Гузікі
Сентыментальная гісторыя
Ехаў у Гомель. Глядзеў у вакно. Белае поле пад шэрым небам, а за полем вёска – белыя дахі, а з комінаў дым… Дзіўна, але і праз шкло імклівага цягніка адчуў казытлівы водар таго дыму. Усміхнуўся, але ніхто маёй усмешкі не заўважыў – маска.
**
Я з мамай. Мне шэсцьдзесят трэці, а ёй дзевяноста другі. Яна два гады не ходзіць. Ляжыць у сваім пакоі, дзверы адчыненыя. Збіраюся выносіць смецце, абуваюся, апранаюся.
– Смецце вынесу!
– Добра, толькі шапку надзень – зімна!
Мне шэсцьдзесят трэці… Шапку надзеў.
**
Павячэралі. Мама яшчэ пасядзела трохі на ложку, склала сурвэтку, а потым сказала, што стамілася, і папрасіла, каб дапамог легчы. Дапамог, накрыў цёплай коўдрай і пайшоў на кухню.
Мыю посуд. Чую, што мама мяне кліча. Выціраю рукі, іду да яе ў пакой. Яна моўчкі глядзіць на мяне, быццам даўно-даўно не бачыла.
– Што, мама, піць, у прыбіральню?
– Не… Памаліся за мяне, сынок…
**
Вечар. Мама слухае радыё – маленькі чорны прыёмнік, які купіў ёй мой малодшы брат. Гучыць музычная кампазіцыя. Зазіраю да яе ў пакой.
– Нічога не разумею, пра што ён такое спявае?
Праз хвіліну.
– Хоць і не па-нашаму, а добра пяе мужчына.
Для маёй дзевяностагадовай мамы спяваў па рыдыё Sting.
**
Кармлю з лыжачкі.
– Не зачэрпвай з сярэдзіны, ад беражку кашу бяры, а то язык мне апячэш… – кажа мама.
– Добра…
Аказваецца – “бераг” ёсць у ракі, возера, леса і ў талеркі… Паэзія матчынай мовы.
**
Ёсць дзіцячая задачка на кемлівасць. Што важыць больш – кілаграм пуху ці кілаграм жалеза?..
Пераносіў маму с ложка на крэсла. Перанёс. Потым згадаў, як у жніўні, на лецішчы, цягаў бетонныя слупы. Цяпер ведаю – бетонны слуп вагой пяцьдзясят кілаграмаў важыць нашмат менш, чым чалавек.
**
Мама доўга моліцца, а потым некаторы час маўчыць і ціха кажа: “Божачка, дзякуй за пражыты дзень і дапамажы ноч пераначаваць… Яна ж такая доўгая!”
**
Палуднуем. Я насмажыў марской рыбы. Мама раптам перастае жаваць і глядзіць на мяне.
– Мне сон быў. Прынёс нехта два карпы і паклаў на стол…
– Хто?
– Не ведаю – гэта ж сон…
– Ты іх засмажыла, з’ела?
– Не… Праз дзень вы з Колем прыехалі (Коля – мой малодшы брат).
– І што, мы тую рыбу з’елі?
– Я сон расказваю, а ты абы-што… Калі рыба сніцца, то гэта да прыбытку. Хіба не ведаеш?
– Мне часта сніцца рыба, а вось прыбыткаў пакуль няма.
– Яшчэ будуць, не спяшайся.
**
Каб маме было цікавей жыць, то я прыдумаў наступнае – гатуем разам. Сёння мы варым суп. Яна ляжыць у сваім пакоі, а я бегаю да яе з пытаннямі.
– У якой каструлі варыць? – паказваю большую і трохі меншую. –
А колькі вады ліць?
– У круглай… Пад самы верх, бо выкіпіць.
– А мяса мыць?
– Мыць!
Іду на кухню. Бразгае посуд. Ліецца вада.
– А саліць мяса, ма?
– Пену зняў?.. Добра. Пасалі, але трохі.
Здымаю пену. Трохі салю. Памешваю мяса.
Праз гадзіну я зноў з пытаннем.
– Палавіны цыбуліны хопіць? – паказваю вялікую цыбуліну. –
А бульбіны тры ці дзве? А морквы колькі? А яе парэзаць ці пацерці?
