Анатоль Івашчанка (№86)

Анатоль Івашчанка

Сінявокая

 

ЦЫ

ад сябе далёка не ўцячы

сонца танчыць зайчыкам на плячы

нос казыча ранішняе капучы

на павестцы дня задача

перамагчы

 

не забыцца набыць панівіль дачцэ

(сонца скача зайчыкам на шчацэ)

кава распускаецца ў малацэ

за вакном сплываюць трупы ворагаў

па рацэ

 

ад сябе далёка не ўцячэш

покуль цы па целе крыху цячэ

не прыспела пара вяртацца дамоў на шчыце

пачакаем, братка, яшчэ

                                                 Вільня, 2015

 

 

ЦЕЛА ВОСЕНІ

вочы слязяцца

вусны крывавяць

ногі брыдуць па шашы

жабкамі лісце пера-

бягае дарогу

гіне пад коламі

неба расколата-

е больш не вабіць

не кліча

 

ў горадзе восень

ў чорных пакетах

бы расчлянёнку

ўздоўж тратуараў

павыстаўлялі

каб чумавозы

цела яе

звезлі на сметнік

хопіць істэрык

хопіць цытатаў

вечнае смагі

новых сусветаў

досыць пісаць

і чытаць

і закошваць пад знаўцу…

дужа… херова

але не з прычыны

нейкай канкрэтнай

пэўнай ды поўнай

проста

даўно

не было

снегападу

 

 

НЕ ТОЙ ПАЭТА

Не той паэта, хто вершыкі піша,

не той празаік, хто піша пра заек.

Цяперашнім часам пісьменнік іншы

найболей збярэ падабаек.

 

Той, хто напіша чоткі пражэкт,

той, хто засвоіць найбольшы бюджэт,

хто ўсё разруліць, выдаіць грант…

Вось хто цяперака думкі гігант!

 

Ён здольны звышхутка усё разумець.

Ён можа на раз махануць рэзюмэ,

ў якім наспявае харэем ці ямбам

заслугам сваім стопяцьсот дыфірамбаў.

 

Усмешка на твары, змяя у грудзёх.

Затроліць усіх. Засцябае усё.

 

Вы скажаце, гэтак заўсёды было:

кидали понты, пілавалі бабло.

Магчыма, і гэтак, магчыма, і не…

Думаю, вы зразумелі мяне.

 

 

СІНЯВОКАЯ

Мая сінявокая смерць,

ці можаш пакуль не глядзець

ў люстэрка задняга віду?

Без крыўдаў.

 

Мая басаногая смерць,

ці выйдзеш мяне сустрэць,

калі я вярнуся дахаты

а пятай?

 

Мая нешматслоўная смерць,

ці будзеш мяне разумець,

як здраджу я мове адзінай

з лацінай?

 

Мая адзінокая смерць,

ці зможаш мяне сагрэць,

палячы ў цемры двароў,

без слоў?

 

Мая сінявокая смерць

чарговую свечку задзьме

на торце святочным маім.

Дзьмі, любая,

дзьмі…

 

 

*  *  *

шпіталь ветэранаў вав

вяртушка на выхадзе

вертухайкі

ў калідорах

маладзенькія

(нават сэксі –

па кантрасце)

абслугоўваюць

ветэранаў вайны і працы

як дайсці да буфета

дзе прыёмны пакой

дзе знаходзіцца бібліятэка

грэбліва-ветліва

адказваюць

мухам-назолам

ад якіх патыхае мылам

але

па ўсім

не высакароднай

заслужанай

старасцю

 

 

www

колькі ўва мне

мяне

колькі ў табе

цябе

колькі ў нас

нас

 

хто зможа даць адказ

wer?

wo?

was?

 

 

РАСКОЛІНА

у гэтай прасторы ты кожнаму нешта павінны

тут не разважаючы кідаюць кпіны у спіны

у цеснай задушлівай рубцы падводнае лодкі

бы пранцы, пладзяцца бясконцыя цёркі ды плёткі

 

тут б’юць па сваіх (ды чужыя баяцца не надта)

тут кожны кіруе уласным нябачным парадам

тут ганіць святое здаўна ёсць прыкметай эстэта

калі вы эстэт – bardzo prosimy ў нашае гета

 

тут прынцып спрадвечны: не дзякуючы а насуперак

тут лялька гумовая лічыцца першай красуняю

 

тут слухаюць дупай, тут лесу з-за дрэваў не бачаць

панылае чмо тут пачуецца казачным мача

 

бязрукія пляскаюць ў ладкі, руіны страляюць

бязрукавы спраўна паўнюткія залы збіраюць

 

тут радыё рокс вызнае крымінальны шансон

а радыё стыль корміць people расейскай папсой

 

пасля палітэха тут пішуць някепскую прозу

а хлопцы з філфака адточваюць форму даносу

 

тут вучаць у педах майстэрству мастацкага свісту

на мове гамэра тут допыт вядуць кадэбісты

 

тут хаза з баландай нярэдка мянуецца “дом”

тут перадаецца праз гены стакгольмскі сіндром…

 

пасля эпікрызу звычайна ідзе эпілог

ды скончым шматкроп’ем зацягнуты наш маналог

 

 

GUNS N’ ROSES

(РУЖЖЫ ДЫ РУЖЫ)

Падарожжа

асабліва на свежыя дрожджы

ды пад ранішні жнівеньскі дожджык –

хіба штосьці шчэ можа быць лепш?

 

Чым далейшым

чым далейшым стаецца замежжа,

то ўсё меней вид тебе залежыць

ды праўдзівейшым робіцца верш.

 

Кіламетры

усё бліжай і бліжай да мэты

з кожным словам далей ад мяне ты,

хоць насамрэч, насамрэч – бліжэй.

 

Ў падарожжы

ператворацца ружжы ў ружы,

непітушчы нат стане відушчым,

каб пасля не заплюшчыць вачэй.

 

 

Аблокі

                                              Алесю Юркойцю

А недзе наверсе лятуць аблокі,

а дзесьці над шэрасцю – ясны блакіт.

І цяжка паверыць, што з гэтай аблогі

ёсць вызваленне, што сыдуць снягі,

што новае неба па-над смугою

заззяе бурштынам сакавіка…

 

І усміхнецца ранак герою.

І ён усміхнецца ў адказ.

 


Апублікавана

у