай мовай. У горадзе ёй часта хамілі: «Говорите нормально». У вёсцы такой праблемы не было.
Сваю працу Тамара Мікалаеўна не любіла, на ўрокі хадзіла з неахвотай. Так было не заўсёды. Некалі дзяржава лічыла настаўніка беларускай мовы сваім галоўным хаўруснікам. Гэта былі часы надзеі і натхнёнай працы. Потым беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай. Гадзіны катастрафічна скарацілі. Вучні перасталі ўсур’ёз успрымаць прадмет. «Лепш будзем вучыць ангельскую», – казалі яны. Тамара Мікалаеўна не губляла надзеі прышчапіць дзецям любоў да роднага слова, прыкладала высілкі, каб зацікавіць іх літаратурай. «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» – цытавала яна словы класіка з прадмовы да зборніка «Дудка беларуская». Так і прычапілася да яе прыкрая мянушка, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, з класа ў клас. Вялікая гарадская школа не называла настаўніцу беларускай мовы інакш, як «Дудка». Тамара Мікалаеўна намагалася не звяртаць увагі, хоць, вядома, было крыўдна. Зрэдчас давала волю слязам, дома на кухні. Рабілася лягчэй.
На мінулым тыдні нервы здалі проста на ўроку. Перад зімнімі вакацыямі праходзілі лірыку Якуба Коласа. Дзеці расказвалі на памяць урывак з паэмы «Новая зямля».
Ідуць касцы, звіняць іх косы,
Вітаюць іх буйныя росы,
А краскі ніжай гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.
Да дошкі выйшаў Бакланскі – гарэза і завадатар. Непрыемна ўразіў першы радок, з якога вучань пачаў дэкламаваць верш. Замест «Ідуць касцы» Бакланскі з выклікам прамовіў: «І Дудка сцы». Клас заўважыў, як пачырванела настаўніца, хоць і зрабіла выгляд, што нічога не адбылося. Наступны вучань, пад з’едлівыя ўсмешкі аднакласнікаў, паўтарыў словы Бакланскага. Малыя драпежнікі адчулі бездапаможнасць ахвяры. Кожны, хто выходзіў да дошкі, пачынаў верш замаскіраваным брыдкаслоўем. У бязлітаснай расправе ўдзельнічалі нават дзяўчынкі. На старонках школьнага журнала расплылася невялічкая плямка, потым другая. «Што я тут раблю? Дзеля чаго трываю абразы?» Настаўніца закрыла рукой чырвоныя вочы і выбегла з класа. На задняй парце задаволена рагатаў Бакланскі.
Назаўтра Тамара Мікалаеўна напісала заяву аб звальненні. Дырэктар не мог зразумець прычыны такога кроку. «Вас абразілі? Як?» – дапытваўся ён. Што магла адказаць настаўніца? Расказаць яму пра «Дудка сцы», пра марнасць сваёй працы? Спачатку дырэктар упрошваў пачакаць да лета. «Настаўнік не павінен сыходзіць пасярод вучэбнага года», – пераконваў ён. Потым раззлаваўся, парваў заяву і прыгразіў, што звальненне магчыма толькі па артыкуле, за прагулы. «Гэта будзе крыж на вашай кар’еры, разумееце?» Настаўніцы было ўсё роўна. Яна цвёрда вырашыла, што ў школу больш не вернецца, нават калі прыйдзецца працаваць прыбіральшчыцай. У апошні раз выставіла адзнакі за чвэрць ды з’ехала на лецішча. Далей ад школы, ад дзяцей, ад крыўды.
* * *
На зваротным шляху, з валёнкамі пад пахай, Тамара Мікалаеўна зазірнула ў бібліятэку. Тры дні таму яна прыходзіла сюды па томік Янкі Купалы. Вершы ўлюбёнага паэта лепшае чытво ў навагоднюю ноч.
– Добры дзень, Рыта. Ці праўда вас зачыняюць?
– Ай, – адмахнулася бібліятэкарка, – самі не ведаюць, чаго хочуць. То патрабавалі павялічваць наведвальнасць, то – на табе!
– Дазвольце, я вярну Купалу пасля святаў.
