Уладзімір Міхно (№122)

Квадратны цвік

Аповесць

Гэты твор быў перададзеная ў рэдакцыю «Дзеяслова» сястрой Уладзіміра Міхно спадарыняй Верай у верасні 2020 года, праз год пасля сыходу спадара Уладзіміра. Аўтарскі падзагаловак – «Аповед Журнала Фёдаравіча».

 

Частка першая

Сакавік. Другі дзень і першы панядзелак вясны. Я зноў іду ў школу. Я – пажыццёвы вясковы настаўнік. Сідзень, мярлюк – маміны слоўцы. Сяджу тут, у вёсцы, добра­ахвотным вязнем, у галечы… А равеснікі мае – у гарадах, пры далярах… Якія харошыя словы – “сідзень”, “мярлюк”! Колькі ў іх невыдумнага, сапраўднага – народнага! І знаходзіла ж мама гэткія слоўцы-дыяменты! Бывала, сыпле імі, як перлінамі. Мы ва ўніверсітэце дыялекталогію вывучалі, у нас, між іншым, сам Ніл Сымонавіч выкладаў. На практыку ездзілі фальклор збіраць, колькі касет паспісвалі, ды маміных слоў я нідзе там, на Міншчыне, не чуў. Мы – віцебскія, у нас сваё, спрэс, ад Дуброўна да Бягомля… Мальцы… Дзе яшчэ пачуеш такое, акрамя як у нас?..

Зноў заснежыла. Сёння ўжо вясна скончылася, так і не пачаўшыся. Яшчэ пазаўчора было ціха, цёпла. Дзеці насіліся вокал школы, смоллю ліплі да возера, лезлі на лёд. І наш дырэктар Пагодзіна ўвесь дзень з імі гаўкалася. Лёд зараз подлы, здрадлівы: тоўсты, ды гнілы. Дзіва што! Пачынаючы ад зімовых канікулаў, стаяла ці то восень, ці вясна. А можа, прырода прыдумала ўжо нейкую пятую пару года, пра якую яшчэ ў падручніках не паспелі расказаць? Во дзе прастор для творчае фантазіі пісьменнікам!

Пазаўчора была вясна, а ўчора раптам наступіла зіма, тая самая, класічная, пра якую пісаў Іван Мележ: “Снег пацерусіў трохі і перастаў. Вецер за дзень вымеў белую муку, пазаганяў яе па шчылінах, па закутках. Яркія белыя пасы і латкі толькі дзе-нідзе пярэсцілі панурасць двароў і агародаў”.

Я люблю “Палескую хроніку”. І я люблю вось такую, сённяшнюю, зіму. Учора была толькі генеральная рэпетыцыя зімы – “енаральная парапіца”. А сёння пачаўся сапраўдны спектакль. Вецер ганяе белую завею, выгульвае яе, як дбайны гаспадар маладую-неаб’езджаную наравістую кабыліцу. Чаго добрага, зараз вырастуць сумёты. Ці не ўпершыню за дзесяць гадоў майго настаўніцтва? А ў дзяцінстве я помню такія сумёты, калі мы на саначках каталіся са страхі і, між іншым, на фізкультуры не гулялі ў кампутарныя гульні, як цяперашнія вучні, а ганялі па возеры лыжныя кросы…

А завіруха прыгожая, смелая! Твар падстаўляй ветру, пазірай у вочы стыхіі і – нічога-нічога не бойся. І не трэба шукаць сцежкі, ідзі безвач, наўздагад! Гэтую сцежку я ведаю на памяць, як ведаю на памяць праграмныя вершы. Я адчуваю на ёй кожны каменьчык і кожную травінку, як адчуваю і знайду, калі спатрэбіцца, з заплюшчанымі вачыма любую старонку ў падручніку па беларускай літаратуры. Толькі не падумайце, што выхваляюся. Я ўжо выйшаў з тога ўзросту, калі была патрэба хваліцца і даказваць, што я не вярблюд, а – настаўнік… “Маладыя гады, маладыя жадання…” Настаўнік павінен ведаць сабе цану. Інакш – бяда: з’ядуць. Зажуюць і выплюнуць. І нікому нічога не дакажаш. У школе – як у цырку: хто адмысловец-фокуснік, таму многае сыходзіць з рук, не важна, што працуеш, пускаючы пыл у вочы. Дзякуй Богу, што дзецям не трэба нічога даказваць. Яны даўно ўжо нас, настаўнікаў, раскусілі, расклалі на дробы і расфасавалі па гатунках…

Я люблю школу, нягледзячы ні на што. Люблю свой дзявяты клас. Стары “гарохавы кавалер” Журнал Фёдаравіч ажаніўся са школаю. І гэты шлюб –
на ўсё жыццё…

Школа нашая арыгінальная. Мабыць, адна такая ў раёне, а можа, і ў вобласці. Нагадвае яна старажытны замак. А тут і праўда быў маёнтак, і жыў некалі славуты пан Грамніцкі. Паны ведалі, дзе сяліцца. Нашая школа стаіць на стромым узгорку, па-над возерам. Высокі драўляны ганак… самае цікавае, калі, бывала, пасля зімовае аплавакі ганак заледзянее, а Навумаўна аб’явіць страйк і не пачысціць яго. Навумаўне страйк аб’явіць, як раз плюнуць. Яна дэ-юрэ намеснік дырэктара па гаспадарчай частцы, а дэ-факта намеснік Бога ў нашай Сматрыцкай базавай школе. Пад Новы год, калі сіноптыкі, памятаеце, аб’явілі пра лютыя маразы і пачалі ўвогуле пужаць сібірскаю зімою, а прырода, не доўга думаючы, кінулася спраўджваць прагноз, наша Навумаўна не тое, што страйк – барацьбу распачала за свае грамадзянскія і чалавечыя правы. Прыходзім у школу – па класах ды ў настаўніцкай гуляюць ваўкі, ад холаду зуб на зуб не трапляючы, тэрмометр апусціўся ніжэй за плінтус. Мы да грубкі – а на ёй хоць марозіва захоўвай. Мы – за Навумаўну, а яна хвост дыба падняла, і палец ёй у рот не кладзі. У грубцы, аказваецца, праз дзень трэба паліць, інакш яна канцы аддасць. Канцэрт бясплатны! Я з ёй стараюся цярпліва ды па-мірнаму:

– Разумееце, Надзея Навумаўна, канцы аддадуць хутчэй не грубкі, а мы з вамі. Але не гэта страшна. Зараз сюды дзеці прыйдуць.

Настаўнікі моўчкі сядзяць, хітра пасміхаюцца, маўляў, ваюй-ваюй. Сёй-той пад сталом азартна пацірае рукі, прадчуваючы гладыятарскі бой. Паго­дзіна, як заўсёды, зашчаміла хвост у сваім кабінеце. Няхай Віктар Фёдаравіч адзін, па-рыцарску вырашае праблему ацяплення школы. Мне пляваць, я што думаю, тое скажу, няхай перада мною хоць сам міністр. Я толькі не разумею, навошта дырэктар у школе? Хапіла б аднаго яго намесніка па безгаспадарчай частцы і яе пячорнай філасофіі. Між іншым, Навумаўна ў свой час мела неасцярожнасць закончыць педагагічнае вучылішча і вучыла дзяцей, пакуль яе не “папрасілі” са школы па прычыне, пардон, блізкага сваяцтва з Бахусам. Са школы выгналі, а прывычка павучаць засталася. Прывычка горш за хваробу. Хворых, звычайна, шкадуюць. Але ж Навумаўна ў нас – “хворая” з прывілеямі. Паспрабуй зачапіць жонку старшыні калгаса…

Колькі разоў ступаю на ганак школы, столькі і хвалююся. Далібог, як першакласнік. Мабыць, старэю. Зараз, пакуль падымуся па стромай панскай лесвіцы на другі паверх, буду хакаць, як бы за мною сабакі гналіся. Мне трыццаць пяць, а я абзавёўся пузінаю-гарбузінаю, якая замінае жыць. Жыць і адчуваць сябе… падлеткам. Не дай Бог, мой дзявяты спіша свайго Журнала Фёдаравіча ў дарослыя. Няўжо мы некалі перастанем адзін аднаго разу­мець? Няўжо я стану для іх тоўстым, занудлівым, акадэмічным Журналам, годным толькі для таго, каб механічна выстаўляць адзнакі і камандаваць? Няўжо я стану дарослым?

У настаўніцкай – пуста. Нашыя так рана не прыходзяць. Бадай, усе яны з аўтобуса. Ездзяць у школу з горада і жывуць тут па аўтобусным раскладзе. Здараецца часам, што аўтобус забуксуе ці зломіцца, і тады нашая педагагічная гвардыя адчайна ловіць спадарожныя машыны дзесьці на паўшляху з райцэнтра, а першы бой прымаем мы з Аксанай Валер’еўнай, маладой настаўніцай матэматыкі, якую прыслалі сюды па размеркаванні два гады таму. Думалася, прыслалі часова, ды нішто не бывае больш пастаянным, як часовае размеркаванне ў сельскую школу. Мы з Аксанай Валер’еўнай – па адным баку барыкадаў. І, што б там ні плялі злыя языкі, тонка намякаючы на тоўстыя абставіны, мы з ёю – проста сябры. Сябры па няшчасці… Мы прымаем першы бой, заняўшы кругавую абарону. Пакуль гарадскія дабіраюцца на падарожных, мы закідваем пяць старэйшых класаў самастойнымі заданнямі, аб’яўляем каменданцкую гадзіну і – хіба што без наморднікаў –
як сапраўдныя паліцыянты, шпацыруем з класа ў клас з інспекцыйнымі візітамі. Урэшце нашае заснежанае, расчырванелае настаўніцтва пыхліва прыбывае ў школу і сходу, нават не навёўшы макіяжу, кідаецца закрываць амбразуру…

Мы з Аксанай Валер’еўнай – мясцовыя. Аксане пашанцавала: не паспела агледзецца, як яе запрыкмеціў малады зухаваты механізатар Грышка Кармен. Гэта мой, першага выпуску, вучань. Я помню Грышку на сцэне нашага пустога Сматрыцкага клуба, дзе мы ў той час, з боем вывудзіўшы ў п’янчужкі-заўклубшы ключы, рэпетавалі спектаклі. У першыя гады настаўніцтва, калі яшчэ думаў, што свет не такі безнадзейна жорсткі і хцівы, падахвоціўся я весці ў школе драмгурток. Дзеці павалілі валам. Для іх усё было новым, цікавым, і я проста не мог падвесці іх. Не, я не адчуваў сябе героем-першапраходцам, не думаў, што раблю штосьці незвычайнае, але верыў, што нехта павінен мяне заўважыць, ацаніць.. Заўважылі! Ацанілі! Чарвячок заварушыўся ў калегаў: малады – а шустрэй за ўсіх. А яны на фоне выглядаюць балотам. Заўважылі і вырашылі доўгі нос падкараціць… Загуло, забулькала балота. А як жа яно засмярдзела! На цяперашні розум, навошта мне быў той гурток? Колькі тут перабыло гурткоў! Афармлялі ў журнале, атрымлівалі людзі грошы і жылі не бяды. А я, дурань, думаў, што дзяцей у школе трэба выхоўваць… Але няўжо і праўда тыя першыя мае тэатральныя памкненні пайшлі кату пад хвост? Мусіць, усё ж не. Бо нават калі б аднаго Грышку Кармена выцягнуў з балота той драмгурток, і то хлеб. А колькі ж іх было, гэткіх Грышкаў! Эх, мабыць, нездарма ты, Віктар Фёдаравіч, пратаптаў да школы сваю партызанскую сцежку.

Аксана і Грышка пабраліся, атрымалі ў калгасе хату. Механізатар – не настаўнік, яму лягчэй было хату атрымаць. Праўда, у хаце пакуль ані лыжкі, ані міскі, але затое ўжо сын расце. Тэлевізар купілі. Не зап’е Грышка, будзе свая галава на плячах – усё ў іх атрымаецца. Радавацца трэба іх шчасцю… А іншыя – зайздросцяць…

Самому мне пашанцавала куды меней. Хату купіў, закінутую. Вунь іх колькі, пакінутых гаспадарамі хат. Сіратлівыя, лядашчыя, адчайна зыркаюць павыбіванымі вокнамі, як дзеткі-сіроткі, пакінутыя бацькамі… Хату крыху падлатаў, ачалавечыў, сяк-так абставіў. У іншых няма і гэтага, панапускаюць дзяцей на свет трантамі трэсці, а ў хаце часам няма і зэдлічка да стала падсесці. У цябе ж, Віктар Фёдаравіч, і дываны, і паласы, і кухня, і мяккі куток, і чыста, і ў лядоўні не пуста. Лацвей аднаму: капейка да капейкі – абрастае доўгім рублём. А ўсё роўна ў хаце вусцішна. Нячыстая сіла жыве, бабылём пахне, не хапае гаспадыні, няма сям’і. Праўда, не бывае і дня, каб сюды не забягалі дзеці. Чужыя дзеці асвоіліся ў тваёй хаце і адчуваюць тут сябе як дома. Ды што там, калі дома часта ім не соладка… Вырастаюць адны – на змену прыходзяць іншыя. І я тым часам прывык да іх, жыцця свайго без іх не ўяўляю… Падумаеш – куды ім без мяне, гэтым чужым дзецям – яршыстым, неўраўнаважаным, абяздоленым, безабаронным перад цынічным і жорсткім светам. Яны знайшлі ў маёй хаце тое, чаго ім не хапае дома. Не выганяць жа іх зараз на вуліцу.

Люблю прыйсці ў настаўніцкую, пакуль яшчэ нікога няма. Які ён будзе, сённяшні школьны дзень? Чысты ліст паперы, дзе ты, настаўнік, павінен паставіць свой аўтограф…

– Добры дзень, Віктар Фёдаравіч! Вы, як заўсёды, у першых радах. Добра нежанатаму: ні клопату табе, ні адказнасці. Падняўся, паеў, школа побач. Ты пайшоў – і ўсё за табою пайшло.

– Добры дзень, Вікторыя Аляксееўна, а чаму б і вам з сабою таго-сяго не прыхапіць? Сумка вунь якая вялікая. Клопату меней будзе.

Баба… Зусім забыўся, мясцовыя не толькі мы з Аксанаю. Яшчэ – Баба. Дзеці яе так празвалі. Баба, праўда, з суседняе вёскі, ходзіць сюды мо гадоў сорак. Проста не ўяўляю, якім чынам звычайная вясковая баба трапіла ў школу. Сукенка на ёй, мабыць, тая ж самая, якой раніцою пахваляецца перад свіннямі, за плячыма – гаспадарчая сумка. Што ў ёй насіць? Хіба гарбузы – на бутэрброды? Сшыткаў у пачатковых класах кот наплакаў. Кажуць, на вялікім перапынку Баба вывальвае з гэтае сумкі агуркі, кілбасу, хлеб, тэрмас з чаем, раскладвае роўненька на настаўніцкім стале і апетытна ўплятае. Не ведаю, сам не бачыў, я ў пачатковай школе амаль не бываю, бо яна ў іншым будынку. А ў настаўніцкай Баба, дзякуй Богу, паказваецца рэдка, хіба зранку, каб пахваліцца сваім свінствам…

– Га, браток, гаспадаркі ў сумку не забярэш. Вы, маладыя, цяперака дужа разумныя. Улегцы жывяце, яшчэ й стогнеце, як вам цяжка. Вось калі мы ў свой час – галодныя, паўголыя хадзілі, а дзяцей вучылі. Да Сматрычаў босая іду, туфель шкадую, ля вёскі абуваюся і – на ўрок.

Цяпер я разумею дзяцей. Аднойчы дзявяты пытаецца ў мяне:

– Віктар Фёдаравіч, а чаму ад Сяўніцкай сіласам нясе? Няўжо яна ніколі не мыецца?

Я іх, памятаецца, ледзьве не з’еў. Хіба ж можна так пра настаўнікаў? А цяпер думаю, мо і дарэмна ўшчуваў. Яны ж не дурні, усё бачаць. А трэба было патлумачыць, што настаўнікі таксама людзі, а людзі розныя бываюць.

Баба беспардонна “водрузила” на стол сваю гаспадарчую сумку, сцягнула з галавы хустку. Цікава, ці зазірне хоць у люстэрка? Каб падумала! Распранулася, павесіла ў шафу паліто, узяла журнал, хацела ісці, ды апярэдзіла яе Аксана Валер’еўна, зайшла радасная, узбуджаная:

– Так хораша, калегі! Зіма сапраўдная. З Новага году такога снегу не было. А мароз… Вашы, Віктар Фёдаравіч, усе на коўзанцы. Каток зрабілі, каб вы бачылі, ад школьных варот і да самага возера.

– Авоечкі! – жахнулася Баба. – патопяцца. Бяжыце, Віктар Фёдаравіч, ганіце ў каршэнь, пакуль начальства не бачыць.

– Так ужо і патопяцца! – усміхаюся. – Не маленькія, хай пакатаюцца.

– Правільна, – і Аксана мяне падтрымлівае, – калі яшчэ пакатаюцца, ім жа хочацца…

– Патураеце! – Баба пакрыўджана падцяла вусны. – Як сабе хочаце, вы падпісваліся ў інструктажы, вам і адказваць.

– Інструктаж… Непамысна кожнага вучня за нагу навязваць. Прыкаваць у школе да парты да канца навучальнага года? Мы і так пасвім іх на кожным кроку, а яны прывыкаюць да пугі і перастаюць галавою думаць. Растуць утрыманцамі. Не супраць, каб пра іх да сівога валаса хтосьці клапаціўся.

– Беражонага, даражэнькая, Бог беражэ. Вот смажаны певень у цемечка калі дзеўбане…

Найшла каса на камень. Аксана даводзіць Бабе педагагічныя прынцыпы. Тэрмінова трэба амартызацыя, і я ўстаўляю свае тры лапці:

– А мароз, між іншым, бярэцца…

– Што бярэцца! – Баба кінула журнал, яна ў сваёй стыхіі. – Возера – не карыта свіное, за ноч не замерзне. Вось карыта… сёння ў хлеў пайшла, а яго – хоць пешняй дзяўбі.

– Божа мой, колькі можна пра свіней! Мы ж не на ферме…

Аксану прарвала. Я яе разумею. І праўда, колькі можна?.. Але сам вось так адкрыта не адважыўся б… Ды што я падумаю, тое Аксана скажа ўголас…

Бабу пераклініла. Нейкі час яна няўцямна пазірала на нас, пакуль яе працэсар апрацоўваў інфармацыю, нарэшце пачырванела – каб толькі не замкнула клемы, схапіла журнал і, забыўшыся пра сумку, куляй вылецела праз дзверы. Баба выглядзела так камічна, што мы з Аксанаю не ўтрымаліся, пырснулі смехам

– Навошта ты яе так?

– Бо дастала… Ну, праўда, Віктар Фёдаравіч, гэдак жа можна і самім захрукаць. Працавала б дзе ля станка ды тачыла балванкі. І то… і станкі не вытрымалі б, захрукалі. А потым дзівімся, чаму з нас дзеці пацвельваюцца. А што ім, плакаць, любуючыся на такіх педагогаў? Паказвае неяк Грышкаў брат мне свой дзённік. Напісана: “Адзнака завядзенне дзённіка”. Адзін тыдзень. Думаю, недарэчнасць. І другі, і трэці раз гэтае самае завядзенне – у адно слова. Настаўніца выкладае ў чацвёртым класе. Няўжо ніхто, акрамя нас з вамі, Віктар Фёдаравіч, гэтага не заўважае? Альбо не хочуць бачыць! Якое мы маем права калечыць дзяцей?!

– Аксаначка, даражэнькая, ты нават не ўяўляеш, як табе цяжка будзе працаваць з такім характарам. Зразумей жа, школа таксама не эталон, тым болей не Храм. Тут, як і ўсюды, ёсць майстры, ёсць рамеснікі, а ёсць і звычайныя шабашнікі. І кожны, між іншым, хоча добра жыць і смачна есці.

– Віктар Фёдаравіч, вы ж сам не верыце ў тое, што зараз сказалі. Школа – не Храм… А што ж тады, па-вашаму, ёсць Храм? Царква? Там спавядаюцца. А тут мне трэба ВУЧЫЦЬ. А не тлумачыць, ёлкі зялёныя, майму восьмаму, чаму мая калега ўнадзілася на перапынку карміцца ў пачатковай школе на вачах у дзяцей, расклаўшы на настаўніцкім стале ў цэлафанавых пакеціках сала з цыбуляю. І як я растлумачу дзецям, чаму фізрука Барытона на ўроку запраста могуць паслаць, куды Макар цялят не ганяў, і нават тыя, хто грае ў яго аркестры. Яны граюць у аркестры і ненавідзяць свайго дырыжора. Паспрабавалі б Журнала, пардон, Віктара Фёдаравіча, паслаць. Яны ў вас у хаце тусуюцца, і няхай хто слова пра вас брыдкае скажа – вочы выдзеўбуць…

– Ну, малайчына! Не ведаў, што ты так здорава ліслівіць умееш, – засмяяўся я. – Але ты памыляешся. Памятаеш маіх “заклятых сяброў” і леташні выпускны?..

– Усё памятаю. Але гэта былі людзі Барытона. Яны вам не сябры!

– Не згодзен. Які палец ні парэж – баліць аднолькава…

Аксана да гэтага часу мне спавядаецца. Я нават не ведаю, чаму. Хіба што гледзячы на Грышку свайго, з якім яны заадно. А Кармен і цяпер успрымае мяне толькі як настаўніка, хаця мы даўно маглі з ім стаць сябрамі, колькі тае розніцы ў гадах, і хіба гады вызначаюць адносіны між людзьмі? Наадварот, мы сябруем з Аксанай, і Грышка гэта, дзякуй Богу, разумее…

Званок! Аўрал! Зноў гарадскія позняцца. У нас на дарогах не засумуеш. Давядзецца нам з Аксанаю зноў у жандары запісвацца… Хуценька разбіраем класы: ёй – восьмы і пяты, мне – дзявяты, сёмы і шосты. Дзявяты напіша міні-сачыненне “Вясновая зіма”. А вось з малымі давядзецца цацкацца, патрэбна вока ды вока.

Бярэм класныя журналы ды моўчкі разбягаемся…

– Дзень добры, – вітаюся са сваім дзявятым суха і стрымана.

Сёння я павінен быць асабліва стрыманым. Дастаткова ўсміхнуцца, як мае пяцёра бэйбусаў, адчуўшы вольніцу, паразвязваюць языкі, заглынуць маю смяшынку – паспрабуй тады ўрок правесці! Хавацца нам няма ад каго, адзін аднаго з паўслова разумеем, усе дарослыя, таму тлумачу проста і коратка:

– Працуем, хлопцы, самастойна, – пішу на дошцы тэму сачынення. – Пастарайцеся выказаць думкі сцісла, але зразумела. Ацэньваць буду не колькасць, а якасць напісанага. І, калі ласка, не кланіруйце сачыненні, гэта не авечкі, і вы не ў Шатландыі. Ваш генетычны код я добра ведаю.

Хлопцы засмяяліся, але мае сурова ссунутыя бровы падзейнічалі, хуценька сціхлі, ураз пасур’ёзнелі.

– Па званку вашы сшыткі ляжаць у мяне на стале.

– А можно домой? – не вытрымаў дысцыпліны Валодзя, якому, ведаю, ракету лягчэй на Марс дубцом загнаць, чым напісаць сачыненне за сорак пяць хвілін. Хлопец толькі што прыехаў з Украіны і з нашаю моваю, нягледзячы на тытанічныя мае намаганні, яшчэ не наладзіў дыпламатычных адносінаў.

– Дахаты, Серада, ты прынясеш мне сёння дзённік з бабуліным аўтографам, бо вельмі ж хачу бачыць яе аўтограф.

– А чё сегодня?

– Забыўся хіба, сёння ў нас з табою персанальныя заняткі па беларускай мове.

– Будзеш ве-едаць, Пячэнне, як задаваць лішнія пытанні Жур…э … настаўніку, – з’еднічае мой юны цёзка са смешнаю мянушкаю “Буслік”, якую займеў, напэўна, праз сваю звычку сунуць доўгі, сапраўды як у бусла, нос пад любую купіну. А можа, праз провішча – Буслаеў.

– Дэбаты закончаныя, – аб’яўляю я, – час пайшоў. Адказным за парадак прызначаю… Валодзю Сераду.

– Здрасце! Вечна Серада, ледзьве што, Серада. І чым ты Журналу спадабаўся? Салодкі ты хіба, Пячэнне…

– Сейчас, Бусел, будешь горьким… яблоком… – чую ўжо за дзвярыма. Не рэагую. Трэба спяшацца супакоіць шосты і сёмы класы, дзе, адчуваю, пачынаецца вялікая бітва маленькіх народаў…

 

* * *

Не паспелі зачыніцца дзверы за Квадратным, як Буслік пачаў мяцеж. Ён выскачыў з-за парты, ірвануў да Мілкі і з усяе сілы ўрэзаў яму па лабаціне. Балюча ўрэзаў, бо нават заўсёды спакойны, усмешлівы Марат, каго вывесці з раўнавагі, здавалася, проста немагчыма – за мілы свой характар і атрымаў хлопец бяскрыўдную мянушку з мульціка, – не вытрымаў, знячэўку падхапіўся, кніжку схапіў і пагнаўся за крыўдзіцелем. “За што?!” – застыла нямое пытанне на яго пакрыўджанай фізіяноміі. Разляцеліся па класе крэслы, здзіўленыя і таксама ні ў чым не вінаватыя. Мілкі нарэшце дагнаў крыў­дзіцеля, лёгка яго паваліў – а сілы ў Бусліка, як у кураняці, адна пыхлівасць – ды пачаў дубасіць кніжкаю па чым папала, толькі водгулле ішло па класе.

Хлопцы глядзелі як на дзіва і вачам сваім не верылі. Яшчэ ніхто не бачыў, каб Мілкі біўся, ды па-сур’ёзнаму. У Бусліка дзе і характар дзеўся! Прапаў характар, прапала воля і з’едлівасць. І ён, як дзіця, вартае жалю і смеху, безабаронны, атакаваны ды пераможаны праціўнікам, закрываў рукамі твар, жаласна прасіўся:

– Пусці! Ну, пусці ж ты, хопіць, заб’еш зусім!

А той не слухаў, ударна размахваючы падручнікам па беларускай мове.

– А ці будзеш?! А колькі можна лезці, бусліная дзюба?! За-а-б’ю, гад!

– Пусці яго, бо і праўда пакалечыш, – заступіўся за Бусліка прымхлівы, заўсёды асцярожны Божанька, засмяяўся. – ну, ты даеш, Мілкі! Ніколі б не падумаў, што такі здаровы.

Божанька ў класе самы моцны ды самы разважлівы. Ніколі кулакі без патрэбы не распускае. Дык яго сілы ніхто і не баіцца! Мілкі – той проста нерашучы. А ў гэтага сіла нейкая не такая – адухоўленая. Вадзім жыве ў сям’і вернікаў, і выхаванне не дазваляе яму пакрыўдзіць слабейшага. Хлопцы пра гэта ведаюць і часам карыстаюцца. А ўвогуле, Божаньку ў класе лю­бяць і паважаюць. Нават з’едлівы Буслік любіць з ім паспрачацца на вечныя незямныя тэмы. Тады Божанька становіцца сур’ёзным, вочы ў яго загараюцца, язык красамоўнічае. Падчас тых дэбатаў хлопец выдзяляе столькі энергіі, якой, здавалася б, хапіла пераканаць кожнага. Толькі не Бусла. Той крыўляецца і здзекуецца, а Божанька прымае ўсё за чыстую манету. Пакуль нарэшце спектакль не перапыняе Пячэнне. Сераду Буслікавы прыколы страшэнна раздражняюць. Не тое каб ён вельмі шкадаваў боскага адваката, але не вытрымліваюць нервы. Валодзя спыняе Бусліка на паўслове і дае яму дробязнае якое даручэнне, абы адправіць з вачэй. І той паслухмяна бяжыць выконваць, употай праклінаючы сябе за маладушнасць. Ён баіцца Серады. Ненавідзіць і баіцца.

Спакон веку ў дзявятым класе размеркаваныя ўсе ролі… Застаецца хіба расказаць пра Ахвяру – самага маленькага і самага, здавалася б, безабароннага хлапчука, сапраўднае імя якога крыху дзіўнае і даволі рэдкае – Серафім. Ды які ж ён Серафім, калі ён – Ахвяра!.. Ускочыў вунь на падаконнік, рагоча, аж пуп трашчыць, задаволена паказвае пальцам на забіякаў:

– Мачы яго, Мілкі! Ай, прыкол, мальцы. Зараз Буслу доўгі нос адцяпаюць. Бусел, ты свой нос хоць застрахаваў?

І рабі з ім што хочаш. Ахвяры не тое што выспятка, дастаткова палец на лоб пакласці, ён і рассыплецца. А вось не памірае, бо прыкаліст нумар адзін ва ўсёй школе, бо пафігістам ходзіць па Сматрычах, і няхай толькі паспрабуе, хоць і дужэйшы хто, крануць яго пальцам. Адразу справу займее ці з Пячэннем, ці нават з самім Божанькам. “З намі Бог!” — крычыць Серафім. І то праўда. А з Божанькам жартаваць тое самае, што са Страшным судом. Ніхто не ведае, ці хоць будзе той суд праведны, але ж усе яго баяцца. Вось і жыве Ахвяра несудзімым-непадсудным, жыве як у Бога запазухай. Толькі адзін Серада часам можа паздзеквацца са “святога ўгодніка” Серафіма. Толь­кі яму дазволена. І то нязлосна, не абразліва, а бяскрыўдна, па-сяброўску, дзеля смеху.

Ахвяра сядзіць на падаконніку і зубы прадае. Мілкі – вярхом на Бусліку, філасофствуе:

– А што, ён першы палез, заманаў!

– Ничё себе заявочки… Ладно, успокойтесь, харе обниматься, зла не хватает. Журнал ваше творчество не оценит. Из-за вас после уроков сидеть придётся, – заяўляе сваю ўладу Серада.

– А чаго ён… першы. Бусел дурны, крыжадзюб.

– Я ж не ведаў, што ты псіх няшчасны, – Буслу ўжо не да жартаў.

– “Ми-ла-я, ты услышь меня-а, – саскочыў з падаконніка Ахвяра, вытанцоўваючы, закружыў ля байцоў.

– Исчезни, Жертва, тебя ещё успокаивать! – зароў раптам Пячэнне. – На место, я сказал!

– “Падают зори, падают зори”, – віртуозна прызямліўся за парту хітранькі Ахвяра.

А вось Бусел так проста здавацца не захацеў. Ён палічыў закранутым свой гонар:

– Пяткі Журналу падлізваеш, камандор? Саладзей, Пячэнне, не станеш! – то быў, можа, першы Буслікаў пратэст, адкрыты выклік мацнейшаму.

Іншым разам Серада мо нават і не звярнуў бы ўвагі на такую барзату. Але сёння ён не з той нагі падняўся. Дзіва што, каторы тыдзень, як няма яго бацькі. Знік недзе. Паехаў на Украіну разменьваць кватэру і нібы праз зямлю праваліўся. На Украіне, у Днепрапятроўску, засталася іх трохпакаёвая кватэра. Там прайшло яго, Валодзі, дзяцінства. Жылі з мамкаю. Ды мамка захварэла на нядобрую хваробу, злегла, а бацька з гора запіў. Калі б не Вало­дзя, маці б давялося памерці ў роспачы і жахлівай нястачы, так што нават не было каму шклянкі вады падаць. Валодзя даглядаў маці, як мог, як умеў.
У школу хадзіў адчэпнага, фактычна ад маці не адыходзіў. Бегаў па магазінах, па аптэках, у хаце прыбіраў, варыў есці і потым з лыжачкі карміў хворую. Адным словам, нялёгкая ношка дасталася чатырнаццацігадоваму падлетку, такая і не кожнаму даросламу па сіле. Але Валодзя нікому не скардзіўся, ён прывык цярпліва несці свой крыж. Нават не ўсе сябры ведалі, што ў яго дома. На людзях жа, у школе, Валодзя стараўся не падаваць выгляду, быў вясёлы, шустры, задзірысты, як і большасць яго аднагодкаў. І толькі па смерці маці, як ні кашчунна пра гэта казаць, да хлопца вярнуўся той непаўторны час юначы, пра які апасля, калі становішся дарослым, успамінаеш з добрай пяшчотнай настальгіяй, бо ведаеш, што “назад не прыйдзе хваля тая…” Закрыўшы вочы дарагой, любімай матулі, Валодзя раптам успомніў, што ён яшчэ хлопец. Захацелася гуляць, захацелася жыць, ні аб чым не думаючы. А там – будзь што будзе!.. І яго нібы прарвала: пачаў жыць так, нібы кожны дзень апошні. Не важна, што часам у хаце не было і кавалка хлеба. Хлопец навучыўся паліць, часцей стаў выпіваць з сябрамі, так што амаль ніколі не еў, адно закусваў. Рана пачаў заглядвацца Валодзя і на дзяўчат. Ён нібы наганяў страчанае, ды так хутка, што нават і не заўважыў, як апынуўся ў спецшколе. У нас жа ў спецшколу трапіць прасцей простага. Пасля смерці мамы Серада стаў часцей прапускаць урокі. А ў вялікай гарадской школе з ім ніхто цацкацца не збіраўся. Не знайшлося каму зразумець, падтрымаць. Каму баліць чужое гора! Хуценька падрыхтавалі паперы, аформілі, атрэслі рукі настаўнікі, пазбавіліся ад вучня, які псаваў рэпутацыю школы.

Добра, што апамятаўся бацька. Апамятаўся толькі калі страціў сына. Раптоўна працверазеў, зразумеў, што адзін, як пень, застаўся ў пустой кватэры – нібы ў цёмным лесе. І найшло на яго прасвятленне. І кінуўся ён выцягваць сына з тае спецшколы, падняў усе свае былыя сувязі, а некалі ж ён быў вайсковым афіцэрам, сувязі меў добрыя. Лёгка трапіць у спец­школу, ды нялёгка адтуль выпаўзці. А хто пройдзе праз усю тую “школу” ды спасцігне яе “навуку”, наўрад ці захавае шанец вярнуцца да нармальнага чалавечага жыцця. Валодзю пашанцавала: бацька ўсё ж паспеў яго выхапіць адтуль своечасова. А выхапіўшы, не стаў пакідаць болей у горадзе, які ледзь было не з’еў яго сына, адправіў да дзядоў у далёкую беларускую вёску, на Віцебшчыну. На нейкі час паехаў і сам туды. Але ж на Украіне засталася кватэра. Не кідаць жа, трэба неяк давесці яе да толку. Вось і вярнуўся назад. Паехаў – як у ваду кануў. Паабяцаў, што праз тыдзень-другі прыедзе, але прайшоў ужо месяц, а бацька не падаваў звестак. Дзе тут будзе які настрой.

