Ну і ню,
або Аголены боль
Рэцэнзія на кнігу Міколы Гілевіча
Гілевіч М. Ню: Выбраныя вершы / М. Гілевіч, мастак А. Ксёндзаў. – Мінск: Выдавец Уладзімір Сіўчыкаў, 2020. – 94 с.: іл.
Мне ўсё ці амаль што ўсё падабаецца ў гэтай кнізе. Ад назвы, суперлапідарнай ды інтрыгоўнай, да вызначэння накладу.
Вокладка кнігі выбранай лірыкі Міколы Гілевіча – нечаканая, гожая і прыгожая. Трэба прызнаць – аўтару пашанцавала, што такі прызнаны мэтр у жанры “ню”, як Аляксандр Ксёндзаў, пагадзіўся, каб рэпрадукцыі з яго палотнаў аздобілі гэтае выданне. Тым болей, што нават назвы жывапісных твораў (“Зорка Венера” – 1-я старонка вокладкі, “Ева-спакусніца” – франтыспіс, “Мядовая” – 4-я старонка вокладкі) перагукаюцца з некаторымі вершамі.
Не магу не працытаваць нават, здавалася б, такі, звычайна малачытэльны тэкст, як выдавецкая анатацыя, на якую зважаюць хіба што выдаўцы, кнігараспаўсюднікі ды бібліятэкары.
“Ню (фр. nu голы) – выява аголенага цела ў выяўленчым мастацтве. У паэтычным жа выяўленні Міколы Гілевіча – гэта аголенасць у самым шырокім яе разуменні: аголенасць натуры, нерваў, чуллівае душы. І кніга “Ню” – гэта тое, што пісаў ён, прыхільнік муз Эўтэрпы і Эрота, для (і пра) галоўных у яго жыцці жанчын. Вымаўленае (ці нявымаўленае) цела і ўцялесненая душа непазбежна сыходзяцца ў каханні”.
Ці не Леаніду Дранько-Майсюку, рэдактару надзвычай дабразычліваму, тактоўнаму і спрактыкаванаму, належаць гэтыя радкі?
Менавіта ён адрэдагаваў у свой час найвыдатнейшую кнігу паэзіі “Мой свеце ясны” незабыўнага, вытанчанага лірыка Міхася Стральцова. Мабыць, нездарма і “Ню” выйшла ў такім самым фармаце, мабыць, менавіта там падгледжаныя і ўзятыя пад узор густоўныя каланлічбы: нумарацыя старонак набраная дробным курсівам і не лічбамі, а словамі, якія выдатна “трымаюць” ніжні правы край кожнай старонкі. Дарэчы, аблямоўка старонак зроблена ледзь заўважнай радзюжкай, імітацыяй жывапіснага палатна, што паядноўвае іх з вокладкай.
Тэксты ў кнізе набраныя прыгожай гарнітурай, на разваротах, як кажуць прафесіяналы, шмат паветра.
Невыпадковым успрымаецца і фотаздымак аўтара кнігі пры помніку Еўфрасінні Полацкай у Мінску скульптара Анатоля Арцымовіча, бо, несумненна, нябесная апякунка Беларусі – адна з жанчын, якія згаданыя ў выдавецкай анатацыі.
І калі ўжо напісаныя ў выходных звестках выдання словы “наклад” ды “асобнікаў”, дык арганічнымі бачацца і “аздоба і шыхт” замест звыклых “дызайн і вёрстка”. Зноў жа, лічба 150 у графе “наклад” – немалая і паводле еўрапейскіх мерак, асабліва падчас пандэміі, якая выключае традыцыйныя прэзентацыі.
Гэта былі словы пра форму.
Цяпер колькі словаў пра змест.
Мікола Гілевіч – вядомая ў культурніцкіх колах асоба. Паэт (аўтар кнігі вершаў “Горад”, якой засведчыў, што ён гарадскі чалавек і гарадскі паэт). Перакладчык (перастварыў шэраг навукова-папулярных кніжак). Рэдактар, крытык і журналіст (рэдагаваў часопіс творчай моладзі “Першацвет” і амаль дваццаць гадоў быў за рэдактара аддзела культуры “Настаўніцкай газеты”, дзе падрыхтаваў больш за тысячу цікавых інтэрв’ю, рэпартажаў, творчых партрэтаў і нарысаў). Але і пра паэзію ніколі не забываўся – як на старонках перыёдыкі ды ў інтэрнэт-прасторы, так і ў жыцці.
У пэўным сэнсе кніга “Ню” – паэтава выбарка і падсумаванне напісанага і апублікаванага ім (а ў тым ліку і пад псеўданімамі) за тры дзесяцігоддзі.
Трэба адзначыць добры густ аўтара, яго начытанасць і абазнанасць у сусветнай культуры, а таксама ў замежных, а найперш – у англійскай мове.
Галоўныя тэмы ў кнізе “Ню” – каханне і чалавечыя стасункі, экзістэнцыя і сэнс існавання на зямлі, каштоўнасць жыцця і “за краіну радзімую жах”.
Непрыхаваныя боль і трывога за лёс Айчыны гучаць у многіх паэтавых радках:
…Сёння мы не выем. Вецер вые
над Радзімай нашай залатой.
А ўжо ў Вільні падстаўляе вымя
нашая ваўчыца нашым з ёй
ваўчанятам, бы ў лацінскім Рыме…
Пэўныя паэтавы радкі гучаць па-філасофску, проста такі афарыстычна:
Пачынаецца ўсё з пясочніцы
і заканчваецца ўсё пяском.
Або:
Жыццё пражыць – згубіць вясло ў трысці.
А дзе жыццё, падклаў там нехта міны.
Ісці, ісці, пакутліва ісці…
Дайсці дадому і да дамавіны.