– Пакіньце сабе, калі падабаецца. Бібліятэку ліквідуюць, усе кнігі падлягаюць спісанню. Можаце ўзяць яшчэ. Я і людзям сказала – каму трэба, хай забіраюць.
На паліцы стаяў сямітомнік Янкі Купалы, рэдкае выданне 1972 года. Шэсць кніг у светла-жоўтай вокладцы. Сёмая ляжала дома. Не марудзячы, Тамара Мікалаеўна пабегла дахаты па торбу.
Праз паўгадзіны настаўніца вярнулася назад. Рыта пакінула бібліятэку не замкнёнай, сама некуды адлучылася. Сярод паліц корпаўся светлавалосы, каржакаваты мужчына. Здаецца, мясцовыя звалі яго Кляпон. Мянушка гэта ці прозвішча, Тамара Мікалаеўна дакладна не ведала.
– Добры дзень, вы таксама па кнігі? – зычліва запытаў мужчына.
– Так, хацела ўзяць сабе, – позірк спыніўся на пустой паліцы, з якой знік Янка Купала. Кляпон здзімаў з кніг пыл і складаў у вялікую клятчатую торбу. Зверху ляжалі кнігі таго самага сямітомавіка.
«Як шкада, – засмуцілася Тамара Мікалаеўна, – хіба папрасіць, каб саступіў?»
Кляпон скончыў збіраць кнігі.
– Сапраўдны скарб! – прамовіў ён, узважыўшы торбу ў руках.
Тамара Мікалаеўна ўзяла беларускую класіку: Быкава, Коласа, Караткевіча, “Вянок” Багдановіча. Хацела дадаць Пушкіна, але пабаялася, што не дацягне, – торба выглядала непад’ёмнай.
– А я вас ведаю, – прамовіў Кляпон, – гэта вы купілі дом у Сымонавых унукаў.
– Так, я.
– Мяне завуць Сцяпан.
– Тамара.
– Вельмі прыемна, давайце памагу.
Кляпон узяў цяжкія торбы, вынес на двор. Перад ганкам стаялі старыя каваныя саначкі, якія ён прадбачліва захапіў з сабой, каб не парваць на зваротнай дарозе рукі. Настаўніца так і не наважылася папрасіць сямітомавік.
Сцяпан уладкаваў каштоўны груз на санкі і лёгка пацягнуў іх па дарозе. Тамара Мікалаеўна крочыла побач.
– Збеглі на свята ў нашу глухмень?
– Так, даўно не сустракала Новы год у вёсцы.
– У нас сумна. У моладзі адна забаўка – выпіць ды пабіцца ў клубе.
– Затое тут прыгожа, – адказала настаўніца. – Цёплая печ, чыстае паветра, некранутае поле бялюткага снегу. Сапраўдная казка, якую ў горадзе зусім не адчуваеш. Адно шкада, няма ялінкі. Думала схадзіць у лес, але Іванаўна, суседка мая, адгаварыла. Кажа, мясцовы ляснік надта злосны, як зловіць – абавязкова штрафу выпіша.
– Гэты можа, – загадкава ўсміхнуўся мужчына.
– Буду без ялінкі, затое з кнігамі.
Каля клуба Сцяпан звярнуў на бакавую вуліцу, настаўніцы трэба было прамой дарогай у канец вёскі. Кляпон зняў сваю торбу, саначкі пакінуў спадарожніцы.
– Цягніце далей, я ў руках данясу. Санкі аддасцё потым.
– Шчыра дзякую, выручылі мяне. Столькі кніг набрала, не ведаю, ці дацягнула б.
– Няма за што, – адказаў Кляпон і, перакінуўшы цяжкую торбу ў правую руку, пакрочыў дадому.
«Які прыемны мужчына, – падумала настаўніца, – любіць паэзію Купалы. Усе шэсць кніг забраў, скнара».
* * *
Тамара Мікалаеўна зачаравана гартала пыльныя старонкі, мокрай анучкай працірала вокладкі і ставіла кнігі ў шафу. У хату зайшла суседка Іванаўна, жвавая васьмідзесяцігадовая бабулька.
– Ці не Сцяпанавы саначкі ў цябе ў верандзе?
– Так. Пазычыў кнігі падвезці з бібліятэкі.