А гарошак цяпер сыпаць ці трохі пазней?
– Толькі я задрамала, а ты зноў… Ну хіба ты сам не ведаеш?.. Бульбу хоць пакрышыў? А цыбулю з морквай?.. Тады сып… Чуеш, не закрывай шчыльна, няхай пакіпіць з паўгадзінкі.
Праходзіць адмераны час. Каштую сам і набіраю лыжку для мамы. Дзьмухаю, каб суп не быў варам. Прапаную пакаштаваць.
Яна з’ядае лыжку, думае, маўчыць.
– Ну што, харошы?
– Харошы, ды каб меліся грошы… Налі ў маю місачку, няхай ачахне трохі, а сабе ў вялікую.
**
І сапраўды, той снежаньскі дзень быў светлы. Такі яркі, што глядзіш на вакно, вочы мружыш і ўсміхацца спрабуеш… А яшчэ я зняў на балконе прасціны і пялюшкі, якія нязвыкла пахлі марозным паветрам, – у маміным пакоі яшчэ больш пасвятлела. Настрой трохі палепшыўся, мама павесялела, папрасіла знайсці старыя акуляры, тыя, што глядзяць блізка…
Потым папрасіла дапамагчы сесці.
Потым доўга глядзела на сонечныя паскі на сцяне, на старой шафе, нават дакранулася да халоднага люстэрка. Там сядзела яна – цёмным абрысам. Там стаяў і я, таксама цёмны…
А вакол было шмат залатога зімовага святла.
– Пасядзі тут, – паляпала далонню па краі ложка. – Дай, пакуль светла, пагляджу на цябе.
Яна сказала гэта так, што я не мог не паслухацца, не мог пажартаваць. Сеў.
– Павярніся, каб сонца на цябе свяціла. Каб хоць трохі разгледзець магла.
Павярнуўся і далонню прыкрыў вочы ад зыркага святла. Мама прыбрала маю руку. Дакранулася да шчакі, да пляча, да лба… Правяла далонню па кароткіх валасах, потым па падбароддзі… Я ўздыхнуў, бо некалькі дзён не галіўся. Лічыў, што на вуліцу хаджу ў масцы, а дома мяне ніхто не бачыць…
– Я думала, ты не такі.
– А які, мама?
– Думала, ты маладзейшы…
– Ты ж ведаеш, колькі мне.
– Ведаю… Як жа ўсё хутка… Зусім дарослы… Стары…
**
Павячэралі. Памыў маме рукі. Надзеў памперс. Падбіў падушку. Паправіў коўдру. Трохі пагаварылі пра заўтрашняе надвор’е, пра сняданак.
– Не стой, ідзі, сынок… Сама патушу святло. Памалюся і патушу.
Пажадаў ёй “дабраначы”.
Мыю на кухні посуд. Выціраю талеркі. Радуюся, што ўсё адбываецца ціхамірна. Чую, як яна ў сваім пакоі моліцца.
Раптам змаўкае, а потым пытае:
– А як цябе завуць, забылася?
– Вова!
– Воўка? І майго сына так завуць… – кажа мама і моліцца далей.
**
Калі даглядаеш старую і зусім слабую маці, то больш даведваешся не пра яе, а пра сябе “любімага”. І пачынаеш разумець усю сваю недасканаласць. Вылазяць: лянота, крывадушнасць, непачцівасць, злосць, хітрасць, баязлівасць, жорсткасць і шмат чаго яшчэ – цёмнага і цяжкага, што старанна хавалася ў глыбіні ўласнай істоты. Спрабуеш выправіць, а не заўсёды і атрымліваецца.
Хто даглядаў блізкага чалавека хаця б дзень і ноч, месяц, то, можа, са мной і пагодзіцца…
**
Ранішні цягнік ляціць на поўдзень. Узыходзіць сонца. Насупраць мяне сядзіць праваслаўны святар у блакітнай масцы, глядзіць у вакно і мружыцца ад яркага сонца. Ад самага Мінска маўчым.
На перагоне паміж Жлобінам і Буда-Кашалёвам святар хутка дакранаецца да маёй рукі і паказвае ў неба. Ён убачыў першым.
