Уратаванне
Кацярыне М.
Ніхто не дасць нам вызвалення…
Інтэрнацыянал
Самае смешнае, што я насамрэч была побач з месцам здарэння ў тую гадзіну, калі ў шэрагу іншых ахвяраў невядомага піратэхніка атрымала ганаровае права быць пахаванай у маўзалеі сваёй улюбёнай падземнай станцыі, бадай, найпрыгажэйшай у горадзе – акурат кіравалася з рэпетытарства дамоў, і тут такое. Не, у метро я не спускалася, але бачыла прыкрытыя белымі прасцінамі целы на ходніках, адным з якіх мусіла быць я сама, але не надта прыглядалася, у мяне няма цягі да крывавых падрабязнасцяў, іначай я б усё-ткі паводле мары нябожчыкаў бацькоў паступала на медыцыну. Давялося дабірацца на ўскраек горада тралейбусам. Вечна мне не шанцуе, ці можа наадварот – гэтак жа і дванаццаць гадоў таму, калі я яшчэ вучылася, то ледзьве была не трапіла ў той пераход на Нямізе, чыста выпадкова, бо на канцэрты я звычайна не хадзіла – ішла тады на спатканне, але праз увесь той гармідар урэшце спазнілася й перадумала, не да таго было. Такое адчуванне, што хтосьці ўвесь час прыстрэльваецца да мяне, але пацэліць ніяк не можа. Не, трэцяга ліпеня мяне там не было, выбачайце, я ж кажу, што не хаджу на канцэрты. Вы што, хочаце на мяне яшчэ й адказнасць павесіць? Знайшлі мне тэрарыстку… Такім як я нельга давяраць нават самазабойства, не тое што… Ведаю, спрабавала, дайце ўжо веры. Я ж кажу, што я жывучая, для нябожчыцы дык ажно занадта. Усе духоўна блізкія знаёмыя й геаграфічна далёкія сваякі неяк прызвычаіліся да таго, што са мною нічога не можа здарыцца, таму я не здзівілася, што ніхто мне не патэлефанаваў адразу пасля таго, як ад выбуху па ўсёй краіне скаланула ўключаныя тэлевізары – зрэшты, рэзананс залежыць і ад таго, што разумець пад краінай, бо калі глядзець на яе шырэй, як на так званую саюзную дзяржаву, то нічога асабліва надзвычайнага й не здарылася, у старэйшых братоў на Усходзе такое ледзь не штодня.
Узрушаныя размовы ў тралейбусе з нагоды інцыдэнту ніяк мяне асабліва не зацікавілі: божкаць і бухцець тут заўжды ўмелі надзвычай добра, дай толькі падставу – звычайна, на гэтым усё й заканчваецца. Сапраўды, павінна ж людзей яднаць штосьці, апрача штодзённага змагання за месца ў тралейбусе, чарзе, на працы, пад сонцам, на канапе й г.д. Галасы народныя падзяліліся прыблізна пароўну: палова вінаваціла апазіцыю, палова ўладу; у мяне не было падстаў нікога з іх падтрымліваць, версія тэракту здавалася мне абсурднай – хутчэй за ўсё проста нейкая аварыя, зноў нешта недапільнавалі, вось і выбухнула.
Пра тое, што я трагічна загінула, я даведалася ўжо дома, увечары таго ж дня, калі ад няма чаго рабіць уключыла кампутар і трапіла на адзін з інфармацыйных парталаў, дзе з’явіўся спіс загінулых. Вось яна, рызыка распаўсюджаных прозвішчаў і традыцыйных імёнаў: пазбаўленыя фантазіі бацькі самі рыхтуюць сабе і вам шэраг падобных сюрпрызаў у будучыні. Убачыўшы ў спісе сябе, я схамянулася, як быццам хтосьці мяне кудысьці выклікаў на афіцыйную позву – ці то ў дэканат, ці то ў райана, ці то на допыт, хоць насамрэч выклікалі яшчэ вышэй, да мітычнага Абрама на піва, – але адчуванне было, што трэба ўскочыць, падарвацца (які каламбур) і кудысьці бегчы. Я пабегла, як жа іначай, да тэлевізара – я ж такая ж законапаслухмяная й наіўная, як і вы. Сапраўды, у ім усё тое, што я бачыла на ўласныя вочы мімаходзь і на маніторы, пацвярджалася, з тым удакладненнем, што гэта ўсё-ткі быў учынены ворагамі тэрарыстычны акт, і што ворагаў ужо шукаюць. Значыць, мне не прымроілася: калі ворагі, то гэта заўжды сур’ёзна. Ахвяраў і пацярпелых не называлі, толькі агульную лічбу й адрасы сайтаў, наведваць якія карысна незалежна ад абставінаў – такіх, як МУС, КДБ, Менгарвыканкаму… Адсутнасць маіх ініцыялаў у простым эфіры крыху мяне супакоіла: можа, усё-ткі памылка. Аднак памылку зрабіла я: варта было глядзець, а не слухаць, гэта ж не радыё. Бо спіс пры канцы рэпартажу ўсё-ткі паказалі, як і належыць – пад загадзя й не без густу падабраную трагічную музычку.