– Вашымі кнігамі толькі зрок псаваць, – пакруціла галавой Іванаўна. – А саначкі гэтыя я ведаю. Каваныя. Сцёпаў дзед рабіў. Добра, што вы сышліся.
– Што вы такое кажаце, Іванаўна? Ніхто ні з кім не сыходзіўся.
– Тое і кажу – ты адна гаруеш, і ён бабылём мучыцца. Чаму б не пасябраваць?
– Як у вас проста, – засмяялася настаўніца, – так не бывае.
– Яно ўсяк бывае, дзетачка. Брыдкага тут нічога няма, калі людзям на карысць. Ты не глядзі, што ён дзеравенскі. Сцяпан – рукаты гаспадар і амаль не пітушчы.
– Чаму не жэніцца, калі такі харошы?
– Даўно тое было, яшчэ Сцёпава маці жыла. Размеркавалі да нас у кантору бухгалтарку, Кацярынай звалі. Маладзенькая дзяўчына, якраз пасля тэхнікума. Ну, і закахаліся яны. Як Сцёпу забіралі ў войска – сядзела за сталом побач з ім, перад усёй вёскай. Толькі нічога не атрымалася ў іх. Пачаў да гэтай Кацькі інжынер цягацца, гарадскі – прыслалі ў калгас тэхніку направіць. Нехта ўзяў ды напісаў Сцяпану. Той як дазнаўся – уцёк з войска. Прама да яе ў хату прыбег, дзе ўжо чакала міліцыя. Хацелі нават судзіць, пашкадавалі дурня. Кацька, як адбыла размеркаванне, з’ехала ў горад. Больш мы яе не бачылі. Сцяпан так і не ажаніўся пасля.
У дзвярах бразнула клямка.
– Ці ёсць хто дома? – гукнуў з сенцаў знаёмы голас.
– Тутака мы, ага! – азвалася Іванаўна.
Прыгнуўшы голаў, праз парог пераступіў Кляпон. У руках мужчына трымаў пухнатае зялёнае дрэўца.
– Тамара, вы шкадавалі, што не маеце ялінкі. Вось – гэта вам, падарунак.
– Ад Дзеда Мароза? – не могучы стрымаць па-дзіцячы радасную ўсмешку, запытала настаўніца.
– Не, ад лесніка, – нізкім голасам адказаў госць ды хітравата кашлянуў у каўнер.
– А мы тут, Сцёпа, якраз цябе ўспаміналі, – умяшалася ў размову старая.
– Пэўна, байкі пра мяне расказвалі, так, Іванаўна? – прыжмурыў вока Кляпон. – Вы не ўсяму давайце веры, Тамара.
– Думалі-гадалі, каго нам запрасіць на Новы год, каб удвох не так сумна было Пугачову глядзець, – працягвала сваё Іванаўна. – Вырашылі паклікаць цябе. Усё адно будзеш дома адзін кукаваць.
Кляпон запытальна зірнуў на гаспадыню.
– Т-так, Сцяпан, запрашаем вас… Запрашаю цябе на Новы год. Прыходзь, калі ласка, – разгублена прамовіла жанчына.
– Калі што, я люблю шампанскае, – задаволена крэкнула Іванаўна.
Кляпон прыняў запрашэнне, цішком падміргнуў старой і выйшаў.
– Ну, Іванаўна, язык у вас. Хоць перцам намаж. Я ад сораму ледзь не правалілася праз падлогу.
– Нічога, дзетачка, потым дзякуй скажаш. Я без дзеда сёмы год, і тое занудзілася ўся. А ты маладая, векаваць у дзеўках збіраешся, ці што?
– Не такая ўжо і маладая, – ледзь чутна прамовіла настаўніца.
– Тым больш.
* * *
Ад былой Сымонавай хаты, дзе цяпер гаспадарыла сімпатычная дачніца, Кляпон скіраваўся ў краму. Калі нёс з лесу ялінку, меў думку запрасіць Тамару адзначыць свята разам, але не ведаў, як наважыцца. Дзякуй Іванаўне, дапамагла. Трэба аддзячыць старой.
У краме вяскоўцы куплялі пладовае віно, зрэдчас гарэлку. Шампанскае попытам не карысталася. Кляпон стаў у канец чаргі. Перад ім картавая Ірка і бандзюкаваты Толік лічылі капейкі. Жылі яны разам і амаль кожны дзень выпівалі. Віно раскупілі, а на бутэльку гарэлкі ў іх не хапала.
