Пахне лёс мой любістай
* * *
. вер.шы як людзі
ў . радзімках
.
літараў і і ё
і знакаў прыпынку
. .і нава.т
як верш без знакаў.
радзімкі ў абрысах літар
і нават паміж радкамі
пакінулі .нам паэты
найлепшыя .знаўцы
радзімка.знаўства
. . .
* * *
снег растае
найперш
вакол магіл
бо продкі
як і мы
вясну гукаюць
і жураўліны клін
калі ляціць
хоць пёрка
на сустрэчу
пакідае
і без журбы
у цішыні цішыняў
снег растае
найперш
вакол магіл
але й найперш
кладзецца
побач з імі
* * *
і халодна
і холадна
і халадно
гэтак цёпла гучыць
мая родная мова
саграе
ў завірухі
кутасы
завейкі
і змякчае
сняжынкамі
снежніцай
снежкай
наталяе
і снежыць
снязорыць
снягурбіць
карагодзіць
на шчасце
змяняючы
націск і нас
і халодна
і холадна
і халадно
* * *
і снег сышоў
і ты
і рыбка здохла
залатая
і я ніколі ўжо
не буду тая
а буду толькі
раставаць
і з дна каменні
мыць
і мыць
і мыць
і ўспамінаць Сізіфа
і ўяўляць СІЗА
кульгае свет
і мыліца з радкоў
усё
што падстаўляю
яму я
* * *
я працяг ручнікоў
радзінных
вясельных
і пахавальных
знішчаных
нашчадкамі майстрых
і ў музеях захаваных
атуляю абразы
і крыжы спавіваю
ёсць ува мне
крыху кужалю
а болей
нябеленага
цяжкага раю
ці плыву па рацэ ці ў песні
на руцэ
ручніковая лінія
лёсу
абраная
з ранаю
не цыраванаю
* * *
так усё дзіўна
ў гэтым жыцці
а ў іншым
магчыма
яшчэ дзіўней
мінаюць тыя
хто нібыта любіў
з’яўляюцца тыя
хто будзе любіць яшчэ
і мне шкада старых
і новых
крыху шкада
бо ўсім
адмерана лёсам
са мною
болю й святла
* * *
за воблакам тым
ці за тым
а мо і за гэтым
хаваецца тое
ці тое
а можа
і гэта
за самай жывой аблачынкай
ляціць пахаваным
каханне
ляціць
не ляжыць
і ў гэтым
магчыма
адхланне
* * *
Стральцоў вучыў мяне любіць.
Сястра
абдымеш падушку
а ў ёй аніводнага пёрка
і, можа, таму
гэтак горка
абдымеш другую
што побач ляжыць без патрэбы
успомніш “Мой свеце…”
Стральцова
і што яшчэ трэба
і ясна
і ўсё зразумела
што не зразумела
і блізка да слёз
і бліскае словам
надзея
* * *
кветкіяблыняўіграднеразбярэшштоляціцьжыццё
* * *
хрушчы
над зямлёю
Рушчыца
і маёю
усіх адценняў
зямлі
ценяў амаль
аднолькавых
лятуць у вакно
на святло маё
* * *
паміж марамі
пра мора
і неба
збіраю
чорныя парэчкі
маме
якая ляжыць
тату
які глядзіць
сяброўцы
на гомадыялізе
і дачку ўмольваю
з’есці хоць ягадку
і круцяцца
рэчкі згадак
пра Чорнага
і квадрат
і Панну
і дразды
чорныя-чорныя
і парэчкі вялікія
як вішні
такія бываюць
калі гадуе
Усявышні
* * *
Аляксею Яскевічу
ён загортвае скрыпкі
гуслі і морахарпы
ў свае кашулі
і чакае Волі
выпускаючы
ментолавыя аблачынкі
ў шэрае неба
ветрык варушыць на падлозе габлюшкі
светлыя
рыхтык выснены лёс
пяшчотныя
нібы кужаль
сохнуць яліны
бэзы, грабы і клёны
і мораны дуб
