Ад тэксту да філалагемы
Роздум пра літаратуру і жыцьцё…
Прапаную суму роздумаў пра літаратуру і жыцьцё, народжаную ў шматгадовым пошуку адказу на пытаньне: ці важыць літаратура што-небудзь у рэальным быцьці?
Паралельна шукаўся адказ на пытаньне пра прыроду літаратурнага генія. “Хто такі геній?” – сталася для мяне пытаньнем рабочым, бо ў той час працаваў над кнігай “Вялікія пісьменьнікі ХХ стагоддзя” (Масква, 2002), і трэба было высьветліць, каго з вялікіх аўтараў новага часу лічыць геніяльным, а каго – проста таленавітым.
У свой час, на прапанову Валянціна Акудовіча стварыў “Філалагему генія”, надрукаваную пад рубрыкаю “Пастамент для крытыка” ў штотыднёвіку “Культура”:
«Прызначэньне таленту ў літаратуры – адкрываць або ўвасабляць эпоху.
Геній – той, хто пераадольвае эпоху.
Рабле, Шэксьпір, Сервантэс, Гётэ, Дастаеўскі – былі зацятымі змагарамі з уласным часам.
Геній Купалы – у процістаяньні і пераадольваньні агрэсіўнага XXстагоддзя».
Працуючы над кнігай, я сутыкнуўся са складанасьцю ў вылучэньні тыпалагічнага шэрагу, які вызначаў бы сумарны вобраз творцы.
Вялікі пісьменьнік ХХ стагоддзя мог быць традыцыяналістам, такім, як Джон Галcуорсі, эксьперыментатарам, такім, як, прыкладам, Клод Сімон, прыхільнікам сінтэзу наватарства і традыцыі (Уільям Фолкнер).
Ён мог мець доўгі (Джордж Бернард Шоу) або кароткі (Акутагава Руноске) век.
Ствараць эпапеі (Марсэль Пруст), шмат раманаў (Агата Крысьці), замест раманаў – апавяданьні і п’есы (Антон Чэхаў).
Працаваць у “паважным” жанры філасофскай прозы або ў “лёгкім”, казачным (Астрыд Ліндгрэн).
Вялікі пісьменьнік уяўляецца як носьбіт адметнай назапашанай веды, што пасьля перацякае ў шэдэўр. У ХХ стагоддзі гэтая веда, як правіла, заснаваная на негатыўным жыцьцёвым досьведзе. Улюбёнцаў лёсу ў сьпісе вялікіх значна меней, чым асобаў з драматычным лёсам. У маладосьці многія перажылі стан “выкінутасьці” або “закінутасьці”, некаторых ліхі кон перасьледаваў ажно да старасьці і сьмерці.
Блуканьні ў пошуках заробку, жорсткая барацьба за існаваньне, зьмена прафесіяў, як правіла, неінтэлектуальных і нятворчых, непрызнаньне – усім гэтым азмрочаная маладосьць такіх майстроў, як Марк Твен, Джэк Лондан, Максім Горкі, Янка Купала, Эрнэст Хэмінгуэй, Генры Мілер, Юджын О’Ніл ды іншых. Многія зьведалі горыч палітычнай апалы, выгнаньня, турэмнага зьняволеньня (Мігель Анхель Астурыяс, Хорхе Луіс Борхес, Міхаіл Булгакаў, Іван Бунін, Якуб Колас, Уладзімір Маякоўскі, Аляксандр Салжаніцын, Воле Шоінка).
Вялікія пісьменьнікі рэдка былі шчасьлівыя ў сямейным жыцьці. Шмат хто з іх разбураў уласную сям’ю ў пошуку новай, і тут рэкардсьменам можна лічыць Генры Мілера, які жаніўся і разводзіўся пяць разоў. Сямейнае шчасьце Льва Талстога альбо Янкі Купалы толькі ўмоўна можна лічыць шчасьлівым. Нехта (прыкладам, Максім Багдановіч) сыходзіў з жыцьця, не стварыўшы сям’і і не пакінуўшы спадкаемцаў. Сёй-той (Андрэ Жыд, Оскар Уайльд) шукалі шчасьця ў аднаполым каханьні.
Захад жыцьця вялікага пісьменьніка нячаста асьвятляўся ўсеагульным прызнаньнем, славай, дабрабытам. Самотным і невядомым сышоў з жыцьця Франц Кафка, толькі пасьля сьмерці прызнаны бацькам сусьветнага мадэрнізму. Леанід Андрэеў, аблашчаны сонейкам славы ў маладосьці, сышоў з жыцьця закінуты ўсімі, у прыцемках.
Жыць у брудзе і крыві ХХ стагоддзя і не запэцкацца для пісьменьніка было немагчымым. У нейкім сэньсе адкіды жыцьця робяцца для пісьменьніка былога стагоддзя будаўнічым матэрыялам, з якога ён творыць свой хранатоп. Творы такіх аўтараў, як Максім Горкі, Жан-Поль Сартр, Эрых Марыя Рэмарк здатныя шакаваць сваёй брутальнасьцю, імаралізмам, скаталагічнымі эфектамі. Дый і ў аўтараў больш “прыстойных” стае дысгармоніі. Літаратура вырастала з гэтага бруду. Дазволю сабе яшчэ адно самацытаваньне: “Мастацтва XX стагоддзя можна параўнаць з кветкамі, якія прарастаюць скрозь асфальт, сьмецьце, чарапкі, ашклёпкі, камяні і бруд; яны красуюць на пустках і зломах, але гэта ўсё ж кветкі” (“Філалагема літаратуры ХХ стагоддзя”).