– Ядрон-батон! – вылаяўся Толік. – Сцяпан, пазыч тры рублі.
– У банку крэдыт вазьмі, – грубавата адказаў Кляпон.
– Сёння ж свята, Сцёпа, будзь чалавекам!
– У цябе кожны дзень свята.
– Пятроўна! – зразумеўшы, што ад Кляпона спагады чакаць не варта, Толік звярнуўся да прадаўшчыцы. – Дай на вексель!
– Ты ж не працуеш, дармаед, з чаго аддаваць будзеш?
– Аддам, клянуся! – Толік апусціўся перад прылаўкам на калені і перахрысціўся.
– Ой, цырк! – сказаў нехта ў чарзе.
– Пят’ёўна, ён д’ёвы табе пасячэ, – прыйшла на дапамогу сужыцелю картавая Ірка.
Прадаўшчыца, трохі падумаўшы, з сур’ёзным выразам твару паставіла на прылавак бутэльку.
– Глядзі, пасля святаў чакаю. Сякеру прынось сваю.
Узрадаваны Толік падняўся на ногі, схапіў з прылаўка гарэлку і працягнуў Ірцы, каб паклала ў торбу. Дзяўчына няўдала ўзялася за рыльца ды выпусціла бутэльку з дрыготкіх рук. Аскепкі разляцеліся па падлозе. Рэзка патыхнула спіртовым напоем. Чарга выбухнула смехам.
– Дамоў можаш не прыходзіць. Заб’ю! – працадзіў скрозь зубы Толік і, сцяўшы кулакі, выйшаў з крамы.
Картавая Ірка разгублена румзала носам, выціраючы смаркачы рукавом расцягнутага швэдара.
Сцяпан купіў кілаграм шакаладных цукерак, палку вэнджанага сервелату, дзве бутэлькі шампанскага і бутэльку пяцізоркавага каньяку, на ўсялякі выпадак. Хто ведае гэтых гарадскіх, можа, ім каньяк падавай.
– Думала, ніколі не прадам, – сказала Пятроўна, адлічваючы рэшту, – тры гады стаяў на паліцы. Раскажаш потым, ці хоць смачны гэты каньяк, за такія грошы.
* * *
Дома Кляпон распачаў падрыхтоўку да паходу ў госці. Пагаліўся ў лазні. Дастаў з шафы касцюм, які не апранаў дзесяць год. Адпрасаваў кашулю, наваксаваў чаравікі.
Прынёс дровы і пачаў раскладаць у печы. У гэтым годзе ў лясніцтве выпісвалі выключна адну елку. Бярозы не давалі зусім. Яловыя дровы не хацелі ўпальвацца. Каб не губляць час, Сцяпан дастаў з клятчатай торбы кнігу, вырваў некалькі старонак, піхнуў у печ. Агеньчык заскакаў весялей. Кляпон стараўся не марнаваць грошы без патрэбы, таму газет не выпісваў, яму хапала тэлевізара. Калі пачуў, што Рыта раздае кнігі, адразу пабег у бібліятэку набраць макулатуры, каб было чым падпальваць печ. Агеньчык згас, дровы не ўзяліся. Сцяпан выдраў з кнігі новы стос пажоўклых старонак.
* * *
Тамара Мікалаеўна разам з Іванаўнай завіхаліся над святочным сталом. Старая прынесла з дому марынаваныя агуркі, некалькі салатаў і ладны шмат сала.
– Пачастуеш госця.
– Іванаўна, не пачастуеш, а пачастуем. Збегчы вам не ўдасца.
Настаўніца паставіла ў духоўку пірог з чарнічным варэннем і ўзялася ўпрыгожваць ялінку шклянымі цацкамі, якія ў мінулым годзе адшукала на гарышчы. Засталіся ў спадчыну ад былых гаспадароў.
– Раней людзі жылі весялей. Збіраліся разам, спявалі, вадзілі карагоды. А зараз па хатах сядзяць, гарэлку глыкчуць, – бурчэла старая.
– Іванаўна, раскажыце, як вы варажылі.