Толькі тады ўрэшце азвалася мабіла. Не надта каб настойліва – вядома, званіў мой былы кавалер, хто ж іншы. Мабыць жа, валяўся ў ложку з сваёй новаю пасіяй пры ўключаным тэлевізары, збачэнец, такія рэчы яго заўжды ўзбуджалі, і раптам убачыў маё прозвішча – відаць, гэта пазбавіла яго эрэкцыі, і ён пастанавіў пазваніць мне, каб запэўніцца, што я насамрэч мёртвая. Не дачакаешся – я не адказала, палічыла, што звоніць ад няма чаго рабіць і няма каго паймець. І пазней не перазвоньвала: хай сабе думае што заўгодна, можа, якія згрызоты сумлення з’явяцца… Хай пракручвае сабе ў мазгох да бясконцасці кранальную сцэну нашага расстання, калі ён, як сапраўдны рыцар, спрытна й спрактыкавана ўхіліўся ад шпурнутае ў яго патэльні.
Да ўсяго гэтага я й не ведала, што ў мяне ў горадзе ёсць, то бок была (хаця хутчэй за ўсё нас такіх сотні, калі не тысячы) падвойная цёзка – але цяпер, пост фактум, між намі ўзнікла нейкая больш глыбокая сувязь, я адчула, што нібы страціла сястру-двайняшку, найлепшую сяброўку (ні той, ні другой я ніколі не мела), як быццам тая невядомая жанчына, я-2 (гучыць як мадэль самалёта), насамрэч ласкава загінула замест мяне, уратаваўшы маё існаванне ад чарговага замаху лёсу, за што я, хоць пра гэта яе й не прасіла, мусіла ёй неяк падзякаваць… Як іначай, як не ўдарнай працай? Выпіўшы гарбаты, я села правяраць хатнія заданні вучняў па самай блізкай і дарагой нам замежнай мове, што яшчэ пятнацццаць гадоў таму была ў гэтай краіне адзінаю дзяржаўнай – але праз хвіліну адклала сшыткі ўбок і зноў палезла ў інтэрнэт. Неяк не працавалася. Не ведаю, ці цікавілася б я гэтым здарэннем настолькі заўзята, калі б не знайшла сваё імя ў тым спісе – але тут ужо вялося пра асабістае.
Такім чынам, я спраўдзіла, што паступіла ў шпіталь у цяжкім стане і памёрла ад апёкаў. Таксама з’явілася інфармацыя пра выпадак, падобны да майго: нейкая дзяўчына знайшла сябе ў спісе пацярпелых і пачала тэлефанаваць у міліцыю, каб зняпраўдзіць гэтыя звесткі ў стылі выказвання Марка Твэна: маўляў, са мною ўсё ў парадку, мяне там і блізка не было, гэта памылка, загінула не я… Хацела падзяліцца сваёй радасцю з усёй краінай. Можа, і мне варта? Вось толькі радасці я нешта асаблівай не адчувала… Гэта ж трэба, я ў жыцці не тэлефанавала ў міліцыю і наогул ніколі не мела з ёю дачынення… Зрэшты, дзяўчыну, у адрозненне ад мяне, пачалі шукаць сваякі. У мяне пакуль было глуха, як у танку, калі не лічыць ужо згаданага адзіночнага стрэлу з боку былога партнёра, што на той момант ужо, мабыць, адкаркоўваў другую пляшку шампанскага за супакаенне маёй душы. Кінь, каму да цябе які клопат. Хіба што маці з таго свету азавецца з якім-небудзь новым папрокам, гэтым разам – за няспраўджаную сустрэчу, так бы мовіць, марную трывогу. А вось калегі са школы маглі б і пацікавіцца… Сапраўды, як яшчэ я магла б прыцягнуць іхную ўвагу? Што ні кажы, сумна, калі вас і праз столькі гадоў не цэняць у калектыве. Але ў нас, як і паўсюль, незамяняльных няма.