Як сапраўдны гімн вечнаму і жыццёстваральнаму пачуццю ўспрымаецца такія радкі як:
Нашае каханне – беларуская Саграда Фамілія.
Я – твой Гаўдзі. Ты – мая Каталонія…
У недалёкі, здаецца, час аўтару гэтых радкоў давялося і пашчасціла быць за ўкладальніцу анталогіі вершаў і песен пра каханне “Яна і Я”. Калі сёння трэба было б перавыдаваць той важкі том, дык неадменна ўключыла б у яго і некалькі вершаў з кнігі Міколы Гілевіча.
Ясенінская напеўнасць чуецца ў радках, кшталту:
Утапіўся здуру ў небе п’яны месяц.
Звар’яцеў ад страху палахлівы змрок.
Не кажы пра зоркі і мядовы месяц!
Хіба ўбачу неба, калі дрэнны зрок?
Хіба ўчую шчасце, калі пахне смерцю,
калі жахам мройным поўніцца прастор?
Недзе ў голым полі спатыкнуўся вецер;
Спатыкнуўся, войкнуў, грымнуў і памёр.
Мне б таксама згінуць – давяршыць карціну,
Мне ў пятлі вісець бы, – і такой бяды…
А ты гэтак проста, звыкла й беспрычынна:
“Любы, будзь ласкавы, прынясі вады”.
Не ў пятлю ж залезці – мне вады прынесці,
падыду да студні – апушчу вядро.
Зачарпну вады я, а дастану месяц.
Зазірну я ў студню, а пабачу змрок…
Апакаліптычныя матывы можна расчытаць і ў наступным вершы:
Ты ведаеш: нікога не забіў
і не заб’ю, відаць, ужо ніколі,
бо не выношу паху я крыві
і болей не хачу чужога болю.
Ты ведаеш: нікога не забыў.
Забыць цябе – не будзе болей гора.
Стаіць гара. А за гарой – абрыў.
А за абрывам – дзесь з крывёю мора.
Чытаеш такія радкі і хочацца ўсклікнуць: “Дай, Божа, каб памыліўся паэт у яго відзежах-прадбачаннях!”
Вершы ў кнізе разнастайныя па строфіцы і рытміцы – ад класічных, строгіх актáў да мініяцюр-верлібраў:
Так кахаў цябе,
што не заўважыў,
як кот ссівеў.
Шчодра дзеліцца паэт з чытачамі-суразмоўцамі і сваімі аўтарскімі наватворамі:
Земляры зямлю сваю цалуюць
і таму навечна вельмі рады.
Калі ты зямлю сваю зямлюеш,
ты пракляты, вечны ты араты.
Землякі зямлю сваю шануюць.
І яны таксама вельмі рады
бачыць земляроў, што шпацыруюць
без зямлі і без зямной спагады…
Падобна, што адзін з першых звярнуўся паэт, паспрабаваў асэнсаваць тэму сусветнай пандэміі, да прыкладу, у вершы “COVID-19”:
Панядзелак, аўторак зніклі.
Серада надзявае маску.
У цябе і ў мяне “клікі”
На любоў, на мілосць і ласку.
А чацвер ужо распранецца.
Скіне маску – адбудзецца.
Ты таксама дастань сэрца.
Я вазьму яго – не застудзіцца.
Трывожаць і крыху насцярожваюць экзістэнцыйныя, а часам нават і суіцыдальныя матывы:
Мне сёння хочацца памерці,
не ўспомніў каб ніхто нідзе –
ні добрым словам у капэрце,
ні ў выраку на тым Судзе.
Ці такое:
Мёртвыя галубы кідаюцца пад ногі.
Мёртвыя паэты кідаюцца на шыбеніцу.
Мы з табой кахаліся да знямогі
і на Кастрычніцкай, і на Зыбіцкай.
Але там не было жывых паэтаў.
Не было акіяна, каб выкупацца.
Там было суцэльнае гета
без магчымасці выкупіцца.
Ці вось такі верш:
Палюбі мяне, пакуль не позна.
Неба – светлае. І я ў табе святло.
Бачу дзённай – яркай, дзіўнай, рознай…
А на дне начы ёсць толькі тло.
Суіцыда прагнае каханне…
Дзе – каханне, дзе – з крывёю – шкло.
Толькі й змог я на сівым світанні
ўгледзець у крыві на шкле: “Нашто?”
У некаторых вершах прачытваецца ўплыў паэтыкі Анатоля Сыса, пра што сведчыць і адзін з эпіграфаў:
Ён не спаў тры ночы і тры дні
і цяпер, як зоркі, лічыць кроплі:
у пагоні страчанай крыві,
у палоне – вартавога крокі.
Але тут творцу варта было б асцерагацца: пільны калега можа згадаць Міхаіла Матусоўскага з яго знакамітым “Что ж ты, милая, смотришь искоса / Низко голову наклоня” ды спарадыраваць такія радкі:
Я вывернуў вочы свае навыварат.
Я паглядзеў унутр.
Мая ніцавокасць мяне не выратавала,
я аслеп на мінуту.
Але спынюся ў цытаванні, дам чытачу мажлівасць самому ўчытацца ў “Ню”, бо да гэтага, амаль 100-старонкавага выдання хочацца вяртацца, перагортваць яго, перачытваць паасобныя радкі і вершы – некаторыя з іх самохаць застаюцца ў памяці.
Форма ў кнізе, асмелюся сцвердзіць, арганічна паяднаная са зместам, а таму варта павіншаваць аўтара, творча-вытворчы калектыў, які шчыраваў над гэтым выданнем, а таксама ўсіх аматараў і аматарак беларускага прыгожага пісьменства, з выхадам у свет доўгачаканай, адметнай і гожай кнігі лірыкі.