Ілля Сін: “Музыка натхняе мяне болей за літаратуру”

Перформер, празаік, музыка, журналіст, сцэнарыст — у нашага сённяшняга героя шмат праяваў і абліччаў. Разам з тым, ён усю дарогу, блізка трыццаці гадоў, знаходзіцца як бы на адлегласці ад літаратуры, толькі час ад часу ў яе заходзячы, каб неўзабаве вярнуцца назад у сваю манастырскую ці то келлю ці то маслабойню альбо вінарню. Чым жыве ў 2024 годзе лаўрэат Прэміі Гедройця і “Глінянага Вялеса”, чаго бракуе ў наваколлі і што новага пішацца, пра гэта аўтар крыху распавёў карэспандэнту Bellit.info.

– З кім я зараз размаўляю: з Іллём Сінам ці з Іллём Свірыным? Гэта два розных чалавекі? Якая між імі розніца? Хто кім камандуе?

– Насамрэч розных іпастасяў у адну галаву напхана яшчэ болей, а іх іерархія пастаянна мяняецца. Але ў дадзены момант вы, без сумневу, размаўляеце менавіта з Іллём Сінам. Гэта нібы рыцарскі даспех, які вісіць глыбока ў шафе звычайнага бухгалтара, і той апранае яго вельмі рэдка, бо нагоды не выпадае. Хіба можна ўпотайкі ды на самоце бавіцца перад люстэркам.

– Прызнаюся: не разумею, таму і не ўражваюся балетам. І грамадскім меркаваннем мне гэта нібыта дазваляецца – не разумець і не любіць балет ці оперу. А калі я не разумею і не захапляюся перформансам, я – адсталы, цёмны?

– Я б не надта зважаў у такіх выпадках на грамадскае меркаванне. Кожны чалавек мае поўнае права захапляцца (альбо не) тым, што яго сапраўды захапляе, хай гэта будзе балет або перформанс.  Або нават дакастрычніцкая лірыка Янкі Купалы.

– А перформанс – гэта што? Мастацкі выклік ці выклік мастацтву?

– Уласна, мастацтва, не болей за тое. Такое самае, як і згаданы вышэй балет, толькі збудаванае трошкі па іншых законах. У перформансе (у адрозненне ад тэатра, балета і г.д.) на першае месца выходзіць працэсуальнасць — сам працэс і атаесамляецца з творам, што надае апошняму шурпатасці і спантаннасці.

Некаторыя аўтары (гэта тыя акцыяністы, якіх усе ведаюць) імкнуцца выйсці за межы мастацтва ў няўтульную рэальную прастору. Аднак адной нагой  яны ўсё адно застаюцца на полі мастацтва, пад абаронай тых грамадскіх канвенцый, згодна з якімі вар’яты і мастакі за базар не адказваюць. А вось другой нагой спрабуюць кагосьці балюча пхнуць. Рэальны эфект, натуральна, нулявы (вожыка голай дупай не спалохаць, асабліва калі ён жалезны). Таму яны своечасова зацягваюць другую нагу назад у зону камфорту ды пачынаюць ездзіць па розных стыпендыях і біенале.     

Ды мяне гэта не тычыцца: не маю інтэнцый кагосьці пхнуць або наогул паўплываць праз мастацтва на жыццё, на глабальны ход падзей. У алхімію і магію, якая пераўтварае сімвалічнае выказванне ў некія рэальныя рэчы, не веру зусім.  Таму як чалавек старамодны я па тым полі абедзвюма нагамі тапчуся. Многія кажуць, што  пасвіцца там няма сэнсу: увесь наедак даўно выбралі ды ператравілі тыя, хто з’явіўся на свет раней. Але мне, відаць, падабаюцца самыя рухі. Сам працэс.

– “Каб пісаліся вершы, трэба быць закаханым”, сказаў паэт. Каб пісалася проза, трэба што?