– Гусі! – радасна ўскрыкваю я і гляджу на тры чарады вялікіх шэрых птахаў, якія ляцяць у бясхмарным небе, па-над асветленымі зыркім святлом красавіцкімі ўзлескамі.
– Дзікія, – кажа святар і праводзіць позіркам чароды гусей.
З-пад маскі вытыркаецца сівая барада. Святар мружыцца, уздыхае, і вочы яго блішчаць сінечай, як красавіцкія лужыны.
– Я да мамы еду.
– А я па трэбах, – адказвае святар і чорным рукавом выцірае мокрыя вочы.
Маўчым, думаем пра сваё, глядзім у вакно: на палі, лясы, неба…
**
Калі прыязджаю да маці, у бацькоўскую кватэру, то пераапранаюся. Так, відаць, усе робяць. Мне падабаюцца бацькавы кашулі, кофты, джэмперы. Бацькі няма на свеце амаль дваццаць гадоў, а яго рэчы працягваюць служыць… Прыемна іх апранаць, зашпільваць гузікі, падцягваць ці заварочваць рукавы… Гузік сёння адарваўся. Закаціўся пад шафу. Раней бы маці сказаў – яна б і прышыла… А цяпер сам. Прышыў і прыйшоў пахваліцца.
– Добра прышыў? – спытала і праверыла. Хацела зашпіліць, а не змагла – пальцы не слухаюцца.
– Не адарвецца, яшчэ панашу…
– Не ведаю… Можа і паносіш трохі. Зашпіліся, не хадзі расхрыстаны.
**
Пакарміў яе. Мыю на кухні посуд. Чую, мама нешта гаворыць ласкава і манатонна.
– Мама, што ты там гаворыш? – пытаю здалёк, а потым падыходжу да яе пакоя.
– Я не с табой, сынок, я з Богам гавару…
Мыю посуд, прыбіраю, а яна расказвае Богу, што сын прыехаў…
**
Бярозы за вакном нерухомыя. І крумкач на вершаліне нерухомы, як нежывы. Неба нізкае, дождж усё збіраецца-збіраецца, ды не насмельваецца пайсці. Вусцішна.
З кухні ціха падыходжу да мамінага пакоя, спыняюся ў дзвярах і гляжу на яе твар, потым на сурвэткі на крэсле, на грабеньчык, акуляры, стары тэлефон, на шклянку з вадой, потым зноў на твар і ад яго, слізгануўшы позіркам па гадзінніку, на вялікае вакно – светлае, ранішняе… Сённяшняя ноч прайшла спакойна.
Мама расплюшчвае вочы, здзіўляецца і палохаецца, калі бачыць мяне ў дзвярах. Я разгублена ўсміхаюся і не ведаю, што сказаць.
– Гэта дзень, сынок?
– Дзень… – адказваю ўпэўнена.
Яна паказвае рукой на сцяну супраць ложка. Там гадзіннік.
– Без чвэрці восем, – кажу, бо думаю, што яе, як заўсёды, цікавіць час.
– Яны прыходзілі, ты не бойся, прысядзь, не стой…
– Хто мог прыходзіць, мы адны, дзверы на замку, нікога тут не было і быць не магло.
– Яны адтуль выйшлі, са сцяны… Цёмныя, высокія такія. Адзін трохі меншы. Я спужалася. Сціснулася ўся ў камяк, а коўдру не магу насунуць… Яны маўчаць і бліжэй падыходзяць. Да самага ложка… Глядзяць і кажуць, каб я збіралася і не баялася. А я сабе думаю, як я з імі пайду, я ж у памперсе, не апранутая… Сорамна…
– Мужчыны, мама?
– Я і не зразумела, хто яны такія. Цёмныя, і смяюцца ціхенька…
Падсоўваю да ложка крэсла, сядаю і спрабую ўсміхацца. Хачу ўзяць яе за руку, а яна яе выторгвае, хавае пад коўдру.
– Прыснілася табе абы-што… Не думай… Дзень на двары. Снедаць будзем, таблеткі піць… Што прыгатаваць?
