Іна Снарская (№126)

Вясна прыйдзе!

Музыка

Адчыняю вакно ва ўсю шыр –

няхай у сад ліецца музыка…

і змерзлыя галінкі ажываюць,

і адроджваюцца кветкі,

і прачынаюцца пчолы…

няхай на імгненне,

няхай толькі на імгненне,

але гэта – агонь вечнасці,

вось сарцавіна…

і тады я выслізну

са сваёй вужынай скуры,

вузкай і шурпатай,

няхай пачакае ў кутку, –

танчу, танчу

пад музыку Шапэна,

пакуль гучыць музыка,

я лётаю птушкай,

дыхаю водарам кветак,

і кожнае пёрка зіхціць на сонцы…

пакуль гучыць музыка Шапэна,

пакуль свеціцца трава…

16.01.2022 г.

* * *

Падземныя рэкі ў нябёсах цякуць,

Сардэчныя сокі надзеі п’юць.

Вусцішна паўтараю «ау»,

Пёрка ляціць з аблачын на траву

Леташнюю, засмяглую,

Высыхаю ад смагі я.

Усе мае рэкі і вадаёмы –

Струменьчыкі незнаёмыя. Стома.

Тонкая, нібы нітачка,

Сардэчную грэю вытачку:

Ці прыйдзе вясна адтуль,

Дзе неба птушыных матуль?

23.01.2022 г.

Надзея

Перад Вялікаднем мыю вокны,

як рабілі мая бабуля і маці, –

сонца няхай абцалуе хату,

каб жыць тут, доўга жыць.

На праменьчыку красы, чысціні

і нават немагчымага,

кажу вайне: «Не!»

Так рабілі мая бабуля і маці,

так раблю я.

Дзея з надзеяю на перамогу.

22.04.2022 г.

Толькі жыві!

1

Ты прыйшоў на захад сэрца,

я на ўсход тваёй пяшчоты,

і цяпер не будзе смерці,

вер мне, любы, лётай, лётай!

А на захад – мілавіца,

а на ўсход – гарачы золак,

вер мне, любы, сцежцы віцца

цераз неба, аж да зорак.

Цераз вецер, цераз вечнасць

знішчу змрок, дапамагу:

я табе свячу як свечка,

у акенцы, скрозь тугу.

2

Будзе стаяць наша хата,

шчасце у ёй і свята,

світанак нішчыць тугу, –

да цябе я бягу.

Я паспею, вер мне, паспею,

бо крыжык надзела нацельны

і валасы ўкрыла мірам,

як Марыям, мілы мой.

Каб выраслі нашы дзеці

і мір панаваў на планеце,

да цябе я бягу,

бягу цераз ноч і тугу.

17.05.2022 г.

* * *

Слухаю музыку Гайдна,

побач кніга вершаў Марыны,

за вакном аблятае квецень…

і няма ў свеце смерці.

Боль свой схаваю ў далоні,

каб гарэла свечка грамнічная,

не віна – толькі бяссонне,

не вайна – толькі птушкі бяздомныя.

Марыначка, пасядзі са мной побач, –

заспяваем, заплачам…

Вершы – ад слова «вера»,

ды кожнаму Авелю – Каін прызначаны.

Ападаюць з вішняў пялёсткі

і адцвітаюць яблыні…

бачу… не плачу… але… ці прабачу?

Бог мой – бераг спакою…

Музыка. Вершы. Зара над ракою.

9.05.2022 г.

Ландышы

Збіраю ландышы – чысціня і святло,

наталяюся пахамі – сонечнымі, святочнымі.

А за вакном вые сірэна і цвіце бэз,

такое неспадзяванае паяднанне.

Сэрца маё ўжо не плача, і жывыя ўсе, хто пайшоў.

Стаўлю букецікі ў кожным пакоі-спакоі,

як рабіла некалі ў дзяцінстве.

Родныя душы, ляціце сюды,

я вас не чую, але адчуваю…

І змаўкаюць сірэны, і пахнуць кветкі,

і няма вайны.

11.05.2022 г.

* * *

Заплюшчваю вочы, яшчэ раз заплюшчваю,

нібы снюся сама сабе:

там неба… такое глыбокае неба

нада мной, пада мной і ўва мне…

Ці ўратуюць душу маю вершы?

Разрэджаны подых вяршыняў,

сасновы пах лесу…

Няўжо гэта толькі сніцца?

Але я не герой, зусім не герой,

хоць і назвала сябе гарой,

я проста плыву ў чаўне адным

з краінай маёй, сям’ёй…

Разрэджаны подых вяршыняў

і васількоў у жыце…

Вось толькі гэты сон, што з ім рабіць:

на полі ляжыць салдат забіты і ўглядаецца ў цішыню.

24.05.2022 г.