– Халера яго ведае, як працуюць гэтыя механізмы. Не думаю, што згодна з рэгламентам. І пагатоў маю сумнеў у тым, што творчасць заўсёды задзейнічае менавіта лепшую частку натуры. У якасці паліва можа быць  што заўгодна: сублімацыя, комплексы, страхі… самае рознае лайно, у якім ты сам сабе не наважышся прызнацца. Але ў гэтай печцы яно чарадзейным чынам пераўтвараецца ў цяпло і святло.

– Вы ведаеце свайго чытача? Хто ён? Дарэчы, а што зараз пішаце? Для каго?

– Адзіны чытач, якога я больш-менш добра ведаю, – гэта я сам. І на густы гэтага чытача – дарэчы, даволі прыдзірлівыя – вядома ж, арыентуюся. Іншыя чытачы мне знаёмыя куды меней, таму цяжка казаць пра іх нешта пэўнае.  

Цяпер я дапісваю раман пад назвай “Ego”. Гэта першы мой твор, дзе аповед вядзецца ад першай асобы. Дакладней, асобаў некалькі, і кожны з такіх наратараў з’яўляецца суб’ектам наўмысна сканструяваным. Ён спалучае ў сабе рысы жывой істоты і плёну дзейнасці ўсіх тых машын па вытворчасці сэнсаў, якія ўзніклі ў літаратуры задоўга да з’яўлення штучнага інтэлекту. У якасці тызеру магу прызнацца, што там будзе пра смерць і пра трактар.

– Традыцыйна: а дзеля каго ці чаго мы пішам-творам?

– У наш перанасычаны кантэнтам век стварэнне чагосьці новага – гэта не вытворчы працэс, як было некалі даўно, не сацыяльна-выхаваўчая дзейнасць, не ўнёсак у сусветную культуру, а найперш нейкая індывідуальная практыка, якая з’яўляецца патрэбнай і прыемнай найперш для цябе самога. Урэшце, я маю законнае права распарадзіцца як заўгодна вольным ад працы ды штодзённых клопатаў часам. Што і раблю ў сваё задавальненне.

Буду вельмі рады, калі вынік спатрэбіцца камусьці яшчэ – хаця пакуль мала разумею, як гэта можа здарыцца ў цяперашніх варунках.  Аднак пісьмо ў кожным разе мае тэрапеўтычны эфект. Ларс фон Трыер казаў, што займаецца творчасцю, каб змагацца з дэпрэсіяй. Гэта цяжка назваць тэрапіяй у стандартным сэнсе слова, але дакладна можа стаць актам веры – прынамсі, у тых варунках, калі рэчаіснасць даўно перасягнула мае творы ў плане вынаходлівага вар’яцтва. Таму творчасць цяпер для мяне – гэта той утульны лес, дзе разгублены падарожнік можа перачакаць непагадзь.

 – У тым жыцці ў Брэсце чуў, як вы чыталі урывак са свайго твору. Пасля спрабаваў чытаць яго гэтак жа сам. Мала атрымалася, але эфект быў суперскі. Вы і пішаце гэтак жа – гушкаючы-люляючы ў сабе мелодыку тэксту?

– Так, спрабую тую мелодыку намацаць, наколькі атрымліваецца. Наогул, музыка натхняе мяне болей за літаратуру, і калі мне ўдаецца неяк пераплавіць гукі ў словы, адчуваю сябе вельмі задаволеным.   

– Пра нечакана-цікава-непрыемнае. Там жа, у Брэсце, давялося паразмаўляць з двума аўтарамі наконт прэміі Гедройця. Адзін аўтар сказаў, што не імкнецца яе атрымаць – бо атрымаеш і цябе… забудуць, твае новыя кнігі пасля ўзнагароды нікому не будуць цікавыя. А другі аўтар гэту тэзу пацвердзіў: ён атрымаў прэмію за сваю кнігу, пасля выдаў другую, працяг, з той жа назвай, лічыў яе куды больш удалай, але – нуль розгаласу, крытыкі і абмеркаванняў. І яму было крыўдна. Такі вось нечаканы тыпова беларускі феномен. Чаму так – разважаць доўга, калі ведаеце кароткі адказ, то падкажыце.

