Людзі не птушкі –
ім патрэбная свая зямля…
З малых гадоў мяне захаплялі беларускія мястэчкі. Найперш сваёй зусім іншай прасторай, адрознай ад той, больш прывычнай, дзе даводзілася мне жыць. У дзяцінстве я ўспрымала Мінск (і гэтае адчуванне мала змянілася) як лабірынт заблытаных вуліц з нагрувашчанымі будынкамі жылых дамоў, крамаў, садочкаў і мамінай працай дзесьці за вялікім паркам. Вёска, у якой жылі бацькі маёй маці і куды мы рэгулярна наведваліся, складалася з дзвюх вуліц. На галоўнай была нашая хата, школа, крама, клуб з бібліятэкай і сельсавет. Ад скрыжавання адзін канец адыходзіў «на бор», другі – у бок суседняй вёскі.
А ў мястэчках, асабліва на захад і паўночны захад ад Мінска, заўсёды быў невялікі пляц, на ім стаялі касцёл і царква, ад цэнтра ў розныя бакі разыходзіліся вуліцы з жылымі дамамі. Будынкі царквы і касцёла нібыта трымалі над мястэчкам незвычайна высокае неба, якое ў Мінску засланялі дамы, а ў вёсцы яно апускалася ніжэй і, здавалася, ляжала на дрэвах і хатах. На ўсходзе ад Мінска ў мястэчках часта не было гэтых чароўных будынін, што трымалі высокае неба, але заставаўся пляц з паркам, па перыметры – крамы, школы, а часам і карчомкі, хоць называліся яны ў савецкія часы крыху інакш. Яшчэ ў мястэчках надараліся палацы і замкі (ці хаця б іх руіны), і гэта рабіла прастору цалкам казачнай: уяўляліся рыцары, князі, князёўны ў доўгіх сукенках…
Дарогі маіх ранніх вандровак па Беларусі пралягалі праз Заслаўе, Ракаў, Валожын, Шчучын, Ліду, Наваградак, Мядзел, Клічаў, Бярэзань, Чэрвень. Запісалася на мапе майго дзяцінства і мястэчка Смілавічы. Праз яго мы праязджалі кожны раз, калі ехалі на выходныя ў вёску. Назва мястэчка ўваходзіла ў сістэму самых блізкіх і добра вядомых каардынатаў: Мінск, Смілавічы, Чэрвень (даўнейшая назва – Ігумен) і вёска Вайнілава. У Смілавічы дзед з бацькам вазілі гарбарам скуры, адтуль прывозілі новыя валёнкі. Створаная сто гадоў таму лямцавая арцель з часам ператварылася ў фабрыку, якая працуе па сённяшні дзень. Але мае першыя валёначкі былі самаробныя, не фабрычныя, я і цяпер іх добра помню. Лёгкія, цёплыя і неверагодна мяккія, яны былі да ўсяго яшчэ і незвычайнага шэра-карычневага колеру, з падшытымі пяткамі. Мне здавалася, што такі абутак мусіў зрабіць нейкі добры чараўнік, бо ўсе іншыя валёнкі былі чорныя і дужа каляныя. Аднойчы мы ехалі з мамай у перапоўненым мінскім аўтобусе, з якога яна выносіла мяне, малую, на руках. Калі мы прасоўваліся да дзвярэй, адзін валёначак саслізнуў у мяне з нагі, заціснуты ў шчыльным натоўпе. Пакуль я спрабавала патлумачыць гэта маме, мы выйшлі на прыпынак, я пачала плакаць. Але нехта з пасажыраў паспеў заўважыць маю страту і выкінуць яе з аўтобуса. Якое гэта было шчасце!..
Перад самымі Смілавічамі мы пераязджалі рэчку Волму. Толькі ў школе я, напэўна, зразумела, што гэта не тая самая рэчка, што Волга. І ў песні, якую чула ў маленстве, для мяне адназначна гучала: «течет река-Волма…» У старэйшых класах для мяне пачала адкрывацца іншая гісторыя мястэчка: тут, аказваецца, жылі ў сваіх палацах Агінскія, Манюшкі, Ваньковічы. Амаль казачныя персанажы князёў, намаляваныя дзіцячай фантазіяй, ператвараліся ў рэальных людзей, якія жылі тут, на маёй зямлі, і не толькі жылі, але і стваралі – музыку, жывапіс, архітэктуру. Я пачынала бачыць родныя ваколіцы ў новым святле, іхняя гісторыя паступова злучаліся ў маёй свядомасці з агульна-еўрапейскай.