Найважнейшая крыніца пісьменьніцкай веды – адукацыя, зьвесткі, атрыманыя шляхам чытаньня. Вялікі пісьменьнік ХХ стагоддзя самаствараецца і самавыяўляецца праз тэкст, сьпярша чужы, пасьля свой. Практыкі сістэмнага, філалагічнага (Максім Багдановіч), філасофскага (Герман Гесэ) або бессістэмнага (Янка Купала) чытаньня не пярэчаць адно аднаму. Геній выплаўляецца ў выпадку любога судакрананьня з чужым тэкстам, які робіцца часткаю свайго.
Пісьменьнікі-інтэлектуалы тварылі ня толькі свае мастацкія сьветы, але і свае філасофіі (экзістэнцыялісты А.Камю і Ж.-П.Сартр, абсурдысты С.Бэкет і Э.Іянеска). Адны падхоплівалі і рухалі наперад інтэлектуальны і этычны досьвед папярэднікаў, другія палемізавалі з усімі і ваявалі супраць усіх (Л.Талстой, Б.Шоў, У.Маякоўскі); але ўсё адно гэта быў досьвед перастварэньня рэчаіснасьці, інтэлектуальнай яе плашчыны.
Мне могуць запярэчыць, што інтэлектуалізм прысутнічаў і ў творчай практыцы папярэдніх эпохаў. Яно так. Але ў сьветаадчуваньні мастака ХХ стагоддзя прысутнічае ўсьведамленьне вычарпанасьці пісьма. “Усё ўжо напісана”, — кароткая фармулёўка такога сьветаадчуваньня. Прыгадаем, што казаў Х.Л.Борхес у эсэ “Чатыры цыклы”: “Гісторыяў усяго чатыры. І колькі б часу нам ні засталося, мы будзем пераказваць іх – у тым або іншым выглядзе”.
Гэта пачуцьцё змушае пісьменьніка ХХ стагоддзя суміраваць у сваёй творчасьці папярэдні інтэлектуальны досьвед цывілізацыі, караскацца, бы Сізіф, на вяршыню ўласнай веды. “пісьменьнік-бібліятэка” (Х.Л.Борхес), “пісьменьнік-энцыклапедыя” (Д.Джойс), “пісьменьнік-слоўнік” (М.Павіч), “пісьменьнік-архіў” (А.Салжаніцын), “пісьменьнік-лабірынт” (В.Ластоўскі) – характэрныя пісьменьніцкія тыпажы найноўшага часу.
Праз прызму перажытага, пераасэнсаванага і прачытанага пісьменьнік узіраецца ў свой час. Мы звыкліся з думкаю, што пісьменьнік “адлюстроўвае” сьвет. Але нагадаю яшчэ раз, што вялікі пісьменьнік не адлюстроўвае, а пераадольвае і перастварае рэчаіснасьць. Ён творыць свой уласны сьвет, з адпаведнай сістэмай каардынатаў, з унікальнымі прасторай і часам. Здатнасьць такога перастварэньня – почырк дэміурга, почырк генія.
На гэты раз я ня буду сьцьвярджаць, што гэтая здольнасьць пісьменьніка выявілася толькі ў ХХ стагоддзі. Дэміургавасьцю літаратура займаецца ад часу свайго ўзьнікненьня. Але толькі ў дваццатым стагоддзі, у эпоху бруду і зломаў гэты прынцып актуалізаваўся. Андрэй Белы абвяшчаў жыцьцятворчасьць галоўнай функцыяй літаратуры ў цыкле артыкулаў “Сімвалізм”. “У нашыя дні руінаў і будаўніцтва, і дыктатуры пралетарыяту” ўзвышэнцы спавядалі дэміургавасьць як самамэту літаратуры.
Бо астатнія функцыі літаратуры – пазнавальная, выхаваўчая, эстэтычная – ужо як бы скампраметавалі саміх сябе.
Жыцьцепадабенства створаных літаратурай сьветаў даводзіцца праз вербальную вобразнасьць. Мастацкі сьвет можна апісаць пры дапамозе мапы, як гэта зрабілі У.Фолкнер (мапа Ёкнапатофы, намаляваная пісьменьнікам на печы) або Д.Толкіенам, які ня раз маляваў мапу свайго Міжзем’я. Можна нават перапіс насельніцтва ў сваёй літаратурнай акрузе зрабіць, скласьці дасье на кожнага яго жыхара, белага, чорнага і мяшанца, як гэта зьдзейсьніў той самы Фолкнер.
Імітаваць рэальную прастору і час можна пры дапамозе фіктыўных хронікаў і летапісаў (“Камароўская хроніка” Максіма Гарэцкага).
Можна родную вёску перастварыць на літаратурны хранатоп і рухаць яе ў глабальнай прасторы і часе, чаго дамогся Іван Мележ, стварыўшы “Палескую хроніку”.