– Я, сынок, так даўно жыву, што ўсе свае сны ведаю, не па адным разе сніла… А ты кажаш – сон!
Падымаюся з ложка, падыходжу да сцяны і раздражнёна ляпаю па ёй далонню.
– Не можна з гэтай сцяны выйсці, мама! Бетон!
– Я падумала ноччу, што калі пайду з імі, то ты раніцай глянеш, а мяне няма… Ложак ёсць, а мяне няма… Спужацца можаш.
– Аўсянку ці амлет?
– Што хочаш…
Калі рабіў амлет, за вакном пайшоў снег. Яйка выслізнула з пальцаў. Упала і не пабілася.
Гэта было 8 красавіка 2021 года.
**
Пасадзіў маму ў ложку, падушкамі абклаў. Пакарміў сняданкам. Прапаную яркую мандарынку.
– Дай, я сама.
– Зараз аблуплю.
– Не, дай, я сама.
Яе слабыя пальцы спрабуюць справіцца з бліскучай і слізкай скуркай, а мандарынка не слухаецца…
Забіраю, пачынаю лупіць.
– Дай, сама буду. Я не хачу яе есці – кіслая… Лягу і буду пальцы нюхаць… Яны так смачна пахнуць, як тады.
– Калі?
– У маладосці, калі вы з Колькам яшчэ малымі былі.
**
Сонечна… У кухні ўсё блішчыць, і старыя рэчы выглядаюць як новыя. А посуд: талеркі, белыя каструлі, кубкі, лыжкі, відэльцы, шкло – зіхцяць так, што даводзіцца мружыцца.
За вакном, з пятага паверха, відаць далёка – прыватныя дамы і гароды, шаша, чыгунка, высокае неба з белымі аблокамі. На некаторых агародах – блакітна-белы дым. Гаспадары парадкуюць свае соткі, паляць мінулагодняе смецце, абрэзанае галлё.
Думаю пра апавяданне, якое не магу дапісаць, але не злуюся сам на сябе, бо занадта добрае надвор’е, а бярозы, асветленыя красавіцкім сонцам, выглядаюць святочна. Хутка, яшчэ колькі дзён, і рудое галлё зробіцца купаросна-зялёным.
Пераношу маму на кухню. Уладкоўваю на цяжкае крэсла побач з жоўтым сервантам. Хачу, каб і яна парадавалася яркаму сонцу, ціўканню птушак, смачным пахам ежы, якая гатуецца на вымытай пліце… А яшчэ думаю пра апавяданне і пра тое, што буду за мамай падглядваць, сачыць за кожным яе рухам, поглядам, лавіць словы і развагі пра жыццё.
Але яна глядзіць у вакно без цікаўнасці.
– Бачыш, дзеці са школы ідуць па дарозе, – кажу ёй.
– Няхай сабе ідуць.
Паварочваю крэсла, і яна не бачыць сонечнага краявіду. Пстрыкаю кнопкамі, паварочваю тумблер, і пральная машына пачынае гудзець, шумець, і за круглым вакенцам радасна круцяцца ў белай пене рознакаляровыя апранахі. Гляджу на радасны рух і шум.
– Доўга яна яшчэ будзе шумець? – Мама паказвае пальцам на белую машыну.
– Паўгадзіны.
– А што так доўга?
– Пакуль намочыцць, пакруціць, зноў намочыць, а потым адцісне і спыніцца… Дастану і на балконе павешу – там будзе сонца, і да вечара ўсё пасохне.
– Суп пасаліў? Пасалі…
Салю суп і пачынаю шкадаваць, што прынёс яе на кухню, што выцягнуў са звыклага стану. Думаў убачыць яе радасць ад усяго гэтага сонечнага, вясёлага, смачнага, шумнага… Спадзяваўся, што ўсё гэта палепшыць яе настрой.
– А які сёння дзень?
– Аўторак.
– Паска скора?
– Трохі меней, чым праз тры тыдні, а што?
– Трэба будзе яйкі пафарбаваць, каб па адным на кожную магілку. Купі, і няхай ляжаць у лядоўні, а то потым… А суп накрый, няхай пастаіць, а то бульба будзе цвёрдая… Занясі мяне туды, – сказала неяк абыякава і паглядзела на дзверы свайго пакоя.