Любоў да мястэчак засталася ўва мне, здаецца, назаўсёды. І калі мае шляхі пабеглі далей на захад, я заўсёды з вялікім задавальненнем знаёмілася з невялікімі мясцовасцямі ў Польшчы, Славаччыне, іншых краінах.
* * *
У кастрычніку 2019 г. мне пашчасціла ўзяць удзел у Міжнародным кангрэсе перакладчыкаў Гамбровіча, які часткова праходзіў у французскім мястэчку Ванс (Vence) непадалёк ад Ніццы. Выпадковы эмігрант, Вітальд Гамбровіч выплыў у ліпені 1939 г. з Польшчы ў якасці журналіста на першым рэйсе міжатлантычнага пасажырскага лайнера Chrobry. Неўзабаве пачалася ІІ сусветная вайна, якую ён цалкам слушна вырашыў перачакаць у Аргенціне. Але пасляваенная рэальнасць, тыя навіны, якія даходзілі з радзімы, не выклікалі жадання вярнуцца. Толькі ў 1963 г. пісьменнік перабраўся з Паўднёвай Амерыкі ў Еўропу, спачатку ў Нямеччыну, потым у Францыю, але так і не вярнуўся ў Польшчу. Пры гэтым усё жыццё Гамбровіч пісаў свае літаратурныя творы выключна па-польску, у эміграцыі супрацоўнічаў з Ежы Гедройцем, друкаваўся ў парыжскай «Культуры». Апошнія гады свайго жыцця правёў у Вансе, тут ён і пахаваны на гарадскіх могілках. З 2017 г. ў віле «Александрын», дзе нейкі час жыў польскі пісьменнік, знаходзіцца музей.
Маляўнічае мястэчка прытулілася паміж Міжземным морам і Альпамі. Уласна мора мне давялося пабачыць толькі здалёк: калі самалёт заходзіў на пасадку і калі мы паехалі ў горы, на тое месца, дзе любіў пікнікаваць Гамбровіч. Адсюль адкрываліся ва ўсе бакі жывапісныя горныя краявіды, а на даляглядзе ў паўднёвым кірунку сінела мора. Ваколіцы Ніцы з канца ХІХ ст. сталі папулярнымі курортнымі мясцінамі, сюды пачалі часта наведвацца пісьменнікі і мастакі: хтосьці прыязджаў на кароткі адпачынак, іншыя заставаліся даўжэй. Тут жылі і працавалі такія славутасці, як Анры Маціс, Пабла Пікасо, Антон Чэхаў, Іван Бунін, Марк Шагал, Уладзімір Набокаў. Нядзіўна, што і папулярная назва рэгіёну – «Лазурковы бераг» (Côte d’Аzur) – мае літаратурныя карані. У 1887 г. народжаны ў Ніцы пісьменнік Стэфан Льежар выдаў у Парыжы кнігу падарожных нататак пра свае родныя ваколіцы «La côte d’azur», і хоць кніга асаблівай папулярнасці не мела, то назва прыжылася і пашырылася ў перакладах на іншыя мовы.