Сярод іншых відаў мастацтва менавіта літаратура найздальнейшая да стварэньня альтэрнатыўных хранатопаў. Чаму менавіта яна? Ды таму, што іншыя віды мастацтва (скульптура, жывапіс, музыка, тэатр) у якасьці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўваюць блізкія да рэальнасьці субстанцыі (камень, фарба, гук, рух). Мімезіс у літаратуры найбольш ускладнёны, бо ён мае ў аснове надзвычай апасродкаваны і аддалены ад натуры матэрыял – слова.
З усіх відаў мастацтва літаратура найбольш адмысловая паводле сваёй прыроды – вербальна-знакавай. Літаратура – найменш мімезісны від мастацтва. Літаратура – закрытая, эзатэрычная форма творчасьці. Няма нерасшыфраваных музычных, скульптурных або жывапісных твораў. Ёсць нерасчытаныя руны або іерогліфы.
Літаратура перастварае быцьцё паводле аблічча і падабенства сьвету рэальнага. Яе хранатоп – прастора-час – таксама маюць чатыры бачныя каардынаты. Але літаратурныя прастора і час не ізаморфныя ў дачыненьні да рэальных прасторы-часу.
Пісьменьнік адмыслова арганізоўвае прастору і час. Распрацаваны розныя спосабы вербалізацыі прасторы-часу.
Арганізацыя прасторы – гэта, як правіла, яе звужэньне, абмежаваньне. Невербалізаваны Сусьвет мусіць канцэнтравацца ў межах больш вузкай прасторы, бо літаратура вучыць нас кампактным, даступным для чалавечага розуму формам мысьленьня. Чалавечы мозг ня можа ахапіць астранамічныя велічыні, у якіх месціцца рэальны касьмічны Сусьвет.
Люблю перабіраць літаратурныя топасы – гэта мікрамадэлі звужанай касьмічнай прасторы.
Краіна. Гэта абалонка для існаваньня нацыі. Для нашай літаратуры характэрны, відавочна, беларусацэнтрызм, які выявіўся перадусім у спадчыне У.Караткевіча. Той пераарыентаваў ня толькі беларускую гістарычную яву, але нават рай і пекла зрабіў беларусацэнтрычнымі.
Губерня, рэгіён. Вялікі сатырык М.Салтыкоў-Шчадрын здолеў космас расейскага жыцьця зьмясьціць у межы губерні (“Гісторыя горада Глупава”). За яе хронікай прасочвалася думка пра імперыю як вялікую дрымучую правінцыю. У.Фолкнер упадабаў акругу, якую назваў Ёкнапатофаю. Праз акругу ён мысьліў увесь амерыканскі Поўдзень з яго гістарычна задазенай драмай. Іван Мележ праз драму Палесься асэнсоўваў катастрофу Беларусі і ўсёй чалавечай цывілізацыі, выбітай з арбіты аўтэнтычнага, натуральнага быцьця.
Места. Лондан Дыкенса, Парыж ад Рабле да Пруста, Пецярбург Дастаеўскага, Хрысьціянія Ібсэна, Вільня Багдановіча і Жылкі, Полацак Ластоўскага, Прага Кафкі. Літаратары стварылі мройныя дублі ўлюбёных гарадоў, і менавіта дзякуючы гэтым мроям рэальныя гарады зрабіліся культурнымі сталіцамі сьвету.
Мястэчка. Ведаю двух мастакоў, дзякуючы якім сьціплае мястэчка касьмізавалася і зазьзяла паміж сузор’ямі: Шолама-Алейхема, які стварыў Касрылаўку – яўрэйскі Эдэм у краіне гояў, і Андрэя Мрыя, што прыдумаў Шапялёўку, няўдалы сацыялістычны рай на ўлоньні зямлі беларускай.
Вёска. Гэты хранатоп, безумоўна, папулярны сярод беларускіх літаратараў, якія мроілі вёску цягам доўгіх стагоддзяў, прысьвячаючы ёй летапісы («Баркулабаўскі летапіс»), хронікі (“Камароўская хроніка” М.Гарэцкага, “Палеская хроніка” І.Мележа), раманы («Вёска» А.Федарэнкі).
Быў час, калі асяродкам тварэньня беларускай літаратуры служылі шляхецкія гнёзды, а творцамі былі так званыя хлопаманы – польска-беларускія літаратары (А.Міцкевіч. У.Сыракомля, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Э.Ажэшка, А.Ельскі), якія стварылі хранатоп маёнтка.
Але ўжо неўзабаве, на іншым полюсе новага беларускага літаратурнага топасу фарміруецца вобраз-сімвал хаты, або беларускага Дому. Завершаны і ідэальны стан гэты топас атрымаў у творчасьці Якуба Коласа.
Культура хаты і замка – дзьве іпастасі беларускай рэчасінасьці, два яе трывалыя субстраты, што складаюць цэлае.
Пачаткі «Новай зямлі» й «Пана Тадэвуша» супадаюць канцэптуальна. Яны працятыя вострай настальгіяй па Бацькаўшчыне, якую адзін паэта называе Літвой, а другі – родным кутам. У творы Міцкевіча шляхта змагаецца за родавы “замэчак”, у паэме Коласа змаганьне йдзе за кавалак зямлі й волю.