Валодзя хадзіў як заведзены, зрабіўся нервовым і не па гадах бурклівым. Раздражняла хлопца кожная дробязь. А тут гэты Бусел – пад гарачую руку. Малы ды га…ністы. Метр сорак з табурэткай, а колькі ж атруты!

– Ты чё, офигел, в натуре, Бусел? – строга, але спакойна папярэдзіў Серада. – Давно фуфло не разукрашивали?

– А што, няпраўду кажу? Якога ражна да Журнала кожны вечар бегаеш? Можа вы там, гы-гы, цалуецеся?

Адскочыць Бусел не паспеў. Моцны ўдар прыйшоўся проста па яго носе, ад чаго доўгі і востры нос ў адно імгненне ператварыўся ў свежую, сакаўную слівіну, а на падбародак ды на падлогу бісерам пакаціліся яркія чырвоныя пацеркі.

Бусел прыкрыў твар рукамі і, глуха ўзвыўшы ці то ад болю, ці ад крыўды, у роспачнае злосці вылецеў проздзверы.

Білі Бусла не ўпершыню. Ёсць людзі, якіх б’юць часта, але не моцна, абы адмахнуцца ад назолы. Гонар быць капітальна пабітым таксама трэба заслужыць. Віцька ж ніколі першым у бойку не лез, характар не той. Ага, не такі ён дурань, каб за проста так падстаўляцца. Бусел любіць паназіраць за бойкаю з бяспечнае пазіцыі, але часта не можа стрымацца, каб не ўставіць свае тры лапці там, дзе яго не просяць. Вось за доўгі свой язык і прападае. Бусліка б’юць трапна і ашчаджаючы сілы – так забіваюць камара. Камар – не сабака, сур’ёзна не пакусае, з дрынам за ім ганяцца патрэбы няма, але ж, бывае, і дастае, паскуда! І няма іншага спосабу ад яго пазбавіцца, як узяць ды прыбіць.

Акрываўлены Бусел вылецеў проздзверы, ледзьве не збіўшы… Пагодзіну. Настаўнікі, замерзлыя, пакрытыя шэранню, нарэшце дабраліся з горада, рашучыя, гатовыя зараз жа кінуцца ў бой. А тут вунь як! Ужо й ахвяры крывёю сцякаюць… Ахвяраю ледзьве не стала і новае паліто дырэктаркі. Тая знячэўку войкнула ды, ледзьве паспеўшы адскочыць, сутаргава ўхапілася здранцвелымі ад марозу пальцамі за расчыненыя дзверы. Каб не ўхапілася, пэўна, тут жа адкінула б капыты, трагічна і заўчасна.

– А божачкі! Не паспела ў школу зайсці, а ўжо забіваюць!

– Буслаеў, што здарылася?! – з ходу ў наступ пайшоў Барытон.

Але Буслік толькі махнуў рукою, выскачыў на вуліцу, хапіў снегу, злосны, пакрыўджаны, расціраў снегам нос, ад чаго твар яго, запэцканы крывёю, зрабіўся яшчэ болей жахлівым, падобным да крывавага месіва. Ну, зусім як у баевіку…

Раз’юшаны Барытон уварваўся ў дзявяты. Следам, не паспеўшы агоўтацца, заваліла туды і ўся прыезджая гвардыя. Хлопцы прыціхлі, зніякавелі, схіліліся над сшыткамі.

– Устаць! – зароў Барытон. – Па кім тут турма плача, бандзюгі?!

Падхапіліся. Замерлі па стойцы “смірна”, як на фізкультуры, не ведалі толькі ад хвалявання, куды рукі дзець.

У Серады кулак быў гэткім жа “прыгожым”, як і ў Бусліка нос.

– Так, усё зразумела, – ініцыятыву зноў перахапіла дырэктар, – калі чалавек бандыт, то гэта на ўсё жыццё. Серада і Буслаеў, на перапынку – да мяне ў кабінет! Дарэчы, а які ў вас зараз урок?

– Беларуская мова, – апусцілі вочы хлопцы..

– А дзе Віктар Фёдаравіч?

– А ў нас – самастойная. Серада – за старэйшага, – выклаў усё як на далоні Ахвяра.

– За старэ-эйшага? То яно і бачна, – скрывілася Пагодзіна. – Віктар Фёдаравіч усё эксперыментуе…

– За пахана… — ашчэрыўся ва ўсмешцы Барытон.

– Не трогайте Виктора Фёдоровича, – спалатнеў Серада, – он здесь ни при чём.

– Выбачай, Серада, мы пакуль табе слова не давалі. Пракурор табе дасць… слова.

– А што, Пячэнне праўду кажа, – нечакана загаварыў увесь клас. –
У Віктара Фёдаравіча зараз у трох класах урокі. А Бусел палез і атрымаў, так яму і трэба…

– І перастаньце выкрыкваць свае ідыёцкія мянушкі! Што за мода! Не клас, а канец свету, турма нейкая.

– Ды што вы, Ала Міхайлаўна, хіба не бачыце, натуральны крымінальны “общак”. Кругавая парука, – ухмыльнуўся Барытон, – так што перадавайце свайму, хм… класнаму… прывітанне.

Настаўнікі выйшлі, і ў дзявятым наступіла магільная цішыня. Педагогі тым часам агоўталіся. Жанчыны похапкам ля люстэрка прыводзілі сябе ў парадак. Мужчыны, не хаваючыся, тут жа бессаромна палілі. Дым стаяў – хоць сякеру вешай, але ніхто на яго не зважаў.

– Трэба рабіць высновы, Ала Міхайлаўна. Па-мойму, настаў час арганізацыйных вывадаў. Школа ў нас урэшце, альбо працоўна-папраўчая калонія? – філасофстваваў Барытон. – Навошта, скажыце, нам гэты Серада? Людзі адкідваюць, а мы прымаем. На табе, Божа, што мне нягожа.

– Абавязковай сярэдняй адукацыі, Сяргей Міхайлавіч, ніхто, між іншым, пакуль не адмяняў. Па добрай волі не возьмеш – прымусяць.

– Даўно было – няпраўда. Нават у вучылішчы зараз не кожнага бяруць.

– У вучылішчы – не кожнага, а школа мусіць збіраць і выхоўваць усялякі зброд.

А то ён не ведае. Думае, тут яму казарма, дзе можна любога паставіць па струначцы, падстрыгчы пад нуль і загадаць рабіць тое, што захочацца. Ведае, але проста адстаўнік прывык камандаваць. Не пакамандуе – не паабедае. Прывык камандаваць і хоча, каб пад яго дудку ўсе скакалі. Гэта табе не ў духавым аркестры, які ты, дарэчы, таксама прадудзеў. Яна, дырэктар, лепей ведае, якая музыка павінна граць у яе школе. І мусяць прыслухоўвацца да яе музыкі.

Барытон ужо не ўкусіць, акрамя грошай, яму тут, у Сматрычах, нічога не патрэбна. Калі ласка, атрымлівай свае грошы. Паўтары стаўкі. Глядзі толькі, каб падавіўся. Будуй сабе за горадам катэдж, хоць Крэмль пабудуй, абы тут не блытаўся пад нагамі, не замінаў. Небяспека – не ад Барытона. Ёсць патэнцыяльныя кандыдаты на яе крэсла. Небяспечны той, хто ідэйны… Зрэшты, Квадратнага яна так і не раскусіла. Цвёрды арэшак. А дакладней, цвік квадратны. Быццам бы, з аднаго боку, і спецыяліст, слоў няма. Працаваў бы як усе, зарабляў свае грошы – цаны яму не было б. Але ж гэты Усама бен Ладэн прэтэндуе на нешта большае: прэтэндуе на духоўнага лідэра. Лідэр у калектыве павінен быць адзін – дырэктар. І яна, пакуль будзе пры ўладзе, не дапусціць ніякага слюнявага плюралізму. Ну што Квадратнаму трэба? Напачатку думала, што ён імкнецца заняць яе крэсла. Не, крэсла такім не патрэбна, ім, бачыце, прынцыпы падавай. Ды пайшлі вы са сваімі прынцыпамі! Чалавек – драпежнік па натуры. Галоўнае для яго – расправіцца са слабейшым і заваяваць аўтарытэт. Аўтарытэт – гэта калі цябе баяцца. Чым болей баяцца, тым болей паважаюць. Расправіцца з ёй Квадратнаму не ўдасца, зубы паломіць, не на такую натрапіў. А вось аўтарытэт заваяваць ён можа, тут у яго талент. Гуляе з дзецьмі ў Макаранку. Дзеці любяць, калі з імі гуляюць. Толькі з часам Але Міхайлаўне здаецца, што любімы дзецьмі Журнал насамрэч не такі просценькі, як прыкідваецца. Ці не вядзе ён якую­сьці двайную гульню? Ці не збіраецца пад прыкрыццем любові да дзяцей ды напускной дзівакаватасці ўсё ж разгайдаць пад ёю крэсла, каб пасадзіць сюды кагосьці свайго? А чаму б і не? Пасадзіць сюды, скажам, Карменіху. Сёння яна яшчэ дзяўчо са светлымі і радаснымі памкненнямі. Чытае дзецям казкі і сама ў гэтыя казкі верыць. А заўтра, калі брыдкае качаня абрасце пер’ем ды распусціць хвост ды, не дай Бог, адкрые дзюбку, заўтра яна можа стаць небяспечным канкурэнтам…

Яны тут, бачыце, Храм навукі будуюць. Знайшліся святыя! Маліцца будуць у тым Храме, праведнікі. Каму сёння патрэбны вашыя модлы і вашыя багі? Каму цікавыя вашы прынцыпы і сумленне? Людзі робяць грошы. Грошы і ўлада даўно кіруюць светам. Грошы прыводзяць да ўлады, а ўлада, зноў жа, робіць грошы. Кругаварот валюты ў прыродзе – закон новага свету! А розум… Светлая галава патрэбна была Льву Талстому, каб напісаць “Войну и мир”. І зараз увесь “мир” ваюе. Ваююць розум з сумленнем, прагматызм – з наіўнасцю… А зрэшты, меней розуму – меней згрызотаў сумлення. Але ж яны, гэтыя юродзівыя: журналы, кармены, яны бяскрыўдныя толькі па адным, а разам – яны таксама сіла. Крыклівыя вельмі, а крыклівых зараз могуць і пачуць. Галоснасць – вось жа і галосяць. І кулаком па стале не грукнеш. Хоцькі-няхоцькі даводзіцца прымаць іхнія правілы гульні і чаўпсці нешта пра дэмакратыю.

Вось чаму ёй патрэбны барытоны, сяўніцкія. І чым болей у калектыве будзе барытонаў ды сяўніцкіх, тым меней застанецца непрадказальнасці, тым спакайней будзе працаваць. Сяўніцкая трызніць свіннямі. Дай Бог яе свінням добрага здароўя і доўгіх гадоў жыцця… Пакуль жывуць свінні – будзе і карыта.

– У нас у арміі я завёў бы крымінальную справу па сённяшніх фактах, –
парушыў маўклівую паўзу Барытон.

– Вы пра гэта Квадратнаму скажыце, доўга будзе пацвельвацца. Ён у будбаце служыў. Казаў, там галовы адзін аднаму здымалі, і ніхто ніводнай справы не завёў. Кніжку пісаць збіраецца, – Ала Міхайлаўна любіць сутыкнуць ілбамі падначаленых.

– Кніжку? Няхай піша… Пісакі!.. Па яго камплекцыі бачна, у якой ён арміі служыў. Вось калі б служыў нармальна, часу не было б кампрамат на армію збіраць. Ведалі мы такіх інтэлігентаў. Болей нылі, чым служылі, усё ім было не так, ды ўсё не гэтак. Вы не заўважылі, Ала Міхайлаўна, што прывычка ныць – рыса характару? А ў мужыкоў, якія закончылі педагагічны – такая прывычка – прафесійная асаблівасць характару.

– Праўда? А няўжо ў ваенных вучылішчах вучаць завочным дуэлям? –
какетліва засмяялася Пагодзіна, чым нават усхвалявала заўсёды куле­непрабівальнага Барытона. Каб не празвінеў званок, той мо нават і запунсавеў бы, як майская кветачка. Але ж на тое і існуюць у школе званкі, каб некаторыя настаўнікі мелі магчымасць памяняць маскі на твары. Ну, зусім як у тэатральнай грымёрцы.

Тым часам у дзявятым класе магільную цішыню прарвала. Не вытрымаў Божанька, заўсёды чуллівы на несправядлівасці:

– Журнала падставілі. Гэтая мымра цяперака яго з’есць. Хіба не чулі, як яны грызуцца ў настаўніцкай?

– Мраки, – згадзіўся Серада, – я когда летом документы приносил, случайно слышал, как они нагрузку делили. Представляете, Баритон матом крыл на всю учительскую и стучал кулаком по столу.

– А ты, Пячэнне, таксама добрая цаца. Нафік гэтаму прыдурку кроў пусціў? Камара яму на носе забіў, а той і рад размазваць соплі, і мамцы зараз пабяжыць скардзіцца.

– Нікуды я не пабягу, – захліпаў носам Бусел. – Вы проста ненавідзіце, ненавідзіце мяне, вось і ўсё!

– Што ты, Буслік, я вось цябе люблю без памяці… “О, белыя яблыні, белыя яблыні, пялёсткаў ружовы хвалюючы пах!” – здзекваўся Ахвяра.

Было не да смеху, але хлопцы злосна зарагаталі.

– Ладна, харэ іржаць! Думайце лепей, як нам Журнала адмазаць. Я вам крычу, гэтая мымра капае пад яго… – не здаваўся Божанька.

– Пыльным мехам яе па галаве хіба… Ды сказаць, што так і было? – з Ахвяраю сур’ёзна не параішся, морда цагліною, а думкі фантанам. Толькі зірнуць на гэтага худзенькага, як сцяблінка, хлопчыка з біцэпсамі старога зайца – ужо смяяцца можна. Так і ўяўляеш, як ён Пагодзіну пыльным мехам у цёмным завулку… Канцэрт па заяўках.

– Успокойтесь. Я сам всё объясню в учительской. Журнал здесь ни при чём.

– Думаеш, яны цябе слухаць будуць? – азваўся Мілкі, які адчуваў сябе больш за ўсіх вінаватым.

– А што рабіць! Слухайце, людзі, давайце мы шэфства над Журналам возьмем. Каб ніводзін гад болей яго не ўкрыўдзіў.

– І то праўда, Ахвяра. Нарэуце ты паразумнеў. Кожнаму біць морду, хто зачэпіць Журнала.

– Не волнуйтесь, пацаны, уж я найду им что сказать..

– Знойдзеш, а як жа! Вунь Барытон даўно на цябе зубы войстрыць. Глядзі, каб сам не загрымеў зноў у калонію. Лепей трымай сябе ў руках.

– Спасибо, Боженька, ты настоящий друг. Но только если я сяду, они все лягут. И Журнала, не бойтесь, им захавать не дам…

– “Спасибо, Середа, сесть мы с тобой всегда успеем”. Але “настоящим другом” ты станеш толькі тады, калі ўсё ж паспееш да канца ўрока напісаць сачыненне, – я, бедны-няшчасны Журнал Фёдаравіч, вяртаюся да сваіх “шэфаў” – у дзявяты клас…

 

* * *

– А падслухоўваць – нячэсна, вось так, Віктар Фёдаравіч!

– А я і не падслухоўваў, Серафім. Няма мне чаго рабіць, як пільнаваць дзверы ў дзявятым класе. Але ж вашыя гамлетаўскія маналогі слухае вунь уся школа. Ды ладна, давайце сур’ёзна. Што здарылася, хлопцы? Я вас пакінуў усяго на паўгадзіны. Я вам паверыў, вырашыў, што вы дарослыя. Трэба хаця папярэджваць, я даў бы самастойныя заданні малым, а з вамі… з вамі б тут увесь урок гулялі ў лялькі.

Мае юныя сябры вінавата апусцілі вочы, уважліва разглядваюць сталы. Стрэліла… Разглядваць сталы ў школе можна колькі заўгодна, можна любавацца імі, а то нават і вучыцца па іх грамаце. Нездарма кажуць, хто многа чытае, той пісьменна піша. Вывучыўшы пісьмёны на стале, будзеш у курсе ўсіх школьных спраў і пазнаеш жыццёвую мудрасць. Тут – цэлы летапіс школьнага жыцця: хто каго любіў на працягу дваццатага стагоддзя, і ў каго каханне было няшчаснае, нераздзеленае, каго з настаўнікаў трэба спісваць на мяса, а каго здаваць на камбікорм. Усё гэта ўвекавечана ў цудоўнай разь­бе па дрэве, такой глыбокай і пранікнёнай, што ніякімі фарбамі, колькі ні старайся, не замажаш. Дый навошта замазваць самую гісторыю? Якая розніца, дзе падлетак сцвердзіць сябе? Няхай у яго будзе такое працоўнае месца, якое ён сам сабе стварыў і на якім яму зручней працаваць. Усё ў жыцці павінна выглядаць натуральна. А сілком ніякімі фарбамі жыцця не ўпрыгожыш і не навядзеш глянцу.

– Дык што здарылася, хлопцы?

– Яны вам, Віктар Фёдаравіч… прывітанне перадавалі…

– Хто перадаваў?

– Дырэктрыса, Барытон…

– Мне?.. Дзякую, – разгубіўся я. – А што яшчэ здарылася?

– Пячэнне ўдарыў гэтага… адсаджанага, – хлопцы кіўнулі на Бусла.

– Божа ж мой, дзеці! Што за лексіка! Да чаго ж я вас распусціў! Да чаго я сам дажыўся! Можа, вам добра “ўваліць” за тое, што вы так і не навучыліся адчуваць, што дазволена, а чаго нельга. Дзіцячы сад! І яны нада мною шэфства сабраліся браць. Вось дык шэфы! Я думаў, вы станеце маёю апораю…

І яны зноў старанна вывучаюць парты. Перажываюць… Дарагія мае дзеці, вы суперажываеце мне! Дзякуй табе, Божа, што ты даў мне вялікае настаўніцкае шчасце: чужыя дзеці не толькі разумеюць з паўслова, але і суперажываюць. Такое шчасце – не ў кожнага… Вось толькі Бусліка ніяк не магу перайначыць, хаця, напэўна, зразумець магу і яго. Віця граў у Барытонавым аркестры, і тры гады капалі яму на мазгі… Вада камень точыць, а падлетак… Падлетак, людзі, зроблены з такога пластыліну, што якую форму ні пажадаеш – вылепіш. І нават не трэба высільвацца.

Мой клас не можа, не хоча зразумець Бусла, бо ён граў у Барытона, а яны ў аркестры аказаліся лішнімі. Фэйс-кантролю не прайшлі, ці то мядзведзь ім на вуха наступіў? Хлопцаў не прынялі, акрамя Бусліка, і ён гэтым вельмі ганарыўся. Хлопец увогуле ж таленавіты, ён ад сціпласці, аднак, не памрэ. Мо затое і не любяць яго хлопцы. А ці вінаваты Буслік? У аркестры кожны лічыў сябе элітарным. Такая была ўстаноўка. Барытон стварыў калектыў па сваім вобразе і падабенстве, ён замбіраваў дзяцей. Я неаднойчы казаў пра гэта на педсавеце, але каму з настаўнікаў была справа да маіх псіхалагічных вывадаў? Галоўным быў вынік. Барытон аб’ездзіў са сваімі маленькімі зомбі паўсвета, былі нават за мяжою. Прыйшла слава, падняўся прэстыж школы. Паказчыкі ўсім засцілі вочы. Але ж далей падлеткаў чакала выпрабаванне “меднымі трубамі”. Не кожны яго вытрымлівае. Барытону пляскалі ў ладкі, і нікому не прыйшло ў галаву, якім коштам вырывае ён апладысменты ды граматы. Скажаце, зайздрошчу? Так мне і казалі ў вочы незычліўцы, калі я ўсіх перасцерагаў… Такому не пазайздросціш. Бо ў аркестры ўсталявалася фактычна казарменная дысцыпліна. Ледзьве не строем хадзілі, ледзьве не аддавалі “чэсць” кіраўніку. Некага гэта забаўляла, а ў кагосьці выклікала замілаванне. Памятаеце, калі людзі, асабліва пажылыя, глядзяць па тэлевізары парад, яны таксама замілавана плачуць. Я часта думаю: няўжо людзі не здагадваюцца, што любому параду заўсёды папярэднічае муштра? Тое ж самае было і ў Барытона. Горш – там… білі! Не было сведкаў. Калі Барытон нацкоўваў “умелых” музыкаў на “нерадзівых”, астатнія проста маўчалі. Маўчалі, бо баяліся. Колькі магло тое працягвацца? Напэўна, бясконца, бо механізм муштры працаваў спраўна. Кожны баяўся не столькі таго, што будуць біць, колькі – што… выганяць з аркестра, а казарма ёсць казарма, тут існуе няпісанае правіла – нягожа выносіць смецце з хаты. Калектыўная кругавая парука, ад якой у арміі можна было выратавацца толькі пусціўшыся наўцёкі. Не важна, што сёння цябе б’юць, галоўнае – заўтра, калі аркестр бліскуча выступіць, заўтра будзе свята. Барытон напіваўся сам і літасціва дазваляў дзецям рабіць тое, што яны пажадаюць. Што тут пачыналася! Няцяжка ўявіць, на што здольныя падлеткі, выкупаныя ў каварных промнях славы. Стрэл традыцыйнай у такіх выпадках бутэлькі шампанскага выглядаў толькі першым залпам “Аўроры”. А пад сталом, для працягу банкета, было яшчэ сёе-тое падрыхтавана. А потым, потым хлопчыкі чапляліся да дзяўчынак. Разбэшчаныя славаю падлеткі рана ўявілі сябе дарослымі. Не ведаю, чаго дамагаўся Барытон, гэты маленькі Напалеончык, абраўшы аб’ектам сваіх сумніўных эксперыментаў школьны духавы аркестр, але яму, калі ўжо сабраўся выхоўваць дзяцей, павінна быць вядомая адна простая ісціна: якія дзеці на сцэне, такія яны затым і ў жыцці. Падлеткі могуць стаць неблагімі артыстамі і хораша забаўляць публіку, але яны назаўсёды застануцца маральна скалечанымі людзьмі. Дарослыя могуць “пагуляць” і перастаць, дзеці ж такіх метамарфозаў рабіць не ўмеюць, яны “гуляюць” заўсёды ўсур’ёз.

А Буслік не вінаваты. Проста ў яго вельмі занятыя бацькі, не да сына ім, не да выхавання. Бацька, старшыня калгаса, сялянскае шчасце куе. У маці, у Надзеі Навумаўны, клопату яшчэ болей – школьны ганак пачысціць ды грубкі добра напаліць… Хаця дома яна добрая гаспадыня. Вочы за гаспадаркай паслеплі, вось і не бачыць часам сына, і не ведае, куды Віцька ходзіць, што робіць. А Буслік гэта вунь як адчувае. На вуліцы з равеснікамі ён не ладзіць. Хітры Бусел, а хітрых не любяць. Сябры, а дакладней, хаўруснікі па аркестры, закончылі школу, паляцелі ў гарады задавальняць свае амбіцыі. І Бусел застаўся пакуль між двух агнёў: з аднаго боку – новы калектыў, а з другога – уласнае самалюбства, праз якое цяжка пераступіць.

– Можа, ты, Буслаеў, раскажаш, што тут здарылася? – далібог, каб я ведаў, што Віцьку будзе так сорамна, я б у яго не пытаўся.

– Правільна, няхай Бусел і расказвае, – абурана загаманіў дзявяты, – ён заварыў кашу. Чаму мы за яго парыцца павінны. Хай хоць раз набярэцца мужнасці…

Але набрацца мужнасці двойчы на адным уроку было для Бусліка занад­та. Хапіла таго, што ён упершыню сёння адважыўся запярэчыць Серадзе.

…Ненавідзяць! Яны ненавідзяць яго, адзінокага і безабароннага. Там, у аркестры, яго не любілі таксама, горш таго, часам запрагалі: прынясі, падай, збегай у магазін па цыгарэты, прыбяры са стала. Там – яшчэ можна было дараваць, ён быў на цэлы год маладзейшы за астатніх. Затое ж якім вялікім ён станавіўся на сцэне! Хай сабе ён быў усяго толькі вінцікам вялікага аркестровага механізма, але без яго, без Віці-вінціка, таксама не іграла б музыка. Там ён быў патрэбен, а тут… Тут ён ніхто і толькі блындаецца пад нагамі. Нават Віктар Фёдаравіч яго трывае толькі таму, што ён настаўнік і павінен кожнага выхоўваць. А насамрэч Журнал таксама яго ненавідзіць…

– Вы-вы-вы… Вы мяне… за што?! – Буслік заплакаў. Буйныя, зусім дзіцячыя слёзы каціліся па шчоках, хлопец падхапіўся і кінуўся на вуліцу.

Яго ніхто не даганяў і ніхто не кінуў услед ніводнага слова. Празвінеў званок, ён стаў для ўсіх выратаваннем. Скончыўся нарэшце ўрок, які, нам здавалася, ніколі не скончыцца…

… А ў настаўніцкай сабраўся імправізаваны педсавет. Чакаюць мяне. Што ж, добры дзень, калегі, рад вас бачыць. Але вы нас з Аксанай Валер’еўнай ужо…

– Праходзьце хутчэй, Віктар Фёдаравіч. Чакаем. У нас, між іншым, толькі дзесяць хвілін часу, – Пагодзіна настроена па-баявому.

– Нічога, – супакойваю грамадскасць, – мы з Аксанай Валер’еўнай вас чакалі даўжэй.

– Прабачце, досціпам будзем абменьвацца потым. Часу сапраўды няма. Такім чынам, у нашай школе, шаноўныя калегі, адбываюцца апошнім часам дзіўныя рэчы. Справа дайшла да рукапашных баёў. Сёння на ўроку беларускай мовы ў дзявятым класе быў жорстка збіты вучань. Мора крыві – сама бачыла, сцэнарый фільма жахаў, якія так любяць глядзець нашы мілыя дзеткі. І , па ўсім відаць, яны добра засвойваюць гэтую навуку… Так-так, Віктар Фёдаравіч, нашы дзеці, уявіце сабе, вучацца жыццю не па падручніках беларускай мовы..

– Вось як! А я думаў, іх падвучыў Дунін-Марцінкевіч сваёю “Пінскаю шляхтаю”…

– Можаце з’еднічаць колькі заўгодна, але калегам няма часу выслухоўваць вашыя філалагічныя сентэнцыі. Давайце лепей вырашым, што будзем рабіць? Як вы збіраецеся далей працаваць з вучнем вашага класа, які развальвае дысцыпліну, падводзіць школу, зводзіць на “не” намаганні ўсяго педагагічнага калектыву? Бо імідж школы Серада…

– Правільна, паганая авечка псуе ўсю стаду, – Баба выказалася…

– А давайце, калегі, яе… з’ядзім!

– Каго? – спужалася Пагодзіна.

– Авечку, якая “ўсю стаду” псуе. Няма авечкі – няма і праблемы. Пахвальна. Хоць і ў стылі трыццаць сёмага года. Праўда, застаецца яшчэ адна субстанцыя – так званая “стада”. Вось вы, Вікторыя Аляксееўна, за дзесяць хвілін здолелі вынесці прыгавор нашай авечцы, хаця вы – не юрыст. А вось я – філолаг, і таму мушу вас паправіць: слова “стадо” ўжываецца, як правіла, у рускай мове і гэта “существительное среднего рода”, а ніяк не жаночага, па-беларуску ж гавораць “статак”. Статак – ён мой, мужчынскі род. Зрэшты, гэта дробязі…

– Вось так ён і заўсёды! – ускочыла расчырванелая Баба. – Да слоў чапляецца, кепікі строіць, ён усіх нас за стаду лічыць, а сваімі выхадкамі пазорыць усё сельскае настаўніцтва.

– Сапраўды, Віктар Фёдаравіч, вы зноў за сваё…

– Я закончу, з вашага дазволу. Гэта дробязі. А галоўнае – я проста не ра­зумею, калегі: што ў нас зараз адбываецца – суд над Серадой? У такім разе, чаму я не бачу адвакатаў, пракурора, чаму ўрэшце няма самога падсудзімага ў клетцы? Альбо гэта толькі папярэдняе следства? У гэтым выпадку існуе прэзумпцыя невінаватасці…

Зноў – званок.

– Ціха, калегі, ціха! Што будзем рабіць? Можа, перанясем нараду на пасля ўрокаў? Справа сур’ёзная, і Віктар Фёдаравіч кажа праўду: за дзесяць хвілін тут нічога не вырашыш. А вырашыць трэба. І неадкладна. Так далей працягвацца не можа. З Серадой трэба нешта рабіць, бо пакуль мы тут займаемся філалагічнымі практыкаваннямі, пакутуюць дзеці – наша будучыня. Усё, пасля ўрокаў збіраемся.

Званок выратаваў Валодзю… пакуль што… Але мне званкі часам пера­шкаджаюць думаць. Яны не даюць мне засяродзіцца… Адкладзены бой…
Я толькі паспеў расчахліць сваю цяжкую артылерыю: гарматы і кацюшы.
А можа, іх, ворагаў нашых, трэба знішчаць “тамагаўкамі” – крылатымі ракетамі наносіць удары па іхніх цэлях і мэтах? Вось жа пацэліў сёння Бабе не ў дроб, а ў лоб. А па-іншаму яе не праймеш – жалезабетонная і з моцнаю арматурай. Падхалімаж, узведзены ў ранг маральнага крэда чалавека…

А ў мяне зараз “фортка”. Можна праверыць сшыткі. Але як жа я буду сшыткі правяраць, калі нервы ўзняліся на рэвалюцыю – прафесійная настаўніцкая хвароба. Мы ў школе не можам, каб не папсаваць адзін аднаму крыві. Часам думаеш: ці не ў гэтым і заключаецца сутнасць нашых творчых педагагічных пошукаў? Калі ты не варушышся, значыць, табе ўжо няма чаго новага сказаць, і час табе на пенсію.

У мяне “фортка”, і я рэпетую сваю прамову на педсавеце. Вывесілі вунь аб’яву: педсавет на тэму “Актывізацыя выхаваўчага працэсу ў сувязі з некаторымі негатыўнымі з’явамі, якія маюць месца ў нашай школе”. Любіць Ала Міхайлаўна пад кожны пшык падбіць ідэалагічную падэшву. Давыхоўваліся! Ні сабрацца разам не можам, ні абмеркаваць спакойна. Вайна самая натуральная, толькі што ў асобна ўзятай школе. А можа, і ўсюды так ваююць?.. Вайна амбіцый, Хтосьці кагосьці падкузьміў, закрануў самалюбства. Карона ўпала з Бабы, заўвагу ёй, настаўніцы, зрабілі – за непісьменнасць. Меней хадзі ды збірай плёткі па школе ды па завуголлі, а знайдзі час кніжку ці хаця б газету пачытаць. Можа, і мова не была б такою неахайнаю, можа, і навучылася б этыкету… Аксана правільна сказала, не да свіней ходзіш, а да дзяцей у школу. А потым здіўляемся, чаму нашы дзеці не ведаюць элементарных рэчаў, чаму яны такія нявыхаваныя, адчуваюць сябе чужынцамі, недарэкамі ў прыстойнай кампаніі. І камплексуюць. А затым вясковыя дзеці, трапіўшы ў горад, стараюцца як найхутчэй забыцца, адкуль яны родам, зрабіцца “как все”. І ва ўсім вінавацяць, праклінаюць сваю родную вясковую гаворку. І становяцца манкуртамі. А ўсё таму, што “ва ўстановах часам ёсць вось такія Бабы…”

Люблю быць у настаўніцкай адзін. Люблю ўсё ж адзіноцтва. Для кагосьці яно здаецца вар’яцтвам, а для мяне – нармальны, нават жаданы стан душы. На адзіноце можна супакоіцца, можна перажыць любую бяду і любую праблему вырашыць. Людзі – гэта абстракцыя. Яны з’яўляюцца на кароткі ці доўгі час, калейдаскопам змяняюць адзін аднаго і зноў сыходзяць, і толькі сам-насам ты кожны дзень, кожную гадзіну і хвіліну. А сур’ёзным у жыцці можа быць толькі пастаянства. Вось пастаю ля акна, палюбуюся акварэлямі-сюрпрызамі, якія падарыў пачатак сакавіка. Адсюль, з акна, запозненая зіма таксама выглядае часовай, абстрактнай, несур’ёзнай. Слухаю раўнамерны, нават меладычны гул, які сюды, у настаўніцкую, даносіцца з класаў – музыка школьных урокаў. Нашую прафесію можна лічыць музычнай. Пастаю, паслухаю, супакоюся…

У нашай школе гукаізаляцыя, як у трубе. Не трэба хадзіць да калегаў на ўрокі – дастаткова выйсці ў калідор, і каштоўны вопыт калегаў сам палезе ў вушы. Ніколі не падслухоўваю – моды такой не маю. На гэта ў нас ёсць іншыя, вельмі добрыя спецыялісты. Вунь Навумаўна. Адкуль жа, як не ад яе, дырэктар ведае ўсё ў падрабязнасцях?

“А вот мне казалі”. “А вот я чула”. Выбачай, мяне зусім не цікавіць, што табе казалі і што ты чула. Ці ў абавязках дырэктара зараз хадзіць ды збіраць чуткі? А Пагодзіна, між іншым, часта на аснове “я чула” ды “мне сказалі” выбудоўвае свае выступленні на педсавеце. Бог з ёю, адміністратары прыходзяць і сыходзяць, а застаюцца дзеці…

Чаго яны прычапіліся да Серады? Зразумела, не ведаюць, як падвудзіць на кручок Журнала, вырашылі абысці яго з тылу. Пратараніць у лоб не ўдаецца – пайшлі ў абход. Ну, не з-за разбітага ж носа пажар разгарэўся. Не выйдзе! Толькі праз мой педагагічны труп. І трупа яны таксама не дачакаюцца. І справа тут не ў амбіцыях. Проста Валодзьку болей нельга ў калонію, загуба гэта для яго. Сераду я ім у крыўду не дам, падавяцца, зубы паламаюць, а вось крыві нашай папсаваць могуць.