– Варажылі мы на Раство, а на Новы год галоўнае было раздаць пазыкі. Інакш наступныя дванаццаць месяцаў правядзеш у беднасці і нястачы.
Старая, нешта ўзгадаўшы сваё, рэзка павярнулася да настаўніцы.
– Сцяпан саначкі забраў?
– Не, а што?
– Як што! Ты сама казала – пазычыў.
– Так, пачынаюцца выкруты.
– Дзетачка, трэба аддаць. Тым больш гэта яго саначкі, разумееш? Інакш пацягнеш сваю адзіноту ў наступны год і надалей.
– Прыйдзе да нас на свята – забярэ.
– Трэба разлічыцца да дванаццаці, я зацягну! – не было падобна, каб Іванаўна жартавала.
– Цемнатой я вас не пушчу, тым больш такім марозам.
* * *
Сцяпан збіраўся закладаць юшку, калі на двары забрахаў сабака. У вакенца пастукалі. Праз заінелае шкло віднелася жаночая постаць. Гаспадар выйшаў на ганак. У новых валёнках па двары тупала Тамара.
– Іванаўна ўсю душу вывернула. Кажа – трэба раздаць пазыкі. Загадала вярнуць саначкі.
«От, хітрая старая, – падумаў Сцяпан, – баіцца, што пасаромеюся прыйсці, то знарок выправіла да мяне Тамару».
– Заходзь, змерзла ўся.
– Не, я пабягу назад. У мяне пірог, – настаўніца хвалявалася, каб Іванаўна не ўцякла дамоў.
– Пойдзем разам, я толькі юшку закладу, а ты трошку сагрэешся. У мяне гарбата заварана з мелісай. У горадзе такой не купіш.
Тамара Мікалаеўна згадзілася, бо сапраўды змерзла, пакуль цягнула ў другі канец вёскі цяжкія каваныя саначкі. Кляпон правёў настаўніцу ў залу, сам пабег на кухню. Госця разглядала халасцяцкае жытло. У хаце было чыста прыбрана. На сцяне каля вакна вісела фотакартка, на ёй маладая жанчына трымала за руку пяцігадовага хлопчыка. На падлозе ля печы ляжаў томік Купалы. Падняла, разгарнула. Пад вокладкай не хапала чвэрці старонак.
Далёкай, нялёгкай сцяганы хадзьбой,
Пад хвойкай высокай мы селі з табой…
«Заручыны», – настаўніца пазнала адзін з самых лірычных вершаў улюбёнага паэта.
На сучча плятуча паўзла дзермяза,
Блішчэла нясмела раса, як сляза…
Пачало казытаць у носе. Тамара Мікалаеўна закрыла рукой вочы.
– Цуд, а не гарбата. Паспрабуй, не пашкадуеш, – Сцяпан паставіў на стол разнос з двума кубкамі і сподачкам мёду.
– Варвар!
* * *
Іскрысты крухмальны снег рыпеў пад нагамі. Настаўніца бегла дамоў цёмнай вясковай вуліцай. Па шчоках цяклі слёзы. «Ёлупень! Хутка сорак год, а розуму, як у Бакланскага. Купалу ў печ! А я хацела аддзячыць яму за ялінку – падараваць сёмы том, для калекцыі. Дурніца!»
На ганку Тамара Мікалаеўна паслізнулася і бразнулася лбом аб жалезную ручку. «Новы год сапсаваны. Як і заўсёды», – падумала яна.
Іванаўны дома не было, старая ўцякла дамоў, каб не замінаць маладым. Чарнічны пірог стаяў пасярод святочнага стала.
* * *
«Чаму яна збегла? Здаецца, нават плакала. З-за кнігі, ці што?» – Сцяпан узяў у рукі падраны том Купалы.
Ціха суліхай сцікаўся, плыў цень,
За моры, за горы адходзіў наш дзень,
Мінуты ўжо важыў.
З-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў…
Над намі сукамі шум-бор рагатаў
Без памяці, дзіка…
«Відаць, у бібліятэку Тамара прыходзіла па кнігі, а не па макулатуру». Сцяпан узгадаў, як некалі сам пісаў вершы. Кацярыне. Кожны тыдзень дасылаў ёй з войска лісты. Вершаваныя.
