* * *
Скрабе ад раніцы лапата у двары.
Напэўна, снег.
Святло ў маім акенцы.
Які на сёння дзень ў календары
Пад белай вокладкай, што ціха зранку тчэцца?
Які, будзь ласкавы,
Часоў няпэўны збег
Ў жытло ўвайшоў стагоддзя нараджэннем?
А снег ідзе.
Ідзе вялікі снег –
Святлом ў акенца, роўным абуджэнню.
Бясконцы ж мой перадсвітальны сон,
Не змучаны ні навіной, ні датай…
Які ж ён лёгкі!
Безжурботны ён…
А дворнік ўсё скрабе сваёй лапатай.
2000 г.
* * *
Над Рыгай подых снежнае зімы.
Гудзе пажар сярэднявечнай сцюжы…
Гараць саборы, ліхтары, дамы…
А цемра у завулках вочы мружыць.
Пажар! Пажар!
Згараюць ліхтары
На плошчы, дзе завея з гулам жахавым
Чытае вершы ажно да зары
Дый грае на аргане фугі Баха…
Вось так ўсю ноч,
Да раніцы,
Датла
Згараць
І, нібы прысак,
Узгараць нанова…
Вядзерца… шуфлік… шэры снег… мятла…
Заціхла Музыка.
Замоўкла Слова.
2010 г.
* * *
Галінка прарастае у Сусвет.
Адкуль, скажыце, тут яна з’явілася?
З якога зерня, што сярод планет
Блукала, ды за нашу зачапілася?
Ёй цёпла тут –
Між веснавых прыкмет.
Пупышка… лісцік…
Простая галінка…
Галінка прарастае у Сусвет.
Туды, дзе Вечнасць, што адна хвілінка…
2017 г.
* * *
Пытаннем скончыцца жыццё,
Ці ўрэшце рэшт паставіць клічнік?
Адно застанецца лісцё…
Акно.
Чырвонае лісцё.
І гэты сонечны кастрычнік…
2015 г.
Памяці Барыса Нямцова
Чатыры кулі,
Шэсць смярдзючых гільзаў…
І цела, распасцёртае на фоне
Крамля,
Дзе утаропіў зрэнкі ўніз
Забойца, стаўшы, як той цар на троне…
Ні да чаго ўжо прыгажосць манер
І цьмяныя выгібы лабірынта…
Адліты кулі ў СССР.
Расія тымі кулямі забіта.
Ўсяго чатыры…
Шэсць смярдзючых гільзаў…
Зусім няшмат, каб вынішчальна-здзекліва
Вар’яцтва страху вырвалася з
Жарала, праз якое паліць пекла.
Хаўруснікі, што вылеплены з бруду,
Паўзуць да трону звыклай каляінай…
Ім назаўжды пазаставацца Юдамі
Ля цела распасцёртае краіны…
27 лютага 2015 г.
* * *
Я веру ў цуд, але не веру ў Бога.
З дзяцінства, ў маладосці і дасюль.
Што, каб не Ён, дык не было б нічога?
Што, каб не Ён, дык хто б цябе пачуў?
Ад небыцця у небыццё дарога –
І гэта ўсё, што створана Адтуль?
Яго няма.
Не веру я у Бога.
Бо дзе Ён? Дзе?
Нідзе.
Бо Ён паўсюль…
7 студзеня 2017 г.
З “Прысвячэнняў”
* * *
Віктару Казько
Каб ведаў я, што жыць мне засталося
Яшчэ палову добрую жыцця,
Паехаў бы у Вільчу я,
І спаў бясконца,
І еў клубніцы,
Як дзіця.
Лавіў бы рыбу,
Плёскаўся б на плёсе,
Пісаў бы вершы Віктару Казьку…
Не вельмі клапаціўся б я аб лёсе
На белым-белым на Случы пяску.
У тых бы вершах біў бы я паклоны
Старым, магутным вільчынскім дубам.
І пасылаў шалёныя праклёны
Усім “Знамёнкам”, “Нёманам”, “Трудам”…
І, цяпнуўшы гарэлкі, сэрца зрушу, –
Няхай язык што хоча, то пляце! –
Я б цалаваў заветраную грушу,
Што на Палессі кожны год цвіце.
15 жніўня 1977 г.
* * *
Год Дзевяноста шосты, красавiк,
Дзень Дваццать трэцi, сонечны аўторак…
Яшчэ не ўбiты ў дах апошнi цвiк,
Яшчэ не затупiўся твой аловак.
I да нашчадкаў ласцiцца рака,
Вышынь празрыстых непаўторна рэха.
Чаромха, быццам струмень малака,
Яшчэ надзеяй цешыць чалавека.
I цеплынёй бруіць цяжар зямлі,
I першай кропляй набрыняе неба,
Чакаючы бясконцае раллі…
Ну, што яшчэ табе, мой дружа, трэба?
Як быў, так ёсць i будзе красавiк,
Як быў, так ёсць i мусiць быць аўторак…
Яшчэ не ўбiты ў дах апошнi цвiк.
I зноў вастрыцца з ранку твой аловак…
23 красавіка1996 г.
* * *
Яшчэ у лесе снег трывалым мурам
Ляжыць, нібыта чый забыты верш.
Пад вечар думаў пра “Ката…”, каторы з гумарам.
Ад ранку думаў пра цябе найперш.
І пра гадоў імклівых плынь адвечную,
І пра калыску матчынай зямлі…
Падвесіў Бог яе да шляху Млечнага,
Каб зоркі калыхаць яе маглі…
Ну, што яшчэ табе сказаць, мой дружа?