Ванс прывітаў нас зусім летняй залевай, за сцяной дажджу ледзь угадваліся абрысы дамкоў і пальмаў, але ўжо на другі дзень было сонечна і даволі цёпла. Стары горад, з брукаванымі вулачкамі, будынкамі са светлага каменю, вымытымі і свежымі пасля дажджу, быў такі чысты, што хацелася ісці басанож. Жаданне ўзмацняла непрывычная для мяне цеплыня паветра і насычаныя колеры экзатычнай паўднёвай расліннасці, пышная і жывая зеляніна – не вельмі пасавала ўсё гэта да сярэдзіны кастрычніка. Асобныя вулкі сярэднявечнага горада, па якіх даводзілася ісці, былі настолькі вузкія, што аўтамабілі там не маглі праехаць. Дрэвы на іх таксама не раслі, хіба што ў адмысловых бочках і цэбрах. Стваралася ўражанне, што ты блукаеш не па вуліцах, а па калідорах каменнага замка, назіраеш за прыватным жыццём ягоных жыхароў зблізку, нібыта завітаў у госці. То тут, то там сцены калідораў расступаюцца, і ты апынаешся ва ўтульных залах – на маленечкіх пляцах: з фантанам, касцёлам ці вежай. Такія невялікія мясцовасці, абнесеныя магутнымі абарончымі мурамі, невыпадкова называлі «арлінымі гнёздамі». Утульнае, схаванае ад вятроў і непрыяцеляў мястэчка ў гарах зачароўвае сваёй мініяцюрнасцю.
У «гняздзечку» Ванс нават катэдра Нараджэння Божай Маці мініяцюрная. Яна хоць і знаходзіцца на цэнтральным пляцы Клемансо (Place Clemenceau), але, каб не яскрава-жоўты колер і пазалочаная фігурка Божай Маці на фронце, якая свяцілася ў прамянях нізкага асенняга сонца, то я і зусім бы яе не заўважыла. А было б вельмі шкада не наведаць адзін з самых старых касцёлаў, пабудаваны на месцы былога храма Марса ў IV стагоддзі. Пра часы Рымскай імперыі нагадваюць лацінскія надпісы, што захаваліся на камянях у аснове пілястраў паабапал увахода. Вонкавы выгляд святыні не змяняўся з ХІІ ст., а вось усярэдзіне дэкарацыі час ад часу абнаўляліся. Нечаканай была для мяне сустрэча з працай нашага земляка: у баптыстэрыі катэдры знаходзіцца мазаіка Марка Шагала 1979 г., якая адлюстроўвае біблейскі сюжэт пра тое, як у трыснягу на беразе Ніла дачка фараона знайшла кошык з маленькім Маісеем, будучым прарокам.
Матывы вандровак, заблытаных сцежак мігрантаў, якія праляглі з сучасных беларускіх земляў на поўдзень Францыі, спадарожнічаў мне ўвесь час. Наша група ішла за гідам па вузкіх вулках Ванса, з пляца Клемансо мы трапілі на пляц Пэйра з фантанам (Place du Peyra), паглядзелі выставу, прысвечаную Гамбровічу, а потым праз браму выйшлі за гарадскія сцены на пляц Фрэн (Place du Frêne). Пляц Ясеня сваю назву атрымаў ад дрэва, якое паводле легенды пасадзіў тут французскі кароль Францыск І у 1538 г. Ці той самы гэта ясень расце сёння пасярод плошчы? На жаль, ён нам не раскажа. Яшчэ здалёк я заўважыла пад дрэвам нейкі плакат, падышла бліжэй, разгледзела. Гэта быў здымак карціны ўласна таго дрэва, пад якім ён і стаяў. Успомнілася, як бачыла на Кракаўскім прадмесці ў Варшаве карціну з панарамай у бок калоны Жыгімонта. Прыдворны мастак караля Станіслава Аўгуста, італьянец Бернарда Белота, захаваў на сваіх палотнах дакладны выгляд польскай сталіцы XVIII ст., і пасля ІІ сусветнай вайны яны выкарыстоўваліся пры адбудове горада. Сёння можна параўнаць панараму таго часу з сучасным выглядам Варшавы. А ў Вансе можна паглядзець на ясень, перанесены рукой геніяльнага мастака на палатно амаль сто гадоў таму. Уважліва чытаю метрыку: Хаім Суцін, «Дрэва ў Вансе», 1929. Нічога сабе!
* * *
Хаім Суцін нарадзіўся ў Смілавічах Ігуменскага павета Мінскай губерні ў 1893 г.