Перанёс, пасадзіў на ложак і ўздыхнуў.
– Адпачні, – паляпала па ложку.
Сеў. Маўчым. Думаю, што праз гадзіну трэба палуднаваць, а я пакуль не ўсё прыгатаваў, што кампот забыўся пасаладзіць.
– Ма, што-небудзь хочаш?
– Хачу… – адказвае хутка, як чакала майго пытання.
– Ну?
– Давай разам памром, чуеш?
– …
– Мы з табой добра пажылі… Чуеш?
– Што ты прыдумала… Што ты гаворыш? Я ж твой сын.
– Сын, я ведаю…
– У мяне ж дачка яшчэ маладая, жонка… Мама, што ўсё гэта? Пра што ты?
– Дачка вялікая, не прападуць яны без цябе…
– Ой… Давай пакладу, паляжы, а то гаворыш абы што…
Доўга стаю перад акном, пазіраю на красавіцкія аблокі, на белы надпіс упоперак дарогі, добра бачныя тры апошнія літары “ОЛА”, а дзве першыя “ШК”, амаль сцерліся коламі машын. Пахне кампотам, але яго салодкі водар мяне раздражняе.
**
На клавіятуру ашчадна свеціць маленькая лямпачка. У кватэры цёмна і ціха, нават вусцішна. Спяшаюся, падбіраю словы, быццам выкалупваю, злуюся… У вячэрняй сутонлівай цішыні чуваць кожны гук. Мама ўздыхае, неразборліва мармыча нешта, а потым ясна і насцярожана, амаль спалохана:
– Сынок, Вова, ты дома?!
– Тут, а дзе мне быць, – адказваю, запальваю святло, іду да яе ў пакой.
– Што ты там робіш?
– Працую. Пішу…
– Чытаеш… А што ты пішаш ноччу, колькі часу, дзе мае акуляры, не бачу.
– Палова на дванаццатую… Спі! – прашу, ці амаль загадваю, і незадаволена ўздыхаю.
– Сядзь тут, раскажы што ты пішаш, пра што?
– Ой… Пра цябе пішу, – сказаў і тут жа пашкадаваў, падумаў, што трэба было схлусіць, пра работу што-небудзь расказаць.
Мама насцярожылася, вусны падціснула, рука пачала намацваць акуляры, потым уздзяваць. Павялічаныя шклом вочы злосна, мне так падалося, бліснулі.
– Пра мяне… А што ты пра мяне ведаеш?
– Пішу пра тое, як мы тут з табой гаруем, як я цябе кармлю, мыю… Пра рознае пішу, а што, нельга?
– Ты толькі не пішы, што бацька твой піў дужа і павесіцца хацеў, а я не дала яму і вяроўку забрала, так раззлавалася, што забіць яго хацела… А ён плакаў-плакаў, як дзіцё… Не будзеш гэта пісаць? Напішы, што я ўсё жыццё работала, аж семдзесят восем гадоў работала…
– А чаго ён плакаў?
– Спужаўся…
Трохі памаўчала, акуляры зняла, папрасіла пакласці да месца і пачала расказваць як памерла яе матка. Памерла ад тыфу, на печы. І дзеці: Вольга, Шура, Надзя і яна, усе на той печы спалі, убачылі, што маці не дыхае, пабеглі на стайню, каб сказаць бацьку і спытаць, што цяпер рабіць і што ім есці… Бо матка не паспела нічога згатаваць… Напішы, што мой партрэт на прахадной завода вісеў і мне прэміі давалі, а калі ногі пачалі балець, то адпраўлялі ў санаторый – у Сочы, у Сакі, у, забылася, як той горад завецца – у Анапу…
– Напішу і пра Анапу.
– Што ты тут сядзіш… Ідзі!
– Пісаць?
– Спаць ідзі… А я таблеткі піла? Ідзі… Святло патушы.
Вяртаюся ў свой пакой. Сядаю да стала. Рукі на клавіятуры, але я цяпер не ведаю, пра што пісаць.
Цалкам сентыментальную гісторыю Уладзімір Сцяпана “Гузікі” чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова.