Болей
Апошні раз, калі я бачыла Алеся Разанава, мы сустрэліся на дзявятым паверсе “Мастацкай літаратуры”, з’ехалі ліфтам долу, прайшліся да Жоўтай царквы і развіталіся. Хто ж ведаў, што яшчэ адзін, апошні, раз я пабачу яго ў Жоўтай царкве… Хоць цяпер здаецца, што і ведала, але не хацела ведаць. Крапаў дождж, у нейкі момант Алесь Разанаў запытаўся, дзе лепей друкаваць творы, каб іх болей людзей прачытала. Усе месцы нагэтулькі і яму, і мне былі вядомыя, што карцела сказаць: “нідзе”, але я стрымалася і спрабавала называць “месцы, дзе, магчыма, болей”. Паэт неяк па-незямному ўсміхаўся, для “болей” заставалася адно друкаванне ў Вечнасці.
“Пчала пачала паломнічаць”
Заманулася неяк паадгадваць загадкі пра пчол. Разгарнула том з серыі “Беларуская народная творчасць” на раздзеле “інсекты” і… не знайшла ніводнай. Мухі ды камары, прусакі ды жукі… Колькі разоў перагледзела – няма, ці не сон, думаю.
Высветлілася ж, што загадкі пра пчалу знаходзяцца ў раздзеле “Свойская жывёла”, які пачынаецца з каровы… Мы, беларусы, не кажам пра пчалу, як пра іншую свойскую жывёлу, што яна здохла. Пчала – памерла, бо ў яе, голуба і чалавека адна душа.
Стваральнік вершаказаў Алесь Разанаў гэтае ж народнае ўяўленне выводзіць ад самога слова “пчала”: “Пчалу нельга забіваць: яна – пЧАЛа, у ёй захоўваецца чалавечы пачатак, і людзі шануюць яе, як чалавека”.
Гэтаксама слова “пчала”, паводле паэта, выяўляе сябе як – плач. І зноў такі перагукаецца з міфалагічным сюжэтам, у якім пчолы ўтварыліся са слёз дзяўчыны, а пчаліная матка – са слёз Спаса.
Філасофія мовы і народная філасофія лёгка і геніяльна ўтвараюць сотава-сэнсавы лабірынт паэзіі Алеся Разанава.
“Пчала пачала паломнічаць” – пачатак, які… не спыніць…
Дарэшты
Як сумна, калі кніга выходзіць з памылкаю, і як файна сустрэць у гэтым суме Алеся Разанава, які таксама быў рэдактарам “Мастацкай літаратуры”, і ў яго праходзілі памылкі, за якія пазбаўлялі прэміі. Але ўсе яны недзе далёка-далёка, а тут магутны версэтаўскі поціск, і ты не мыеш рукі, пакуль пункціры дарэшты не ўвайшлі ў цябе.
Вось жа шчырую праўдачку некалі напісала, прамінула колькі гадоў і памылкі не памятаю, а Разанаў разам са мною.
Сенакоснае
У 70-80-я гады, у часы майго маленства, “Мастацкая літаратура”, як і іншыя арганізацыі, выпраўляла супрацоўнікаў на сенакос у калгас. Ездзіў і мой тата, і Алесь Разанаў, але іх выпраўлялі не на той сенакос, куды бралі мяне, дзе расла найлепшая прыпяцкая трава, з якой атрымлівалася найлепшае сена найлепшым лунінецкім каровам. І хоць нібыта паэты былі заўжды задаволеныя, касілі, глядзелі на зоркі і чыталі вершы, я зразумела, што ў лепшыя месцы не выпраўляюць.
Немагчымае
Перакладаю шэпт дажджу,
пагляд вачэй,
трымценне гаю…
Кранаю,
слухаю,
гляджу,
я не пішу – перакладаю.
Вядома ж, і я пра Алеся Разанава не пішу – перакладаю, хоць і перакласці немагчыма.
Карпік з радзімы Алеся Разанава
Пашпацыраваўшы з дачкою Высокім Местам і ўздоўж Свіслачы, дапялі да Палаца спорту, каб ехаць дахаты. А там – рыбны кірмаш. І мы набылі карпіка з Берасцейшчыны, з Радзімы Алеся Разанава. Як жа мы беглі да Свіслачы з фірмовым пакетам “Сялец“! Таму і пстрыкнула здымальнікам гэтак, што яго не відаць. Затое на фота, дзе безліч шэрага, леваруч ад мяне з бліскавіцай, той, у каго добры зрок можа яго разгледзець. Ён паплыў!