Упершыню Смілавічы згадваюцца ў пісьмовых крыніцах у 1582 г., калі каралеўскаму ясеню ў Вансе было ўжо крыху болей за сорак гадоў. Натуральна, што паселішча ўзнікла раней, бо згадваецца ўжо як сяло, а значыць, даволі буйное пасяленне з царквой альбо касцёлам, а, магчыма, і мячэццю, бо з канца XVI ст. тут пачалі абжывацца татары. Пазней у мястэчку з’явіцца і сінагога, бо ў 1736 г.
Крыштаф Завіша падпіша прывілей, які дазволіць сяліцца туды габрэям. На мяжы ХІХ і ХХ ст. большую частку насельнікаў Смілавіч складалі менавіта габрэі: больш за дзве тысячы з амаль трох з паловай тысяч чалавек. На той час у мястэчку дзейнічалі народныя вучылішчы, прыходскія школы, паштовая станцыя, суконная фабрыка, некалькі гарбарняў, дзевяць корчмаў, каля шасцідзесяці дробных лавак, была свая пажарная каманда, вінакурня, два заезныя дамы, два вадзяныя млыны, кузня. Актыўна развіваліся рамёствы: ганчарнае, лямцавае, бандарнае, шавецкае, кравецкае.
У сям’і смілавіцкага краўца і гадаваўся будучы славуты мастак, якога добра ведаюць за мяжой, а нядаўна пачалі ўспамінаць і ў Беларусі. Хаім Суцін выехаў з роднага мястэчка спачатку ў Менск, дзе першыя ўрокі малюнка атрымаў у Янкеля Кругера, потым перабраўся ў Вільню, дзе вучыўся ў мастацкай школе Івана Трутнева, і нарэшце разам Міхаілам Кікоіным, таксама будучым жывапісцам, які нарадзіўся ў Гомелі, прыехаў у Парыж. У французскай сталіцы юнакі пасяліліся ў творчым цэнтры «Вулей» (La Ruche), дзе сустрэліся са сваімі землякамі Маркам Шагалам і Восіпам Цадкіным. Усе яны стануць вядомымі ў свеце мастакамі, але ніхто з іх ужо ніколі не вернецца на радзіму.
На пачатку ХХ стагоддзя ў пошуку лепшага жыцця па навуку і ў заробкі людзі актыўна выязджалі за мяжу. Хадзілі чуткі, што адзін з жыхароў Смілавіч нават трапіў на «Тытанік». Трое з дзесяці братоў і сясцёр Суціна выехалі на заробкі ў ЗША. Ураджэнцы Беларусі разляталіся па ўсім свеце, а трагічныя падзеі ХХ стагоддзя, якія адбыліся пазней, назаўсёды змянілі непаўторны культурны і рэлігійны ландшафт беларускіх земляў. Кастрычніцкая рэвалюцыя, грамадзянская вайна, чырвоны тэрор, сталінскія рэпрэсіі вынішчылі магнатаў і шляхту, святароў, навукоўцаў і творчую інтэлігенцыю, незваротныя страты прынеслі І і ІІ сусветныя войны. 14 кастрычніка 1941 года было ліквідавана смілавіцкае гета. Сёння на месцы расстрэлу мясцовых габрэяў стаіць помнік, надпіс на якім паведамляе пра гібель 2000 «савецкіх грамадзянаў». Бацькі Хаіма Суціна памерлі яшчэ да вайны і былі пахаваныя на мясцовым кіркуце (паводле звестак, размешчаных на старонцы музея «Прастора Хаіма Суціна» ў Смілавічах, іх магілы адшукаць не ўдалося). Частка сям’і, якая заставалася ў мястэчку, паспела эвакуявацца перад самым прыходам нацысцкіх войскаў, дзякуючы чуйнасці і клопатам швагра Суціна – Шолама Цукермана.
У пасляваенны час габрэяў у мястэчку засталося вельмі мала, большасць працавала настаўнікамі, але былі і прадстаўнікі іншых прафесій – краўцы, гарбары, шаўцы. Летам у нашу вёску прыязджаў жыд Фэба, які скупляў старое рыззё і прадаваў розныя неабходныя ў гаспадарцы рэчы. Менавіта дзякуючы яму трапіла ў нашую хату аршанская швейная машынка. «Прыдасца ў сям’і з дзвюма дочкамі», – пераконваў Фэба маю бабулю. Пазней у дзеда з бабай нарадзілася яшчэ адна дачушка, усе тры ўмелі шыць. Машынка была вельмі добрая, сшывала і тонкую тканіну, і грубую, і нават скуру. Я таксама навучылася на ёй шыць: пачынала з самых простых начных сарочак, потым былі спадніцы, блузкі, а ў студэнцкія гады – курткі, пінжакі і нават паліто.