Так паўстаюць два непадзельныя архетыпы Бацькаўшчыны – вертыкальны й гарызантальны. В.Акудовіч вывеў іх генезіс адпаведна ад Міцкевіча і Багушэвіча. Беларусь немагчымая без абодвух.
Ёсьць і іншыя, актуальныя для Беларусі топасы. Прыкладам, топас мяжы, рэалізаваны ў паэзіі М.Багдановіча (верш “Мяжы”), прозе М.Гарэцкага (навэла “Літоўскі хутарок”), драматургіі С.Мрожака (“Дом на мяжы”).
Або кватэра як рэдукаваны вобраз хаты, актуалізаваны праз канцэпцыю “тутэйшасьці”. Хата Мікіты Зносака, героя трагікамедыі Янкі Купалы “Тутэйшыя”, страціла сваю зьмястоўную і фармальную трываласьць і ператварылася ў часовы прытулак для маргіналаў, што сядзяць на валізках, гатовыя ў дарогу, і ў прахадны калідор для іншых маргіналаў – што косяць пад касмапалітаў, а застаюцца тымі ж тутэйшымі. Такая іх спасьцігла трансфармацыя.
У беларускім постмадэрне, што запачаткаваўся ў эмбрыянальнай фазе ажно за часамі В.Ластоўскага, паважаюць топасы лабірынту і руінаў – адвечныя атрыбуты беларускай маргінальнасьці.
Ва ўсе часы, колькі існуюць беларусы з іх рудыментарным пантэізмам, з памяцьцю пра ледавікі і мора, што пялёскалася ў Палескай катлавіне за часамі крэйды і дэвону, беларуская сьвядомасьць будзе адгукацца на поклічы натуральных топасаў – лесу, возера, балота. А памяць пра Герадотава мора адгукнецца пачаткам “Палескай хронікі” І.Мележа: “Хаты стаялі на востраве”.
Літаратурны час таксама падпарадкоўваецца аўтарам-дэміургам, паскараецца і запавольваецца паводле яго волі.
Прапаную простую формулу хуткасьці апавядальнага часу:
V = N1:N2
дзе:
V – хуткасьць літаратурнага часу;
N1 – колькасьць перададзеных аўтарам падзеяў;
N2 – колькасьць умоўных адзінак тэксту (прыкладам, старонак).
Чым больш падзеяў – тым хутчэйшы час.
Час лірычнага твору вымяраць цяжэй, бо цяжка дамовіцца аб тым, што лічыць у ім за падзею.
Надта хуткабежны час у дэтэктыве, трылеры, авантурнай прозе. Яму адпавядае і хуткі час чытаньня (кніга “глытаецца” за вечар).
Нясьцерпна замаруджаная хада часу ў чэхаўскай аповесьці “Стэп”, дзе малога Ягорушку вязуць па навуку ў горад.
Мастацкі час можа быць рытмічны і арытмічны. Дастаткова ўпарадкаваная нясьпешная хада эпічнага часу. У той жа час прозу Дастаеўскага ліхаманіць; зманлівае зацішша ў ёй тоіць у сабе абвал падзеяў.
Аўтары любоўнай прозы любяць тармазіць час ад сустрэчы герояў напачатку да іх вясельля ў фінале, і гэты затарможаны прамежак часу запаўняюць расстаньнямі, рэўнасьцю, здрадамі, падазрэньнямі, слязамі і да т. п.
Час, які вяртаецца да свайго пачатку, утварае кола або цыкл. Адлюстраваны ў творы гадавы цыкл спарадзіў летапіс, хроніку, раман-год, паэму-год. Прыкладам раману-году могуць служыць “Сяляне” Уладзіслава Рэйманта, дзе назвы частак – “Восень”, “Зіма”, “Вясна”, “Лета”; падзеі чалавечага жыцьця, каханьні і здрады, пакуты і мазольная праца – усё падпарадкавана архаічнаму земляробчаму календару, у адпаведнасьці з якім Новы год адзначаюць увосень.
Коласава “Новая зямля” – узор паэмы-году. Цыклічны час шанаваў Янка Купала, і ў драматычнай паэме “Адвечная песьня” ён закальцаваў лёс гаротнага селяніна ў падвойнае містычнае кола. Затое ў паэме “Яна і я”, хранатоп якой задуманы як новы Эдэм для закаханай пары, гадавы цыкл размыкаецца, пакінуўшы героям лепшыя часіны года і чалавечага жыцьця – вясну і лета, юнацтва і маладосьць.
Пра казку кажуць, што час у ёй застыглы. Колькі існуе казка, столькі Курка Раба (птушка-дэміург) нясе яйка (спараджае Сусьвет).
Легендарны час – гэта вельмі-вельмі даўно. У тыя часы кахаў, пакутаваў ад здрады і помсьціўся ўсяму сьвету Машэка, герой паданьняў і паэмы Купалы “Магіла льва”.
Літаратура ХХ стагоддзя вынайшла жанр раману-дня (“Уліс” Джойса, “Адзін дзень Івана Дзянісавіча” Салжаніцына).
Пра эксьперыменты з мастацкім часам можна гаварыць бясконца, імі перапоўненая літаратура ХХ – ХХІ стагоддзяў, а пачатак ім, можа быць, паклаў Генрык Ібсен, які вынайшаў аналітычную кампазіцыю (драма “Здані”) і шырока скарыстаў у п’есах прынцып аналітычнай кампазіцыі.
