БЛІЖЭЙ ДА ЗЯМЛІ
* * *
У апошняй зямной сваёй хаце
жыць на высокім паверсе?
– Ды ну!
Памрэш вось,
і жонка скажа суседу:
– Вова,
памажы ты знесці труну.
Ён скасавурыцца кісла,
плячыма пацяпне –
Я-та – сусед, гуманіст, вядома,
ды толькі
– не!
Я за сваё жыццё нацягаўся
раяляў
ды газавых пліт
а зараз ў мяне кіла, падагра
і радыкуліт.
Раней усе хаты нармальна рабілі
(зірніце ў даўнейшым кіно)
лёгка праз дзверы што трэба насілі
ці ў скрайнім ужо –
праз акно…
А сёння ў гару кожны хоча залезці,
як горны баран
памрэ там,
і каб яго стылага знесці,
цяпер патрабуецца кран!..
А ты паглядзіш на іх, ссунуўшы вечка –
– Ну вас! Дапяклі!
І пойдзеш памалу,
падзьмуўшы на свечку,
бліжэй да зямлі…
* * *
Лясныя людзі
набіраюць ветру ў грудзі.
Лясныя людзі
абдымаюць цішыню
і слухаюць – ці далей нешта будзе –
і моўчкі прысядаюць ля агню…
Лясным людзям
апошняй пушчы ў свеце
ніяк няўцям, што тут яны адны.
На абязлюдзелай пустой планеце
ёсць толькі пушча, ціша й туманы…
Лясныя людзі
не былі на страшным судзе,
на іх забыўся арханёл з трубой.
Яны і не настойваюць на цудзе,
яны тут застануцца колькі будзе
адвечны лес
абрыдлы лёс
ды свой…
Лікбез
Ёсць навукаў у свеце нямала,
ведам іх і канца не відно!
Куды б жытка цябе не загнала,
цвёрда памятай, браце, адно –
варта ў назвах іх не памыліцца
і паўсюль сыдзеш ты за свайго:
акуліст – вывучае акулаў,
а кінолаг, лагічна, – кіно!
Рэха 1863-га
Калі па нас заплачуць ліпы у прысадах
і доўгі цень на наш ўкладзецца шлях,
тут хутка расплануюць плац-парады
на нашых неўпакоеных касцях.
Нас не пакрыюць нашымі сцягамі,
нас адпяюць не нашы святары.
І толькі ветах узыдзе над намі
з-за вежы, што на замкавай гары.
І хай цяпер не наша перамога,
ды нельга укладацца на спачын –
мы да суда адпросімся ў Бога
давесці да канца змагарны чын.
Дарэмна Пётр стаіць ля брамкі ў Раі,
ніхто з нас не паверне й галавы.
Мы застаемся прывідамі ў краі,
ў добраахвотных вечных вартавых.
І калі зноў падымуцца шыхтамі
паны, мяшчане, шляхта, мужыкі –
апошні застанецца бой за намі,
як воля у Айчыны на вякі!
* * *
Сказаў ганчар: мы зробленыя з гліны!
Каваль упэўнена абараняў чыгун,
за хлебны мякіш быў сівы араты,
на мясе з косткамі настойваў хірург…
І толькі паджылы асенізатар
у спрэчках не ўдзельнічаў зусім
ды адстаронена глядзеў сабе на неба…
І невядома, ці напраўду быў адэптам ён тэорыі стварэння,
ці верыў у візіты марсіян,
ці нешта іншае трымаў на думцы,
ды толькі ўсё маўчаў і ціха пасміхаўся…
* * *
Калі мы спім на сваіх падушках,
чаму нам сняцца чужыя сны?
Дачок гадуем мы папялушкамі –
навокал курвы. Дык скуль яны?
Мы пакідаем дзверы замкнёнымі –
адкуль ва ўсіх суседзяў ключы?
Кленчым ля склепаў з чужымі імёнамі
і па кудзелі, і па мячы.
Самазабойствы ад самакапанняў,
ад самакаханняў ізноў яны.