* * *

Калі пачынаецца паветраная трывога,

першымі пачынаюць званіць званы…

Мы з табою пабрацімы,

Пабрацімы па вясне.

Горкі крыж маёй Радзімы

Прабіваецца і ў сне.

Родны крыж маёй Радзімы,

Адпяяная вясна…

* * *

Пчолы збіраюць ліпавы мёд,

рэчка грае на гуслях чароту,

чайкі кружацца над вадой…

але далёкія выбухі зноў і зноў

нагадваюць пра непрыроднае.

вочы мае ўглядаюцца ў далеч,

вушы ўслухаюцца…

плыву, плыву, плыву…

толькі калі я рыба,

не думаю пра вайну.

20.06.2022 г.

* * *

Крылы дажджу.

Прага жыцця.

Сеў на мяжу

Шэры бацян.

Цягнецца ўздоўж

Шнар ці ралля.

Месяц, як нож.

Стогне зямля.

Птушка-бацян,

Ціха хадзі,

Нечы сынок

Спіць на мяжы.

22.06.2022 г.

* * *

Кожны дзень прамаўляю да кветкі:

– Сніся мне, высь мая!

– Гэта ж я! – абдымаю вецер.

Вечар. Пад нагамі гарыць зямля.

Зялепухі ў садзе збіраю ў падол, –

Так рана яны паспяшылі да каранёў…

Птушыныя спевы, і сад, і дол

На крылах трымае мой сумны анёл.

28.06.2022 г.

* * *

Ляжу на спіне,

гляджу ў неба на ўзроўні травы,

скрозь траву…

станаўлюся кветкай і мурашкай,

якая паўзе па сцяблінцы…

мая палянка… мая…

усё, як і раней,

толькі птушкі чамусьці не спяваюць, –

недзе далёка за лесам,

за маім шчасцем, якое і не ведала,

што яно шчасце,

ка-на-на-да…

раней я баялася толькі грому й маланкі,

ставіла грамнічную свечку на падваконне,

як вучыла мая бабуля…

што ўратуе цяпер?

хто ўратуе?..

4.06.2022 г.

* * *

Ратуюся ў палях, нібы ў далонях маці,

Лячу, лячу… адчуй мяне, адчуй.

Тут белай хаты адзінокі страцім

На веях вербы сцішана начуе.

Пачуй мяне, калі дрыжыць трывожна

За сінім даляглядам далячынь,

І кожны крок па вечаровай пожні

Як падарунак дзвюх маіх айчын.

13.07.2022 г.

* * *

Там, у сне, ручнік радзінны

На стале і ля вакна.

А вясне такой дай, Божа,

Моцы дай і зберажы,

Каб сірэнай той трывожнай

спавіваць хаця б дажджы.

Спапяліць варожых крукаў,

Адрадзіць маю зямлю,

Каб званоў кляштарных гукі

Прамаўлялі: «Я люблю!»

29.05.2022 г.

* * *

А гэты верш я назаву – світанак,

Свяці яму, стамлёнаму ў дарозе,

Калі надзея сцішыцца ў аблозе,

І азвярэе час, і зверам стане.

Свяці яму, світанак! Птушкай ночы

Я прылячу, амыю яго раны,

І сем замкоў надзею не сурочаць,

Бо так узнёсла зацвілі каштаны.

1.06.2022 г.

Сястронкі

Вёска Сястронкі – вось жыцця,

высь мая, гэта ж – я,

вось стаю, паглядаю здалёк,

лёгкая сярод васільковых палёў.

Проста здымак маленства: лета, я…

чорна-белаю стала мая зямля,

бо гаруе громам разам са мной,

пашаю дыхае агнявой.

Шмат чаго яшчэ сказаць трэба…

ці пачуе… адчуе неба?

Трэсачка з дзіцячага трэбніка

роднай старонкі… Сястронкі.

5.06.2022 г.

Вясна прыйдзе!

Адзін знаёмы пажартаваў:

– Усе твае вершы пра птушак,

можа, ты арнітолаг?

Сказаў з усмешкай,

нібы пра дзіцячую цацку-забаўку,

але мая птушачка сціснулася ад сцюжы,

падагнула пад сябе ножкі

і крыльцы разгублена склала.

Як жа мала паветра цяпер для палёту, –

усё пра вайну, вайною, на вайне…

Прывольна лётаць у дзяцінстве і маладосці,

а як жа цяпер? калі… калі… калі…

Ёсць рэчы, пра якія не хочацца гаварыць

і нават маўчаць.

Проста слова…

проста кінутае бяздумна слова…

А птушачка змаўчыць,

схавае крыльцы, сцішыцца, заінее…

але ўсё роўна дачакаецца вясны!

Вясна прыйдзе!

10.01.2023 г.


Апублікавана

у