Трэба брацца за сшыткі. Бо стаю ля акна, гляджу ў адну кропку, яшчэ й сам з сабою размаўляю. Можна звар’яцець. Добра, калі Навумаўна не пільнуе пад дзвярыма. Нервы ў цябе, Журнал, зусім нікуды не вартыя, і сам часам не заўважаеш, як пачынаеш думаць уголас.

Прыхапіў сачыненні сваіх ахламонаў – зараз буду над імі адпачываць. Вучні мае растуць, яны ўжо выйшлі з таго ўзросту, калі людзі кажуць святую праўдачку, яны ўжо ведаюць, што жыццё не такое адназначнае. Хто не ўмее хаваць свае пачуцці, той няшчасны чалавек. А вось у сачыненнях мае дзеці яшчэ не навучыліся хлусіць.

Зарыпелі дзверы, тыя, што вядуць на вуліцу. Па калідоры, па лесвіцы хтосьці рашуча тупаў. Я адчуў неўсвядомленую трывогу, а прадчуванні мяне ніколі не падводзяць. У настаўніцкую ўваліўся велізарны снежны чалавек, у якім я не адразу пазнаў Навумаўну.

– Дзе дырэктар? – запыталася, зірнуўшы на мяне адчужана, як на незнаёмца.

– На ўроку.

Навумаўна, нічога не патлумачыўшы, зачыніла дзверы. Празвінеў званок з урока, высыпалі дзеці на калідор, загаманіла, загула школа. Неўзабаве Пагодзіна павяла Навумаўну ў свой кабінет – шаптацца. Адтуль яны званілі некуды, бо трашчаў у настаўніцкай паралельны тэлефон. Я не надта прыслухоўваўся. І дарэмна. Каб ведаў, якое значэнне будзе мець для мяне і майго класа той званок – можна было падрыхтавацца. Паленаваўся. Мог бы ўсё ўладзіць ад самага пачатку. Мог, ды не захацеў, ва ўсякім разе, не праявіў настойлівасці. Ах, гэтая нашая інертнасць!..

Круцель прычаліў на школьны двор інкогніта і нечакана снежным комам на галаву зваліўся. Ішоў урок, апошні, шосты. У мяне была ў дзявятым літаратура, і я дазволіў, так і быць, сваім ёлупам дапісваць сачыненне, якое не скончылі на мове. Спачатку пісалі ціха, потым нехта ўголас пракаментаваў сваю думку, і пайшло, і паехала… Неўзабаве недапісаныя сачыненні зноў адклалі і экспромтам пачалі дыскусію. Не страшна, калі пісьмовая работа раптам змяняецца шчыраю, цікаваю гаворкаю. Навучацца выказваць думкі ўголас – заўтра ім будзе прасцей пісьмова пабудаваць сказ. Вось толькі граматычныя памылкі – бяда! Дарэчы, пісьменна пісаць не навучыш. Гэта – ад Бога. Можна навучыць мядзведзя скакаць, але нельга мядзведзя зрабіць пісарам. Пісаць пісьменна – такі ж талент, як і любы іншы…

– Віктар Фёдаравіч, а праўда, што ў нас хутка не будзе ні зімы, ні лета, а снег будзе выпадаць не ў лістападзе і не ў снежні, а тады, калі яму ўздумаецца, як сёння во? Ён будзе кружыцца ў паветры, але на зямлю ападзе дажджом, цёплым дажджом, бо на зямлі ў гэты час будзе расці зялёная трава, людзі будуць купацца, загараць, палоць грады, пасвіць каровы, а ў паветры – снег.

– А ты паэт, Серафім! Дзе такое вычытаў?

– У мяне кніжка ёсць…

– Брехня, Жертва. Фантастика. Сказки. Разве могут быть зима и лето одновременно?

– Могуць, Пячэнне. А калі ўлетку град ідзе, аж бела на зямлі.

– Дарэчы, не заўважылі, хлопцы, зараз пад снегам застаецца многа зялёнае травы. Зганяе снег па сто разоў за зіму, глядзіш – і ўжо зелянее то там, то тут травіца.

– Азімыя.

– Каб толькі азімыя… У прыродзе, хлопцы, сапраўды стала рабіцца штосьці неверагоднае. Бачыце, якія ў Беларусі пачаліся ўраганы? І таму не ведаеш, што заўтра чакаць.

– Уга. Летам ураган быў. Помніце, лавіна ішла? Класна! Ніколі дагэтуль не бачыў, як лётаюць дрэвы.

– Вот калі б табе, Ахвяра, дрэвам па глобусу. Класна было б? А ўраганы, Віктар Фёдаравіч, таму што мы балоты паасушвалі.

– Таму што награшылі, вось Бог і шле нам папярэджанне, адно, другое, а ўслед за ім будзе…

– Страшны суд? Усіх нас пасадзяць у катлы, нальюць туды смалы паболей і…

– Не багахульствуй, Бусел. Божанька табе не даруе. Ён ужо і так сёння наехаў на цябе, кару нябесную наслаў, ледзьве вады хапіла ў кране – адмыцца.

– Молчи, Жертва, а то сейчас и тебе господь кару придумает.

– Во-во, – смяюся, – за доўгі твой язык, Серафім, у пекле на крук падвешваюць.

– Усё, маўчу і слухаю. Тры дзіркі ў носе і ўсё сканчалося.

Рогат. Зноў у клас настрой вярнуўся. Нарэшце… Я і рады. Хлопцы не ўмеюць падоўгу сумаваць, зла трымаць не ўмеюць мае юныя філосафы. Не навучыліся помсціць і зласлівіць. Яны яшчэ не падлюкі, а толькі падлеткі і таму… таму я гатоў іх слухаць гадзінамі, ніколі не стамляюся іх слухаць. Як толькі пачынаюць сцвярджаць сябе – становяцца асобамі, яркімі індывідуальнасцямі, характары іхнія граюць, бы колеры вясёлкі на травеньскім небе. І душа адтае, і жыццё напаўняецца сэнсам, як бы перасохшая рэчка – жыццядайнаю крынічнаю вадою…

– Зірніце, мянты прыехалі. Вунь маёр ідзе з інспекцыі, – выгукнуў Мілкі. –
І ўвесь клас трывожна прыўстаў, пазірае ў акно. З машыны вылез тоўсты, нязграбны, як барсук, маёр Круцель. Хвіліну чалавек-капешка таптаўся ля машыны, відаць, размінаў ногі, затым павалюхаў да школы.

– Чаго яны, Віктар Фёдаравіч?

– Не ведаю, хлопцы, ці мала…

Міліцыя ў нашай школе не паяўлялася, дай Бог памяці, ці не з часу мінулага выпускнога… Не надта цікавім мы міліцыю. Яно і добра. І нават калі праходзіў тыдзень прававога ўсенавуча, інспекцыя так і не прыехала. Колькі ні званілі, адказ быў адзін: школ у раёне многа, а бензіну мала. Школы, маўляў, ёсць і болей небяспечныя ды крымінагенныя, а наша базавая, сельская, далёкая. Адным словам, радуйцеся візіту свайго ўчастковага Цвыркуна. Той, калі ў школе вучыўся, трох слоў звязаць не мог, дый зараз ці ўзбіўся на чацвёртае. Вось дык лектар! Дзеці Цвыркуна не баяліся, бо ён і сам ад іх мала чым адрозніваўся.

Ну, і не трэба нам міліцыі! Кажуць, не было б ліха, абы ціха. Ды раптам – такія госці, аж дрыжаць косці.

Першым па дарозе аказаўся наш клас. Жывем вечна як на выгане, хто ні йдзе – да нас адразу.

– Маёр міліцыі Круцель, – адчыніўшы дзверы, бесцырымонна заваліў на ўрок “госць”, нават не прывітаўшыся. Ён цяжка дыхаў, наш ганак быў для яго дужа непад’ёмны.

– Віктар Фёдаравіч Квадратны, – амаль па-вайсковаму адрэкамендаваўся я, – настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

– Гэтыя, ці што? – не слухаў мяне маёр, падазрона свідруючы вачыма хлопцаў.

– Не зразумеў.

– Гэтыя, пытаюся, бандыты?

– Няма тут ніякіх бандытаў. А што здарылася? – ад таго нахабства я нават на хвіліну зніякавеў. Але разгубленасць доўжылася ўсяго імгненне.
А ў душы лавінаю расло абурэнне. З хамамі, я пераканаўся, трэба паступаць па-хамску, бо супраць лому няма прыёму. – Чым, так сказаць, абавязаны?

– Што здарылася?! На ўроках у іх дзяцей калечаць, ледзьве не забіваюць, а яны тут, паніма-аш, не ведаюць. Ці прыкідваюцца? Настаўнічкі! Дзе ваш дырэктар?

– Выбачайце, цяпер зусім не разумею, – ледзьве не сілаю выпхнуў я з класа капешку і, толькі зачыніўшы дзверы, даў волю пачуццям. – Па якім праве, хачу ў вас запытацца, вы ўрываецеся да мяне на ўрок і абражаеце дзяцей? Альбо ў вас у інспекцыі па справах непаўналетніх так прынята?

Ён не чакаў.

– Як… як вы смееце?! Што вы дазваляеце сабе? – Круцель аж заікацца пачаў.

– Я дазваляю сабе выстаўляць з урока пастаронніх, да таго ж не зусім ветлівых людзей. А зараз я зноў дазволю сабе запытацца: што, уласна, здарылася? Вам патрэбны дырэктар? Калі ласка, другі паверх, направа – настаўніцкая. Шыльды, спадзяюся, чытаць умееце?

– Вы будзеце адказваць! – ва ўладным голасе маёра, аднак, паявіліся ноткі няўпэўненасці. Урэшце да яго пачало даходзіць… Таўсцель нязвыкла шустра для яго габарытаў паціснуў па лесвіцы.

Адказваць я заўсёды гатоў – перад сваім сумленнем, дай Бог яго не растаптаць і не запляміць, а не перад рознымі хамамі. А зараз – у клас, да ўзвінчаных, разгубленых маіх хлапцоў. Валодзя вунь белы, як чысты ліст паперы. А ты, Журнал, зараз павінен выглядаць спакайней за нябожчыка…

– Працягваем наш урок. Дык на чым мы, хлопцы, спыніліся?

Які там урок! Па званку ў клас зноў завалілі Круцель з Пагодзінай. Дырэктарка, люта зірнуўшы на дзяцей, замагільным голасам аб’явіла:

– Усім заставацца на сваіх месцах. Праводзім экстранны класны сход.

І тут зайшла яшчэ адна “зацікаўленая асоба” – Навумаўна:

– Я не запазнілася? – запыталася ў Пагодзінай, нас тут як бы і не было.

– Акурат, Надзея Навумаўна, праходзьце, сядайце, калі ласка… Такім чынам, усе ў зборы… Сёння ў нашай школе адбылося надзвычайнае здарэнне. Прама на ўроку беларускай мовы, пры адсутнасці, праўда, па ўважлівых прычынах, настаўніка, быў жорстка збіты вучань дзявятага класа Буслаеў Віктар. У інспекцыю па справах непаўналетніх паступіла заява грамадзянкі Буслаевай Надзеі Навумаўны з просьбаю разабрацца па дадзеным факце і прыняць меры. Ад сябе дадам, што гэта жудаснае здарэнне ні ў якім разе не застанецца па-за ўвагаю адміністрацыі школы. Мы пачалі ўжо разбірацца і абавязкова прымем меры. Нельга патураць бандытызму. Але да нас прыехаў старшы супрацоўнік інспекцыі па справах непаўналетніх Міхаіл Іларыёнавіч Круцель. Для высвятлення ўсіх абставінаў ён мае намер пагаварыць з кожным з вас. Будзьце шчырымі, не надумайцеся што-небудзь замоўчваць ці маніць, бо з законам не жартуюць.

Крута! Я б нават сказаў, у лепшых традыцыях дэтэктыўнага жанру. Я, вядома, люблю глядзець спектаклі, нават вострасюжэтныя, але браць удзел у трагікамедыях не збіраюся, тым болей, калі дзейнымі асобамі ў іх выступаюць дзеці. Што ж, давядзецца спыніць гэтае дзейства, і я, вядома, спыню яго. Але чакай, Віктар Фёдаравіч, не спяшайся. Вельмі ж цікава паглядзець, да чаго можа дакаціцца чалавек, апантаны нянавісцю і зайздрасцю, на што здольны пярэварацень з педагагічным дыпломам. Шкада дзяцей. Бедныя хлопчыкі! Прыціхлі, зніякавелі, збянтэжыліся, прыраслі да партаў і чакаюць самага страшнага. У Валодзі на твары крывінкі няма… Клянуся, дзеці, страшнага не здарыцца…

– І так, калі ласка, Міхаіл Іларыёнавіч, вам слова.

– Гм… я толькі што з Аўчыннікаўскай школы. Уяўляеце, там пяцікласнікі не давалі праходу, здзекваліся з маладой настаўніцы прама на ўроку. І адміністрацыя аказалася бяссільная. Давялося, паніма-аш, умешвацца міліцыі. Мы, вядома, навядзем парадак, прымем меры. Каго трэба, паставім на ўлік, будзем выхоўваць, паніма-аш. Справа не ў гэтым. Справа ў тым, што моладзь, карыстаючыся нашаю з вамі педагагічнаю слабасцю, разбэсцілася, узлезла нам на карак і спрабуе, паніма-аш, кіраваць намі. А мы маўчым. У вашай школе вучацца некаторыя асобы, якія ўжо стаялі на ўліку ў міліцыі. Мы павінны трымаць вуха востра і ведаць: мала хто з іх становіцца на шлях выпраўлення. На жаль, большасць – гэта патэнцыяльныя злачынцы, паніма-аш. Але бліжэй да справы. Папярэджваю, ухіляцца і маніць мне не мае сэнсу. Я кожнага з вас бачу наскрозь… Як прозвішча пацярпеўшага?

– Буслаеў, – падказала Пагодзіна.

– Раскажы нам, таварыш Буслаеў, пры якіх абставінах і якім чынам ты быў, паніма-аш, збіты?

– Устань, Віця, не бойся, – паласкавела дырэктар.

Буслік ускочыў, чырвоны, як вараны рак, дзіка, зацкавана азірнуўся па баках, шукаючы падтрымкі:

– Ды я… што, я нічога… нос толькі. Ну, і ладна. Ды і самі разбярэмся. Разабраліся ўжо… Навошта?.. Мама, навошта ты выклікала міліцыю?..

– У цябе не запыталіся. Расказвай лепей… – пагрозліва абсек Круцель.

– Хлопцы, але ж я… я не ведаў, я не хацеў… Даруйце… – прашаптаў збялелы Бусел.

І мне зрабілася шкада яго, каго падставіла родная маці. Ці зразумеюць, ці даруюць яму хлопцы? Не, яны адарвалі вочы ад партаў і зірнулі на Бусла так, што… І ворагу не пажадаў бы апынуцца на яго месцы.

Буслік заплакаў.

– Мы чакаем цябе, Віця, ты ўсіх нас затрымліваеш, – суха выціснула Пагодзіна.

І тады ён зірнуў на мяне, з адчаем, са спадзяваннем, але, каюся, і ў маіх вачах не сустрэў хлопец нічога: ні асуджэння, ні падтрымкі.

– Нічога, – загаварыў ён праз слёзы, – мы тузаліся. Мілкі спачатку мяне кніжкай па галаве, а мы не супакоіліся. А Пячэнне – кулаком у нос. Ён адказны быў… Вось і ўсё…

– Чакайце, якая мілка, якое пячэнне?

– Віця! – заківала галавою дырэктарка. – Хіба ж так можна? Гэта ў іх мянушкі такія. Мільчанін ударыў яго кніжкай па галаве, а Серада – кулаком у нос.

– М-да! Дык тут цягне на групавую! Нічога сабе справы. Вясёленькая школка! – маёр аж прысвіснуў, як мне падалося, ад задавальнення. – Вось што значыць пусціць на самацёк. Ну, нічога, мы паправімся… А нагамі яны цябе часам не білі?

– Не, толькі ў нос адзін раз, і ўсё, ды ерунда…

– Ерунда? – падхапілася Навумаўна. – Ты хочаш, каб яны забілі цябе? Забілі каб, хочаш? Бандзюгі гэтыя. Праходу ад іх вечна нямашака. Які, прабачце, класны, такі і клас…

– Ладно, харе комедию корчить! – неспадзявана падняўся Серада. –
Я один во всём виноват, и нечего сюда Виктора Фёдоровича приплетать. Вам до него, как блохе до мамонта.

– Маўчы, бандыт! Вось так і заўсёды. Так і запішыце ў протакал, яму ці жанчына старая, а ці горкае дзіця, усё адно. Саджаць трэба такіх, каб людзям жыць не заміналі.

– Тьфу, – горда сплюнуў Валодзя, – бабы они и есть бабы. Я, между прочим, на вас заявы не кидал, когда вы меня на корридоре избили. Весь класс видел, могут, между прочим, подтвердить…

– Ты што брэшаш, сабака? Чулі? І клас настроіў. Во ў іх які тут хаўрус. Во які паклёп на чэсную савецкую жэншчыну…

– Да, это я ударил Бусла, пускай язык свой поганый не распускает. Ты, Бусел, знаешь, кто ты? Чмо ты последнее после этого. Петух ты гамбургский. У нас в колонии такие, знаешь, возле параши имели честь сидеть.
А Милки ты сюда, чмурило, тоже не прыплетай. Сам ударил, сам и отвечу, пускай твой нос премьер-министром на троне восседает. Правда, пацаны?

І тут узбунтаваўся мой дзявяты.

– А што, можна ў міліцыю заяўляць? Так, мужыкі, я заўтра таксама заяву накатаю, – азваўся Ахвяра. – Ты мне, Бусел, учора падножку падстаўляў? Падстаўляў! Усе бачылі. Хлопцы, сведкамі будзеце. Вось мы цябе і пасодзім. Ты, Мілкі, таксама мне лінейкаю заехаў? А я даўно казаў, турма па табе плача. Вот так во, я не Марат Казей, маўчаць не буду…

– Пачакай, Ахвяра, але ж мы… мы ж усе так кожны дзень б’ёмся, і мірымся, мы – пацаны… скажыце, Віктар Фёдаравіч, скажыце хоць вы… – нават Божанька не вытрымаў. – Ну, разбіў ён нос, ды бог з ім. Табе, Бусел, шакаладку купім, складзёмся, каб не плакаў.

– Хопіць крыўляцца! Не клас, паніма-аш, а дурдом! – грукнуў кулаком па стале Круцель. – А з табою, – кіўнуў на Сераду, – будзем размаўляць у іншым месцы…

Так, дастаткова. Нагледзеўся спектакля. Колькі ж можна траўмаваць дзяцей! Нельга дзецям так нервавацца, нервовыя клеткі не ўзнаўляюцца. Сюжэт закручаны нічога сабе, але акцёры некаторыя надта фальшывяць, яўна пераацаніўшы свае здольнасці…

– Прабачце, калі ласка, вы, Ала Міхайлаўна, прыйшлі на класны сход?.. Ага, добра, пабудзьце… Я, паважаны таварыш… э… маёр, класны кіраўнік гэтага класа. Мне вельмі прыемна бачыць… міліцыю, тым болей, што, сапраўды… рэдкія госці. А трэба было б нам бліжэй пазнаёміцца. Я спадзяюся, мы будзем надалей супрацоўнічаць… У нас вось вельмі цікавае намячаецца мерапрыемства. Запрашаем.

Круцель нічога не зразумеў у тонкасцях маёй дыпламатыі, зірнуў на мяне каляным, як у вепрука, вокам і хацеў зноў раскрыць рот. Нельга яму даць загаварыць. Трэба дзейнічаць неадкладна, і я пачаў дзейнічаць:

– А зараз, – я дэманстратыўна зірнуў на гадзіннік, – зараз, думаю, павест­ка нашага сходу вычарпана. Мы ўсё зразумелі, абмяркуем і зробім вывады. Праўда, хлопцы? Можаце, дзеці, быць свабодныя…

Двойчы паўтараць не спатрэбілася, хлопцы зніклі ўмомант. Ні Круцель, ні Буслаева, ні Пагодзіна не паспелі нават і слова мовіць.

Маёра як не хапіў інфаркт.

– Вы… вы – авантурыст! Вы – хуліган… Вы будзеце…

– Буду. Вось зараз жа і растлумачу. Скажыце мне, калі ласка, якія паўна­моцтвы мае наш сённяшні сход? Вы ўчынілі тут допыт непаўналетніх?
У такім разе чаму я не бачу іхніх бацькоў, акрамя Буслаевай?

Маёр спёкся імгненна, законы ён ведаў:

– М-да, гэта мы неяк не ўлічылі, паніма-аш.

– А вы ўлічыце, на будучае, ага? І заадно прыгадайце, вам у дзяцінстве, калі хлапчуком былі, ніхто ні разу носа не разбіваў? Не? А шкада…

– Але ж тут зусім…

– Што зусім? Тут справа зламанага шэлега не вартая. Пабіліся хлопцы, пакапала з носа кроў. Шкадую, што гэта адбылося ў мяне на ўроку, але ж калі ўрокі вядзеш адразу ў трох класах, неабдымнае не абдымеш, ці не так, Ала Міхайлаўна? – я хітра зірнуў на Пагодзіну, тая аж галаву ў плечы ўвагнула. – Але тут, безумоўна, ёсць і мая віна. Перадаверыўся. Я абавязкова пагавару з дзецьмі, і мы зробім вывады.

– Ён пагаворыць… Во знайшоўся камандзір, – закудахтала Буслаіха.

– Надзея Навумаўна, – усміхнуўся я як мага ветлівей, – сёння нешта зноў грубкі ў нас халодныя. Мо глянулі б? А то мароз бярэцца. А дзеці ў нас грыпуюць… Таварыш маёр, прымайце меры, не можам даць рады нашым грубкам… халодныя, як… Надзея Навумаўна, я ўсё ж параіў бы вам не біцца з дзецьмі на перапынках швабраю. Яны, вядома, у міліцыю заяўляць не пабягуць, але ж, разумееце, не да твару неяк чалавеку з педагагічнай адукацыяй… А Віцю вашаму міліцыя не дапаможа, яму ўвага трэба і паразуменне – і з класам, і з бацькамі. Цяжка хлопцу. Калектыў яго не разумее… Дык што там, Ала Міхайлаўна, ці будзе ў нас сёння педсавет?..

Адказам была замагільная цішыня…

 

* * *

…Я іду са школы… Скончыліся ўрокі, але не скончыўся яшчэ мой працоўны дзень. Трэба пісаць планы, трэба сшыткі правяраць. І хто іх прыдумаў, гэтыя рабочыя, на кожны дзень, планы? Напаказ? Каму? Дырэктару?.. Я добра ведаю, што мне трэба рабіць заўтра на кожным уроку. І любы настаўнік, калі ён, вядома, настаўнік, а не халтуршчык, ведае. А калі халтуршчык, то і планы не дапамогуць. Вядома, калі рыхтуешся да ўрока, праглядваеш, гартаеш літаратуру, міжволі робіш нейкія занатоўкі. Але навошта ж так кансерватыўна: тэма, мэта, ход урока!.. Помню, у маёй мамы-настаўніцы гэтыя самыя “тэмы-мэты” забіралі ці не ўвесь пасляўрокавы час. А яшчэ трэба было праверыць цэлую кіпу сшыткаў. А яшчэ раз у паўгоддзе трэба было складаць каляндарныя планы. Во дзе кітайская грамата! За які тыдзень – намеціць, распрацаваць і распісаць на паўгоддзе праграму пазакласных мерапрыемстваў. Для птушачкі, дзеля галачкі. Жыццё ўсё роўна ўносіла свае карэктывы, нешта ўдавалася зрабіць, а штосьці набывала зусім іншую форму і змест. Але ж на той час трэба было абавязкова паказаць каляндарны план завучу. І той меў права накрэсліць у ім чырвоным стрыжнем, як у сшытку ў апошняга двоечніка. Ён мог зацвердзіць план, а мог і вярнуць яго на дапрацоўку. Усё залежала ад настрою начальства і ад тваіх адносін з ім. Божа мой, колькі ж у нашай педагагічнай справе залежыць ад настрою начальства! Здавалася б, не балванкі выточваем, а стругаем ды адфугоўваем дзіцячыя душы. Якая філігранная, якая дакладная праца! Глядзі і глядзі… А колькі ў школе выпадковых людзей: кар’ерыстаў і нават злодзеяў, колькі гультаёў, якія не хочуць працаваць, але хочуць на халяву атрымоўваць грошы, і не абы-якія грошы. А ёсць проста недалёкія людзі, якім бы працаваць дзесьці ў іншым месцы. Можа, там яны і карысныя былі б. Можа, там ім было б лягчэй, і не пакутавалі б ні самі, ні дзеці. Але ж лезуць. Лезуць, бо тут ім здаецца цяплей, зацішней, рукі не забрудзіш. Казала тая Ганна Чарнушка – у Мележа: “Ведама, не з віламі…” А таго не разумеюць, што нідзе няма такіх страшных скразнякоў, як у школе, і нідзе так не рызыкуеш запэцкацца, як у працэсе выхавання. Ну, трапіў бы я сёння на кручок да гэтых круцялёў ды пагодзіных. Аддаў бы ім на расправу хлопца, які і так адной нагою стаіць над прорваю. Аддаў бы ў ахвяру амбіцыям. Вось і запэцкаў бы не толькі рукі, па вушы залез бы ў дзярмо. І хто б я быў пасля гэтага? І дзе было б маё месца? Ды гнаць мяне ў такім разе са школы ў каршэнь, каб і духу тут не было!

Чаму яны так ненавідзяць дзяцей? За што ім Бог вызначыў такое суровае пакаранне? Подлыя, далёкія ад педагогікі людзі знайшлі сабе ў школе сховішча, прыкрыўшыся педагагічнымі дыпломамі. Чаму вунь на журналістаў бяруць вучыцца пасля конкурснага адбору, а ў педагагічны паступае любы з вуліцы? Хоць бы якія тэсты праводзілі на прадмет дзетафобіі…

Сцежку маю паспелі прыбіць, быццам табун прабег па ёй. Сляды-слядочкі! Маленькія і большыя. Гэта дзеці вярталіся са школы. Але ж я ўсё пра школу, усё пра яе думаю. Настаўнікі – мабыць, адзіная на свеце катэгорыя людзей, якая і пасля работы гаворыць і думае толькі пра сваё, пра школьнае… Сляды-слядочкі… Колькі трэба выхадзіць, пераўчыць урокаў, памяняць настаўнікаў, памяняць поглядаў, паразумнець, каб з маленькага твайго слядочка вырас вялікі. “Не забывайцеся, якія вы пакідаеце сляды…” Колькі трэба зрабіць добрага на зямлі, каб сляды твае не зніклі, не расталі разам з гэтым часовым сакавіцкім снегам, а засталіся на зямлі назаўсёды…

А снег, пагляджу, не такі ўжо і часовы. Бачна, па-сур’ёзнаму вяртаецца зіма. У прыродзе, як у грамадстве – штурмаўшчына. Спачатку раскачваемся, эксперыментуем, выніку не бачым, вяртаемся да пройдзенага, а потым, калі прыпячэ, наганяем страчанае. Як можна вывучыць літаратуру за адзін-два ўрокі ў канцы чвэрці? Як можна насыпаць снегу ў сакавіку столькі, колькі не было за ўсю зіму? Як можна выхаваць чалавека, паставіўшы яго на ўлік у міліцыі? Хто ўвогуле прыдумаў гэты ідыёцкі тэрмін: “цяжкі” падлетак? Па вазе іх сартыраваць: гэты цяжкі, а той лягчэйшы. Альбо па катэгорыях расфасоўваць ды дабівацца прывагаў у параўнанні з мінулым навучальным годам? Па катэгорыях расфасавалі і нас, настаўнікаў, засталося падгада­ваць крыху і здаваць на мяса. І то праўда, каму мы сёння патрэбныя, акрамя мясакамбіната? Састарэла маральна нашая прафесія. Хто такі настаўнік у вёсцы? Левы і крайні. Дзівак, якога яшчэ пакуль не чапаюць, але не надта і лічацца з ім. Даўней, бывала, перад панам настаўнікам шапкі скідвалі, бо гэта быў адзіны пісьменны чалавек у вёсцы. Пісьменны – азначала разумны. Ён і зараз, бадай, адзіны пісьменны ў вёсцы чалавек. Але ж зараз гэта азначае наадварот – дурань. Дурнем быў, сушыў мазгі, вучыўся. А цяпер кожны дзень у школе папраўляй сваю нервовую сістэму. За жабрацкую капейку, на якую не можаш купіць сабе нават прыстойнага касцюма. Стаў бы фермерам, працаваў бы ад зары да зары, то хоць якую капейку меў. І без нерваў. Хаця фермерам – таксама не мёд. То залье, то засушыць, то ўвогуле, як летась, ураган патаўчэ-павырывае з карэннем. Таксама не надта забагацееш. Вось паехаць у горад. Там не фермы, там фірмы. Купляй – перапрадавай, і засуха з ураганам не страшныя. Можна ўладкавацца так спрытненька, што будзеш катацца, як сыр у масле, ды “Мэрсэдэсы”, як пальчаткі, мяняць. Хаця і там свае замарочкі – разборкі крымінальныя, дзяльба тэрыторый ды сфераў уплыву, дылеры-кілеры-рыэлтары… Адправяць на той свет – і “Мэрсэдэс” не спатрэбіцца…

Лепш за ўсё быць начальнікам вялікім. Ні табе мазалёў, хіба што на задніцы, а ні згрызотаў ці нерваў. Усе вялікія начальнікі стогнуць, якая знясільваючая і адказная іхняя праца, і – ніводнага пакуль чорт не хапіў. Тлустыя, задаволеныя, на іншамарках раз’язджаюць, у метро ці ў аўтобусах нябо ніхто не таўчэцца. А лезуць жа, лезуць у тое начальства, як бы ім там мёдам намазана. І з коллем, і за чубы, а ці ў Маскве, а ці ў Мінску. Абы тэлевізар уключыў – хоць плач, а хоць смейся…

Няма калі сядзець ля тае скрынкі. Летам – агарод, зімою – іншых сто работ. І круглы год – школа. Можна, вядома, стаць і фермерам, і фірмачом, і бізнесменам, і палітыкам, каб толькі не ажаніўся ты са школаю…

Я нават і не заўважыў, як ногі самі прывялі на шырокую вясковую вуліцу, да маленькага, нешаляванага, але акуратна, спрытна зрубленага на нямецкі вугал доміка з чысценькім, дагледжаным дворыкам, але старым спарахнелым плотам. Тут жыве Валодзя Серада. Безуважна, бадай, па-інерцыі прачыняю скрыпучыя варотцы. Толькі зараз дайшло да мяне, што прыйшоў не дадому. А навошта я сюды прыйшоў? Што скажу яго гаротнай бабулі, якая сама недзе ночы не спіць, зачакаўшыся з Украіны непуцёвага сына? Чым парадую? Расказаць хіба пра сённяшнія Валодзевы непрыемнасці і падліць алею на папялішча спаленай душы? Але ж нечага прывялі мяне сюды ногі. Што ні робіцца – усё не проста так…

Грукаю ў сенцах, абабіваю, гальнём старанна абмятаю боты, каб не нанесці ў хату снегу. Снег сёння так і ліпне, так і прыстае да абутку. Нерашуча патаптаўшыся на парозе, гукаю:

– Дзень добры ў хату! Ці ёсць тут хто жывы?

З-за печы паказвае заспаныя вочы бабулька. Старая няўцямна-падазрона пазірае на мяне, бы ўпершыню бачыць, ды раптам падхопліваецца:

– Авохці мне! Настаўнічак! Ото госці… Праходзьце, Фёдаравіч, я зараз…

Не па гадах спрытна старая саскочыла з печы, замітусілася:

– А я ж во толькі свінням дагадзіла. Дай, думаю, прылягу, адпачну. Прыгрэлася ля каптура ды во, мусіць, і кімарнула. Валодзька па дровы з дзедам паехаў, нават есці не еў, каліўца ў рот укінуў. Ды вы сядайце, Фёдаравіч. От, я вас зараз лянухаю пачастую. Гарачанькая – прама з печы.

– Што вы, баба Пёкла. Хіба ж я ў рэстаран прыйшоў? Я ненадоўга, так вось, ішоў міма, дай, думаю, зазірну…

Але старая нават і слухаць не хацела:

– Няго ж, чалавека з дарогі не накармлю, хіба я пустадомак які? Рэстарацыя не рэстарацыя, а сёе-тое пакуль маецца…

Пёкла спрытна выцягнула вілачнікам чыгунок, паставіла на загнет, пакуль налівала ў місу капусту, па хаце панёсся спакуслівы, прыемны пах, аж заказытала ў мяне пад “лыжачкай” і здрадліва загуло ў страўніку.

– Нябо яшчэ не абедалі? – угадала Пёкла. – За гэтымі жэўжамі і паесці чалавеку няма калі… А мо натварыў наш ужэ чаго? – раптам спахмурнела, насцеражылася гаспадыня. – Дак вы кажыце, не таіцеся. Характар, ведаю, не солад, увесь татулька. У галаве, выбачайце, як у пуні – вецер гуляе.

– Ды не, баба Пёкла, – схітраваў я, – нічога Валодзька ваш не натварыў. Дый дарэмна вы на яго. Хлопец, вам скажу, залаты: працавіты, башкавіты, пашукаць такога. На хаду матэрыял на ўроку засвойвае. Падленьваецца крыху, хаваць не буду, захацеўшы, мог бы й лепей вучыцца. Ды хто з іх цяперака не падленьваецца?..

– І то праўда, – уздыхнула бабуля, – за нагу да кніжак не прывяжаш, гізуе, хоць бы й наш, па вёсцы, як незаганяны. Ухадынцу на яго няма.