– Прычына відавочная – у нас быў слаба адладжаны механізм повязяў паміж аўтарам і рэцыпіентам (быў, бо пра цяперашні час і казаць не выпадае). Можна хіба канстатаваць, што прэмія Гедройця сама па сабе сітуацыю выправіць не здатная. Гэта свайго кшталту вішанька на торце пры адсутнасці самога торта. 

Менавіта праз хібнасць і недаразвітасць той інфраструктуры, якая павінна забяспечваць кантакт паміж аўтарам і чытачом, вызначальную ролю часта адыгрываюць не літаратурныя, а менеджарскія здольнасці. А дадзеныя яны далёка не ўсім. Да ўсяго, у тым, ці атрымае твой опус належны рэзананс, заўсёды ёсць элемент выпадковасці і ўдачы. І паколькі ў нашых цяперашніх варунках ён неймаверна вялікі, варта проста не пераймацца на гэты конт.

На апошнія тры мае рэлізы былі напісаныя ажно паўтары рэцэнзіі. Таму пра брак увагі ведаю далёка не па чутках. Не скажу, каб гэта прыемна, але, у прынцыпе, можна перажыць. Здараюцца і куды горшыя рэчы. 

– А вам гэтая самая ўвага да твораў патрэбная?

Звычайна мне хочацца быць незаўважным. Пазіраць на іншых людзей у метро, застаючыся нябачным для іх. Раней мне карцела быць пабачаным, заўважаным, я радаваўся, калі маё з’яўленне на сцэне выклікала нейкую рэакцыю. Але ж тое было даўно.

Іншая справа — зацікаўлены дыялог. Калі ты нешта гаворыш у кампаніі, то, вядома, хочаш быць пачутым.  Калі цябе не чуюць (а ў наш век такая дыскамунікацыя здараецца нярэдка), дый наогул паводзяцца так, быццам цябе побач няма, пачуваешся досыць ніякавата. З’яўляецца комплекс аўтыста: табе здаецца, нібы ты выпаў у нейкую зусім паралельную рэчаіснасць і страціў здольнасць стасавацца з навакольным светам.

– Ілля Сін, які перформер, не мог існаваць без публікі. А Сін-пісьменнік хіба можа без зваротнай сувязі?

– Ну, неяк жа існую. Хаця, без  сумневу, чытач у прынцыпе прадугледжаны. Любы твор, што б хто ні казаў, з’яўляецца камунікатыўным актам. Нават калі пісьменнік старанна гэта ўтойвае ды кажа, што піша адно сам для сябе. Мой прыяцель Дзіма Серабракоў параўноўваў герметычных аўтараў з дзецьмі, якія хаваюцца ад дарослых, каб тыя іх урэшце знайшлі. Зрэшты, такая гульня ў хованкі таксама становіцца нялішняю часткаю твора.

– У вас ёсць ідэя-фікс для сябе ў літаратуры? Свой таемны рытуал маеце пры пісанні, пачатку, завяршэння?

– Ды не, я рухаюся амаль выключна навобмацкі, і ў гэтым нават ёсць сваё задавальненне. У маім выпадку праект ніколі не папярэднічае пачатку будоўлі – ёсць толькі інтэнцыя, нейкая малаўцямная візія, якую наўрад ці можна назваць ідэяй-фікс. Праект з’яўляецца ўжо ў працэсе, а часам і на стадыі аздабленчых работ – іх я люблю рабіць дужа павольна ды з нездаровым перфекцыянізмам.

А калі ён не з’яўляецца наогул, таксама  не надта сумую. Не думаю, што сэнсам мастацкага пісьма ў наш век з’яўляецца праясненне нейкіх сэнсаў – пагатоў, яны даўно зразумелыя, маралі ўсе сфармуляваныя, ды нікому ад гэтага не лягчэй. Сугестыўнае церце слова аб слова можа мець куды болей вітальнасці.      

Гутарыў МА, для bellit.info


Апублікавана

у