* * *
Блукаю па вулках Ванса, і думаецца мне пра тое, як выразна адчуваецца тут повязь часоў і народаў (хай і гучыць гэта так патэтычна). Час не спыняецца, а гісторыя існуе ў сваім адвечным кантынууме. Усё, што было, тое ёсць і будзе. Рымскія падваліны храма і брукаванка, катэдра з мазаікай Шагала, каралеўскі ясень і карціна Суціна пад ім, замак Вільнёў (Villeneuve) XVII cт., ружанцовая капліца пры жаночым дамініканскім кляштары, створаная Анры Мацісам, пляц Гадо (Place Godeau названы ў гонар Антуана Гадо, мясцовага епіскапа, пісьменніка і паэта) з калонай Марса і часовай выставай, прысвечанай Гамбровічу, віла «Александрын», у якой жыў і працаваў польскі пісьменнік. Улетку на пляцы Гранд Жардэн (Place du Grand Jardin) адбываецца музычны фестываль NUITS DU SUD (Летнія ночы).
А як выглядаюць сёння Смілавічы? Што нагадвае пра слаўнае мінулае мястэчка? Ці шмат захавалася з тых даўнейшых часоў? Нешта амаль выпадкова ацалела, яшчэ болей было страчана. Барочны касцёл святога Вінцэнта і кляштарныя будынкі XVIII ст. засталіся адно на малюнку Напалеона Орды, інтэр’ер сінагогі можна пабачыць на старым фотаздымку, незваротна зніклі царква Багародзіцы ХІХ ст. і старая мячэць. Падчас апошняй вайны было знішчана і шмат жылых дамоў, у тым ліку дом сястры Хаіма, у якім засталіся працы мастака: паводле ўспамінаў пляменніцы Суціна гэта былі партрэты ягоных сясцёр Этэль і Мэры, а таксама партрэт невядомага мужчыны. Лёс гэтых карцін невядомы.
Часткова захаваўся палацава-паркавы комплекс. Маёнтак у Смілавічах у розныя часы належаў Завішам, Агінскім, Манюшкам і Ваньковічам. Два палацы – стары, будова якога была распачатая яшчэ Станіславам Манюшкам, і новы, дабудаваны Лявонціем Ваньковічам, – былі злучаныя аранжарэяй. Сёння новы палац займае сельскагаспадарчы каледж, будынак аранжарэі не захаваўся, а стары замак знаходзіцца ў вельмі занядбаным стане. Шляхецкая сядзіба была аточаная шыкоўным паркам з экзатычнымі дрэвамі, яшчэ і цяпер тут можна ўбачыць лістоўніцы, белыя морвы, чорныя хвоі, піхты, блакітныя елкі.
Маляўнічы парк хараством незвычайных для Беларусі дрэваў (кажуць, да рэвалюцыі тут раслі нават пальмы!) і вытанчанымі абрысамі палацаў мог натхняць Хаіма Суціна на стварэнне шэдэўраў не горш за краявіды Ванса ці Шартра. Магчыма, менавіта жывапіснасць смілавіцкіх ваколіц і паўплывала на лёс хлопчыка, які захапляўся імі, тонка адчуваў прыгажосць і заўважаў яе ва ўсім, а потым старанна пераносіў на палотны. А на беразе Волмы, можа, яшчэ расце тая вярба, што помніць, як маленькі Хаім сядзеў пад ёю і натхнёна маляваў, але яна нічога нам не раскажа. Не раскажа нічога і бераг рэчкі, з якога ступалі на тонкі лёд мальцы Хаім і Шрага-Файбіш Царфін. Як не раскажа ніводная карціна мастака пра ягонае роднае мястэчка, якога ён сам саромеўся і часам казаў, што паходзіць з Вільні. Так было, напэўна, і прасцей, і больш прэстыжна. Пра вярбу і здарэнне на рэчцы мы ведаем са словаў унука Царфіна – Сэма і пляменніцы Суціна – Ніны (Наумы Ферапонтавай, дачкі Шолама Цукермана і сястры Хаіма Этэль), якія ў сваю чаргу пераказваюць успаміны дзеда і бацькі. Крупінкі гэтай вуснай гісторыі пра дзяцінства славутага мастака пачалі збіраць у Смілавічах, дзе пры падтрымцы ЮНЭСКА ў 2008 г. быў створаны музей «Прастора Хаіма Суціна».
