Кара
Апавяданне
Маім пабрацімам беларусам,
што пакінулі свой апошні выдых
на ўкраінскай зямлі –
Міхасю Жызнеўскаму,
Алесю Чаркашыну,
Паўлу Шарамету,
жывым – Сябро, Караю, –
усім беларусам у АТА прысвячаецца…
У сне я не адчуваў холаду, я заснуў, стоячы на варце блокпаста, ведаючы, што магу прачнуцца ў… труне, бо нябожчыкі не спяць, іхняе цела ў труне, а саміх іх няма, яны – хто дзе…
Кроплі цёплай вадкасці крапалі ў сне мне на твар, і ад іх ішло сапраўднае цяпло жыцця, якое мяне і абудзіла… Маё вока, якое абудзілася, глядзела ў вока… чужое, што аганізуе болем, тым болем, якім развітваецца з усім жывым жывое, пакідаючы гэты свет… Вока падалося чалавечым, але калі я ўгледзеўся – то ў ім праявіўся кавалак сабачага твару, менавіта твару, бо чалавечыя вочы творца намаляваў толькі на тварах… На мяне глядзеў сабака, які нахіліўся нада мной, калі я заснуў у акопе ля блокпаста… Цёплая вадкасць крапала мне на твар з вока сабакі, якое вісела на жылах, бо ў сабакі не было паловы галавы і было амаль адарванае вуха, якое целяпалася на кавалку скуры. Гэтае адарванае вуха часам ветрам заносіла на ацалелую частку галавы да другога вуха… Мы глядзелі ў вочы адно аднаму як загіпнатызаваныя – гэта быў абмен інфармацыяй, якую чалавек, ды і ўсё жывое, не ў стане ўсвядоміць. Але сакральны працэс перарваўся гукам міны, што ляцела і якую я, каб не абудзіўся, атрымаў бы сабе ў новую сексуальна-мілітарысцкую ізраільскую тэрмабялізну, выдадзеную пару дзён таму маладою прыгожаю валанцёркаю “жыдабандэраўкаю” Аленаю… Адназначна – сабака разбудзіў мяне і выратаваў мае жыццё – за імгненне мы з ім адскочылі ў бяспечны бетонны бункер, і каларадская фосфарная міна, забароненая ўсімі, маць іх, міжнароднымі канвенцыямі, пяшчотна засандаліла ў тое месца, дзе я заснуў ад холаду, выпіўшы перад гэтым 100 грамаў спірту з кавалкам сала без хлеба, – каб не змерзнуць і не заснуць… Калісьці мой тата казаў: “Дурны, як сала без хлеба”. Толькі цяпер я зразумеў чаму… Без хлеба – заснеш. Фосварных мінаў насыпала нармальна так – па тэорыі я ведаў, што хвілінаў гэтак на 40-50 я страчу ад іх пылу зрок, ну і шмат яшчэ чаго страчу – але гэта было фігнёй у параўнанні з тым, што жывы…
Калі пачаў бачыць, я вылез з бункера, які быў значна больш прасторны, чым вільготны і халодны бетонны “стакан” метр на метр, з прыўкраснымі ўзорамі цвілі на столях, у турме на радзіме, куды мяне перыядычна засоўвалі за маё непадпарадкаванне вертухаям. У беларускай турме я сядзеў год у камеры-адзіночцы і лічыўся вязнем сумлення – палітычным зэкам… Па вызваленні – паехаў на вайну ва Украіну…
Тата мой беларус, мама – украінка. Матуля назвала мяне Тарасам, пазыўны я абраў сабе “Кара”. Кара – і ўсё! – Смерць ворагам!!! – толькі так і ніяк інакш! Я пакуль нікога не забіў з ворагаў – з акупантаў альбо сепараў, і, калі адна журналістка запытала мяне ў Кіеве, ці гатовы я забіваць – я не меў адказу, прыехаўшы ў краіну на вайну.