– Затое душа ў вашага Валодзькі ёсцека. Вялікая душа. А гэта зараз важней, чым веды. Самі ведаеце, баба Пёкла, які цяпер жорсткі і нахабны свет…

– Душа, кажаш? – павільгатнелі вочы ў старой. – А гэта, дзетка, у ім Марыльчына душа пасялілася, царства ёй нябеснае. Хоць і нявесткай яна мне даводзіцца, а, маніць не буду, крапчэй як сына яе любіла. Каб хоць слова, каб паўслова калі поперак сказала. Не даў Бог лёсу, рана да сябе паклікаў. Бачна, такія людзі і там патрэбныя. Хворая Марыля ляжала, і то ніколі пра сябе не думала, а ўсё пра Валодзеньку. Як жа ён адзін застанецца? Я, казала, ні па кім не нуджуся. Як Бог дасць, так і добра. Мне толькі Валодзенькі шкада. Малы яшчэ. Хто ведае, як павернецца да яго планіда? Хаця б не скруціўся… – Пёкла, не хаваючыся, заплакала. Я разумеў, плакала найперш па сваім горы, бо не ведала, колькі яшчэ гадкоў адмераў Бог і ёй самой, і ці паспее паставіць на ногі ўнука. – Дык жа ешча, Фёдаравіч. Ня грэбуйця. Мы ж, гэта, па-гарадскому не ўмеем. Вы не зважайце, расплакалася баба, вочы на балоце выраслі. А можа, чарку возьмеце? Свая, не бойцеся, чыстая, як слязіна.

– О не, – замахаў рукамі я, – толькі не гэта.

Не хапала яшчэ пачаць па вучнях шастаць, каб астаграміцца…

– Ну, як хочаш, – здалася старая, – ведаю, што не п’еш. І правільна робіш, Але галодным я цябе з хаты не выпушчу, – Пёкла называла мяне то на “ты”, то на “вы”. Не ведала, як лепей, бо хоць і ў дзеці ёй гаджуся, але ж настаўнік… – Што Бог паслаў, так сказаць…

Сёння ёй Бог паслаў, акрамя духмянае, наварыстае лянухі з добрай галамяткаю, яшчэ апетытнае колца сырое дамашняе кілбаскі, пальцам піханай – аб’есціся, і талерку халодненькіх, крамяных агурочкаў, і салёненькія апетытныя грыбочкі, і бульбачку, запечаную ў мундзірах, і глечык малака, і малінавае варэнне. Вочы разбегліся, але не пакаштаваць Божага дарунку за Пёкліным сталом было б вялікім грэхам. Чорт мяне спакусіў зайсці ў гэтую хату. А паесці я мастак. Ну, нічога, мо не аб’ем. Урэшце ж, не зусім да чужых людзей у хату прыцёгся. Іхняга Валодзьку даўно ўжо лічу сваім “хрэснікам”, хаця сам нехрышчоны. Ды людзі, я вам скажу, родняцца не толькі па крыві, і нават не столькі… Іншым разам чужы чалавек бывае даражэй і радней, чым каторыя сваякі, з якімі не бачышся гадамі і якіх часам не ведаеш нават у твар. Ну, кім мне даводзіцца іхні Валодзька? Не свінні пад дубам жолуд. А ў маёй хаце ён бывае нават часцей, чым у дзядоў сваіх. І за сталом ён у мяне не чужы.

– Дзякуй, баба Пёкла, наеўся, як на Дзяды.

– На здароўечка, Фёдаравіч. Малачка папі, малачко ў нас казінае, тлустае.

– Дзякую. Ці чуваць, баба Пёкла, што пра сына?

– Не чуваць, дзетка, я ўжо ўся змарнела, сама не свая хаджу, ледзьве жыва. Бога прашу кожны дзень, каб хоць якую вестачку пра Антона прыслаў. Крый Божа, што якое са мною, куды ж тады падуростак дзенецца?

– Слухайце, а ці ёсцека там, на Украіне, каму пазваніць?

– А балесь яго ведае. У самога ж няма тэлефона, Хіба ў суседзяў? Нічога ён мне, дзетка, не пакінуў. Адрас толькі ёсцека, дык жа піша Валодзька, як у студню. Ні гуку, ні груку ў адказ.

– Адрас, кажаце, ёсць? Што ж, паспрабуем з Украінаю перамовы заказаць. Дайце мне, калі ласка, баба Пёкла, адрас. На вайне і то людзей знаходзілі, быць не можа, каб мы ў мірны час не знайшлі…

Старая доўга корпалася, шукала ў шафе, і на Валодзькавай паліцы, і за абразамі, ды паперкі так і не знайшла. Нават разгубілася:

– Гасподняя волечка! А куды ж ён бацькаў адрас паклаў?

– Не хвалюйцеся, у Валодзькі не прападзе. Вернецца з лесу – запытаецеся.

– Ага, дзетка, Валодзька тады адвечары прыбяжыць. Усёдна ж пабяжыць да вас. Вы ўжо, Фёдаравіч, пастарайцеся як-небудзь. Вы ж там лепей ведаеце, куды і як пазваніць. Дапамажыце сіраціне. Бог вам аддасць.

– Усё будзе добра, баба Пёкла. Вось убачыце, яшчэ вернецца ваш Антон. А мы з вамі яму вушы накруцім…

– Эх, каб твае слоўцы, дзетка, ды Богу ў вушкі…

– Ну, пайду я ўжэ, баба Пёкла. Яшчэ ж у печы паліць трэба, планы пісаць, сачыненні трэба правяраць, работы да самай суботы.

– Маладзіца табе трэба, Фёдаравіч, каб было каму ў печы паліць. Хіба ж можна ў хаце без гаспадыні?

– Будзе, будзе, бабуля, не цяпер, дык у чацвер. Сваё шчасце не празяваю.

– А не, дзетка, чацвярга не чакай, а то і ў суботу не ажэнішся. Адна галавешка і ў печы не гарыць. Яно цяперака і жонку ўзяць – каб не прагадаць. Дзеўкі пайшлі распусныя. Асабліва ж у горадзе. Кураць, каб на іх поўсць курылася, гарэлку п’юць ашалеўшы. Так што глядзі, Фёдаравіч, пільна прыглядвайся, каб якую трасцу ў хату не прывесці. На карак уссядзе і не злезе.

– Вось жа і гляджу, ды надта заглядзеўся, – пераводжу на жарт.

– І Валодзьку там спуску не давай. Хай робіць, калі ўжо ён так да тваёй хаты прыліп. Ён, Фёдаравіч, не глядзі, што з гораду, усё робіць: і дровы, і вада, і скаціна – усё на ім. Дзед наш ужо няпошлы, на ўнука ўся спадзева.

– О, каб вы бачылі, – засмяяўся я, – там у мяне не хата, а працоўна-папраўчая калонія. Хіба адзін ваш Валодзька, усе мне дапамагаюць. Падлетак без працы – як жарабок незацугляны. З гэтымі жэўжамі, як з тыграмі ў клетцы – толькі й ваюй. Хоць ты папругу ў рукі бяры.

– І ахвота ж вам займацца з імі…

– Яшчэ якая ахвота, баба Пёкла! Прафесія ў мяне такая. І прызванне…

– А мо і праўда чаго нарабіў Валодзька?

– Зноў вы за сваё. Не хвалюйцеся, пакуль усё нармальна. Няхай толькі паспрабуе нарабіць… Ну, то пайду я ўжо, бывайце, дзякуй вам за ўсё.

– І вам таксама…

Не хачу я расказваць гаротнай бабе Пёкле пра нашыя школьныя ваенныя баталіі. Ды я ёй праўду і сказаў – Валодзька нічога не нарабіў. Дзіця не вінаватае, што яго пакарысталі дарослыя.

Чамусьці дадому ісці не хацелася. Хаця звычайна я вяртаюся дамоў з вялікім задавальненнем. Мой дом – мая крэпасць. Якія б ні бушавалі буры, як бы ні штурмавала жыццё, які б ні быў стомлены і раздражнены, спустошаны, знявераны, але прыходзіш у сваю хату, прыляжаш на канапе, прыслухаешся, як цвыркаюць ходзікі на сцяне, супакоішся… Зноўку вернуцца сілы, энергія, і жыццё ўжо болей не здаецца такім нікчэмным і бессэнсоўным.

Паволі, не спяшаючыся, усё ж тэпаю дадому. Разглядваю схаваную ў халодных абдымках зімы вуліцу. Снег парабіў усе хаты ў нашых Сматрычах аднолькавымі. Памаладзіў стрэхі, пачысціў двары. Хаты з надыходам зімы страцілі сваю індывідуальнасць, зрабіўшыся падобнымі да навабранцаў. Вясковыя хаты, не заўважылі, падобныя да сваіх гаспадароў.

Вунь маленькая і згорбленая, як сама гаспадыня, Антонішына хата. Антоніха за свой доўгі век перажыла такое, што не пажадаеш і ворагу. Загінулі на вайне дзеці, памёр муж. Потым згарэла яе новая хата. Перабралася бабуля жыць у істопку. Так дагэтуль у ёй і вякуе. Але, нягледзячы на свой незайздросны лёс, бабуля не страціла веру ў людзей, не ачужылася. І людзі яе не пакінулі. У Антонішынай хаце дзверы, бадай, не зачыняюцца: то той на сяло прыйдзе, то гэты. І вокны ў хаце, хоць маленькія, ды гэткія ж светлыя, аптымістычныя, пяшчотныя і добрыя, як вочы ў старой.

А вось насупраць жыве Сенька Князь. Некалі ў хаце была вялікая сям’я, ды дзеці раз’ехаліся, засталіся Сенька і яго Князёўна. Хата высокая, стройная, лес добры – як звон. І вокны вялікія, і плот высокі, новы. Але ж вокны халодныя і ваўкаватыя. Хціва, зайздросна пазіраюць яны на вуліцу. Некалі Князь са сваёю Князёўнаю нахабна арудавалі тут, у Сматрычах, спуску не давалі нікому. Заўжды ў іх быў і лепшы кавалак зямлі, і дзе якая дошка, дзе якая цагліна – усё цягнулі дахаты, што кепска ляжала. Затое во і пабудавалі хароміну. Зараз, пастарэўшы, Князі пацішэлі. Сенька аберуч ухапіўся за агародніцтва, вырошчвае ды выгадна прадае жэньшэнь, абставіўся парнікамі, абзавёўся сабакамі. Заўсёды ў першага яго – то свежы агурок, то памідоры раннія, то нават вінаград. Але ніколі нікому з вяскоўцаў не даводзілася пакаштаваць Сенькавай агародніны ды садавіны. Нават падлеткі, для якіх не перашкода ні высокі плот, ані цвікі, пазаганяныя ў штакетнік вастрыём уверх, знарок дзеля таго, каб гарэзы парвалі сабе штаны ды скрывавілі рукі, нават падлеткі ні разу не паспыталі Сенькавага вінаграду. Бо вокал хаты, за высокаю брамаю, сноўдаюць тут-сюд вялізныя злыя ваўкадавы. Сустрэнешся з такім – не захочаш і прысмакаў. Рэдка заходзяць вяскоўцы ў Сенькаву хату. Дый навошта туды заходзіць, калі ў гаспадара зімой снегу не дапросішся. Хіба ад смерці адкупіцца?

Так я мог бы распавесці пра кожную хату ў нашай вёсцы і пра кожнага яе гаспадара. У хат, як і ў людзей – свой лёс. Часцей хаты жывуць нашмат болей, чым іх гаспадары. Чалавечы век кароткі. Але бывае і наадварот, як тое здарылася з Антонішынай хатаю. Нягледзячы, што жыву тут не болей як дзесяць гадоў, паспеў прывыкнуць, палюбіў Сматрычы, надоўга, мо і назаўсёды звязаў свой лёс з гэтаю на першы погляд нічым не адметнаю, аддаленаю ад райцэнтра вёсачкай. Не кожнаму ж гарцаваць на скрут галавы па вялікіх гарадах.

А вось і мая хаціна. Паглядзеўшы знадворку, пра яе не скажаш, што жыве тут пустэльнік, дзівак-інтэлігент, жыве ў палоне сваіх незразумелых нармальнаму вяскоўцу летуценняў ды ў акружэнні гвардыі непрадказальных у сваёй нечаканасці падлеткаў.

Летась я – нарэшце-такі дабраўся – паставіў новы плот і ад няма чаго рабіць зафуганіў шыкоўную браму. Брама нагадвае казачны церамок: дах, комін – усё як трэба. Не хапае толькі буслянкі і буслоў. Нічога, хутка я выражу іх з фанеры, альбо змайструю з дошак, і тады мая брама будзе самая прыгожая ў Сматрычах. Няхай сабе буслы не сапраўдныя, а намаляваныя ў маіх фантазіях, але яны таксама, я веру, павінны прынесці шчасце ў маю хату. Што ні кажы, але ты, Журнале, непапраўны дзівак-летуценнік. Ды калі не марыш, навошта ўвогуле жыць? Жыць вось так, як большасць тваіх равеснікаў у вёсцы: адмерваючы сваё шчасце чаркаю? Паяўляцца на людзях няголеным, нямытым, учарнелым і азызлым ад гарэлкі? Перастаць сябе паважаць? Але хіба мясцовыя п’янтосы сябе не паважаюць? Го! Сустрэнься, пагавары з каторым. Колькі пыхі, колькі гонару! Адзін таленавіты празаік трапна назваў гэта “пыхлівасцю бядоты”. Здавалася б, няма чым ганарыцца. “Гразь, гразь, чаму ты не гарыш? Я б гарэла, каб не была карэла”. А зрэшты, не судзі і несудзімы будзеш. Шчасце – паняцце адноснае. Кожны бачыць яго складаемыя па-рознаму. Кожны жыве так, як яму хочацца, як атрымліваецца. А ў цябе вунь ні паленца ў грубцы, у каструлі – рэшткі ўчарашняга супу. Добра, што зараз зіма, холадна, хаця суп не ўкіс. Газавая пліта, мусіць, замужам за гультаём была, бо такая ж мурзатая, як у нядбайнага гаспадара карыта для свіней. Дый падлогу ў хаце даўно не мылі і даўно было трэба пачысціць паласы. Хіба гэтага не дастаткова, каб не мець маральнага права ківаць на іншых?

Рукі не даходзяць да генеральнай уборкі, дый нават зварыць сабе есці па-людску не заўсёды хапае часу, жывеш аб сухім, выпрабоўваючы на вынослівасць свой страўнік. Калі б ты заняўся хатаю, абавязкова нечага не дапісаў бы ці не дачытаў. Жывеш жа не толькі ўрокамі, хочацца даверыць паперы сякія-такія свае развагі. Смерць не запытаецца, ці было ў цябе прыбрана ў хаце, але абавязкова пацікавіцца, які ты след пакінуў на зямлі…

А пакуль што – прынесці дроў, брыкету, найперш запаліць у грубцы, сесці начысціць бульбы. У халадзільніку дзесьці гаруе кавалачак фаршу. Можна зрабіць любімыя маміны таўчонікі. Але ж гэта трэба чакаць, пакуль бульба зварыцца, затым астудзіць яе і – таўкачом, а лепей на тарку, на буйную, на бураковую. А затым – мукі, каб выйшла цеста. І – зноў на патэльню, падліўшы туды крыху алею… Не, сёння не хопіць часу на таўчонікі. У дыпламаце ляжаць тры класы сшыткаў – сачыненні і дыктоўка. А яшчэ –
планы. А яшчэ Валодзя прыбяжыць займацца па мове. Няхай толькі не з’явіцца! А ўвечары заваліць увесь дзявяты, сёння хіба, можа, без Бусліка.
І ўрубяць хлопцы магнітафон. Так што маміны таўчонікі зноў адкладваюцца на няпэўны час, а будзе – бульба, смажаная на алеі, шклянка малака і, калі з’явіцца раптам кулінарны сверб, будуць яшчэ шкваркі з цыбуляю. Бацькі зірнуць на такую халасцяцкую вячэру скоса і даволі скептычна. Можа, нават злёгку паківаюць галавою, але ж нічога не скажуць. Не ўмеюць гаварыць партрэты. Бацькі вось ужо колькі часу жывуць у гэтай хаце на куце, ніколі нічога не пярэчаць і не радзяць. Яны ўяўляюць сабою тую субстанцыю, якую я сам адвёў ім у жыцці. Не заўважылі, усе людзі становяцца добрыя, калі памруць. А ўсё таму, што нам нецікава ўзгадваць пра іх кепска. Мы ствараем для сябе вобраз іх, і гэты вобраз жыве, пакуль жывем мы. Калі ж не стане нас, мажліва, нехта таксама выкарыстае наш вобраз, калі мы гэтага заслужым. Вось так і працягваецца жыццё.

А ў філосафа не хочуць гарэць дровы. Быў бы тут Серада, ён запаліў бы ў печы адным запалкам. Хто на што вучыўся…

 

* * *

Ціха! Здаецца, нехта шкрабецца!..

– Го! Успомні га…но – вось і яно…

– Обижаешь, начальник. А что, если я завтра в школе “стукану”, каким тоном Виктор Фёдорович разговаривает со своим учеником?

– Стукай-грукай. Горш, чым сёння, ужо не будзе… А зрэшты, усё роўна ніхто не паверыць.

– Поверят, ещё как поверят. А если сами не поверят, Крутеля сюда подключим. “Асобныя настаўнікі, карыстаючыся нашай з вамі педагагічнай слабасцю, распаясаліся, узлезлі нам на карак, панімаа-аш, і спрабуюць кіраваць намі”…

– О, ды ты, Серада, робіш поспехі ў вывучэнні роднай мовы. Яшчэ годзік-другі, і беларускае аддзяленне філфаку па табе заплача.

– Шизонулся что ли? Какой из меня учитель! Я же детей поубиваю, если они слушаться не будут.

– Я ж вас нікога не забіў.

– Ты – совсем другое дело. Ты вообще какой-то не такой, Журнал. Ну, почему ты нашим пацанам не разрешаешь себя на “ты” называть? Смешно даже, они же всё равно пропадают у тебя вечерами, как и я. В глаза величают на “вы”, а за глаза, поди, лахаются.

– За вочы – хоць чыгуном… Хопіць таго, што мы з табой запанібрата. Як ты не можаш зразумець, дурная твая башка. Вы – вучні мае. Настаўнік павінен заставацца настаўнікам, а не быць анучаю, аб якую выціраюць ногі.

– Пустое. Да разве таким образом авторитет себе заработаешь? Смотри, Журнал, ведь мы Баритона куда попадя можем на уроке послать. А тебя никто не пошлёт. Если человек – трепач, если чмо, то какая разница, как его называть? Главное – уважение. А почему он чмо? Да потому, что своих сдаёт. Ведь у него ребята – только орудие в его лапах, одноразового использования у него пацаны. Выстрелил с их помощью по какому-нибудь Журналу, потому что тот поумнее, науськал на него ребят. И всё, и можно этих ребятишек сдавать с потрохами, можно их, например, в колонию отправить, а самому чистеньким остаться.

– Ну, ты і Сакрат…

– А что ж ты думал? За медный грош меня не возьмёшь. А с другой стороны, почему Журнала уважаем? Потому ли, что его нельзя на уроке матом обложить? Да обложили бы, не сомневайся.

– Ды ну на фік!

– Точно-точно, как миленького, и зачморили бы. Не веришь? Давай попробуем. Сам рассказывал, как в стройбате было: не волнует никого, профессор ты или асессор, лишь бы человеком был. А вот за то, что человек, что мужик ты, и уважают тебя ребята. Думаешь, не понимаем, что ты грызёшься с этими стервами каждый день не ради себя, не видим, как отстаиваешь каждого из нас.

– Ну, ты мякчэй усё ж на паваротах, як бы ні было, але яны твае настаўнікі.

– Да в гробу я видел таких “наставников”… Это, что ли, от слова “на ставке”?..

– Ну, ведаеш!.. Давай, лепей у печы распальвай, а то зараз атрымаеш качаргою. Колькі разоў цябе прасіў, не лезь у нашы настаўніцкія справы.

– Ладно, извини, Журнал, не кипятись. Я ведь тебя понимаю, тебе приходится раздваиваться между нами и ими. Тебе не сладко, ты ведь, действительно, учитель. Но почему мы не можем с тобой откровенно обсудить любую тему? Ведь мы друзья? Так же? Я же не на уроке с тобою сейчас. Или ты думаешь, что я ещё не дорос и чего-то не понимаю? Неужели тебе легче одному сражаться?

– Мажліва, і так… Разумееш, Воўка, каб я думаў, што ты не дарос, каб лічыў сябе вышэй, мы б не сябравалі з табою. Але, як бы гэта табе лепей растлумачыць, ты не разумееш некаторых нюансаў. І будзе лепей, калі ты не будзеш умешвацца… Так і табе лягчэй вучыцца, і мне працаваць. Дапамагчы ты тут мне наўрад ці зможаш, а вось ускладніць справу – лёгка. Ты малады, ты яршысты, бескампрамісны. Вечна кудысьці ўлезеш, як і сёння. А ў дарос­лым свеце без кампрамісаў абысціся немагчыма. Ты хоць ведаеш, што лёс твой зараз вісіць на валаску? Я не аддам цябе ім, можаш не сумнявацца, але…

– Что “але”?

– Але ты павінен мне ў гэтым дапамагчы. І, прабач, не кулакамі. Многае залежыць ад цябе самога. Не лезь на ражон, не перашкаджай мне зараз. І я зраблю ўсё акуратна, па-даросламу зраблю. Сам бачыш, Пагодзіна ловіць кожную магчымасць, каб ад цябе пазбавіцца.

– Что я ей такое сделал?

– Ты – нічога. Часткова – перастрахавацца хоча, а часткова – мне дапячы. Ты проста не ведаеш дарослых. Уяўляеш, што было б, каб яны даведаліся, як мы з табой зараз размаўляем?

– И никто ничего не знает? Даже Оксана?

– Аксана Валер’еўна… І яна не ведае таксама. Зусім нядаўна казала мне: “Віктар Фёдаравіч, вы ведаеце, што вас за вочы называюць Журналам?” Дзівачка! Мне было смешна…

– И мне смешно… Странные вы какие-то, учителя. Ну, почему ты даже Оксане не можешь рассказать такой пустяк?

– Разумееш?..

– “Разумею”. Вы, взрослые, все страшные лицемеры.

– А ты хіба не завеш мяне на ўроку Віктарам Фёдаравічам?

– Потому что ты так хочешь.

– А табе хіба не было б сорамна ляпаць мяне ў школе па плячы.

– Ничуть, стыдно, когда видно…

– Цынік ты.

– Хватит нам и одного ханжи… Слушай, Журнал, а почему ты не женишься? Завёл бы себе какую-нибудь Журналиху, а мы бы к вам приходили по вечерам.

– Навошта вы мне здаліся? Хапіла б і Журналіхі.

– Да ну, зачем тебе утруждать себя? Если уж такой лентяй, мы не прочь взять все хлопоты на себя…

– Здрасце! Цьфу, прыдурак! Каб яшчэ ты даймаў мяне сваімі выколамі.

– Я серьёзно, Журнал, почему ты не женишься? Ставлю вопрос ребром.

– М-да, ад цябе жартамі не адчэпішся. Ведаеш, Валодзя, ці не лепей табе запытацца ў Бога? Расказваюць, што ў кожнага чалавека ёсць свая планіда і свая гадзіна “ікс”. І не абыдзеш, і не аб’едзеш. Вось і спытайся ў Бога, ці то я са сваёю планідаю размінуўся, а ці не дасягнуў свайго часу?

– Не расстраивайся, Журнал, смотри на вещи проще. Ведь ты наш друг… Тьфу ты, совсем запутался. Ты впрямь как Ленин – и вождь, и учитель, и друг, разве что не дедушка, но скоро будешь… Но ведь друг же, а мы ещё подростки, выходит, что мы с тобой ровесники, так что рано тебе ещё, Журналище, о свадьбе думать. Гуляй, пока молод.

– Дзякуй, што дазволіў. А ты, “пока молод”, начысці мне бульбы і засмаж яе на алеі.

– Ну-ну, полегче! Это что, “дедовщина”? Научился там в своём стройбате… А что, если “не засмажу”?

– Тады я памру з голаду і не знайду часу пазаймацца з табою беларускай моваю. І мы ўсё жыццё так і будзем размаўляць з табой на розных мовах. Падабаецца табе такая перспектыва?

– “Якое жыццё, калі ты памрэш?”

– Брава! Біс! Ты робіш поспехі, my friend!

Пакуль Валодзька чысціць бульбу, спрабую навесці парадак у лянівай сваёй галаве і напісаць планы. Настаў час ад філасофскай дэмакратыі пераходзіць да дыктаруры канкрэтнае справы. Але галава не слухаецца, мозг пасылае не тыя імпульсы. І заміж таго, каб глядзець у сшытак, я любуюся, як увішна круціцца, аж падскоквае бульбіна ў спрытных Валодзькавых руках.

За той час, колькі мы сябруем, хлопец стаў неблагім кулінарам. Можа зварыць суп, кашу, лёгка зробіць наш любімы халасцяцкі торт, які, праўда, зусім не трэба пячы. Я нават не ведаю, з чым бы мой Валодзька не справіўся на кухні? Я кажу яму заўсёды, што сапраўдны мужчына павінен умець зварыць сабе есці. І не толькі сабе. І пры гэтым іранізую, што шлях да сэрца любімай жанчыны ляжыць праз яе страўнік. Смех смехам, а і сапраўды, кожны мужык, калі ён хоць крыху сябе паважае, не павінен выглядаць бездапаможным, у тым ліку і на кухні. Сам я вельмі люблю і ўмею гатаваць. Іншая справа, што не бывае часу, дый няма для каго старацца. А варыць есці для самога сябе нудна і нецікава. Помню, як я ўгаворваў Валодзьку ўпершыню паспрабаваць зварыць суп. Штосьці здарылася ў школе, і выйшла нявыкрутка. Каб не мой сябар, я мусіў бы застацца галодным. Серада на пачатку нават баяўся падыходзіць да грубкі: “Ты что, я не умею, у меня ничего не получится”. Але ўсё ж згадзіўся, заняўся нязвыклаю, новаю для сябе справаю. А навізна інтрыгуе. Неўзабаве Валодзька захапіўся і перастаў клясці сваю долю. Суп атрымаўся на славу. Праўда, неўзабаве ён загусцеў і зрабіўся кашаю. Да таго ж, апасля мне давялося грунтоўна папрацаваць над каструляю, якая прыгарэла. Але суп-каша быў сапраўды смачны. Мы зараз часта з Валодзькам успамінаем тую ўніверсальную страву і смяёмся: не святыя гаршкі абпальваюць, тым болей, каструлі… Так арыгінальна нас, бывала, кармілі ў войску, што даводзілася першае… змешваць з другім, атрымлівалася якраз тое, што можна было есці.

Мы з Валодзькам за час нашай дружбы розныя ўніверсітэты прайшлі…
І зусім не адразу сталі з паўслова адзін аднаго разумець. Камусьці мо дзіўна, як гэта настаўнік з вучнем на “ты” і запанібрата? Валодзька таксама не адразу прывык, дый мяне даймалі згрызоты-сумненні – ці тое раблю, ці так? Але дружбу нашу праверыў час і абставіны. І смешна было б, каб мы сёння з Валодзькам звярталі ўвагу на ўмоўнасці. У школе – адно, там дыстанцыя патрэбна, а дома ёсць дома…

А сустрэліся мы з Валодзькам упершыню ў… маім палісадніку, неўзабаве пасля таго, як прыехаў ён з Украіны. Я казаў, што ў палісадніку маім заўсёды расце шмат кветак. Вось сыдзе снег, праветрыцца, абчарсцвее зямля, і выпаўзу зноў у свой кветнік. Там галава адпачывае, пакуль рукі працуюць. Толькі ў палісадніку можна часам схавацца ад жыццёвага бядламу, дый то не заўсёды. Дык вось, кветкі ў мяне ля хаты ад ранняе вясны да позняе восені цвітуць, змяняючыся па чарзе, як бы нясуць ганаровую варту. Прымулы, маргарыткі, цюльпаны, ружы, вяргіні, гладыёлусы, флёксы і нарэшце – маразы. Самы нешчаслівы лёс выпадае маім цюльпанам. У людзей яны разумныя, раннія, зацвітаюць акурат да Дня Перамогі, а перад апошнім школьным званком застаюцца ад іх адны песцікі ды тычынкі. Мае ж дурні – познія. У канцы траўня наліваюцца яны барвовым ды жоўтым сокам, нібы знарок каб падражніць выпускнікоў. А нашыя выпускнікі пра кветкі ўспамінаюць толькі тады, калі патрэбен букет – на апошні званок ці на экзамен. Нашы дзеці – прагматыкі. Для іх кветкі – тое самае, што для каровы сена. Словам, аніякага пачуцця эстэтыкі. Калі б яны сапраўды любілі кветкі, то рука не паднялася б так лёгка пусціць іх пад нож. Зрэшты, мы, настаўнікі, самі вінаватыя. Вунь Сяўніцкая сачыняе оды свінням, аднак, ля хаты сваёй ніколі нічога прыгажэй цыбуліны не вырошчвала. Кветкі ж есці не будзеш – вось і ўся логіка. Абыдзі ўсе Сматрычы, ці налічыш хаця з дзесяток палісаднікаў. Адкуль дзецям ведаць, што кветкі, хоць і не ядуць, але яны таксама багацце, багацце духоўнае, якое часта нашмат каштоўней цыбуліны. З каго ім браць прыклад?

Сустрэліся мы з Валодзькам у палісадніку. Выйшаў я позна ўвечары свежага паветра глынуць. Люблю непаўторныя травеньскія адвячоркі. Здаецца, не салаўі спяваюць, а душа… Абышоў вокал хаты, палюбаваўся агародчыкам. Шахматамі ўзышла цыбулька, кволенькімі, цененькімі радочкамі падняліся ўгору бурачкі, у парніку ваўсю ўжо набіраюць моцы кусцікі памідораў. У кожнае раслінкі – свой настрой, свае праблемы, свая жыццёвая прастора, свой лёс. Самая галоўная таямніца на зямлі – таямніца росту і жыцця. Не ведаю, як каму, а мне здаецца, што бачу, як растуць дрэвы і кветкі, расліны і жывёлы, я навучыўся радавацца і хвалявацца разам з імі. Калі раслінам добра – добра і мне. З агародчыкам пагаварыў, настраёвы іду па вуліцы – палюбавацца на цюльпаны. І раптам, матка найсвенша – нейкая нячыстая сіла прытаілася ў мяне на клумбе і не дыхае. Як я крычаў, мабыць, чула ўся вёска. Недзе падумалі, што настаўнік ашалеў. А я… мне проста было так балюча, як балюча было маім кветкам, калі іх ірвалі жывадзёрам, калі іх рэзала садысцкая рука.

Пачвара мільганула, толькі яе і бачылі. Але было яшчэ не так цёмна, я паспеў разгледзець высокага спрытнага падлетка. Я ведаў, што такога ў нашай школе няма. А паколькі гарадскія ўнукі яшчэ не паспелі панаехаць, бо канікулы толькі пачыналіся, вылічыць чужога было не цяжка. А назаўтра, на апошняй лінейцы, мае кветкі падарылі Барытону яго легендарныя музыкі. І колькі пры гэтым было выліта кракадзілавых слёз, і колькі сказана прачулых слоў! Пасля лінейкі я павіншаваў Барытона са скрадзеным шчасцем, а заадно і з мілымі яго дзеткамі. Пачаліся разборкі…

У Барытонавых хлопчыкаў нават не хапіла рашучасці самім залезці да мяне ў палісад, і яны падгаварылі Валодзьку, чужога хлопца, якому, ведалі, нічога не будзе. А ў саміх жа наперадзе яшчэ былі экзамены. Валодзька толькі прыехаў у вёску. Вядома ж, яму як найхутчэй хацелася спадабацца мясцовым, увайсці да іх у давер. Вось ён і згадзіўся.

А пасля разборак у школе я ўпершыню нанёс візіт на Зарэчную вуліцу, дзе жыў новенькі. Вось калі я сутыкнуўся з сапраўдным класічным “цяжкім” падлеткам, пра якіх пішуць у педагагічных кніжках. Валодзька пантаваў, стараўся ненавідзець мяне, а насамрэч з дзіцячай цікавасцю разглядваў незнаёмага дарослага, да таго ж настаўніка. Ён рабіў выгляд, што яршысты і незалежны, але за тою пыхлівасцю была няўзброенаму воку бачна ад прыроды добрая душа. Адчувалася, што гэтага хлопца доўгі час пужалі дысцыплінаю, і таму ён так раўніва любіў свабоду. Дома ў іх я ўжо так, вядома, не крычаў, але паводзіў сябе даволі агрэсіўна і жорстка. Я стараўся праняць падлетка халодна-здзеклівым позіркам, імкнуўся пазіраць на яго з вышыні свайго ўзросту. Але па факце, мусіць, і я выглядаў не вельмі страшна. Адным словам, як ні дзіўна, але прыйшоў я туды лаяцца, а выйшла ўсё па-іншаму. Ува мне тады над уласнікам перамог настаўнік. А можа, проста пашкадаваў яго бабулю? Сама дабрыня, яна не ведала, куды дзецца ад сораму за свайго ўнука. Мне стала няёмка…

А потым… Потым мы яшчэ колькі разоў станавіліся з ім у дыбкі. Так заўсёды бывае, калі сутыкаюцца два моцныя характары. Але кожная канфрантацыя з ім была… прыемнай. Не дзіўна, што нашы канфлікты паступова перараслі ў спрэчкі, спрэчкі сталі дыскусіямі, а дыскусіям суджана было трансфармавацца ў інтэлектуальныя размовы, якія ўрэшце набылі характар змовы. І сталі мы змоўшчыкамі, аднадумцамі, сябрамі. Вось як бывае!..

Бульба ваўсю кіпіць. Я заканчваю правяраць сачыненні. Зараз наямося і пачнем урокі беларускай мовы. Адзінае, дзе ў нас з Валодзькам няма пакуль кансенсусу – мова…

Раптам у калідоры чую страшэнны грукат. Нехта ў поцемках, відаць, зачапіўся за вядро. Дзверы – насцеж. Мілкі – на парозе. Я такім яго яшчэ не бачыў. Чаравікі на босую нагу, шнуркі разбэрсаны, шапка чамусьці сціснута ў кулаку, хаця якая цяпер, вясною, можа быць шапка? Вочы вырачыў, твар увесь белы, як крэйда.

– Што за выгляд, Марат, што здарылася?

– Там… там… Буслік…

– Што?!

– Паве… павесіўся Буслік…

Бяжым. Цемра. Рана наваліўся змрок, не выбіраем дарогі, не адчуваем яе. І ўсё тое, што было дагэтуль, раптам перастала існаваць, знікла, рассеялася, як рассейваецца, як знікае пад промнямі паўдзённага сонца, з першымі парывамі ветру, беспрасветны, здрадлівы ранішні туман. Наперадзе нас не чакае нічога добрага…

 

* * *

…Хлопцы зніклі ў адно імгненне, нібы іх вымелі з класа. Але за школьнымі майстэрнямі, дзе іх не відно было з вокнаў школы, зноў сабраліся гуртам. Яны прывыклі хадзіць у школу разам, за гады вучобы, можна сказаць, адною сям’ёю сталі. Толькі Буслік сёння ішоў на некалькі крокаў уперадзе, быццам арыштант, да расстрэлу прыгавораны. Ішоў моўчкі, і з ім ніхто не размаўляў. Увогуле, хлопцы рабілі выгляд, што Бусла тут няма.