Амаль праз сто гадоў пасля таго, як мастак выехаў у Францыю, у Беларусь упершыню трапілі ягоныя палотны. У 2011 г. «Белгазпрамбанк» набыў на аўкцыёне ў Лондане першую працу Хаіма Суціна «Вялікія лугі ў Шартры ля віядука» (каля 1934 г.). На карціне імкнуць у неба высокія дрэвы, глядзіш на іх і чуеш пошум летняга ветру ў галінах. Ад гэтага робіцца яшчэ больш шкада, што нашчадкам не дадзена ўбачыць на палотнах мастака той смілавіцкай вярбы над Волмай.
Праз два гады банк «вярнуў» беларусам яшчэ адну карціну Хаіма Суціна, якая зусім нечакана ўвайшла ў сучасную гісторыю Беларусі сімвалам народнага супраціву. «Ева» набыла незвычайную папулярнасць пасля таго, як была арыштаваная карпаратыўная калекцыя «Белгазпрамбанка» з галерэі «Арт-Беларусь» улетку 2020 г. Ева апынулася «за кратамі». Ейны арышт перажывалі так, быццам яна была цалкам рэальнай, жывой асобай, удзельніцай пратэстаў. У адзіным парыве – je suis Eva – фб-карыстальнікі ставілі партрэт Евы на свае аватаркі, арганізоўвалі флэш-мобы, стваралі мемы з Евай у паласатым адзенні лагерных вязняў, актыўна выкарыстоўваўся хэштэг #evaлюцыя, якім пазначаліся тэксты, прысвечаныя культпратэсту. Супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Мікіта Моніч напісаў верш, у якім апошнімі словамі былі: «оставьте Еву». Прынт з выявай Евы з’явіўся на кубках, вопратцы, торбачках. Адусюль пазірала на беларусаў Ева, сцяўшы вусны і склаўшы рукі на грудзях, яна нібыта ўсім сваім выглядам гаварыла: наша возьме! Суцінская «Ева» адбыла свой тэрмін і выйшла на волю, у той час як многія беларусы застаюцца за кратамі.
* * *
У людзей, дрэваў і карцін розныя лёсы – у кожнага свой, адметны і непаўторны. Дзесьці ў Вансе расце высачэзны ясень на пляцы свайго імя. Сам, як кароль, ён крыху абыякава назірае за тым, што адбываецца вакол. Дрэва пражыве сваё доўгае жыццё на тым самым месцы, дзе яго пасадзілі і дзе яно ўзрасло. Іншае наканавана неспакойнай духам «Еве»: яна вандруе па свеце, бярэ ўдзел у гістарычных падзеях далёкай краіны, адкуль быў родам яе аўтар. Яе арыштоўваюць, але яна вяртаецца на свабоду. Людзі ж, тысячы беларусаў, якія былі шчыра прывязаныя да сваёй зямлі, хацелі б, як той ясень, спакойна і годна жыць там, дзе яны раслі. Але іх «выкарчоўваюць» і змушаюць да пошуку іншага, больш бяспечнага месца. Разлятаюцца ва ўсе бакі свету здольныя таленавітыя творчыя дзеці зямлі беларускай. Яны звіюць сабе «гняздзечкі», узгадуюць дзяцей, але людзі не птушкі – ім патрэбная свая зямля, на якой яны б маглі годна ўзрастаць, моцна трымаючыся карэннем, на якой маглі б гадаваць наступныя пакаленні і ствараць сваё.