Я вылез з бункера і каля ўвахода ўбачыў свой новы смартфон, які набыў у Кіеве, каб званіць бацькам і сябрам на Радзіму. Аскепкам смартфон расквасіла раўнютка ў вочка камеры – у ім больш ніхто не пабачыць фотак майго сына, якога нарадзіла мая жанчына, пакуль я сядзеў у турме… Яна мне не стала жонкаю – у яе сваё жыццё, але мы любім нашага трохгадовага сына Міколку, а ён – нас…
Я адкінуў смартфон далёка ў яр і ледзьве не патрапіў ім у сабаку, які хістаўся па ім – гэта быў мой Анёл, які выратаваў мяне ад пагібелі… Я назваў сабаку Анёлам і падклікаў да сябе – Анёл падышоў і лёг ля маіх ног, бо лапы яго ўжо не трымалі, я сеў перад ім на кукішкі і паклаў палову яго галавы сабе на калені… Так мы маўчалі хвіліну, я гладзіў Анёла за здаровым вухам, а ён ціха адыходзіў у свой сабачы рай, і яму было добра, што ён быў не адзін і што яго гладзілі па галаве… Праз хвіліну ў Анёла пачалася агонія, і ён узвыў ад болю – у мяне на руках ніхто ніколі не паміраў – за мае амаль 34 гады… А тут сабака, з чалавечым вокам, сабака, які мне стаў братам за гэтыя 50 хвілінаў… Ад адчаю, што Анёл памірае, мяне стала ванітаваць. Я ўстаў, адвярнуўся ўбок, званітаваў і прашыў Анёла чаргой з аўтамата, не гледзячы ў ягоны бок – пакуль не скончыўся енк… Я пайшоў да сваіх – хістаючыся і выціраючы слёзы, бо я забіў блізкага мне сябра, сабаку, каб пазбавіць яго ад пакутаў – я ўпершыню забіў жыццё, і мне было гідка ад расчаравання ў сабе…
Ішоў час, сканчалася зіма, абстрэлы з градаў, мінамётаў, фосфарныя міны, расцяжкі, параненыя, загінулыя сябры – усё стала нормаю, мяне перастала ванітаваць, душа зашыла свой чырвоны боль чорнымі ніткамі – груба, але надзейна… Нічога ў ёй болей не балела, ад гэтага было яшчэ горш, бо пачыналася тупое існаванне, у якім перастаеш адчуваць, як у вакууме. Часам хацелася прастрэліць сабе нагу, каб адчуць нейкі іншы стан, каб абудзіць у сабе сябе – Тараса, з пазыўным “Кара”. Даслужыўся да афіцэрскага складу. На ратацыю – на мора – у Адэсу. Акунуцца – нырнуць, можа і ў апошні раз, а калі не ў апошні – тым болей нырнуць, як мага глыбей, каб не хапіла паветра і каб да асфіксіі, каб змыць салёнымі хвалямі частку памяці, як салянай кіслатой скуру, як кнопкаю на кампе непатрэбныя файлы.
На начным гарадскім пляжы амаль нікога не было, толькі дзве маладыя жанчыны – адна пайшла паплаваць, заплыла далёка і раптам знікла. Другая сядзела спакойна на беразе, піла піва са шкляной пляшкі і паліла. Я толькі вылез з вады і занепакоіўся, наконт аматаркі начных заныраў – падышоў да жанчыны на беразе са словамі – “паплыву ратаваць вашую сяброўку” і хутка пакрочыў да вады. “Не трэба, – сказала жанчына. – Не хвалюйцеся, гэта валанцёрка Воля з Беларусі. Яна Сірэнка – можа ляжаць гадзінамі на спіне, не варушыцца і не тануць – кайфаваць, так што – донт ворры”. Так і пазнаёміліся – вядомая валанцёрка Аліса з Адэсы, русалка-рэжысёрка Воля з Беларусі і я – Тарас “Кара”, украінскі беларус ці беларускі ўкраінец. Пілі піва, плавалі, гаманілі па-беларуску, па-ўкраінску, гулялі па Адэсе-маме. Ранкам “лавілі” бычкоў па 14 грывен за кіло на Прывозе. Прывоз – ён такі, у ім усё ёсць – не горш за рынак у Венецыі, а нават лепей. Пасля завалілі да Люсі, і яна смажыла бычкоў на сваёй фантастычнай кухні, прыбудаванай на палях на другім паверсе ўласнай Люсінай кватэры на Дэрыбасаўскай. Кухню тую Воля назвала “хата на курыных нагах”, дзе жывуць ведзьмы Ягі і дзе, урэшце, спыніўся і я