– Ни фига себе, заявочки! – бушаваў Пячэнне. – Опупели ментяры. Ни за что средь бела дня доклеились, еще и бандитом обзывают.

– Ды пры чым тут мянцяры? Не бачылі хіба, усё падстроена? Якія хітрыя, –
разважаў Ахвяра, – і сынок, і мамачка заадно. І дырэктарку прыпуталі, і гэтага, тлустага, Круцеля-труфеля.

– Чакай, мальцы, а мо і праўда ён знарок да мяне палез? Хіба раней было такое, каб хіляк-Бусел да каго даклейваўся?

– Я і кажу, Мілкі, палез, бо ведаў, што Пячэнне не вытрымае. У іх з яго мамкай даўно на Валодзю зуб. Яны яго са школы хочуць выгнаць.

– За што?

– Філя іх ведае. Бачыш, як Пячэнне Навумаўну любіць. Хто каго любіць, той таго чубіць.

– Да ну, мне эта Буслиха не впёрлась. И она, и её выкормыш. Филя она пристала? Ну, правда, пацаны, сами же видели, как тогда в корридоре прямо со шваброй на меня набросилась. Я её только спросил, почему печка холодная, а она на меня как рявкнет. Если бы не успел швабру перахватить, ей-Богу, на голове сломала бы.

– Прыкінь, крычыць, разумныя ўсе. Вядома ж, не дэбілы, як яна і сынок яе. Камусьці ж трэба і разумным быць.

– Пачакай, Ахвяра, а можа, і Бусел тут не вінаваты? – разважаў Божанька.Цябе радакі хіба ні разу не падстаўлялі? Хто іх разбярэ, дарослых?

Хлопцы, занятыя сваімі развагамі, не заўважылі, як пры гэтых хловах затаіў дыханне Бусел, не адчулі, як часта забілася яго сэрца.

– Не вінаваты?! Чаго тады Бусел у Журнала прападаў, чаго шпіёніў? Помніш, летась… Хто наводчыкам быў на Журналаву хату ў п’яных Шэткаў?

– Шэткі і самі з вусамі, маглі і без наводчыка… Вунь яны да Журнала перад выпускным разы са два заходзілі, проста так. Між іншым, ты, Пячэнне, іх тады прывёў, бо адных іх Журнал і на парог не пусціў бы. А Пячэнне Журналу даспадобы.

– Счас и тебя, Жертва, урою!

– О, чулі, давай, Мілкі, ручку, буду заяву катаць у ментуру. Пагроза майму неацэннаму жыццю. А ты, Бог, у сведкі пойдзеш.

Хлопцы зарагаталі. Толькі Бусліку было не да смеху. Жаўлакі ў яго нервова хадзілі, твар зрабіўся бясколерным.

– А ты, Бусел, чаго маўчыш? Пойдзеш у сведкі? Пасодзім з табою Пячэнне? У цябе вопыт ёсць.

– Да не трогайте вы это дерьмо. А то завтра опять стуканёт, что избивали. чмо с ушами. У нас таких в колонии, знаете, не то, что трогать, смотреть на них считалось впадлу. У них отдельная миска была, ложка с дыркой, чтобы не перепутать. Спали они возле параши. Неприкасаемые.

І тут Буслік не вытрымаў, загаласіў на ўсю вуліцу і рынуўся наўцёкі.

– Дарэмна ты яго так, Пячэнне, – пашкадаваў хлопца Божанька, – мо і праўда не вінаваты?

– Ничё, пускай, для профилактики, будет думать следующий раз, что делает. Это ему уроком будет на всю жизнь.

– Урокам? А калі б цябе так?

Але Буслік гэтага не чуў. Бег ён безвач, не разбіраючы дарогі. У гэтыя хвіліны яму было ўсё роўна, куды, абы бегчы, абы ўцякаць. Ён нават уявіць сабе не мог, як заўтра пойдзе ў гэтую ненавісную школу, як зойдзе ў клас. Не, ён ніколі ўжо болей туды не вернецца. Навошта хадзіць у школу? Навошта жыць на свеце, калі ніхто, ніхто цябе не разумее? “Чаго ты маўчыш, Бусел?” А што ён скажа? Ён жа цяпер “неприкасаемый”. Усе хлопцы яго ненавідзяць люта і нават не лічаць за чалавека. Ён цяпер – чорная гніда, дробная мошка. Горш… І за што так можна ненавідзець чалавека? Даруюць забойцам, гвалтаўнікам, палітыкам, якія развязваюць генацыд..

А ён жа НЕ ВІНАВАТЫ. Матка падставіла. Матка яго заўсёды падстаўляе, бо яна таксама не лічыць яго, Віцьку, за чалавека. Галоўнае – не багацце. Ідыётка! Усю хату і хлявы – усё пазасцілала б дыванамі і пазастаўляла б крышталём.

Буслік не помніў, як дабег дахаты. Злы і адчайны, ён нават не стаў шукаць ключа. Падхапіўшы важкую жалязяку, з усяго размаху ўдарыў па замку – і прабой выскачыў. Не разбіраючы, што пад нагамі, ступаў хлопец у брудных чаравіках па матчыных паласах. Наводмаш кінуў школьную сумку, і тая ледзьве не пацэліла ў тэлевізар. У абутку заваліўся Бусел на чыстае, дарагое пакрывала. То быў яго неасэнсаваны, адчайны пратэст. Хлопец падабраў пад сябе падушку і заплакаў. Плакалася доўга і соладка. Буслік не хаваўся і не стрымліваў сваіх пачуццяў. Не было ад каго хавацца, не было каго саромецца. Ён плакаў, пакуль не заснуў…

…Ладзіліся да выпускнога. Барытон адразу даў зразумець свайму аркестру – свята для вас. Хочаце, рабіце банкет – як хочаце. Каб толькі ў школе пра гэта не ведалі. І яны рыхтаваліся да банкета. З’ездзілі ў горад, закупілі таго-сяго. Прывезлі “бухла”. На кожнага выходзіла па адной белай і па дзве “чарніла”. Яго, малога Бусла, не лічылі. То ж не яго было свята, дый шкодна дзецям многа піць. Няхай скажа дзякуй, што ўвогуле ўзялі яго на свой выпускны. Узялі за кампанію, бо граў разам з імі ў аркестры. Сабрацца вырашылі на хаце ў Шэткаў. Хата на ўскрайку вёскі, ледзьве не на выгане.

Шэткі – Раман і Віталь – браты-блізняты. Праўда, адзін на другога зусім не падобныя. Рамана як на дыбе хто выцягнуў: ростам пад метр дзевяноста, і фалангі пальцаў на руках ды нагах доўгія, як у мартышкі. Вока ў Рамана адно прымружанае, казалі, ад нараджэння, позірк яхідны і агідны. Заўсёды з ухмылачкай і з мухамі ў носе. Віталік прасцейшы і прамейшы, больш падобны да чалавека, як габарытамі, так і натурай. Можа, каб не было ў яго брата-авантурыста, рос бы нармальным чалавекам. Валасы ў Віталя бялюткія, як кудзеля, а вочы блакітныя і – халодныя. Ад людзей з блакітнымі ды халоднымі вачыма нічога добрага не чакай. Часам Віталіка закліньвала, асабліва калі пракаўтне чарку-другую. Тады яго баяліся. Нехаця будзеш баяцца чалавека, для якога не існуе нічога святога. Калі ўжо біў каго Віталь, то біў па-зверску, напавал, не пакідаючы сваёй ахвяры аніякага шанцу. Раман жа, наадварот, бадай, ніколі не пускаў у ход кулакі. Ён любіў спадцішка нацкаваць брата, а сам пры гэтым заставаўся ўбаку.

Буслік не любіць абодвух Шэткаў. Але ж чым меней ты любіш чалавека, тым болей табе ад яго даводзіцца залежаць. Закон подласці. Днём яны апошні раз ігралі ў школьным аркестры, такія ўсе чыстыя, акуратныя – парадныя. Мілыя-нявінныя дзеткі-ягняткі. Настаўнікі любаваліся і цешыліся, асабліва Ала Міхайлаўна. А Барытон увогуле ззяў, як новая спражка ад салдацкае дзягі. А ў гэты час у Шэткаў падвыпіўшая маці – а яна заўсёды пад мухаю – ладзіла ім закусь на выпускны. Бусліка пакінулі тут на падхват. Калі нагледзеўся ён, як п’яная Шэтчыха замешвала гарошак ды залівала салату пад футрам, то ўжо есці, мусіць, не прымусілі б яго і пад руляй аўтамата. Рукі ў Шэтчыхі як на загнеце капціліся. Сукенка таксама, пэўна, у яе адна – і на ферме кароў даіць, і для школьнага выпускнога. Ён і не пайшоў бы на выпускны, як ведаў, як адчуваў… Ды куды дзенешся?

Сабраліся – яшчэ было відна. Чэрвень. Дзень доўгі. Спачатку пілі “чарніла” і, пакуль сцямнела, усё выпілі. За “чарнілам” гаварылі яшчэ к толку. Пра школу, праўда, не ўспаміналі, а згадвалі ўсе свае прыколы: куды ездзілі ды колькі пілі. Калі адкаркавалі беленькую, Барытон штурхануў тост:

– Хай здохне той, хто нас не любіць.

І пайшло, і паехала. Кожнага настаўніка па костачках перабралі-перамылі. Асабліва дасталося Журналу.

Барытон ужо ледзьве трымаўся на нагах, як раптам прапанаваў:

– А давайце напішам наша школьнае завяшчанне.

– О, точна, мы ім усім пакажам, дзе ракі зімуюць, бля буду, – злосна, азартна цадзіў праз зубы Віталь.

– Ты ім пакажаш? Не смяшы мой хвост, – яхіднічаў Раман. – ды што ты ім зробіш, дурыла? Захацеў Квадратны і паставіў табе траяк па беларускай. Куды ты зараз са сваім атэстатам? Клазеты чысціць?

– Мне – по цэнтру…

– “Врагу не сдаётся наш гордый “Варяг”…” – зацягнуў раптам Барытон. – Эй, хлопцы, не вешайце носа! Мы ім яшчэ пакажам, як камар козы пасе. “Налейте бокалы, поручик Голицын! Корнет Оболенский, надеть ордена!..”

Налілі. Выпілі. Настрой адразу ж падняўся, храбрымі сталі нават тыя, хто дагэтуль яшчэ сумняваўся. Апошнія сумненні, як пацукі, разбягаліся з іхняга карабля. І ўсе цвёрда вырашылі – пісаць!..

Пісарам абралі Бусліка. Ён быў тут самым цвярозым дый самым малодшым. Малодшаму не пазайздросціш… З краю стала прыбралі гарэлку і талеркі з салатамі, пасадзілі на зэдлічак. Доўга не маглі знайсці ручкі, і Буслік спадзяваўся, што не знойдуць, радаваўся, бо так не хацелася пісаць гэтую дурноту. Чаму яго зрабілі крайнім? Хіба ён выпускнік? А калі што якое – яму яшчэ вучыцца ў школе, могуць пазнаць па почырку.

Ручку знайшлі – скалечаную. Стрыжань надтачылі запалкам, уручылі Бусліку.

– Пішы… Толькі не сваім почыркам, – даўмеўся п’яны Барытон, – а ка-лі-гра-фічным. Друкуй літары… Пішы: мы, выпускнікі… пакідаючы родныя пенаты, настойваем, каб наша воля была выслухана і даведзена да калектыву…

Барытон лыка не вязаў. Словы ён выплёўваў з рота разам з недажаванаю капустаю. Было агідна слухаць, а яшчэ агідней было запісваць, але Буслік цярпеў. Што было рабіць?

– Так, хлопцы, – увайшоў у азарт Барытон, – што каму пажадаем? Ва-а-ша, ёрк, ва-аша воля… Дырэктару школы – больш прынцыповасці і …на месца паставіць некаторых зарваўшыхся настаўнікаў. Трэба быць на-а-а-чальнікам.

– Дырэктара выбіраць трэба, – зараўлі такія ж п’яныя, як і ён, выпускнікі.

– Правільна, дырэктара трэба выбіраць… Так і запішам: выбіраць дырэктара дэмакратычным спосабам… А завуч… – Барытон на хвіліну замаўчаў і ледзьве не заснуў, бо нос яго адразу ж паспяшаўся ў талерку з капустаю. Пасля сутыкнення з талеркаю нос апрытомнеў, пабудзіў гаспадара, і той глыбакадумна працягваў, – завуч няхай едзе назад у горад.

Прыйшла чарга расфасоўваць шараговых настаўнікаў. Для пэўнасці выпілі яшчэ па адной і адразу ж узяліся за Квадратнага.

– Якія будуць прапановы? – дыпламатычна запытаўся Барытон, голас яго, аднак, усё болей асядаў на мелкаводдзі, хрыпеў і быў не падобным да сябе.

– Журнала? – азверыўся Раман. – Журнала забіць мала. Ён мне траяк у атэстат уляпіў.

– Бываюць жа чмошнікі! – падтрымаў брат. – Прымусіць бы яго з’есці гэту тройку разам з атэстатам.

– Карацей, я так зразумеў, сокалы мае ясныя. Гнаць трэба Журнала… э… Фёдаравіча са школы паганаю мятлою. Пішы, пішы, не бойся, – падахвоціў Барытон. – Квадратнага – выгнаць са школы.

Буслік не сказаць каб баяўся: што міру, тое і бабінаму сыну, а проста яму было агідна глядзець на п’яныя, прамасленыя морды, больш таго, слухацца і падпарадкоўвацца людзям, якіх ён не толькі перастаў паважаць, але і ўзненавідзеў. Што рабіць, у жыцці часта даводзіцца прыніжацца, выслухоўваць розных маразматыкаў і згодна ківаць ім, толькі таму, што яны пастаўлены над табою, а табе таксама трэба жыць, паміраць не хочацца. Прымушаеш сябе прывыкнуць і прывыкаеш. Не, не прывыкаеш, проста, глыбока затаіўшыся, церпіш-трываеш, чакаеш перамен і вельмі спадзяешся на іх. А перамены да лепшага ўсё не прыходзяць… Лёс…

Астатніх настаўнікаў пашкадавалі. Нікога больш са школы не выгналі, толькі Аксану Валер’еўну рашуча папярэдзілі. А некаторым нават падзяку аб’явілі. Асабліва ўславілі Бабу і… Барытона – за вялікі ўклад у справу выхавання падрастаючага пакалення. Сябе ён-такі не забыў. Такія людзі ад сціпласці не паміраюць, дый ці паміраюць яны ўвогуле?.. Хутчэй Кашчэй Бяссмертны здохне…

Сачыніўшы петыцыю, пачалі думаць, што з ёю рабіць?

– Давайце закаркуем у бутэльку і пусцім па рэчцы, няхай плыве, – прапанаваў Віталь. – Нехта праз колькі гадоў, можа, зловіць і прачытае.

– Дурыла ты, – перадражніў Раман, – зловіць і прачытае. Каму твая бутэлька патрэбная? Ракі яе будуць чытаць.

– Правільна, Раман, трэба, каб ужо заўтра ведалі ў школе думку сваіх выпускнікоў.

– А давайце падкінем Журналу да брамы. Заўтра ён са злосці здохне, – зарагаталі Шэткі.

Так і пастанавілі. Паперу паклалі ў бутэльку, папарэдне разліўшы з яе ўсю “Радасць” па чарках. І, радасныя, сабраліся падкінуць бутэльку Журналу. Напачатку хацелі даручыць гэтую адказную справу Бусліку, але перадумалі.

– Яшчэ засцыць дый выкіне куды ў канаву, хлюпік саплівы, – злосна сплюнуў Раман, – сам пайду.

І пайшоў… Пад раніцу ўсе астатнія, набраўшыся, храплі, як на вакзале, дзе каго заваліў, адужаў сон. Буслік да гэтага часу непрыкметна ўцёк. А Рамана хмель чамусьці не браў. Разбірала злосць, колькі ні заліваў яе “радасцю”, на душы весялей не станавілася. Злосць забірала на ўвесь белы свет. Асабліва ненавідзеў Журнала. Ці толькі за тое, што той уляпіў яму траяк? Квадратнага ён ненавідзеў даўно. Тоўсты, нязграбны – дзіва што Квадратны, Віктар Фёдаравіч раздражняў сваёй упартасцю і непахіснасцю, і не толькі яго, Рамана. Гэты Журнал ці то здзяцінеў, а ці ў яго не ўсе дома? Выпендрываецца, хоча паказаць сябе вялікім псіхолагам. Ён кожнаму падлетку гатоў падаць лапу, з кожным – на роўных. Так не бывае! Дзе вы бачылі, каб дарослыя былі на роўных з дзецьмі? Прыкідваецца сваім, простым, як трохкапеечны аловак. Заігрывае з дзецьмі гэты мярзотны тып, думае, што ўсе лохі і на дурных натрапіў. Выклікае хлапцоў на шчырасць, цягне іх за язык, а сам, можа, на кожнага папачку завёў? І ён яшчэ прыпомніць хлопцам, вось убачыце. Коўзкі, баязлівы, занудлівы. Не верыцца Раману, што такі чалавек, як Журнал, можа шчыра жадаць камусьці дабра. А зрэшты, чаму ён, Раман, павінен за кагосьці хвалявацца і перажываць? Хопіць перажыванняў за сябе самога. Пісьменнікі-прыдуркі сачыняюць вобразы розных лохаў, якія быццам бы за другога гатовы ахвяраваць жыццём. І Журнал на ўроках тую самую ахінею нясе, сам, мабыць, не верыць, што такое бывае. Карчагінцы знайшліся… Як можна клапаціцца пра іншага, тым болей ахвяраваць жыццём? Калі сам ты на гэтым свеце за мокрую анучу жывеш. І апошнім, што ў цябе ёсць, ахвяраваць? Ну, яшчэ зразумела, калі ты рызыкуеш, ставячы на карту апошняе – альбо са шчытом, альбо на шчыце. Тут нават і смерць апраўдана. Навошта жыць бездапаможным старцам? Неба капціць? Астроўскі правільна сказаў: “Жыццё даецца чалавеку адзін раз, і пражыць яго трэба так, каб не было пакутліва балюча за марна пражытыя гады…” Гуляй, пакуль малады, хлопчык. Гарэлка, бабы, “бабло” – мора “бабла”. Што яшчэ трэба? А дружба і самаахвярнасць няхай дастаюцца такім ідыётам, як Квадратны. Якая можа быць дружба без выгады?

Барытон – іншая справа. Гэтага мужыка ён, Раман, разумее. Чалавек на пенсіі ў сорак пяць, адстаўнічок, ціха-мірна будуе сабе катэдж за горадам. Нікому не перашкаджае. Як будуе, дзе бярэ грошы – яго справа. Вядома, не з пенсіі, і не ў школе ён тыя грошы зарабляе. А зрэшты, чаму б і не ў школе? З’ездзіў з аркестрам у Германію – сувязі наладзіў. Пакуль дзеткі дудзелі ў трубу, Барытон не спаў у шапку, назад з Германіі тачку сабе прыгнаў, патрыманую, але крутую. Гэтую прадаў – па другую паехаў. Тачкі мяняе, як шкарпэткі – вось табе і грошы на катэдж. Круціцца чалавек, умее жыць.

Думаеце, яму аркестр патрэбен, школьны прэстыж? Ды ў труне ён бачыў той прэстыж і ахвотна сыграў бы па школе пахавальны марш, каб добра заплацілі. Умеюць людзі выбіраць сабе сяброў, і правільна робяць. У прынцыпе, Барытон – нармальны мужык. Хоць ён і не паважае, і не любіць іх, трубачоў. Ён іх проста выкарыстоўвае. Ён, Раман, вырасце і таксама кагосьці будзе выкарыстоўваць. Так і трэба жыць.

Вось толькі хутчэй, хутчэй бы вырасці. Не па кайфу, калі ў жыцці дыктуеш не ты, а табе дыктуюць. Ён у свае чатырнаццаць з “хвосцікам” паспеў ужо многае ўзяць ад жыцця: гарэлка, дзяўчынкі і нават грошы для яго ўжо не навіна. Грошы, праўда, ён сам пакуль не зарабляе. Але не праблема! “Бабла” поўна ў іншых, няхай падзеляцца! І трэба толькі ўмець яго браць. Брат здзіўляецца, хлопцы смяюцца: ты цяпер ужо ходзіш па бабах, што ты будзеш рабіць у дваццаць гадоў? А тое ж самае, калі, вядома, дажыве. Як там у таго ж Астроўскага: “І трэба спяшацца жыць, бо каварная хвароба ці бязглуздая выпадковасць…” Хто дасць гарантыю, што яму будзе некалі двац­цаць, трыццаць, сорак? А калі будзе, ён, не бойцеся, знойдзе сабе занятак па ўзросту. Ва ўсякім разе, як Журнал, смаркачам насы выціраць не стане.

Брат таксама крыху дзівак. Яго лёгка можна выкарыстоўваць. Мяккі ён, дабрадушны, хаця і адчайны. З братам смела можна ісці на справу. Адданы – як сабака! Адно ў вочы пазірае. Братам, калі што, можна і прыкрыцца. Мо падрасце-паразумнее. Не, Віталіка ён, Раман, любіць. Любіць як блізкага чалавека. І ён, вядома, пайшоў бы абараняць брата кулакамі, але падставіць дзеля яго сваю галаву – такога не будзе ніколі. Галава яму самому патрэбна. На гэтым свеце, дзе ўсе цябе ненавідзяць і ты сам за сябе, на гэтым свеце без галавы прападзеш.

Кароткая чэрвеньская ноч заканчвалася. За вокнамі вось-вось пачне шарэць. Трэба спяшацца, інакш могуць сустрэцца выпадковыя сведкі, даяркі зараз рана ідуць на працу. Ды ці мала хто ў вёсцы летам гуляе на досвітку!

Усе паснулі. Нікому зноў няма справы да бутэлькі з завяшчаннем. Трэба ісці. Не пойдзеш ты, ніхто за цябе гэтага не зробіць.

І Раман пайшоў. Асцярожна, азіраючыся, як злодзей, туліўся ён да платоў, дзе прыгінаўся, а дзе і прысядаў, бо занадта высокі рост мог лёгка выдаць яго. Ратаваў туман, калючы, не па-чэрвеньску халодны, затое шчыльны, надзейны, ахутаў раптам пад раніцу вёску, пакінуўшы ад хат толькі стрэхі ды коміны. Нізка над зямлёю гуляў па вуліцы туман-падлетак, лазіў па агародах, лёгка пераскокваючы праз платы. Раман таксама лёгка ўмеў пераадольваць любы, самы высокі плот. Налаўчыўся, калі лазіў па клубніцы. Ягады ён мог выбраць з градкі і ў поцемках. О, якое задавальненне – смакаваць ягады цёмначы на чужым агародзе! Азартнае, незямное задавальненне. Салодкія, сакаўныя клубніцы так і просяцца ў рот, апетытна патрэскваюць на зубах.

Пад покрывам туману лёгка ўдалося хлопцу незаўважаным пераадолець паўвёскі, хоць ужо й пачало віднецца. А вось і хата, дзе жыве Квадратны. Яго славутая шыкоўная брама, размаляваная на розны лад, якую не даходзяць рукі паламаць.

– За брамаю – як за каменнаю сцяною, тваю маць, – нечакана ўголас вылаяўся Раман, ухмыльнуўся. – бач, размаляваў, як у пеўня хвост.

Хлопец дастаў бутэльку з-за пазухі, акуратна, каб не разбілася, паставіў ля брамы. Хацеў ісці, але звычайная дзіцячая дапытлівасць затрымала яго яшчэ на хвілінку. Як было не пацікавіцца, што за тою высокаю брамаю? “Сцяна то каменная, – падумаў Раман, – ды мы і не такія крэпасці бралі”. Ён спрытна, як малпа, падцягнуўся на руках, асцярожна зазірнуў у дворык. Убачыў на дзвярах замок і тут жа спрактыкаваным, бадай, прафесійным, вокам заўважыў адкрытую фортачку, завешаную адчэпнага марляю. Лёгкія дрыжыкі прабеглі па целе, паявіўся азарт. Рашэнне прыняў імгненна. Хвіліна – і ён ужо ў двары. Высокія брамы – ад добрых людзей ахова. Марля была на чэсным слове прыбітая штапікамі. Нажом можна было акуратна штапікі прыпадняць, але не было часу корпацца. Хто ведае, куды сышоў гаспадар, мо зараз прыйдзе. Не было часу, Раман з усяе сілы ірвануў марлю, прасунуў руку, адшчапіў шпінгалет. Акно расчынілася, астатняе было справай тэхнікі. Хлопец аберуч ухапіўся за вушакі, падцягнуўся і ў адно імгненне апынуўся ў хаце.

Святла ён не запальваў – небяспечна. Дый не канешне было запальваць святло. Ён пару разоў заходзіў у гэтую хату з Пячэннем. Гэтага было дастаткова. Ён усё тут ведае. Запомніў нават, дзе што ляжыць. За акном, налева, была спальня, за ложкам, ля печы, ён бачыў дыпламат. Цікава, навошта было дыпламат хаваць ад старонняга вока за ложак? Напэўна, не проста так. Трыма вялікімі скачкамі, як леапард, дасягнуў ён печы, схапіў, адкрыў дыпламат і – о, удача! Там было “бухло”. Прыемна пазвольвалі бутэлькі з гарэлкаю, той звон пасля цяжкое застольнае ночы бальзамам ліўся на душу. Заўтра з “цёлкамі” будзе новы баль! Асцярожна закрыў дыпламат, спачатку хацеў яшчэ і грошы пашукаць, але перадумаў. Каб сквапнасць фраера не загубіла. Не трэба лішні раз выпрабоўваць лёс, раптам за двума зайцамі пагонішся…

Здрадлівы чэрвеньскі туман па-ранейшаму надзейна хаваў напаўсагнутую постаць падлетка, які цішком, агародамі прабіраўся за вёску, да возера. Падлетак уцякаў ад самога сябе…

 

* * *

Гэткі ж самы туман. Такая ж самая беспрасветная цемра на вуліцы – і на душы. Божа! Чаму мне так не шанцуе на туманы?! Бы хто з неба падае нядобры знак. Знак бяды…

Што будзе? Што будзе! Бусліка павезлі ў горад, выняўшы з пятлі. Дзеці сядзяць панішчаныя. Асабліва перажывае Валодзя. Гэта ж ён, атрымліваецца, ва ўсім вінаваты. Без віны вінаваты. Каб ведаць… Хлопец не можа знайсці сабе апраўдання. Сядзім ля тэлефона і кожную хвіліну чакаем званка. Суцяшаю хлопцаў, як магу, як умею. Але хто суцешыць мяне самога? Толькі б Валодзя вытрымаў… Божа, дапамажы! Бедны, бедны мой сябар. Зноў усе шышкі падаюць на яго галаву. Зноў, ужо каторы раз, яму пагражае няволя. За што? Якая злая планіда навісла над гэтым чалавекам?

Туман… Туман… Здрадлівы, як лёс падлетка, каварны, як само жыццё…

 

…Той раз таксама падазрэнне ўпала на Валодзю. І, што самае страшнае, я ледзьве сам не пасадзіў яго за краты.

Вярнуўшыся з Мінска, куды ездзіў па справах, я ўбачыў ля свае брамы найцікавейшы дакумент стагоддзя, схаваны ў радаснай бутэльцы. Як мала трэба Барытону для паветранага палёту фантазіі, усяго 0,7 літра. Было вельмі займальна чытаць літаратурныя перлы яшчэ не старога маразматыка, увекавечаныя непаўторным Буслікавым почыркам. Гэты почырк я пазнаў бы нават на папірусе ў старажытным Рыме. Зусім забыўшыся пра сваю важкую гаспадарчую сумку, якая адарвала рукі, пакуль вёз з Мінска прадукты, я так захапіўся пацешным дакументам з бутэлькі, як бы адтуль выпусцілі джына. Чым далей чытаў, тым мацней рагатаў. Нарэшце хацеў бегчы да Аксаны, вельмі карцела паказаць, ды вырашыў спачатку пакінуць дома сумку. Зайшоў у двор і вельмі здзівіўся: марлечка, сарваная з маёй фортачкі, ляжала пад акном. Саграшыў быў на вецер, які, прагнаўшы начны туман, сваволіў у мяне на двары, але хутка зразумеў, што вецер я вінавачу дарэмна…

У хаце я не знайшоў свайго кармільца-дыпламата, без якога мне, вясковаму інтэлігенту, ні агарода заараць, ні дроў насекчы.

Што было рабіць? Хто мог узяць гарэлку, не крануўшы ў хаце болей нічога, нават грошы? Той, пэўна, хто хацеў мне дапячы і ведаў у маёй хаце ўсё да драбніц. Тут яўна без сваіх не абышлося. Раптам мяне хапіла злосць. Дасталі! Стараешся, дагаджаеш, ратуеш іх, сябе не шкадуючы, падаеш руку ў цяжкую хвіліну. І вось табе – падзяка, адплата за тваю дабрыню. Нікуды не варты з цябе, аказваецца, педагог.

Педагог з мяне і сапраўды неважнецкі, бо, не здолеўшы стрымаць сваю злосць і крыўду, я тут жа пабег да тэлефона і набраў “02”. А што, Журнал, хіба не кралі ў Макаранкі? Кралі, але ж ён ніколі не шукаў паратунку ў міліцыі. Думаеш, яму было не крыўдна, калі кралі свае – тыя хлопцы, выхаванню якіх ён прысвяціў жыццё? Макаранка – вялікі педагог. Але ж яму было лягчэй, бо ў яго быў савет камандзіраў, якога злодзей баяўся куды болей, чым міліцыянераў. Быў савет камандзіраў. А хто табе, Журнал, не даваў стварыць штосьці падобнае? Вось бы і не стаяў зараз, як лох, ля тэлефона.
І не набіраў бы абсалютна бессэнсоўнае для педагога спалучэнне лічбаў –
“02”. Ты – не Макаранка. Не таго палёту птушка. Дык дзе ж выйсце? Сапраўды, не бегчы ж ззаду за сваімі падлеткамі: “Вярніце мне, хлопцы, мой дыпламат, я вам за гэта бутэльку пастаўлю”.

Толькі пазваніў у міліцыю, як Валодзя прыйшоў.

– Сядзі, – кажу, – тут, пільнуй хату, у мяне ўкралі гарэлку, зараз міліцыя пад’едзе. Мне трэба да Аксаны Валер’еўны збегаць.

Спакойна так кажу, бы да мяне міліцыя кожны дзень прыязджае. І нават у думках у мяне не было западозрыць Валодзю.

А ён змікіціў адразу, што і да чаго:

– Что вы, Виктор Фёдорович, – ён тады яшчэ мяне на “вы” называў, – я же не идиот. Вас обокрали, а я буду сидеть и ждать, пока меня повяжут?

– Куды павяжуць, – не зразумеў я, узлаваўся нават, – ты што чаўпеш! Хіба ты ў мяне гарэлку краў? Ніхто цябе не кране, пакуль я гаспадар у гэтай хаце.

Ледзьве ўгаварыў яго застацца.

Аднак я памыляўся. Ён, падлетак, ведаў жыццё лепей, чым я, дарослы ідыёт. Нашая доблесная міліцыя адразу ж ухапілася за Валодзю, як тапелец за саломінку, і колькі я ні лямантаваў, колькі ні грукаў кулаком па стале, ад гэтага свайго падазрэння яна ўпарта не хацела адмаўляцца, аж пакуль дактыласкапія не выратавала хлопца.

Яго, як, зрэшты, і ўсіх падлеткаў, хто бываў у мяне дома, цягалі па адным у школу на дазнанне, пагражалі, нават шантажавалі. Валодзю прыгадалі ўсе яго колішнія грахі і палохалі турмою. Пасля ён мне пра ўсё расказаў, а тады я нічога не ведаў. А каб ведаў, што рабіў бы? Кінуўся б на міліцыю з кулакамі? Напэўна, пінкертоны так бы і не знайшлі майго дыпламата, хаця дапытвалі ўсіх, і Шэткаў таксама. Усё дарэмна, каб не эксперт-крыміналіст. Той аблазіў з лінейкаю ды вымазаў сажаю ўвесь мой падаконнік і аконную каробку. А потым ва ўсіх нас “адкаталі пальчыкі”. І на бутэльцы, што ляжала пад брамаю, сёе-тое таксама агледзелі… Тут Раман пралічыўся… А затым я напісаў заяву…

І вечарам у Шэткаў не вытрымалі нервы. Парламенцёрам заявіўся да мяне Віталь, нерашуча таптаўся па двары, пакуль адважыўся зайсці ў хату.

– Віктар Фёдаравіч, размова ёсць.

– Слухаю, Віталь.

– Трэба… трэба забраць заяву з міліцыі.

– Не зразумеў!..

– Ну, а калі я вярну вам гарэлку?

Я паціснуў плячыма:

– Зрабі ласку, вярні… Аднак усё роўна не зразумеў, няўжо гарэлку ўкраў у мяне ты? Ты ж, Віталік, мухі не пакрыўдзіш.

Ён толькі вінавата ўсміхнуўся. А потым знік і хутка вярнуўся з дыпламатам, у якім не хапала аднае бутэлькі.

– Выпілі, – растлумачыў хлопец.

– Добра, але… але скажы, Віталік, што гэта зрабіў не ты. Бо я ўсё роўна не веру.

Я і сапраўды не верыў. Я ўжо здагадваўся, хто сапраўдны злодзей, больш таго, бадай што быў упэўнены.

– Дыпламат узяў я…

– А дзе доказы? Раскажы хаця, як ты гэта зрабіў?

Віталь пачаў расказваць, ды з такімі падрабязнасцямі, што не паверыць было немагчыма, і я засумняваўся. І ўсё ж не хацелася верыць…

Я і зараз думаю, навошта было Віталіку браць на сябе віну? Навошта было ахвяраваць сабою, класці на плаху сваю галаву, каб выгарадзіць брата? Чалавек – загадка.

