Ілля Сін (№91)

Libido
Урывак з рамана

 

Некалі вузкакалейка віхляла паміж раскіданымі ў ваколіцах горада шахтамі і заводамі, але цяпер адзіны ацалелы ад яе невялічкі ўчастак выкарыстоўваецца толькі для забавы турыстаў у парку адпачынку.

Марыя папраўляе сваю кандуктарскую фуражку і пасміхаецца, скасоўваючы квіткі, працягнутыя вусатым айцом сямейства. Ужо восень, гэта адзін з апошніх рэйсаў, і вагончыкі напаўпустыя.

Нечакана яркія промні кастрычніцкага сонца трапляюць ёй у вочы, і яна прымружваецца.

Рабаціністы хлопчык злізвае кроплі лёдава з вуснаў. Цяпер яны сталі не толькі пульхнымі, але і клейкімі.

Пасажыры расселіся па сваіх месцах. Марыя дзьме ў свісток, і праз колькі імгненняў амаль цацачны паравозік кранаецца з месца, пыхкаючы прыемным саладжавым дымам.

Колы кратаюцца паволі, нібы неахвотна, але неўзабаве ўваходзяць у роўны спакойны рытм – бы кардыяграма задаволенага жыццём пенсіянера. Марыя на нейкі час паддаецца гіпнатычнаму эфекту, ад чаго яе твар набывае яшчэ большую ўрачыстасць – цалкам адпаведную ролі.

Праз нязлоснае, амаль жывое чухканне даносіцца смех. Нехта ўголас чытае на абгортцы чыпсаў склад прадукту па-казахску.

Вагончыкі прамінаюць масток па-над невялічкім каналам і неўзабаве губляюцца паміж дзвюх сценаў непралазнага гаю (гэтая частка парку паспела зарасці ўшчэнт). Потым сонца з’яўляецца зноў – паравозік уска­раскаўся на схіл.

Марыя пэўны час не адчувае нічога, і гэта прыемна.

Неўзабаве кола скончыцца, цягнічок прыбудзе да цацачнага перона, Марыя пачакае, пакуль задаволеныя пасажыры выгрузяцца на платформу, пасміхнецца ім на развітанне, скажа кожнаму “да пабачэння”, пераапране свой шыкоўны мундзір на звычайныя джынсы ды швэдар і будзе паўгадзіны трэсціся ў перапоўненай маршрутцы.

Гэта, напэўна, апошні сёлета сонечны дзень і апошні дзень яе працы. На зіму давядзецца ўладкоўвацца прадавачкай альбо прыбіральшчыцай.

Па дарозе дадому Марыя зойдзе ў краму, каб набыць недарагіх сасісак і пачак цыгарэт. Дома яе, вядома, ніхто не чакае. Будзе да ночы сядзець ля вакна, узгрувасціўшы ногі на батарэю, піць гарбату і паліць адну за адной.

У гэтым горадзе яе ніхто не ведае, і гэта добра.

Чыгуначную каляіну перабягае ці то палёўка, ці то пацук, і дзятва ледзь не выкідваецца з вагонаў ад захаплення.

 

* * *

Ідэальна круглая пройма ў асфальце. Шахта люка паспела ўжо напоўніцца розным лайном. Што і нядзіўна, бо чыгунную накрыўку здалі на металалом не адзін год таму.

У асноўным, гэта абгорткі і пластыкавыя бутэлькі. Але не толькі, ёсць і нешта куды цікавейшае.

Дванаццаць гадоў таму шкаляры Жэка і Вака скінулі ў люк знойдзены непадалёк на сметніцы гіпсавы бюсцік Леніна – выключна з пазнаваўчых мэтаў.

Цяпер Жэка працуе наглядчыкам у мясцовай калоніі. Ён трохі распаўнеў пасля таго, як ажаніўся, але б’е па-ранейшаму з левай.

Шахта выявілася неглыбокай, гіпс з плюханнем акунуўся ў застаялую ваду. Праз пэўны час дыфузія зрабіла сваё: цвёрдае цела пераўтварылася ў аморфнае і пастападобнае. Яно ўсмактала ў сябе набраклую тушку мёртвага ката (на наступны год кінутую ў люк хлопчыкамі з паралельнага класа), і ў выніку дзве абсалютна розныя рэчы сталі нечым адным.