Беларуская рэжысёрка Воля валанцёрыла, хадзіла да параненых у Адэскі шпіталь і здымала на фоцік свой новы фільм. Аліса і Люся – дапамагалі ў валанцёрскіх офісах ваярам АТА на вакзалах, адшуквалі параненым родных, апекаваліся імі, калі тыя прыязджалі ў адэскі шпіталь. Воля часам адчувала сюррэалізм усяго навокал: на Беларусі жыццё нагадвала савецкія часы, – гэтакі палепшаны, больш цывільны, вельмі аблегчаны варыянт Паўночнай Карэі, – з палітзняволенымі ды пераследамі дысідэнтаў – Воля была адна з іх. А ва Украіне – у Адэсе – на пляжах шыкоўныя гатэлі, еўрапейскія кабакі, каларытны легендарны рынак Прывоз, порт, паромы ды караблі з усяго свету, рэкламныя бігборды, начная ілюмінацыя не горш за Лас-Вегас, гандлёвыя ды забаўляльныя цэнтры па апошнім слове і буйны ваенны шпіталь, дзе сотні цяжка параненых украінскіх хлопцаў, бо ў краіне вайна…
Неўміручы дух Адэсы… Увесь НЕадэскі свет чамусьці апантана прасоўвае ідэю, што гэты дух памёр – дык фігушкі, памёр Ленін, а адэскі дух – жывейшы за жывых. Не памёр і нават не захварэў. Ніхто з адэсітаў, як і раней, не напружваецца, каб пажартаваць, жартамі папросту сыплюць, імі размаўляюць – суцэльнымі перламі ды афарызмамі. Воля аднесла гэтую выбітную здольнасць адэсітаў – крыць гумарам, да павышанай колькасці фосфару ў мазгах ад спажывання марской рыбы ў вялікіх памерах, у прыватнасці, – бычкоў. Карацей, Адэса-мама, як заўжды, жжот.
Воля была ў Адэсе два тыдні. Вечарамі пасля шпіталю яна з Алісай, Люсяй і я з імі – хадзілі на пляж, пілі піва і чырвоны сухет дзеля падняцця гемаглабіну ў чарнобыльскай Волінай крыві. Было празрыстае адчуванне смяротнай небяспекі – усе чацвёра праз гэтае адчуванне сталі пабрацімамі… У хвіліну, калі Волін аўтобус з’язджаў з аўтавакзала Адэсы на Мінск – яна ўзіралася ў прыўкрасныя вочы новых сяброў, шукаючы ў іх гарантыю бяспекі іхняга жыцця – а мы глядзелі, як Воля адвозіла ў сваёй крыві чырвоны сухет, кроплі мора, усмешкі і сум Алісы, вясёлы нервовы лямант Люсі і маю памяць, у якой усе файлы заняла вайна.
Воля вярнулася на Беларусь, дзе брала ўдзел у палітычных акцыях, за якія яе арыштоўвалі, садзілі ў турму, штрафавалі на вялікія грошы. Воля выплочвала з дапамогаю сяброў гэтыя штрафы, бо калі не выплаціш – не выпусцяць за мяжу, ва Украіну. А ва Украіне яе чакалі пабрацімы і надзея…
Неяк сядзелі мы, ваяры АТА, пад вёскаю ля Пескаў у грузавіку 1968 года вытворчасці, які нядаўна адрамантавалі і аднавілі для зоны АТА адэскія валанцёркі – маладая Аліса і немаладая Люся. Люся нават пазыўны сабе прыдумала – “мадам Віктары”. Люся сапраўды абрала мэтаю жыцця Перамогу, часам было не важна над кім, галоўнае – наперад, наперакор лёсу, “праз церні да зорак”, бо так навучылі ў савецкім спорце маладую прыгожую вялікую жанчыну з вяслом – Люсю. Яна перамагла шмат усяго ды ўсіх – і каханне, і каханых, і сяброў, і ворагаў, – не перамагла толькі свае ілюзіі, і ў гэтым была яе сціплая, хай і знакавая жыццевызначальная параза…
Але для ўсіх яна – “мадам Віктары”, – паспяховы трэнер па байдарках, маці алімпійскага чэмпіёна. У Люсі ўсё па фэн-шуі – “адціснуўся, і за працу”. Люся ўзялася кіраваць аднаўленнем грузавіка ў гаражы адэскай вайсковай часткі. Прывозіла байцам, якія корпаліся ў безнадзейным рухавіку, абеды, а тыя штораз урачыста гарантавалі Люсі, што шансы ў аўтастарца ёсць. Насамрэч шансаў не было, але Люся насіла такі смачны боршч, катлеты ды ікру з сіненькіх, што толькі дурань не пагодзіцца даць рухавіку шанец дажыць да першага міннага аскепка ў зоне АТА.