А яшчэ мяне непрыемна ўразілі вяскоўцы. Назаўтра вёска гула! Здавалася, пра існаванне майго праклятага дыпламата ведаў кожны вясковы сабака. Было такое адчуванне, што мая хата стала празрыстаю, нібы акварыум. Вельмі прыкрае адчуванне. Хата – нібы канцэртная зала, у ёй гэтулькі гледачоў, і ўсе смяюцца… За няшчырымі словамі спачування я пазнаваў у вачах сваіх вяскоўцаў (на шчасце, не ўсіх) столькі непрыхаванай зласлівасці, што на душы стала агідна. Я чытаў у людскіх спачуваннях зусім іншы падтэкст: “Так табе і трэба. Звязаўся з бандытамі, вось і абакралі”…

 

…Дзеці мае сядзяць як папечаныя. А я хіба лепшы? Загуляліся. І дагуляліся. Буслік – у рэанімацыі. Падумаць толькі, хлопца дасталі з пятлі, адкачалі. Ці хоць выжыве?.. Жыццё яго вісіць на валаску, а мы… Каб Навумаўна спазнілася дадому на якую хвіліну, каб не схапіла нож ды не перарэзала вяроўку… А магла ж і не прыйсці. Пакуль бы абмеркавалі свае авантурныя планы з Круцелем ды Пагодзінай, Віцька… Божа мой! Ды пра што я? Якія авантуры, якая вайна? Хлопец адною нагою на тым свеце, маці вунь вар’яцее, а я… Гэта я ва ўсім вінаваты. Разыгралі камедыю, а я не спяшаўся яе спыняць, вытрымліваў паўзу. Здзекліва-зласліва, як дзіця малое, любаваўся тым спектаклем і сваёю роляю ў ім. Я павінен быў прадбачыць трагічны фінал. Мае дзеці “адрываліся” на Бусліку, па-свойму, па-падлеткаваму жорстка, а я не спыніў своечасова іх маральны садызм, хаця мог. Ты што, Журнал, забыўся, якія жорсткія, якія бесчалавечныя падлеткі, калі яны кагосьці “пракідваюць”? Ты забыўся, як цябе самога “пракінулі” і хацелі растаптаць, змяшаць з зямлёю… Ты, дарослы чалавек, ведаючы, што ў любую хвіліну можаш выйсці з гульні і перастаць ведацца з тымі саплякамі і іхнімі саплівымі законамі, і то адчуваў сябе не ў сваёй талерцы, перажываў, калі табе Шэткі са сваёю шоблаю байкот аб’явілі. А што ж Буслік? Дзіця. Хіба ён можа вытрымаць, адзін супраць усіх? Выйсце знайшоў – у пятлю праўду шукаць палез. Затое, што ніхто, ні дзеці, ні дарослыя, не зразумелі яго. Класным кіраўніком называешся. Псіхолагам неблагім сябе лічыш, тонкім знаўцам падлеткавай натуры. Цябе не тое што да дзяцей, да мядзведзяў блізка падпускаць нельга. Правільна – Навумаўна вінавата, і вы з ёю на нажах. Але ж пры чым тут Буслік? Трэба ж быць такім бесчалавечным, каб за крыўдаю забыцца падаць руку дапамогі падлетку, які яшчэ верыць табе і просіць-моліць гэтай самай дапамогі…

– Ды не рвіце вы сэрца сабе, Віктар Фёдаравіч. Хто ж думаў, што ўсё так скончыцца? А калі хто і вінаваты, дык толькі не вы…

– Маўчы, Марат, не вярэдзь душу. Звяры, дакладна, не пакінулі б свайго параненага суродзіча. А мы з вамі, людзі, аказаліся горш за драпежнікаў.

Хлопцы апусцілі галовы, апанурыліся, слухаюць і па-свойму, па-дзіцячаму перажываюць. Мы зноў сядзім у маёй хаце, дзеці не спяшаюцца разы­ходзіцца, хаця ўжо за поўнач, заўтра ў школу, рана падымацца, страўнік пусты, ды і бульбіна ў рот зараз не палезе. Пра яду ніхто нават не ўспамінае. Заміж заўсёднай жывой ды гарэзлівай тусоўкі, калі хадуном ходзіць уся хата – хлопцы, звычайна, то барукаюцца, то прыколы расказваюць, то проста ходзяць на галовах, і Журнал толькі паспявае гыркаць на іх, як на звяроў. Асцярожна: люстра, акно, тэлевізар – заміж заўсёднага гармідару сёння во паніхіда. Усе смірныя, ціхія, панурыя, не падобныя да саміх сябе. Мае юныя пятнаццацігадовыя філосафы і “садысты” – перажываюць. Здаецца, да іх і сапраўды пачынае даходзіць уся бесчалавечнасць нашага сённяшняга ўчынку. А можа, у іх наступае сталасць?

– Віктар Фёдаравіч, але ж гэта не вы і не мы заварылі ўсю кашу. Ну, расквасіў Пячэнне Бусліку нос, і што з таго? Хіба ўпершыню б’емся?..

– Якая, Серафім, розніца, хто заварыў, хто каго любіць і ненавідзіць? Мы, хлопцы, павінны быць вышэй таго заўсёднага бруду. Лепей бы падумалі пра Віцю, за што вы яго так…

– Бо ён стукач.

– Няпраўда, і вы гэта добра ведаеце…

– Ты прав, Журнал… ой, извините, Виктор Фёдорович, вырвалось.

– Ды ладна, – замучана ўсміхнуліся хлопцы, – хопіць вам у хованкі гуляць, як быццам мы не ведаем, што вы карыфаны.

Валодзька зірнуў на мяне, таксама збянтэжыўся, бо не ведаў, як я пастаўлюся. Ён як бы пытаўся ў мяне, што яму рабіць, як сябе паводзіць. І я мусіў таксама выдавіць усмешку, хоць у іншым выпадку і пры іншых абставінах мог бы і трагікамедыю разыграць. Дзіўныя мы ўсё ж людзі, настаўнікі. Абставілі сябе ўмоўнасцямі, быццам і сапраўды не маем права на асабістае жыццё. Планы сабе склалі на ўсё жыццё наперад і па гэтых планах жывем: крок убок – расстрэл. Але ж і мы таксама жывыя людзі…

– Вы… ты… – пыкаў-мыкаў Пячэнне. – Журнал правду говорит. Бусел бывает язвой, иногда лжет, а мы разве никогда не лжём? Но не стучал он никогда. Помните, о Баритоновых делишках от кого мы узнавали? Разве от Бусла? Да Шетки же сами по всей деревне и хвастались. А Бусел молчал. Вот и сейчас, думаете, Наумовна дома никогда нам всем костей не перемывала? А Бусел глух и нем, будто ничего не знает. Он хочет с нами тусоваться, а мы ему – пинком под зад. Любой бы в петлю полез. Зря мы с ним так вчера… Да и Наумовне хватило, и так сполна наказана. Врагу не пожелаешь…Так что, пацаны, харе злорадствовать. Мы взрослых пожалеть должны. Баритон, Аллочка, ведь это же несчастные люди, алчные, желчные, в чём-то ограниченные.

– Ну, вось што, неабмежавана шчаслівыя і разумныя, – не вытрымаў я, – пашкадаваць вы павінны мае вушы. Альбо мне выйсці, пакуль вы правядзеце свой педсавет?

– Ды што вы, Віктар Фёдаравіч, заставайцеся, вы нам не перашкаджаеце.

– І на тым дзякуй, Серафім.

– Жертва, ещё раз ляпнешь в таком духе, и вешаться следующим будешь ты, не захочешь – поможем.

– Не трэба, Валодзя, так… жартаваць…

– Извините… извини, Журнал!

– У такім разе, калі вы, хлопцы, пакінулі мяне на сваім педсавеце, прашу слова, – пайшоў я ў наступ, стараючыся не заўважаць іхніх з’едлівых рэплік. – Ведаю, вы не любіце, калі вам дарослыя чытаюць маралі. А хто іх любіць? Але ж давайце быць больш сур’ёзнымі. Каб сапраўды не выпрабоўваць Боскага цярпення. Мы ўсе вінаватыя. Запомніце. Мы павінны гэта зразумець. Але нам яшчэ дадзены шанец выправіць сваю віну. Адным словам, мы ўсе павінны змяніць сваё стаўленне да Бусліка, павініцца перад ім. Калі толькі ён захоча дараваць нам, калі зможа. Я на яго месцы не ведаю, ці дараваў бы… Забудзем крыўды, забудзем недарэчнасці: хто каму набіў гуз, хто першы сказаў крыўднае слова. Дый не столькі прабачэнне наша яму зараз патрэбна, колькі прызнанне, падтрымка. Хочацца каму ці не, падабаецца ці не вельмі, але Буслік павінен быць з намі не толькі ў адным класе, але і ў адной тусоўцы. Зразумелі?

Хлопцы згодна заківалі галовамі і на гэты раз не пярэчылі.

– А зараз – усе па хатах. І ў школу не спазняйцеся. Хопіць, мы ўжо і так вызначыліся.

Я зачыніў за сваімі дзевяцікласнікамі дзверы, па прывычцы зашчапіў іх на кручок. Так спакайней, хаця… Хаця каго баяцца? Нікога я не баюся… Зрэшты, і гэты вось кручок, нібы талісман, часам ахоўвае. Жарты жартамі, а ён ахаваў мяне аднойчы ад п’яных Шэткаў, якія прыйшлі былі на разборкі. Колькі ж бруду, лаянкі, нянавісці вылілі яны ў тую ноч на маю галаву! Баязліўцы! Пакуль вучыліся, сядзелі, прышчаміўшы хвост, а як закончылі школу і адчулі сябе незалежнымі, асмялелі. За тое, што дараваў, што, пашкадаваўшы іхняга малалецтва, забраў заяву з міліцыі, аблілі мяне брудам, апаганілі душу, спрабавалі нацкаваць на мяне мясцовую моладзь, аб’явіць байкот, пракінуць, прынізіць. Думалі, што да Журнала ў хату ніхто і дзвярэй не адчыніць. Памыліліся. Свет не без добрых людзей. Мая хата зноў поўніцца дзіцячымі галасамі, мая школа зноў чакае мяне, і я ведаю, што я патрэбен людзям. А яны, Шэткі – хіба іхняму лёсу пазайздросціш? У вечным пошуку прыгодаў, з вечнымі амбіцыямі, з завышанаю самаацэнкаю. Напэўна, я не павінен так думаць, бо я ж настаўнік. Але мне часам здаецца, што ёсць людзі, якія не паддаюцца выхаванню. Подлымі нараджаюцца, і наўрад ці такім можна чымсьці дапамагчы. Браты думалі, што рабіць людзям зло можна бясконца і беспакарана. Але не ўсе аказаліся такімі мяккацелымі ды міласэрнымі, як настаўнік Квадратны. Знайшліся тыя, хто не дараваў юным западлістам. Шэткі пайшлі пад суд. І гэта, мабыць, справядліва, бо зло абавязкова павінна быць пакарана. Справядліва, але ж і зараз мне… шкада гэтых юных асобаў, лёс якіх аказаўся пакалечаным, спляжаным. Па-чалавечы, па-Боску шкада, бо, як сказана ў Святым Пісанні, “яны і самі не ведаюць, што робяць”…

Аб’явілі байкот – разлічвалі прынізіць, “зачмарыць” мяне. У Шэткаў і праўда быў тады даволі высокі рэйтынг у вёсцы. А Валодзя плюнуў на рэйтынг і нікога не паслухаўся. Мы ж толькі з ім тады пазнаёміліся, а вось жа не пабаяўся новенькі мясцовых “аўтарытэтаў”. Ён зразумеў, што дуты ў іх аўтарытэт, ліпавы рэйтынг. Хлопец ён разумны, чуйная душа, і добрая… Божа ж мой, Бусліха з Пагодзінай яго пад суд сабраліся аддаваць, а ён, дзіця, гатовы не толькі дараваць ім, але і па-чалавечы іх шкадуе. Валодзька-Валодзь­ка. Зло – з кулакамі, а ты, дзівак, з любоўю і са шкадаваннем…

Наперадзе была яшчэ доўгая сакавіцкая ноч – ноч роздуму, пакутлівых сумненняў і строгай, дакорлівай ды прынцыповай размовы на адзіноце. Спаць не хацелася, дый часу не было спаць. Трэба было ўсё ж напісаць планы і праверыць сшыткі. Заўтра – зноў у школу. Хоць сабе і канец свету, але ў школу без планаў ды з неправеранымі сшыткамі не пойдзеш, права не маеш. Так што выкінь усё з галавы і – наперад! Сёння быў дзень цяжкі, а заўтра… Хто ведае, што будзе заўтра? А зрэшты, сёння быў звычайны працоўны дзень. Не ныць, не плакаць, не канючыць і сябе не шкадаваць! Галоўнае, не думаць, як табе цяжка. У цябе няма ні часу, ні права на асабісты лёс. Ты – настаўнік!

 

Частка другая

Лета… Непаравое, несапраўднае – красавіцкае. У сярэдзіне красавіка навалілася на зямлю, душыла яе ў млосных церпкіх абдымках лютая ліпеньская спякота. Тэрмометр у школьнай метэаралагічнай будцы не верыць сам сабе, бо ртутны слупок ледзьве не зашкальвае. Зямля, так і не дачакаўшыся зімою – снегу, а вясною – дажджу, пад бязлітаснымі сонечнымі промнямі ўжо ў красавіку патрэскалася, высмягла, учарнела. Трава яшчэ не вырашыла, ці ёй пускацца і смела расці, а ці пакуль перачакаць стыхію, затаіцца. Не вырашылі і дрэвы. Навучаныя горкім вопытам, маючы плойму гадоў за плячыма, яны добра разумеюць: нельга паддавацца спакусе, нельга верыць непаравому, здрадліваму, дачаснаму лету. Паверыш, выпусціш клейкія пупышкі, з якіх неўзабаве выпаўзуць кволыя салатавыя лісточкі, а маразы толькі гэтага і чакаюць. Вернуцца, накінуцца, драпежнікі, паядуць-панішчаць зеляніну, закружаць-заскачуць зласліва ў карагодзе са сняжынкамі, радыя кароткачасоваму вяртанню зімы. І – бяда: зялёнае стане чорным, маладое – мёртвым.

Але маразы і не думаюць вяртацца. Не дзень, не два і нават не тыдзень стаіць лета. Павольна, асцярожна, неахвотна, нібы прадчуваючы бяду, як са смалы вылазіць на белы свет зеляніна. Спачатку крапіва ды шнітка паявіліся ля плота. Потым нечакана зазелянеў агрэст, і з лесу дзеці нясуць ужо ахапкамі пралескі і кураслеп.

Дзеці бегаюць голыя, як у Пятроўку. Дзевяцікласнікі ўмудрыліся злятаць на возера і пакупацца. Заявіліся мокранькія да мяне на ўрок і пахваліліся. Самі не рады былі. Грымеў, як першы красавіцкі гром. Жартачкі, з дня на дзень чакаем комплексную праверку ў школе, а яны выбралі час купацца. Злягуць, чаго добрага, з запаленнем. Падвядуць класнага, падставяць усю школу. Дырэктар стопрацэнтна адправіць у калонію – толькі ўжо ўвесь клас, а Барытон з задавальненнем сыграе на адпраўках пахавальны марш на сваёй трубе. То будзе развітанне з маімі педагагічнымі памкненнямі. Хапіла мне аднаго сюрпрызу – калі Бусліка давялі да рэанімацыі, а назаўтра дзявяты не прыйшоў у школу. Я тады ноч не спаў, калаціла ад няпэўнасці, даймалі згрызоты, чаго толькі не перадумаў за ноч… Раніца пахавала ўсе мае начныя страхі і думкі, і на першы ўрок я з’явіўся свежанькі, як агурочак, юны, як майская зеляніна. Настаўнік, пераступіўшы школьны парог, не павінен выглядаць разгубленым і слабым. Бо твая разгубленасць і няўпэўненасць перадасца дзецям. І тады – крычы, прапаў. Заходжу ў дзявяты і… вітаюся з пустымі партамі. І, можа, упершыню за гады свайго настаўніцтва я разгубіўся не на жарт. Добра, што ў тыя хвіліны ніхто мяне не бачыў: ні дырэктар, ні Барытон, ні Баба. Я стаяў, як першакласнік, ля дошкі, рукі па швах. Падумаў, нешта, мабыць, нядобрае з Буслікам, кінуўся ў іншыя класы высвятляць, што здарылася. Ніхто нічога не ведаў. Сустрэў Аксану Валер’еўну і, як малое дзіця, пачаў раптам ёй спавядацца. Мы памяняліся ролямі, бо звычайна спавядалася яна. Аксана толькі паціснула плячыма. Яна таксама нічога не ведала. Зрэшты, ёй было не да нас, хадзіла бледная, сама не свая, і я, каб не быў такім разгубленым, абавязкова гэта заўважыў бы. У Аксаны паявіліся свае праблемы, пра якія я тады яшчэ не ведаў. А зараз… зараз пра іх ведае ўся школа. Грышка Кармен не вытрымаў, сарваўся, часцей стаў сыходзіць у запой, а выпіўшы, станавіўся зверам. Як падмянілі колішняга баявога ды ініцыятыўнага Грышку, які калісьці быў акторам у маім драмгуртку. П’яны, ён па-дзікаму і слепа раўнаваў. Мог бы прыраўнаваць нават да школьнага ганка. І ў прыпадку рэўнасці пускаў у ход кулакі. Аксана, пакуль было магчыма, хавала сваю бяду ад людзей. І ад сяброў нават таілася. Але ж колькі вяровачцы ні віцца… Немагчыма было схаваць азызлыя сінякі і крывавыя падцёкі. Так, я спачатку не ведаў, але, калі б і ведаў, што мог бы зрабіць? Грышка – не дзіця малое, поперак лаўкі не пакладзеш ды дзягі не ўшпіліш. І ён не вучань, якога дастаткова было б паўшчуваць. Ён ужо дарослы, самастойны чалавек, а кожны жыве, як хоча, як лічыць патрэбным.

Аксана моўчкі паціснула плячыма, і я, нічога не заўважыўшы, пабег пытацца ў малых. Дзіва, ніхто маіх дзевяцікласнікаў не бачыў, як у ваду канулі. Давялося паслаць ганца ў разведку, далекавата, аж на пасёлак, дзе жывуць хлопцы. Пакуль чакалі, чаго я толькі не выслухаў, і ад Барытона, і ад Бабы.

Баба даймала мо болей за ўсіх, яна не магла дараваць нам з Аксанаю тых “свіней”, вырашыла ўзяць рэванш:

– Во, а вы казалі, Віктар Фёдаравіч, падшыванцаў да парты не прывяжаш. А трэба было б і навязаць. Зусім распусціліся, – Баба быццам бы і спачувала, ды ад такіх спачуванняў калола ў сэрца, – вучыцца не хочуць, як толькі будуць здаваць экзамены? Во ўжо налле праціўнае! Выпхнем! Школа ўсіх выпіхвае. Каго – на вяроўку, каго – у турму…

– Ну, што вы, – з’еднічаў Барытон, – у іх у дзявятым – калектывізм, кругавая парука, ці не так, Віктар Фёдаравіч? Аднаму пагуляць захацелася – усе са школы сачкуюць.

Каб не было ў мяне іншага клопату: каб сэрца не балела па Бусліку, каб не блукаў я ў здагадках, што здарылася з маімі хлопцамі, знайшоў бы адказ і Барытону, і Бабе. А так – толькі махнуў рукою:

– Не хвалюйцеся, паважаныя калегі, вам пад акно мае выпускнікі паслання ў бутэльцы не панясуць.

І гэтага аказалася дастаткова, каб мае незычліўцы прыкусілі язык.

Дырэктар пакуль маўчала. Ведала, не магла не ведаць, калі раптам з Буслікам нешта здарыцца, атрымае не адзін Серада, а ўсе, і ёй, як дырэктару, першай дастанецца на арэхі. Пад Пагодзінай захістаўся раптам трон, і яна сваёй, выбачайце, сейсмаадчувальнай задніцай гэта адразу ж адчула, прызадумалася, прыціхла.

Яшчэ не паспеў вярнуцца ганец, як у настаўніцкай зазваніў тэлефон. Барытон падняў спачатку трубку, а затым, здзівіўшыся, бровы:

– Ого, злачыннасць выпаўзла на свет Божы і падае голас. Наш шаноўны Серада, просіць да тэлефона свайго сябра… гм… Журнала… э… Віктара Фёдаравіча…

…Той незабыўнай сакавіцкай ноччу, калі Журнал, адправіўшы хлопцаў дадому, накінуў зашчапку на кручок, не заснуў да самай раніцы ні ён, ні яго вучні.

Выйшаўшы на вуліцу, хлопцы ледзьве не схапіліся загрудкі.

– Падлы мы, падлы все. Я не могу, – перажываў Пячэнне. – Журнал прав, Буслик едва ли не на том свете, а мы всё ржем да подкалываем. Теперь вот над Журналом издевались, понтовали. Прикиньте, сколько у него сейчас неприятностей. Ведь по прокуратурам затаскают.

– І цябе, дарэчы, таксама.

– Мне, Боженька, по любому.

– А хто ржаў? Хто пантаваў? Ты ж сам і здзекваўся, – нахмурыўшыся, кінуў Ахвяра, адчуўшы, што каменьчык вось-вось паляціць у яго агарод.

– Харэ, пацаны, заводзіцца. Што было, не паправіш, а ў Бусла нам трэба прабачэння прасіць.

– Ты, Мілкі, завёўся, ты і прасі. А я тут ні пры чым.

– Нет, Жертва! Нет, пацаны. Все виноваты, все и поедем к нему, завтра же.

– А ў школу?

– Обойдётся. Учиться, Боженька, никогда не поздно.

Усё дэталёва абдумалі. Разумелі, што зноў падстаўляюць свайго класнага. Але трэба было выбіраць найменшае зло, і яны выбралі…

…Калі Серада пазваніў, я не стаў на яго лаяцца, ушчуваць. Не тая была абстаноўка. Мае калегі злавілі б вельмі многа кайфу. Таму я сказаў у трубку даволі суха, але канкрэтна:

– Дома пагаворым.

Дома пагаварылі. Хлопцы надоўга запомняць тую размову. Але ж, калі шчыра, я на іх месцы зрабіў бы таксама. Няма сумневу, я таксама паехаў бы прасіць у Бусліка прабачэння, плюнуўшы на ўрокі. Што тут казаць, без лішняй сціпласці… я выхаваў вучняў сваіх па сваім жа вобразе і падабенстве і ганаруся імі. Пячэнне, Мілкі, Ахвяра, Божанька – яны не кожнаму пададуцца салодкімі ды мілымі, але і не стануць па жыцці ахвярамі для сваіх ворагаў, а заўсёды па-боску, справядліва паступяць, так, як падказвае ім сумленне.

…Вырашылі не ехаць на аўтобусе, каб не сустрэцца з настаўнікамі, а цёмначы пешшу пайшлі ў суседнюю вёску, там селі ў аўтобус ужо на зваротным шляху і паехалі. У бальніцу зранку хто пусціць, тым болей, у рэанімацыю, куды не пралезе нават муха! Але куды не суне носа муха, там лёгка пралезе падлетак. Нам, дарослым, цяжка ўявіць, як можна апынуцца ўсім кагалам незаўважанымі на другім паверсе, у стэрыльным рэанімацыйным пакоі. Але, калі дзяжурны ўрач, якая выскачыла была літаральна на хвілінку, вярнулася назад, яна ўбачыла ля ложка хворага хлапчука, дастаўленага ўвечары на “хуткай”, чацвёра жывых бацылаў у стаптаных, брудных чаравіках. Усе мікробы свету толькі і марылі пра такое смелае нашэсце ў раённую рэанімацыю. Бацылы весела размахвалі рукамі, аб нечым ажыўлена перамаўляліся з хворым, смяяліся. І хворы таксама ўсміхаўся. Ад нечаканасці жанчына аслупянела, у яе адняло мову, яшчэ хвіліна – і можна было самой мяняцца месцамі з гэтым хворым хлапчуком. Але, на шчасце, дзяжурны ўрач аказалася з моцнымі нервамі і з добраю душою. Істэрыкі не закаціла, скандалу не нарабіла, больш таго, нават дазволіла нашым героям пабыць яшчэ з дзясятак хвілін з сябруком, а потым на свой страх і рызыку падпольнымі сцежкамі вывела іх на вуліцу. Хто ведае, мо ў гэтай жанчыны таксама падрасталі свае дзеці, а мо… Я неаднойчы казаў: ёсць людзі, якія педустаноў не заканчвалі, а ім бы ў школе працаваць, а ёсць наадварот – “педагогі” з вышэйшай адукацыяй, каго трэба трымаць на ланцугу як мага далей ад школы, каб не пакусалі дзяцей. Пасля візіту хлопцаў Буслік пачаў папраўляцца не па днях, а па гадзінах, на здзіў псіхолагам ды псіхіятрам, якія не маглі даўмецца, якая ж дзіўная метамарфоза адбылася з хворым.

Вось такія псіхолагі-псіхіятры вучацца ў нашым дзявятым класе. А зараз гэтыя псіхі выкупаліся ў возеры і ледзьве не сарвалі нам франтальную праверку.

Франтальная… Для настаўнікаў – атамная вайна. Нас, школьных настаўнікаў, трэба тэрмінова змяшчаць у вар’ятню для пацвярджэння самых змрочных дыягназаў. Разабраўшыся, што такое франтальная праверка? Тыя ж самыя экзамены, толькі раз у пяць гадоў. Але мы, педагогі, чакаючы гэтай наўры, даводзім сябе да стрэсу і па законе перадачы энергіі да стрэсу спрабуем давесці і дзяцей… Дзякуй Богу, нашых дзяцей не надта проймеш, асабліва сучасных “электронікаў”, у каго заміж органаў пачуцця іонавыя трубкі пракладзены. Але на тое мы і педагогі – прыкладваем усе намаганні, мабілізуем увесь свой талент, каб наша буйнае памяшальніцтва хоць крышачку перадалося і вучням.

Я, напрыклад, не лічу сябе закончаным ідыётам, не выглядаю затурканым і зашораным і не баюся, што магу даць бяздарны ўрок. На дошцы, у адрозненне ад дырэктара нашай школы, не напішу: “срада абітанія млека­кормячых”. Аднак і я баюся франтальнай, як чорт крыжа. Баюся, каб не разгубіліся дзеці, хаця яны ў мяне не з палахлівых. Але ж, убачыўшы ў нашай школе-маёнтку цэлае нашэсце “раяноўцаў”, разгубіцца можа і слон. А там, у аддзеле адукацыі, таксама розны народ. Адзін, бывае, прыедзе з галавою, а іншы метадыст – з указкаю заміж галавы. І вельмі прыкра, калі цябе правярае чалавек-указка. Хто ведае, з якімі думкамі сядзіць ён у цябе на ўроку, што скажа, што напіша пра твой урок. Баюся таксама і за Аксану, у яе матэматыка, і будуць даваць “зрэзы” – выбарачныя кантрольныя ў розных класах. Мы, настаўнікі, іх стрэсамі завём, бо на такіх кантрольных “зрэзах” можна зрэзаць любога вучня і зарэзаць любога настаўніка. Чыста псіхалагічны момант. А ў нашым дурдоме, дзе настаўнікі стараюцца падкузь­міць адзін аднаго, любую тактычную памылку можна лёгка ператварыць у правал. Я проста не сумняваюся, што Пагодзіна тут жа выкарыстае няўдалы “зрэз”, каб расправіцца са мною ці з Аксанаю. Праўда, захапляцца расправамі ёй не выпадае, бо за камедыю жахаў мясцовага маштабу ў раёне найперш дадуць па шапцы самому дырэктару. Але магчымасці папсаваць крыві няўгоднаму настаўніку Ала Міхайлаўна не прапусціць. Вось чаму кожны з нас чакае канца свету ў асобна ўзятай школе, і кожны моліць Бога, як умее…

Буслік акрыяў, расправіў крылы, як бы нічога і не было, ён зноў у школе. Праўда, як мне здаецца, гэта ўжо зусім іншы чалавек: ціхмяны, паслухмяны. Можа, падлізваецца? І хлопцы да яго па-іншаму пачалі ставіцца. Мусіць, нарэшце зразумелі сваю віну. Дай Бог! Хочацца, каб у нас у класе ўсё было добра. Тут жа мой астравок бяспекі сярод шумнай, поўнай нечаканасцяў вуліцы.

Часам лаўлю сябе на думцы, што не хачу ісці ў школу. Калі б там былі толькі дзеці – справа іншая. Надакучылі брудныя разборкі. Як на Камароўцы. Вось толькі гандлюем мы ці не самым каштоўным таварам – сумленнем.

Пасля таго, як Буслік вярнуўся з бальніцы, пацішэла і Навумаўна. Трэба думаць! Калі з такога ўрока не зрабіць вывадаў, значыць, не дружыць з галавою. Навумаўна не такая ўжо затуркаваная баба, каб не зразумець, што, капаючы яму іншым, яна ледзьве не выкапала яе ўласнаму сыну. Прыціхла і Пагодзіна. Пакуль Валодзю не чапае. Спусціла злосць на тармазах ды прытаілася? Але і мы з Валодзем таксама не лезем на ражон. Знайшоўся нарэшце яго бацька. Пасля маіх званкоў ва Украіну бацька не толькі знайшоўся, але і абяцаў хутка прыехаць. Абяцанкі-цацанкі… А мы з Валодзем і рады, рада і баба Пёкла.

Няўжо лета пачынаецца, а разам з ім наступае зацішша? Няўжо нарэшце настаў час расшпіліць гузікі на пінжаку і расслабіцца?

Расслабіўся. У палоне думак вяртаюся з працы. Іду і не бачу дарогі, не помню, як іду. Адчыняю браму і – вось табе сюрпрыз – у мяне на двары госці: Буслік, Мілкі. Буслік апошнім часам зачасціў да мяне, бывае, бадай, кожны вечар. Падлізваецца, адчувае, што я яго, як бы далікатней сказаць, асцерагаюся. Стаў прыходзіць і, што ж, людзі хутка прывыкаюць адзін да аднаго. Неяк разгаварыліся. Аказалася, не такі страшны Бусел, як яго малююць. Прынамсі, мы з хлопцамі, мусіць, памыляліся, намаляваўшы ў сваім уяўленні даўганосага Бусла з лісінай ухмылкаю. Хлопец ён дапытлівы, любіць пафантазіраваць. І хутчэй не хітры ён, а наіўны. Кніжак не чытае, затое днямі сядзіць ля тэлевізара, за кампутарам. Багатыя бацькі, нават на кампутар грошы не пашкадавалі. А сядзеўшы днямі ля экрана, хочаш не хочаш, нешта вывудзіш, можа, і больш каштоўнае, чымсьці паказваюць у тых фільмах для дэбілаў… Буслік – тэлеман, ля тэлевізара сядзіць гадзінамі і глядзіць усё запар.

Хлопцы ў мяне на двары, і яны, па-мойму, п’яныя?

– Не зразумеў, хлопцы, што вы тут робіце?

– Вас чакаем, Віктар Фёдаравіч, – прыкінуліся ягняткамі – хоць ты іх кладзі да раны. Не, тут нешта не на тым цесце замешана. – Вось вырашылі ў госці зайсці.

Нічога сабе вырашылі – заўтра франтальная праверка ў школе.

– Нешта вы мне не падабаецеся, госцейкі, ану дыхніце!.

– Віктар Фёдаравіч, – прасіліся хлопцы, – ну, раз у год можна крыху? Дзве гадзіны вас тут чакаем, лета-лета, але ж не май месяц. Мы з горада прыехалі.

– Што значыць, раз у год можна?

– Дык у Мілкі дзень нараджэння…

– Ага, вось чаму я вас сёння ў школе не бачыў. Што ж, заходзьце, імяніннікі, будзем клеіць разборкі.

Зайшлі. Паставілі на стол бутэльку шампанскага “Брут” (сапраўдны бруд – натуральны газаваны воцат) і… гарэлку белую.

Мне зрабілася блага:

– Вось што, хлопцы, вы мне, калі ласка, гэтыя жартачкі кіньце, – паспрабаваў я па максімуму закілзаць свае пачуцці, – падарунак мне прынеслі? Я ж не імяніннік. Увогуле, за каго вы мяне прымаеце? Семкамі, па-мойму, на базары разам не гандлявалі, свіней таксама з вамі не пасвіў. Вы часам не пераблыталі адрас, тут жыве Віктар Фёдаравіч Квадратны, ваш класны кіраўнік і настаўнік…

– Не толькі настаўнік, Віктар Фёдаравіч, вы – сябар наш. Гадамі будзем, самы сапраўдны карыфан.

І так гэта сур’ёзна, і так запальчыва, і ў вочы глядзяць, не зміргнуць, я ледзьве не расчуліўся, але ўзяў сябе ў рукі:

– Ну-ну, за карыфана дзякуй, хлопцы. Сябар, кажаце? Прыемна, вядома. Але ж не сабутэльнік. Колькі ж вам тлумачыць, як вы не разумееце? І што знайшлі прыемнага ў гэтым… пойле? Хлопцы, хіба не бачыце, колькі алкаголікаў па вёсцы ходзіць, дачасна састарэлыя, учарнелыя, яшчэ маладыя, а хоць ты іх у труну кладзі, жывыя нябожчыкі. А не жэняцца, бо ўжо ажаніліся з бутэлькаю, а ні на дзяўчат не глядзяць, бо ўжо даўно ў іх іншыя інтарэсы. Вы на іх хочаце падобнымі быць? Дык ведайце, я з такімі не сябрую.

– А вы хіба, Віктар Фёдаравіч, зусім не п’еце?

– Чаму ж, хлопцы, не буду вам маніць. Я таксама не святы. Бывае – выпіваю. Але заўсёды трэба ведаць месца і час, трэба ведаць меру, і галоўнае – не труціць сябе ўсялякай брыдотаю. Заўсёды памятай, што ты – чалавек, а не свіння. Самі ведаеце, як непрыемна, калі людзі паводзяць сябе па-свінску. А яшчэ важна, з кім п’еш. Адным словам, хлопцы, дай вам Бог дажыць да маіх гадоў і піць столькі, колькі п’ю я… Ну, вось, выслухалі маю лекцыю пра шкоду алкагалізму. Але што ж мне рабіць з вашым “падарункам”? Так, забірайце свой гасцінец, і будзем лічыць, што яго не было. На першы раз. А другім разам такі прэзент я занясу вашым бацькам, думаю, яны ўзрадуюцца…

– Няпраўда, Віктар Фёдаравіч, вы ж не шасцёрка, мы ведаем, – асцярожна запярэчылі мае сябры, з недаверам паглядваючы на мяне.