З новай эпохай звязаная і практыка пашырэньня мастацкага часу, выйсьця ў іншыя прасторава-часавыя вымярэньні.
Генрык Ібсен уводзіць у драму матыў містычнага (трансцэндэнтальнага) падарожжа (“Пэр Гюнт”), што завяршаецца вяртаньнем героя да радзімы і каханай (у адпаведнасьці з канцэпцыяй “адвечнага вяртаньня” Ф.Ніцшэ).
Хаця, па вялікім рахунку, арфічны матыў вядомы літаратуры столькі гадоў, колькі яна існуе. Першым містычную вандроўку зьдзейсьніў Гільгамеш, герой аднайменнага шумерскага эпасу, калі накіраваўся ў пекла, каб выбавіць з яго свайго сябра, “дзікага чалавека” Энкіду; спроба скончылася няўдачай.
Аід наведвалі Арфей, Геракл, Адысей. У Сярэднявеччы пекла, чысьцец і рай наведаў Дантэ. Палясоўшчык Тарас, Мацей Бурачок, Гервасій Выліваха – беларускія літаратурныя персанажы, якія зьдзейсьнілі інфернальнае падарожжа.
Уваход у іншыя вымярэньні аўтары разам з іх героямі шукалі пры дапамозе стымулятараў, якімі маглі быць алкаголь, наркотыкі, галюцынагенныя расьліны. “Я-герой” Карласа Кастанеды ўвайшоў у іншасьвет пры пасярэдніцтве таямнічых грыбоў, Адольф, герой Яна Баршчэўскага, наведаў будучыню, спажыўшы жабер-траву, што расьце на дне беларускіх азёраў. Рып ван Уінкль, ягоны амерыканскі двайнік з навелы Вашынгтана Ірвінга, зьдзейсьніў аналагічнае падарожжа дзякуючы ўласнай ляноце і чарадзейнаму сну.
Сучасныя фантасты, карыстаючыся адкрыцьцём Эйнштэйна, выпраўляюць у мінулае і будучыню сваіх герояў і пры гэтым не заўжды памятаюць, што аналагічныя скачкі ў прасторы і часе апісаныя ў старадаўніх, у тым ліку і беларускіх, казках, паданьнях, сагах.
Мастацкі хранатоп рухаецца ня толькі вонкі, ён зьмяняецца, эвалюцыянуе ўнутры сябе, ствараючы адмысловыя экзістэнцыйныя мадэлі.
Мадэль старажытнагрэцкай літаратуры, як трапна заўважыў М.Бахцін, нагадвае сістэму выспаў, паміж якімі перасоўваюцца нарацыйныя плыні.
Літаратурны хранатоп Сярэднявечча палярызаваны і арыентаваны паводле жорсткай вертыкалі “нябёснае – зямное – інфернальнае”.
Барочны хрантоп поўніцца асіметрычнымі рухамі, карункамі вобразу і думкі.
Рамантычны сьвет падвойны, у ім мроя аддзялілася ад явы і запанавала над ёю; адразу ж утварылася памежная зона, у якой ява і мроя зьмешваюцца; узьнік гафманізм, падхоплены Гогалем, Баршчэўскім, Булгакавым.
Экзістэнцыйная сістэма постмадэрнізму ўяўляе сабой сьвет паўтораў, адлюстраваньняў, заблытаных калідораў, супадзеньняў і несупадзеньняў. Існасьць уяўляецца як сьвет-бібліятэка, сьвет-архіў, сьвет-лабірынт, сьвет-тэкст, сьвет-слоўнік, сьвет-аўтограф, сьвет-каталог. Пастаўце адно супраць аднаго два люстэркі – і атрымаеце дрэнную бясконцасьць постмадэрну.
Мастацкі хранатоп няўрымсьлівы. Ён ірвецца ў іншыя плашчыны, ён рухавы ўнутры сябе, ён імкнецца перайначыць той сьвет, які лічыцца яго першаасновай. А што пачаткам усяму – рэальны, створаны або пераствораны другім разам, паводле літаратурных канонаў, сьвет? Пакінем гэтае пытаньне; яно, бадай што, вырашанае.
Евангельле ад Іаана кажа пра першаснасьць Слова. Сьвет, паводле Карана, напісаны каламам, сьвяшчэнным пяром, якое стварыла тэкст, у якім зашыфраваны лёс чалавецтва. Парадыгма чалавечых паводзінаў, адносінаў чалавека да дабра і зла занатавана ў скрыжалях Майсея, накрэсьленых ім пад дыктоўку Госпада на Сінайскай гары. Усё, што было, што ёсьць, што будзе, даўно запісана. Борхес выказаў запозьненую здагадку пра занатаванасьць існага.
Л.Андрэеў у постніцшэанскую эпоху мроіў Кнігу лёсаў, якую гартае Нехта ў шэрым. Якуб Колас, дасьледуючы зямную экзістэнцыю ў “Казках жыцьця”, кажа пра Кнігу, у якой занатаваны ўсе таямніцы існага.