Здаровы будзь!
І, як заўсёды, дужы!
23 красавіка 2011 г.
* * *
Генадзю Бураўкіну
з нагоды выдання кнігі “Лісты да запатрабавання”
Я Вашыя лісты патроху
Чытаў у позняе цішы.
Нібыта нехта ў дарогу
Паклікаў з таямніц душы –
Праз цемру да святога рання,
Праз лес, рачулку, сенажаць…
“Лістам да запатрабавання”
Ніколі ў скрынях не ляжаць…
2010 г.
* * *
Уладзіміру Някляеву
Пратаколы, позвы, суддзі…
Ўсё гэта праміне калісьці.
Паэт заўжды Паэтам будзе!
Анёлам з Боскае калыскі.
28 сакавіка 2016 г.
Не сапсуе ніводзін прайдзісвет
Наш свет прыветны,
Нашы святы,
Калі працягнем праз душы сусвет
Святло сяброўства ў нашы хаты…
28 ліпеня 2016 г.
Хоць пачынаўся шлях праз менскі Брод,
Ты броду не шукаў – ні малады, ні сівы…
Твайму жыццю няма альтэрнатывы:
Паэт жывы, пакуль жывы Народ.
Народ жывы, пакуль Паэты жывы…
9 ліпеня 2017 г.
* * *
Уладзіміру Сцяпану
Хай будзе пэндзаль падуладным Мастаку!
А вуда – падуладнай Рыбаку!
Хай нараджаецца з вушацкіх рэчак Слова –
Жыцця і Вашай творчасці аснова…
22 студзеня 2017 г.
* * *
Андрэю Хадановічу
Зайздрошчу Вашай маладосці
Ажно з часоў СССР!
А мо яшчэ зайздросціць хтосьці?
Вядома хто – Charles Pierre Baudelaire…
13 лютага 2017 г.
Карані
Анатолю Рэпіну
Якая восень!
Чырванее лес.
Прымоўк на варце вартаўнік ядловец.
Такі неперакладны ціхі змест
Ва ўсім.
Такая, Толя, споведзь…
Чаму ж, скажы, то стрыт, то авеню
Так вабяць нас?
Але ж на сэрцы горка.
Мо быццам нейкі цвік у кораню,
Якім спрадвеку ёсць твая Мар’іна Горка…
Калі пачуцці прагнуць цішыні,
Як той крынічны свет на небасхіле,
Не авеню нас цягнуць – карані.
Той родны кут, які табе так мілы.
1992 г.
Тэрор
Сяргею Жадану
Навошта ім памежны той кантроль,
Калі яны ва ўсялякім разе –
Мо не заб’юць –
Праб’юць па іхняй базе
Паэта, што нясе у сэрцы боль…
Нібы ваўка, загоняць у аблогу,
Развесіўшы чырвоныя сцяжкі…
Няхай галовамі заб’юцца аб падлогу,
Не перакрыць паэтаву дарогу.
Не дапамогуць ні сцяжкі, ані бажкі –
Іх сталіны з іванамі жахлівымі.
Іх пуціны…
Астатніх чорт бяры.
Гарэць у пекле ім з усімі ксівамі
Не з сённяшняй, дык з будучай пары…
Паэту ж вольнаму – заўжды Спакой і Воля.
Сяброўства спеў і боскіх зорак хор…
Што, напужаў паэтавы тэрор?
Тэрор Любові ўперамежку з Болем…
11 лютага 2017 г.
“Ў”–званок
Генадзю Бураўкіну
Вось гэты ходзіць ў Інтэрнэт,
Той не вылазіць з Рацыі…
Такі малы ста“Ў” белы свет
Ад іх глабалізацыі!
Адно праз мары, мроі, сны,
Нябёс бусліны клёкат
Плывуць Паэзіі званы
Высока і далёка.
Між тым паблізу, ці здалёк,
Ці то “Ў”нутры, ці звонку
Пачуйце Вы і мой званок,
Хоць і не вельмі звонкі.
Ён не заве натоўп на веча,
Ды мае голас чалавечы…
Прыміце “Ў” дар, каб зно“Ў” і зно“Ў”
Склікаць усіх сваіх сябро“Ў”…
Галерэя “Ў”, 14 верасня 2011 г.
Тэст
Не ведаю, якім ты кіраваўся рухам,
Фэйсбук.
Але – у кропку.
Бо так яно і ёсць:
Не па крыві, але адзіным духам
Яднаюцца Народ, Айчына, Лёс…
* * *
Чакаем у снежні снега мы,
Без снега снежань – спрэс маркота…
Мо не хапае толькі крока
Ад беларускае зімы
Да апельсінаў…
Як з Марока.
* * *
Хоць з шабляй ты якісь Чапай,
Хоць з кулямётам Анка,
А Беларусі не чапай,
Бо спаліць ВЫШЫВАНКА!
* * *
Як выглядае ён убога –
Той звышзацягнуты працэс
У гэтых “веруючых у Бога”,
Як некалі ў КПСС…
Ёсць такія партыі
У Амерыцы я быў бы дэмакрат,
Калі б і там я жыў, як галадранец.
Ў краіне ж роднай не цярплю дыктат.
Таму я тут пакуль рэспубліканец.
* * *
Столькі словаў аб свабодзе!
А свабоды ўсё няма…
Штось зламалася ў прыродзе –
Затрымалася зіма…
* * *
Сябры, не будзем заракацца
І на хваробы наракаць.
Яшчэ нам рана – “Так трымацца!”
Яшчэ не позна – “Так трымаць!”