– Занясу, занясу, можаце не сумнявацца.

– Ну, Віктар Фёдаравіч, – даймалі хлопцы, – давайце вып’ем. То ж не проста так, а дзень нараджэння. Хіба вы нас не паважаеце?

– Чакайце, пацаны, пачалася п’яная балбатня. Паважаеце, не паважаеце, – забрала мяне злосць. – Хоць разумееце, на што вы мяне штурхаеце? На крымінал. Хочаце, каб заўтра ўсе Сматрычы пальцам паказвалі: вунь настаўнік пайшоў, які з дзецьмі гарэлку п’е?

– Хто будзе ведаць? Мы ж і самі маглі, удвух, вы і не ведалі б нават, а Мілкі кажа: давай да Журнала пойдзем. Ой, выбачайце…

– Вось вы і прагаварыліся, – засмяяўся я, – мы ўжо й запанібрата, хаця яшчэ й гарэлкі разам не пілі. Ладна, хлопцы, угаварылі. Так і быць. За дзень нараджэння вып’ю з вамі крыху шампанскага, калі ўжо за сябра трымаеце. І – хай мне даруе Бог. А гарэлку вашу, выбачайце, я канфіскую, і хай стаіць у мяне да лепшых часінаў, есці не просіць. Не бойцеся, не прысвою. Падрасцеце, паразумнееце, будзем вас у войска праводзіць, вось тады і бутэлька ваша ўсплыве. Дамовіліся?

Дамовіліся. На тым і пагадзіліся. Сапраўды, не аддаваць жа мне тую бутэльку Навумаўне. Не зразумее. Прыладзілі добрую закусь: зварылі бульбы, сасмажылі яечню, адкрылі дзве бляшанкі кансерваў, якія хлопцы “прадугледзелі” па такой нагодзе.

– Не хапае хіба шакаладу, – сумна пажартаваў я, – у лепшых дамах Парыжа шампанскае шакаладам закусваюць.

– А ў лепшых дамах Сматрычаў “шампуню” ўвогуле не п’юць, глушаць сваю, фірмовую, а закусваюць локцем, – засмяяліся хлопцы.

– А вось гэтага не трэба. Цану, хлопцы, трэба ведаць сабе. Тады і людзі паважаць будуць. Ну, што, адкаркоўваем шампанскае?

Корак выскачыў весела, бутэлька зласліва засіпела, быццам хацела апошні раз мяне папярэдзіць, але я да яе не прыслухаўся. То была мая вялікая памылка. Ці не з гэтага сіпення пачаліся мае далейшыя праблемы, якія адна за другою, як джын, будуць выскокваць з гэтае бутэлькі, каб пасмяяцца ды паздзеквацца з майго арыгінальнага застольна-педагагічнага эксперыменту…

– Ну, Марат, за твае пятнаццаць гадкоў, за тваё здароўе і шчасце. За вас, хлопцы, каб выраслі вы сапраўднымі мужыкамі, каб ні перад кім не згіналіся, нікому не кланяліся, каб нікога не баяліся, але і не крыўдзілі, асабліва слабейшага.

– За вас, Віктар Фёдаравіч, – не пагадзіліся хлопцы, – п’ем за тое, што вы ў нас ёсць, такі вось, просты, дэмакратычны, даступны. Мы ведаем, вы нас любіце і дабра нам хочаце, – расчуліўся Мілкі, – а мы… мы часам падлюкамі бываем. Але мы вырасцем і ніколі вас не забудзем. Не верыце? Пячэнне – ваш сябар, а мы горшыя хіба? Мы ўсе хочам з вамі сябраваць. Чым Пячэнне лепшы?

– Добра, хлопцы, за дружбу дзякуй. За дружбу вып’ем наступны тост, –
расчуліўся я.

Настаўнікі – таксама людзі, і, паверце, далёка не кожнаму з нас і, вядома ж, не кожны дзень шанцуе слухаць ад вучняў падобныя словы сяброўскага прызнання. Нялёгкая, няўдзячная, часам рызыкоўная наша прафесія. Лепіш-лепіш і не ведаеш, каго вылепіш, што атрымаецца з гэтага сырцу, назва якому – падлетак. Вынікі сваёй працы ўбачыш толькі праз многа гадоў, і хіба ты можаш быць упэўнены, што яны акажуцца станоўчымі? І таму пачуць ад вучняў добрыя словы – вялікае шчасце. Эх! Каб гэтыя словы былі сказаныя не за келіхам шампанскага…

Я прывык, што жыццё маё не такое і сам я не такі па жыцці. Часцей не знаходжу паразумення ў дарослых, а сябрую во з дзецьмі. Дарослыя – гэта ж сапсаваныя дзеці. Нягледзячы на ўсё, што здарыцца потым, я ўсё роўна буду лічыць, што тыя словы маіх вучняў былі шчырымі, ішлі ад сэрца. Проста дзеці яшчэ не заўсёды ўмеюць кантраляваць свае ўчынкі. А праз многа гадоў я знайду пацвярджэнне сваім самым лепшым спадзяванням.

Мы паднялі келіхі і адчулі момант урачыстасці, шчымліва-радасна зрабілася на душы. Шкада, што гэта быў усяго толькі момант, але я пра тое яшчэ не ведаў…

Для поўнага шчасця хлопцам спатрэбілася вельмі мала “Бруту”. Пасля другога фужэра яны асалавелі, апусцілі насы, завялі п’яную гамонку. Я не на жарт спалохаўся. Як магло стацца, што іх так хутка разнесла? А яны мяне супакойвалі:

– Ды на старыя дрожджы, Віктар Фёдаравіч!

Ах, нягоднікі! Мабыць, смакталі тую гаручку сёння цэлы дзень, а я аслеп і нічога не бачу. Дзень нараджэння, ці бачылі, хацелася адзначыць. Наклюкацца вам захацелася. Падчапілі Журнала на кручок, як дурнога карася.
І што мне зараз рабіць? Трапіў у нерат, ні ўзад, ні ўперад.

– А ў мяне вось што ёсцека, – дастаў з кішэні Бусел завушніцы, – залатыя.

– Ого, ану пакаж! Дзе ты браў? – здзівіўся Мілкі.

– Месцы трэба ведаць.

Я не зважаў на іх балбатню. Адно было наўме: што рабіць зараз? Ся­дзяць, насамі дзюбаюць. Выгнаць іх з хаты? Ужо не выганіш. Куды пойдуць? Буслік пойдзе расказваць Навумаўне, як ён у Журнала набраўся… Знарок не прыдумаеш… Прыязджай зараз Круцель і забірай усіх трох цёпленькімі. Не, дамоў іх не адправіш і нават бацькам не пазвоніш. Выйсце адно – трэба як мага хутчэй пакласці спаць, мо яшчэ да вечара праспяцца? Ды дзе там укладзеш!

– Віктар Фёдаравіч, Мілкі, я вас… я вас так па-а-важаю, я вам так зайздрошчу. Вы для мяне як богі. Не верыце? Ну, скажыце, Віктар Фёдаравіч, хоць вы скажыце… Навошта я жыву? Вы мною ўсе пагарджаеце, ненавідзіце вы мяне. Хто я? – біў сябе ў грудзі Бусел. – казяўка я, блыха вашывая…

– Ды што ты вярзеш?! – Мілкі ўдарыў кулаком па стале, ажно падскочылі, зазвінелі фужэры. – Хто цябе чапае, хто крыўдзіць? Мы цябе, Бусел, за каўнер у калектыў цягнем, а ты выпендрываешся і забіваеш сабе галаву ўсялякаю лухтою. Колькі можна пра адно і тое ж? Праўда, Віктар Фёдаравіч?

– Так, усё, хлопцы, хопіць, адзначылі дзень нараджэння. Усе задаволены, усім весела. А зараз падымайцеся з-за стала і – спаць.

– Давайце яшчэ пасядзім, Віктар Фёдаравіч, песні паспяваем.

– Засталося толькі паспяваць песні…

– А чаму вы такі невясёлы, Журнальчык Фёдаравіч? Аддайце нам тую бутэльку…

– Хопіць крыўляцца! – не вытрымаў, гаркнуў я, моцы болей не ставала. –
Зараз жа марш на ляжанку!

– Не-а, мы лепш дадому пойдзем.

– Толькі праз мой труп! Не хапала, каб бацькі вас гэткімі ўбачылі.

– Арыш-тавалі! – засмяяліся мае п’янтосы. – А хоць абкурыцца можна?

– Яшчэ чаго, гора маё з перцам. На ланцуг вас хіба пасадзіць?

Пусці свінню за стол – яна і ногі на стол. Ненавіджу п’янтосаў! Ад сваіх Бог крыў, дык з чужымі валэндацца даводзіцца. У Бусла з кішэні выглядвала пачка цыгарэт. Я акуратненька, дзвюма пальчыкамі, каб не пачуў, выцягнуў іх і схаваў. Далей ад бяды. Заўтра аддам. Мілкі ўбачыў, але, малайчына, выгляду не падаў.

– Віктар Фёдаравіч, мы дзяўчатам пазвонім, можна?

– Ладна, званіце, – здаўся я, – толькі не ў Амерыку.

Сталі званіць, ды ці то дзяўчатам не спадабаліся іхнія п’яныя заляцанкі, толькі хутка тая справа ім надакучыла. Бусел зноў успомніў пра цыгарэты, хапіўся, а іх няма.

Я пасміхнуўся:

– Аддам табе, Віця, заўтра твой “Саюз-Апалон”. Багаты. Добрыя цыгарэты паліш. Няўжо і бацькі ведаюць? А сёння – патрываеш. Так надзейней.

Абурыўся хлапец, пабушаваў крыху, але аціх.

Пакласці іх спаць аказалася не так лёгка. Раз-пораз падымаліся, бегалі на вуліцу, як быццам выпілі не паўбутэлькі “Бруту”, а цэбар брагі. Але нарэшце супакоіліся, захраплі.

Нарэшце я адчуў сябе спакайней. А мо як абыдзецца? Маліў Бога, каб ён мне дапамог. Сон не ішоў, хаця за акном ужо сцямнела. Прылёг, ды адчуваў сябе на ложку, як скурат на агні. Даймалі, кусаліся неспакойныя думкі. Што я нарабіў?! Чаму не апомніўся раней, чаму сеў са сваімі вучнямі за бутэльку? Што ж ты мяне, Божа, не ахаваў, не папярэдзіў, чаму падштурхнуў на такі неабдуманы, недарэчны, дзіцячы ўчынак і паслаў тым самым мне новае выпрабаванне? Так і ляжаў з адкрытымі вачыма, нават забыўшыся на нейкі час, што заўтра ў школе чакае мяне яшчэ адно выпрабаванне – франтальная праверка. Ды мо так яно і лепей: меней думак – меней хвалявання, усё ўладзіцца само сабою. Мо Бог знарок хацеў мяне адарваць ад думак пра заўтрашнюю муштру? Часам не ведаеш, як лепей паступіць. Хочаш як лепш, атрымоўваецца – як дыктуе лёс. Дый ніхто не прыдумаў яшчэ гатовых рэцэптаў і правілаў для таго свяшчэннадзейства, якое мы так празаічна называем выхаваннем. Хіба лепей: каб мае хлопцы выпілі той “Брут”, змешаны з гарэлкаю, недзе там, на заўголлі. Ці дапаўзлі б яны дадому, набраўшыся? А так спакойна спяць у мяне за печкаю. Вядома, я мог бы прагнаць іх і тым самым спіхнуць з сябе віну. І яны пайшлі б піць на вуліцу. Але кім быў бы я пасля гэтага? Хіба настаўнікам? Цікава, як бы на маім месцы паступіў Макаранка? Можна было б, як яны кажуць, “нашасцярыць” бацькам. Толькі не такім бацькам, як Навумаўна. Баюся, Навумаўна дапамагла б сыну, як хваробе кашаль. Вядома, заўтра я дам хлопцам прачуханцу. Абы толькі сёння пранесла…

Бліжэй да паўначы Мілкі заварушыўся, няўцямна падхапіўся, працёр вочы, нейкі час азіраўся па баках, не мог сцяміць, дзе ён і як сюды трапіў. А сцяміўшы, асцярожна, каб нікога не разбудзіць, пачаў апранацца.

– Ты куды? – здзівіўся я. – Ляжы яшчэ.

– Не, ісці трэба, – адказаў ён разважлівым, памяркоўным голасам, голас быў цвярозы, і я паспакайнеў, – бацькам абяцаў вечарам дома быць. Колькі часу?

– Ды, мусіць, недзе ля поўначы.

– Пайду.

Я не стаў хлопца затрымліваць. Неўзабаве Мілкі пайшоў, а Буслік застаўся храпці на ляжанцы.

Пэўны час я ляжаў у палоне цемры і сваіх невясёлых думак, вочы ў лоб кульнуўшы, здавалася, шклянымі зрабіліся вочы – вялікімі і важкімі. Сон не браў мяне, стомленага, змардаванага. Раптам у акно пастукалі. Я ўвесь сцяўся, стараючыся не дыхаць, спрабаваў угадаць, хто. Трывожнае прадчуванне балюча жыгала, апякала свядомасць. Зноў загрукалі, на гэты раз больш настойліва. Нічога не зробіш, трэба было адчыняць. Не сказаць, каб я баяўся каго, бо не адчуваў за сабою вялікай віны, але ўсё роўна было прыкра.

– Хто там? – спытаўся і пачуў голас Навумаўны:

– Фёдаравіч, мой Віця ў вас?

Так і ведаў. Трэба было і чакаць. Бацькі разумелі, што іх сынок часта трапляе ў розныя гісторыі і, ледзьве сцямнее, ездзілі на сваім “Масквічы”, шукалі, балазе ў старшыні калгаса бензіну не мерана. Вось бы такую ўвагу і клопат праяўлялі Буслаевы да сына ўвесь час, каб не адчуваў сябе пакінутым, падстаўленым уласнымі бацькамі, каб не даходзіла справа да пятлі і рэанімацыі. Пашукаць сына і прывезці яго “бервяном” дадому прасцей. Заняцца ж яго выхаваннем ў Навумаўны бракавала часу, трэба было плясці інтрыгі і зводзіць рахункі, помсціць, ці проста збіраць па вёсцы плёткі.

– Праходзьце, ляжыць вунь за печкаю. Можаце забіраць, – сказаў я сурова і абыякава, нават з выклікам. Хавацца і прыніжацца не было сэнсу і не хацелася.

Навумаўна зайшла ў хату насупленая, як індычка, нават не запытаўшыся, не папрасіўшы ні дазволу, ні прабачэння, нахабна, у ботах, прайшлася па ўсіх маіх паласах – таўклася па душы. Дзеці, у тым ліку і яе Віцька, ніколі б сабе такога не дазволілі. То ж дзеці… Пакуль Навумаўна сцягвала яшчэ не працверазеўшага сына з ляжанкі, пакуль апранала яго, мы са старэйшым Буслаевым стаялі ў парозе, маўчалі. Я паспрабаваў быў растлумачыць, што хлопцы прыйшлі да мяне самі, падвыпіўшыя, што прынеслі гарэлку, але мяне ніхто не слухаў. Ён маўчаў, а яна абліла мяне змяінай ухмылкаю, усё роўна як плюнула ў твар, і я замоўк. Зразумеў, што апраўдвацца няма перад кім. Застаецца цярпліва чакаць, што будзе. А чаму быць, таго не мінуць. Буслаевы пайшлі, не развітаўшыся. Я стаяў пасярод пустой хаты, агаломшаны, прыніжаны, растаптаны. Гэтаксама, як у хаце, пуста было і на душы. У душу плюнулі, і, напэўна, зараз доўга трэба будзе выцірацца. Наперадзе чакала мяне невядомасць і няпэўнасць. Але трэба было неяк жыць і змагацца…

 

…Даўно не бачыла наша маленькая школка такога татара-мангольскага нашэсця. Мусіць, увесь раённы аддзел адукацыі зрушыў з месца, пакінуўшы гадамі наседжаныя гнёзды, і, як на пажар, вылецеў у далёкі вырай. Як Калумб у свой час Амерыку, так “раяновец” адкрыў раптам нашы Сматрычы. Я не здзекуюся і не блазную, я – на поўным сур’ёзе. У раёне каля сямідзесяці школ. Ёсць прыгарадныя і пашаноўныя, на базе якіх і семінары розныя праводзяць, і адкрытыя ўрокі, і метадычныя аб’яднанні. Гэта ўзорна-паказальныя школы, туды і чорта возяць на кабыле, і Бога на аўтамабіле. Ёсць школкі-сераднячкі, што і на Парнас не лезуць, і ў смале не кіпяць. Жывуць сабе і жывуць, на даверы ў “РАА”, ні іх не чапаюць, ні яны не галёкаюць. А ёсць і такія, як наша, Сматрыцкая, базавая, запушчаная, забытая і забітая, да таго ж – проці ліха на ўзгорку, дзе пень на калоду брэша. Пра такія школкі ўспамінаюць тады толькі, калі там, не дай Бог, здарыцца які педагагічны катаклізм. Хвала Усявышняму, у нас яшчэ ніхто нікога не забіў, не было канібалізму. А што самаедства, дык у якім настаўніцкім калектыве яго нямашака? А яшчэ ўспамінаюць пра такія школкі, калі надыходзіць час планавай франтальнай праверкі.

Праўда, пра нашу школу ў раёне ўжо ведаюць. Мы праславіліся – шыла ў мяху не схаваеш – пасля таго, як Пагодзіна заелася са мной і з Аксанай і паспрабавала прымяніць, так сказаць, эканамічныя санкцыі, вырашыўшы пасадзіць Аксану на голую стаўку, той нічога не заставалася, як ехаць у РАА. Паехала да самой Шышкінай – да загадчыцы, і ўсе як ёсць факты ёй вываліла прама на стол. Не столькі пра сябе казала, колькі пра нашую “педагагічную кухню”. І пра Барытона з ягонымі п’янымі выпускнымі вечарамі, і пра Бабу з яе “свінячым інтэлектам”, які ў нас з падачы дырэктара ўзводзіцца ў абсалют, і пра самую Пагодзіну, што акружыла сябе падхалімамі і трымаецца аберуч за трон. Таму, відаць, і акружыла сябе шэрасцю, якая па-за канкурэнцыяй. Падумаць толькі, Пагодзіна набралася нахабства, паставіла Аксане, якая працуе, бы гадзіннічак, прагул за тое, што яна на дзень пазней вярнулася з хаўтураў, пазбавіла яе прэміі і хацела забраць гадзіны інфарматыкі, каб аддаць іх Барытону. Вось і праславілася наша школа, бо Аксана не дазволіла сябе зрабіць крайняй.

 

* * *

Шышкіна слухала вельмі ўважліва, не перабівала, часам задавала пытанні. Яна і сапраўды мала чаго ведала пра Сматрыцкую базавую. Жонка вайскоўца, прыехала ў наш раён зусім нядаўна і толькі першы год працуе загадчыцай аддзела адукацыі. Лідзія Паўлаўна пажыла ў вялікіх гарадах, напрацавалася ў гарадскіх школах, доўгі час была дырэктарам. Напэўна, сама ведала, як цяжка працаваць, “когда в товарищах согласья нет”. Але з праблемамі сельскай школкі ёй сутыкацца, бадай, не даводзілася. Хіба ў той час, калі яшчэ сама ў ёй вучылася. Вось і слухала ўважліва. Слухала і не верыла, што яшчэ вучаць дзяцей у былых панскіх маёнтках, дзе паляць у гробцы дровамі, і таму атмасфера фізічная ў прамым сэнсе залежыць ад амбіцыйнай прыбіраль­шчыцы, а духоўная – ад кіраўніка-шаленца… Чым яна можа дапамагчы гэтай маладзенькай дзеўчынёсе, якая прыехала ў раён, як да Бога, шукаць праўду? Дзяўчыне хацелася паспавядацца, і яна, загадчыца, мусіла ўзяць на сябе ролю святара. Выслухала, і не проста адчэпнага, а цвёрда паабяцала:

– Едзьце і працуйце, і ніхто вас болей не зачэпіць.

А яшчэ паабяцала абавязкова прыехаць у далёкія Сматрычы, за сорак кіламетраў, каб самой на месцы ўбачыць і разабрацца, што да чаго. Бо, да сораму свайго, яна ў той далёкай школе яшчэ ні разу не паказвалася. Аб’езд перад пачаткам навучальнага года рабіў яе папярэднік. Спадчына ёй, казаць шчыра, дасталася незайздросная. Тут дахі цякуць – хоць начоўкі падстаўляй, там трэба пераабсталёўваць кацельні. Не кажучы пра тое, што школам не маеш даць ні капейкі, не тое што на рамонт даху – на слоік фарбы. Дзікунскія рэаліі дзікунскага часу. Вось абрынуцца нашы школкі, і трэба будзе ўжо не ў панскіх маёнтках дзяцей вучыць, а пад адкрытым небам. Горш, чым у вайну.

Закруцілася-завярцелася новая загадчыца ў калатнечы спраў, і да Сматрычаў пакуль не даехала. А трэба і да тае школкі дабрацца. Кажуць, дырэктар там вельмі слабенькі ды бездапаможны, да таго ж, не мясцовы, ездзіць аж з горада, за дзесяткі кіламетраў. Пералётныя настаўнікі – як птушкі ў выраі: гнёздаў не ўюць і песень не спяваюць. Ездзіць за дзясяткі кіламетраў, чаму ж не ўладкуецца на месцы? Бывае, настаўнікі “не цягнуць”, як спецыялісты. Такіх нідзе не хочуць браць, і яны самі зашываюцца ў глушмені, дзе кантроль слабейшы, тым больш, калі ты сам сабе начальнік. Зрэшты, не пабачыўшы сваімі вачыма, не разабраўшыся як след, нельга ацэньваць чалавека толькі на падставе чутак. Аднак жа Пагодзіна не спраўляецца і як кіраўнік. Школа засталася фактычна без рамонту. Паліва вобмаль, і зімою дзяцей ледзьве не памарозілі. Затое горача ў калектыве. Ідзе вайна. Вось і да райцэнтра дайшлі адгалоскі кананады. Трэба разбірацца, прыглядвацца, аналізаваць сітуацыю і, магчыма, мяняць кіраўніка. На каго? Чаго добрага, памяняеш быка на індыка. Які дурань зараз паедзе ў забітую, закінутую вёску, нікому не патрэбную, каб там добраахвотна падзвіжнічаць? Часіны Лабановіча – маладога Якуба Коласа – даўно мінуліся… Прайшло, лічы, сто гадоў, а вёска да гэтага часу не можа выбрацца з багны, у якой загрузла па вушы яшчэ да рэвалюцыі. Селянін дагэтуль, можна сказаць, працуе за проста так, нават не за “дзякуй”, бо і дзякуюць яму не заўсёды. Дырэктар вясковай школы атрымлівае меней, чым прыбіральшчыца ў камерцыйным банку. Так што хіба самазабойца, альбо псіхічна хворы чалавек рызыкне ехаць з горада ў вёску на пасаду дырэктара базавай школы. Трэба шукаць кагосьці з мясцовых. І кадры вясковыя добра ведаем. Цэлы атрад пенсіянераў, хто мо і рад быў бы выпаўзці з хлява, ды без гаспадаркі асуджаны па пагібель. Яны забыліся не толькі пра кніжкі, але і пра газеты. Пра які тут можна казаць інтэлект?.. Брыгада алкаголікаў бальзакаўскага ўзросту, якія спіліся ці ад адчаю, ці ад безвыходнасці. Некалькі ўплывовых прыстасаванцаў, якія налаўчыліся хапаць чужое і век свой паразітуюць на людской нядолі. І яшчэ – пара-тройка дзівакоў. Часам гэта фанаты. Але пытанняў да іх не меней, чым да любой іншай катэгорыі. Хаця б таму, што яны не з’ехалі, не ўцяклі з вёскі, у той час як у нармальнага чалавека спрацаваў бы інстынкт самазахавання. Вось і ўвесь кантынгент. Выбірай.

Ёсць у Шышкінай на прыкмеце адзін такі настаўнік, акурат з гэтых самых дзівакоў. Ён можа, нягледзячы на паважны ўзрост, гайсаць з дзецьмі на веласіпедзе. Але свой прадмет – беларускую мову і літаратуру – ведае на выдатна. Ва ўсякім разе, так кажуць метадысты. Але ж выдатны прадметнік – не абавязкова выдатны кіраўнік. Дый ці згодзіцца чалавек, калі ён на сваім месцы працуе, мяняць яго на чужое і мулкае крэсла? Лідзія Паўлаўна вырашыла бліжэй пазнаёміцца з настаўнікам Квадратным. Трэба ехаць у Сматрычы. Паабяцала – і прыехала, на франтальную праверку ў школу.

 

* * *

Наляцела, як вераб’ёў на свежую салому.

Я прыйшоў у школу і разгубіўся. Дагэтуль не здагадваўся, што ў аддзеле адукацыі засядае такая гвардыя. Вось бы ўвосень прыехалі да нас на лён, а то так і зазімаваў, пакуль Буслаеў у сваім церамку катлы ў качагарцы мяняў. Кабеты мажныя, плячыстыя, плечы – як у мужыкоў, а рукі, наадварот, далікатныя, гарадскія, пальцы – як падушачкі. Не падобна, што такія рукі свіней гадуюць. Наша Сяўніцкая і тут аказалася ў меншасці. Бледная, безнастраёвая сядзіць Пагодзіна. Цікава назіраць, Пагодзіна насупленая, а… усміхаецца. У Алы Міхайлаўны ўсмешка квашана-марынованая, хоць ты ёю заміж расолу з бадуна галаву лячы. А мне б сёння і не зашкодзіла. Можна, аказваецца, і не піўшы хадзіць “пад шафэ”. У галаве – нібы ў малатарні, ці ад думак невясёлых, ці ад бяссоннае ночы. Зайшоў у настаўніцкую, сеў ціхенька ў кутку і сяджу, не рыпаюся, толькі вокам лыпаю ды брывом стрыгу – ці хто мяне зачэпіць? А зрэшты, мне – фіялетава! Абыякавасць, ці то апатыя напала. Ат! Чорт з вамі, рабіце што хочаце: ніжэй шараговага настаўніка не разжалуюць, далей Сматрычаў не сашлюць. І – зачапілі. Падышла высокая, чарнявая, вельмі мілавідная і, дзякуй Богу, не дэбільная – па твары бачна – дама і першая, зусім па-мужчынску, моцна паціснула руку:

– Будзем знаёмы – Шышкіна Лідзія Паўлаўна.

– Квадратны. Настаўнік літаратуры, – зніякавеў я, кладучы ў яе маленькую далонь сваю шырокую лапату, якая самому падалася мне шуфлём. Мо трэба было неяк па-іншаму зрабіць знак увагі, але ж мы “пажаскіх” карпусоў не заканчвалі, дый не ў маёй натуры распаўзацца перад начальствам, як алей па патэльні.

– Хацела б пабыць у вас на ўроку, – прапанавала сарамліва, быццам прасіла, баючыся, што не пушчу, але ж агрэла мяне сваёй прапановаю, як абухам. – Шмат пра вас чула, але ні разу не пашчасціла быць на вашых уроках.

Вось дык сказанула! Баба, якая стаяла побач, папярхнулася і закашлялася. Пагодзіна якраз выходзіла са свайго кабінета – застыла на парозе. Гледзячы на яе, можна было спалохацца, бо ўсмешка, загадзя падрыхтаваная, не паспела сысці з яе твару, а твар быў чалавека, гатовага клікаць на дапамогу. Уявіце чалавека, які крычыць: “Пажар! Гарым!” – і пры гэтым усміхаецца.

Мне, праўда, было не да назіранняў. У галаве перастала гусці, затое памутнела – як у туман зайшоў. Вочы аж замружыліся ад гарачага прыліву, які раптам хлынуў да скроняў. Ногі зрабіліся ватнымі і не слухаліся, зусім як на дзяржэкзаменах ва ўніверсітэце. І неслухмяным языком, які – сорамна прызнацца – прыліп да зубоў, я прамямліў:

– Калі ласка, у мяне зараз літаратура ў дзявятым.

І павёў яе на свой урок…

…Толькі не хапала… За тое, што ўчора не было часу ні думаць, ні рыхтавацца. Мо так і лепей? Поўны экспромт. Вёў на ўрок такую важную госцю, а думкі блукалі далёка за межамі школы. Што будзе? Як павядзе сябе Навумаўна? Ці хаця праспаліся, ці прыйшлі ў школу Мілкі з Буслікам? Зразумела, што дома нічога не вучылі. Зрэшты, што тут вучыць, не наеўся – не наліжашся.

Канец чвэрці, канец года, і мы зараз паўтараем пройдзенае. Калі я не навучыў іх за год, за пяць, то штурмуй не штурмуй – адным днём нічога не зменіш. Толку, калі б яны ўчора сядзелі за падручнікамі, а я дрыжэў бы, чакаючы гэтага адкрытага ўрока. Так я сам з сабою разважаў, паціху супакойваючыся і апраўдваючыся. Ну, што ж, няхай гэты ўрок і сапраўды будзе нашым іспытам, дарагія мае дзевяцікласнікі. Што змог я вам адкрыць, што змог сказаць новага ў гэтым цудоўным свеце, назва якому – беларуская літаратура, у свеце, поўным яркіх каляровых вобразаў і суровых жыццёвых рэалій, у свеце, які вельмі падобны да таго, дзе мы з вамі жывем, каб толькі ён не быў светам нашага ўяўлення і нашых лепшых спадзяванняў, якія, на жаль, не заўсёды збываюцца…

Рыторыка… Прыгожыя словы. Пафас. А для іншых літаратура – жыццё і лёс.

Адчыніў дзверы – і гара звалілася з плячэй. Усе мае вучні на месцы, ся­дзяць, як ліпеньскія агурочкі на градцы: свежанькія, маладзенькія, калі пад руку, мо і калючыя, але ж вельмі прыемныя на выгляд. Убачыўшы чужога, дзеці не збянтэжыліся, наадварот, дыпламатычна заўсміхаліся, усё роўна як адчулі добрую энергетыку чалавека. І гэта прыдало мне ўпэўненасці, супакоіла канчаткова.

– Добры дзень, дзеці, – павітаўся я, як штодня, без пафасу, тым самым даўшы зразумець, што нічога не здарылася і наперадзе – звычайны ўрок, але затым сказаў зусім іншае, – у нас з вамі сёння госця, загадчыца раённага аддзела адукацыі. Як і належыць гаспадарам, прымем жа госцю дастойна, пакажам, на што мы здольны, пахвалімся сваімі ведамі. Калі ласка, Лідзія Паўлаўна, праходзьце. Урок у нас сёння, хлопцы, не зусім звычайны, а, назавем так, выніковы, падагульняючы. Сёння ў нас урок духоўнай сталасці…

 

* * *

…Асцярожна, сарамліва прайшла Лідзія Паўлаўна да свабоднага стала, якіх у гэтай школе, яна заўважыла, было значна болей, чым занятых, села і – растварылася, яе не стала.

Колькі ўжо гадоў заходзіць вось так у клас правяральшчыцай: кантралёрам ці то рэвізорам – і ніяк не можа прывыкнуць да гэтай далікатнай місіі. Бывала на ўсялякіх уроках: на слабенькіх і на сярэдніх, і на вельмі ўдалых, нават таленавітых. Падчас адных так карцела падняцца і дапамагчы беднаму настаўніку, які, да таго ж, яшчэ й разгублены, бадай, панічна баіцца чужога чалавека ў класе. На іншых уроках было ўсё наадварот: стройна, прыгожа, лагічна і нават бліскуча. Але яна, настаўнік вопытны, адчувала: блішчыць, ды не золата, проста педагог вельмі пастараўся, навёў глянец, як салдат на ботах перад чарговым аглядам, падпусціў пылу ў вочы чужаку. Гэта адразу бачна, нават няўзброеным вокам. У такіх выпадках Лідзія Паўлаўна не тое, каб злавалася, яна, зноў жа, шкадавала настаўніка. Не разумее чалавек, што ён робіць. Пускае пыл у вочы. Каму? Навошта? Можна, вядома, пастарацца і, як рэжысёр на сцэне, паставіць у класе аднаразовы ўрок-спектакль. Можна заваяваць часовую сімпатыю ў начальства, атрымаць грамату і нават больш значную ўзнагароду. Але ж немагчыма акаўпачыць самога сябе. І тым болей – дзяцей. Заўтра ты зноў да іх прыйдзеш у клас, вашы вочы сустрэнуцца. Як ты пасля гэтага самага ўрока-спектакля насмелішся зірнуць ім у вочы? І потым, талент педагога, як і каханне: альбо ён ёсць, альбо яго нямашака. Немагчыма быць крышачку цяжарным, немагчыма быць крыху настаўнікам. Дарэмная трата часу, ніхто і нічога з гэтага “крыху” не народзіцца. І ўсё ж Лідзія Паўлаўна ўзяла за правіла як мага радзей умешвацца ў святое святых педагагічнае справы – у ход урока. Нават пасля ўрока яна вельмі рэдка рабіла заўвагі, а тым болей разносы. Часцей рабіла вывады для сябе, лічыла, што ўрок – як маладая, незалежная дзяржава, як шчырая споведзь, як малітва, не дапускае грубага, бесцырымоннага ўварвання, гэта такая тонкая матэрыя – тыцні пальцам і разыдзецца па швах.