Люсі было далёка за 55, але яна заўжды прыходзіла да хлопцаў у мінісукенцы блакітнага колеру, а на шыкоўным бюсце шостага памеру заўжды буяла жоўтая кветка – гэткім прыкідам Люся дэкларавала ўсяму жывому, што яна тая самая “едыная і недзялімая”, і тыя, хто гэта не разумелі – мелі шанец пераўтварыцца ў нежывое. Люся заўжды фарбавалася пад пякучую бландзінку і насіла прычоску а-ля Брыджыт Бардо. Калісьці яна была савецкім трэнерам, які тыраніў усё жывое і свайго сына таксама, каб “даць стране угля”, каб даць Украіне алімпійскае золата па акадэмічнай грэблі. Золата дала, а з ім атрымала вечную пажыццёвую пашану грамадства разам з ганаровай пенсіяй, маць яе пабяры, бо Люся адчувала сябе заўжды на 26, а ганаровая пенсія мела водар нафталіну і забяспечанай сытай ненавіснай старасці.
Але абудзіўся Майдан – Рэвалюцыя Годнасці – загінулі лепшыя сыны нацыі. Спачатку на Майдане, пасля ў зоне АТА. Калі здарыліся Данецкі Аэрапорт ды Ілавайскі кацёл – Люся рыдала некалькі дзён, бо ў тым пекле загінулі самыя годныя ўкраінцы. Яны ўсе былі маладымі, як яе сыны, а іхнія ненароджаныя дзеці маглі стаць алімпійскімі чэмпіёнамі… Калі Люся перастала рыдаць – яна стала сапраўднай патрыёткай, здольнай забіць вяслом ад байды любога адэскага ватніка альбо сепара. Люся пайшла ў валанцёркі, дапамагала параненым у шпіталі, варыла ім дома абеды і сядзела ля цяжкіх гадзінамі, каб падаць судна альбо паклікаць доктара, калі хлопцам рабілася кепска. Аднавіць для АТА грузавік 1968 года – гэта для Люсі было, як аднавіць сябе: даць сабе і грузавіку новае жыццё для змагання ў імя Перамогі. Машын на вайне бракавала, і грузавік сапраўды часова вырашаў некаторыя праблемы з транспартам у зоне баёў. Але, у адрозненне ад Люсі, у рухавіка шанцаў на новы старт у будучыню не было – гэта быў дыягназ доктара, адмыслоўца па грузавіках, 60-гадовага дзядзі Мішы. Але дыягназ ад Люсі хавалі, каб рондаль з украінскім баршчом быў на капоце штодня. Ды трэба ведаць Люсю – яна адчула, што ў алімпійскай зборнай па рамонце савецкага аўтаметалалому саспявае варожая замова. І яна раптам абвясціла, што заўтра прынясе новыя чахлы для крэслаў у кабіну, а паслязаўтра – выпраўляецца сама за стырном у зону АТА, і што ўжо выклікала афіцэра-суправаджальніка, які быў на ратацыі ў Адэсе – прыехаў з фронту адпачыць на моры і будзе з ёй вяртацца на грузавіку. Праз гадзіну Люся прывяла ў гараж афіцэра і той пацвердзіў, што заўтра – новыя чахлы, а паслязаўтра – старт. Вось і прыехалі, прыплылі… Люсіна вясло ад байды дамоклавым мячом пагрозліва навісла над рондалем з баршчом, які стабільна стаяў на капоце штодня ўжо амаль месяц. Пачалася паніка. Група адкормленых баршчамі аўтадактароў замітусілася – чахлы Люся за суткі пашые, а рухавік не зробіць ніхто і ніколі… Хто мог выратаваць ад немаладой “едынай і недзялімай” Люсі ў блакітнай мінісукенцы з жоўтай кветкай на бюсце шостага памеру? Хто??? Маладая валанцёр – Аліса! Алісе пазванілі і сказалі два словы: “Люся заб’е!” Аліса ведала, што гэта праўда і лепей няхай акупант заб’е куляю ў зоне АТА, чым Люся вяслом ад байды ў Адэсе. Аліса за ноч знайшла стары новы грузавік – таксама 1968 года, у