Парай набыць цудоўную кнігу – і цябе не забудуць на юбілей генія…
Атрымала смс-ку: “Вечар добры, Аксаначка! Павіншаваў зранку Алеся Разанава з 70-годдзем. Гэта ж з Вашай падачы (вобразна кажучы) я ў лютым набыў яго кнігу пераказаў Ф. Скарыны “Маем найбольшае самі”. А, літаральна чвэрць гадзіны таму на 1-м Нацыянальным канале Беларускага радыё прагучала дасланае мною віншаванне сп. Алесю: “Віншую з 70-годдзем свайго земляка, славутага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алеся Разанава! Яго настаўнікам у Сялецкай школе Бярозаўскага раёна быў малодшы брат майго дзеда Сцяпан Хведаравіч Грышкевіч“.
Разанаў разумны
Дасылаю на юбілей Алесю Разанаву тэлеграму. Дыктую, і там, дзе “Ў“ – папярэджваю, што “у нескладовае“ – каб памылак не было. Урэшце мне кажуць:
– У нас няма “Ў“, у нас дзве клавіятуры – расейская і ангельская, “І“ беларускае мы з ангельскай бярэм. Якую літару стаўляць замест “Ў“?
Ад неспадзяванкі выдаю:
– Стаўляйце “У“. Разанаў разумны. Ён зразумее…
“Паэма гарачага лісця”
Фелікс Баторын апавядаў мне, што не ўспрымаў паэзію Алеся Разанава, пакуль не прачытаў паэму пра бальніцу. Бальніца адразу прыцягнула хірурга, і праз яе ён прыйшоў да любові і да “небальнічных” вершаў.
Ніколі не ведаеш, скуль пачнецца любоў…
ТАТАРАЗАНАЎ
Змясціла была фотаздымак у Фэйсбуку, дзе тата з Алесем Разанавым з келіхамі ў руках, і падпісала:
Тата… Разанаў…
Файна… выпіць улетку
белага віна…
Атрымала каментар Таццяны Гаранскай: “ВЫДАТНА – ТАТАРАЗАНАЎ!!!”
І не паспрачаешся.
Яшчэ пра фота
Мае любімыя фотаздымкі любімых з Алесем Разанавым: тата і Разанаў п’юць, а муж і Разанаў смяюцца.
Натхненне
Начытаўшыся “Невядомай велічыні” Алеся Разанава, стварыла яйкаквадраты, крапаныя баравікамі з Лысай Гары. Яйкі імгненна зніклі, а ўсведамленне, што твой паэт натхняе нават на імгненнае, засталося.
Разынка
Малым дзецям нелянотныя бацькі развешваюць па хаце карткі са словамі. Вядома ж, гэта не пра мяне, таму я паўсюль раскладала “Дзеясловы”, так, каб у кожнае імгненне можна было ўзяць і пачытаць. Вынікі не змусілі сябе чакаць.
– Мама, – мовіла дачка, – а па кожнай вокладцы “Дзеяслова” можна ж спектакль паставіць, дзейныя асобы адразу напісаныя.
І дала варыянты на колькі нумароў. Паводле часопіса №1 спектакль называўся “Як Гіль шукаў Разынку”. Разынка – было найбліжэйшае, што дачка пабачыла ў прозвішчы Алеся Разанава. І вось жа напраўду – разынка беларускай літаратуры. Усміхнешся і ўспомніш усмешку Паэта.
Размеркаванне
У траўні 2012-га лёс падараваў мне колькі дзён быць з Алесем Разанавым у супольным літаратурным падарожжы шведскіх і беларускіх літаратараў на Берасцейшчыне, якое ладзіла Марыя Сёдэрберг з дапамогай Шведскага інстытута і Пасольства Швецыі ў Беларусі. Мне прапанавалі кіраваць імпрэзаю, з беларускіх творцаў былі яшчэ Святлана Алексіевіч і Ірына Багдановіч. Вядома ж, найлепшыя экспромты – падрыхтаваныя, я гэтак і ўчыніла, размеркавала, што першым будзе выступаць геній – Алесь Разанаў. Але перад самым выступам мяне папярэдзілі: “Першая – Алексіевіч, далей неістотна”. Шведы ўжо нешта ведалі. Я ведала беларускага Паэта. Для мяне Паэзія вышэй за ўсё. І ў прэміі я веру адно тады, калі іх даюць такім Паэтам.