Яна, як заўсёды, прысела на галёрцы, растварылася, ператварыўшыся ў слых і ўвагу, падрыхтавалася ацэньваць, рабіць высновы, і раптам адчула, што… упершыню прысутнічае на падобным уроку. Так, яна ведала, куды прыйшла, чакала ўбачыць моцны, таленавіты ўрок. Нічога дзіўнага. Збіралася толькі вызначыць, ці многа тут экспромту, ці болей загадзя прадуманага, не выключала нават крышачку паказушнасці. Але тое, што адбывалася, перакрэсліла ўсялякія нормы і ўяўленні.. Якая там паказуха! Урок быў поўным экспромтам. Больш за тое, да яго ніхто не рыхтаваўся: ні настаўнік, ні дзеці. Гэта Лідзія Паўлаўна адчула адразу. Заставалася толькі гадаць, што перашкодзіла Віктару Фёдаравічу падрыхтавацца? Самаўпэўненасць? Ды не, па ўсім відаць, ён не з такіх… Але ж тое, што адбывалася ў класе, змусіла яе забыць пра гэтыя дробязі. Тым болей, што, адчула, яна і сама аказалася непадрыхтаванай да такога павароту. Ішоў аўтарскі ўрок. Прычым, яго аўтар быў не проста таленавітым, але і смелым, бескампрамісным. Цяжка сказаць, чаго тут было болей: артыстызму, эксперыменту, эрудыцыі? На ўроку літаратуры дзеці працавалі – не-не, тварылі – алоўкамі. Кожны з іх браў па адным ці па некалькі каляровых алоўкаў, каб намаляваць сваю жыццёвую сцежку, кожны браў такі аловак, які хацеў, кожны маляваў тое, што лічыў патрэбным. Мала намаляваць. Сваю жыццёвую сцежку трэба было прайсці. Жыццё пражыць – не поле перайсці. Прайсці жыццёвы шлях кожнаму з іх павінны былі дапамагчы любімыя героі любімых кніжак. Вобразы, урыўкі з вершаў, сюжэты паўставалі самі, нязмушана, не па выкліку і не для адзнакі, а толькі для таго, каб упрыгожыць сваю сцяжыну, годна прайсці па ёй. Можна вывучыць альбо не вывучыць урок, але немагчыма без сістэматычных трывалых ведаў па літаратуры скласці цэлы будынак з літаратурных вобразаў і персанажаў. Кожны вобраз і кожны персанаж – як цаглінка ў муры, а цэментуюць іх уласныя разважанні, уласны светапогляд. Арыгінальна, вобразна, аргументавана, цікава. Ды так цікава, што Лідзіі Паўлаўне і самой карцела папрасіць каляровы аловак і праверыць самую сябе.

І ўсё ж уразіла Шышкіну не столькі арыгінальнасць самога ўрока з яго мудраю прастатою, колькі атмасфера ў класе. Дзеці не проста захапіліся ды паплылі па цячэнні ў тым накірунку, які прадвызначыў настаўнік. Кожны з іх быў капітанам і прымаў самастойныя рашэнні. Былі хвіліны, калі Лідзія Паўлаўна са здзіўленнем заўважала, што ўрок вядзе не Віктар Фёдаравіч, а… дзеці, настаўнік жа, ператварыўшыся ў звычайнага падлетка, штосьці крэмзае алоўкам, недаверліва слухае, сумняваецца. Ініцыятыву перахапілі ў настаўніка дзеці і панеслі яе развіваць далей. Такія метамарфозы ёй даво­дзілася бачыць упершыню: каб дарослы чалавек ў нейкія хвіліны выпускаў штурвал з рук і поўнасцю давяраўся логіцы падлеткаў. Гэтаму павінна была папярэднічаць, на яе погляд, гіганцкая падрыхтоўчая праца. Так мог паступаць толькі абсалютна ўпэўнены ў сваіх магчымасцях майстра. Шышкіна не ведала, што мае справу не проста з арыгінальным, таленавітым, неардынарным педагогам, але і з… дарослым падлеткам. Яна адно бачыла, што ў класе ўсталявалася надзвычайная духоўная еднасць. Здавалася, закрані па-нядобраму любую з шасці дзеючых асобаў гэтага ўрока, і ты атрымаеш імгненны, магутны калектыўны адпор.

Званок празвінеў так нечакана і недарэчы, што ўсе нават здрыгануліся. Толькі зараз Лідзія Паўлаўна апомнілася і пашкадавала, што прыйшла сюды адна, а не прыхапіла з сабою ні дырэктара, ні завуча, ні метадыстаў. Увогуле, на такія ўрокі трэба не толькі дырэктараў вадзіць, а цэлыя метадычныя аб’яднанні, па іх выніках праводзіць семінары і абагульняць вопыт.

Ледзьве стрымалася загадчыца, каб гэтыя самыя словы не сказаць настаўніку прама ў вочы, дачасна і тым самым парушыць логіку франтальнай праверкі, дзе ўсё самае важнае, як правіла, выказваецца на выніковым педсавеце. Сказала даволі лаканічна і суха, і ўсё ж не зусім стрымалася:

– Дзякую, я вельмі цікава адпачыла на вашым уроку. Я вам зайздрошчу…

Здзівілася. Думала, узрадуецца, хаця ўсміхнецца настаўнік у адказ. Каб гу! Нават жылка ніводная не зварухнулася на яго абыякавым твары. Наадварот, твар падаўся ёй заклапочаным, трывожным. Настаўнік чакаў… пакуль яна пакіне клас. Адчула сябе лішняю, чужою, дзякуй Богу, хапіла тактоўнасці не пакрыўдзіцца, а далікатна развітацца, выйшла. Дзіўны, незразумелы настаўнік Квадратны…

 

* * *

Яны адчулі мой пранізлівы позірк, сцюдзёны і бязлітасны. Захінуцца ад яго не было чым. Яны проста ўвабралі галовы ў плечы, не толькі Мілкі з Буслікам, але на ўсякі выпадак і Пячэнне, і Ахвяра, і Божанька – здранцвелі, разгублена чакалі маіх громаў і бліскавіц. Яны не часта бачаць мяне такім злым. Можа, і ніколі не бачылі.

– Пахмяліцца прынесці? – здзекліва запытаўся я, стараючыся зірнуць ім у вочы. І, не дачакаўшыся адказу, спакойна працягваў. – Да выпускнога рыхтуецеся? Барытону з кампаніяй вырашылі фору даць? Раю падумаць, якое завяшчанне будзеце падкідваць мне пад браму. Не забудзьцеся напісаць, каб вашага класнага выгналі са школы – за спойванне малалетак.

Сказаў і пайшоў. Болей мне не было чаго ім сказаць, дый не хацелася гаварыць з імі. Крыўда не дазваляла. Вось і ўва мне падлетак перамог педагога. Толькі зараз я дазволіў сабе расслабіцца, адчуць сябе пакрыўджаным і нават пашкадаваць сябе. Я яшчэ не ведаў, што расслабляцца мне пакуль рана.

Ледзьве за мною зачыніліся дзверы, як Серада сарваўся з парты, бы шалёны сабака з ланцуга, падляцеў да Мілкі:

– У-убью! Грохну кого-нибудь и до выпускного не дотяну, если ещё хоть какая-нибудзь с-сука подставит Журнала! И ты, долгоносый, – памахаў кулаком Бусліку, – вешайся на здоровье, сколько захочешь. Теперь уж точно я тебе сам помогу и верёвку намылю.

Праўда, званок на ўрок крыху астудзіў яго:

– Благодарите Бога, что сегодня в школе эти ищейки. Не то я бы вам показал день Ангела. Смотрите, ангелочки, не угодите в преисподнюю…

…Нельга было спадзявацца на тое, што і на гэты раз “пранясе”: усё забудзецца, усё ўладкуецца само сабою. Я і не спадзяваўся. Проста разам з праверкаю ў школу прыйшлі клопаты іншыя, здавалася, больш істотныя. І за імі нашы пазашкольныя праблемы схаваліся, адступілі на другі план. У школе пачаўся сапраўдны шмон. Правяралі ўсё: не толькі хадзілі на ўрокі, але цікавіліся кожнай паперчынай, справаздачай, метадычнай распрацоўкай, правяралі нагляднасць і планы, залезлі і ў дырэктарскую “кухню”. Паго­дзіна круцілася ваўчком, і з настаўніцкай салідарнасці нават было яе шкада. Напэўна, у дырэктара таксама ёсць што праверыць, якія знайсці недахопы. Школу даўно не рамантавалі. Можа, у навейшым будынку гэта так і не кідалася б у вочы, а наш дагістарычны замак без рамонту з кожным годам набываў усё больш экстравагантны выгляд, хоць ты ў ім размяшчай музей сярэднявечча. Не, лепей усё ж музей безгаспадарчасці, бо, даламаныя, прыйшлі ў непрыгоднасць парты, як яшчэ не рухнулі падчас урока, бо сыпалася тынкоўка і ў любы момант магла зваліцца каму на галаву, не кажучы пра падлогу, што, не фарбаваная колькі гадоў, не мела ніякага колеру. Праўда, школы зараз – бедныя Папялушкі. “Раяноўцы” гэта ведаюць і таму стараюцца надта не засяроджваць увагу на нетаварным выглядзе нашага Храма навукі. Але ўсё роўна, трэба ж і сумленне мець. Не маючы ні капейкі на рамонт школы, Пагодзіна, тым не менш, саламінку не пераламала, каб яе здабыць. Раніцай прыехала з горада, пасля абеда махнула рукой і – гайда дадому, хай хоць чэрці выюць, хай хоць падаюць, ці з неба каменне, ці са столі тынкоўка.

Зрэшты, нам, настаўнікам, павінна таксама быць усё, як хлопцы кажуць, “по-цэнтру”. Калі дырэктару не свярбіць, якая справа шараговаму настаўніку? Зайшоў у клас, урок адтарабаніў, не звалілася табе тынкоўка на галаву – будзь шчаслівы. Абы ішлі грошыкі. Так, зрэшты, многія і рабілі. Хіба толь­кі нам з Аксанаю, самым нягеглым і самым дурным, не ставала гармоніі, прыгажосці, эстэтыкі. Нам, як заўжды, болей за ўсіх трэба. Зойдзеш у клас, убачыш трэшчыну на ўсю сцяну, падобную да вялізарнага павука, і настрой адразу прапаў. Нешта гаворыш дзецям, расказваеш, які цудоўны, які гарманічны свет, і ловіш сябе на думцы, што дзеці цябе не слухаюць. Яны – у сваіх фантазіях і мроях. Хіба ў нашай школе гаварыць пра гармонію! Мае дзеці, страляныя вераб’і, на мякіне не ашукаюцца. Любое неабдуманае маё слова падчэпяць ды так пракаментуюць, так раскрытыкуюць – не будзеш ведаць, куды дзявацца. Правільна, я ж сам іх вучу і аналізу, і крытычнаму ўспрыманню рэчаіснасці. Расказваю аб прыгажосці свету і халодным потам абліваюся. Так і чакай, падымецца Серада і скажа:

– Да брехня всё это, Журнал, ты ведь сам знаешь. Зачем, скажи, нам на уши лапшу вешаешь, перед кем выпендриваешься?

Не, не падымецца, Валодзя ўжо дарослы, ён умее хаваць свае пачуцці і не зробіць мне балюча. Ён можа толькі падумаць. Дый гэтага дастаткова.

Напэўна ж, ведае ўжо ўсе падрабязнасці ўчарашняга вечара. Што думае пра мяне? Што скажа, калі вечарам сустрэнемся сам-насам?

Я міжволі лаўлю сябе на думцы, што пачынаю саромецца свайго юнага сябра. Ён зараз – маё сумленне. Пачынаю саромецца і адначас хачу сустрэчы з ім, чакаю яго парады. Уяўляю, як смяяліся б калегі-настаўнікі з майго пачуцця. Падумалі б, напэўна, што ў Квадратнага прусакі ў галаве. Хіба можна даросламу чалавеку ўсур’ёз прыслухоўвацца да меркавання жаўтароціка-малалеткі? Такі вось стэрэатып. Не толькі можна, мае вы дарагія, але і трэба. Уся наша бяда ў тым, што мы ўявілі сябе непагрэшнымі і непадсуднымі. Багамі сябе ўявілі, якія хочуць, прысвоілі права распараджацца лёсамі нашых дзяцей, бо тыя, маўляў, і “цяжкія”, і рагатыя, і паласатыя. Ды люстэрка яны наша. І не яны “цяжкія”, а мы, і не ім у нас вучыцца трэба, а нам у іх. Яны пакуль яшчэ толькі вучацца на дарослых, і можна спадзявацца, што з іх нешта годнае вырасце. А мы прайшлі ўжо свае акадэміі. І – двоечнікі мы! Зірніце, колькі дарослыя робяць адзін аднаму брыдкага, подлага. За што? Ды ні за што. Бо зайздросцяць, бо ненавідзяць… Хочацца ўцячы, “сачкануць” з дарослага свету ў свет дзіцячы…

Чаму ж ты, Валодзечка, не зайшоў да мяне ўчора ўвечары? Кожны дзень, бадай, бываеш, а то не зайшоў. Напэўна, ты выкінуў бы з маёй хаты тых “хэпібёзднікаў”, як кацянят, за каўнер, і раздумваць не стаў бы. Ты, у адрозненне ад мяне – з характарам.

А можа, усё было б наадварот? Мо і ты далучыўся б да нашага пікніка? Божа, збаў! І тады цябе я перастаў бы паважаць. Але гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Калісь было, ды быллём парасло. Адбываецца тое, што павінна адбыцца. Няма ў жыцці нічога выпадковага: ні сустрэч, ні знаёмстваў. Так заўгодна Богу, і ўсё гэта да нечага павінна прывесці.

Чым болей думаў, тым думкі мае ўсё далей ляцелі ад школы. І я злавіў сябе на тым, што не хачу думаць пра школу. Правёў сёння, дзякуй Богу, урокі, хоць і нялёгка мне яны даліся, і хутчэй паспяшаўся дадому.

Балела галава – ажно ў вушах трашчала. Напэўна, зноў падняўся ціск. Праклятая гіпертанія, у трыццаць пяць гадоў не дае спакойна жыць. Урачы кажуць, трэба мяняць лад жыцця, трэба мяняць працу, каб быць спакойным і зусім не хвалявацца. Палохаюць страшэннымі інфарктамі ды інсультамі пасля сарака гадоў. Урачы – вялікія фантазёры і летуценнікі. Дзе можна так спакойна жыць? Хіба ў магіле? Толькі не ў школе. Што будзе, тое і будзе. А пакуль што ўрачы прыгаварылі мяне да пажыццёвых таблетак. Прынамсі, да скону веку мушу піць аспірын нанач. Бо ўся Еўропа, маўляў, з яго дапамогай толькі і ратуецца ад інфарктаў. Што ж, пажывем на таблетках пакуль, а там…

Выпіўшы лекі, я прылёг на канапу хоць крыху адпачыць, перавесці дыханне, перагнаць стрэлкі. Ведаў, што і зараз не засну. Дурны арганізм – не ўмею спаць днём. Дый няма часу доўга валяцца на канапе. Кішкі марш граюць, з ранку макавай расінкі ў роце не было. Хочаш не хочаш, неўзабаве трэба падымацца і ладзіць сабе есці. І планы трэба пісаць. Адзін раз халява прайшла, двойчы не пройдзе.

А ляжаць хораша. Сагрэўся, супакоіўся, нават, здавалася, не так стала балець галава. Вось бы заснуць. Можна і… назаўсёды… Лацвей, ніякіх табе думак, ніякіх клопатаў! Божа мой! Што мроіцца ў маёй хваравітай свядомасці! Не, смерці я не баюся, але, як кожны нармальны чалавек, баюся пакутаў, якія могуць ёй папярэднічаць. Тым болей, што я адзінокі чалавек, і мне няма каму дапамагчы цывілізавана памерці. Помніце анекдот? Чым адрозніваецца халасцяк ад сямейнага чалавека? Адзін жыве як сабака, другі памірае як сабака. Хто ёсць хто – угадайце самі. А смерці чаго баяцца? Гэта фініш, жыццёвы фінал, пасля якога альбо цябе не будзе, альбо ты пярэйдзеш у іншае вымярэнне. І ўсё зямное, з-за чаго зараз гэдак балюча перажываеш, будзе табе здавацца смешным і нікчымным. Ці веру я ў іншы, у замагільны свет? Нейкім чынам веру. Хаця і не ўскладваю на яго асаблівых надзей. Дапускаю абодва варыянты. Калі мы пасля смерці перастаём існаваць, значыць, тым каштоўней наша зямное жыццё, тым значней усё тое, што мы робім на зямлі. Нас не будзе, і таму трэба спяшацца жыць, каб пасля сябе ўспамін пакінуць. Калі ж ёсць нейкі іншы свет і іншае вымярэнне – а шмат чаго ў нашым жыцці сведчыць на карысць гэтага варыянта – тым лепей. А мо тым горш? Існаваць цэлую вечнасць, напэўна ж, нецікава, сумна. Хаця ў самой таямніцы смерці ёсць нешта загадкавае і нават… прывабнае.

Вярнуў мяне з таго свету настойлівы званок. У мяне на браме прымацаваны электрычны званок. І добра. Цяпер загадзя ведаю, хто да мяне ідзе. Кожны звоніць па-свойму. Але ў сяброў – у сваіх людзей – званок адметны. У нас ёсць свой пароль.

Званіў нехта са сваіх. Трэба ісці адчыняць. А падымацца не хацелася. Апанавала лянота-дрымота, мусіць, каб яшчэ з паўгадзінкі, я, насуперак звычцы, заснуў бы. Балазе ў печы паліць ужо не трэба, вясна, а страўнік патрываў бы, яму не ўпершыню.

Ледзьве прымусіў сябе адарвацца ад канапы. Не сваімі нагамі паклыпаў адчыняць.

– Каго там нясе нячыстая?

– Открой, Журнал! Ишь, затворился средь бела дня.

Валодзя. І голас у яго не такі, як заўсёды: урачысты, радасны.

Адчыніў браму, убачыў сябра і ледзьве не самлеў.

– Весну встречай, медведь, спрятался здесь, как в берлоге, – мой Валодзя непаўторны: новенькі, як з голкі зняты, касцюмчык, беленькая, накрухмаленая кашуля. Хлопец заўсёды быў акуратны, сачыў за сабою, але такім я яго бачыў упершыню. Ён трымаў вялізарную каробку цукерак і… двухлітровую, ледзьве не цабэрак, бутыль шампанскага, – это тебе.

– Што, зноў дзень нараджэння? – міжволі вырвалася ў мяне.

– Тебе отец передал… Приехал наконец-то. В самое ближайшее время приглашает тебя в гости.

І столькі радасці ў шчаслівых вачах юнака! І столькі незямной асалоды!

– Дык вось яно што! Віншую, калі так, Валодзенька. Сёння ў цябе і сапраўды свята. А я, калі ўбачыў, падумаў, ці не жаніцца ты сабраўся? Ну, праходзь жа, праходзь. Госцем будзеш. Хаця… які ты госць? Ты мне даўно ўжо за сына, Валодзька…

Ён уважліва зірнуў мне ў вочы, на хвіліну, было, насцярожыўся, але затым ізноў заўсміхаўся:

– Врёшь, Журнал, в сыновья я тебе не гожусь, а вот друг ты настоящий. Знаешь, я иногда задумываюсь, как такое могло случиться, что мы с тобой скентовались? Ведь я пацан ещё, а ты мужик, мой учитель, писатель. Ну, разве так бывает? Только в сказке. А потом словил себя на мысли: ведь я тебя воспринимаю, как друга, по факту, как ровесника своего. Пускай мы с тобой не бегаем вместе на танцы, разве что этим только и различаемся, но ведь в остальном ты совершенно свой человек – свой пацан…

– Ладна, пацан, кампліменты пакінь для дзяўчыны, будзеш ёй на спатканні на вушы вешаць, а зараз зварым з табой каву. Добра, што ты прыйшоў, даўно не бачыліся, шмат аб чым пагаварыць хочацца. Торцік бы зрабіць. Шкада, пячэння няма…

– А я кто по-твоему? – зарагатаў Валодзя.

– Ты, напэўна, ужо не смачны будзеш. Сапсаваліся вы, хлопцы, лета адчулі, волю, а ранавата яшчэ.

– Обижаешь, шеф, не пьющий, не курящий, во всяком случае, крепче шампанского ничего не пью.

– Дарэчы, шампанскае мы сёння таксама піць не будзем, – я ўзяў прыгожую пузатую бутлю, паставіў яе ў сервант, дзе ўжо стаяў учарашні трафей – белая гарэлка.

– Почему? – здзівіўся Валодзя, але, убачыўшы гарэлку, здагадаўся. – А, всё понятно. Зажал Журнал “бухло”… Достали они вчера тебя, эти чмошники? Они ведь в городе ещё по бутылке на брата сообразили, сегодня сами рассказывали. Представляешь, мать Милки на подарок дала деньги, а он всё на водяру пустил. Напились с Бусликом как хрюшки, и потом ещё к тебе. Меня не было, как раз отец приехал, я бы им ноги повыдёргивал да спички повставлял, инвалиды, дебилы. Ну, ладно, ещё разберёмся.

– Ні ў якім разе, Валодзя, хопіць мне вашых разборак, вось тут сядзяць, ведаю, як ты ўмееш разбірацца. Пасля таго-сяго даводзіцца з пятлі вымаць.

– Да ну, кто его трогал, Журнал! Козлом обозвали, когда со школы шли. Ах, какой нежный, нервный мальчик, вешаться побежал. Ты ещё меня попомнишь, Журнал, этот фрукт тебе какую-нибудь подлянку устроит под занавес, вот увидишь. Чует моя душа.

– Хопіць мне і ўчарашняга…

– А что вчера? Ну, забрала его Наумовна, так ей не привыкать… Боишься, в милицию побежит? Да ну, не бойся! Здесь уж не ему кровь пустили, если что, милиция его же первого и повяжет. А мы тоже молчать не станем. Не боись, Журнал, Наумовна не такая глупая, чтобы своего сыночка подставлять. А вот тебе это, пожалуй, урок хороший. Не фик было с ними пить. Да такие отморозки, как Буслик, они вообще человеческих слов не понимают. До них только кулаками и можно достучаться.

– Ну, дзякуй, настаўнічак мой, навучыў, – з’іранізаваў я, мне, вядома, было прыемна, хоць Валодзя і паўтараў усё тое, што сам сабе я даўно разважыў, але ж адна галава добра, а дзве лепей. Прыемна, а што ж, іншым разам і падлетак бывае добрым настаўнікам. – Кулакамі я, вядома, арудаваць не збіраюся, а вось піць, ты праўду кажаш, зарокся з вамі, дзецьмі, на ўсё жыццё. Анічога мацней за каву. Бог мне, напэўна, знак падаў.

– Как там у вас говорят: “заракалася свіння за вугал не хадзіць”?

– Ну-ну, цішэй на паваротах!

Мы засмяяліся…

– Ды годзе пра нуднае. Быццам і сапраўды алкаголікі. Раскажы лепей, як бацька.

– Отец – лучше всех. Квартиру продал, больше, сказал, на Украину не поедет, – заззялі вочы ў хлопца. – Деньги у нас сейчас есть. Может, дом в райцентре купим. Не сидеть же всю жизнь у деда с бабой на шее. Да и что делать здесь, в деревне? Надо в какое-нибудь училище или в техникум поступать. Жить ведь где-то надо.

– Правільна, па-даросламу разважаеш. Вось толькі каб бацька тыя грошы не прапіў?

– А я зачем?

У цябе то ўжо нарасло мазгоў, але трэба і над бацькам тваім, мусіць, шэфства браць. Не сказаў, толькі падумаў так. Тут ёсць над чым прызадумацца.

Але Валодзя маю задуменнасць зразумеў па-свойму:

– Ты не расстраивайся, я к тебе всё равно буду приезжать, ведь я сюда, как домой, прихожу.

– Дзякуй, – расчуліўся я, – па мне не бядуй. Маё шчасце, Валодзенька, каб вам шчасліва жылося.

Даўно ў маёй хаце не было гэткае ідыліі. Мы з сябрам сядзелі за акуратна, з густам, можна сказаць, па-еўрапейску сабраным сталом: былі цукеркі і нават садавіна, нягледзячы на раннюю вясну, былі крышталёвыя фужэры для натуральнага яблычнага соку і прыгожыя сподачкі – для кавы.

Мы пілі каву, закусвалі цукеркамі і маглі гаварыць пра ўсё, чаго пажадае душа. Ніхто нам не перашкаджаў, дый не мог перашкодзіць.

– Как тебе “спадабаўся” твой сегодняшний урок?

– Калі ты дажыў да беларускага слова за нашым сяброўскім сталом, значыць, урок, напэўна, не прайшоў дарэмна. Ты не паверыш, але я не ведаю і не помню, як ён прайшоў. Я сёння ў школе адчуваў сябе ў поўнай бязважкасці, як касманаўты ў палёце…

– Классно было, Журнал, отвечаю! Я даже не заметил, как этот урок прошёл. И тётеньке этой, по-моему, безумно понравилось…

– Крывадушнікі мы. Пусцілі пыл у вочы чалавеку. Сам кажаш, “адмарозкі”.

– Ну, что ты, Журнал, какое же тут лицемерие? Мы же все на уроках всегда были единомышленниками, и – пофигистами, сам знаешь. Будь не интересно, не получилось бы такого урока. Пускай – “отморозки” по жизни, но ведь ребята тебя все ценят и уважают, как учителя. Потому что интересно у тебя. Это не лицемерие.

– Затое падхалімажам пахне. Паслухаем, як “интересно” ахарактарызуюць мяне на выніковым педсавеце.

– Тебя это волнует?

– Ведаеш, жартаваў воўк з канём, ды ў жмені зубы панёс, і потым, калі ўвесь час пнём калоду абзываць…

– Меньше думай – больше проживёшь. Да, кстати, а что за фифа на уроке сидела?

– Чым ты слухаў? Я ж вам казаў… Ніякая яна не фіфа, а загадчыца аддзела адукацыі. Я з ёй не знаёмы, але мне здаецца, чалавек даволі прыстойны і разумны. Калі яна не разбярэцца, што і да чаго, то няма на каго больш ускладваць надзеі…

– Вот приедет барин, барин нас рассудит.

– Усё, закрылі гэту тэму, праехалі, як вы кажаце.

– Журнал, а ты иногда, как ребёнок, нервничаешь, капризишь, может быть, тебе надо ремня дать, чтобы и к нам прислушивался? Или ты думаешь, что у нас, пацанов, врождённое скудоумие?

– Не наязджай. Калі б думаў так, то па-іншаму з вамі размаўляў бы. Але ж не лезу ў вашы разборкі і не ўказваю, каму табе сёння нос расквасіць.

– Хм, не указываешь…

Зноў у браму пазванілі. Чуваць было, званіў нехта чужы, і мы абодва насцярожыліся. Хто мог званіць? Нікога не клікалі. Трывожнае прадчуванне кранула маю душу. Пайшоў адчыняць і ўбачыў на вуліцы машыну Буслаевых.

– Мы – да вас, – вінавата, як бы сарамліва патлумачыў старшыня.

Яны прыехалі да мяне ўтрох: бацька, маці, Віця. Навошта? Што яшчэ магло здарыцца?

– Заходзьце, калі ласка, – прапанаваў я здзіўлена. – Чым магу служыць?

Навумаўна моўчкі зайшла на куханьку, спадылба зірнула на Валодзю, які ўсё яшчэ сядзеў за сталом. Ён, мусіць, таксама разгубіўся пад яе пранізліва-халодным позіркам. Любы зніякавее. Позірк быў безуважна-грэблівы, быццам глядзелі на пустое месца, і нічога добрага не абяцаў.

– Віця ў вас нічога ўчора не забыўся? – нарэшце азвалася Навумаўна заміж прывітання.

– А што ён мог забыцца? – здзівіўся я.

– Ну… завушніцы залатыя.

– Завушніцы?! А, так-так, ён казаў… – толькі зараз я ўспомніў, як Буслік учора хваліўся завушніцамі. Не хапала мне… – Шукайце, – збянтэжана прапанаваў я, безабаронна падставіўшы сваю хату хамам.

Навумаўна, не доўга думаючы, як была, у ботах, ірванула ў залу, адтуль – у спальню, дзе ўчора валяўся Бусел. Зазірнула на ляжанку. Затрэсліся ложкі, канапа – толькі пух ды пер’е ляцелі, дайшла чарга да паласаў. Я й сам дапамагаў праводзіць у сваёй хаце імправізаваны вобыск, зусім страціўшы розум і пачуццё ўласнай годнасці. Вар’ят, я сам сябе падставіў, паддаўшыся імгненнай слабасці, раптоўнаму, бадай, жывёльнаму страху і разгубленасці. Цікава, няўжо Навумаўна вось так бесцырымонна ходзіць у ботах па дыванах і ў сваёй хаце? Але ў той час мне было не да гэтага. Па мне тапталіся зайздроснікі і незычліўцы ў брудных ботах на вачах у маіх вучняў. Гэтага я не забуду і не дарую. Бачыў, як збялеў мой Валодзя, як сціснуліся яго кулакі, але, агаломшаны знянацку, я мала чаго тады разумеў.

– Успомні, дзе ты паклаў завушніцы? – пілавала Навумаўна сына, не зважаючы на нас з Валодзем.

– Я іх, здаецца, у пачцы пакінуў з-пад цыгарэт.

– Дзе тая пачка?

– Грэц яе ведае, – апраўдваўся я, – як у ваду канула. Учора ўвесь вечар шукалі…

– А хто ведае? – паставіла Навумаўна рукі ў бокі. – Як гэта ў вашай хаце рэчы прападаюць? Вы што, Віктар Фёдаравіч, не разумееце, чым гэта пахне?

– Ды Бог з імі, – адчуўшы няёмкасць за жонку, махнуў рукою старшыня, –
знойдуцца. Можа, той хлопец узяў? Паехалі.

І тут не вытрымаў Валодзя, падняўся з-за стала, хапіў Бусліка загрудкі:

– Ты на кого наехал, гад?! Кому нужны твои вонючие серьги?

– Ды я ж нічога не кажу… – захныкаў Бусел, – але ў пачцы былі.

Ды Валодзя нават і слухаць не хацеў:

– Зато я говорю, веди сюда Милки, животное, если вы мне сей же час не найдёте вашего хлама, я не знаю, что с вами сделаю!

– Не смець! Не смець так размаўляць з маім сынам, бандзюга! – рынулася Навумаўна на Валодзю, як ільвіца, гатовая разарваць яго на кавалкі.

– А як жа з ім па-іншаму размаўляць?! – раптам сурова ўпікнуў жонку старшыня, відаць, ён пачаў здагадвацца… – Паехалі адсюль, дома разбярэмся!

– Серада! Супакойся, яшчэ не хапала… Дарэчы, Надзея Навумаўна, а як тыя завушніцы трапілі да Віці? – запытаў я з’едліва, нарэшце агоўтаўшыся. –
Ці не сабраўся ён золата ў вушах насіць?

Тая аж злякнулася, развярнула аглоблі на ўсе сто восемдзесят і не сваім голасам, неяк вельмі ж ветліва прамармытала:

– А ён збіраўся падарыць. Во і падарыў…

– Кому подарить? Милки? – зайшоўся Валодзя ад злога смеху.

– Не твая справа.

Навумаўна зусім разгубілася, а старшыня таксама ўсміхнуўся. Бачна было: яму сорамна і за жонку, і за сына:

– Ладна, паехалі, хопіць тут ладзіць камедыю, – рэзка спыніў ён дэбаты, сам сабе заўважыў: – Мо і праўда нікога ён не паіў, а гэтыя абармоты прывезлі з сабою ды прычапіліся…

Але Навумаўна так проста здавацца не жадала:

– Дык завушніцы мо пашукаеце, Віктар Фёдаравіч, на цвярозую галаву?

Але я ўжо быў падрыхтаваны да атакі:

– Абавязкова пашукаем, Надзея Навумаўна, вось толькі працверазеем. А боты свае дома здыміце, праверце, мо ў іх каторая закацілася. Ды не хвалюйцеся, ваша золата я ў ламбард не панясу.

– Панясеце ў іншую ўстанову, – злосна засіпела кабета, грукнула дзвярыма.

Застаўшыся адны, мы з Валодзем нейкі час маўчалі, не ведалі, як зачапіцца за гаворку.

– Як думаеш, – пачаў я, – заявіць у міліцыю?

– Очумел, что ли? Разве не понятно, что он эти серёжки дома украл? Сдать своего сыночка? По-моему, эта стерва ещё из ума не выжила… А ты тоже хорош, учить тебя надо. Подумать только, позволил ведьме топтаться по паласам, рыться в своём грязном белье. Пускай бы ещё в штанах поискала.

– Лёгка табе, Валодзька, казаць. Ведаеш, якую буру можна раздуць у шклянцы вады, дакладней, майго шампанскага?..

– Пускай только попробует. Как раздует, так сама в нём и захлебнётся… Да не выгодно ей это, я тебе кричу!

– У міліцыю, можа, і не выгадна заяўляць. А шантаж? Скажа, напрыклад, каб за золата ёй заплацілі…

– Ещё чего! Покажи ей преогромный кукиш. Пускай скажет спасибо, что ты её сыночка бухого за дверь не выставил и Крутелю не сдал. А ты засца-ал! Признайся, а Журнал? Душа-то в пятках. Будешь знать, как с “отморозками” дело иметь. А я тебя предупреждал, что Бусел западлист.

– Як думаеш, дзе завушніцы?

– А вот вопрос, конечно, интересный. Ну, не знаю, не знаю, что-то не верю я, что Милки способен… Но, думаю, завтра я всё буду знать, и золото найдётся…

– Не ўздумай…

– А вот это уже моё дело. Как захочу, так и вздумаю. Хватит, докатились мы с твоею, как ты говоришь “талерантнасцю”. И правда, недолго так и в тюряге оказаться, если каждому подонку потакать. На шею усядутся и голову склюют. Так что хватит нас учить, Журнал Фёдорович, сам разберись в своих лабиринтах. И не обессудь, если и мы тебя кой-чему поучим. Сам говорил, учиться никогда не поздно.

– Дзякуй, Валодзенька, – расчуліўся я, выслухаўшы яго зусім дарослую логіку. – дзякуй, што дапаможаш, што не кінеш мяне зараз, калі мне і сапраўды цяжка. Я толькі прашу, вельмі прашу цябе: не наламай дроў, не перагні палку. Загубіш мяне – паўбяды, а вось сябе каб не загубіў… А цяпер – ідзі, хлопчык мой. Мне трэба на адзіноце пабыць, паразважаць. Ты ж ведаеш, людзей слухай, а ад самога сябе не ўцячэш…

Пайшоў… Пайшоў, каб мне дапамагчы. Нарэшце і я дачакаўся рэальнае аддачы, атрымаў рэальную ўзнагароду за тую сваю мала зразумелую людзям і абсалютна бескарыслівую дружбу з падлеткамі. Я верыў, я спадзяваўся, прыйдзе час, калі мае падлеткі ў цяжкую хвіліну пададуць руку дапамогі, і вось ён, гэты час, настаў. Што ж, на мяжы сапраўднае рызыкі, на якой я зараз балансую, стоячы на адной назе, рызыкуючы страціць многае, калі не ўсё адразу: любімую працу, добрае імя, аўтарытэт, нават волю – на гэтай самай мяжы я магу лічыць сябе найшчаслівейшым чалавекам: падлеткі, каму я прысвяціў усё сваё жыццё і аддаў усе сілы, становяцца рэальнай маёй апораю і падтрымкаю па жыцці…

(Заканчэнне будзе).

 

 


Апублікавана

у