Першаслова матэрыялізавалася ў рэальных тэкстах, якія кіравалі хадою цывілізацыі. Можна пералічыць суперкнігі, якія абумовілі лёс чалавецтва і тыпы цывілізацыяў у гістарычную эпоху: Біблія, Каран, Рыгведа, Авеста.
Былі кнігі, якія так або іначай пераварочвалі лёс кантынентаў, народаў і нацый, накіроўвалі цывілізацыйны рух у пазітыўнае або негатыўнае рэчышча, перакульвалі масавую сьвядомасьць, праграмавалі будучыя глабальныя і лакальныя зьмены: “Молат ведзьмаў”, “Капітал”, “Архіпелаг Гулаг”, “Дудка беларуская” з яе гістарычна значнай “Прадмовай”.
Кніг баяліся болей, чым сёньня ядзернай бомбы. Кнігі спальвалі. Палілі ня толькі інквізітары. У Беларусі спалілі “Трэнас” Мялеція Сматрыцкага – антыуніяцкі тэкст, надзелены выбуховай сугестыўнай сілай. Скарыну ледзьве не спалілі разам з ягонымі кнігамі і друкарскім станком, калі ён павёз іх у Маскву. Па загадзе Гебельса ў Нямеччыне спальвалі кнігі Гейнэ і Томаса Мана.
Калі вам расказваюць пра тое, вясковая бабуля са злосьцю распальвае печ кнігамі, зьнесенымі з гарышча, не сьпяшайцеся абурацца, а скажыце: “О, сьвятая прастата!” – і ратуйце кнігі. Бабуля, як і кожны грамадзянін планеты ХХІ стагоддзя, мае ў сваім целе вірусы бібліяфобіі.
Цывілізацыя, прарываючыся праз полымя спаленых кніг, тварыла сябе праз слова і тэкст.
Узьдзеяньне слова, тэксту, літаратуры на жыцьцё адбываецца праз сістэму універсальных і глыбока апасродкаваных узаемасувязяў. Гэтыя сувязі прасякаюць сьвет і паядноўваюць слова, тэкст, цела, космас, расьліны, жывёлы, прадметы, мінералы, душу, розум, навуку, веру, колеры, сьвятло, музыку і г. д. Зачапі за адно зьвяно – і ўвесь сусьвет адгукнецца. Толькі для спасьціжэньня гэтай сістэмы, якая прасьвечвае праз знакі і сімвалы быцьця, патрэбная больш дасканалая за астралогію і філасофію навука, яшчэ не адкрытая.
Ёсьць Эрас тэксту і Улада тэксту. Улада тэксту – гэта «Статут ВКЛ», «Наша ніва», «Капітал» і «Майн кампф». Гэта грамадзянская лірыка, «агіткі», нават дэтэктыў і маскульт. І, вядома, уся літаратурная дыдактыка.
Эрас тэксту – халоднае хараство «Вянка», постмадэрновыя літаратурныя гульні і тоўстыя, прасякнутыя водарам друкарскай фарбы тамы, якія, Бог вем, ці прачытаеш ты калі…
Уплыў літаратуры на лакальныя падзеі чалавечага быцьця жывіўся наіўнай, непагаснай да сёньняшняга часу верай у тое, што ўсё, што выйшла з-пад друкарскага станка, — шчырая праўда. Нават самы бессаромны fiction.
Вера выклікала прагу перайманьня. Людзі пачыналі паводзіць сябе так, як папулярныя літаратурныя героі.
Бедныя Лізы! Колькі іх патапілася ў вясковых сажалках ды іншых вадазборах, пасьля таго як экзальтаваныя паненкі прачыталі шчымлівую аповесьць Карамзіна!
Экзальтаваныя расейскія маладзіцы, замужнія пані здраджвалі мужам і кідаліся пад цягнікі, па прачытаньні “Ганны Карэнінай” Льва Талстога.
А цнатлівыя юнакі і дзяўчаты давалі ўрачыстае абяцаньне ня жыць у шлюбе і не працягваць род, бо таму іх вучыла “Крэйцарава саната” яснапалянскага мудраца.
Вялікі Гётэ напісаў “Пакуты маладога Вертэра” – і хваля самагубстваў пракацілася па Нямеччыне.
Вось вам ключ да рэалізацыі літаратурных прагнозаў. Пісьменьнікі ня проста прадказваюць будучыню. Яны яе праграмуюць. Жуль Верн, прыкладам, не прадказаў, а запраектаваў зьяўленьне падводнага чаўна, палёт на Месяц, ядзерныя войны. Зрэшты, аналагічнае прадбачаньне мы знаходзім яшчэ ў старажытнаіндыйскім эпасе “Рамаяна”, дзе падрабязна апісаныя ня толькі ядзерныя бойкі, але і наступствы радыяцыйнага апраменьваньня.
Прадказаньні Уэлса, Чапека, Ластоўскага, Купалы, Кафкі, Оруэла, Гесэ, Хічкока мусілі спраўдзіцца, бо яны былі не прагнозамі, а праектамі. І вось маем ня толькі ядзерную зброю, але і “ежу багоў” (сінтэтычныя прадукты), робатаў, штучны інтэлект, канцлагеры, таталітарныя сістэмы, інтэлектуальныя гульні, глабалізацыю, птушыны грып.