Усе гэтыя цікавыя хімічныя працэсы адбываліся ў поўнай цемрадзі, бо нейкі руплівец закрыў адтуліну самаробным шчытом з негабляваных дошак. Праз нейкі час шчыт прагніў ды абрынуўся, і смецце стала ізноў трапляць у люк – з розных прычынаў і з розных крыніцаў.

Марыя праходзіць міма люка, гледзячы некуды наўзбоч, у вышыню. Галінкі чахлых таполяў паабапал дарогі ўжо амаль пазбаўлены лісця, іх чорная павута выразна прамалёўваецца на тле шарага вечаровага неба.

 

* * *

На пліце закіпае вада для макароны. На кухонным стале ляжаць іншыя кампаненты будучай сціплай вячэры – плаўлены сырок і самотная сардэлька. Ёсць яшчэ палова ўчарашняй цыбуліны ды счарсцвелы хлебны акраец.

Усе элементы гэтага нацюрморта ў сукупнасці ўвасабляюць абсалютную статычнасць. Як, зрэшты, і краявід за вакном: такія самыя падрапаныя панельныя дамы, як і той, дзе жыве Марыя. Кожны з іх мае ўласны нумар, выведзены чырвонай фарбай, бы лічбы на сэрцы.

Марыі часта здаецца, быццам з вышыні птушынага палёту гэтыя дамы выглядаюць на забытыя ў пясочніцы цацкі: дзеці даўно ўжо выраслі, сталі піць піва і нюхаць клей, скончылі ПТВ, ажаніліся і развяліся, а цацкі ўсё яшчэ ляжаць у пясочніцы, падуладныя розным стыхіям. Нібы самае ўпартае і недарэчнае з усіх магчымых увасабленняў стабільнасці ды непарушнасці.

Па іроніі лёсу, гэтыя пяціпавярхоўкі з’явіліся тут некалі менавіта як прыкмета руху, імклівага і бяздумнага ў сваёй жывёльнай вітальнасці. Горад вырас амаль што ў біблійных тэмпах. У панядзелак узніклі рыдваны пад новыя заводы, у аўторак раскашавалі жылыя мікрараёны, у сераду – крамы і дамы культуры, а ў суботу пэпээснікі ўжо запхнулі ў мясцовую кутузку першага алкаша, які акрапіў мачой тыльны бок свежапафарбаванай дошкі гонару – на яе акурат у нядзелю планавалі павесіць першыя партрэты перадавікоў.

Але, натварыўшы тут справаў, рух вырушыў некуды далей, пакінуўшы за сваёй патыліцай незваротна сапсаваны ім прыродны ландшафт і пару соцень тысяч ягоных ачумелых насельнікаў, што і пасюль марна сіляцца зразумець, як і навошта яны тут з’явіліся.

Марыя тут не нараджалася. Пяць гадоў таму яна выбрала гэты горад наўгад, тыцнуўшы пальцам у тэлефонны даведнік. Бо трэба было кудысьці ехаць і дзесьці жыць.

Горад сустрэў яе абыякава. Была непераканаўчая ранняя вясна, вецер разносіў па прывакзальным пляцы пажухлыя лісты і малагабарытнае смецце. На адным з шапікаў красаваў надпіс пра распродаж гумовых ботаў. Бетонны пашчэрблены правадыр з вышыні свайго пастамента кпліва назіраў за мітуснёй гандляроў рыззём, якія бавілі час у млявых сварках. Свінцовыя аблокі раптам перарэзаў след ад рэактыўнага самалёта, і гэты рух у вышніх сферах выглядаў на сапраўдны здзек з тых, хто апынуўся пад непераадольнай уладай зямнога прыцягнення.

Асфальт пакрыты тонкай сеткай капіляраў. Дзяўчына фарбуе вусны, углядаючыся ў свой адбітак на пыльным футарале з “переходящим знаменем”. Дошка гонару з белымі прагаламі замест партрэтаў. На пра­ржаўленай будцы аўтобуснага прыпынку красуе распалавінены рэкламны слоган “І ўсё”.