Нябёсы беларускай літаратуры
Прадстаўляючы Алеся Разанава, як вядоўца імпрэзы ў зале Палаца культуры ў Бярозе, чытала свой улюбёны ягоны верш і дадавала свой працяг:
Як бы ні імкнулася дрэва
ў неба,
яно ўсё роўна
не дасягае неба…
Але, магчыма,
ніякага іншага неба няма,
апроч самога імкнення.
Апроч самога імкнення чытаць і слухаць Алеся Разанава. Вітайце нябёсы беларускай літаратуры – Алесь Разанаў!
Гэты верш, выпісаны ў мой вершанататнік яшчэ ў юнацкія гады, ці не адзіны нерыфмаваны верш, які я памятаю нават у стрэсавых сітуацыях.
Сялецкія хаты
Разам з Разанавым адведала Сялец – вёску, дзе ён нарадзіўся, была ля ягонай хаты, перажывала кранальную сустрэчу з роднымі мясцінамі і людзьмі. Мы адчувалі, што гэта злучыла нас, бо нават за пяць гадоў, падпісваючы “Перавыбранае”, Паэт падпісаў:
Адчыняем дзверы
Ў сялецкія хаты:
Аксане Спрынчан.
РА
Алесь Разанаў, А. Р., Ар-ў, RA – гэтак падпісваў Алесь Разанаў кнігі мне. Выпадкова ці не… Да прыкладу, майму тату ўсе падпісаныя “Алесь Разанаў”.
У кожным разе бог сонца – Ра, бог паэзіі – Алесь Разанаў.
Рэклама без падману
Калі выйшла кніга Алеся Разанава “Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж” у стылёвым аздабленні Кацярыны Дасько, “Наша Ніва”, складаючы топ-10 беларускіх кніг, якія варта набыць у 2018 годзе, напісала пачутую ад мяне на кніжнай выставе рэкламу: “Такую не сорамна з сабой і ў ложак узяць”… Гэта для чытачоў. А можна і перафразаваць: “Такую не сорамна і каханай жонцы паказаць”…
Два геніі
З Ярашам Малішэўскім мелі гонар прэзентаваць разам з Алесем Разанавым унікальную кнігу ягоных перастварэнняў “Францыск Скарына. Маем найбольшае самі”. Два геніі – адзін з беларускай поўначы, а другі з беларускага поўдня сустрэліся праз 500 гадоў, каб нашчадкі і сучаснікі зразумелі тое, што для бальшыні фактычна таямніца. Гэта была адна з найбольш суладных прэзентацый, якой я кіравала, бо, апрача шчаслівага лёсу слухаць і чуць Алеся Разанава, была магчымасць слухаць і чуць тыя беларускія інструменты, якія 500 гадоў таму натхнялі Францыска Скарыну. Голас Разанава і голас беларускіх інструментаў плылі, злучаліся, ставаліся абярэгам для кніг і людзей.
Люблю
Неяк я надумала параўнаць поры года з літаратурнымі жанрамі. Вось што ў мяне атрымалася: зіма – чарадзейная казка, вясна – лірычная паэма, лета – любоўны раман, восень – філасофскае эсэ. Я люблю пераход ад лета да восені, калі каханне становіцца філасофіяй.
Пагатоў я люблю паэзію, якая сталася філасофіяй, альбо філасофію, якая сталася паэзіяй.
Спроба
Збянтэжаная, апавядаю мужу, што затэлефанавала каханая Алеся Разанава і папрасіла напісаць пра яго.
– Ты не чакала?
– Не. Я ніколі б сама не наважылася, ён як Бог…
– Але ж можна паспрабаваць…
– Усё змяшчаецца ў тры словы.
– ???
– Разам з Разанавым.
Дождж
***
Дождж:
возера
ў акупунктуры.
***
Такая і гэтакі:
талакуе
з маланкай дождж.
Алесь Разанаў – адзіны паэт у свеце, у каго два вершы з дажджом сталіся назвамі кніг.
Без лішніх колераў
Кветкі для развітання з Разанавым загарнулі ў белую паперу. Ніколі раней мне белая ў такіх выпадках не траплялася. Мо гэта выпадковасць, а мо гандлярка не хацела дадаваць лішніх колераў для белых і чырвоных кветак. Як ні хавалі іх з дачкой пад парасонам, на паперу траплялі кроплі дажджу, і атрымлівалася:
Дождж:
Вечнасць
у акупунктуры.