Напаўзабытая Верачка, гераіня напаўзабытага раману “Што рабіць?” напаўзабытага рускага пісьменьніка Чарнышэўскага мроіла ў сьне ўсеагульную роўнасьць, шчасьлівых людзей будучыні, якія жывуць у палацах з крышталю. Бадай што маем! І што? У крышталёвых палацах холадна і няўтульна.
Навошта Уладзімір Дубоўка так неабачліва запэўніваў у сваім праграмным вершы, адрасаваным Беларусі: “Чарнобылем не зарасьцеш…” Кажуць: “Не чапай ліха…”.
Караткевіч у вершы “Дзяўчына пад дажджом” як бы прадказваў час, калі над Беларусьсю пачнуць плысьці стронцыевыя хмары, і Куляшоў у паэме “Цунамі” пра тое ж папярэджваў. У тую эпоху час цунамі і стронцыевыя хмары ўтвараліся ад выбухаў на далёкіх каралавых атолах, але ж мы ведаем, што для беларусаў благія прадказаньні як правіла абарочваюцца сваім бокам…
Літаратары канструююць ня толькі лёсы цывілізацыі, але і свае ўласныя – праз тэксты. У драме «Назад, да Мафусаіла» Бернард Шоу марыў пра даўгалецьце будучых насельнікаў Зямлі. Ён лічыў, што чалавецтва дурное таму, што мала жыве і не пасьпявае набрацца мудрасьці. Вось каб гадоў пяцьсот вучыцца жыць, а пасьля жыць без памылак!.. Аўтар і сам паспрабаваў быў жыць паводле ўласнага літаратурнага праекту, вёў выключна здаровы лад жыцьця і амаль дасягнуў мэты, дажыўшы да 94 гадоў.
Ягонае дасягненьне паўтарыў Кандрат Крапіва, заклаўшы падваліны пад уласнае даўгалецьце камедыяй “Брама неўміручасьці”. Таксама ледзьве не дажыў да ста гадоў. Я памятаю ягонае пахаваньне: то быў сьветлы смутак.
Францішак Аляхновіч – той адразу ведаў, што “Круці не круці – трэба памярці”, але гэтым сваім веданьнем набліжаў уласную сьмерць, выпусьціўшы яе з бочкі. Як і М.Багдановіч сваімі вершамі, дзе эстэтызаваліся хвароба і сьмерць, набліжаў уласны зыход з жыцьця.
Адпаведным чынам набліжалі ўласную сьмерць Э.Хэмінгуэй, Д.Лондан, С.Ясенін, У.Караткевіч, А.Сыс.
Янка Купала спрагназаваў уласны ўзьлёт і падзеньне – перапынены палёт – праз ікарыйскую мадэль сваёй творчасьці. Ён рызыкаваў упасьці, як прыкмеціў яшчэ ў сваім эсэ “Як агонь, як вада” А.Лойка, ня раз. Літаратурная багема, як паэт сам прызнаваўся, падштурхоўвала яго ў бездань, але ён утрымаўся. Адным з улюбёных яго твораў была драма Г.Ібсена “Будаўнік Сольнес”, дзе ў форме сімвалісцкай прыпавесьці распавядаецца пра дойліда, які спрабаваў збудаваць уласную Бабілонскую вежу, але ўпаў з рыштаваньняў і забіўся, і гэта быў таксама спынены палёт. Купалаўскі герой раз-пораз імкнецца адарвацца ад зямлі, ды падае – беларускі Ікар. Ён пакутуе ад таго, што думка яго мае арліную моц, але Бог не дае яму крылаў. І вось фатальная гібель Купалы – беларускага Ікара…
Леанід Андрэеў спраграмаваў сваю долю ў драме “Жыцьцё Чалавека”, якая амаль з матэматычнай дакладнасьцю перадала перыпетыі лёсу мастака – ад яго гучнай славы ў маладосьці да самотнага чаўрэньня і паміраньня ў глухой вёсачцы ў Фінляндыі, пад шэпты злавесных старых баб.
Леў Талстой шматкроць задумваў свае ўцёкі на Каўказ. Уцёкі яснапалянскага мудраца ад хіжае сям’і былі працягам яго твораў, у якіх мроіліся яму горы, бляск іх вяршыняў, непакорлівы Хаджы Мурат і такі ж нязломны куст дзядоўніка.
Як жа настойліва скарачаў сваё жыцьцё Анатоль Сыс! Ён меў за звычку псаваць літаратурныя вечарыны сваім калегам па пяру, а потым – сьвята і ўсім беларусам, калі ляжаў у труне ў Доме літаратара 9 траўня, а плошча сьвяткавала Дзень Перамогі. “Не хадзіце за мной, не хадзіце…” – чэсна папярэджваў ён сваіх шчырых прыхільніцаў і прыхільнікаў, бо прадчуваў, як далёка могуць усе разам зайсьці. Анатоль Сыс ня раз казаў пра сябе, што ён – сын Купалы і брат Багдановіча. Ён даўно ўжо па сваім узросьце павінен быў памерці. Цяпер ён сярод блізкіх.
Пісьменьнікі ня толькі сваю сьмерць, але і сваё жыцьцё пасьля сьмерці спрабуюць вербалізаваць (спрагназаваць). Варта прыгадаць тастаменты Гаўптмана, Жылкі, Караткевіча, Кафкі. Сябра апошняга, Макс Брод, не паслухаўся волі нябожчыка, пайшоў невербалізаваным шляхам і вярнуў цывілізацыі яе класіка.