якім апроч рухавіка не працавала анічога, і прывезла ноччу патаемна ад Люсі ў гараж той шэдэўр савецкай індустрыі – не новы, але і не дабіты. За гэта Аліса адваявала сабе месца ў кабіне побач з Люсяй і афіцэрам, які пагоніць грузавік у АТА. Так і атрымалася – на наступны дзень Люся прынесла шыкоўныя гламурныя чахлы, бо старыя былі прапаленыя бычкамі цыгарэтаў і стары жоўты паралон вылазіў з тых дзірак. Новыя чахлы Люся пашыла шыкоўныя, па-багатаму – з аксаміту, як некалі шторы ў кабінеце першага сакратара кампартыі горада Адэсы. У цяперашняга мэра горада шторы былі больш сціплыя. Але Люся была перфекцыяністкаю, і таму ў ваяроў АТА мусілі быць самыя лепшыя чахлы ў свеце! Так і даехалі ў грузавіку 1968 года – Аліса, Люся і афіцэр Тарас з пазыўным “Кара” да зоны АТА. Рухавік, вядома ж, па дарозе загарэўся, “Кара” яго патушыў вогнегаснікам, частка чахлоў прыняла свой нармальны франтавы выгляд – бархат быў напалову сінтэтычны, дзіркі ад цыгарэтаў Алісы выпусцілі на свет Божы новы белы паралон, а пена ад вогнегасніка запляміла гламурныя чахлы, пераўтварыўшы іх у нармальныя – людскія.
Неяк сядзеў я ў грузавіку з таварышам ля вёскі пад Нікалаеўкаю. Раптам сепарскі абстрэл з гранатамётаў – заводжу пепелац – як заўжды, не заводзіцца гэты Люсін шэдэўр 1968 года, маць яго. Сіганулі ў ярок з быльнягом – прыляпіліся да зямлі, як чарвякі дажджавыя, – не адсвечваем… Адбамбілі – пранесла… Нават ужо й дрыжыкі па скуры не гуляюць – так усё апастылела… Выйшлі – на пепелацы – ні драпіны… А чарговы новы смартфон у нагруднай кішэні, калі ў быльнёг сігалі – ушчэнт… У мяне нават мову адняло – ну як у кіно, – смартфон лепей за бронік, якога не было на мне, але зноўку хана гаджэту… Два разы адкупіцца ад нечага горшага – смартфонамі – гэта ўжо сістэма! Таварыш паскакаў у кусты па-вялікаму: абстрэлы – добры сродак ад запору. Я пайшоў заводзіць металалом – завёў. Чакаю… І тут з брамы двара, што за метраў 100 ад нас, дзіцё 8-9-ці гадовае выходзіць і на руках цягне малога гадкоў пяці – малы ў крыві… Старэйшы раве, як рэзаны: “Спасіце, дзядзі, спасіце Паўліка…” Ідзе да мяне, галосіць… Я праз секунду быў ля яго, схапіў іх і ў кабіну. Усё за секунду нейкую, калі не менш… Па газах, едзем, да палявога шпіталя два км напрасткі па полі. Старэйшы раве, малы Паўлік у шоку – яму зняла скальп у гэтым абстрэле… Кроў увесь тварык заліла, дзіця нават плакаць не можа – такі шок… Еду, сам губляю прытомнасць, ніколі не чакаў, што мяне яшчэ нешта можа выбіць у афектны стан… Бачу ў люстэрка, як бяжыць за грузавіком мой таварыш і мама гэтых дзяцей – мама не крычыць, а як рыба адкрывае рот і каўтае ім паветра, а ў руках сандалікі малога… А я не магу спыніцца – мушу ляцець. Адной рукой стырно трымаю, другой скальп Паўліка да яго галавы прыціскаю, бо яго брацік абсікаўся, калоціцца ды ікае ад істэрыкі, а я адчуваю, як з пасінелага Паўліка выходзіць кроў і душа, і я прашу ягоную душу вярнуцца дзеля ўсяго Святога, назад – да Паўліка…
Праз две гадзіны Паўлік адыходзіў ад наркозу і дваццаціпяцігадовы доктар-інтэрн, які за два гады вайны стаў хірургам экстракласу – адчаканіў бязлітасна чэсна: 70 на 30. 70 – што памрэ.
