Наталля Русецкая (№103)

Паміж намі былымі

*  *  *

У жніўні было

дзве поўні

я пра цябе

успомню

згадаю

адным радком

ты быў

як месяц за шклом

далёкі

чужы

халодны

няведамы

і свабодны

то маладзік

то ветах

а я гадавала

дзетак

*  *  *

а ты ўставай

і зноў жыві,

пі ранішняе сонца,

усміхайся.

любі дарогу,

на вадзе кругі,

плыві,

не бойся,

дыхай, не здавайся.

а я пайду

па небе

за табой,

мы пражылі вясну

так, як хацелі,

мы бачылі,

як зоркі

мігацелі,

на вейках

вечара

запальвалі

расу.

*  *  *

мне сёння пячэ між рэбраў,

быццам хтось усадзіў туды нож,

ён напэўна трапіў бы ў сэрца,

толькі гэта мой правы бок.

Але я стараюся дыхаць праз раз –

беражонага Бог беражэ.

раптам сэрца ў мяне паўсюль,

хоць і адно?

*  *  *

невясёлыя вясёлкі

пад вачыма

у вачах

зоркі

зыркія вавёркі

скачуць поначы

на дах

зубкі рэжуцца

ў дачушкі

засынае на руках

невясёлыя вясёлкі

пад вачыма

у вачах

*  *  *

сёлета лета

мяне заганяе ў тупік

навігатары слепнуць і глухнуць

губляюць дарогу

а на мапах старых

не нанесены тыя шляхі

па якіх я навобмацак еду

у дождж і ў пагоду

і гару праразае

асветлены новы тунэль

і мяжа падымае шлагбаўмы

сваіх пераходаў

на крыжы раздарожжаў

з усіх невядомых дарог

выбіраю кірунак сэрцам

дадому

да дому

*  *  *

Для гэтай ночы шкода сну.

Так хочацца віна, размоваў, песень.

І чэрпаць зоркі прыгаршчамі з неба.

Для гэтай ночы шкода сну.

Так хочацца далоні, плечы, скроні –

гарачых шэптаў блытаныя словы.

Для гэтай ночы шкода сну.

Бо жнівень, бо далёка дзесьці мора,

бо спелых вінных гронак смак на вуснах.

*  *  *

нясу сябе

праз лістапад

нібы віна

паўнюткі келіх

і сонца

дастае да дна

густой

гранатавай

купелі

і грэе

*  *  *

ёсць гарады

халодныя шэрыя камяні

ёсць гарады

жоўтыя цёплыя прамяні

ёсць гарады

крыжы й галубы ў вышыні

ёсць гарады

вятры шалёныя і дажджы

а ёсць дарогі

паміж гарадамі тымі

паміж табою і мной

паміж намі былымі

*  *  *

вось яно

задажджыла

хмарамі

аблажыла

цягне павольна

як з жылаў

з неба

шэры сувой

мне засталося

выжыць

самотнай

ваўчыцай

хіжай

што з лужыны

поўню зліжа

і лісце

запаліць слязой

*  *  *

тонкімі рыскамі

па шэрым паветры

малюю мары свае

жаданні

хачу іх пазнаць

не магу праверыць

яны збываюцца

ці забываюцца

іду наскрозь

прашываю ніткамі

сваіх пачуццяў

думак уражанняў

шэрыя дні

азірнуся –

вышыты

новы ўзор

на сукенцы каляднай

*  *  *

…бесскрыдлаты паэт…

М.Б.

паэт выпадае нібыта зусім выпадкова

з жыцця ў калодзеж двара, пад’езда, хваробы.

за спінай не раскрываецца ветразь крылаў

і не ратуе паэта ў апошнім і першым палёце…

*  *  *

лета застанецца

ў далонях тваіх суніцамі

над азяром

вербалозамі ніцымі

поўняю

над пустымі вагонамі

словамі

непрагаворанымі

смагаю

неспатоленай

вадою крынічнаю

з-за далягляду

летні мой край

кліча мяне

*  *  *

Снег

Дзіцячы смех

Залаты гарэх

Падарункаў мех

Пад убранай ялінкай

Цень

Кароткі дзень

Зорак мільгацень

У каміне жарынкі

*  *  *

Па голым лёдзе,

як па тонкім шкле,

па белым снезе,

як па парцаляне,

ідзе зіма

праз студзень:

дзень у дзень

па вызначаным

плане і раскладзе.

І я іду за ёю

след у след,

год скончыцца

і распачнецца новы,

і незаўважна

для саміх сябе

сёння па снезе

заўтра па вадзе

пяройдзем мы

ў рэжым хады

вясновы.

І хтосьці азірнецца,

хтосьці – не.

Камусьці лёс

кагосьці наварожыць.

А мне так хочацца,

пакуль зіма ідзе,

табе сказаць

на вушка:

ты прыгожы.

*  *  *

я зразумела

чаму я зіма –

наравісты характар:

магу затрымацца

ў дарозе

ты будзеш чакаць чакаць

што я сыпану смехам

як снегам

а я прыцісну

маўчання

моцным марозам

і нечакана

адліга і завіруха

маіх абдымкаў

зноўку марозна

словы стынуць

звіняць ледзяшамі

вецер

сінія колкія зоркі вачэй

хмары

хмары

і – раз!

снегапад пяшчоты

не разабраць дзе неба

а дзе зямля

роўным белым

пухам

цябе абсыпаю

усяго схавала

ад свету

зацерушыла

– Як табе, цёпла,

цёпла?

*  *  *

упалі цені

на зямлю

нібы пажухлая

лістота

прысела поруч

адзінота

паклала на плячо

руку

мы гаварылі

з ёй пра ўсё

перабіралі

дні і ночы

чарговы год

наўзбоч пакрочыў

нават не ўспомню –

цот не цот

хтосьці

у жмені

зерне згроб

перамалоў

і ані дбае

зіма ці доўгая

чакае

іншым прыдбаць бы

акалот


Апублікавана

у