ужо колькі стагоддзяў
чакае свайго згукаванага лёсу
нават праклёны
здымуць ягоныя дудкі і рогі
якія разумеюць толькі роднае слова
варацца лакі
з замежных жучкоў
і вішнёвай смалы маленства
без сучкоў стварае быццё
Гаспадар Музычнага Саду
* * *
сівею як палын
які табе шукаю
які амаль знікае
як і знікаю я
у срэбры горычы
і горкага адчаю
галінка палыну
саломінка мая
і хай не маю долі
на каханне
і сохнуць палыну
ля ложка як ля печы
ты дадасі
лісток сівы
ў гарбату
і на адно бяссонне
стане меней
* * *
так лёгка нарадзілася полымя
не тое што я некалі
ягоныя языкі
мо і злізалі б маё самотнае свята
але сусед распачаў чытаць дачцэ
расейскія казкі
і я, начапіўшы падораныя сябрам акуляры
сышла глядзець на зоркі
якія ж яны яскравыя
калі хаця б не губляць зрок
зоркі не падалі
гэта я пагойдвалася
ці то ад вішнёвай наліўкі
ці то ад новых акуляраў
і зоркі чакалі магчымасць
загадаць жаданне
а я трымалася
не падала
бо ведала
што ва ўкраінскіх сваякоў
падчас вайны нарадзіўся Тарас
і верыла
што няхай і не ў сваякоў
але нарадзіліся ў Беларусі
і Максім, і Якуб, і Янка
* * *
Уладзіславу Ахроменку
пахнуць рукі любістай
насенне якой перад смерцю
набыў ты
пахнуць рукі любістай
яе да ўсяго дадаю
да журбы
і да радасці
і да супу з хвасолькай
і да чаркі з чароўным напоем
і да кніг
што з журбою
да радзюжак
што з мрояй пра радасць
і рай на зямлі
дзе любіста
дзе любоў
дзе ўсе любыя ведаюць
Бог жыве
ТУТ
пахне лёс мой любістай
ці жывая
жывая
жыве
* * *
мора маё
не ў Польшчы
не ў Грузіі
мора маё
ў гаршэчак
ля хаты
загружана
камяні
з маімі
слязінкамі
і вадою
нябёснаю
павуцінне
танюткіх
ветразяў
што нясуць
у адкрыты
верасень
* * *
Беларусь – краіна хараства
выцінае белы свет
з паперы белай
ён знікае
каб не знікнуць зноў
Беларусь – краіна хараства
ад усходу да заходу сонца
тчэ свой абыдзённік
тчэ штодня
ён абавязкова абароніць
Беларусь – краіна хараства
рай стварае
дывановы і радзюжкавы
каб і Бог адпачываў у нас
каб былі нібыта кветкі
зоркі
і нібыта зоркі
людзі
Беларусь – краіна хараства
праз рэпрэсіі
вязніцы
здрады
словы абіраюць ейны верш
Беларусь – краіна хараства
* * *
гіль
са сняжынкай
на крыле
я
са сняжынкай
на руцэ
і пад крылом
у мамы
яна не ходзіць
не лятаю я
ды ў кожнай з нас
ёсць радасць
за гіля
за тое
што з яго крыла
ўзляціць сняжынка
і на імгненне
стрэнуцца дзяўчынкі
абедзве ўжо
з мінулага
стагоддзя
* * *
у харастве
заўжды жыве
Раство
і ў харастве зімы
Раства чакаю
расце сумёт
ля хаты і хлява
расце чаканне
над маім адчаем
краіна светлая
дзе не стае святла
спрабуе падсвятліць
сябе сама
гірляндамі
і свечкамі
і цудам
і Бог здымае
цёплыя валёнкі
узлазячы на лаўку
ля вакна
у харастве
найболей
ад Раства