Кожная з дэталяў існавала нібы паасобку, вылучаная з агульнага плану светабудовы. Рухалася ў нейкім сваім адасобленым рытме, хіба чыста механічна сінхранізуючыся з усім астатнім – альбо гэтаксама адасоблена захоўвала гордую непарушнасць.

Марыя адразу адчула сябе адной з такіх дэталяў, і гэта было акурат тое, чаго яна хацела.

З таго часу тут мала што змянілася. Адно, кожная дэталь дарэшты страціла для яе сваю вастрыню ўспрыняцця, пакрылася наростам успамінаў – як аскепкі шкла, што ладны час праляжалі ў рацэ, – а затым і наогул перастала быць заўважнай і хоць неяк адзначацца вокам. Абыходзячы запоўненую вадой выбоіну ў асфальце на шляху да яе пад’езду, Марыя нават не глядзела ў той бок, беспахібна абіраючы на аўтапілоце правільную траекторыю руху.

Болей за тое, гэткую самую рэакцыю пачалі выклікаць у яе і новыя, пакуль незнаёмыя дэталі. Напрыклад, купкі неахайна апранутых людзей, якія ледзь не штодня збіраліся на заўсёды пустэльнай раней цэнтральнай плошчы горада, крычалі нейкія лозунгі, палілі вогнішчы, доўга і нярвова спявалі забытыя Марыяй яшчэ ў дзяцінстве песні.

Нягледзячы на свой тлумны выгляд, яны выдатна ўпісаліся ва ўжо існы ландшафт. Як быццам масоўка з бутафорскімі шаблямі і на драўляных канях, што даўно чакала выхаду на сцэну за кулісамі камернай побытавай драмы.

…Між тым, у алюмініевым рондалі нарэшце з’явіліся бурбалкі. Хоць нейкая падзея! Марыя засыпае туды соль і макароны, змяншае агонь, доўга памешвае пашчэрбленай драўлянай лыжкай, апускае накрыўку і вяртаецца на сваё месца каля вакна. Цяпер трэба зноў чакаць.

Яна так і не змагла прызвычаіцца да чакання.

 

* * *

На кухні неспадзеўкі сцямнела. Марыя пстрыкае запальнічкай. Полымя на імгненне асляпляе яе, ўгрызаючыся ў сятчатку вока. Потым эфект знікае. Марыя пстрыкае запальнічкай у другі раз. Цяпер светлавы шок ужо не такі моцны – сятчатка паспела трохі адаптавацца.

Марыя думае пра Іншага, з’яўленне якога здатнае зрабіць няважнымі гэтую змятую прасціну, парыжэлы лінолеум на кухні і шызае святло, што сочыцца цераз проймы жалюзі.

Іншы паўстае ў яе ўяўленні не як канкрэтны вобраз, але як нейкае прадчуванне, пэўная эмацыйная хваля. Як, напрыклад, дом. У Марыі ўжо даўно няма дома, і таму ён таксама з’яўляецца для яе неасязальнай эмацыйнай хваляй.

Адзінота стала ейным выбарам і адначасова выпрабаваннем. Але Марыі хочацца выкарыстоўваць яе як інструмент – своеасаблівы разец скульптара, здатны надаць эмацыйнай хвалі выразныя абрысы. Спакваля адсякаць лішняе, каб з бясформеннай масы сталі вымалёўвацца ручкі, ножкі, галоўка. Каб урэшце гэтая маса набыла аблічча чалавека – іншага чалавека, які будзе заўсёды побач.

Але яна ўжо ведае, што адзінота – гэта дрэнны сродак для пераўтварэння сусвету. Такі інструмент абсалютна нефункцыянальны.

Марыя ненадоўга замірае, услухоўваючыся ў мернае пагрукванне на пліце накрыўкі рондаля, што раз-пораз ўздрыгвае ад пары.

Адзінота здатная адно зрабіць гэты свет яшчэ больш аморфным – нават тыя яго праявы, якія маюць пэўныя абрысы і якія можна памацаць рукамі.

Схамянуўшыся, Марыя ўстае, разгублена топчацца на месцы. Затым ідзе ў пакой. Звычайна шлях туды яна пераадольвае за восем крокаў, але гэтым разам атрымалася адзінаццаць.