Не памёр, бо я маліўся, пакуль Паўлік не расплюшчыў вачаняты пасля наркозу і не ўсміхнуўся, а потым малюк заплакаў. Бо відаць узгадаў, што адбылося. А я маліўся так, нібыта ад жыцця гэтага дзіцяці залежаў зыход усёй гэтай грэбанай вайны – нялюдскай, брыдкай, ілжывай, бо Паўлік адрадзіў ува мне чалавека, якому баліць і я адчуў увесь адчайны боль гэтых бязвінных людзей, Паўліка, якому зрэзала скальп, маіх таварышаў, якіх ужо няма, гэтага маладога хірурга, рука якога пераўтварылася ў суцэльны скальпель і сам ён перастаў быць чалавекам, у якога ёсць душа, бо мэта – перахітрыць чужую смерць любым коштам – гэта мэта не чалавека, а звышістоты са скальпелем у руцэ…
Паўлік з Любамірам пераехалі з небяспечнага раёна і жывуць цяпер з бацькамі ў Днепрапятроўску. У іх усё добра – не горш, як ва ўсіх у гэты час. Яны мае родныя людзі. Жывыя. І я дзякуючы ім – жывы…
Праз два тыдні пасля пераезду Паўлікавай сям’і – я патрапіў на расцяжку, калі нёс параненага таварыша да медыцынскага намёта. Расцяжка была старая – сто гадоў ёй было… 18-гадовага пабраціма Ромку з пазыўным “Кельт” на гэтай расцяжцы ледзь не дабіла зусім – левая нага целяпалася на мышцах і скуры – думалі, хана назе і хана “Кельту”, мне адарвала аскепкам вялікі кавалак мышцы на назе – оптам 12 дзірак у маім целе… Гелікоптэрам у шпіталь у Днепрапятроўск, адтуль – Адэса-мама, шпіталь. Зноўку Люся, Аліса – баршчыкатлеты – усё як мае быць… А Воля з Беларусі прапала – знікла з радараў ну зусім… Завіслі тыя яе вочы на вакзале Адэсы, нібыта бігборд…
Праз тры месяцы я вярнуўся ў АТА, а “Кельт” застаўся ляжаць у шпіталі – ногу ўратавалі, але на апаратах Елізарава яму яшчэ год вісець…
За ўвесь час вайны я так нікога і не забіў… Калі выбівалі з укрыцця ворага на нашых святых украінскіх “тэрах” – малацілі з гарматаў па іх норах, але вось так, каб у рукапашную, альбо тварам да твару – не. Не ведаю ўвогуле, ці магу забіць чалавека, нават калі ён вораг, калі ён недачалавек, істота. Лепей на вайне сябе не накручваць на гэтую тэму, бо дах рване…
Ноччу зноўку заглух Люсін шэдэўр… Заглух безнадзейна, напэўна па нейкім плане звыш… У такім няўдалым месцы – мы з пепелацам, як прышч на ср…цы, стаім сярод поля… міннага… Я ведаю куды ехаць – ведаю, бо я добры ваяр. Але вось на чым ехаць – пытанне філасофскае… Ноч, канечне, як у кіно – прыгожая: нябёсы глыбокія, зоры ясныя і самотныя, як я, клічуць у нябесны заныр, ну хоць паэму пішы – такі настрой элегічны: хоць плач ад прыгажосці… Але хочацца не плакаць, а кавы – гарачай, і занырнуць у мора – дзе там Воля русалка – маўчыць некалькі месяцаў, ні Аліса, ні Люся нічога пра яе не пішуць, і пра сябе таксама… Сам вінаваты – забыўся на сябровачак-пабрацімак… Бляха – як добра, што не хочацца курыць, бо не куру. Карацей – хопіць саплівай рамантыкі ды сентыментальнага трызнення – трэба задачу праставіць і выканаць – паесці і паспаць… І да раніцы – зваліць, бо на золку мой бляшаны савецкі сябручок-грузавічок 1968 года можа стаць маёй навамоднаю арыгінальнаю даволі стылёваю дамавінаю.