Самотнай ночкай, дарагая,
Ўзгадай шчаслівыя часы,
Як сарамліва напачатку мая
«Каханы мой» шаптала ты.
Як у абдымках мы танулі,
Як з неба падалі знічы.
Палынны водар старой пуні
Нагбом глыталі уначы.
«Дурань. Верыў у яе прыстойнасць. Як сёння паверыла мне Тамара».
Цяжка ўздыхнуўшы, Сцяпан устаў з-за стала, каб закрыць юшку.
* * *
Тамара Мікалаеўна ляжала на ложку за перабойкай з дошак, металічнай лыжкай прыціскала ладны гузак на ілбе. Слёз не было, была стома і абыякавасць. З тэлевізара даляталі гукі святочнага канцэрта. Прабілі куранты, зайграў дзяржаўны гімн. Грамада спявала: «Мы, беларусы – мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі». Тамару Мікалаеўну не краналі гэтыя словы. Ад іх веяла няшчырасцю.
– Іван Дамінікавіч, чуеце водар? Чарніцы!
– Шаноўны Канстанцін Міхайлавіч, гэты пах я пазнаю сярод сотні іншых.
– Максім, калі ласка, пастаў на кухні гарбатнік.
– Дзве хвілінкі, паважаныя, зараз арганізуем.
– Там кнопачку трэба націснуць. Знізу пад ручкай – убачыш.
– Разбяромся.
– У мінулы раз Багушэвіч разабраўся. Паставіў пластмасавы гарбатнік на адкрыты агонь. Ледзь бяды не нарабіў. Смуроду было – дзве гадзіны выветрывалі.
– Вы мне ўжо расказвалі гэтую гісторыю, Канстанцін Міхайлавіч. Да таго ж я сышоў амаль на два дзесяцігоддзі пазней за дзядзьку Францішка. Што такое электрычнасць, добра ведаю.
– Ведаць адно, а ўмець карыстацца іншае. Такіх цацак у наш час не было.
На кухню прашмыгнуў цень. «Здалося?» Тамара Мікалаеўна прыслухоўвалася да гаворкі за перабойкай і не магла зразумець, гэта новы канцэрт па тэлевізары, ці што? Надта блізка і натуральна гучаць галасы.
Праз пяць хвілін у пакой зайшоў малады мужчына з гарбатнікам у руцэ.
– Шаноўнае спадарства, калі ласка!
Сумненняў не засталося – у хаце людзі. Тамара Мікалаеўна зусім не спужалася, бо яшчэ ніколі не зазнала крыўды ад людзей, якія размаўлялі па-беларуску. З гузаком на лбе яна выйшла ў залу. За святочным сталом сядзелі тры здані. Настаўніца пазнала іх адразу.
– Зірніце, сябры, гэта ж Паўлінка! – прамовіла здань Купалы.
– Ядвіся! – не пагадзіўся Колас.
– Зорка Венера!
– Максім, Венера гэта планета.
– Для астранома можа і планета, а паэту на небе ззяюць зоркі, – патлумачыў Багдановіч.
– Ці дазволіце, паважаная, паспытаць ваш пірог?
– Калі ласка, частуйцеся, – няўпэўнена адказала настаўніца ды аўтаматычна прыклала лыжку да лба.
– Сядайце, даражэнькая, да нас, – Максім пасунуў крэсла бліжэй да стала, – а я зараз адлучуся па справе, – дадаў ён і, зняўшы з вешалкі капялюш, выйшаў з хаты.
Тамара Мікалаеўна ўшчыкнула сябе за руку, славутыя паэты гасцявалі ў яе хаце.
* * *
З будкі выскачыў кудлаты дварняк, закруціў хвастом, чакаючы ад гаспадара пачастунку.
– Мерзнеш, Бегамот? – Сцяпан нахіліўся да сабакі. – Адны мы з табой. Відаць, так і будзем дажываць век халасцякамі. Можа, каб не забралі ў войска, атрымалася б з Кацярынай. Хаця, войска не перашкода. Хлапцоў жа чакалі. І вось гэта дачніца Тамара. Бяскрыўдная істота, а я… Есці хочаш? Зараз прынясу.