Смерць смерцю, а жыццё ідзе далей. Да заўтра трэба было праверыць сшыткі. Сачыненне на зададзеную й заўжды актуальную тэму: “Мая краіна”. Чытаючы лірычныя шчыраванні сваіх вучняў наконт любові да радзімы, я чырванела яшчэ болей, чым падчас сядзення ў камісіі на школьным выбарчым участку ці забеспячэння яўкі на ўсялякія там пераможныя парады – быццам іхныя прызнанні былі адрасаваныя мне самой. У святле сённяшняга здарэння лейтматыў вучнёўскіх працаў, напісаных нібыта пад дыктоўку, гучаў не па-дзіцячы іранічна: стобільнасць, мір, дабрябыт… Няўжо гэта я навучыла іх здзеквацца з самага дарагога? Але не бяды: праз пару тыдняў, ці можа нават дзён, вінаватых знойдуць, і ўсё зноў стане на свае месцы. Ну як можна не любіць такую казачную краіну?
У школу на наступны дзень я ішла, як на свята (што са мною здараецца рэдка), уяўляючы ў фае (ці можа ў настаўніцкай? ды што там, мо нават у актавай зале?!) сваё фота з чорнаю стужкай (цікава толькі, дзе яны яго возьмуць – я ўжо гадоў дзесяць не фатаграфуюся, я не мазахістка). Я амаль увачавідкі бачыла, як мае так званыя калегі, што ніколі не ставіліся да мяне з асабліваю цеплынёй, таўкуцца ў чарзе да кнігі скаргаў і спачуванняў, каб не прапусціць свой шанец паказаць, як яны палюбілі мяне пасмяротна. Дзеці, наадварот, будуць употайкі толькі радавацца, што пазбавіліся ад такой зануды, разам з яе беларускаю мовай. А вось і абламіцеся! Я жывая, і нічога са мною не здарылася…
Аднак да школы я ў той дзень не даехала. Сама не ведаю, як так выйшла, але доўгая язда ў ранішнім тралейбусе ў накірунку цэнтра зусім мяне вычарпала: пасля яе ўва мне без усякіх выбухаў не засталося ні кроплі жыцця. Нейкі мужык наступіў мне на нагу, але не папрасіў прабачэння, нават не аблаяў – стаяў сабе далей. Вечная штурханіна з боку прадстаўнікоў іншых галінаў дзяржаўнай і ценевай эканомікі, нашмат больш прадуктыўных і працаёмістых за маю, толькі падкрэслівала адчуванне, што для бальшыні з іх я насамрэч з’яўляюся, што называецца, пустым месцам, калі не дармаедкай. Здаецца, я неабачліва дазволіла сабе зрабіць мужыку заўвагу па-беларуску (пракручвала ў думках пачатак уроку), і ў наступны ж момант апынулася пад перакрыжаваным агнём позіркаў, у якіх водбліскам учарашніх тэленавінаў палаў святы й справядлівы гнеў. Цяпер на мне буйнымі літарамі было напісана “апазіцыянерка”, не хапала толькі зоркі – ці то жоўтае на вопратцы, ці то чырвонае між вачэй. На момант я й сапраўды адчула сябе злачынніцай, і ў мяне з’явіўся нейкі падсвядомы страх зноў апынуцца на месцы ўчарашняга здарэння, якое, паводле супольнага меркавання, не магло не быць справаю маіх рук – вяртанне туды было б у іхніх вачах толькі доказам супраць мяне… Карацей, я выйшла на два прыпынкі раней, каля сваёй былой альма-матэр.