…Выплюнуў чырвоныя ад крыві зубы… прачнуўся… Адзін трымаў на прыцэле аўтамата, другі піз..ў па-даросламу – нагамі ў галаву – разоў пяць за секунду… Не сепары… пачуў па акцэнце. Па выпраўцы ды “вежлівых” тварах – спецназ ГРУ РФ, частка групы дыверсантаў – я нават іх пазнаў, бляха, нядаўна нам паказалі фота, каго закінуць… Памяць спрацавала – я добры ваяр… Золак, кляты золак… У гэты час заўжды сняцца эратычныя сны… І ў гэты час звычайна паміраюць хворыя на рак, як мой тата… Такая статыстыка золку…
У дзяцінстве я наглядзеўся шмат амерыканскіх блокбастараў – пра “крэпкіх арэшкаў”, тэрмінатараў, Брусаў Лі ды розных там шалёных Максаў. Там усё паказалі жызненна – жменя пяску, і ты перамог. Банальна, але спрацавала – жменя пяску, сальта, і ты… з прабітым ліверам… але за грузавіком 1968 года, дзе ў кабіне пад крэсламі ў прыгожых чахлах гранаты правільнай сістэмы… – раз – і ціха…
Падышоў – аднаму хана, зусім на шматы, другі кантужаны – аніякіх сур’ёзных ранаў… Завязаў яго ў ластаўку – свой лівер цэлафанам таксама перавязаў, укольчыкаў сам сабе нашыраў… Быццам пакуль не смяротна – лайно не пацякло – культурна мяне прашыла… Ачуняў мой вораг… Сяджу, абапершыся на кола грузавіка 1968 года, як у фатэлі – працую, дапытваю ветліва…
Імя яго – Вова, пазыўны “Ангел” – па рацыі ягонай усё пяюць: “Ангел-Ангелочек, ответь – озолочу…”.
Як стаў ён мне спяваць – ну проста рыбанька залатая. “Адпусці, – кажа, – любое желание выполню”… Цьху – брыдота… Кажу яму: вось мы гінем – бо маем мары і ідэалы, бо верым у Госпада і свой народ. А вы прыдумалі свой “рюські свет” – танную сатанінскую прыгожую падманку для шалёных зомбівар’ятаў і носіце яго, як лайно на лапаце, – усіх прымушаеце пакаштаваць. А самі хочаце ўсім светам кіраваць, і каб залатая рыбка бычок у вас на пасылках у заныр сігала… Ніхто з вас дзеля гэтага рюськага свету майты не здыме без капейкі… Не кажучы пра жыццём ахвяраваць. Варвары вы і ворагі для ўсіх людзей на белым свеце, кажу. А гэты прыгожы бландзін з мутнымі ад цырозу блакітнымі вачыма мне так медленна вешчае – “ясно, что без бабла ни у кого не встанет и погибать никто не собирается – задача завоевать, убить, а не погибнуть…”
І давай мне гэты Вова ўсё свае лайно з душы зліваць – як усё крута пачыналася, і як усе пасля абаср…ліся з Украінаю, але работа ёсць работа – нічыволічнава… Слухаю ягоныя сц…кі слоўныя, адчуваю: адплываю – лівер пацёк… Добра, што каардынаты сваім паспеў перадаць… На апошнім кадры ўзгадаў улюбёную фразу Волі Русалкі – “атрымалася ўсё, як у кепскім кіне”… А тая істота – падпаўзла да мяне амаль непрытомнага, асмялеўшы навалілася ўсёю тушаю і душыць локцем… Бляха, гляджу яму ў вока ягонае асатанелае і бачу, што маё вока адлюстроўваецца ў ягоным мутным, і з майго жыццё ліняе з хуткасцю святла… Не, думаю – мяне яшчэ Воля ў сваім новым кіне не зняла… Было ў мяне шыла дзедава – у берцах акуратненька так запакаванае – вось і выключыў я гэтую гніду – у вуха… А рацыя ўсё спявала “Ангел-Ангелочек – ответь – озолочу”… Вырубіўся я шчаслівым – з адчуваннем, што змыў лайно ва ўнітаз…
Ачуняў у шпіталі ў Дняпры – лівер прамылі, зашылі, – скінуў вагу, аброс. На мабілу нарэшце прыйшло СМС ад Волі з Алісаю ды Люсяю. Воля ўвесь гэты час сядзела ў турме за вандалізм ля помніка Леніну ў цэнтры Менска. Цяпер Воля выйшла і чакае мяне з Алісаю і Люсяю ў Адэсе. Часам, як русалка, ляжыць у моры і плаўнікамі ўзбівае марскую пену ў пошуках ісціны. Воля напісала ў турме сцэнар пра мяне і будзе запускацца ва Украіне з ігравой кароткаметражкаю пра мае прыгоды. У фінале яе фільма я еду па чырвоным дыване Канскага фэста ў кузаве Люсінага грузавіка 1968 года і спяваю “Чэрвону руту” – вось такое кіно… Класнае кіно…
Красавік 2016