* * *
Госці пачуваліся як дома. Купала разліваў па кубках гарбату, Колас зрабіў цішэй тэлевізар, з якога непрыстойна аголеныя прыгажуні спявалі святочныя песні.
– Звычайна з намі Багушэвіч, яле да вас прыйсці пасаромеўся. Перажывае, з-за той крыўднай мянушкі, – прамовіў Колас.
– Вы не зважайце, даражэнькая, на гэтыя абразы. З дзецьмі заўсёды працаваць складана, – падтрымаў размову Купала.
– Тамара Мікалаеўна, – Колас узяў настаўніцу за руку, – ведаю, вам зараз няпроста, але… Не сыходзьце, калі ласка, са школы. Адданых беларускай справе людзей засталося няшмат. Без вас сітуацыя толькі пагоршае.
– Нямае больш моцы, – панурыла галаву настаўніца. – Усе намаганні марныя.
– Гэта толькі здаецца, даражэнькая. Вы пасееце зярняткі, а ўзыдуць яны пасля, у дарослым жыцці вашых вучняў. Не ў кожнага, зразумела, але абавязкова ўзыдуць. Ведаеце, нават гэты зух Бакланскі вырасце неблагім чалавекам. Ён больш не будзе сваволіць на вашых уроках – вось пабачыце. Беспадстаўна пакрыўдзіць чалавека, а потым зірнуць яму ў вочы не так і проста. Больш за тое – нават праз дваццаць год, сустракаючы вас на вуліцы, ён будзе адчуваць сорам за свой даўнейшы ўчынак.
– Няўжо? – недаверліва хмыкнула настаўніца.
– Так. Ён захоча папрасіць у вас прабачэння, ды не будзе ведаць, як гэта зрабіць.
– Урэшце знойдзе спосаб, – уставіў слова Купала.
– Які?
– Напіша пра вас апавяданне.
– Уяўляю…
– Вельмі вас прашу, не кідайце школу, – працягнуў Колас. – Вучням трэба паказваць прыклад, такое наша настаўніцкае наканаванне.
* * *
Вэнджаны сервелат знік з рук гаспадара з першай касмічнай хуткасцю. Такой смакаты Бегамот не каштаваў за ўсё сваё сабачае жыццё.
– Ну годзе, бяжы ў будку.
Кляпон выйшаў на вуліцу. Ля клуба галёкалі людзі. Чуліся выбухі. Моладзь запускала феерверкі. Сцяпан сеў на зацярушанаю снегам лаву. Сцюдзёнае паветра слаба заспакойвала душу. На вясковай дарозе паказаўся малады мужчына. Кляпон не пазнаў чалавека. «Нехта з прыезджых», – падумаў ён. Нечакана незнаёмец збочыў з дарогі, сеў побач з Сцяпанам на лаву.
– Здароў! – бадзёра сказаў ён. – Назіраеш за зоркамі?
Кляпон не адказаў.
– Я таксама люблю назіраць за небам. Магу так цэлую ноч праседзець.
– Не раю. Замерзнеш.
– Мароз не страшны, горш, калі холадна на сэрцы. Вось як у цябе, – сказаў дзівакаваты чалавек і пранізліва зірнуў Сцяпану ў вочы.
– Ты хто? – спытаў Кляпон.
– Я? Летуценнік!
– Чаго такі вясёлы?
– Я заўсёды вясёлы, бо кнігу маю.
«У бібліятэцы назбіраў», – здагадаўся Сцяпан.
Дзівак падняўся, раскінуў ушыркі рукі і зычным голасам прамовіў: «Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы. У ціхую сінюю ноч. І сказаць: нашто на зямлі сваркі і звадкі, калі мы разам ляцім да зор?»
На двары забрахаў Бегамот. Кляпон таксама ўстаў з лавы – доўга сядзець на халодным нельга.
– Не нудзіся, дружа. Учыніў некаму крыўду – папрасі прабачэння.
– Дзякую за параду, – не надта ветліва буркнуў Сцяпан.
– Паспрабуй.
* * *
У дзверы пагрукалі. «Іванаўна», – падумала Тамара Мікалаеўна і пабегла адчыняць. На парозе, вінавата апусціўшы голаў, стаяў Кляпон.
– А, гэта ты! Усе кнігі спаліў, ці яшчэ засталося? – з’едліва спытала настаўніца.