Прызнацца ў гэтым ў цвярозым стане
мы – не ў стане,
а на стакане… Ізноў маўчым.
“Нешта не так” – гэта код ідэнтычнасці.
“Хто там ідзе?” – наш нязменны пароль.
Ўрэшце – нязначныя акалічнасці
ды невымоўны фантомны боль.
Снежнае
Так засыпае гарады
гады ў рады,
гады ў рады…
У белай нерушы тады
ані язды,
ані хады…
Спяць і дарогі,
і парты,
і міліцэйскія пасты.
У свеце – снег,
у снезе – ты.
Бывае так гады ў рады…
Снег літасці і мілаты
нас захінае ад бяды
і зацярушвае сляды
з старога года у малады…
Каб не нагналі па слядах
ні боль, ні страх.
Каб меў надзею чалавек
як сыдзе снег.
* * *
У хлопчыка Толіка дзед быў таксістам.
у Геніка – простым савецкім чэкістам.
у Толіка ў хаце машынкаў без меры,
У Гены – фуражка і герб СэСэСэРу.
Толева мара – Passat B4.
Генава – фота ў парадным мундыры…
Вырас Талян – стаў таксістам-бамбілам.
Гена ўзяў… і зрабіўся мудзілам!
Ды і не тое, каб ён не стараўся!
У школе вучыўся,
спортам займаўся.
Быў нейкі час у гуртку Мельпамены,
але палезлі Генавы гены!
Геніка вабяць не дупы і цыцкі –
сняцца яму Мяснікоў і Прытыцкі.
Фелікс – ў адным скураным паліто,
Троцкі ў трыко і чорт ведае хто!
Тут бы яму да дакторскіх парад –
ён на парад і нясе транспарант.
Тут бы яму на прыём да ўрача –
ён за букецік – і да Ілліча!…
Толя за ім назірае ў вакно.
Толя – кіроўца.
А Гена – г…но…
* * *
Вазьму і памру!
А ў наступным жыцці,
(калі такое надарыцца)
нябесныя сілы я папрашу
са мною не дужа парыцца –
я згодны займець сякі-такі хвост! –
каб ім па настроі рухаць.
А да хваста поўны лапаў набор –
каб зручна за вухам чухаць.
Таксама хацелася б пысу і нос –
каб ведаць, што дзеіцца ў свеце.
У дадатак, канешне, кудлатую поўсць
каб блошак было куды дзеці.
Чым стацца веганам, ці хіпсцерам, ці
крый Божа, якім камунякам,
то лепей пабегаць па жытцы зямной
звычаным адчайным сабакам!
* * *
У сабачым брэху –
бег і гурбы снегу!
І лясная неруш,
і прастор палёў!
І ўсяго ў ім столькі –
ты і не паверыш,
што ў простым “гаве” –
сотня нашых слоў.
У сабачым брэху
вулкай воз праехаў,
вецер бег аселіцай
і замёў сляды.
У ікластым рыканні
і ў шчанячым енку
спяць і прачынаюцца
вёскі й гарады.
У сабачым брэху
трошкі ёсць ад смеху,
трошкі ад самоты,
трошкі ад нуды.
Непадробна шчырае
прывітанне рэху
і адбітку месяца
ў місачцы вады.
* * *
Тату
Не прасіце, хлопцы, вершаў у паэта,
хай не напісанае застаецца з ім.
Вы ж жылі без вершаў
столькі зімаў-летаў
мо і не патрэбны вам гэты верш зусім?
Ну, а мо не верша папрасіць хацелі?
Мо хацелі проста разам памаўчаць?
Можа б, чарку ўзялі,
ціха пасядзелі
і пра верш пытанне давялося б зняць?
Бо усё, чым сэрца і душа трымцелі,
ёсць ў нябесных зорках,
ў полымі агню,
у смачное ежы, ў мяккае пасцелі,
ды у асалодзе – слухаць цішыню.
А калі ўсё ж твору – лёс на свет з’явіцца
(музы час той ведаюць – іншым не відно),
тут у слухачы ўжо можна й не прасіцца –
сам паэт заявіцца з вершам заадно!