Свежае перадвакацыйнае паветра мяне супакоіла. Знаёмыя мясціны перанеслі мяне на дзесяць гадоў назад. Цяпер я зноў прагульвала заняткі, гэтым разам у якасці настаўніцы, а не студэнткі. З тою розніцай, што тады я адчувала сябе тутэйшай, карэннаю гараджанкай, тым часам як цяпер я амаль не пазнаю гэтага места, якое ўсё яшчэ паводле інерцыі й пашпарту называю родным. Магчыма, прычына ў тым, што шмат чаго наўкол, насуперак майму нежаданню гэта прызнаваць, незваротна змянілася, тады як я безнадзейна адстала ад часу, бо ўпарта спрабавала жыць па-ранейшаму. Я згадала адну сваю былую аднагрупніцу – не, не сяброўку, але досыць цікавую дзяўчыну, зблізіцца з якою мне бракавала адвагі, бо пляткарылі, што яна была аматаркай нейкіх там псіхатропных рэчываў. Аднойчы яна кудысьці знікла – напярэдадні чулі, што яна зноў пагражала скончыць жыццё самагубствам, – а калі пачалі шукаць, то выявілася, што яна скіравалася з інтэрната на вакзал, дзе як наўмысна ў той дзень кінулася пад цягнік нейкая маладзіца – ці трэба казаць, што мы былі ўпэўненыя, што ніхто іншы, апроч яе, гэта быць не мог. Тым большым было нашае здзіўленне, калі яна праз тры дні з’явілася ва ўніверы з урачыстым паведамленнем, што была ўвесь гэты час у цёткі, пра якую мы дагэтуль ніколі не чулі, адсыпалася-ад‘ядалася пасля чарговага душэўнага крызісу, звязанага з запоем, тым часам як мы ўжо ўсёй групай планавалі ейныя хаўтуры. Цяпер я пашкадавала, што не маю з ёю кантакту, зрэшты, як і з астатнімі былымі сунавучэнцамі, бо не наведваю сацыяльных сетак – з гэтым выразам у мяне, на жаль, асацыюецца толькі авоська, – цікава было б даведацца, дзе, чым ці з кім яна цяпер жыве. Упэўненая, што ейнае жыццё, у адрозненне ад майго, такое ж шалёнае, як і дагэтуль. А вось мне, калі б не ўчарашні выбух, не было б чаго распавесці пра сябе: садок, школа, універ, размеркаванне, вяртанне, зноў школа, рэпетытарства, некалькі несур’ёзных спробаў сур’ёзных адносінаў, некалькі сямейных і асабістых трагедыяў, пераезд у новую кватэру, некалькі паездак за мяжу на вакацыях, што яшчэ? Як сказала б гераіня якога таннага раману: з якой такой ласкі, уласна, нейкая сіла (у якую я не веру – можа, таму я й не гераіня) аддала перавагу майму жыццю перад жыццём незнаёмай цёзкі? Бачыце, дзеля таго, каб я задумалася пра штосьці настолькі мне неўласцівае, мусілі ажно ўмяшацца мас-медыі. Што ж, хоць за нешта ім можна падзякаваць.
Амаль не баючыся сустрэць некага знаёмага па дарозе на вакзал, я (папярэдне катэгарычна адмовіўшыся ад лаўраў Ганны Карэнінай) набыла квіток і яшчэ ўвечары села ў цягнік ва ўсходнім кірунку з цвёрдым намерам здзівіць сваімі неабвешчанымі адведкамі адну сваю прыяцельку – калісьці мы разам ляжалі ў псіхіятрычнай лякарні на рэабілітацыі й за два месяцы паспелі, так бы мовіць, пасябраваць. Два гады таму яна з’ехала ў Маскву і з таго часу рэгулярна запрашала да сябе пагасцяваць тыдзень-другі. Мы, у прынцыпе, генерацыя дэзерціраў, проста хтосьці стаў на шлях здрады раней, а хтосьці гадамі, як я, чакаў зручнага моманту. Сапраўды, чым я рызыкую? У найгоршым выпадку гэта будзе азначаць толькі звальненне з школы за “самаволку”, але я і так даўно збіралася звольніцца, яшчэ перад выбарамі. Можаце думаць, што я, спалохаўшыся тэрарыстаў, пастанавіла зрабіць крок ім насустрач, каб у наступны раз палегчыць іхнюю місію. На Усход, на Усход, на ўсенародны Усход!
Я ўзяла з сабою толькі мінімум рэчаў, каб не ствараць уражання наўмысных уцёкаў, ключы ад кватэры (раптам я ўсё-ткі захачу вярнуцца), пашпарт – хаця цяпер, калі мяне дэ-факта не існавала, у ім ужо не было ніякай неабходнасці, дый памежнага кантролю з суседзямі ў нас няма – карацей, усё тое, што разам са мною павінна было згарэць у полымі выбуху, – апрача хіба што непатрэбных болей падручнікаў і сшыткаў з сачыненнямі, але ж рукапісы ўсё адно не гараць, так што хай застаюцца там, дзе ім месца – у прыбіральні. Шкада толькі, што я не змагу папрысутнічаць на сваіх хаўтурах – мала таго, што дзяржава вывучыла мяне за свой кошт, цяпер ёй давядзецца яшчэ й хаваць мяне за грошы падаткаплатнікаў. Але сумняюся, што за маёй труною да Усходніх могілак будзе ісці несканчальная людская плынь. Магчыма, аднойчы мне пашчасціць прыехаць і з дапільнаваннем належных фармальнасцяў наведаць сваю магілу, пакласці на яе кветкі й задуменна памаўчаць, спрабуючы на хвіліну перанесціся ў край вечнай цішыні й пустэчы; зрэшты, калі б гэта была насамрэч мая магіла, я палічыла б за найлепшае на яе плюнуць.
2011– 2012
Цалкам публікацыю Макса Шчура чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова” №82.