– Кнігі я паставіў у шафу. Паліць іх не варта, прабач.
– Чаму ж не варта, – настаўніца зрабіла выгляд, што не пачула выбачэння. – Шкодныя можна і спаліць, як некалі рабілі нацысты.
Кляпон разгублена лыпаў вачыма і не знаходзіў, што адказаць.
– Ці камуністы. Пры іх Біблія была забаронена, а сёння ў кожнай краме набыць можна.
– Тамара, не крыўдуй. Кажу – кнігі на паліцы паставіў.
– Я не крыўдую, Сцяпан. Што крыўдаваць на чалавека, які Купалу –
у печ?
– Ведаеш, я і сам некалі вершы пісаў, даўно, праўда.
– Бач ты, адны паэты вакол.
– Як я магу заслужыць прабачэнне?
Тамара Мікалаеўна прыжмурыла настаўніцкае вока.
– Ну, напрыклад, – на момант задумалася, – вывучыць на памяць які-небудзь цудоўны верш.
– Выдатна, які? – Сцяпан узрадаваўся, што лёгка адкараскаецца.
– «Новую зямлю» Якуба Коласа.
– Канечне, вывучу.
– Ну то малайчына, як вывучыш, прыходзь – раскажаш.
Сцяпан улавіў лагодныя ноткі, зразумеў, што атрымаў прабачэнне, а разам з ім і запрашэнне ў госці. Засталося толькі вывучыць верш. Здаецца ў школе нешта пра гэту «Зямлю» праходзілі, даўно тое было.
– Трымай, – Сцяпан працягнуў Тамары пакет з цукеркамі, шампанскім і каньяком.
– Нашто мне столькі, я ж не п’яніца.
– Іванаўне. Яна прасіла шампанскае.
– Хіба што Іванаўне.
Настаўніца вярнула Сцяпану каньяк. Пакет з цукеркамі і шампанскім пакінула для суседкі.
– Бывай.
– Заўтра прыйду верш расказваць, – паабяцаў Кляпон.
– Яшчэ не запрог, а ўжо паехаў.
Калі Тамара Мікалаеўна вярнулася ў хату, за сталом нікога не было. Ад чарнічнага пірага засталося толькі два кавалачкі.
* * *
Кляпон ужо падыходзіў да дома, калі на пустой вуліцы сустрэў картавую Ірку. «Кіруецца да клуба, каб не змерзнуць, – здагадаўся Сцяпан, – дамоў ісці баіцца, там раз’юшаны Толік».
– Ірка, хадзі сюды.
– Чаго т’еба? – раздражнёна спытала Ірка.
– З Новым годам! – Сцяпан працягнуў дзяўчыне бутэльку каньяку.
– Гэта мне?
– Табе. Бяры, толькі не пабі.
– Дзякуй.
Не даючы веры нечаканаму шчасцю, дзяўчына схавала каньяк у кішэню і асцярожна, каб не паслізнуцца, пабегла дадому.
– Ірка! – гукнуў Сцяпан.
– Што? – спалохалася тая. «Хаця б не перадумаў».
– Даўно хацеў сказаць… У цябе самы прыгожы гук «рэ», які я толькі чуў.
– От, жаўтаўнік!
Шчарбаты рот дзяўчыны расплыўся шчаслівай усмешкай.
* * *
Тры постаці бязважкай хадой ішлі па срэбнай дарозе. Маладзік халодным святлом заліў наваколле.
– Задала яна задачку гэтаму качагару. Ці ведаеце вы, Канстанцін Міхайлавіч, сваю паэму на памяць? – спытаў Купала.
– Любімыя кавалкі безумоўна, але каб усю… Там жа трыццаць частак, больш за паўтары сотні старонак.
– Намучыцца «Казанова» з вашым тэкстам.
– Нічога, – адказаў Колас, – да летніх вакацый час ёсць. Калі кахаеш, вершы і пішуцца, і вучацца лягчэй.
– Зірніце, шаноўныя, якая прыгажосць! – зачаравана ўздыхнуў Максім. – Здароў, марозны звонкі вечар, здароў, скрыпучы мяккі снег!
«Шкада хлапца, – падумаў Колас, – вельмі мала ён пахадзіў па зямлі».