Па тэлевізары паказваюць канцэрт нейкага гурта. Марыя, як заўсёды, адключыла гук, і таму імпульсіўныя артыстычныя жэсты выглядаюць яшчэ больш смешна. Гітарыст рухаецца па сцэне з такім сур’ёзным выглядам, быццам кожны крок набліжае яго да жыццёвай мэты. Вакаліст выцягнуў уперад правую руку са скурчанымі пальцамі – нібы тапелец, які ўмольна просіць дапамогі.

“Што яны ўсім гэтым хочуць сказаць?” – дзівіцца Марыя.

Зрэшты, такім самым адчужаным цяпер падаецца ёй усё, што яна здатная бачыць, прымройваць, успамінаць. Прычынна-выніковыя повязі некуды зніклі, пакінуўшы розныя з’явы нягегла церціся адна аб адну ў бессэнсоўным броўнаўскім руху. Без усялякай надзеі на стыкоўку.

Адзінота ніяк не здатная аднавіць гэтыя повязі, колькі ні намагайся. Гэта амаль тое самае, што склеіць раструшчаную елачную цацку.

Вобраз Іншага ў яе ўяўленні чэзне, расплываецца, знікае.

Макарона, тым часам, ужо зварылася. Марыя вяртаецца на кухню, выплёхвае на друшляк клейкае месіва, дадае туды сардэльку і сырок. Ідзе ў пакой. Цяпер атрымалася роўна восем крокаў. Есць, не адчуваючы смаку.

Раптам без дай прычыны ёй становіцца смешна. Сардэлька выклікае ў яе непрыстойныя дзіцячыя асацыяцыі, і Марыя тут жа спяшаецца апавесці іх Іншаму, якога хаця б ненадоўга зноў адчувае побач.

Смех праходзіць сам сабою, саступаючы месца пустэчы.

Вакаліст заканчвае спяваць і застывае ў гераічнай позе. Муха, якая паўзе па тэлевізары, захоплена і палюбоўна абмацвае твар куміра сваімі лапкамі.

 

* * *

Гэтай ноччу Марыя прачынаецца ад пранізлівага холаду. Сцюдзёны вецер падступна пранікае праз шчылінкі ў старых ваконных рамах, пракрадаецца пад коўдру, пакрывае скуру дробнымі пупырышкамі.

Марыя сціскаецца ў камячок, сілячыся сагрэцца. Устае, апранае швэдар і цёплыя калготкі. Кладзецца зноў. Стала значна цяплей.

Нерухома ляжыць, стараючыся ні пра што не думаць. Услухоўваецца ў буркаценне ў жываце, адчувае ледзь прыкметны трэмар у мускулах пляча. Ёй прыемна ўсведамляць сябе выключна як сукупнасць розных фізіялагічных працэсаў.

Марыі цяпер вельмі хочацца, каб гэты стан працягваўся і каб далейшае яе перабыванне ў гэтым свеце было недзе на самым памежжы жывой і нежывой прыроды. Біялагічная рэдукцыя ўяўляецца ёй сапраўдным паратункам. Лішайнікі, імхі, на скрайні выпадак, амёбы…

Але яна ведае, што ўзяць ды пазбыцца чалавечай сутнасці наўрад ці ўдасца. Хоцькі-няхоцькі, гэтае ярмо давядзецца трываць.

Пашчэрблены месяц абыякава паўзе па халодным бэзавым небе. Дыханне Марыі цяжкае і перарывістае. Пакуль пустэча і непарушнасць, але яна прадчувае: нешта неўзабаве будзе дзеіцца.

Яна ведае, гэта акурат такая ноч, калі мёртвыя ўстаюць са сваіх магілаў. І гэта яе мерцвякі. Кожны з іх мае твар. І кожны з гэтых твараў Марыі знаёмы. Пры сустрэчы яна не здолее проста прайсці міма, адвёўшы позірк убок.

Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі твой горад…

Успаміны, як заўсёды, прыходзяць без запрашэння. Віно мякка дакранаецца да нёба, а пальцы адчуваюць вострыя канты келіха. Вусны зліваюцца з вуснамі. Па шыферным даху барабаніць дождж – па даху таго дамка з негабляваных дошак, з ганку якога відаць мора.