Яшчэ адна з авантураў тэкстаў – калі літаратурны герой выходзіць з-пад кантролю і пачынае гуляць у містычныя гульні са сваім стваральнікам.
Надта часта літаратурныя героі сакралізуюцца і, паміж волі аўтара, робяцца эмблемамі нацыі. Так сталася са Скарлет, гераіняй культавага амерыканскага раману (і фільму) “Аднесеныя ветрам”. Стваральніца, М.Мітчэл лямантавала: “Які такі сімвал нацыі? Яна ж прастытутка!” Але было позна.
Героі Коласа густа насялілі ня толькі сьвет школьных і студэнцкіх падручнікаў, але і плошчу імя іх стваральніка, і некалькі музеяў Коласа, і коласаўскі заказьнік каля Мікалаеўшчыны. Рэгіён жыве паводле коласавых тэкстаў. Увасобленыя ў дрэве Міхал, Антось ды іншыя персанажы паэмы блукаюць разам з грыбнікамі па стаўбцоўскіх лясах. “І пабачыў я новую зямлю і новае неба…” Не біблейскую, а рэальную новую зямлю адкрыў сваімі тэкстамі для сотняў і тысячаў людзей аўтар паэмы. “Свая зямля – вось што аснова”.
Літаратурныя героі, як гэта часта здараецца ў сучасных дэтэктывах, стаюцца двайнікамі сваіх дэміургаў. Драматург Мікалай Эрдман, як зазначылі яго біёграфы, быў зьнішчаны сваім ценем – “Самазабойцам”. Андрэя Мрыя загубіў ягоны персанаж – Самсон Самасуй.
Персанажы могуць даць жыцьцё рэальным людзям. Персанаж аповесьці М.Гарэцкага “Дзьве душы” даў псеўданім і другое жыцьцё (інтэлектуальна-творчае) Ігнату Абдзіраловічу, заснавальніку найноўшай беларускай філасофскай школы.
Сяргей Ясенін сваімі апошнімі творамі выклікаў да жыцьця Чорнага чалавека, які і адабраў жыцьцё ў свавольнага паэта, што любіў гулянкі са сьмерцю.
Вацлаў Ластоўскі пераўвасобіўся ў свайго персанажа – Падземнага Чалавека – і зьнік назаўжды ў лабірынтах створанага ім літаратурнага сьвету.
Уладзімір Караткевіч сышоў у створаны ім беларусацэнтрычны іншасьвет.
Напрыканцы ХХ стагоддзя ўсе вядомыя раней функцыі літаратуры (мастацтва) як бачыш вычарпаліся, нават рэлаксацыйная.
Мастацтва нібыта дэградуе. Але адна з непрыкметных раней функцыяў мастацтва захоўваецца. Гэта – функцыя пераўтварэньня, культурнага абжываньня Сусьвету, афармленьня і алітаратурваньня мёртвай, аморфнай матэрыі.
Магчымасьці мастацтва ў гэтай сферы напраўду невычэрпныя. Увесь чалавечы сьвет застаецца амаль не культурызаваны, не афілалагічаны. Мадэль сьвету – амаль не крануты літаратурай (мастацтвам) цалік. Хаця былі ўжо Мікеланджэла і Шэксьпір.
Стварэньне эстэтычнай, а не тэхнагеннай сферы існаваньня, выпраўленьне першароднага граху цывілізацыі – задача мастацтва на ХХІ стагоддзе.
Крэатыўная функцыя літаратуры – апошняя, што засталася ў ХХІ стагоддзі, — стварае ідэальныя ўмовы для мадэляваньня новай Беларусі, Беларусі ва ўмоўным ладзе.
Хай сабе Беларусь ня цалкам спраўдзілася ў сваім натуральным еўрапейскім абліччы і строі, якія найбольш ёй пасавалі б. Тым болей шанцаў для яе спраўдзіцца праз літаратуру.
Караткевіч стаўся перастваральнікам Беларусі ў абсалютна неспрыяльных для таго варунках. У кожным часе літаратар можа ажыцьцяўляць творчы праект уласнае Беларусі.
Літаратура магла б перастварыць і цывілізацыю, алітаратурыць сьвет, калі б пазбылася ранейшае свае завядзёнкі – ствараць антыутопіі. Творы гэтага жанру множыліся ў былым стагоддзі.
Галоўныя антыутопіі ў беларускай літаратуры як бы ўжо створаныя. Іх пісалі А.Мрый, А.Адамовіч, В.Быкаў, А.Мінкін ды іншыя.
Выснова: ХХІ стагоддзе – час вяртаньня утопій. Кажуць пра няздатнасьць літаратуры процістаяць Сетцы або віртуальным мастацтвам. Дык віртуальнае мастацтва таксама абапіраецца на тэкст, на літаратуру.
Паміж вербальным і віртуальным тэкстам тая толькі розьніца, што віртуальны тэкст складзены з дзьвюх літараў (ёсьць ток/няма току), а вербальны – з трыццаці – трыццаці дзьвюх і болей.
Гібель літаратуры адкладваецца.