Рукі абхопліваюць мускулістае каржакаватае цела, шчокі казыча колкае шчэцце…

У гэтую пару, апанаваную бессанню, Марыя можа пераскокваць праз гады і неспадзеўкі апынацца ў іншым месцы, іншым часе і зусім іншых жыццёвых варунках. Перажываць іх бы наяве, губляючы арыентацыю, хто яна і дзе.

Успаміны спараджаюць пякотку ў роце. Кожны з тых момантаў, якія ніколі не вернуцца, упінаецца ў яе цела малюткай іголачкай. Але яна ведае, што боль незваротнага – гэта толькі прэлюдыя.

Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі тваю вуліцу…

Здаецца, праз шчылінкі паміж шыбай і рамай разам з ветрам пранікае і іх дыханне. А шоргат дажджу па асфальце прызначаны адно на тое, каб заглушыць і без таго амаль нячутны поступ іхніх ног.

Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі твой дом…

Калісьці гэтыя людзі былі Марыі вельмі блізкімі, нейкі час яны нават былі адным з ёю целам.

Але гэта было даўно. Іх целы ўжо канчаткова і незваротна набылі аўтаномнасць. У дадзены момант кожнае з іх, напэўна, бесклапотна спіць, і сніцца гэтым людзям, вядома ж, зусім не Марыя.

У той самы час, калі іх фантомы няўмольна набліжаюцца да яе – бы зомбі ў галівудскіх фільмах.

Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі тваю кватэру…

Марыя з жахам углядаецца ў цьмяныя абрысы рэчаў і мэблі, у ноч, у дождж. Яна пачуваецца абсалютна безабароннай.

Ёй карціць залезці пад канапу, скруціцца камячком ды запхнуцца ў шафу, павіснуць пад столлю на жырандолі.

А можа, лепей проста прыкінуцца мёртвай?

Але яна разумее, што ад іх не схавацца. Дэманы мінулага ведаюць усе слабыя месцы ў яе фартыфікацыйнай сістэме. Марыя адчувае іх няспешны ўпэўнены поступ – ужо зусім блізка.

Дзевачка-дзевачка, дэманы мінулага знайшлі цябе, гатовую ўсікацца ад страху…

Яны апынаюцца побач з ёю неспадзеўкі, разам і адначасова. Упэўненыя рукі сцягваюць калготкі, рассоўваюць яе сцёгны, трымаюць за рукі… Зніякаявелая і здранцвелая, Марыя не можа нават паварушыцца. Яна не крычыць і не супраціўляецца, адно ціха енчыць сабе пад нос, бы смяротна паранены дэльфін.

Дэманы мінулага могуць рабіць з ёю ўсё, што пажадаюць. І робяць.

Неўзабаве ейнае цела скаланаецца ад болю. Курчыцца ў канвульсіях, амаль не зрушваючыся з месца. Няголеныя падпашкі ад поту пераўтвараюцца ў балота.

Перад ёю – твары, твары і твары. Яны змяняюцца, часам наслойваючыся адзін на адзін. Вусатыя, гладка паголеныя, спярэшчаныя зморшчынамі… Выраз кожнага з іх удае жарсць, але Марыю гэтым не падмануць.

Яно трывае, здаецца, бясконца. Кожнае імгненне становіцца надзіва пругкім ды эластычным ды завісае ў паветры замест таго, каб мякка адысці ў небыццё.

Твары становяцца ўсё больш невыразнымі. Гэта значыць, што прыйшоў час дублёраў. Але сваю справу яны выконваюць таксама старанна.

Марыя бы лялька ляжыць на спіне, стараючыся ні пра што не думаць і нічога не ўспрымаць.

– Калі я вынесу ўсіх нябожчыкаў са сваёй памяці? Калі я вынесу ўсіх нябожчыкаў са сваёй памяці? Калі я вынесу ўсіх нябожчыкаў са сваёй памяці? – бясконца шэпча яна, ажно пакуль – нібы паратунак звыш – не прыходзіць крохкі нервовы сон.

 

(Цалкам чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова”)


Апублікавана

у